ГАЙДН ((Haydn) Франц Іозеф) (31.3.1732, Рораў, цяпер г. Брук-ан-дэр-Лайта, Аўстрыя — 31.5.1809),

аўстрыйскі кампазітар, дырыжор; прадстаўнік венскай класічнай школы. Ганаровы д-р Оксфардскага ун-та (1791), чл. Шведскай каралеўскай муз. акадэміі (1798), ганаровы чл. Філарманічнага т-ва ў Пецярбургу (1808). Пач. муз. адукацыю атрымаў у І.​М.​Франка ў г. Гайнбург. У 1740—49 спяваў у хоры сабора св. Стэфана ў Вене, удасканальваў ігру на клавіры, скрыпцы, аргане. У 1753—56 акампаніятар у італьян. кампазітара Н.​Порпары, вывучаў кампазіцыю. У 1761—90 капельмайстар князёў Эстэрхазі. У 1792 вучыўся ў Л.​Бетховена ў Вене. У 1791—92 і 1794—95 у Лондане. У творчасці Гайдна сфарміраваліся класічныя жанры (сімфонія, саната, канцэрт для інструментаў з арк., квартэт), формы (у т. л. санатная форма і санатна-сімф. цыкл), прынцыпы тэматычнага развіцця, класічны склад аркестра (т.зв. двайны). Яго музыцы ўласцівы аптыміст. тонус, шматграннасць зместу, кампазіцыйная стройнасць, шырыня фалькл. сувязей (аўстр., ням., венг., слав. ўплывы). Раннія квартэты і сімфоніі блізкія да бытавых сюітных жанраў. У творах пач. 1770-х г. прасочваюцца лірыка-драм. тэндэнцыі («Жалобная сімфонія», «Развітальная сімфонія», абедзве 1772; квартэты 1771—72 і інш.). Пераломныя ў яго творчасці т.зв. «Рускія квартэты» (1781), дзе аформіўся класічны інстр. стыль, які дасягнуў росквіту ў 6 «Парыжскіх» (1785—86) і 12 «Лонданскіх» (1791—95) сімфоніях. У канцы 1790 — пач. 1800-х г. стварыў лепшыя вак.-сімф. творы, у т. л. араторыі «Стварэнне свету» (1798) і «Поры года» (1801). Сярод інш. твораў: 24 оперы, у т. л. зінгшпіль «Крывы д’ябал» (1753), оперы-серыя «Ацыс і Галатэя» (1763), «Арміда» (1784), оперы-буфа «Аптэкар» (1768), «Святло месяца» (1777), «Сапраўднае пастаянства» (1779), героіка-камічная «Раланд-паладзін» (1782); араторыі, у т. л. «Сем слоў збавіцеля на крыжы» (1796) і інш.; 14 мес («Нельсан-меса», 1798, «Меса Тэрэзія», 1799, «Harmoniemesse», 1802); кантаты; 2 «Те Deum»; «Stabat mater» і інш. духоўныя творы; 104 сімфоніі; уверцюры, танцы, маршы; больш за 30 канцэртаў для інструментаў з арк.; дывертысменты, струнныя квартэты, у т. л. 6 «Сонечных» (1772), 6 «Рускіх» (1781), 6 «Прускіх» (1787); трыо, дуэты; творы для фп., для голасу з фп. і інш.

Літ.:

Кремлев Ю.А. Йосеф Гайдн: Очерк жизни и творчества. М., 1972;

Seeger H. J.Haydn. Leipzig, 1961;

Geiringer K. Haydn: a creative life in music. 3 ed. Berkeley, 1982;

J.Haydn: Berichte über den Internationalen Kongress. München, 1986.

І.Гайдн.

т. 4, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПЕНГА́ГЕН (København),

горад, сталіца Даніі. Знаходзіцца на ПнУ в-ва Зеландыя, часткова на в-ве Амагер. Адм. ц. амта Капенгаген. 466 тыс. ж., у агламерацыі Вял. Капенгаген 1339 тыс. ж. (1992). Порт у праліве Эрэсун. Міжнар. аэрапорт Каструп. Аўтамаб. і чыг. паромамі звязаны з гарадамі Мальмё, Хельсінгбарг і Ландскруна (Швецыя). Гал. эканам. і культ. цэнтр краіны. У К. выпускаецца каля 40% прамысл. прадукцыі краіны. Пераважаюць машынабудаванне (у т. л. вытв-сць суднаў, дызеляў, эл.-тэхн. і радыёэлектроннае) і металаапрацоўка. Развіты харчасмакавая, фарфоравая (з 18 ст., Каралеўская ф-ка фарфору), хім. прам-сць. Метрапалітэн. Цэнтр міжнар. турызму. Ваенна-марская база.

Упершыню згадваецца ў 1043 як вёска Хаўн, каля якой у 1167 пабудаваны замак (з 1170 наз. К.). З 1254 горад. У 1186—1416 (з перапынкамі) уладанне епіскапаў. Як каралеўскі горад (з 1416) меў шмат прывілеяў, з 1443 каралеўская рэзідэнцыя і сталіца Даніі.

Найб. росквіту дасягнуў у 16—17 ст. У 1658 і 1659 абложаны шведамі; моцна разбураны паводкай 1728 і пажарам 1795, бамбардзіроўкай брыт. флотам у 1807. У выніку паражэння Даніі ў вайне 1813—14 горад заняпаў. Пасля рэканструкцыі (з 2-й пал. 19 ст.) значны прамысл. цэнтр. У 1940—45 пад ням.-фаш. акупацыяй.

У старой ч. К. захавалася сярэдневяковая радыяльна-кальцавая планіроўка з вузкімі крывымі вуліцамі. Гал. помнікі: у стылі дацкага рэнесансу — палац Росенбарг (1606—34) і будынак біржы (1619—25, арх. абодвух браты Стэнвінкель); барочныя палац Шарлотэнбарг (1672—77, арх. Л.​Хавен, цяпер будынак Каралеўскай акадэміі прыгожых мастацтваў) і палацавы комплекс Амаліенбарг (будаваўся з 1750, арх. Н.​Эйтвед), палац-парламент Крысціянсбарг (1733—40, арх. Э.​Д.​Хёйсер, адноўлены пасля пажару арх. Х.​К.​Хансенам у 1800—20, Т.​Ёргенсенам у 1907—22 у псеўдабарочных формах); класіцыстычны Музей Торвальдсена (1839—48, арх. Г.​Бінесбёль, мастак І.​Зоне); ратуша ў стылі нац. рамантызму (1892—1905, арх. М.​Нюрап) і інш. Развіваецца ў 5 асн. кірунках у выглядзе рукі з растапыранымі пальцамі («далонь» — стары горад, «пальцы» — новыя раёны), паміж імі зялёныя насаджэнні. Сярод збудаванняў 20 ст.: царква Грунтвіга (1921—40, арх. П.​В.​Енсен-Клінт і К.​Клінт), аэравакзал з гасцініцай «Роял» (1959—61, арх. А Якабсен) і інш. Сімвал горада — скульптура «Маленькая русалачка».

У К. знаходзяцца Дацкія каралеўскія акадэмія навук і л-ры (з 1742), акадэмія тэхн. навук, акадэмія прыгожых мастацтваў, акадэмія музыкі, шматлікія ВНУ, у т. л. Капенгагенскі універсітэт (з 1479), вышэйшыя эканам. і с.-г. школы. Бібліятэкі: Нац. (Каралеўская; з 17 ст.), ун-та (з 1482), Муніцыпальная і Публічная. Музеі: Нац., Каралеўскі марскі, гар., маст. і дэкар. мастацтва, заал., гісторыі тэатра, гісторыі музыкі, Торвальдсена, кінамузей, Новая гліптатэка Карлсберга (зборы ант. мастацтва, дацкі і франц. жывапіс) і інш. Тэатры: Нар., «Новы», «Ню Скала», «Гладсакстэатр» і інш. Паркі, у т. л. Каралеўскі (з 17 ст.), бат. сад (з 1874), заал. сад, лунапарк Цівалі.

Панарама Капенгагена.
Да арт. Капенгаген. Будынак біржы. Арх. браты Стэнвінкель. 1619—25.
Да арт. Капенгаген. Скульптура «Маленькая русалачка».

т. 8, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНГЛІ́ЙСКІЯ РЭВАЛЮ́ЦЫІ 17 СТАГО́ДДЗЯ,

раннія бурж. Рэвалюцыі 1640—53 і 1688—89, выкліканыя паліт., рэліг. і сац.-эканам. супярэчнасцямі англ. грамадства. Звязаны паміж сабой перыядамі пратэктарату О.Кромвеля (1653—58) і рэжыму рэстаўрацыі (1660—88), у час якога склаліся перадумовы для 2-й рэвалюцыі.

Рэвалюцыя 1640—53, якая вызначалася жорсткай паліт., узбр. і рэліг. барацьбой, пачалася са склікання каралём Карлам I Сцюартам т.зв. Доўгага парламента (1640—53) для зацвярджэння падаткаў і субсідый, неабходных для фінансавання ваен. аперацый супраць паўстання ў Шатландыі. Парламент ператварыўся ў арганізац. цэнтр новага дваранства і буржуазіі, якіх падтрымлівала б.ч. сялян, рамеснікі і рабочыя. Парламенцкая апазіцыя патрабавала спыніць злоўжыванні з боку каралеўскай улады, кіраваць краінай разам з парламентам, даць свабоду прадпрымальніцтву, правесці пурытанскую рэфармацыю царквы. Кароль, які абапіраўся гал. чынам на феад. дваранства і англіканскую царкву, 22.8.1642 аб’явіў парламенту вайну. Лепш арганізаваная каралеўская армія на працягу года авалодала б.ч. Англіі. Ва ўмовах грамадз. вайны парламент заключыў саюз з Шатландыяй і правёў ваен. рэформу. Новая армія, створаная з сялян, дробных гандляроў і рамеснікаў, 14.6.1645 у бітве пры Нейзбі нанесла рашаючае паражэнне каралеўскаму войску. Кароль апынуўся ў палоне. Ахвярамі грамадз. вайны, якая цягнулася да 1646, сталі тысячы жыхароў Англіі. Паміж паліт.-рэліг. групоўкамі прэсвітэрыян (кансерватыўнай буржуазіі), індэпендэнтаў і левелераў пачалася складаная барацьба па пытаннях дзярж ўладкавання Англіі. Калі ў канцы 1647 Карл I уцёк з-пад арышту, пачалася 2-я грамадз. вайна, у якой кароль пацярпеў канчатковае паражэнне і 30.1.1649 пакараны смерцю. 19.5.1649 Англія абвешчана рэспублікай. Аднак англ. рэспубліка не мела моцнай сац.-паліт. апоры, у грамадстве не было рэсп. традыцый. Новая ўлада з дапамогай арміі лёгка расправілася са сваімі левымі ворагамі — левелерамі і дыгерамі («сапраўдныя» левелеры, заклікалі да маёмаснай роўнасці і калектывізму, іх праграма выкладзена ў т.зв. «Дэкларацыі беднага прыгнечанага народа Англіі»), але не змагла ліквідаваць пагрозу дыктатуры. Доўгі парламент, які к гэтаму часу страціў давер народа, быў гвалтоўна разагнаны лідэрам індэпендэнтаў Кромвелем. 16.12.1653 Кромвель абвешчаны лордам-пратэктарам Англіі, Ірландыі і Шатландыі, устанавіў ваенна-паліцэйскую дыктатуру. Пратэктарат, як і рэспубліка, не меў дастаткова моцнай падтрымкі. Пасля смерці Кромвеля (3.9.1658), кароткачасовага праўлення яго сына Рычарда (вер. 1658 — май 1659), праўлення парламента т.зв. другой рэспублікі (май 1659 — май 1660) адбылася рэстаўрацыя Сцюартаў. На англ. трон запрошаны сын Карла I, абвешчаны каралём Карлам II [1660—85]. Намер яго пераемніка Якава II [1685—88] устанавіць абсалютысцка-каталіцкі рэжым выклікаў незадаволенасць амаль усяго насельніцтва Англіі і новую рэвалюцыю 1688—89 (т.зв. «слаўную рэвалюцыю»), якая прайшла хутка, у форме бяскроўнага дзярж. перавароту. У 1688 лідэры буржуазіі і дваранства запрасілі на англ. прастол штатгальтэра Галандскай рэспублікі Вільгельма Аранскага, які ў студз. 1689 абвешчаны каралём Вільгельмам III. У кастр. 1689 выдадзены «Біль аб правах». Ён юрыдычна аформіў узаемаадносіны паміж каралём і парламентам: кароль пазбаўляўся права прыпыняць выкананне законаў, збіраць падаткі і набіраць войска без згоды парламента.

Англійскія рэвалюцыі 17 ст. завяршыліся кампрамісам паміж бурж. сіламі і арыстакратыяй. У Англіі былі закладзены трывалыя асновы канстытуцыйна-манархічнай дзяржаўнасці, дэмакратыі і лібералізму; прызнаваліся правы пратэстантаў, пашыралася свабода прадпрымальніцтва, дваранскія зямельныя ўладанні сталі ўласнасцю іх трымальнікаў.

Літ.:

Барг М.А. Великая английская революция в портретах ее деятелей. М., 1991;

Английская буржуазная революция XVII века.Т. 1—2. М., 1954.

В.​І.​Сініца.

Да арт. Англійскія рэвалюцыі 17 стагоддзя. Тытульны ліст «Дэкларацыі беднага прыгнечанага народа Англіі», напісанай дыгерамі ў 1649.

т. 1, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРА́КАЎ, Кракуў (Kraków),

горад на Пд Польшчы, у верхнім цячэнні р. Вісла. Адм. ц. Малапольскага ваяводства. 745,1 тыс. ж. (1993). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт Баліцы. Важны эканам., навук. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: самы вял. ў краіне металургічны камбінат (Гута імя Т.​Сэндзіміра), маш.-буд. (вытв-сць абсталявання для нафтавай, хім., харч. прам-сці, эл.-тэхн. і радыёэлектронных вырабаў, кабелю), харч. і харчасмакавая (цукр., тытунёвая), хім. (коксахімія, фармацэўтычная, гумавая, вытв-сць соды), эл.-тэхн., буд. матэрыялаў, цэм., швейная, паліграф., мэблевая, гарбарна-абутковая, парфумерная. 15 ВНУ, у т. л. старэйшы ў Польшчы Ягелонскі універсітэт (з 1364), акадэміі горна-металургічная, мед. прыгожых мастацтваў, с.-г., фіз. выхавання, эканам., муз. і інш. Аддзяленне Польскай АН. Ягелонская б-ка. Астр. абсерваторыя Ягелонскага ун-та (з 1792). Тэатры, у т. л. Музычны, Стары, імя Ю.​Славацкага. Кансерваторыя. Месца правядзення нац. і міжнар. фестываляў, маст. выставак і інш. Турыстычны цэнтр.

Паводле падання, засн. міфалагічным Кракам на месцы пасялення племя віслян. У 996 згадваецца араб. падарожнікам Ібрагімам ібн-Якубам. У 10 ст. К. — адзін з гал. эканам., паліт., ваен. і культ. цэнтраў Малапольшчы на гандл. шляху Русь—Чэхія—Зах. Еўропа. З канца 10 ст. ў складзе польск. дзяржавы. З 1000 рэзідэнцыя біскупства. Каля 1040 стаў гал. рэзідэнцыяй уладароў Польшчы і сталіцай дзяржавы; важны рэліг. цэнтр са шматлікімі касцёламі, кляштарамі і кафедральнай школай з багатай б-кай. У 11 ст. ў мясц. капітуле створана самая стараж. польская хроніка. У 1241 зруйнаваны татарамі. Гар. правы з 1257. З 1320 месца каранацыі польск. каралёў. У выніку эканам і культ. росквіту ў 14—16 ст. ператварыўся ў буйнейшы цэнтр інтэлектуальнага жыцця Польшчы. У 1364 засн. Кракаўская акадэмія. Важны цэнтр гандлю, маст. рамёстваў, кнігадрукавання (у 16 ст. існавала 9 друкарняў), архітэктуры, скульптуры, жывапісу. Значэнне К. пачало змяншацца пасля пераносу ў 1596 каралеўскай рэзідэнцыі ў Варшаву і ператварэння яе ў сталіцу дзяржавы (1611). У 1655 захоплены, абрабаваны і зруйнаваны шведамі; у 18 ст. заняпаў у выніку набегаў, пажараў, эпідэмій, выплаты кантрыбуцый. Месца абвяшчэння паўстання 1794. У 1795—1809, 1846—1918 пад уладай аўстр. Габсбургаў. У 1781—85 у К. дзейнічаў першы ў Польшчы прафес. тэатр. У 1809—15 у складзе Варшаўскага герцагства, у 1815—46 сталіца Кракаўскай рэспублікі. Тут адбылося Кракаўскае паўстанне 1846. У 2-й пал. 19 ст. цэнтр культ. і навук. жыцця (засн. АН, кансерваторыя, Акадэмія прыгожых мастацтваў). У 2-ю сусв. вайну цэнтр ням.-фаш. генерал-губернатарства; адзін з буйнейшых у Польшчы цэнтраў Руху Супраціўлення. 19.1.1945 вызвалены Сав. Арміяй. У 1963—78 арцыбіскупам кракаўскім быў К.​Вайтыла (цяпер рым. папа Іаан Павел II). У канцы 1970—80-х г. цэнтр шматлікіх дэманстрацый і забастовак, незалежнага культ. жыцця (па-за цэнзурай ставіліся спектаклі, арганізоўваліся выстаўкі, ствараліся прыватныя выдавецтвы, выходзілі часопісы).

Гіст. ядро К. — узгорак Вавель з комплексам пабудоў 10—17 ст. і раён Старога горада з квадратнай у плане плошчай Рынку і рэгулярнай сеткай вуліц. Захаваліся фрагменты гар. умацаванняў (канец 13—14 ст.) з надбрамнымі вежамі і барбаканам (1498—99). Сярод помнікаў: раманскі касцёл св. Анджэя (каля 1090); гатычныя касцёлы Дзевы Марыі (Марыяцкі касцёл, 1355—97; у інтэр’еры вітражы канца 14 ст., драўляны алтар, 1477—89, мастак В.​Ствош, размалёўкі Я.​Матэйкі, 1889—91, і інш.) і св. Крыжа (14 — пач. 16 ст., фрэскі пач. 15 ст.); гандл. рады «Сукеніцы» (1342—92, часткова перабудаваны ў стылі рэнесансу, 1555—59, арх. Дж.​М.​Падавана); б. будынак Ягелонскага ун-та («Калегіум Майус», 15 ст.); барочныя касцёлы св. Пятра і Паўла (1596—1619, арх. Дж.​Трэвана), бернардзінцаў на Страдоме (1670—80, арх. К.​Мерашэўскі), св. Ганны (1689—1703, арх. Тыльман Гамерскі) і інш. У 19—1-й пал. 20 ст. вакол кальца бульвараў (т.зв. Планты) узведзены новыя кварталы з радыяльна-кальцавой сістэмай вуліц і параднымі грамадскімі пабудовамі ў духу псеўдарэнесансу (Польская АН, 1857—64, арх. Ф.​Пакутынскі), эклектыкі (Т-р імя Ю.​Славацкага, 1889—93, арх. Я.​Завейскі), мадэрну (Стары т-р, 1904—06, арх. Т.​Стрыенскі, Ф.​Манчынскі), функцыяналізму (Ягелонская б-ка, да 1939, арх. В.​Кшыжаноўскі). У 2-й пал. 20 ст. ўзведзены будынкі Дома студэнтак (1964, арх. В.​Брызек і інш.), Вышэйшай с.-г. школы (1963), Ін-та фізікі і матэматыкі (1965, абодва арх. С.​Юшчык), гасцініца «Краковія» (1965, арх. Ю.​Цэнцкевіч) і інш. У К. помнікі А.​Міцкевічу (1898, скульпт. Т.​Рыгер), Т.​Касцюшку (1921, скульпт. Л.​Марконі), Ю.​Дзітлю (1937—39, скульпт. К.​Дунікоўскі). Сярод музеяў: Дзярж. маст. зборы ў Вавелі, Нацыянальны, Гістарычны, Маладой Польшчы, Чартарыйскіх; маст. галерэі. Гіст. цэнтр К. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. Іл. гл. таксама да арт. Гандлёвыя рады.

Літ.:

Савицкая В.И. Краков. М., 1975.

Т.​Каліцкі, Н.​К.​Мазоўка (гісторыя).

Кракаў. Фрагмент гарадскіх умацаванняў.
Кракаў. Фрагмент каралеўскага замка на Вавелі.

т. 8, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́БА-ВЕ́РДЭ (Cabo Verde),

Рэспубліка Каба-Вердэ (Repúblika de Cabo Verde), дзяржава на а-вах Зялёнага Мыса ў Атлантычным ак., за 500 км на З ад берагоў Зах. Афрыкі. Падзяляецца на 14 акруг. Пл. 4033 км² Нас. 394,8 тыс. чал. (1997). Сталіца — г. Прая на в-ве Сант’ягу. Афіц. мова — партугальская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (5 ліп.).

Дзяржаўны лад. К.-В. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1992. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае Нац. асамблея з ліку яе дэпутатаў на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — Нац. асамблея (аднапалатны парламент) з 79 дэпутатаў, што выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчая ўлада належыць прэзідэнту і ўраду на чале з прэм’ер-міністрам, якога прызначае Нац. асамблея з яе складу па прапанове прэзідэнта.

Прырода. А-вы Зялёнага Мыса складаюцца з 2 груп — Наветраных (Барлавенту) і Падветраных (Сатавенту) і ўключаюць 15 астравоў. Найб. з іх (пл. ў км²): Сант’ягу — 991, Санту-Антан — 779, Баавішта — 620, Фогу — 476, Сан-Нікалау — 388, Маю — 269, Сан-Вісенты — 227, Сал — 216. Астравы складзены з вулканічных парод. Берагі пераважна стромкія і скалістыя, зручных гаваней мала (найб. значная — бухта Міндэлу на в-ве Сан-Вісенты). Рэльеф гарысты, са шматлікімі вулканічнымі конусамі, кратэрамі і кальдэрамі. Найвыш. пункт — дзеючы вулкан Фогу на в-ве Фогу (2829 м). Карысныя выкапні: каменная соль, гіпс і вулканічныя буд. матэрыялы. Клімат трапічны пасатны. Сярэднія месячныя т-ры паветра ад 22 °C (люты) да 27 °C (вер.кастр.). Ападкаў 100—300 мм за год, пераважна са жн. да кастрычніка. Пастаянных рэк няма. Расліннасць у асноўным пустынная і паўпустынная. Пад горнымі лясамі каля 4 тыс. га. Вядуцца пасадкі лесу. Жывёльны свет бедны. Адсутнічаюць млекакормячыя, акрамя завезенай еўрапейцамі свойскай жывёлы, малпаў, пацукоў і інш. Шмат марскіх птушак. Мора багатае рыбай.

Насельніцтва. Большасць насельніцтва — кабавердцы — нашчадкі партуг. каланістаў і неграў-рабоў; пераважна мулаты. Есць выхадцы з Афрыкі (каля 30%) — прадстаўнікі народаў фульбе, балантэ і манджак. У гарадах невял. групы партугальцаў (каля 1%). Больш за 90% вернікаў — католікі, каля 2,5% — пратэстанты, ёсць прыхільнікі традыц. афр. культаў. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва каля 100 чал. на 1 км², на а-вах Сант’ягу і Сан-Вісенты больш за 200 чал. на 1 км. У гарадах жыве 56% насельніцтва. Найб. гарады (тыс. ж., 1991): Прая — 82,8, Міндэлу — 51,3. У сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве занята 80% насельніцтва. прам-сці і буд-ве — каля 10, абслуговых галінах — каля 10%.

