НЕАТЭКТО́НІКА (ад неа... + тэктоніка),навейшая тэктоніка, раздзел тэктонікі, які вывучае тэктанічныя працэсы і створаныя імі структуры, што праявіліся ў 2-й пал.кайназойскай эратэмы (групы). Тэрмін «Н.» прапанаваў У.А.Обручаў (1948), «навейшая тэктоніка» — С.С.Шульц (1937). Некаторыя ідэі па Н. ёсць у працах М.В.Ламаносава, іх развівалі рас. геолагі М.А.Галоўкінскі, А.П.Карпінскі, Ф.Ю.Левінсон-Лесінг, А.П.Паўлаў, Г.Ф.Мірчынк, Обручаў, А.Дз.Архангельскі, М.І.Нікалаеў, Шульц і інш.Лічыцца, што навейшая актывізацыя тэктанічных рухаў, з якімі звязана ўтварэнне сучаснага рэльефу зямной паверхні, адбываецца з позняга алігацэну. Сучасныя тэктанічныя рухі вывучаюць пераважна метадамі паўторнага нівеліравання і трыянгуляцыі, больш стараж. неатэктанічныя — паводле залягання і структуры кайназойскіх адкладаў, звестак аб перамяшчэнні берагавой лініі марскіх і інш. вадаёмаў, асаблівасцях даліннай і рачной сеткі, дэфармацыях паверхняў выраўноўвання, сейсмічных, гідрагеал., аэракосмагеал. і інш. матэрыялаў. Вынікі даследаванняў выкарыстоўваюцца пры прагнозе землетрасенняў, выяўленні радовішчаў нафты, газу, каменнай солі і інш., буд-ве плацін, чыгунак, нафта- і газаправодаў, атамных эл. станцый і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРЫ́ЯДу музыцы,
найбольш простая кампазіцыйная форма, якая ўвасабляе завершаную ці адносна завершаную муз. думку; мае самаст. значэнне ці ўваходзіць у больш буйныя формы музычныя. Нарматыўным лічыцца П. з 2 падобных па структуры частак — сказаў, якія заканчваюцца рознымі кадэнцыямі: 1-ы сказ звычайна палавіннай, 2-і — поўнай (гл.Сказ у музыцы). Метрычная аснова П. — квадратнасць, заснаваная на аднолькавай колькасці тактаў (2, 4, 8, 16, 32) у кожным сказе. Іншыя тыпы П. абумоўлены жанрам, стылем музыкі, прынцыпамі будовы формы, пэўнай маст. мэтай (змяняюцца колькасць і памер сказаў, тыпы кадансавання, метрычная будова і інш.).
П. вядомы з 16—17 ст. у еўрап.прафес. музыцы. Вял. значэнне ў яго фарміраванні мелі нар. і быт.танц. і песенна-танц. жанры. Адсюль тэндэнцыя да квадратнасці — асновы танц. музыкі. Для працяжнай бел., рус. і ўкр. песні квадратнасць не характэрна. У прафес. творчасці П. звычайна ўваходзяць у больш буйныя формы. Як самаст. форма сустракаецца пераважна ў песні, у вакальнай ці інстр. мініяцюры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕАНА́ЗМ (ад грэч. pleonasmos лішак),
спалучэнне тоесных або блізкіх паводле значэння слоў, з якіх адно ці некалькі лагічна лішнія. Напр., «свая аўтабіяграфія» (паняцце «свая» ўваходзіць у слова «аўтабіяграфія»), «свабодная вакансія» (слова «вакансія» абазначае «незамешчаная пасада, свабоднае месца ў штаце якой-н. установы»). Такія словазлучэнні не адпавядаюць літ. норме бел. мовы. Выкарыстанне П. апраўдана, калі спалучэнне аднолькавых ці блізкіх па сэнсе слоў служыць стылістычным сродкам і надае мове большую выразнасць ці пераканаўчасць («бачыць на свае ўласныя вочы»), а таксама калі ён выступае як стылістычная фігура, што надае мове маст. вобразнасць («Паляці, мая мысль, лёгкім сокалам і прагледзь гэты свет кругом-вокалам». Я.