геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1987). За 500 м на ПнЗ ад в. Бярозаўшчына Барысаўскага р-на Мінскай вобл. Валун ружова-чырвонага сярэднезярністага рапаківіпадобнага граніту. Даўж. 2,7 м, шыр. 2 м. выш. 2,2 м, у абводзе 8,5 м, аб’ём 6,3 м³, маса каля 17 т. Прынесены ледавіком каля 150 тыс.г. назад з Выбаргскага масіву. Паводле паданняў, у камень ператварыўся князь, які страляў у абраз Божай Маці ў царкве, што стаяла тут раней.
у стараж.-інд. міфалогіі і ў індуізме багіня прыгажосці, шчасця, кахання і багацця, жонка бога Вішну і маці бога кахання Камы.
Паводле аднаго з міфаў, Л. ўзнікла з вод першабытнага акіяна. Ўяўлялася жанчынай, што сядзіць на лотасе, які лічыцца яе сімвалам. Разам з Вішну яна ўвасабляе асн. пачаткі і стыхіі быцця. Сваім нараджэннем з акіянскіх вод Л. нагадвае Афрадыту, здольнасцю да шчаслівых прадвызначэнняў — усходнебалцкую багіню шчасця і лёсу Лайму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́ЦЫО ((Muzio) Клаўдзія) (7.2.1889, г. Павія, Італія — 24.5.1936),
італьянская спявачка (лірыка-драм. сапрана). Вучылася напачатку ў маці, потым у А.Казалоні ў Турыне. Выступала з 1910 у буйнейшых т-рах Італіі і інш. краін, у т. л. ў ЗША. Мела яскравае трагедыйнае дараванне. Найб. блізкія для яе індывідуальнасці былі партыі ў операх Дж.Вердзі і верыстаў: Джарджэта, Тоска, Мімі, Манон («Плашч», «Тоска», «Багема», «Манон Леско» Дж.Пучыні), Віялета, Дэздэмона («Травіята», «Атэла» Вердзі), Сантуца («Сельскі гонар» П.Масканьі) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАНСА́РАВА СТРАФА́ (назва ад прозвішча франц. паэта 16 ст. П. дэ Рансара),
шасцірадковая страфа з рыфмоўкай ААбВВб. Першы ўзор Р.с. ў бел. паэзіі пакінуў В.Дунін-Марцінкевіч (першы раздзел паэмы «Халімон на каранацыі»). Р.с. напісаны верш Я.Купалы «Час!»:
Хай званы зазвоняць з жарам,
Хай музы́ка ў струны ўдара!
Гэй, паўстань, народ!
За сябе сам пастаяці
І за Бацькаўшчыну-маці
Йдзі, народ, на сход!
Ёю карыстаўся Я.Колас (верш «Вольнаму народу») і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІКАНАСТА́С (ад ікона + грэч. stasis месца стаяння),
перагародка з абразамі і варотамі паміж асн. і алтарнай часткамі інтэр’ера правасл. храма.
І. склаўся на аснове нізкай алтарнай перагародкі з абразамі над ёй. У класічнай форме (распрацавана ў 15 ст. на Маск. Русі) складаецца з 5 радоў (чыноў) абразоў, якія ў пэўнай паслядоўнасці паказваюць жыццё царквы ад пачатку да Страшнага Суда. Верхні чын («праайцоўскі») з абразом св. Тройцы («Гасціннасць Аўраама») у сярэдзіне сімвалізуе перыяд ад Адама да Майсея. Наступны чын («прарочы») прадстаўляе старазапаветную царкву ад Майсея да Хрыста, у цэнтры — абраз «Маці Божая Знаменне», выказванне прароцтва Ісаі і пераемнасці Новага запавету ад Старога. «Святочны» чын адлюстроўвае падзеі Новага запавету, якія на працягу года асабліва ўрачыста адзначаюцца царквою. Гал. частка І. — «дэісусны» чын, у якім вакол абраза Спаса з Маці Божай і Іаанам да тэмы малення царквы за свет далучаны выявы 12 апосталаў, свяціцеляў, пакутнікаў і інш. У ніжнім («мясцовым») чыне па баках царскіх варот (сімвал уваходу ў Царства Нябеснае) абразы Спаса і Маці Божай з дзіцем і храмавыя, на бакавых дзвярах — архангелаў або дыяканаў.