Гісторыя. А-вы Зялёнага Мыса да з’яўлення тут еўрапейцаў былі бязлюдныя. Адкрыты, верагодна, у 1456 экспедыцыяй А.​Кадамоста. У 1462 пачалося засяленне астравоў партугальцамі і прывезенымі імі пераважна з Сенегала неграмі-рабамі. У 1533 пасяленне Рыбейра-Грандзі атрымала статус горада. Тут размяшчалася рэзідэнцыя епіскапа, які прадстаўляў партуг. карону на астравах і афр. узбярэжжы ад Марока да Гвінеі. У 1564 астравы перайшлі пад кіраванне партуг. манархіі, на чале каралеўскай калан. адміністрацыі стаяў губернатар. У сярэдзіне 17 ст. (афіцыйна з 1770) адм. ц. калоніі стала Санта-Марыя (з 1858 наз. Прая). З 1650 тэр. партуг. Гвінеі адміністрацыйна падпарадкавана губернатару К.-В. У 1757 выключнае права на гандаль з К.-В. і Гвінейскім узбярэжжам перададзена на 20 гадоў «Кампаніі Пара і Мараньян» Жорсткая эксплуатацыя кампаніяй і засухі 1775—77 прывялі да масавай гібелі мясц. насельніцтва. Да 19 ст. астравы былі важным транзітным пунктам на шляху з Партугаліі ў Індыю і адным з гал. цэнтраў партуг. гандлю рабамі. У 1832—79 К.-В. аб’яднана з партуг. Гвінеяй у адзіную заморскую правінцыю. потым асобная калонія. У 1956 створана Афр. партыя незалежнасці Гвінеі і А-воў Каба-Вердэ (ПАІГК), якая ў 1963 узначаліла ўзбр. барацьбу супраць каланізатараў. У крас. 1974 Партугалія прызнала ПАІГК адзіным законным прадстаўніком насельніцтва К.-В. і ў ліст. падпісала з ёю пагадненне аб прадастаўленні К.-В. незалежнасці.

5.7.1975 абвешчана незалежная Рэспубліка К.-В. Прэзідэнтам краіны стаў А.​М.​Перэйра. Гал. паліт. сілай заставалася ПАІГК, якая ў 1981 разарвала адносіны з кіруючай партыяй у Гвінеі-Бісау (тая імкнулася да стварэння уніі абедзвюх дзяржаў), а пазней стварыла асобную Афр. партыю незалежнасці КВ., адзіную легальную партыю ў краіне. У 1980—90-я г. шматгадовая засуха прывяла да эканам. крызісу. У 1990 парламент ухваліў змены ў канстытуцыі, якія прадугледжвалі ўвядзенне ў краіне шматпартыйнай сістэмы. У 1991 адбыліся першыя свабодныя парламенцкія і прэзідэнцкія выбары, перамагла партыя Рух за дэмакратыю, прэзідэнтам выбраны падтрыманы ёю незалежны кандыдат А.​Машкарэньяш Мантэйру. К.-В. — чл. ААН (з 1976), Арг-цыі афр. адзінства, Руху недалучэння. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў чэрв. 1992.

Гаспадарка. К.-В. — эканамічна адсталая, пераважна агр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) 440 млн. дол. ЗША (1994); на 1 чал. ў год прыпадае 1040 дол. Доля ў ВУП: сельскай гаспадаркі — 18%, рыбалоўства — 7, прам-сці — 8, абслуговых галін — 67%. У дзярж. сектары ствараецца да 40% ВУП. Гал. галіна — сельская гаспадарка. З-за гарыстага рэльефу і неўрадлівых глеб вядзенне сельскай гаспадаркі магчыма на 12% тэрыторыі, земляробства — на 1,4% (каля 5600 га). С.-г. землі цярпяць ад недахопу вады. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі; ёсць кааператывы. На ўласныя патрэбы вырошчваюць кукурузу, фасолю, батат, цукр. трыснёг, маніёк, бульбу, агародніну. Экспартныя культуры: бананы (штогод 5—10 тыс. т), кава, тытунь, арахіс, клешчавіна, гарчыца. Вырошчваюць таксама апельсіны, фінікі і какосавыя арэхі. Пашавая жывёлагадоўля. Пагалоўе (тыс. галоў, 1990): буйн. раг. жывёлы — каля 13, свіней — каля 40, коз — каля 70, авечак — каля 3. Штогадовы ўлоў рыбы, амараў і крэветак каля 15—20 тыс. т. Прам-сць развіта слаба. На а-вах Сал, Баавішта і Маю здабыча каменнай солі (да 40 тыс. т у год), на в-ве Санту-Антан — пуцаланаў (цэм. сыравіна), гіпсу і кааліну. Вытв-сць электраэнергіі 40 млн. кВтгадз (1995) на дробных дызельных электрастанцыях. Будуюцца ўстаноўкі, якія выкарыстоўваюць энергію ветру і сонца. Асн. галіны апрацоўчай прам-сці: рамонт і буд-ва дробных суднаў (г. Міндэлу), вытв-сць адзення і абутку (ф-кі швейная ў Міндэлу, тэкст., швейная і абутковая ў Праі), мэблі (Прая). Харчасмакавая прам-сць уключае перапрацоўку рыбы і вытв-сць рыбных кансерваў, разнастайных харч. тавараў, у т. л. алею і мукі. Працуюць ліцейна-мех. майстэрні (Міндэлу), з-ды жалезабетонных і керамічных вырабаў, буд. матэрыялаў, прадпрыемствы па зборцы з імпартных дэталей эл.-быт. прылад і іх рамонце (Прая). Развіты саматужныя промыслы (ганчарны, пляценне кошыкаў, выраб сувеніраў). У г. Прая саматужна-маст. майстэрні. На астравах Сант’ягу і Сан-Вісенты невял. з-ды па апрасненні марской вады. У порце Міндэлу — бункераванне (забеспячэнне палівам і інш.) суднаў розных краін. Унутр. транспарт аўтамабільны. На астравах 3,2 тыс. км аўтадарог (у т. л. 0,8 тыс. км з цвёрдым пакрыццём), 10,5 тыс. легкавых аўтамабіляў, 5,5 тыс. грузавікоў і аўтобусаў. Сувязь паміж астравамі і з інш. краінамі ажыццяўляецца марскім транспартам і авіяцыяй. Гал. парты Прая і Міндэлу. На в-ве Сал міжнар. аэрапорт. Знешні гандаль мае адмоўны баланс. Штогадовы экспарт каля 5 млн. дол., імпарт каля 170 млн. дол. Краіна экспартуе соль, бананы, каву, тытунь, рыбныя кансервы, імпартуе прамысл. і харч. тавары. Гандаль пераважна з Партугаліяй (49% экспарту і 34% імпарту), Анголай, Нідэрландамі. Дадатковыя сродкі краіне прыносяць турызм, грашовыя пераводы эмігрантаў, дапамога міжнар. арг-цый. Грашовая адзінка — эскуда Каба-Вердэ.

Літ.:

Григорович А.А., Грибанов В.В. Кабо-Верде. М., 1988.

І.​Я.​Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Герб і сцяг Каба-Вердэ.

т. 7, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЙНА́ 1812, Айчынная вайна 1812,

абарончая вайна Расіі супраць французскай агрэсіі; першы этап агульнаеўрапейскай антынапалеонаўскай вайны 1812—14.

У 1810-я г. франц. імператар Напалеон I Банапарт падпарадкаваў сабе амаль усе дзяржавы Еўропы. Пасля перамог над рус.-аўстр. войскамі пад Аўстэрліцам (1805) і рускімі пад Фрыдландам (1807) Напалеон навязаў нявыгадны для Расіі Тыльзіцкі мір 1807 і прымусіў яе далучыцца да кантынентальнай блакады Англіі, што цяжка адбілася на эканоміцы Расіі. Франка-рус. адносіны абвастрыліся з-за палітыкі Францыі на Б. Усходзе і асабліва са стварэннем Варшаўскага герцагства. З 1810 абодва бакі пачалі рыхтавацца да вайны. Выкарыстаўшы эканам., паліт. і ваен. націск, шчодрыя абяцанкі саюзнікам (Прыбалтыку — Прусіі, Валынь — Аўстрыі, Беларусь, Літву і частку Украіны ў межах 1772 — Польшчы), Напалеон фактычна стварыў супраць Расіі агульнаеўрап. кааліцыю. Была падрыхтавана вялізная на тыя часы 600-тысячная т.зв. «Вялікая армія». Набытыя арміяй вопыт, дысцыпліна і ваенны геній Напалеона зрабілі яе грознай сілай. Слабасцю арміі Напалеона была рознапляменнасць і чужыя салдатам мэты вайны.

Ваен. міністр Расіі М.Б.Барклай дэ Толі (з 1810) распрацаваў буйнамаштабную праграму павышэння баяздольнасці рус. арміі, ажыццявіў шэраг мер па падрыхтоўцы тэатра ваен. дзеянняў супраць Варшаўскага герцагства і Францыі. Рамантаваліся старыя крэпасці, будаваліся новыя, фарміраваліся новыя для рус. арміі пастаянныя злучэнні — пях. карпусы і кав. дывізіі. Аляксандр I з канца 1810 усё больш схіляўся да ідэі наступальнай вайны ў саюзе з Прусіяй, ліквідацыі Варшаўскага герцагства і абвяшчэння сябе польскім каралём. 17.10.1811 Расія і Прусія заключылі саюзную ваен. канвенцыю, якая прадугледжвала рус. акупацыю ўсх. ч. Варшаўскага герцагства. У хуткім часе пасля гэтага Аляксандр I аддаў загад аб гатоўнасці ўсіх карпусоў на зах. граніцы да паходу.

У сак. 1812 сфарміраваны 3 рус. зах. арміі: 1-я (каля 120 тыс. чал., галоўнакаманд. Барклай дэ Толі) у Літве і зах. Беларусі, 2-я (каля 49 тыс. чал., галоўнакаманд. П.І.Баграціён) у наваколлі Луцка (у маі 1812 набліжана да 1-й арміі і заняла пазіцыі ў раёне Ваўкавыск—Зэльва), 3-я рэзервовая (каля 44 тыс. чал., галоўнакаманд. А.П.Тармасаў) у раёне Жытоміра, потым перамешчана пад Луцк. Іх дапаўнялі 3 асобныя корпусы (каля 103 тыс. чал.) — П.​К.​Эсена каля Рыгі, П.​І.​Мелер-Закамельскага каля Тарапца і Ф.​Ф.​Эртэля каля Мазыра.

21.4.1812 Аляксандр I выехаў з Пецярбурга ў Вільню ў гал. кватэру 1-й арміі і прыняў вярх. камандаванне. Даведаўшыся пра гэта, Напалеон таксама накіраваўся да сваіх войск, якія разгортваліся ў раёне Віслы. 22.6.1812 Францыя аб’явіла Расіі вайну, і 24 чэрв. яе гал. сілы перайшлі рас.-польск. граніцу ў раёне Коўна. У ходзе Віленскай аперацыі 1812 французы без бою 28 чэрв. занялі Вільню; армія Барклая дэ Толі, якую праследаваў узмоцнены авангард І.​Мюрата, пачала адступаць на Свянцяны ў напрамку на Дрысенскі лагер. Франц. войскі ўклініліся паміж 1-й і 2-й рус. арміямі і атрымалі магчымасць сканцэнтраваць амаль усе сілы супраць Баграціёна, на армію якога з фронту наступалі войскі Жэрома Банапарта, а шляхі адступлення адрэзала група Даву, што накіравалася з Вільні на Мінск. Аднак Баграціён здолеў адарвацца ад праціўніка і пачаў адступленне ад Мінска. Напалеон рушыў на Глыбокае, каб перарэзаць шлях адступлення 1-й арміі і прымусіць яе прыняць бітву. Але Барклай дэ Толі, выйшаўшы з Дрысенскага лагера, пакінуў П.Х.Вітгенштэйна прыкрываць Пецярбургскі напрамак, а сам пайшоў правым берагам Зах. Дзвіны да Полацка. Аляксандр I па патрабаванні вышэйшых саноўнікаў пакінуў армію, падпісаўшы адозву «Першапрастольнай сталіцы нашай Маскве» і маніфест пра збор апалчэння. Баграціён, які ад Навагрудка накіроўваўся да Міра, даведаўся, што Даву ўжо заняў Валожын і тым самым адрэзаў шлях на Мінск. У баях каля Міра (гл. Мірскі бой 1812) і Раманава ар’ергард 2-й арміі затрымаў прасоўванне праціўніка, і Баграціён бесперашкодна адступіў на Слуцк і Бабруйск, імкнучыся апярэдзіць французаў у руху да Магілёва. Але 20 ліп. Даву першы заняў горад. Спроба Баграціёна з боем прарвацца праз Магілёў, каб злучыцца з 1-й арміяй (бітва каля Салтанаўкі), не ўдалася. Гал. сілы 2-й арміі 24 ліп. пераправіліся цераз Дняпро каля Нова-Быхава і рушылі на Мсціслаў і Смаленск. Тым часам 1-я армія 23 ліп. перайшла на левы бераг Зах. Дзвіны і заняла пазіцыю за р. Лучоса, чакаючы падыходу Баграціёна з боку Оршы, каб даць Напалеону ген. бітву. У выніку бою каля Астроўна 25—26 ліп. наступленне французаў прыпынена. 30 ліп. — 1 жн. адбыліся Клясціцкія баі 1812 паміж войскам Вітгенштэйна і корпусам Ш.​Удзіно. На крайнім левым флангу «Вялікай арміі» Ж.​Макданальд накіраваў адну са сваіх дывізій на Рыгу, 1 жн. заняў Дынабург. 1-я і 2-я рус. арміі 3 жн. злучыліся ў Смаленску і, выкарыстаўшы раскіданасць напалеонаўскіх войск на фронце ад Веліжа да Магілёва, 7 жн. перайшлі ў наступленне на Віцебскім напрамку. Праз 5 дзён сустрэчнае наступленне пачаў Напалеон. 16—17 жн. адбылася першая ген. бітва (гл. Смаленская аперацыя 1812). Рускія вымушаны былі пакінуць Смаленск, але, маючы забяспечаны тыл, арганізавана адступілі па маскоўскай дарозе.

Марадзёрства, рабаванне і насілле чужынцаў выклікалі гнеў і нянавісць насельніцтва. Сяляне перашкаджалі франц. арміі нарыхтоўваць харчы і фураж, знішчалі салдат, часам ішлі ў лясы і стваралі партыз. атрады. Ствараліся і армейскія партыз. атрады Дз.В.Давыдава, І.С.Дорахава, Сяславіна, Фігнера, Кудашова і інш.

У гэты час Вітгенштэйн спрабаваў выцесніць войскі Удзіно з Полацка, але быў адкінуты і адышоў да Дрысы (гл. Полацкія бітвы 1812). Ваен. дзеянні на паўд. флангу вяліся самастойна, без непасрэднай сувязі з цэнтр. напрамкам. Армія Тармасава 18 ліп. рушыла з Луцка на Кобрын і 27 ліп. перамагла пях. брыгаду корпуса Ж.​Рэнье (гл. Кобрынскі бой 1812). Карпусы К.​Шварцэнберга і Рэнье 12 жн. атакавалі Тармасава каля Гарадзечна (гл. Гарадзечанская бітва 1812), нанеслі яму вял. страты і гналі да Луцка. З Прусіі і Варшаўскага герцагства карпусы К.​Віктора і П.​Ф.​Ажэро рушылі на Вільню. Супраць гарнізона Бабруйскай крэпасці (гл. Бабруйская абарона 1812) і корпуса Эртэля з Магілёва была накіравана дывізія Я.Г.Дамброўскага, а ў склад корпуса Рэнье з герцагства — зводны атрад А.​Касінскага.

Для кіравання акупіраванымі тэр. Беларусі і Літвы Напалеон зацвердзіў у Вільні Часовы ўрад Вялікага княства Літоўскага, улада якога пашыралася на Віленскую, Гродзенскую, Мінскую губ. і Беластоцкую вобл., ператвораныя ў дэпартаменты з мясц. і франц. адміністрацыяй. Аналагічна былі арганізаваны Віцебская, Магілёўская і Смаленская губ., хоць яны не падпарадкоўваліся Часоваму ўраду. Рабаўніцкая сістэма фуражных і харч. нарыхтовак для франц. арміі, спроба акупац. улад правесці рэкруцкі набор у «літоўскія» войскі паводле рас. закону, рашэнне Напалеона захаваць на Беларусі і ў Літве да канца вайны прыгоннае права прывялі да масавых сял. хваляванняў.

Пасля Смаленскай бітвы 1-я і 2-я рус. арміі (каля 111 тыс. чал.) рухаліся як адна армія. 20 жн. Аляксандр I прызначыў галоўнакаманд. усімі арміямі М.І.Кутузава. Наступленне французаў актывізавалася; Напалеон ірваўся да Масквы, каб тут прадыктаваць Расіі ўмовы міру. Кутузаў вырашыў даць ген. бітву за 110 км ад сталіцы каля в. Барадзіно. 7 вер. адбылася Барадзінская бітва 1812, у якой рускія, паводле слоў Напалеона, «здабылі славу быць непераможнымі». Абодва бакі мелі велізарныя страты (у рускіх каля 46 тыс. чал.), таму Кутузаў аддаў загад адступаць далей. На ваен. нарадзе ў Філях (13 вер.) было вырашана пакінуць Маскву без бою, каб захаваць армію. Адступіўшы ад Масквы, Кутузаў скрытна перавёў армію з Разанскай на Калужскую дарогу і размясціў пад Таруцінам (т.зв. Таруцінскі манеўр). Рус. армія выйшла з-пад удару ворага, атрымала магчымасць папоўніць войскі людскімі і матэрыяльнымі рэсурсамі. Пачаліся пажары, дэмаралізаваныя і галодныя акупанты рабавалі горад. 6 дзён, што правялі ў Маскве Напалеон і яго армія, былі вырашальным фактарам, які змяніў ход вайны на карысць Расіі. Узмацніўся патрыят. рух насельніцтва, якое перашкаджала французам у нарыхтоўцы харчавання і фуражу, парушала іх камунікацыі на лініі Масква—Смаленск.

Пераканаўшыся, што заключыць мір не ўдасца, Напалеон 19 кастр. пакінуў Маскву і вырашыў адступаць па Калужскай дарозе праз багатыя паўд. губерні. Але Кутузаў бітвай пад Малаяраслаўцам 24 кастр. прымусіў Напалеона адступаць па спустошанай Смаленскай дарозе. Голад, які пачаўся ў франц. войску, гібель коней узмацніліся з вял. маразамі. Рус. армія гнала ворага, б’ючы яго з флангаў і тылу. У баях каля Краснага 16—18 ліст. французы страцілі каля 25 тыс. чал., аднак усе іх карпусы (акрамя ар’ергарда М.​Нея) прабіліся па дарозе на Дуброўну, перайшлі Дняпро і ўступілі ў Оршу.

Да гэтага часу змяніліся абставіны і на стратэг. флангах. На Валыні з 3-й арміяй Тармасава 19 вер. злучылася Дунайская армія П.В.Чычагова, што дало колькасную перавагу рус. арміі над праціўнікам (60 тыс. чал. супраць 43 тыс.). 30 кастр. армія Чычагова рушыла па пінскім шляху праз Пружаны на Слонім, 13 ліст. каля Новага Свержаня яна перайшла Нёман. Войскі Вітгенштэйна пасля Полацкай бітвы 18—20 кастр. адцяснілі французаў да Лепеля і Докшыц, пасля Чашніцкіх баёў 1812 — да Чарэі. Пераправай Напалеона (за ім і арміі Кутузава) цераз Дняпро пачалася Бярэзінская аперацыя 1812. У ёй рус. камандаванне планавала акружыць і знішчыць праціўніка канцэнтрычнымі дзеяннямі арміі Чычагова, Вітгенштэйна, 1-й і 2-й армій Кутузава. 16 ліст. войскі Чычагова ўзялі Мінск, а 21 ліст. — Барысаў, што абазначала поўнае перасячэнне шляхоў адступлення французаў. Толькі рашучыя і дакладныя дзеянні Напалеона, які, стрымліваючы націск Кутузава і Вітгенштэйна, выбіў Чычагова з Барысава і 26—28 ліст. пераправіў свае войскі цераз Бярэзіну, дазволілі рэшткам «Вялікай арміі» адступіць на Смаргонь і Вільню. Тым не менш вынікі бярэзінскай пераправы былі для Напалеона катастрафічныя. Пад яго камандаваннем заставалася не больш як 10 тыс. чал., і баявога значэння гэтая група практычна не мела. Пасля Маладзечанскага бою 1812 супраціўленне французаў па сутнасці спынілася. Галодныя і замёрзлыя салдаты кідалі зброю і неарганізаваным натоўпам рухаліся да Вільні. 5 снеж. ў Смаргоні Напалеон, даручыўшы камандаванне Мюрату, паехаў у Парыж. У Вільню Мюрат прывёў каля 4 тыс. баяздольных салдат. 10 снеж. іх выбіў з горада армейскі авангард Я.​І.​Чапліна, а рэшткі ўцяклі праз Коўна да прускай граніцы. Поўны разгром цэнтр. групоўкі Напалеона вызначыў і становішча войск на флангах, якія адступілі праз Беласток на Варшаву і праз Шаўлі ва Усх. Прусію. Прыбыццё 22 снеж. Аляксандра I у гал. кватэру Кутузава ў Вільні і пераход да цара ўсёй паўнаты ваен.-паліт. кіраўніцтва азначалі завяршэнне абарончага перыяду вайны і курс на вайну ў Еўропе.

Руска-англа-шведскі саюз склаў аснову 6-й антыфранц. кааліцыі, да якой на працягу 1813 далучыліся Прусія і Аўстрыя. Вайна скончылася поўным падзеннем і паражэннем імперыі Напалеона, рэстаўрацыяй у Францыі каралеўскай улады і дынастыі Бурбонаў. У вызваленых краінах Еўропы аднаўляліся феад.-абсалютысцкія рэжымы, для іх падтрымкі ў 1815 створаны Свяшчэнны саюз. Паводле Парыжскага мірнага дагавору 1814 і пастаноў Венскага кангрэса 1814—15 Варшаўскае герцагства пераходзіла пад кіраванне Расіі, утворана Каралеўства Польскае. Аляксандр I адхіліў прапанову Кутузава аб канфіскацыі маёнткаў шляхты, якая выступіла на баку Напалеона, і абвясціў амністыю жыхарам зах. губерняў — удзельнікам вайны супраць Расіі пры ўмове, што яны вернуцца на радзіму на працягу 2 месяцаў (пазней гэты тэрмін быў прадоўжаны).

Вайна прынесла велізарныя страты абодвум бакам. Людскія страты напалеонаўскай арміі ацэньваюцца ў 80%, рус. — у 50% ад колькасці воінаў, што прымалі ўдзел у вайне. Скарацілася колькасць насельніцтва Беларусі, асабліва гарадскога. Матэрыяльныя страты 5 бел.-літ. губерняў і Беластоцкай вобл., паводле тагачасных падлікаў, склалі каля 160 млн. руб. серабром. Толькі добрыя ўраджаі 1813 і 1814 выратавалі ад масавага голаду і эпідэмій.