Купала). У фразеалагічных словазлучэннях П. не лічыцца стылістычнай памылкай. Падобны П. — частая з’ява ў нар.паэт. творчасці («ні роду, ні племені»). Да П. адносяцца і эпітэты, што не пашыраюць уяўлення пра пэўную з’яву, прадмет («чорная сажа»). Словазлучэнні, у якіх азначэнне ўдакладняе паняцце, не лічацца інфарматыўна лішнімі і не супярэчаць нормам сучаснага словаўжывання («практычны вопыт», «рэальная рэчаіснасць»). Крайнім выражэннем П. з’яўляецца таўталогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́РКА,
1) мужчынская вопратка з башлыком, якую надзявалі ў дарогу, у халоднае дажджлівае надвор’е паверх кажуха ці світкі. Як тып вопраткі прыйшла ў Еўропу з Усходу (тэрмін лічыцца персідскім). На Беларусі вядома з 17 ст., з канца 19 ст. пад уплывам гар. касцюма замацавалася ў сял. асяроддзі. Шылі буркі з саматканага валенага сукна цёмных колераў прамога крою, двухбортнай, з адкладным каўняром, шырокім хлясцікам (поясам), праразнымі кішэнямі. Святочныя буркі ўпрыгожвалі дэкар. строчкай і нашыўкамі чорнага ці чырвонага сукна, тасьмы. Да 1950-х г. бытавала амаль па ўсёй Беларусі (у некаторых мясцовасцях наз. бурносам).
2) Святочная ўзорыстая спадніца з паўшарсцяной валенай саматканкі ў маларыцкім строі. Ткалі буркі камбінаваным спосабам: узор выконвалі бранай, фон — шматнітовай тэхнікай, шылі з 4—5 полак адносна кароткай (закрывала калені), запрасоўвалі ў буйныя складкі. Для яе характэрны вытанчанасць геам. арнаменту, строгая ўраўнаважанасць шэра-белых і карычнева-чырвоных папярочных палос, якія пераходзілі ў больш шырокі дамінуючы шляк па нізе. Буркі насілі да 1940-х г. 3) Лямцавы плашч у народаў Каўказа.
М.Ф.Раманюк.
Бурка (вопратка). Брагінскі раён Гомельскай вобласці. Пач. 20 ст.Бурка (спадніца). Маларыцкі раён Брэсцкай вобласці. Канец 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДЫ́ЗМ,
адна з трох сусв. рэлігій (разам з хрысціянствам і ісламам). Узнік у 6 ст. да н.э. як рэакцыя стараж.-інд. насельніцтва на брахманізм і каставы падзел грамадства, дзе дасягненне канчатковай мэты рэліг. практыкі залежала ад брахманаў і было недасягальнае для ніжэйшых кастаў. Заснавальнікам будызму лічыццаінд. прынц Сідхартха Гаўтама, празваны Будам. У цэнтры будызму вучэнне пра 4 высакародныя ісціны: існуе жыццё-пакута; прычына пакут у жаданнях; паглыбляючыся ў нірвану, можна спыніць пакуты; метад дасягнення нірваны — «васьмярычны шлях» (складаецца з сапраўдных поглядаў, рашучасці, намагання, засяроджвання; кантролю над мовай; з праведных дзеянняў, жыцця, намераў). У будызме выказваецца думка пра адмаўленне і ад крайнасцей, звязаных з рытуаламі брахманізму, і ад аскетызму; ён вядомы як «сярэдні шлях». Першапачаткова будызм быў хутчэй філас.-этычным вучэннем, пазней пашырыўся за межы Індыі, набыў рысы рэлігіі. Дактрына будызму распрацавана ў працэсе стварэння будыйскіх школ і кірункаў. На мяжы 1—2-га тыс.н.э. перастаў адыгрываць адметную ролю ў гісторыі і культуры Індыі, як сусв. рэлігія фарміраваўся за яе межамі.