На Беларусі І. вядомы з 15 ст. Захаваліся І. сярэдзіны 17 ст. (Жыровічы, Магілёў, Супрасль), для якіх характэрна разное аздабленне ў стылі барока. Існавалі ў правасл. і уніяцкіх храмах. Бел. І. вызначаўся пэўнымі асаблівасцямі: колькасць радоў 3—4, «дэісусны» чын ператвораны ў «апостальскі», які разам з абразамі, змешчанымі па вертыкалі над царскімі варотамі, утвараў крыжовы кампазіцыйны стрыжань і нёс асн. сэнсавую і дэкар. нагрузку; «праайцоўскі» чын адсутнічаў або змяшаны з «прароцкім», апошнім часам рабіўся ў выглядзе групы картушаў. У сярэдзіне 18 ст. ва уніяцкіх храмах заменены алтарамі на ўзор касцельных. У правасл. цэрквах як самабытная з’ява існаваў да 1840-х г., пазней І. стваралі па зацверджаных тыпавых праектах і пакідалі ў аздабленні толькі асобныя самабытныя дэкар. элементы.
А.А.Ярашэвіч.
Іканастас Смаленскага сабора Новадзявочага манастыра ў Маскве. Разьбяры К.Міхайлаў, Д.Залатароў і інш. 1683—86.Іканастас Міхайлаўскай царквы ў в. Сцяпанкі Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобл. 18 ст.Іканастас царквы ў в. Бярозавічы Пінскага раёна Брэсцкай вобл. Канец 18 — пач. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ДСЛАЎСКІ КЛЯ́ШТАР БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ.
Існаваў у 16—1-й пал. 19 ст. ў в. Будслаў (Мядзельскі р-н Мінскай вобл.). Упершыню ўпамінаецца ў дакументах у 1504, калі вял.кн.ВКЛ Аляксандр даў віленскім бернардзінцам 6 тыс. маргоў лесу ў Мінскім пав. Манахі жылі па 2—4 чал. ў шалашах («будах»), мелі капліцу. У 1591 пабудаваны драўляны касцёл Наведання Марыяй Елізаветы, у якім знаходзіўся цудатворны абраз Маці Божай, прывезены ў 1598 Я.Пацам з Рыма (дар папы Клімента VIII) і ў 1613 перададзены ў храм. У 1643 пабудаваны новы касцёл, у 1750 — жылы корпус кляштара. 29.6.1767 закладзены новы касцёл, у яго аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю ўвайшоў як бакавая капліца касцёл св. Варвары, пабудаваны ў 1643. У 1783 касцёл асвячоны ў гонар Успення Маці Божай. На працягу 2-й пал. 18 ст. прыбудаваны розныя кляштарныя памяшканні. З 1756 пры кляштары працавала муз. школа (15 вучняў), у 1793—1842 — 2-класная школа (15 вучняў) і шпіталь, у 1731—97 у духоўнай школе кляштара 7—10 слухачоў вывучалі маральную тэалогію і рыторыку. Манахаў было 4—17 чал. Пасля закрыцця кляштара (1852) некаторыя яго манахі (Г.Т.Вольскі, Манстовіч, П.Багдановіч, Загорскі, Маркевіч) бралі ўдзел у паўстанні 1863—64. Касцёл захаваўся як парафіяльны (гл.Будслаўскі касцёл бернардзінцаў). Побач з ім захаваўся будынак плябаніі 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКА́РАВА (Галіна Кліменцьеўна) (27.12.1919, г.п. Старобін Салігорскага р-на Мінскай вобл. — 28.9.1993),
бел. актрыса. Нар.арт. Беларусі (1967). Нар.арг.СССР (1980). Скончыла студыю Бел.т-ра імя Я.Купалы (1938), у якім і працавала. Яркая нац. актрыса. Яе мастацтва было адметнае сакавітасцю сцэнічных фарбаў, праўдзівасцю, багатай моўнай характарыстыкай. Стварыла каларытныя, яркія індывідуальныя нар. характары. Талент М. як глыбока самабытнай актрысы найб. выявіўся ў нац. рэпертуары, найперш у п’есах А.Макаёнка (многія ролі напісаны спецыяльна для М.): Марыя Кірылаўна («Выбачайце, калі ласка!»), Лушка («Лявоніха на арбіце»), Паліна («Трыбунал», сярэбраны медаль імя А.