У гонар перамог рус. войск над арміяй Напалеона на тэр. Беларусі пастаўлены помнікі ў Брэсце, Верхнядзвінску, Віцебску, Кобрыне, Маладзечне, Полацку, Друі, у вёсках Астроўна, Капцэвічы, Клясціцы, Паддубна, Салтанаўка, Сапяжынка, Студзёнка і інш.

Літ.:

Богданович М. История Отечественной войны 1812 г. по достоверным источникам. Т. 1—3. СПб., 1859—60;

Харкевич В.Н. Война 1812 г. От Немана до Смоленска... Вильна, 1901;

Тарле Е.В. Нашествие Наполеона на Россию, 1812 г. М., 1992.

В.​В.​Антонаў.

Да арт. Вайна 1812. Атака данскіх казакаў М.​І.​Платава каля Нясвіжа. Чэрвень 1812. Хромалітаграфія 1912.
Да арт. Вайна 1812. Пераправа рускай арміі цераз Нёман у снежні 1812.

т. 3, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КАЕ КНЯ́СТВА ЛІТО́ЎСКАЕ,

афіцыйная назва Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкаебел. гістарыяграфіі Беларуска-Літоўская дзяржава (гаспадарства), у расійскай 19 — пач. 20 ст. Літоўска-Руская дзяржава, у літ.Літоўска-Беларуская дзяржава], феадальная дзяржава ва Усх. Еўропе, якая займала тэр. Беларусі і Літвы (у 13—18 ст.), Жамойціі (з 1422), частку ўкр. зямель (Кіеўская, Чарнігаўская, Валынская землі ў 14 ст. — 1569), частку вялікарасійскіх зямель (у 14 — пач. 16 ст.). Ядром дзяржавы пры яе ўтварэнні былі бел. землі верхняга і сярэдняга Панямоння, т.зв. Чорная Русь, ці гістарычная Літва, і землі па верхнім цячэнні р. Віліі. Першая сталіца дзяржавы — г. Навагрудак (Новагародак). ВКЛ узнікла ва ўмовах няспыннай барацьбы з крыжацкай агрэсіяй і пад пагрозай мангола-татарскага нашэсця. Уключэнне бел. зямель у склад навастворанай у сярэдзіне 13 ст. дзяржавы мела добраахвотны характар, яно ажыццяўлялася праз пагадненні вял. князёў літ. з феадаламі бел., а потым і ўкр. зямель пры захаванні льгот, прывілеяў і пэўнага самакіравання.

Гістарычны нарыс да Люблінскай уніі 1569. Утварэнне ВКЛ з цэнтрам у Новагародку адносіцца да 1240-х г., калі тут стаў княжыць Міндоўг [сярэдзіна 1230-х г. — 1263]. У 1251 Міндоўг быў ахрышчаны паводле каталіцкага абраду, у 1253 ён каранаваны ў Новагародку каралеўскай каронай, прысланай ад імя папы Інакенція IV (Міндоўг — адзіны кароль ВКЛ). Пасля забойства Міндоўга ў выніку змовы ў 1263 велікакняжацкі пасад заняў Транята, але ён быў забіты слугамі Міндоўга. Вял. князем стаў сын Міндоўга Войшалк [1264—67], які значна пашырыў тэр. дзяржавы. Барацьбу за ўмацаванне ВКЛ вялі яго наступнікі Шварн [1267—70] і Трайдзень [1270—82]. Узмацненне велікакняжацкай улады адносіцца да перыяду панавання Віценя [каля 1295—1316], у час княжання якога да ВКЛ далучана Полацкае княства (1307). Значна пашырылася тэр. ВКЛ пры вял. князю Гедзіміне [1316—41], у склад дзяржавы ўвайшлі Віцебская, Берасцейская, Тураўская землі, Менскае (Мінскае) княства. У 1323 Гедзімін перанёс сталіцу ў Вільню. Яшчэ пры жыцці Гедзіміна ён перадаў сынам удзельныя княжанні. Яго малодшы сын Яўнут стаў вял. князем [1341—45], але ў выніку змовы старэйшых братоў Альгерда і Кейстута быў пазбаўлены трона. Вял. князем стаў Альгерд [1345—77]. У час яго панавання ў ВКЛ увайшлі бел. падняпроўскія землі, Мазырская і Брагінская воласці, Бранскае княства, Кіеўская, Чарнігаўская, Падольская і Валынская землі. Было падначалена і Смаленскае княства. Барацьба супраць Тэўтонскага ордэна ішла з пераменным поспехам. Альгерд праводзіў актыўную палітыку на Усходзе, намагаючыся аб’яднаць пад сваёй уладай усе землі былой Кіеўскай Русі. У 1368, 1370 і 1372 ён зрабіў тры паходы на Маскву, але захапіць яе не змог. За час княжання Альгерда тэр. ВКЛ павялічылася ўдвая. Пасля яго смерці вял. князем літоўскім стаў Ягайла Альгердавіч (1377—92). Барацьбу з Ягайлам пры дапамозе крыжакоў вёў князь Вітаўт Кейстутавіч. Урэшце паміж дваюраднымі братамі было заключана пагадненне, і Вітаўт атрымаў у княжанне Гародню (Гродна) і Бярэсце (Брэст), а потым і Трокі. З мэтай супрацьдзеяння крыжацкай агрэсіі і ўмацавання сваёй улады Ягайла заключыў Крэўскую унію 1385, паводле якой перайшоў у каталіцтва, прыняў імя Уладзіслаў, ажаніўся з польскай каралевай Ядвігай і быў абвешчаны польскім каралём. Ён абяцаў правесці хрышчэнне літоўцаў паводле каталіцкага абраду і далучыць да Польшчы землі ВКЛ. Супраць падпарадкавання ВКЛ Польшчы выступіў Вітаўт на чале групоўкі літоўскіх і бел. феадалаў. Міжусобная вайна паміж Вітаўтам і Ягайлам скончылася Востраўскім пагадненнем 1392, паводле якога Вітаўт стаў вял. князем літ. [1392—1430], ВКЛ гарантавалася самастойнасць у саюзе з Польшчай. Умацаваўшы сваю ўладу, Вітаўт ліквідаваў некалькі ўдзельных княстваў (у Полацку, Віцебску, Кіеве і інш.). У войнах з Тэўтонскім ордэнам Вітаўт страціў б. ч. Жамойціі (1398). Пасля бітвы на Ворскле 1399, дзе войска ВКЛ было разгромлена ардынскім войскам, Вітаўт вымушаны быў заключыць Віленска-Радамскую унію 1401, паводле якой ВКЛ прызнавалася пажыццёвым уладаннем Вітаўта, а Ягайла захоўваў тытул вярхоўнага князя. У 1404 ВКЛ канчаткова падпарадкавала Смаленскае княства, потым Вярхоўскія княствы (бас. верхняй Акі). У час Грунвальдскай бітвы 1410 войска Тэўтонскага ордэна было разбіта саюзнымі войскамі, Жамойція пераходзіла ў пажыццёвае ўладанне Вітаўта (канчаткова далучана да ВКЛ у 1422).

Нямецкая агрэсія на У была спынена. Гарадзельская унія 1413 замацавала паліт. саюз Польшчы і ВКЛ. У 1416 Вітаўт дамогся выбрання і зацвярджэння асобнага мітрапаліта правасл. царквы ў ВКЛ Грыгорыя Цамблака, падпарадкаванага канстанцінопальскаму патрыярху. Пасля смерці Вітаўта вял. князем быў выбраны малодшы брат Ягайлы Свідрыгайла [1430—32], праціўнік дзярж. уніі з Польшчай, з якой адбыўся канфлікт. У выніку змовы літ. баяр, не згодных з палітыкай Свідрыгайлы, які абапіраўся на буйных бел. і ўкр. феадалаў, ён быў скінуты ў вер. 1432 з велікакняжацкага пасада і ўцёк у Полацк. Вял. князем быў абвешчаны малодшы брат Вітаўта Жыгімонт Кейстутавіч [1432—40]. Пачалася феад. грамадз. вайна 1432—39. 15.10.1432 Жыгімонт аднавіў унію з Польшчай. Пасля выдання Жыгімонтам прывілея аб ураўнаванні асабістых і маёмасных правоў баяр-католікаў і праваслаўных (6.5.1434) Свідрыгайла страціў падтрымку большасці бел. феадалаў. 1.9.1435 у бітве пад Вількамірам войска Свідрыгайлы было разбіта. 20.3.1440 Жыгімонт у выніку змовы быў забіты і вял. князем выбраны малодшы брат польск. караля Уладзіслава III Казімір IV Ягелончык [1440—92]. У 1447 Казімір выбраны і каралём Польшчы. Прывілеем 1447 вял. князь гарантаваў усім баярам асабістую недатыкальнасць, скасаваў натуральныя і грашовыя павіннасці з маёнткаў на карысць дзяржавы, перадаў баярам права судзіць і караць сваіх сялян. Прывілей паслужыў кансалідацыі ўсяго баярскага саслоўя ВКЛ. Казімір выдаў судзебнік 1468, у якім былі змешчаны юрыд. нормы, пераважна крымінальнага права. Пасля смерці Казіміра вял. князем стаў яго сын Аляксандр [1492—1506]. У час яго панавання велікакняжацкая ўлада аслабела. Паны-рада (вышэйшы кіруючы орган) дамагліся выдання Аляксандравага прывілея 1492, паводле якога ўсе найважнейшыя дзярж. справы вял. князь павінен быў вырашаць разам з радай. У гэты час адбылася серыя войнаў ВКЛ з Маскоўскім вял. княствам, якое паступова пашырала сваю тэр. на захад. Адначасова саюзнікі вял. князя маскоўскага Івана III крымскія татары пачалі напады на Украіну і Беларусь, асабліва моцныя набегі былі ў 1505 і 1506. Гэтыя нашэсці спыніліся пасля разгрому татарскага войска ў Клецкай бітве 1506. Перамога войска ВКЛ у Аршанскай бітве 1514 у час вайны з Маскоўскай дзяржавай 1512—22 дазволіла стабілізаваць усх. граніцу. У час панавання вял. князя Жыгімонта I Старога [1506—48] прыняты адзін з першых у Еўропе сістэматызаваных збораў законаў — Статут Вялікага княства Літоўскага 1529. Пры сыне Жыгімонта Старога вял. князю Жыгімонце II Аўгусце [1548—72] у ВКЛ праведзены важныя паліт. і эканам. рэформы. Паводле адм. рэформы 1565—66 утвораны паветы і павятовыя сеймікі, якія вырашалі мясц. пытанні і выбіралі па 2 паслы (дэпутаты) на агульнадзярж. сейм, і павятовыя суды — гродскія, земскія і падкаморскія. У выніку рэформы шляхецкае саслоўе (баяры з 2-й чвэрці 16 ст. пачалі называцца шляхтай) стала пануючым у дзяржаве, адхіліўшы магнатаў і князёў ад манапольнага кіравання дзяржавай. У Лівонскую вайну 1558—83 рас. цар Іван IV Грозны намагаўся захапіць Лівонію. У лютым 1563 яго войска захапіла Полацк. У Ульскай бітве 1564 і Аршанскай бітве 1564 рас. войскі пацярпелі паражэнне. Далейшы ход вайны паказаў, што аднаму ВКЛ без саюзнікаў не перамагчы. На палявым сейме каля Віцебска 13.9.1562 шляхта прыняла акт і накіравала яго вял. князю з просьбай заключыць новую, больш цесную дзярж. унію з Польшчай. Супраць выступіла асн. частка магнатаў на чале з М.​Радзівілам Чорным, якая не хацела страціць свае паліт.пазіцыі ў кіраванні дзяржавай і грамадскія прывілеі. Жыгімонт Аўгуст, які не меў нашчадкаў, намагаўся аб’яднаць абедзве дзяржавы і падтрымліваў унітарную ідэю. Ён абапіраўся на шляхту ВКЛ. Быў прыняты Статут Вялікага княства Літоўскага 1566, які замацаваў грамадска-паліт. змены, што адбыліся ў ВКЛ у 1530—60-я г. 1.7.1569 асобна дэпутатамі польскага сейма і сейма ВКЛ пад прысягаю быў прыняты акт аб уніі (гл. Люблінская унія 1569), паводле якой абедзве дзяржавы на аснове роўнасці аб’ядноўваліся ў федэратыўную дзяржаву — Рэч Паспалітую. Былыя прывілеі шляхты захоўваліся ў кожнай дзяржаве, абедзве краіны захоўвалі суверэнітэт, асобныя дзярж. адміністрацыі, войскі, скарб і права эмісіі аднолькавай манеты, кіраванне, адм. і судовы апарат, свае законы і сваю мытную сістэму. Кожная краіна мела сваю дзярж. мову: Польшча лацінскую, ВКЛ беларускую. Люблінская унія была кампрамісам шляхты Польшчы і ВКЛ, у выніку якога стварылася больш моцная дзяржава. Яна ўмацавала паліт. еднасць абедзвюх дзяржаў, узмацніла працэсы іх эканам., паліт. і культ. збліжэння, уплыў зах.-еўрап. культуры на бел. землі.

Пасля Люблінскай уніі (з 1569 да канца 18 ст.). Пасля смерці Жыгімонта II Аўгуста каралём стаў Генрык Валезы [1573—74], потым Стафан Баторый [1576—86]. Працягваючы Лівонскую вайну, ён у 1579 адваяваў Полацк і нанёс некалькі паражэнняў войскам цара. Вайна скончылася падпісаннем Ям-Запольскага мірнага дагавора 1582, паводле якога Расія адмовілася на карысць Рэчы Паспалітай ад Лівоніі, Полацкай зямлі і Веліжа, а Рэч Паспалітая вяртала заваяваныя крэпасці на рас. тэрыторыі. Наступным польск. каралём і вял. князем літ. быў выбраны Жыгімонт III Ваза (1587—1632), які імкнуўся мець падтрымку бел.-літ. шляхты. Ён зацвердзіў Статут Вялікага княства Літоўскага 1588, які падкрэсліваў самастойнасць ВКЛ і забараняў польск. шляхце атрымліваць у ВКЛ дзярж. землі і пасады. Была пацверджана самастойнасць дзярж. устаноў ВКЛ, адасобленасць фінансаў і заканадаўства. Жыгімонт падтрымаў Брэсцкую унію 1596, але і далучыўся да пастаноў сеймаў 1609, 1618 і 1631, якія гарантавалі правы праваслаўных. Кароль захапіўся планам далучыць Маскоўскую дзяржаву да Рэчы Паспалітай у якасці члена федэрацыі або заключыць з Расіяй саюз з каралевічам польскім у якасці цара. З гэтай мэтай былі падтрыманы Лжэдзмітрый I (гл. Ілжэдзмітрый I) і Лжэдзмітрый II (гл. Ілжэдзмітрый II), а потым пачата вайна Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18, якая скончылася падпісаннем Дэулінскага перамір’я 1618. Да ВКЛ адышла Смаленшчына. Пасля смерці Жыгімонта Вазы польск. каралём і вял. князем літ. выбраны яго сын Уладзіслаў IV [1632—48]. Выкарыстаўшы міжуладдзе ў Рэчы Паспалітай, цар Міхаіл Фёдаравіч пачаў вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34. Рас. войскі асадзілі Смаленск, але горад вытрымаў аблогу. Маскоўская армія была акружана войскам Рэчы Паспалітай на чале з каралём і капітулявала. Палянаўскі мір 1634 пацвердзіў умовы Дэулінскага перамір’я аб пераходзе Смаленскага ваяв. ў склад ВКЛ. У канцы 16 — пач. 17 ст. ўскладнілася становішча на Украіне. Адным з самых буйных антыфеад. казацка-сял. выступленняў было Налівайкі паўстанне 1594—96. Адступаючы з Украіны, паўстанцы адышлі на бел. Палессе, дзе да іх далучыліся мясц. сяляне, мяшчане і дробная шляхта, захапілі Петрыкаў, Слуцк, Магілёў, пасля адышлі на Валынь. Новым каралём польск. і вял. князем літ. быў выбраны Ян II Казімір [1648—68]. У 1648 на Украіне пачалася нац.-вызв. вайна, якую ўзначаліў Б.​Хмяльніцкі. На Беларусі яна выклікала антыфеадальную вайну 1648—51. Улетку 1654 пачалася вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У час кампаніі 1654 была занята рас. войскамі ўся паўн. і ўсх. Беларусь, у час кампаніі 1655 — астатняя частка Беларусі (акрамя Брэсцкага пав. і Навагрудскага ваяв.), Вільня, Коўна. У час ваен. дзеянняў былі разрабаваны і спалены многія гарады, мястэчкі і вёскі, шмат людзей загінула або трапіла ў палон, дзесяткі тысяч сялян і тысячы гараджан вывезены ў Расію. Шляхце, якая прысягнула цару, рас. ўрад захаваў маёнткі і саслоўныя правы. Была забаронена дзейнасць рымска-каталіцкай і уніяцкай цэркваў. Гарады Беларусі атрымалі граматы на дазвол рамесніцка-гандлёвай дзейнасці. Сяляне, якіх раздавалі шляхце, абкладаліся дадатковымі павіннасцямі на карысць войска. У 1660 рас. войскі сталі цярпець паражэнні. У шэрагу гарадоў (Магілёў, Дзісна, Себеж, Гомель і інш.) адбыліся паўстанні мяшчан супраць рас. гарнізонаў. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667 Расія захавала Смаленскае ваяв., Левабярэжную Украіну і Кіеў. Расчараваны няўдачамі ў войнах і ва ўнутр. палітыцы, кароль Ян Казімір у 1668 адрокся ад трона. Новым каралём польск. і вял. князем ВКЛ быў выбраны Міхал Вішнявецкі [1669—73]. Паводле пастановы сейма 1673, кожны трэці сейм (акрамя тых, што выбіралі караля) збіраўся ў ВКЛ у Гродне. Наступным каралём польск. і вял. князем літ. быў выбраны Ян III Сабескі [1674—96], якога падтрымлівалі магнаты і шляхта прафранцузскай арыентацыі. «Вечны мір» 1686 паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй замацаваў дзярж. граніцы і стварыў умовы для сумесных дзеянняў супраць Турцыі і Крымскага ханства. Але 9-ы артыкул гэтага дагавора даваў магчымасць царызму пад выглядам абароны праваслаўя пастаянна ўмешвацца ва ўнутр. справы Рэчы Паспалітай.

Супраць караля выступілі Сапегі, якія мелі намер узначаліць самастойнае ВКЛ. Супраць іх у 1696 пачалася адкрытая барацьба бел. і літ. шляхты на чале з Р.​Агінскім. Шляхце ВКЛ удалося правесці на канфедэрацыйным сейме 29.8.1696 канчатковае ўраўнаванне яе правоў з правамі польскай шляхты. Гэтай жа пастановай замест афіцыйнай бел. мовы ў дзярж. установах ВКЛ уводзілася польская мова. Новым каралём польск. і вял. князем літ. быў выбраны Аўгуст II Моцны [1697—1706, 1709—33], падтрыманы Расіяй і Аўстрыяй. У гэты час канфлікт паміж Сапегамі і б.ч. шляхты набыў характар грамадз. вайны. У ліст. 1700 пад Алькенікамі (каля Вільні) атрады шляхты разбілі войска Сапегаў. Аўгуст II уступіў у Паўночную вайну 1700—21 як саюзнік Пятра I і як курфюрст Саксоніі. Рэч Паспалітая спачатку ў вайне не ўдзельнічала. У пач. 1702 шведскія войскі прайшлі праз Гродна ў Польшчу, дзе ваен. дзеянні ішлі некалькі гадоў. Скліканая вясной 1703 генеральная канфедэрацыя ВКЛ абвясціла саюз з Расіяй. Шведскі кароль Карл XII арганізаваў у Польшчы канфедэрацыю, якая дэтранізавала Аўгуста II і выбрала каралём польск. і вял. князем літ. Станіслава Ляшчынскага [1704—09, 1733]. У 1706 Аўгуст II, пацярпеўшы паражэнне, заключыў Альтранштацкі дагавор, паводле якога адмовіўся ад кароны на карысць Ляшчынскага. Наступныя ваен. дзеянні адбываліся на тэр. Беларусі. У бітве пад Лясной 1708 армія Пятра I разграміла шведскі корпус А.​Левенгаўпта. Пасля перамогі рас. войск пад Палтавай 8.7.1709 Аўгуст II вярнуўся ў Польшчу і зноў заключыў саюз з Пятром I. Вайна прычыніла вял. страты Беларусі, колькасць насельніцтва зменшылася з 2,2 млн. чал. да 1,5 млн. чал. Пасля Паўн. вайны паліт. ўплыў Расіі на частку магнатаў і шляхты ВКЛ узмацніўся. Пасля смерці Аўгуста II 12.9.1733 шляхта зноў выбрала каралём польск. і вял. кн. літ. Станіслава Ляшчынскага, але гэта не адпавядала інтарэсам Расіі. На тэр. Рэчы Паспалітай былі ўведзены рас. войскі, арганізаваны новыя выбары і 5.10.1733 новым каралём польск. і вял. князем літ. быў выбраны Аўгуст III [1733—63]. У час яго панавання адбылося далейшае паглыбленне паліт. крызісу Рэчы Паспалітай. Пасля смерці Аўгуста III па прапанове рас. імператрыцы Кацярыны II быў выбраны апошні кароль польскі і вял. князь літ. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі [1764—95], які пачаў праводзіць палітыку памяркоўных рэформаў дзярж. ладу, што выклікала незадаволенасць Расіі і Прусіі. Пры падтрымцы рас. пасла кн. М.​В.​Рапніна ў 1767 былі створаны пратэстанцкая шляхецкая канфедэрацыя ў Торуні і кальвінісцка-праваслаўная Слуцкая канфедэрацыя 1767, якія імкнуліся ўраўнаваць правы дысідэнцкай шляхты з каталіцкай. На дапамогу канфедэратам Кацярына II накіравала 40-тысячную армію. Сейм 1768 ураўнаваў правы некаталіцкай шляхты з каталіцкай і пад націскам Кацярыны II замацаваў анархічны лад дзяржавы. Патрыятычна настроеная шляхта выступіла супраць чужаземнага ўмяшання ва ўнутр. справы дзяржавы і арганізавала Барскую канфедэрацыю. Пасля яе разгрому ў Пецярбургу быў падрыхтаваны першы падзел Рэчы Паспалітай 1772, паводле якога Расія, Прусія і Аўстрыя далучылі часткі тэр. Рэчы Паспалітай. Расіі адышлі тэрыторыі на Пн ад Зах. Дзвіны, на У ад Друці і Дняпра. У 1770—80-я г. ў Рэчы Паспалітай былі праведзены некаторыя рэформы, накіраваныя на паляпшэнне гандлю і развіццё прам-сці. Больш грунтоўныя рэформы праводзіў Чатырохгадовы сейм 1788—92. Была прынята Канстытуцыя 3 мая 1791. Рэакцыйныя колы магнатаў і шляхты, незадаволеныя прагрэс. зменамі, звярнуліся да Кацярыны II з просьбай аб дапамозе. У Пецярбургу пад наглядам імператрыцы 27.4.1792 складзены акт канфедэрацыі і да граніцы з Рэччу Паспалітай перакінуты рас. войскі. Пасля пераходу граніцы ва ўкр. мяст. Таргавіца быў абвешчаны акт Таргавіцкай канфедэрацыі. Рас. войскі з баямі занялі тэр. Беларусі і Правабярэжнай Украіны, разам з прускімі войскамі акупіравалі Польшчу. Канстытуцыя 3 мая і рэформы Чатырохгадовага сейма былі адменены. Таргавіцкая канфедэрацыя фактычна падрыхтавала другі падзел Рэчы Паспалітай 1793. Канвенцыя аб гэтым падпісана ў Пецярбургу паміж Расіяй і Прусіяй 23.1.1793. Расія ўзяла сабе цэнтр. частку Беларусі, а таксама Правабярэжную Украіну. Гродзенскі сейм 1793 зацвердзіў падзел Рэчы Паспалітай. Ва ўмовах рас. і прускай акупацыі было падрыхтавана нац.-вызв. паўстанне 1794 на чале з Т.Касцюшкам. Паўстанне было задушана рас. войскамі пад камандаваннем ген. А.​В.​Суворава. Рэч Паспалітая была поўнасцю акупіравана рас., прускімі, потым і аўстр. войскамі. 24.10.1795 у Пецярбургу падпісана канвенцыя аб трэцім падзеле Рэчы Паспалітай 1795. Расія далучыла землі Зах. Беларусі, б.ч. Літвы і Курляндыю. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі адмовіўся ад трона на карысць Кацярыны II. Рэч Паспалітая спыніла сваё дзярж. існаванне.