Літ.:
Щербатской Ф.И. Избранные труды по буддизму. М., 1988;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́СЕНЬ,
пара года і пераходны кліматычны сезон паміж летам і зімой. Астранамічная восень у Паўн. паўшар’і — прамежак часу ад 23 вер. (асенняе раўнадзенства) да 22 снеж. (зімовае сонцастаянне), у Паўд. паўшар’і — ад 21 сак. да 22 чэрвеня. Асеннія месяцы ў Паўн. паўшар’і верасень, кастрычнік, лістапад, у Паўд. — сак., крас., май (гл.Каляндар). Паводле феналагічных з’яў восень падзяляецца на залатую (пажаўценне лісця), глыбокую і перадзім’е. Ва ўмераных шыротах восень характарызуецца паступовым зніжэннем т-ры паветра да адмоўнай сярэднямесячнай, працяглымі дажджамі, адлётам птушак у вырай, лістападам, замярзаннем глебы, з’яўленнем снегавога покрыва, ледаставам на рэках і азёрах.
На Беларусі пачаткам восені лічыцца дата ўстойлівага пераходу сярэднясутачнай т-ры паветра праз 10 °C, а канцом — праз 0 °C у бок паніжэння. Пачынаецца восень у канцы 2-й — пач. 3-й дэкады вер. на Пн і У, у канцы 3-й дэкады вер. — 1-й дэкадзе кастр. на Пд і ПдЗ. Часам бывае вяртанне цёплага надвор’я — «бабіна лета». Канец восені супадае з паяўленнем снегавога покрыва ў пач. 2-й дэкады ліст. на ПнУ, у канцы ліст. на ПдЗ. Восень — час уборкі ўраджаю, сяўбы азімага жыта, канец вегетацыі раслін, падрыхтоўкі жывёл да зімы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМНІ́ЦЫ, стрэчанне,
у беларускім нар. календары свята ачышчэння з дапамогай агню. Яго адметнасць — асаблівы чын асвячэння стрэчанскіх свечак, якія ў народзе называюць грамнічнымі. У хрысціянстве з’явіліся ў 6 ст. на тэр. Рымскай імперыі і трактуюцца як своеасаблівая повязь Старога запавету з Новым. Усталявана ў памяць аб сустрэчы (царкоўна-слав. — «стрэчанне») немаўляці Ісуса Хрыста (носьбіта Новага запавету) з прадстаўнікамі Старога запавету старцам Сімяонам і Ганнай-прарочыцай у Іерусалімскім храме. Паводле старазапаветнага закону на саракавы дзень пасля нараджэння першынца-хлопчыка бацькі павінны былі прынесці дзіця ў храм, што і зрабілі Божая маці і Іосіф. У праваслаўі святкуецца 15 лютага, у каталіцызме — 2 лютага (мае назву Дзень Грамнічнай Божай Маці або Ахвяраванне Гасподняе). У дзень грамніц асвячаюць васковыя свечкі, якімі карыстаюцца як засцярогай пры прыняцці нованароджанага, у вясельных і пахавальных абрадах, для варажбы. Лічыцца, што спальванне свечак адпужвае ад чалавека нечысць, ахоўвае ад ведзьмаў і чарадзеяў, ад навальніцы і маланак, дапамагае пры хваробе, абараняе жывёлу. Беларусы запальваюць свечкі на Дзяды, Каляды, Вадохрышча, Купалле, Вялікдзень. Грамнічныя свечкі шануюць, іх нельга перадаваць у інш. сям’ю, нават родным і сваякам. З грамніцамі звязаны шэраг метэаралагічных прыкмет.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫГО́РЫЙ БАЛГА́РЫН (?, Балгарыя — 1472 або 1473),