Папова 1973; выступала ў гэтай ролі ў спектаклі Маскоўскага т-ра на Малой Броннай), Старая («Святая прастата»), Аксана Смятанкіна («Таблетку пад язык»); а таксама Агата («Паўлінка» Я.Купалы), Матруна («На крутым павароце» К.Губарэвіча), Дзятлічыха («Людзі на балоце» паводле І.Мележа), Ганна, Маці («Вечар», «Парог» А.Дударава). З інш. роляў: Кабаніха («Навальніца» А.Астроўскага), Квашня («На дне» М.Горкага), Лізавета («У мяцеліцу» Л.Лявонава), Гаспадыня зімоўя («Таня» А.Арбузава), Старая ўдава з Фларэнцыі («Канец — справе вянец» У.Шэкспіра). Здымалася ў кіна- і тэлефільмах: баба Шура («Удовы»), Ганна Іванаўна («Развітанне славянкі»), Драздова («Фруза»), мачаха Ганны («Завеі, снежань») і інш. Пра М. зняты дакумент. фільм «Каралеў я не іграла» (1983).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЭ́ЧЧА,
вёска ў Гродзенскім р-не, на паўн.-зах. беразе воз. Малочнае, на аўтадарозе Гродна—Друскінінкай (Літва); чыг. ст. на лініях Гродна—Вільнюс і Парэчча—Друскінінкай. Цэнтр сельсавета, калгаса, біял. заказніка Парэцкі. За 32 км на ПнУ ад Гродна. 1958 ж., 630 двароў (2000). 2 лясніцтвы, рыбавяндлярны цэх, санаторый, 2 базы адпачынку. Сярэдняя, муз. і санаторная школы, школа-інтэрнат, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнікі архітэктуры: царква Казанскай Маці Божай (1901), касцёл Маці Божай (1906).
Вядома з 1660 як маёнтак Гродзенскага віцэ-эканома I.Недзялкоўскага. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у Рас. імперыі, з 1802 у Сабалянскай вол. Гродзенскага пав. 15.12.1862 на чыг. магістралі Пецярбург—Варшава побач з вёскай адкрыта станцыя Парэчча — першая на Беларусі. У 1904 у вёсцы 349 ж., у пасёлку на чыг. станцыі 239 ж. З 1921 у складзе Польшчы, мястэчка, цэнтр гміны Гродзенскага пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 цэнтр Парэцкага раёна, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета, з 25.11.1940 у Гродзенскім р-не. У Вял.Айч. вайну акупіравана ням. фашыстамі, якія стварылі тут лагер смерці, дзе 5.2.1943 загубілі 234 чал. З 1978 цэнтр бат. заказніка рэсп. значэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТО́РЫНА (Аляксандра Паўлаўна) (28.11.1900, г. Чэлябінск — 15.7.1982),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1957). Скончыла муз. вучылішча Рус.муз.Т-ва (1917). Працавала ў т-рах Расіі. У 1949—73 у Брэсцкім абл.драм. т-ры імя ЛКСМБ. Характарная актрыса, майстар пераўвасаблення, сцэн. дэталі, эпізоду. Сярод роляў: Альжбета («Папараць-кветка» І.Козела), Маці («Брэсцкая крэпасць» К.Губарэвіча), Гурмыжская, Кабаніха («Лес», «Навальніца» А.Астроўскага). Рэжысёр спектакляў «Тры жарты». А.Чэхава (1956) і «Позняе каханне» Астроўскага (1963). Адна з арганізатараў Брэсцкага абл.т-ра лялек.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФІНАГЕ́НАЎ (Аляксандр Мікалаевіч) (4.4.1904, г. Скопін Разанскай вобл., Расія — 29.10.1941),
рускі драматург. Скончыў Маскоўскі ін-т журналістыкі (1924). Для ранніх твораў характэрны меладраматызм, спрошчанасць і схематызм вобразаў. Вастрынёй праблематыкі, глыбінёй псіхал. аналізу вызначаюцца п’есы, створаныя ў 1920—30-я г. («Дзівак», «Страх», «Далёкае», «Салют, Іспанія!» і інш.). Развіваў жанр сац.-псіхал. драмы і лірычнай камедыі. Яго стыль адметны спалучэннем публіцыстычнасці і лірызму. У п’есах «Маці сваіх дзяцей» (паст. 1939), «Машачка» і «Напярэдадні» (паст. 1941) сац.-філас. і маральна-этычныя праблемы.