Дзяржаўны і палітычны лад. ВКЛ была феад. манархіяй. У першыя стагоддзі свайго існавання гэта дзяржава з моцнай уладай вял. князя (гаспадара) у цэнтр. раёнах і аўтаномнымі княствамі і землямі са сваім паліт. жыццём, якія падпарадкоўваліся вял. князю. У канцы 14 ст. Вітаўт ліквідаваў буйныя ўдзельныя княствы, але невял. княствы захоўваліся да 1520-х г. З канца 14 ст. збіраўся пастаянны кансультатыўны орган пры вял. князю — паны-рада (гл. Рада Вялікага княства Літоўскага). З 1492 рада мела заканадаўчыя і распарадчыя функцыі (асабліва ў час адсутнасці вял. князя ў дзяржаве). У 15 ст. сфарміраваўся сейм — прадстаўнічы орган шляхецкага саслоўя. У пач. 16 ст. ён набыў значэнне заканадаўчага і кантрольнага органа. На пасады цэнтр. кіравання назначэнне рабіў вял. князь. Найважнейшымі былі пасады маршалка земскага (потым — вялікага), канцлера, падскарбія, гетмана найвышэйшага (потым — вялікага) і інш. Асобнымі землямі кіравалі намеснікі, старосты, а з 15 ст. і ваяводы, якія мелі шырокія паўнамоцтвы. Акругамі кіравалі дзяржаўцы, а ніжэйшае звяно дзярж. кіравання да 16 ст. складалі прадстаўнікі мясц. насельніцтва — валасныя старцы, соцкія, дзесяцкія. У 1413 былі ўтвораны вял. па тэрыторыі Віленскае і Трокскае ваяв., куды ўваходзілі ўсх.-літ. землі і землі Зах. і Цэнтр. Беларусі. Ваяводы віленскі і трокскі і іх намеснікі — кашталяны — таксама належалі да найвышэйшых саноўнікаў дзяржавы. Паводле адм. рэформы ў 1565—66 у ВКЛ было ўтворана 13 ваяводстваў, якія падзяляліся на паветы. Павет стаў асн. адм.-тэр. адзінкай са сваім прадстаўнічым органам — шляхецкім сеймікам і павятовымі шляхецкімі судамі (гл. Земскі суд, Гродскі суд, Падкаморскі суд). У 1581 быў арганізаваны Трыбунал Вялікага княства Літоўскага, вышэйшы апеляцыйны суд. Члены судоў і дэпутаты Трыбунала выбіраліся шляхтай. Да 17—18 ст. у некаторых мясцовасцях захоўваўся нар. традыцыйны копны суд, які дзейнічаў пад кантролем дзярж. або панскай адміністрацыі. Прывілеем 1447 вял. князь Казімір Ягелончык перадаў права суда над насельніцтвам феадалам — панам і баярам, на чыёй зямлі жылі залежныя ад іх сяляне і гараджане. З 15 ст. мяшчане гарадоў, што атрымалі самакіраванне паводле магдэбургскага права, вызваляліся ад феад. павіннасцей, суда і ўлады ваявод і старостаў, мелі свае войтаўска-лаўніцкія суды. У 16 ст. былі распрацаваны сістэматызаваныя зборы законаў, выдадзеныя на бел. мове, — Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588. Яны аб’ядноўвалі юрыд. нормы міжнар., дзярж., саслоўнага, маёмаснага, сямейнага і інш. права.

Рэлігійныя адносіны. Большасць насельніцтва ВКЛ у 13 ст. належала да правасл. царквы, літоўцы і жэмайты былі яшчэ язычнікамі. У 1387 Ягайла правёў хрышчэнне літоўцаў паводле каталіцкага абраду. Хрышчэнне жэмайтаў расцягнулася яшчэ на стагоддзе. Паступова каталіцкая царква пры дапамозе вял. князёў пашырала свае пазіцыі. З 1458 правасл. царква ў ВКЛ мела сваю самаст. мітраполію. У сярэдзіне 16 ст. на Беларусі вял. ўплыў мела Рэфармацыя ў яе розных плынях. 9.10.1596 абвешчана Брэсцкая унія, акт аб арганізацыйным аб’яднанні на тэр. Беларусі і Украіны правасл. царквы з каталіцкай. Вернікі уніяцкай царквы ў канцы 18 ст. складалі 75% насельніцтва Беларусі (у вёсцы 80%), праваслаўнымі заставалася 6,5% насельніцтва.

Сельская гаспадарка і становішча сялян. У 13—14 ст. вярхоўным уласнікам усёй зямлі ў ВКЛ лічыўся вял. князь. Прыватнаўласніцкія маёнткі падзяляліся на 2 групы: вотчыны, якія належалі спадчынна княжацкім і буйным феад. (панскім) сем’ям, і двары (маёнткі), якія раздаваліся баярам на ўмоўным праве, за службу (у асн. вайсковую). Пачынаючы з прывілея 1447, права спадчыннай уласнасці на зямлю было пашырана на ўсё саслоўе баяр (шляхты). Гэта права як манаполія саслоўя феадалаў было заканадаўча замацавана Статутамі ВКЛ. У 14—16 ст. сялянства юрыдычна падзялялася на групы: чэлядзь нявольная, людзі пахожыя, людзі непахожыя, сяляне-слугі. Вышэйшай групай сялян-слуг былі вайсковыя сяляне, што выходзілі ў паход разам з панам, — панцырныя, путныя і конныя баяры. Частка іх увайшла ў 15—16 ст. у ніжэйшую групу шляхецкага саслоўя або замацавалася ў нешматлікай групе вольных людзей — зямян, выбранцаў, баяр, якія былі васаламі вял. князя, магнатаў, буйной шляхты. У час вайны яны служылі ў войску, у мірны час плацілі грашовы чынш. Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588 юрыдычна замацавалі прыгоннае права. Розныя групы сялян у 1-й пал. 17 ст. канчаткова ператварыліся ў асабіста залежных ад феадала людзей. У 14—15 ст. асн. павіннасцю быў натуральны аброк. З канца 15 ст. ў сувязі з павелічэннем попыту на с.-г. прадукцыю ў Зах. Еўропе феадалы ВКЛ пашыралі ворныя землі ў маёнтках, стваралі фальваркі, шырока ўводзілі паншчыну. З сярэдзіны 16 ст. ў велікакняжацкіх (дзяржаўных) маёнтках пачала актыўна праводзіцца зямельная рэформа (гл. Валочная памера, «Устава на валокі» 1557). У 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. рэформа праведзена ва ўладаннях феадалаў Літвы, зах. і цэнтр. Беларусі, да сярэдзіны 17 ст.усх. і паўд. Беларусі. Стварэнне фальваркаў суправаджалася ўзбуйненнем часткі вёсак, іх перапланіроўкай і наразаннем сялянам валочных надзелаў (1 валока — 21,36 га). Пашыраўся 3-польны севазварот, павялічылася ўраджайнасць. Паводле павіннасцей сяляне падзяляліся на 2 асн. катэгорыі: цяглыя сяляне і асадныя сяляне. Сяляне з невял. ўчасткамі зямлі (агароднікі, халупнікі, каморнікі) да сярэдзіны 17 ст. зліліся з цяглымі сялянамі, надзелы якіх зменшыліся да паўвалочных. У час ваен. дзеянняў сярэдзіны 17 ст. гаспадарка ВКЛ была разбурана. Для яе аднаўлення ў 2-й пал. 17 — 1-й пал. 18 ст. феадалы, пераважна ў каралеўскіх маёнтках, пераводзілі значную частку сялян з паншчыны на грашовы чынш. У магнацкіх маёнтках паншчына ў асн. захоўвалася. Да сярэдзіны 18 ст. сялянская гаспадарка дасягнула некаторых поспехаў у развіцці агратэхнікі, павысілася ўраджайнасць, павялічылася пагалоўе жывёлы. У 2-й пал. 18 ст. пачаўся перыяд разлажэння феадалізму і зараджэння капіталіст. адносін. Пашырыўся ўнутр. рынак, развіваліся таварна-грашовыя адносіны. Усё гэта адбілася на дзярж. палітыцы пашырэння фальварковай гаспадаркі ў каралеўскіх эканоміях (рэформы К.Тызенгаўза).

Культура і асвета. Бел. мова з часу ўтварэння ВКЛ была афіцыйнай дзяржаўнай і мовай міжэтнічных зносін. На ёй вялося справаводства і судаводства, выдаваліся велікакняжацкія прывілеі і дыпламат. дакументы, сеймавыя пастановы, статуты, пісаліся летапісы, хронікі, маст. і царк.-рэліг. творы. З 15 ст. на бел. мове ствараецца свецкая арыгінальная і перакладная літаратура. На бел. мове Ф.Скарына надрукаваў першыя ва ўсх. славян 22 кнігі Бібліі, заснаваў першую ў ВКЛ друкарню. На лацінскай мове ў 1523 выйшла паэма М.Гусоўскага «Песня пра зубра». Новы ўздым у культ. і грамадска-паліт. жыцці быў звязаны з рэфармац. рухам 2-й пал. 16 ст. Высокага ўзроўню дасягнула кнігадрукаванне. Паслядоўнікамі Скарыны былі С.Будны, І.Фёдараў, П.Мсціславец. Друкарні дзейнічалі ў Брэсце, Нясвіжы, Вільні, Заблудаве, Еўі, Куцейне, Магілёве. Вял. ўклад у развіццё бел. культуры зрабілі В.Цяпінскі, Л.Зізаній, браты Мамонічы, М.Сматрыцкі, браты Вашчанкі і інш. Вышэйшай навуч. установай у ВКЛ была Віленская акадэмія, заснаваная ў 1578. У Літве і Беларусі існавала сетка сярэдніх навуч. устаноў з высокім узроўнем навучання. У 18 ст. ўзніклі піярскія вучылішчы, у 1773—75 пачала дзейнасць Адукацыйная камісія з сеткай дзярж. школ у кожным павеце. Паспяхова развівалася муз. мастацтва. Падрыхтоўка спевакоў вялася ў манастырскіх і брацкіх школах. З 17 ст. пры калегіумах і дварах магнатаў існавалі капэлы, якія складаліся з аркестра і групы вакалістаў. Яны суправаджалі спектаклі тэатраў, балі, рэлігійныя службы, вайсковыя парады. У 18 ст. ў прыватнаўласніцкіх гарадах існавалі прыдворныя т-ры з балетнымі трупамі. У 16—18 ст. дзейнічалі школьныя т-ры. Значнага развіцця ў 14—16 ст. дасягнула буд-ва абарончых збудаванняў (замкі ў Новагародку, Гродне, Крэве, Лідзе, Вільні, Нясвіжы, Міры, Троках) і цэркваў-крэпасцей (у Сынковічах, Супраслі, Мураванцы). Магнацкія замкі і рэзідэнцыі ў 17—18 ст. ператварыліся ў палацава-замкавыя ансамблі. У выяўл. мастацтве спачатку пераважаў іканапіс, з 16 ст. пашырыліся партрэтны і батальны жанры. Дасягнулі росквіту драўляная разьба і скульптура. У 18 ст. на мануфактурных прадпрыемствах выраблялі унікальныя ўзоры прыкладнога мастацтва — шпалеры, слуцкія паясы, урэцкае шкло і інш.

Літ.:

Гісторыя Беларускай ССР. Т. 1. Мн., 1972;

Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1. Мн., 1994;

История Литовской ССР. (С древнейших времен до нашнх дней). Вильнюс, 1978;

Любавский М.К. Областное деление и местное управление Литовско-русского государства ко времени издания первого Литовского статута: Ист. очерки. [М., 1892];

Яго ж. Литовско-русский сейм. М., 1900;

Довнар-Запольский М. Государственное хозяйство Великого княжества Литовского при Ягеллонах. Т. 1. Киев, 1901;

Пресняков А.Е. Лекции по русской истории. Т. 2, вып. 1. М., 1939;

Пичета В.И. Белоруссия и Литва XV—XVI вв. М., 1961;

Мальцев А.Н. Россия и Белоруссия в середине XVII в. М., 1974;

Шабульдо Ф.М. Земли Юго-Западной Руси в составе Великого княжества Литовского. Киев, 1987;

Пашуто В.Т. Образование Литовского государства. М., 1959;

Ермаловіч М.І. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990;

Яго ж. Старажытная Беларусь: Віленскі перыяд. Мн., 1994;

Юхо Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Мн., 1992;

Статут Вялікага княства Літоўскага 1588: Тэксты. Давед. Камент. Мн., 1989;

Францыск Скарына і яго час: Энцыкл. давед. Мн., 1988;

Morzy J. Kryzys demograficzny na Litwie i Białorusi w II połowie XVII wieku. Poznań, 1965;

Lowmiański H. Studia nad dziejami Wielikogo Ksiestwa Litewskiego. Poznań, 1983.

А.​П.​Грыцкевіч.

Герб Вялікага княства Літоўскага «Пагоня». Малюнак 1575.
«Трыбунал Вялікага княства Літоўскага». Тытульны ліст. Вільня. 1586.
Да арт. Вялікае княства Літоўскае. Рэзідэнцыя вялікіх князёў ВКЛ і Верхні замак у Вільні. Малюнак Ю.​Камараўскаса.
Да арт. Вялікае княства Літоўскае. Люблінская унія. Карціна Я.​Матэйкі.
Да арт. Вялікае княства Літоўскае. Від Гродна. Гравюра канца 16 ст.
Першая старонка Статута Вялікага княства Літоўскага. 1529.
Да арт. Вялікае княства Літоўскае. Інтэр’ер Нясвіжскага касцёла. 16—18 ст.
Да арт. Вялікае княства Літоўскае. Абраз «Пакланенне вешчуноў» з в. Дрысвяты Браслаўскага раёна. 1-я пал. 16 ст.

т. 4, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЬГІЯ (франц. Belgique, флам. België),

Каралеўства Бельгія (франц. Royaume de Belgique, флам. Keninkrijk België), дзяржава ў Зах. Еўропе, на паўд. узбярэжжы Паўночнага м. Мяжуе на Пн з Нідэрландамі, на У з ФРГ і Люксембургам, на Пд і ПдЗ з Францыяй. Пл. 30,5 тыс. км². Нас. 10,1 млн, чал. (1994). Афіц. мовы — нідэрландская (фламандская), франц., нямецкая. Сталіца — г. Брусель. Падзяляецца на 9 правінцый. Існуе падзел на 3 рэгіёны: Фландрыю (Пн), Валонію (Пд), Брусель з ваколіцамі (цэнтр). Нац. свята — Дзень прынясення каралём прысягі (21 ліп.).

Дзяржаўны лад. Бельгія — канстытуцыйная манархія з наследаваннем па мужчынскай лініі. Дзейнічае канстытуцыя 1831 (мадыфікаваная). Кіраўнік дзяржавы — кароль. Заканадаўчую ўладу ажыццяўляе парламент у складзе палаты прадстаўнікоў і сената (тэрмін паўнамоцтваў 4 гады), выканаўчую — Савет міністраў на чале з прэм’ер-міністрам. Міністраў прызначае і вызваляе кароль. Кіраванне ў правінцыях ажыццяўляюць губернатары. У правінцыях ёсць выбарныя муніцыпальныя органы — правінцыяльныя рады. Судовая сістэма ўключае суды касацыйны, апеляцыйны, 1-й інстанцыі, прысяжных і міравых суддзяў. Усе суддзі прызначаюцца пажыццёва каралём.

Прырода. Паверхня пераважна раўнінная. На ПдУ стараж. (герцынскі) масіў Ардэны (г. Батранж, 694 м). На Пн ад яго нешырокая паласа раўнін і плато, складзеных з палеагенавых глін і пяскоў. Паўн. ч. займаюць плоскія нізіны Фландрыі і Кампіна, укрытыя чацвярцічнымі рачнымі і марскімі адкладамі. Уздоўж узбярэжжа паласа польдэраў (шыр. да 15 км), якая часткова знаходзіцца на 2 м ніжэй за ўзровень мора і засцерагаецца ад затаплення пясчанымі дзюнамі і дамбамі. З карысных выкапняў найб. значэнне мае каменны вугаль (запасы каля 6 млрд. т), ёсць прыродны газ, буд. матэрыялы. Клімат марскі, умерана цёплы. Сярэдняя т-ра студз. 3 °C (у Ардэнах да -1 °C), ліп. 18 °C (у Ардэнах 14 °C). Ападкаў 700—900 мм за год, у гарах 1200—1500 мм. Рэкі паўнаводныя, не замярзаюць. Галоўныя: Шэльда і Маас з шматлікімі прытокамі. Б. ч. краіны мае культ. ландшафт. Прамысл. цэнтры злучаны рэкамі і суднаходнымі каналамі. Лясы (дуб, бук, граб) разам з лесапалосамі займаюць каля 21% тэрыторыі. Натуральныя лясы захаваліся ў Ардэнах. Фауна (дзік, лань, казуля, вавёрка, заяц, курапаткі, фазаны) і ландшафты зберагаюцца ў шматлікіх рэзерватах і прыродных парках (буйнейшыя От-Фань, Калмтхаўт).

Насельніцтва. Каля 55% — фламандцы (на Пн краіны), каля 33% — валоны (на Пд). У Бруселі і ваколіцах змешанае двухмоўнае насельніцтва. У краіне каля 1 млн. іншаземцаў — французаў, немцаў, італьянцаў, мараканцаў і інш. Паводле веравызнання 75% католікі, 25% пратэстанты. Сярэдняя шчыльн. 331 чал. на 1 км². Асабліва густа населена цэнтр. ч. — да 665—800 чал. на 1 км², у Ардэнах да 50—100 чал. на 1 км². У гарадах жыве 96,3% насельніцтва. Найбольшыя гарады (тыс. ж., 1993): Брусель — 949, Антверпен — 463, Гент — 228, Шарлеруа — 207, Льеж — 195, Бруге — 117, Намюр — 105.

Гісторыя. Паводле археал. звестак, чалавек, на тэр. Бельгіі жыў з часоў палеаліту. Каля 3 ст. да н. э. яе пачалі засяляць кельцкія плямёны белгаў, (адсюль назва краіны). У 57 да н.э. землі белгаў заваяваў Юлій Цэзар і ўключыў іх у Рым. дзяржаву. У 1—4 ст. н.э. на тэр. Бельгіі фарміраваўся рабаўладальніцкі ўклад. У выніку далейшага яе засялення (3 ст.) герм. плямёнамі франкаў, фрызаў і саксаў, змяшання плямёнаў пачалі складвацца 2 народнасці: валоны (патомкі раманізаваных белгаў) і фламандцы (патомкі герм. плямёнаў). У 5—9 ст. тэр. Бельгіі ў складзе Франкскай дзяржавы, а пасля распаду імперыі Каралінгаў (843) падзялілася на шэраг феад. уладанняў. З 10 ст. развіваюцца гарады Гент, Бруге, Іпр, з 11—12 ст. — Антверпен, Брусель і інш. У 12—13 ст. у графстве Фландрыя і герцагстве Брабант хутка расла прам-сць, і яны сталі цэнтрамі міжнар. гандл. сувязяў. Рост таварна-грашовых адносін і сярэдневяковай гар. культуры спрыяў больш ранняму, чым у інш. краінах Еўропы, разлажэнню феад. адносін. У 15 ст. тэр. Бельгіі адышла да Бургундскага герцагства, потым да Нідэрландаў, у 1477—82 — да імперыі Габсбургаў. З 1555 уладанне ісп. манархіі. Ранняя бурж. рэвалюцыя 16 ст. ў Нідэрландах (гл. Нідэрландская буржуазная рэвалюцыя) на тэр. Бельгіі не мела поспеху, і там было адноўлена ісп. панаванне. У 1714 Ісп. Нідэрланды (тэр. Бельгіі) адышлі да Аўстр. манархіі. Палітыка нац. прыгнёту насельніцтва Бельгіі стала прычынай нац.-вызв. руху, які перарос у Брабанцкую рэвалюцыю 1789—90. У ходзе яе было вызвалена некалькі бельг. правінцый. 11.1.1790 Нац. кангрэс, скліканы ў Бруселі, абвясціў незалежнасць Злучаных Штатаў Бельгіі. Скарыстаўшы ўнутр. барацьбу, аўстр. Габсбургі з дапамогай арміі аднавілі (1791) сваю ўладу ў бельг. правінцыях. Пасля перамогі франц. рэв. войскаў над аўстрыйскімі (1792) тэр. Бельгіі зноў вызвалена. Паўторна рэстаўрыраваная ў Бельгіі ўлада Аўстрыі (сак. 1793) скончылася ў выніку паражэння аўстрыйцаў у бітве з франц. Войскам. 26.6.1794 пры Флёрусе. 1.10.1795 абвешчана далучэнне Бельгіі да Франц. рэспублікі. Аўстрыя прызнала гэты акт у 1797 (Кампафармійскі мір). Паводле рашэння Венскага кангрэса 1814—15 бельг. правінцыі штучна аб’яднаны ў 1815 з Галандыяй у Каралеўства Нідэрланды. Незадаволенасць мясц. насельніцтва галандскім панаваннем вылілася ў Бельгійскую рэвалюцыю 1830, у выніку якой Бельгія стала незалежнай. У сярэдзіне 19 ст. тут узніклі рабочыя арг-цыі; працоўныя дамагліся права на забастоўкі (1866), адмены забароны рабочых саюзаў (1867). Незалежнасць Бельгіі спрыяла хуткаму развіццю капіталізму. У канцы 19 — пач. 20 ст. яна стала развітой дзяржавай, буйным экспарцёрам прамысл. тавараў і капіталу (толькі ў Расію да 1914 вывезена 6 млрд. франкаў). У 1870—80-я г. бельг. каланізатары захапілі частку бас. Конга (з 1908 афіц. калонія Бельгіі). У 1-ю сусв. вайну Германія парушыла нейтралітэт Бельгіі і акупіравала амаль усю яе тэрыторыю. За 4 гады акупацыі эканоміцы краіны нанесены вял. страты. Бельг. войскі разам з англ. і франц. ўдзельнічалі ў вайне ў Еўропе і ў захопе герм. уладанняў у Афрыцы. Паводле Версальскага мірнага дагавора 1919 Б. атрымала герм. акругі Эйпен і Мальмеды, у Афрыцы — мандат на Руанда-Урундзі, а таксама права на рэпарацыі. Бельгія адыгрывала важную ролю ў Версальскай сістэме, як партнёр Францыі ўдзельнічала ў акупацыі Рура. Міжваенны перыяд характарызаваўся ўздымам рабочага руху, што вымусіла ўлады палепшыць умовы жыцця працоўных, расшырыць выбарчыя правы.