царкоўны дзеяч ВКЛ, адзін з першых прыхільнікаў уніі з каталіцкай царквой. Вучань і паплечнік мітрапаліта Ісідара. Пасля заключэння Фларэнційскай уніі 1439 разам з ім уцёк з Масквы ў Рым, з 1452 у Канстанцінопалі. У 1458 пасвячоны канстанцінопальскім патрыярхам-уніятам Грыгорыем Мамам у мітрапаліта 9 зах. епархій Рус.правасл. царквы з тытулам архіепіскапа кіеўскага, літоўскага і Ніжняй (Малой) Русі з рэзідэнцыяй у Навагрудку. Такі тытул сведчыў аб прэтэнзіях мітрапаліта на кананічную ўладу над усёй тэр.б. Кіеўскай Русі. Не згаджаючыся з гэтым, мітраполія ў Маскве ў 1459 стала афіцыйна наз. не кіеўскай, а маскоўскай. Падзел паміж дзвюма цэрквамі стаў канчатковым. Прызнаючы Грыгорыя Балгарына мітрапалітам, духавенства і вернікі ВКЛ саму унію не прынялі. У 1469 Грыгорый Балгарын звярнуўся да Канстанцінопальскай патрыярхіі з адмовай ад уніі і з просьбай зацвердзіць яго ў сане правасл. архірэя. У 1472 патрыярх Дыянісій зацвердзіў Грыгорыя Балгарына як мітрапаліта кіеўскага, галіцкага і ўсяе Русі. Правасл. царква ВКЛ і Галіцыі (у складзе Польскага каралеўства) атрымала поўнае кананічнае прызнанне. Грыгорый Балгарын лічыцца аўтарам шэрагу літ.-царк. твораў. Памёр і пахаваны ў Навагрудку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДНЯПРО́ЎСКА-БУ́ГСКІ КАНА́Л,
частка Дняпроўска-Бугскага воднага шляху ў Кобрынскім, Драгічынскім і Іванаўскім р-нах Брэсцкай вобл. Звязвае р. Піна (бас.р. Прыпяць) з р. Мухавец (бас.р.Зах. Буг). Агульная даўж. 95 км. Ў навігацыю глыб. канала да 1,6 м, шыр. ад 22 да 28 м. Вытокам канала ўмоўна лічыцца водападзел каля в. Селішча (у вусці Белаазерскага канала). Складаецца з 2 частак: Бугскай (ад вусця Белаазерскага канала да ўпадзення ў р. Мухавец каля г. Кобрын, даўж. 50 км) і Прыпяцкай (ад вусця Белаазерскага канала да ўпадзення ў р. Піна каля в. Перадуб, даўж. 45 км). Канал праходзіць па забалочанай нізіне. Асн. прытокі Бугскай ч. канала — Арэхаўскі, Валавельскі, Каралеўскі, Павіццеўскі каналы, Прыпяцкай ч. — Ляхавіцкі, Жыроўскі, Белаазерскі, Залядынскі, Зуброўскі каналы і р. Сасновіца. Асн. крыніцы жыўлення — перакід вады з Прыпяці праз азёры Святое, Валянскае (у межах Украіны) і Белае. Узроўневы рэжым канала рэгулюецца гідратэхн. збудаваннямі. Пабудаваны ў 1775—1848; у 1940 рэканструяваны. У Вял.Айч. вайну разбураны. У 1945—46 Д.-Б.к. адноўлены, пазней рэканструяваны. Суднаходны. Перавозяць пераважна мінер. сыравіну, буд. матэрыялы. лес. Выкарыстоўваецца таксама як водапрыёмнік меліярац. каналаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВАЙКО́ВАЯ СІСТЭ́МА ЛІЧЭ́ННЯ,
пазіцыйная сістэма лічэння з асновай 2. Мае толькі 2 знакі — лічбы 0 і 1. Лік 2 лічыцца адзінкай 2-га разраду і запісваецца ў выглядзе 10 (чытаецца: «адзін—нуль»), лік 4—3-га разраду і запісваецца як 100 і г.д. Кожная адзінка наступнага разраду ўдвая большая за папярэднюю. Каб лік, запісаны ў дзесятковай сістэме лічэння, запісаць у Д.с.л., яго выражаюць праз ступені ліку 2, напр., 4510 = 1∙25 + 0∙24 + 1∙23 + 1∙22 + 0∙21 + 1∙20 = 1011012. Выкарыстоўваецца ў тэарэт. пытаннях і для апрацоўкі інфармацыі на лічбавых ЭВМ (уваходныя і выхадныя даныя прадстаўляюць у дзесятковай сістэме лічэння).
У Д.с.л. найб. проста выконваюцца ўсе арыфм. дзеянні, напр., табліца множання зводзіцца да роўнасці 11 = 1. Аднак гэта сістэма нязручная з-за грувасткага запісу лікаў, напр., лік 9000 у Д.с.л. будзе 14-разрадным. Каб скараціць даўжыню запісаў праграм для ЭВМ, кожныя 3 ці 4 двайковыя лічбы замяняюць адным сімвалам (з алфавіта 0, 1, ..., 7 або 0, 1, ..., 9, A B, C, D, E, F адпаведна) і атрымліваюць запіс у васьмярковай ці шаснаццатковай сістэме лічэння. Гл. таксама Лічэнне.