Сусв. эканам. крызіс 1929—33 выклікаў заняпад эканомікі Бельгіі. Зменшыліся вытв-сць і экспарт, зарплата рабочых, павялічылася колькасць беспрацоўных. У знешняй палітыцы ўрад Бельгіі пайшоў на збліжэнне з Германіяй і Італіяй, адмовіўся ад стварэння сістэмы калект. бяспекі ў Еўропе. 10.5.1940 герм. войскі ўварваліся на тэр. Бельгіі. Па просьбе яе ўрада Англія і Францыя накіравалі туды свае войскі, але 28 мая бельг. кароль Леапольд III падпісаў акт аб капітуляцыі. У гады акупацыі ў краіне дзейнічаў Рух Супраціўлення. Бельгія вызвалена англа-амер. войскамі ў вер. 1944. Згодніцкая палітыка Леапольда III у час вайны выклікала агульную незадаволенасць насельніцтва і прывяла ў 1944 да ўстанаўлення рэгенцтва. У 1951 Леапольд III адрокся ад прастола на карысць сына Бадуэна I. У 1948 Бельгія заключыла мытны, у 1960 — эканам. саюз з Нідэрландамі і Люксембургам (гл. Бенілюкс). Нац.-вызв. барацьба народаў Афрыкі прымусіла Бельгію даць у 1960 паліт. незалежнасць Конга (Кіншаса), у 1962 — Руанда-Урундзі, на тэр. якой утварыліся 2 дзяржавы: Руанда і Бурундзі.

Развіваючыся на стыку раманскай і германскай культур, Бельгія складаецца з 2 асн. частак: паўн. — Фландрыі і паўд. — Валоніі. Да пач. 20 ст. ў паліт., эканам., культ. плане дамінуючым рэгіёнам была Валонія, якая пазней саступіла першынство Фландрыі. Пастаяннае саперніцтва гэтых 2 рэгіёнаў — асн. фактар унутрыпаліт. нестабільнасці ў краіне ў апошнія дзесяцігоддзі, прычына шматлікіх выступленняў і ўрадавага крызісу. У 1970—71 кааліцыйны урад Г.​Эйскенса з мэтай вырашэння моўнага канфлікту ініцыіраваў змены ў канстытуцыі і прыняцце законаў аб эканам. і культ. дэцэнтралізацыі, свабодзе выбару мовы навучання. Пасля шматгадовых дэбатаў у 1980 бельг. парламент пачаў правядзенне дзярж. рэформаў — прыняў закон аб рэгіяналізацыі краіны і прызнанні шырокіх паўнамоцтваў Фландрыі і Валоніі ў справе самакіравання. Паводле канстытуцыі насельніцтва Бельгіі падзелена на 3 лінгвістычныя садружнасці: франц., флам. і германамоўную; тэрытарыяльна — на 3 рэгіёны: Валонію, Фландрыю і Брусельскі рэгіён. Садружнасці займаюцца пытаннямі культ. развіцця, сродкаў масавай інфармацыі, турызму, асветы, спорту; маюць права заключаць пагадненні аб супрацоўніцтве па гэтых пытаннях з інш. садружнасцямі і замежнымі дзяржавамі. У кампетэнцыі рэгіёнаў знаходзяцца і сац.-эканам. пытанні. За цэнтр. урадам захоўваюцца паўнамоцтвы ў галіне знешняй палітыкі, абароны, бяспекі, валютна-фін. палітыкі. У 1988 парламент прыняў рашэнне аб чарговых зменах у канстытуцыі, якія больш шырокія паўнамоцтвы перадаюць рэгіянальным уладам Фландрыі, Валоніі і Бруселя. Гэтая праграма федэралізацыі засн. на канцэпцыі паступовай трансфармацыі дзяржавы з унітарнай у федэратыўную. Яе мэта — юрыд. замацаванне раздзялення кампетэнцыі органаў улады краіны, рэгіёнаў і садружнасцяў. 1.1.1989 Бельгія канстытуцыйна абвешчана федэрацыяй. У выніку ўрадавага крызісу ў кастр. 1991 парламент распушчаны. На парламенцкіх выбарах 24.12.1991 поспехаў дамагліся правыя флам. нацыяналіст. сілы і партыі экалагістаў. Але гэта не змяніла становішча буйнешых партый — флам. Хрысц. нар. партыі і сацыяліст. партый Фландрыі і Валоніі, якія захавалі вядучае становішча ў парламенце. У ліп. 1992 парламент зацвердзіў Маастрыхцкія пагадненні 1992 аб утварэнні Еўрап. саюза. У крас. 1993 парламент прыняў папраўку да канстытуцыі, якая завяршыла дзярж. рэформу федэралізацыі краіны. Пасля смерці Бадуэна I (ліп. 1993) новым каралём Бельгіі стаў Альберт II. З 1955 Бельгія — чл. ААН, чл. Зах.-еўрап. саюза, з 1957 чл. «Агульнага рынку» (гл. Еўрапейскае эканамічнае супольніцтва). Бельгія — чл. Бельгійска-Люксембургскага эканам. саюза (БЛЭС), Бенілюкса і шэрагу інш. паліт. і эканам. саюзаў. Дыпламат адносіны з Беларуссю ўстаноўлены 10.3.1992.

У 1947 — пач. 1960-х г. дзейнічаў Саюз беларусаў Бельгіі, створаны бел. дыяспарай. У кастр. 1949 у г. Лёвен адбыўся з’езд бел. каталіцкай інтэлігенцыі Вялікабрытаніі, Бельгіі, Германіі. Францыі, на якім створана Бел. акад. каталіцкае аб’яднанне «Рунь» (існавала да канца 1960-х г.).

Палітычныя партыі. Буйнейшыя паліт. партыі падзелены паводле нац. прынцыпу: 2 сацыялістычныя партыі — СП (фламандцы) і СП (франкафоны); 2 дэмакр.-хрысціянскія — Хрысц. нар. (фламандцы) і Сац.-хрысц. (франкафоны); 2 ліберальныя — флам. лібералаў і дэмакратаў і Рэфармісцкая ліберальная (франкафоны), а таксама партыі «зялёных» і інш. Буйнейшыя прафс. цэнтры: Канфедэрацыя хрысц. прафсаюзаў, Усеагульная федэрацыя працы Бельгіі, Ген. цэнтр ліберальных прафсаюзаў.

Гаспадарка. Бельгія — высокаразвітая краіна з інтэнсіўнай сельскай гаспадаркай і шырокімі знешнеэканам. сувязямі. На яе прыпадае прыкладна ⅓ сусв. экспарту дываноў, шкла, брыльянтаў, ​1/5 — каляровых цяжкіх металаў, ​1/7 — чорных металаў і кінаплёнкі. Прамысловасць — аснова бельг. эканомікі. Развіты чорная і каляровая металургія, машынабудаванне, хім. і нафтахім. прам-сць, электроніка, вытв-сць камунікацыйнага абсталявання. Вял. значэнне маюць шкляная прам-сць, агранка алмазаў і вытв-сць зброі. Здабываецца каменны вугаль (каля 5 млн. т штогод). У энергет. балансе больш як ⅔ складаюць нафта (з Паўн. Афрыкі і Б. Усходу) і прыродны газ (пераважна з Нідэрландаў). Агульная магутнасць нафтаперапр. з-даў каля 57 млн. т (Гент, Антверпен), каля палавіны нафтапрадуктаў ідзе на экспарт. Вытв-сць электраэнергіі складае 68 млрд. кВтгадз (1993), каля 70% даюць АЭС (Дуль, Тыянж, Мале). Адна са старэйшых галін прам-сці — чорная металургія. Выплаўка чыгуну 8,2 млн. т, сталі 10,1 млн. т (1993). Асн. прадпрыемствы знаходзяцца вакол Шарлеруа і Льежа ў т.зв. «чорным поясе». Каляровая металургія развіваецца пераважна на прывазной сыравіне, асн. прадпрыемствы ў раёне ад Антверпена да Льежа. Бельгія ўваходзіць у першую пяцёрку краін па вытв-сці і экспарце цяжкіх каляровых металаў. Вытв-сць складае (тыс. т, 1993): медзі 455, свінцу 131, цынку каля 53, волава 7. Краіна падзяляе 1—2-е месцы ў свеце па вытв-сці германію, кобальту, радыю, танталу, ніобію, селену, кадмію. Важнае месца ў прам-сці займае машынабудаванне; найб. развіты аўтазборачная (каля 1 млн. легкавых аўтамабіляў штогод, асн. цэнтры Антверпен, Гент, Брусель), эл.-тэхн. і радыёэлектронная (Шарлеруа, Брусель, Антверпен, Бруге, Лёвен) галіны, вытв-сць пад’ёмна-трансп. абсталявання, авіярухавікоў, абсталявання для металургічнай, хім., тэкст. прам-сці. Традыцыйна развіта зброевая прам-сць (Льеж), у хім. прам-сці — вытв-сць пластмасаў, сінт. валокнаў і каўчуку, угнаенняў, мыйных сродкаў, соды. Асн. цэнтры нафтахім. прам-сці — Льеж і Антверпен. Вытв-сць медыкаментаў (Брусель, Антверпен, Брэн-л’Алё), кінафотаматэрыялаў (у прыгарадзе Антверпена). Старэйшая галіна — тэкст. прам-сць (больш за ​3/4 вытв-сці ў Фландрыі). Цэнтры баваўнянай прам-сці — Гент, Мускрон, Кортрэйк, шарсцяной — Верв’е, Мускрон, Ронсе, Турнэ, ільняной — Гент, Кортрэйк, Ронсе, Руселарэ. Вылучаюцца вытв-сць карункаў і аксаміту, шарсцяных і сінт. дываноў, трыкат., швейная, гарбарна-абутковая, а таксама мэблевая, шкляная прам-сць. Алмазагранільная справа і гандаль брыльянтамі — у Антверпене. Сярод галін харч. прам-сці — вытв-сць цукру, піва, шакаладу, мясных і малочных кансерваў. Сельская гаспадарка высока інтэнсіўная. С.-г. ўгоддзі займаюць 1350 тыс. га (44% тэр.), у т. л. пад ворывам 620 тыс. га, пад лугамі і пашай 730 тыс. га. Пераважаюць фермерскія гаспадаркі па 10—50 га. Усе яны ахоплены кааперацыяй. Асн. галіна — мяса-малочная жывёлагадоўля (70% прыбытку), агародніцтва і пладаводства (20%), паляводства (10%). Пагалоўе (млн. галоў, 1993) буйн. раг. жывёлы 3,1, свіней 6,9. Птушкагадоўля. Вырошчваюць (млн. т, 1993) пшаніцу — 1,4, ячмень — 0,4, бульбу — 2,2, цукр. буракі — 6,3, лён-даўгунец, тытунь. Самазабяспечанасць малаком, мясам, малочнымі прадуктамі, яйцамі, агароднінай, бульбай, цукрам больш як 100%. Транспарт. Бельгія мае густую сетку шляхоў зносін. Даўж. чыгунак 3,4 тыс. км, аўтадарог 15,1 тыс. км, унутр. водных шляхоў каля 1,8 тыс. км. Па гушчыні чыгунак і аўтадарог краіна займае 1-е месца ў свеце. Праз Бельгію праходзяць 5 міжнар. чыгунак, тры з іх пачынаюцца ў Астэндэ (злучаны паромамі з Вялікабрытаніяй) і ідуць на Рым, Бухарэст, Варшаву. Аўтапарк каля 4 млн. машын, у т. л. 3,5 млн. легкавых. Суднаходства па рэках Шэльда, Маас, каналах. Танаж марскога гандл. флоту каля 3 млн. брута рэг. т. Гал. парты Антверпен, Зебруге, Бруге (грузаабарот разам каля 120 млн. т штогод), а таксама Гент, Астэндэ. Экспарт складае 117,7, імпарт — 120,7 млрд. долараў (1991). Бельгія — адзін з вядучых сусв. экспарцёраў чорных і каляровых металаў, машын і абсталявання, каштоўных камянёў (у т. л. ювелірных алмазаў), тэкстылю, сінт. каўчуку, шкла; імпартуе пераважна збожжа, нафту, канцэнтраты каляровых металаў, машыны. Гал. гандл. партнёры: ФРГ, Францыя, Нідэрланды, Вялікабрытанія, Італія, Заір. Беларусь экспартуе ў Б. грузавыя аўтамабілі, трактары, калійныя і азотныя ўгнаенні, імпартуе металарэзныя станкі, медыкаменты, каўчук натуральны, цукар. Штогод Бельгію наведвае каля 10 млн. турыстаў. У краіне каля 2,2 тыс. гасцініц і атэляў. Грашовая адзінка — бельгійскі франк.

Узброеныя сілы. Агульная колькасць ваеннаслужачых 83,35 тыс. чал. (1991), з іх сухапутныя войскі складаюць 62,7 тыс., авіяцыя — 18,2 тыс., ВМФ — 4,45 тыс. чал. Вярх. галоўнакамандуючы — кароль. Вышэйшыя органы кіравання — мін-ва абароны (узначальвае цывільная асоба), ген. штаб. 3 ваен. акругі і 1 ваенна-марскі раён. Бельгія — член ваен. арг-цыі НАТО (з 1949), на яе тэр. штаб-кватэра НАТО (Брусель) і камандаванне ўзбр. сіламі НАТО у Еўропе (Монс). У Бельгіі базіруецца 2,7 тыс. ваеннаслужачых ЗША; 22,8 тыс. бельг. ваеннаслужачых знаходзяцца ў Германіі. Бельгія — удзельнік пагаднення аб звычайных узбраеннях (1990) і пагаднення аб колькасці ваеннаслужачых (1992), паводле якіх бельг. армія будзе складацца з 70 тыс. чал., а на ўзбраенні мець 344 танкі, 1099 баявых машын пяхоты, 320 адзінак артылерыі, 232 баявыя самалёты, 46 верталётаў. У аснове ваен. дактрыны Бельгіі канцэпцыя кааліцыйнай стратэгіі НАТО.

Ахова здароўя. Мед. абслугоўванне прыватнае. Праз сістэму сац. страхавання кампенсуецца 75% кошту ўрачэбных паслуг. Поўную кампенсацыю атрымліваюць удовы, сіроты, пенсіянеры і інваліды. Бясплатным з’яўляецца лячэнне сац. хвароб і рэабілітацыя, а таксама знаходжанне ў шпіталі ў пасляродавы перыяд. Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 74 гады, у жанчын 80 гадоў. Смяротнасць складае 10 на 1 тыс. чал. Забяспечанасць бальнічнымі ложкамі — 1 на 103 чал., урачамі — 1 тэрапеўт на 298 чал. Узровень нараджальнасці — 12 на 1 тыс. чал. Дзіцячая смяротнасць складае 7 дзяцей на 1 тыс. нованароджаных (1994).

Асвета, навуковыя ўстановы. Сістэма адукацыі Бельгіі ўключае: дашкольныя ўстановы для дзяцей да 6 гадоў; 6-гадовую пач. школу (узрост навучання 6—11 гадоў); 6-гадовую сярэднюю школу, што складаецца з 3 двухгадовых цыклаў: пед. назірання, арыентацыі, спецыялізацыі; прафес. і вышэйшыя навуч. ўстановы. ВНУ падзяляюцца на 3 тыпы: ун-ты (тэрмін навучання 5 і болей гадоў), ВНУ з 4-гадовай (ін-ты, вышэйшыя школы) і скарочанай (3 гады) праграмамі навучання. Дзейнічаюць 2 сістэмы адукацыі — дзярж. і прыватная. Сярод прыватных навуч. устаноў 95% — канфесійныя. Буйнейшыя ун-ты: каталіцкі ў Лёвене (з 1425, у 1970 падзелены паводле мовы навучання на 2 аўтаномныя); 2 дзярж. ун-ты — валонскі ў Льежы, фламандскі ў Генце (абодва з 1817), свабодны ў Бруселі (з 1834, у 1970 таксама падзелены паводле мовы навучання). ВНУ 2-га тыпу: мед. і вет. вышэйшыя школы ў Кюрэгхайме, агр. ін-т у Жамблу і інш. Буйныя б-кі: Бельгійская нац. ў Бруселі (з 1837), універсітэцкія ў Бруселі, Генце, Льежы, Лёвене. Музеі: Каралеўскія музеі — прыгожых мастацтваў у Антверпене (з 1890), прыгожых мастацтваў Бельгіі (з 1830, у т. л. старадаўняга мастацтва і Музей сучаснага мастацтва), музеі мастацтва і гісторыі ў Бруселі (з 1835), Цэнтр. Афрыкі ў Тэрвюрэне (з 1897); Муніцыпальная маст. галерэя ў г. Бруге (з 1930). Навук. даследаванні вядуцца ва ун-тах, ін-тах, абсерваторыі, н.-д. цэнтрах, галіновых асацыяцыях прамысл. даследаванняў і інш. У Бельгіі 8 валонскіх і флам. акадэмій, найстарэйшыя каралеўскія валонская — Бельг. акадэмія л-ры і прыгожых мастацтваў (з 1772), флам. — акадэмія флам. мовы і л-ры (з 1886) і Бельг. мед. акадэмія.

Друк, радыё, тэлебачанне. Выходзіць 35 штодзённых газет (19 на франц., 15 на флам. і 1 на ням. мовах), агульны тыраж 2,1 млн. экз., 1991). Буйнейшыя з іх: «De Standaard» («Сцяг», з 1914, на флам. мове), «Het Laatste Nieuqs» («Апошнія навіны», з 1888, на флам. мове), «Le Soir» («Вечар», з 1887, на франц. мове). Агенцтвы друку: Агенсе Белга (з 1920), Сантр д’Энфармасьён дэ Прэс (з 1946), Агенсе Эўропе (з 1952). Радыёвяшчанне з 1924, тэлебачанне з 1953. Дзярж. тэле- і радыёстанцыі трансліруюць праграмы на франц. (Радыё-Тэлевізьён Бельж дэ ла Камюнатэ Кюльцюрэль Франсэз), флам. (Бельгісе Радыё эн Телевізі) і ням. (Бельгішэс Рундфунк-унд Фэрнзехцэнтрум дэр Дойчшпрахіген Гемайншафт) мовах. Найб. папулярныя прыватныя станцыі: Канал Плю Бельжык, Тэлевізьён Эндэпэндант (камерцыйныя, на франц. мове), Вламсе Тэлевізі Матсапей (камерцыйная, на флам. мове).

Літаратура. Развіваецца пераважна на дзвюх мовах: у паўд. правінцыях на франц., у паўн. — на нідэрл. (флам.). Першыя помнікі пісьменнасці на франц. мове ўзніклі ў 1200-я г.: гіст. хронікі, эпічныя казанні пра крыжацкія паходы. У 13—14 ст. развіваліся жанры агіяграфіі, пропаведзі, маралітэ. У 14 ст. напісана «Хроніка Фландрыі» Ж.​Фруасара. У эпоху Адраджэння (16 ст.) бельг. паэзія знаходзілася пад уплывам франц. «Плеяды». З сярэдзіны 18 ст. ў л-ры ўзніклі асветніцкія матывы. У 1801—18 у Бруселі выходзілі «Паэтычныя альманахі», прасякнутыя вальтэр’янскімі ідэямі. У пач. 19 ст. з’явіліся творы бельг. рамантыкаў, што знаходзіліся пад моцным уплывам Дж.​Байрана, а потым В.​Гюго (зб. вершаў «Прымулы» А. ван Гасельта, творы Ш.​Патвена), фарміруецца жанр. гіст. рамана («Марскія гёзы...» А.​Мока), гераічныя трагедыі. Дэмакр. духам прасякнуты раманы «Ціхі дом» Э.​Леклерка, «Медзяніца» Ж.​Дэмулена; найб. выдатны твор эпохі — «Легенда пра Уленшпігеля» (1867) Ш.дэ Кастэра. У 1880-я г. за нац. самабытнасць бельг. культуры змагаліся пісьменнікі аб’яднання «Маладая Бельгія»; К.​Леманье (раман «Крывасмок») і Ж.​Экаўт (раман «Новы Карфаген»), М.Метэрлінк з сімвалісцкімі драмамі («Сляпыя») і п’есай-казкай «Сіняя птушка», Ж.​Радэнбах з раманам «Царства маўчання», Э.Верхарн з паэт. зб. «Гарады-спруты» і «Буйныя сілы». У 1920—30-я г. сац. раманы характэрны для творчасці К.​Бюрньё, Ф.​Эленса. Псіхал. драмы Ф.​Кромелінка («Велікадушны раганосец») спалучаюць фарс і трагедыю. У час гітлераўскай акупацыі ствараецца паэзія супраціўлення. Сац. раманы Д.​Жылеса («Купон 44») малююць норавы буржуазіі ў час вайны, Д.​Шайнерт («Даўгавухі фламандзец») расказвае пра барацьбу бельг. народа з акупантамі. Сучасным праблемам прысвечаны раманы Ж.​Ленза, А.​Карнелюса, Ж.​Сіменона, п’есы П.​Вілемса. У пасляваен. бельг. паэзіі вылучаецца лірыка Ж. дэ Башэра, М.​Тыры, М.​Карэма, Ленза, Ж.​Норжа, А.​Шавэ. Літаратура на нідэрландскай мове да пач. 17 ст. была часткай нідэрл. л-ры (гл. ў арт. Нідэрланды). З канца 16 ст. цэнтр нідэрл. культуры перамясціўся на Пн, аднак у Паўд. Нідэрландах (сучасная Бельгія) працягвала развівацца л-ра на нідэрл. мове. Ю. дэ Хардэйн у цыкле «Хвалебныя песні Богу» спалучаў рэліг. і рэнесансавыя матывы. В.​Агір пісаў сатырыка-быт. камедыі з жыцця гараджан. Вясёлыя клухты (фарсы) ствараў М. дэ Сван. Па меры ўсталявання ў Бельгіі франц. культуры ў 18 ст. паглыбляецца крызіс нідэрл. культуры. Нац.-дэмакр. ўздым 1830 выклікаў рух за яе адраджэнне. Паэт і гісторык Я.​Ф.​Вілемс у патрыят. вершах услаўляў гераічнае мінулае свайго народа. Нідэрл. рамантыкі былі адначасова і асветнікамі і гарачымі прыхільнікамі развіцця нац. літ. мовы (Х.​Кансіянс, К.​Л.​Ледэганк). З першым у бельг. л-ры на нідэрл. мове псіхал. раманам выступіў Э. дэ Бом («Абломкі»). Кумірам флам. дэкадэнтаў быў паэт-сімваліст К. ван дэ Вустэйне. З містыка-сімвалісцкім раманам «Вечны жыд» выступіў А.​Вермейлен. У развіцці крытычнага рэалізму важнае месца займае творчасць паэта і раманіста В.​Элсхата. Пасля 2-й сусв. вайны з’явіліся антыфаш. раманы «Свяшчэнны гнеў» М.​Дэйзе і «Толькі мёртвыя выратуюцца» П. ван Акена. Антыімперыял. і антыклерыкальная накіраванасць характэрная для твораў Х.​Клаўса 1960—70-х г., пазначаных рысамі авангардызму. Пісьменнікі-рэалісты В.​Ройслінк, Х.​Лампа, Х.​Рас раскрываюць адчужанасць чалавека ў сучасным цывілізаваным грамадстве.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. На тэр. Бельгіі захаваліся помнікі мастацтва кельтаў і стараж. рымлян. У сярэднявеччы багатыя гарады Бельгіі былі буйнымі цэнтрамі маст. культуры: у 11—12 ст. — раманскага стылю (цэрквы ў Льежы і Турнэ), у 13—14 ст. — готыкі (саборы ў Бруге, Генце, Бруселі, Антверпене, Мехелене). З аб’яднаннем на рубяжы 14 і 15 ст. Паўд. (сучасная Бельгія) і Паўн. Нідэрландаў фарміруецца нідэрл. мастацтва (гл. ў арт. Нідэрланды). У 15—16 ст. росквіту дасягнула свецкая архітэктура позняй, т.зв. «палымянай», готыкі (ратушы ў Бруселі, Генце, Лёвене). Адначасова склаліся гал. цэнтры нідэрл. жывапісу Адраджэння, заснавальнікам якога стаў Я. ван Эйк. У 16 ст. рэнесансавыя формы панавалі ў архітэктуры, скульптуры і дэкар. мастацтве. У 17—18 ст. сфарміравалася флам. мастацтва, якое спалучала пышнасць і параднасць барока з нар.-рэаліст. тэндэнцыямі (П.П.Рубенс, А. ван Дэйк, Ф.Снейдэрс, Я.Іорданс, А.Браўэр, Д.​Тэнірс, Я.​Брэйгель «Аксамітны» і інш.). Флам. карціны віртуозна ўзнаўляліся ў шматлікіх гравюрах, дрэве, шпалерах. Шырокую вядомасць набылі плеценыя і вышываныя карункі Фландрыі і Брабанта. Архітэктуры 17 ст. ўласцівы барочная ўрачыстасць, класічны дэкор (дамы гільдый на Вял. плошчы ў Бруселі, Дом Рубенса ў Антверпене). У канцы 18 ст. ў флам. барока з Францыі і Аўстрыі пранікае класіцызм (Верхні горад, Каралеўская пл., парк, палац у Бруселі, замак Сенеф у прав. Эно; партрэтныя бюсты Ж.​Л.​Гадшарля, інтэр’еры Л.​Дэфранса і інш.). У 19 ст. складваецца ўласна бельг. мастацтва (пабудовы арх. Л.​Руланта, гіст. карціны і рэаліст. партрэты Ф.​Ж.​Навеза). Рамант. кірунак у жывапісе (Г.​Ваперс, Л.​Гале, В.​Гефс, Х.​Лейс, Т.​Фурмуа) паступова ператварыўся ў салонны акадэмізм. Пашырэнне рэалізму у 2-й пал. 19 ст. і адыход ад салоннага мастацтва звязаны з творчасцю мастакоў Ш. дэ Гру, Х. дэ Бракелера, Л.​Дзюбуа, І.​Буланжэ і інш. Скульптар К.Менье адзін з першых у зах.-еўрап. мастацтве звярнуўся да тэмы працы і жыцця рабочых. Да канца 19 ст. Бельгія становіцца радзімай стылю мадэрн у архітэктуры (заснавальнік і тэарэтык Х. ван дэ Велдэ). Выяўл. мастацтва канца 19 — пач. 20 ст. характарызуецца пераходам да містычнай сімволікі і алегарызму (Дж.​Энсар, Ф.​Ропс, Э.​Ларманс, майстры «1-й латэмскай групы» — скульпт. Ж.​Міне, В. дэ Садэлер), драм. экспрэсіі (скульпт. Р.​Ваўтэрс, майстры «2-й латэмскай групы» — К.Пермеке, Г. дэ Смет). Пошукі рацыянальных рашэнняў у архітэктуры пачаліся пасля 1-й сусв. вайны (арх. Х.​Хостэ, Л. ван дэр Свалмен, В.​Буржуа, Э. ван Авербеке і інш.). У 1920—30-я г. панаваў неакласіцызм. Прынцыпы сучаснай архітэктуры выявіліся ў буд-ве жылых раёнаў, трансп., прамысл. і грамадскіх збудаванняў (арх. Х. ван Кёйк, Р.​Брам, М.​Брэнфо і інш.). У выяўл. мастацтве 20 ст. значнае месца займаюць фармальныя стылістычныя пошукі (Я.​Бруселманс), сюррэалізм (П.​Дэльво, Р.​Магрыт), абстрактнае мастацтва. Рэаліст. кірунак уласцівы творчасці скульптараў Ф.​Мазерэля, Ш.​Лепле, мастакоў І.​Опсамера, К.​Пейзера, П.​Палюса, Р.​Самвіля. У дэкар. мастацтве 20 ст. вылучаюцца вырабы ў стылі мадэрн (Велдэ, Арта), керамічная скульптура (П.​Кай), дываны (Э.​Дзюбрэнфо, Л.​Дэльтур).

Музыка. У сярэднявеччы Бельгія была часткай Нідэрландаў — краіны развітых муз. традыцый. У запісах зберагліся песні фагеланаў — удзельнікаў антыфеад. і антыкаталіцкіх рухаў 15 ст. Асновы музыкі Бельгіі закладзены ў 15—16 ст. у рэчышчы Нідэрландскай школы. Цэнтрамі муз. адукацыі былі т.зв. метрызы — муз. школы пры каталіцкіх храмах, дзе рыхтавалі царк. пеўчых. Сучасная прафес. музыка пачала фарміравацца ў 2-й пал. 19 ст. Развіваліся оперны, кантатна-аратарыяльны і камерна-інстр. жанры. Склаліся 2 кампазітарскія школы — валонская, якая зазнала ўплыў франц. музыкі і творчасці С.​Франка (Ж. і Л.​Іонгены, Г.​Лекё, В.​Врольс), і флам., набліжаная да ням. музыкі і творчасці Р.​Вагнера (П.Бенуа, Я.​Блокс). Сярод кампазітараў 20 ст. П.Жыльсон і Ж.​Абсіль. У 1920—40-я г. муз. мастацтва развівалася пераважна ў рэчышчы агульнаеўрап. неакласіцызму. Пасля 2-й сусв. вайны пашырыліся авангардысцкія плыні. Сусв. прызнанне атрымалі бельг. музыказнаўчая школа (Ф.Ж.Фетыс, Ф.​А.​Геварт, П.​Калар) і выканальніцкае мастацтва скрыпачоў Ш.Берыё, А.В’ётана, Э.Ізаі. Дзейнічаюць оперныя т-ры ў Бруселі, Антверпене, Генце і інш., Нац. сімф. аркестр, сімф. аркестры і хары Бельгійскага радыё і тэлебачання, «Фламандскі камерны аркестр», «Капэла Бургундскага двара», кансерваторыі ў Антверпене, Бруселі, Льежы, муз. акадэміі ў Турнэ, Шарлеруа, ін-т музыказнаўства ў Монсе. Праводзяцца міжнар. конкурсы імя каралевы Лізаветы (з 1951, Брусель), імя І.​С.​Баха (з 1958, Гент), струнных квартэтаў (з 1951, Льеж).

Тэатр. Вытокі тэатр. мастацтва Бельгіі ў рэлігійных абрадах сярэднявечча. У 13—15 ст. ставіліся літургічныя драмы (на лац. мове), маралітэ і містэрыі (на франц. і нідэрл. мовах). У 15—16 ст. т.зв. камеры рытараў (аб’яднанні цэхавага тыпу, члены якіх выконвалі вершы і п’есы, што складалі самі) у сваіх пастаноўках (пераважна фарсах і маралітэ на нідэрл. мове) праводзілі ідэі дзярж. незалежнасці. У 16—17 ст. па Бельгіі гастралявалі франц., ісп. і інш. тэатр. трупы. Першы бельг. «Тэатр дэ ла Манэ» адкрыты ў 1700 у Бруселі, меў оперную і драм. трупы. Пасля 1830 створаны т-ры ў Генце, Антверпене, Бруселі (на нідэрл. мове). Ставіліся рамант. драмы, вадэвілі, развесяляльныя п’есы. У канцы 19 — пач. 20 ст. ўплыў на т-р Бельгіі зрабілі творчасць і эстэтыка Метэрлінка, Ш. ван Лерберга і інш. У гады ўздыму рабочага руху літ.-маст. секцыя Бельг. нар. дома паставіла рэв. Драму Э.​Верхарна «Зоры» (1898). У 1920—30-я г. пашырыліся самадз. калектывы. У гады ням.-фаш. акупацыі (1940—44) браты Ж. і М.​Хойсманы арганізавалі вандроўны «Тэатр Супраціўлення». У Бельгіі каля 50 прафесійных т-раў, у т. л. каля 20 у Бруселі. Найб. значныя: «Тэатр дэ ла Манэ», «Дзю Парк», «Дэ Галеры», «Каралеўскі нацыянальны тэатр», «Дзю Рыдо», «Дэ Пош». Тэатр. дзеячаў рыхтуюць Каралеўская кансерваторыя ў Бруселі, школа драм. маст. Каралеўскай флам. кансерваторыі і інш.

Кіно. Вытворчасць фільмаў, распачатую ў 1908, спыніла 1-я сусв. вайна. У 1919 арганізавана «Бельгійская кінакампанія», у 1922 — кінастудыя «Бельгійскі фільм». У 1920-я г. знята каля 20 ігравых фільмаў. Вядомасць атрымалі відавыя, мастацтвазнаўчыя і этнагр. фільмы рэжысёраў А.​Сторка, П.​Хасартса і інш. Пасля 2-й сусв. вайны кінавытворчасць аднавілася ў пач. 1950-х г. Зняты маст. фільмы: «Чайкі паміраюць у гавані» (1957), «І ўжо ападае кволая кветка» («Дзеці Барынажа», 1960), «У цягніку аднойчы вечарам...» (1969), «Дом, мілы дом» (1973), «Вялікі пейзаж Алексіса Дрэвена» (1981). У 1980-я г. развіваецца дакумент. і анімацыйнае кіно, здымаюцца тэлевізійныя серыялы. Кінематаграфістаў рыхтуюць у 7 ВНУ.

Літ.:

Аксенова Л.А. Бельгия. М., 1982;

Мицкевич Б.П. Шарль де Костер и становление реализма в бельгийской литературе. Мн., 1960;

Фромантен Э. Старые мастера: Пер. с фр. М., 1966;

Ecmans M. L’art vivant en Belgique. Bruxelles, 1972;

Грубер Р.П. Всеобщая история музыки. Ч. 1. 3 изд. М., 1965;

Mertens C. Hedendaagse muziek in Belgie. Bruxelles, 1967.

П.​І.​Рогач (прырода, гаспадарка).

Герб і сцяг Бельгіі.
Да арт. Бельгія. П.​П.​Рубенс. Саюз Зямлі і Вады. Каля 1618.
Да арт. Бельгія. Святыя Фама і Матфей. Фрагмент габелена. Брусель. Канец 15 ст.
Да арт. Бельгія. К.​Пермеке. Заручаныя. 1923.
Да арт. Бельгія. Царква Сінт-Міхілскерк у Лёвене. 1650—71.
Да арт. Бельгія. Ж.​Міне. Чалавек, які моліцца. 1901.
Да арт. Бельгія. Дж.​Энсар. Дзіўныя маскі 1892.
Да арт. Бельгія. Ратуша на плошчы Гротэ-маркт у Антверпене. Арх. К.​Флорыс. 1561—65.
Да арт. Бельгія. У цэнтры Бруселя.
Да арт. Бельгія. Фантан Брабо на плошчы Гротэ-маркт у Антверпене.

т. 3, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТУГА́ЛІЯ (Portugal),

Партугальская Рэспубліка (República Portuguêsa), дзяржава на ПдЗ Еўропы, на Пірэнейскім п-ве. Уключае а-вы Азорскія і Мадэйра ў Атлантычным акіяне. Мяжуе на Пн і У з Іспаніяй. Пл. 92,4 тыс. км². Нас. 9918 тыс. чал. (1999). Дзярж. мова — партугальская. Сталіца — г. Лісабон. Краіна падзяляецца на 18 акруг і 2 аўт. акругі (на астравах). Нац. свята — Дзень Партугаліі (10 ліп.).

Дзяржаўны лад П. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1976 са зменамі 1982, 1989, 1992 і 1997. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва тэрмінам на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Сход Рэспублікі (230 дэпутатаў, выбіраюцца на 4 гады). Вышэйшы выканаўчы орган — урад на чале з прэм’ер-міністрам.

Прырода. На ПнУ горныя хрыбты выш. 1000—1200 м (найб. выш. 1993 м, г. Эштрэла ў хр. Сера-да-Эштрэла) і плато. Уздоўж узбярэжжа — нізіна. На Пд ад р. Тэжу хвалістая Партугальская нізіна з асобнымі кражамі, Астравы гарыстыя. На в-ве Піку з групы Азорскіх а-воў г. Піку выш. 2351 м. У краіне бываюць моцныя землетрасенні. Карысныя выкапні: вальфрамавыя, алавяныя, уранавыя, медныя, жал. руды, мармур і інш. Клімат субтрапічны міжземнаморскі. Сярэдняя т-ра студз. 5—11 °C, ліп. 20—29 °C. Ападкаў 700—1000 мм на ўзбярэжжы, 1000—2000 мм за год у гарах. Гал. рэкі: ніжнія цячэнні Міньё, Дору (Дуэра), Тэжу (Таха), Гвадыяна. Пад лесам (коркавы і каменны дуб, эўкаліпт, каштан, прыморская хвоя і пінія) і хмызнякамі (маквіс і гарыга) 36% тэрыторыі. Шмат грызуноў, птушак, паўзуноў. Трапляюцца воўк, куніца, ліс, рысь. Нац. парк Пенеда-Жэрэш, некалькі рэзерватаў.

Насельніцтва. Партугальцы складаюць больш за 98%. Жывуць невял. групы эмігрантаў з б. калоній, бразільцы і інш. Вернікі — католікі (97%). Сярэднегадавы прырост насельніцтва блізкі да нулявога. Сярэдняя шчыльн. 107,3 чал. на 1 км². Больш за 70% насельніцтва сканцэнтравана на ўзбярэжжы. У гарадах жыве 66% насельніцтва. Найб. (млн. ж., з прыгарадамі і суседнімі невял. гарадамі): Лісабон — 2,1, Порту — 1,7. У прам-сці і буд-ве занята 32% працоўных, у сельскай і лясной гаспадарцы, рыбалоўстве — 12%, у абслуговых галінах — 56%. Значная эміграцыя ў краіны Еўропы і Амерыкі.

Гісторыя. Тэр. П. заселена чалавекам у эпоху палеаліту. У 2-й пал. 1-га тыс. да н.э. тут аселі кельты. У 4—3 ст. да н.э. большую ч. краіны насялялі лузітаны. У 138—136 да н.э. тэр. П. заваявалі рымляне, у канцы 1 ст. да н.э. яна амаль уся ўвайшла ў рым. прав. Лузітанія, у 1-й пал. 5 ст. н.э. — у каралеўства свеваў. У 2-й пал. 5 ст. свеваў выцеснілі вестготы. У 713—718 тэр. П. заваявалі арабы і берберы (маўры). Горныя землі на Пн ад р. Дору сталі ачагом Рэканкісты, да сярэдзіны 11 ст. яны ўвайшлі ў каралеўства Леон. У 1095 кароль Леона Альфонс VI (у 1094 яго войска разбілі каля Лісабона Альмаравіды) стварыў на Пн П. асобнае графства і аддаў яго ў леннае ўладанне свайму зяцю Генрыху Бургундскаму, які стаў тытулавацца графам Партугальскім (па назве рэзідэнцыі Портус-Кале, цяпер г. Порту). Сын Генрыха Альфонс I Энрыкіш у 1139 абвясціў сябе каралём (Альфонс I). У 1143 незалежнасць каралеўства П. (тагачасная сталіца — г. Каімбра) прызнаў Леон. У 1147 у арабаў адваяваны Лісабон, у 1249—50 з авалоданнем тэр. Алгарві ў П. завяршылася Рэканкіста. У час яе сфарміраваліся партуг. народнасць і элементы партуг. культуры, узмацнілася роля духавенства і духоўна-рыцарскіх ордэнаў. У 13 ст. ў П. ўстанавілася саслоўная манархія (гл. Картэсы), актывізаваўся рост гарадоў. Пасля смерці апошняга з Бургундскай дынастыі Фернанду I (1383) картэсы выбралі каралём П. вял. магістра Авіскага ордэна Жуана (Жуан 1), які адстаяў незалежнасць краіны. У 15—16 ст. у П. ўсталявалася абс. манархія, узмацнілася знешняя экспансія (пачалася з захопу ў 1415 афр. крэпасці Сеута і экспедыцый, арганізаваных Генрыхам Мараплаўцам). Да канца 15 ст. П. каланізавала зах. ўзбярэжжа Афрыкі (Гвінея, Ангола), а-вы Мадэйра, Зялёнага Мыса, Сан-Таме і Прынсіпі, Азорскія, пасля адкрыцця Васка да Гамай марскога шляху ў Індыю (1498) — усх. Афрыку (Мазамбік), Індыю (Гоа і Дыу), Паўд.-Усх. Азію (Макао і інш.), а пасля экспедыцыі П.А.Кабрала — Бразілію (з 1500). Эксплуатацыя багаццяў калоній спрыяла ўзнікненню ў П. мануфактурнай вытв-сці (канец 15—1-я пал. 16 ст.), але з-за марнатраўства сродкаў на прадметы раскошы з 2-й пал. 16 ст. назіраўся эканам. заняпад П. Пасля гібелі караля Себасцьяна I [1557—78] і спынення Авіскай дынастыі партуг. прастол заняў ісп. кароль Філіп II. У перыяд панавання ў краіне іспанцаў (1581—1640) П. была прыдаткам ісп. імперыі, удзельнічала ў войнах Іспаніі з Англіяй, Галандыяй. У выніку антыісп. паўстання 1640 вярнула незалежнасць (прызнана Іспаніяй у 1668), стала правіць дынастыя Браганса. У пач. 18 ст. П. ўдзельнічала ў вайне за іспанскую спадчыну, у сувязі з чым краіна трапіла ў паліт. і эканам. залежнасць ад Англіі (Лісабонскі дагавор 1703 і Метуэнскі дагавор 1703). У 2-й пал. 18 ст. праведзены рэформы маркіза Памбала, але большасць іх адменена пры Марыі I [1777—1816], У перыяд напалеонаўскіх войнаў П. акупіравалі франц. (1807), потым англ. войскі (да 1811); каралеўскі двор эмігрыраваў у Бразілію. У выніку Партугальскай рэвалюцыі 1820—23 краіна вызвалена ад англічан, ад яе адасобілася Бразілія (1822, незалежнасць прызнана П. у 1825), кароль вярнуўся ў Лісабон, прынята ліберальная канстытуцыя. Пасля рэвалюцыі адбыліся грамадз. Мігелісцкія войны 1823—34, у 1842—46 існавала ваен. дыктатура А.​Б.​Кабрала. У 1853 пракладзена першая чыгунка. У канцы 19 ст. сац.-эканам. цяжкасці абумовілі значную эміграцыю з краіны. Актывізацыя руху за ўстанаўленне рэсп. ладу (з 1870-х г.) прывяла да Партугальскай рэвалюцыі 1910 і падзення манархіі; першым прэзідэнтам рэспублікі быў Т.Брага. З 1916 П. ўдзельнічала ў 1-й сусв. вайне на баку Антанты. Ва ўмовах эканам. нестабільнасці (паміж 1910 і 1926 змяніліся 8 прэзідэнтаў і 44 урады) уладу захапілі ваенныя (путч 28.5.1926), якія адмянілі канстытуцыю 1911 і распусцілі парламент; з ліп. 1926 краінай кіраваў ген. А.О. дэ Фрагоза Кармона (прэзідэнт у 1928—51). У 1932 прэм’ер-міністрам з дыктатарскімі паўнамоцтвамі стаў А.Салазар. Паводле канстытуцыі 1933 у-П. ўстаноўлена карпаратыўна-аўтарытарная дзяржава (у гіст. і паліталагічнай л-ры разглядаецца як мяккі, або іберыйскі, варыянт фашызму), забаронены ўсе партыі, акрамя ўрадавага Нац. саюза (засн. ў 1930, з 1970 Нац. нар. дзеянне).

У 2-ю сусв. вайну П. абвясціла нейтралітэт, але пастаўляла стратэг. сыравіну Германіі, у канцы вайны пераарыентавалася на ЗША. Пасля вайны далучылася да Маршала плана (1948), НАТО. У 1951 партуг. калоніі абвешчаны заморскімі правінцыямі; уздым з пач. 1960-х г. нац.-вызв. руху ў афр. калоніях П. намагалася спыніць калан. войнамі. У выніку Партугальскай рэвалюцыі 1974 скінуты постдыктатарскі ўрад М.​Каэтану (з 1968), спынены калан. войны, П. прызнала незалежнасць Гвінеі-Бісау, Мазамбіка, а-воў Зялёнага Мыса (Каба-Вердэ), Сан-Таме і Прынсіпі, Анголы. Канстытуцыя 1976 (са зменамі) заклала асновы сучаснага грамадска-паліт. ладу. У 1976—78, 1983—85 прэм’ер-міністрам, у 1986—96 прэзідэнтам дзяржавы быў М.Саарыш. З 1996 прэзідэнт П. — Ж.​Сампаю.

П. — чл. НАТО (з 1949), ААН (з 1955), Арг-цыі эканам. супрацоўніцтва і развіцця (з 1968), Савета Еўропы (з 1976), Зах.-еўрап. саюза (з 1988), Еўрап. саюза (з 1993, з 1985 была чл. Еўрап. супольнасці). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 26.1.1992.

Палітычныя партыі і прафсаюзы. Сацыяліст. партыя (кіруючая), С.-д. партыя, Нар. партыя, Камуніст. партыя П. і інш. Прафс. аб’яднанні — Усеагульная канфедэрацыя партуг. працоўных — Нац. інтэрсіндыкал, Усеагульны саюз працоўных.

Гаспадарка. П. — індустр.-агр. краіна. Пасля рэвалюцыі 1974 павялічыўся дзярж. сектар, у шэрагу раёнаў праведзена агр. рэформа. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1998 склаў 144,8 млрд. дол., па 14,6 тыс. дол. на чалавека. У прам-сці ствараецца 36% ВУП, у сельскай гаспадарцы — 4%, у абслуговых галінах — 60%. Гарнарудная прам-сць прадстаўлена здабычай вальфрамавых (8-е месца ў свеце, штогадовая здабыча каля 2 тыс. т аксіду вальфраму), медных, алавяных, уранавых і жал. руд. Асн. раёны здабычы на Пн, медных руд — на Пд. Электраэнергетыка заснавана на выкарыстанні імпартнага паліва (55%) і гідраэнергіі (45%). У 1997 атрымана 31,9 млрд. кВтгадз электраэнергіі. Буйнейшыя ЦЭС каля Лісабона і Порту, ГЭС на рэках Дору і Тэжу. Вядучая галіна прам-сці — машынабудаванне. Вылучаюцца суднабудаванне і суднарамонт (у раёне Лісабона), аўтазборка (на базе імпартных вузлоў і дэталяў), эл.тэхн. прам-сць, вытв-сць некаторых тыпаў станкоў (у значнай ступені на экспарт), швейных машын, веласіпедаў, дызельных рухавікоў, а таксама традыц. металавырабаў (нажы, царк. званы і інш.). Развіваецца хім., нафтаперапр., нафтахім. прам-сць, выпуск мінер. угнаенняў, хім.-фармацэўтычных тавараў, сернай кіслаты. Развіты тэкст. (баваўняная — гарады Порту, Брага, шарсцяная — гарады Гуарда і Кавільян), швейная, гарбарна-абутковая, харч. (вытв-сць віна, рыбных кансерваў, аліўкавага алею) прам-сць. Па зборы коркавай кары і вывазе корку (каля 120 тыс. т штогод) П. займае 1-е месца ў свеце. Штогадовая вытв-сць асн. відаў прамысл. прадукцыі (сярэдзіна 1990-х г.): чыгуну — 0,4 млн. т, хім. валокнаў і нітак — 90 тыс. т, вываз драўніны — 9,8 млн. м³, паперы і кардону — 0,9 млн. т, цэменту — 7,8 млн. т, баваўняных тканін — 190 млн. м², цукру — 0,4 млн. т, алею — 360 тыс. т. Каля 70% прамысл. патэнцыялу сканцэнтравана ў гарадах на ўзбярэжжы. У сельскай гаспадарцы найб. развіта раслінаводства. Выкарыстоўваецца каля 4,6 млн. га зямлі, у т. л. пад ворывам каля 2,3 млн. га, пад садамі (у т. л. пад цытрусавымі), аліўкавымі насаджэннямі і вінаграднікамі каля 1 млн. га, пад пашай і лугамі каля 0,8 млн. га. Арашаецца 630 тыс. га (1997). Асн. таварныя галіны — вінаградарства, пладаводства і вырошчванне аліўкавых дрэў. На ўласныя патрэбы вырошчваюць кукурузу (штогадовы збор каля 600 тыс. т), пшаніцу (каля 400 тыс. т), жыта, рыс, бульбу, гародніну (найб. памідоры і цыбулю). Вінаградарства пашырана ўсюды. Асн. раёны аліўкавых плантацый на Пд ад р. Тэжу. На Мадэйры і Азорскіх а-вах трапічнае садоўніцтва (ананасы, бананы). Пасевы кукурузы на Пн, пшаніцы ў сярэдняй ч. і на Пд. У жывёлагадоўлі (1997) найб. значэнне мае гадоўля буйн. раг. жывёлы — 1,3 млн. галоў; свіней 2,4 млн. галоў, авечак 6,3 млн. галоў, коз 0,8 млн. галоў. Птушкагадоўля (27 млн. курэй, 1997). У 1997 вылаўлена 221,9 тыс. т рыбы (пераважна сардзіны, траска, тунец). Развітой галіной гаспадаркі з’яўляецца турыстычная справа. Штогод П. наведваюць больш за 10 млн. замежных турыстаў, якія пакідаюць у краіне 4—5 млрд. дол. Транспарт аўтамаб., марскі, чыгуначны, унутр. водны. У 1996 у П. было 68,7 тыс. км аўтадарог, у т. л. 59,1 тыс. км з цвёрдым пакрыццём; 3,1 тыс. км чыгункі, 0,8 тыс. км унутр, водных шляхоў, 0,7 тыс. км магістральных газаправодаў. У знешніх і ўнутр. перавозках значная роля марскога флоту (у 1998 налічваў 132 караблі агульнай грузападымальнасцю 894,6 тыс. т). Гал. парты: Лісабон, Порту, Сетубал, Фуншал (на в-ве Мадэйра), Понта-Дэлгада (Азорскія а-вы). У краіне 40 аэрапортаў, у т. л. міжнар. каля Лісабона, Порту, на а-вах Мадэйра і Азорскіх. У 1998 экспарт склаў 25 млрд. дол., імпарт — 34,9 млрд. дол. У экспарце пераважаюць адзенне і абутак, прадукцыя машынабудавання, хімікаты, корак, драўніна, скуры, віно, рыбапрадукты, фрукты; у імпарце — машыны і трансп. сродкі, нафта, харч. прадукты. Гал. гандл. партнёры: Іспанія (15% экспарту, 24% імпарту), Германія (адпаведна 20% і 15%), Францыя (14% і 11%), Вялікабрытанія (12% і 7%). Дэфіцыт знешнегандл. балансу пакрываецца даходамі ад турызму, партуг. інвестыцый за мяжой, грашовымі пераводамі эмігрантаў. П. атрымлівае дапамогу ад краін Еўрап. Супольнасці. Грашовая адзінка — партуг. эскуда.

Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (59 тыс. чал.) і ваенізаваныя фарміраванні (больш за 40 тыс. чал.), у т. л. каля 21 тыс. чал. у рэспубліканскай нац. гвардыі (1998). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне паводле прызыву. Рэгулярныя ўзбр. сілы складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. У сухап. войсках 32 тыс. чал., 186 танкаў, 356 бронетранспарцёраў, 284 гарматы, 160 мінамётаў і інш. У ВПС 7,7 тыс. чал., 96 баявых самалётаў. У ВМС 14,8 тыс. чал., у т. л. 1,7 тыс. ў марской пяхоце, 3 падводныя лодкі, 10 фрэгатаў, 39 катэраў, 5 баявых верталётаў.

Ахова здароўя. Медыцынская дапамога аказваецца ва ўстановах сац. страхавання, бясплатная — у дзярж. бальніцах. Існуе прыватная ўрачэбная практыка. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 72,3, жанчын 79,3 года (1999). Узровень нараджальнасці 11 на 1 тыс. чал. Смяротнасць 10 на 1 тыс. чал. Натуральны прырост 0,04%. Забяспечанасць бальнічнымі ложкамі — 1 на 253 чал., урачамі — 1 на 332 чал. Дзіцячая смяротнасць — 7 на 1 тыс. нованароджаных (1999).

Друк, радыё, тэлебачанне. У 1999 у П. больш за 1300 перыяд. выданняў. Найб. значныя газеты: «Diário do República» («Газета Рэспублікі», з 1820), «Diário de Noticias» («Газета навін», з 1864), «Diário Popular» («Народная газета», з 1942), «A Capital» («Сталіца», з 1968), «O Dia» («Дзень», з 1975), «Público» («Грамадскасць», з 1990). Інфарм. агенцтва — Ажэнсія Луза ды Інфармасан (Луза, з 1987, створана ў выніку аб’яднання Натысіяш ды Партугал, з 1982, і Ажэнсія Натысіёза Афісіял Партугеза, з 1975). Радыёвяшчанне і тэлебачанне з 1974; іх дзейнасць кантралююць дзярж. радыёвяшчальная кампанія Радыёдыфусау Парту еза (РДП) і акц. тэлекампанія Тэлевісау Партугеза (ТП, абедзве з 1975). Трансліруюцца 4 каналы (2 дзярж. і 2 прыватныя). Перадачы вядуцца на партуг., англ., ісп., італьян., ням., франц. і інш. мовах.

Літаратура. Узнікла ў працэсе фарміравання партугальскай мовы, утварэння ў 12—13 ст. самаст. дзяржавы, барацьбы супраць араб. заваёўнікаў. Гэтыя падзеі адлюстраваны ў гераічных паэмах, што выконваліся нар. песнярамі-«жаграйш». Першыя літ. тэксты на партуг. мове — «кансьёнейру» — зб-кі рыцарскіх «песень пра каханне», «песень пра сябра», «песень кпінаў і ганьбавання» (13—14 ст.); сярод іх аўтараў рыцары Ж.​Гарсія ды Гальяды, П.​Гарсія ды Бургуш, клірыкі М.​Моша, А.​Нуніш, каралі П.​Саншу I, Дыніш 1 і інш. Былі пашыраны перапрацоўкі вядомых у еўрап. л-ры жыцій святых, франц. рыцарскіх раманаў. З канца 13 ст. развівалася нар. фарсавая і літургічная драма, прыдворныя спектаклі масак («момуш»). Першы самабытны рыцарскі раман «Амадыс Гальскі» (14 ст.). У 1-й пал. 15 ст. Ф.​Лопіш стварыў дакумент.-маст. хроніку пра ўладаранне першых 10 каралёў П., Г. ды Рэзенды ўклаў анталогію сярэдневяковай і перадрэнесансавай паэзіі «Усеагульны кансьёнейру» (1516). У канцы 15 ст. ўзнікла новая рэнесансавая культура, яе прадстаўнікі — заснавальнік нац. драмы і т-ра Ж.Вісентэ, а таксама Ж.​Ферэйра ды Вашканселуш (камедыя «Еўфразіна»), А.​Ферэйра (камедыі «Брышту», «Раўнівец»), Ф. ды Са ды Міранда (лірыка, камедыі «Іншаземцы», «Фанфароны»). Развівалася творчасць паэтаў-«петраркістаў» П. ды Андрады Каміньі і Д.​Бернардыша, з’явіліся пастаральныя раманы і эклогі Ж. ды Мантэмура, Б.​Рыбейру, рыцарскі раман Ф. ды Марайша, хронікі падарожжаў і заваяванняў Ж. ды Баруша, Г.​Карэі, Ф.Л. ды Каштаньеды, Д. ды Гойша, Ф.​Мендыша Пінту. Вяршыня партуг. Адраджэння — творчасць Л. ды Камоэнса. Л-ра барока адзначана ўзмацненнем ісп. уплываў (героіка-эпічная паэзія Ф.​Радрыгіша Лобу, драмы і сатыры Ф.М. ды Мелу, камедыі С.​Машаду, А.Ж. да Сілвы). Л-ра класіцызму і Асветніцтва (18 ст.) характарызавалася ўплывам франц. асветніцкага класіцызму. Тэорыю партуг. класіцызму распрацоўваў Ф.​Ж.​Фрэйры. Класіцыстычныя традыцыі прадоўжылі паэт П.​А.​Карэя Гарсан, драматургі М. ды Фігейрэду і Д. душ Рэйш Кіта, асветніцкія і перадрамант. ідэі пераважалі ў творчасці Н.​Талентыну, М.М. ду Бакажы, Ф.М. ду Насіменту. Нар.-вызв. войны 1808—13 і рэвалюцыя 1820 спрыялі росту нац. свядомасці і пашырэнню рамантызму ў л-ры (творчасць Ж.Б.Алмейда-Гарэта, лірыка, драм. творы і гіст. раманы А.​Эркулану, прыродаапісальная лірыка А.Ф. ды Каштылью, гіст.-сац. драмы Ф.​Гоміша ды Амарына, «раманы страсці» і навелы К.​Каштэлу Бранку, ідылічныя раманы пра вясковае жыццё Ж.​Дыніша). За рэаліст. метад выступілі пісьменнікі т.зв. каімбрскай школы (А.Т. ды Кентал, Ж.​М.​Эса ды Кейруш, С.​Верды, А.М. ды Гера Жункейру). Раманы Ф.​Тэйшэйры ды Кейруша і А.​Батэлью пазначаны ўплывам эстэтыкі натуралізму. У пач. 20 ст. ўзнікла сімвалісцкая школа (паэты А.​Нобры, Э. ды Каштру, Р.​Г.​Брандан). Неарамант. тэндэнцыі, адраджэнне гарэтаўскай традыцыі ў л-ры прапаведавалі паэт А.​Л.​Віейра, драматург Ж.​Данташ. Пасля рэвалюцыі 1910 пашырыліся разнастайныя дэкадэнцкія (паэты М. ды Са-Карнейру, Ф.А.Песоа, А.​Сардынья, драматургі Ж. ды Алмейда Негрэйруш, А.​Патрысью) і экзістэнцыялісцкія (вершы Г. ды Фарыі, Ж. ды Бружыша, А. ды Созы, Ж. ды Каштру Азор’ю, п’есы Б. да Фансекі, Б.​Сантарэну) плыні. З сярэдзіны 20 ст. развіваецца рэаліст. проза — раманы А.​Рыбейру («Калі выюць ваўкі»), А.​А.​Рэдола («Лодка з сямю стырнамі», «Яр сляпых»), Ф. да Розы («Люстэрка жыцця»), Ф.​Наморы Гансалвіша («Ноч і світанак», «У нядзелю вечарам»), п’есы А.​Каргэша («Лалаш»), Л.​Ф.​Рэбелу («Назаўтра»). У апошнія дзесяцігоддзі 20 ст. прыкметная з’ява — неканвенцыяльная проза Ж.Сарамагу. Неарэаліст. традыцыі развіваюцца ў раманах Ж.​Кардозу Пірыша («Дафін»), У.​Таварыша Радрыгіша («Распад»), А.​Лобу Антуніша («Памяць слана», «Аўтамабіль праклятых»). Уплывы экзістэнцыялізму ў паэзіі Э. ды Андрады, прозе В.​Ферэйры (раман «З’яўленне», дакумент. зб. «Бягучыя справаздачы»), фемінісцкія матывы ў прозе Л.​Жоржы, І.​Лозы, мадэрнісцкія тэндэнцыі ў творчасці М.​Торгі (15-томны «Дзённік» у вершах і прозе), паэзіі Э.​Гансалвіша, А.​Азор’ю, Э.​Элдэра, А.​Ф.​Алешандры, прозе Ж.​Р.​Дырэйтынью, драматургіі А.М. ды Созы Арагана. На бел. мову перакладзены асобныя творы Камоэнса, Эсы ды Кейруша, Песоа, Л.​Жасінту. Сярод перакладчыкаў: Л.​Баршчэўскі, Я.​Лапатка, А.​Марціновіч, С.​Мурашка.

Архітэктура. У П. захаваліся дальмены часоў неаліту (Аліжа, Павія), рэшткі ўмацаваных паселішчаў лузітан (1-е тыс. да н.э.), руіны рым. збудаванняў (2 ст. да н.э. — 5 ст. н.э.), масіўныя мураваныя храмы вестготаў (7 ст.). Да 12 ст. паселішчы выраслі ў гарады з нерэгулярнай планіроўкай. У 11—12 ст. у Каімбры, Лісабоне ставілі замкі і саборы крапаснога тыпу, касцёлы і кляштары ў раманскім стылі. У стылі готыкі створаны комплексы кляштараў 12—14 ст. (у Алкабасе, Батальі). У канцы 15 — пач. 16 ст. расквітнеў самабытны стыль «мануэліна», які сінтэзаваў у арх. формах познагатычныя рысы з экзотыкай маўрытанскага стылю (кляштар св. Хрыста ў Тамары, 1508—31, арх. Д. ды Аруда; вежа-маяк Торы ды Белен у Лісабоне, 1515—20). У канцы 16 ст. — 1-й пал. 17 ст. дойлідства П. было ў заняпадзе. З канца 17 ст. аднаўлялася горадабудаўніцтва, развіваліся рэгулярныя планіровачныя сістэмы (забудова Лісабона пасля землетрасення 1755). Рэпрэзентацыйны характар набыла палацава-культавая архітэктура 18 ст. (палац-кляштар Мафра каля Лісабона, 1717—35, арх. Ф.​Лудавісі). У аздабленні будынкаў выкарыстоўвалі маёлікавыя пліткі (азулежу), якія часам суцэльным дываном пакрывалі фасады, арнаментальныя і сюжэтныя пано з іх упрыгожвалі інтэр’еры. У пабудовах 19 ст. дамінаваў класіцызм (палац Ажуда ў Лісабоне, з 1802, арх. Ф.​К.​Фабры). У 1-й пал. 20 ст. панавалі эклектычныя стылі. У 2-й пал. 20 ст. пашырана сучасная архітэктура. Праведзена рэканструкцыя многіх раёнаў Лісабона, г. Порту, пабудаваны тыпавыя жылыя дамы з лоджыямі і сонцаахоўнымі прыстасаваннямі. У буд-ве выкарыстоўваюцца новыя буд. канструкцыі і смелыя прасторавыя вырашэнні (арх. Ф.К. ду Амарал, А.​Ж.​Песоа і інш.).

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Ад эпохі палеаліту захаваліся наскальныя размалёўкі (у Сант’ягу-ду-Эшкарал), ад эпохі неаліту — кераміка, антрапаморфныя фігуркі з пласцінак шыферу, бронз. зброя. З 1-га тыс. да н.э. развівалася культура плямён лузітан, у 3 ст. да н.э. — 5 ст. н.э.Стараж. Рыма, у 7 ст. — вестготаў, з 8 ст. — арабаў і бербераў. У раманскі перыяд (10—12 ст.) з’явіўся каменны дэкор арх. пабудоў, які вызначаўся сакавітай пластычнасцю форм, спалучэннем незвычайных натуралістычных дэталей (выявы карабельных канатах, ракавін, каралаў і інш.) з гатычнымі, маўрытанскімі, часам інд. матывамі. Скульпт. дэкор раманскіх храмаў паводле тэхнікі выканання блізкі да разьбы па дрэве. 13—15 ст. — росквіт гатычнай пластыкі (найб. цэнтр — Каімбра). Высокім маст. узроўнем вызначаецца надмагілле караля Жуана I у Батальі (1433, скульпт. Ж.​Афонсу). У 15—16 ст. на жывапіс П. ўплывалі франц. рэнесанс (Ф.​Удартэ, Н.​Шантэрэн і інш.) і нідэрл. мастацтва (алтар святога Вінцэнта, 15 ст., мастак Н.​Гансалвіш; творы В.​Фернандыша, Г.​Ваша, Г.​Лопеша і інш.). Яркай самабытнасцю вылучаецца дэкар.-прыкладное мастацтва 16—17 ст., у якім спалучаліся еўрап. і ўсх. традыцыі (мэбля, дываны, тканіны, кераміка лузітана-ўсх. і інда-партуг. стыляў, маёлікавыя пліткі азулежу і інш.). У 17—18 ст. склаліся асновы нац. барока: манум. драўляная і каменная скульптура, тэракотавыя алтарныя статуэткі «прэзепіу» (Ж.​Машаду ды Каштру, А.​Ферэйра), партрэтны жывапіс (Д.​Віейра Эшкуру, Ф.​Віейра Лузітану) і інш. У канцы 18 — пач. 19 ст. развіваліся класіцызм (Ф.​Віейра Партуэнсі) і рамантызм (гіст. кампазіцыі Д.​А.​Сікейра). У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. перажываў рэаліст. кірунак: скульптура А.​Саарыж душ Рэйша, А.​Тэйшэйры Лопеша, Ф.​Франку, пейзажы і жанравыя кампазіцыі А.К. да Сілва Порту і Ж.М. да Сілва Алівейры, партрэты М.​А.​Лупі і інш. У 1833 створана маст. групоўка «Льва» (кіраўнік К.​Бардалу Піньейру, мастакі М.​Агушту, Э.​Малта, А.​Манта, Э.​Медына, К.​Фернандыш і інш.), якая сцвярджала нац. самабытнасць у мастацтве і паўплывала на развіццё мастацтва П. 1-й пал. 20 ст. З парыжскай школай звязаны жывапіс кубіста А.​Созы Кардозу і абстракцыяністкі М.​Э.​Віейры да Сільва. З сярэдзіны 20 ст. пашырыўся неарэалізм, у якім пераважала тэматыка нац. гісторыі і нар. жыцця (Ж.​Памар і інш.). Сярод мастакоў жывапісцы Ф. ды Азеведу, Р.​Рыбейру, графікі М.​Жыл, А.​Куньял, скульптары Л. ды Алмейда і інш. Развіваюцца традыц. віды нар. творчасці: маёлікавыя вырабы, карункапляценне, ткацтва, разьба па дрэве («прэзепіу», мэбля і інш.).

Музыка П. развівалася ва ўзаемадзеянні з іспанскай. У муз. фальклоры пераважаюць песенныя і песенна-танц. формы. Найб. стараж. песні прац. і каляндарныя, у т. л. калядныя (вільянсікуш), навагоднія (жанейраш), вясновыя (маяш), а таксама звязаныя з царк. святамі (рамарыяш). Сярод нар. муз. інструментаў: стр.-шчыпковыя віуэла (пазней віёла і віялан), кавакінью, духавы гайта (валынка), ударныя забумба (вял. барабан), тамбур (меншы барабан), адуфе (квадратны бубен з 2 мембранамі). У вёсках пашыраны інстр. ансамблі. Прафес. музыка развіваецца з 12 ст. У 12—13 ст. расквітнела мастацтва трубадураў. У 13—14 ст. былі пашыраны свецкія рамансы, песні вілансіка разнастайнага зместу, сольныя лірычныя песні фаду, танцы рода, віла, вілан, пазней шакота (чакона) і фолія. З 15 ст. развіваецца муз. т-р, адзін са стваральнікаў якога Ж.​Вісентэ. У інстр. музыцы складваліся варыяцыйныя і поліфанічныя формы. Вядомы кампазітары-віуэлісты Дон Педра (герцаг Каімбрскі), Ант. і Аф. да Сілва, П.​Ваш, віуэліст-віртуоз П. да Пена. Буйнейшыя поліфаністы 15—16 ст.: Т. да Сілва, Ж. ды Менезіш, М.​Машаду ды Азеведу, Э. ды Павія. У 2-й пал. 16—17 ст. дасягнула росквіту хар. поліфанія (М.​Мендыш, Д.​Лобу, М.​Кардозу, Ф. ды Магальяйніш). Інстр. музыку пісалі М.​Каэлью да Кошта, арганіст Ф.​Карэа ды Араўжу, А. да Круш (аўтар аднаго з першых падручнікаў па ігры на скрыпцы, 1639). У канцы 17—19 ст. панавала італьян. опера. У 1793 адкрыты каралеўскі т-р «Сан-Карлуш» у Лісабоне. Сярод оперных кампазітараў 18 ст. Ф.А. д’Алмейда (першая нац. опера «Цярпенне Сакрата», 1733), Ж. ды Соза Карвалью, Д.​Перэс, МА.​Партугал да Фансека. Інстр. і культавую хар. музыку пісалі д’Алмейда, ды Соза Карвалью, Ж.А.​К.​Сейшас. У пач. 19 ст. паявіліся нац. сімф. і камерна-інстр. творы Ж.​Д.​Бантэмпу (заснавальнік філарманічнага т-ва, 1822 і Каралеўскай кансерваторыі, 1835). У 2-й пал. 19 ст. створаны муз. т-вы і канцэртныя арг-цыі: «Публічныя канцэрты» (1860), Т-ва класічных канцэртаў (1874), Каралеўская акадэмія аматараў музыкі (1884) у Лісабоне, філармонія (1852), т-вы камернай музыкі (1883) і сімф. канцэртаў, хор «Арфеон» (1881) у Порту. У 1-й пал. 20 ст. вылучыліся кампазітары Ж.​Віяна да Мота (заснавальнік сучаснай кампазітарскай школы), 0. да Сілва, Л.​М.​Фрэйташ Бранку, К.​Карнейру, у нац. стылі працавалі І.​Круш і Ф.​Лопіш Граса, у 2-й пал. 20 ст. — Э.​Брага Сантуш, А.​Касату, прадстаўнікі авангардызму Ф.​Пірыш, Ж.​Пешынью. Сярод выканаўцаў спявак Ф. д’Андрады, піяністы Л.​Мендыш, Ж.​Секейра Кошта, А.​Марэа, С.​Кастнер, скрыпач А.​Бетэнкур. У П. працуюць: аркестры Нац. радыёвяшчання, Філарманічны і Нац. Савета, Нац. кансерваторыя, Т-ва партуг. аўтараў, Асацыяцыя кампазітараў, Т-ва хар. музыкі, Т-ва прыгожых мастацтваў, «Музычная моладзь Партугаліі» ў Лісабоне, аркестр радыё і Муніцыпальная кансерваторыя ў Порту, Муз. акадэмія ў Каімбры і інш.

Тэатр. З 12 ст. вядомы літургічная драма і тэатралізаваныя прадстаўленні імправізацыйнага характару, якія разыгрываліся жанглёрамі. У канцы 15 ст. станаўленне культуры эпохі Адраджэння садзейнічала развіццю т-ра і драматургіі. Родапачынальнік нац. т-ра — драматург, акцёр і кампазітар Ж.​Вісентэ (16 ст.). У канцы 16 ст. ў Лісабоне з’явіліся публічныя т-ры, але пад уздзеяннем царк. цэнзуры і інквізіцыі тэатр. жыццё П. заняпала. У пач. 18 ст. адкрыўся т-р «Байру-Алту», дзе выступалі прафес. парт. трупы. Уздым тэатр. мастацтва звязаны са сцвярджэннем у 1-й чвэрці 19 ст. рамант. кірунку. Па ініцыятыве драматурга Ж.​Б.​Алмейды-Гарэта ў Лісабоне створаны Кансерваторыя драм. мастацтва і Нац. т-р каралевы Марыі II (1846, дзейнічае), які стаў адным з цэнтраў сцэн. культуры. Заснаваны т-ры «Донья Амелія» (1894), «Свабодны тэатр» (1904). Сярод акцёраў 19 ст.: А.​Абраншыс, Э.​Бразан, Э. даж Невіш, бр. Ж. і А.​Роза, А.​Ферэйра да Сілва, Ф.​Таборда. У 20 ст. ў т-ры П. пераважалі мадэрнісцкія кірункі і пастаноўкі на грамадска-значныя тэмы. Ставіліся п’есы драматургаў Ж. ды Алмейды Негрэйруша, Р.​Карэі, Л.​С.​Мантэйру, Л.​Ф.​Рэбелу, А.​А.​Рэдола, Б.​Сантарэну, К.​Ферэйры і інш. Сярод тэатр. дзеячаў: П.​Баштуш, Э.​Брага, А. да Кунья, Р.​Мантэйру, М.​Матуш, Р.​Паўлу, А.​Рэй-Каласу, Л.​Сімоінш і інш. У Лісабоне дзейнічаюць Нац. нар. т-р (з 1957), «Маст. т-р Лісабона» (1955—56 і з 1960), прафес. тэатр. трупы працуюць таксама ў Порту і Каімбры.

Кіно. З 1896 здымаліся асобныя стужкі. Кінавытв-сць набыла рэгулярны характар пасля стварэння фірмы «Партугалія-фільм» (1909). Першы маст. фільм — «Мёртвая каралева» (1910, рэж. Х.​Коста). Лепшы нац. фільм нямога кіно — экранізацыя камедыі Ф.​Лаге і Ж.​Карэі Алівейры «Ваўкі» (1923, рэж. Р.​Лупу). У 1930-я г. зняты фільмы «Марыя з мора» (1930), першы гукавы фільм «Суровая» (1931, рэж. абодвух Л. ды Баруш), дакумент. «Дуэра, цяжкая праца на рацэ» (1931, рэж. М. ды Алівейра). У перыяд фаш. дыктатуры здымаліся гал. чынам камерцыйныя стужкі. Спробы ўнесці змены ў кінематограф пачаты суполкай «Новае партуг. кіно» (П.​Роша, А.​Рамуш, Ф.​Лопіш, А. да Кунья Тэліш, ды Алівейра і інш.). Сярод фільмаў: «Веснавая казка» (1962, дакумент.) і «Паляванне» (1964, рэж. абодвух ды Алівейра), «Беларміна» (1964, рэж. Лопіш), «Змяніць жыццё» (1966, рэж. Роша), «Круг» (1969, рэж. да Кунья Тэліш). У 1970 маладыя кінематаграфісты аб’ядналіся ў вытв. кааператыў «Партуг. кінацэнтр». З 1971 развіваецца незалежная кінавытв-сць; пастаўлены фільмы «Пчала на дажджы» (1971, рэж. Лопіш), «Прысяга» (рэж. А. ды Маседу), «Нелюбімы» (рэж. М.​Сілва, абодва 1972), «Мае сябры» (1973, рэж. да Кунья Тэліш). Сярод фільмаў 1970—80-х г. «Бог, радзіма, улада» (рэж. Р.​Сімоіш), «Дэманы Алкасер-Кібіра» рэж. Ж.​Фансека-і-Кошта), «Канфедэрацыя» (рэж. Л.​Галван Тэліш), «Святы саюз» (рэж. Э.​Жэада), «Франсіска» (рэж. ды Алівейра), «Месца смерці» (рэж. А.​П.​Вашканселуш).

Літ.:

Варьяш О.И., Черных А.П. Португалия: дороги истории. М., 1990;

Капланов Р.М. Португалия после второй мировой войны, 1945—1974. М., 1992;

Каптерева Т.П. Искусство Португалии. М., 1990.

Ю.​В.​Ляшковіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Дз.​М.​Чаркасаў (гісторыя да 20 ст.), Р.​Ч.​Лянькевіч (узброеныя сілы), Г.​М.​Малей (друк, радыё, тэлебачанне), Л.​П.​Баршчэўскі (літаратура), Я.​Ф.​Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).

Герб і сцяг Партугаліі.
Узбярэжжа на поўдні Партугаліі.
Горны ланцуг Сера-ды-Маран на поўначы Партугаліі.
Да арт. Партугалія. Раўніна Алентэжу.
Да арт. Партугалія. Салдаты і жыхары на барыкадах Лісабона ў час Партугальскай рэвалюцыі 1910.
Да арт. Партугалія. Высадка экспедыцыі партугальскага мараплаўца П.​А.​Кабрала на ўзбярэжжы Бразіліі каля сучаснага г. Порту-Сегуру 22.4.1500. Сярэдневяковая гравюра.
Да арт. Партугалія. Галоўны порт Азорскіх астравоў — г. Понта-Дэлгада.
Да арт. Партугалія. Кляштар святога Хрыста ў г. Тамар. 1508—31.
Да арт. Партугалія. Н.​Гансалвіш. Сям’я герцагаў Браганса. Дэталь алтара св. Вінцэнта. 15 ст.

т. 12, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІКАБРЫТА́НІЯ (Great Britain),

Злучанае Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі (The United Kingdom of Great Britain and Northern Ireland), астраўная дзяржава ў Зах. Еўропе. Займае в-аў Вялікабрытанія, паўн.-ўсх. ч. в-ва Ірландыя і каля 5,5 тыс. дробных астравоў, у т. л. Англсі, Мэн, Уайт, Гебрыдскія, Аркнейскія, Шэтлендскія, а таксама Нармандскія а-вы каля берагоў Францыі. Абмываецца Атлантычным ак. і яго морамі — Паўночным (на У) і Ірландскім (на З); на Пд праліў Ла-Манш і яго найб. вузкая ч. — Па-дэ-Кале. Падзяляецца на 4 адм.-паліт. гіст. вобласці: Англію (39 графстваў і 7 метрапалітэнскіх графстваў), Уэльс (8 графстваў), Шатландыю (9 раёнаў і 3 астраўныя тэрыторыі), Паўночную Ірландыю (26 акруг). Пл. 244 тыс. км². Нас. 58 млн. чал. (1995). Сталіца — г. Лондан (вылучаны з прыгарадамі і суседнімі гарадамі ў асобную адм. адзінку — Вялікі Лондан). Дзярж. мова — англійская. Нац. свята — Дзень нараджэння каралевы Лізаветы II (адзначаецца ў адну з субот у 1-й пал. чэрвеня).

Дзяржаўны лад. Вялікабрытаніі — парламенцкая манархія. Канстытуцыі як адзінага закону няма. Дзейнічаюць Вялікая хартыя вольнасцей 1215, Петыцыя аб праве 1628, Габеас корпус акт 1679, «Біль аб правах» 1689, Вестмінстэрскі статут 1931, Акт аб нар. прадстаўніцтве 1969 і інш. Кіраўнік дзяржавы — манарх (кароль або каралева), паўнамоцтвы і прэрагатывы якога фактычна знаходзяцца ў руках урада, які фарміруецца кіруючай партыяй. Заканад. ўлада належыць манарху і парламенту, які складаецца з 2 палат: верхняй (палата лордаў, каля 1200 чл. з ліку свецкіх і духоўных пэраў) і ніжняй (палата абшчын, 650 чл.), якія выбіраюцца на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад (кабінет міністраў) на чале з прэм’ер-міністрам. Мясцовыя органы самакіравання ў графствах, гарадах-графствах, акругах і прыходах — саветы (выбіраюцца насельніцтвам на 3 гады) на чале з мэрамі (выбіраюцца на 1 год). Судовая сістэма: палата лордаў, Вярх. суд правасуддзя (складаецца з Высокага суда і Апеляцыйнага суда па цывільных справах). Высокі суд падзяляецца на суд завяшчанняў, разводаў і адміралцейства.

Судаводства 1-й інстанцыі ажыццяўляюць у сёлах міравыя суды, у гарадах — паліцэйскія суды.

Мясцовае кіраванне ў Англіі, Уэльсе, Шатландыі мае свае органы, суд. сістэму, нац. царкву, адм.-тэр. падзел. Аўтаномная частка Злучанага Каралеўства — Паўн. Ірландыя, якая з 1972 знаходзіцца пад непасрэдным кіраўніцтвам урада Вялікабрытаніі, мае свой уласны парламент, у склад якога ўваходзяць сенат, палата абшчын і прызначаны манархам губернатар. Вялікабрытанія ўзначальвае Садружнасць — аб’яднанне большасці краін і тэрыторый, якія раней уваходзілі ў Брытанскую імперыю (усяго 49). Захавала кантроль над 14 параўнальна невялікімі каланіяльнымі тэрыторыямі.

Прырода. Прыроду Вялікабрытаніі вызначаюць астраўное размяшчэнне, блізкасць цёплага Паўн.-Атлантычнага цячэння і значная парэзанасць берагавой лініі. Пн і З гарыстыя, у цэнтры і на Пд пераважаюць нізіны. Горы сярэдняй вышыні, моцна згладжаныя, парэзаныя ледавіковай і рачной эрозіяй. Найб. высокае Паўн.-Шатландскае нагор’е з Грампіянскімі гарамі (найвыш. пункт Вялікабрытаніі — г. Бен-Невіс, 1343 м). Далей на Пд размешчаны Сярэдне-Шатландская нізіна і Паўд.-Шатландскае ўзвышша. На Пн уласна Англіі ў мерыдыянальным напрамку цягнуцца Пенінскія горы. На п-ве Уэльс Кембрыйскія горы, гарысты і п-аў Корнуал. Найбольшыя нізіны Паўд.-Усходняя і Мідленд. У Паўн. Ірландыі нізіна з воз. Лох-Ней і ўзвышшы па яе краях. У нетрах Вялікабрытаніі ёсць каменны вугаль (Пеніны, Пд Шатландыі і Уэльса; 45 млрд. т), жал., свінцова-цынкавыя і алавяныя руды, каменная і калійныя солі, каалін, буд. матэрыялы; у нетрах шэльфа Паўн. мора — нафта (2,6 млрд. т) і прыродны газ (1400 млрд. м³). Клімат умераны акіянскі, з няўстойлівым надвор’ем, парывістымі вятрамі і частымі густымі туманамі, з мяккай зімой і халаднаватым летам. Т-ра паветра ад 13—17 °C у ліп. да 3 °C у студз. Ападкаў ад 2000—3000 мм на З да 600—700 мм за год на ПдУ. Найб. рэкі: Северн, Тэмза, Трэнт; некалькі важных суднаходных каналаў. Ёсць значныя азёры, найб. Лох-Ней (пл. 396 км²) у Паўн. Ірландыі. Пераважае культурная расліннасць, шмат лугоў, верасовых пустак. Пад лесам (дуб, вяз, граб, бук, хвоя) і хмызнякамі 9% пл. краіны. Жывёльны свет у параўнанні з мацерыковай Еўропай крыху збеднены. Шматлікія нац. рэзерваты прыроды і рэкрэацыйныя паркі (Пік-Дыстрыкт, Сноўданія і інш.).

Насельніцтва. 81,5% складаюць англічане. Нац. меншасці: шатландцы (9,6%), уэльсцы, або валійцы (1,9%, у аднайм. частках краіны), ольстэрцы (1,8%, перасяленцы ў Паўн. Ірландыю з Англіі і Шатландыі), ірландцы (2,4% у Паўн. Ірландыі і гарадах Англіі); значныя групы выхадцаў з Вест-Індыі, Індыі, Пакістана, краін Афрыкі і Азіі, яўрэяў, італьянцаў, французаў. Невял. колькасць ірландцаў, уэльсцаў, а таксама гэлы (60 тыс. чал.) на Пн Шатландыі збераглі свае мовы (кельцкія паводле паходжання). Сярод вернікаў — пратэстанты (27 млн. англікан пераважна ў Англіі, 0,8 прэсвітэрыян у Шатландыі), католікі (9 млн. чал., у т. л. каля паловы насельніцтва Паўн. Ірландыі), мусульмане (каля 1 млн. чал.), метадысты, сікхі, індуісты, іудаісты. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 236.8 чал. на 1 км² (ад 1000 чал. на 1 км² у прамысл. раёнах да 1—10 чал. на 1 км² на Пн Шатландыі). Гар. насельніцтва больш за 89%. Вял. гарады (тыс. ж., 1992): Лондан (у межах Вялікага Лондана) — 6905, Бірмінгем — 1009, Лідс — 722, Глазга — 684, Шэфілд — 531, Ліверпул — 479, Брадфард — 478, Эдынбург — 440, Манчэстэр — 435. Каля трэці гар. насельніцтва жыве ў гар. канурбацыях: Вял. Лондан, Вял. Манчэстэр, Уэст-Мідлендс (вакол Бірмінгема), Клайдсайд (вакол Глазга), Уэст-Йоркшыр (вакол Лідса), Саўт-Йоркшыр (вакол Шэфілда), Мерсісайд (вакол Ліверпула), Тайнсайд (вакол Ньюкасла). У прам-сці і буд-ве занята 25% працаздольнага насельніцтва, у кіраванні — 9,1, энергетыцы — 1,9, сельскай гаспадарцы — 1,2, у гандлі і абслуговых галінах — 62,8%.

Гісторыя. Паводле археал. звестак, чалавек на тэр. Вялікабрытаніі жыве з эпохі ранняга і сярэдняга палеаліту. Значнага развіцця стараж. насельніцтва Брытаніі (плямёны скотаў і піктаў) дасягнула ў перыяд неаліту: росквіт першабытнай абшчыны, пераход да жывёлагадоўлі і земляробства. У 6—1 ст. да н.э. Брытанскія а-вы засялілі кельты. Напярэдадні рымскага заваявання брыты (так сталі наз. кельцкія і кельтызаваныя плямёны Брытаніі) перажывалі перыяд распаду першабытнаабшчыннага ладу і зараджэння класавага грамадства. У 1 ст. н.э. Брытанія заваявана Рымам, аднак яе раманізацыя была нязначнай. У пач. 5 ст. рымляне пакінулі Брытанскія а-вы. У сярэдзіне 5 — пач. 7 ст. пачалася іх каланізацыя герм. плямёнамі англасаксаў, у ходзе якой утварылася некалькі каралеўстваў (гл. Англасаксонскае заваяванне). У канцы 6—7 ст. англасаксы прынялі хрысціянства. Аснову іх сац.-эканам. сістэмы складала сельская абшчына, якая пачынала ўжо распадацца. У 7—8 ст. значнага развіцця дасягнула буйное і сярэдняе землеўладанне феад. тыпу. З канца 8 ст. пачаліся набегі на Брытанскія а-вы нарманаў, пераважна э тэр. Даніі. Гэта стала адной з прычын аб’яднання ў 829 большасці англасакскіх каралеўстваў у адну дзяржаву — Англію. У 1066 яе захапілі нарманы на чале з герцагам Вільгельмам, які стаў англ. каралём Вільгельмам I (гл. Нармандскае заваяванне Англіі 1066). Першы перапіс насельніцтва, праведзены ў 1086 («Кніга страшнага суда») засведчыў існаванне моцнай цэнтр. улады. Большасць сялян трапіла ў прыгонную залежнасць (гл. Віланы). Нармандскае заваяванне паскорыла эканам. развіццё Англіі. Да канца 12 ст. тут канчаткова склалася цэнтралізаваная феад. дзяржава. Першыя каралі дынастыі Плантагенетаў, асабліва Іаан Беззямельны, умацавалі каралеўскую ўладу. Гэта выклікала апазіц. выступленні шырокіх слаёў насельніцтва (баронаў, рыцараў, гараджан), і кароль вымушаны быў падпісаць у 1215 Вялікую хартыю вольнасцей пераважна для буйных феадалаў. Аднак супраціўленне каралеўскаму самавольству не заціхала і перарасло ў грамадз. вайну (1263—67), у час якой быў створаны (1265) 1-ы ў гісторыі Англіі парламент — сход прадстаўнікоў ад графстваў і гарадоў. У канцы 13 ст. ў Англіі ўсталявалася новая форма дзяржавы — феад. манархія з саслоўным прадстаўніцтвам — парламентам. У 14 ст. ён падзяліўся на 2 палаты, верхнюю (палата лордаў) і ніжнюю (палата абшчын). У канцы 13 ст. Англія заваявала Уэльс. Тэрытарыяльныя і гандл. супярэчнасці паміж Англіяй і Францыяй прывялі да Стогадовай вайны 1337—1433, у выніку якой Англія страціла на кантыненце ўсе тэрыторыі, акрамя г. Кале. Вайна аслабіла краіну, узмацніла сац. нестабільнасць. Сялянскія хваляванні выліліся ў антыфеад. Уота Тайлера паўстанне 1381. У канцы 14 — пач. 15 ст. пачаўся крызіс феад. прыгоннай сістэмы. З сярэдняга і дробнага дваранства, багатых сялян і інш. слаёў узнікла т.зв. новае дваранства — джэнтры, якія сталі пераходзіць на арэнду. Асн. зямельным уладаннем у большасці сялян стаў капігольд. Вялікіх поспехаў дасягнула суконная справа, з’явіліся першыя мануфактуры. У 15 ст. абвастрылася і міжусобная барацьба феадалаў, асабліва паміж дынастыямі Ланкастэраў і Йоркаў. Яна скончылася Пунсовай і Белай руж вайной (1455—85), у якой загінулі гал. прадстаўнікі многіх старадаўніх дынастый. Да ўлады прыйшлі Цюдары. Яны паклалі пачатак англ. абсалютызму, асн. асаблівасцю якога было захаванне органаў саслоўнага прадстаўніцтва і мясц. самакіравання. Абсалютызм дасягнуў свайго росквіту пры каралю Генрыху VIII. Пры ім праведзена Рэфармацыя, у ходзе якой узнікла англіканская царква, царк. ўласнасць ператворана ў свецкую, што ўмацавала каралеўскую казну і ўладу. У 16 ст. адбываўся эканам. ўздым краіны, ішоў працэс накаплення першапачатковага капіталу. У сувязі з хуткім ростам мануфактур, асабліва суконных, павялічыўся попыт на воўну, што спрыяла развіццю авечкагадоўлі. Буйныя землеўладальнікі зганялі сялян з зямлі і здавалі яе ў арэнду пад пашу (гл. Агароджванні), што прыводзіла да сял. выступленняў (найб. вядома паўстанне пад кіраўніцтвам Р.​Кета, 1549). Перамяшчэнне гал. гандл. шляхоў з Міжземнамор’я ў Атлантыку паставіла Англію ў цэнтр сусв. эканомікі. У 16 ст. ўзніклі буйныя гандл. кампаніі (Ост-Індская, 1600, і інш.), якія валодалі манапольнымі правамі. У канцы 16 — пач. 17 ст. Англія ўступіла ў барацьбу за гандл. шляхі і сферы ўплыву. Пасля англа-ісп. вайны 1587—1604 яна стала буйнейшай марской дзяржавай. З канца 16 ст. пачалося пранікненне Англіі ў Індыю, у 1607 заснавана першая англ. калонія ў Паўн. Амерыцы (Віргінія). Працягвалася падпарадкаванне Ірландыі (з 12 ст.), рос англ. уплыў у Шатландыі. Развіццё капіталіст. ўкладу патрабавала ліквідацыі феад. сістэмы і абсалютызму. Антыманархічная апазіцыя сканцэнтравалася ў парламенце, ніжняя палата якога складалася з новага дваранства і вярхоў буржуазіі. Процістаянне парламента каралю абвастрылася з прыходам да ўлады ў Англіі шатл. дынастыі Сцюартаў, якія сталі на шлях. феад. рэакцыі. Вынікам гэтага канфлікту сталі Англійскія рэвалюцыі 17 стагоддзя, якія скончыліся перамогай бурж. апазіцыі. У 1649 у Англіі ўсталявалася рэспубліка. У 1652 да Англіі канчаткова далучана Шатландыя (да гэтага яны былі звязаны асабістай уніяй), а таксама падпарадкавана Ірландыя. З 1653 рэспубліка набыла форму пратэктарату О.Кромвеля. Яго ўнутр. і знешняя палітыка праводзілася ў інтарэсах буржуазіі і новага дваранства — працягваліся агароджанні, вяліся войны з Іспаніяй і Галандыяй (гл. Англа-галандскія войны 17 стагоддзя). Няўстойлівасць новага рэжыму, адсутнасць яго падтрымкі народам прывялі да рэстаўрацыі ўлады Сцюартаў (1660—88). Імкненне апошніх да абсалютызму зноў выклікала фарміраванне парламенцкай апазіцыі. У 1688 у Англіі адбылася т.зв. «Слаўная рэвалюцыя», якая скончылася перамогай апазіцыі і запрашэннем на прастол Вільгельма Аранскага (гл. Вільгельм III Аранскі). Паліт. сістэма, якая склалася ў Англіі, грунтавалася на кампрамісе паміж зямельнай арыстакратыяй і вярхамі буржуазіі: «Біль аб правах» (1689) канчаткова замацаваў у краіне рэжым канстытуцыйнай манархіі. З 1707 афіц. назва краіны — Злучанае каралеўства Вялікабрытаніі і Паўн. Ірландыі. На працягу 1-й пал. 18 ст. адбывалася абмежаванне каралеўскай улады і павелічэнне ролі парламента. Паступова аформіліся 2 паліт. партыі — вігі (выражалі інтарэсы радавітай арыстакратыі, звязанай з вярхамі буржуазіі) і торы (абапіраліся на зямельную арыстакратыю і кансерватыўнае дваранства), якія мелі свае фракцыі ў палаце абшчын. У пач. 18 ст. пераважалі кабінеты торы, у 1714—62 — вігаў, якія праводзілі палітыку пратэкцыянізму. У сярэдзіне 18 ст. росквіту дасягнуў мануфактурны капіталізм, завяршаўся аграрны пераварот, які вёў да размывання сялянства і ператварэнне яго ў наёмных рабочых. Прамысл. пераварот у сярэдзіне 18 ст. выклікаў глыбокія змены ў эканам., сац. і паліт. жыцці краіны. З 1825 пачалося буд-ва чыгунак, завяршылася фарміраванне ўнутр. рынку. На паліт. арэну выходзіла прамысл. буржуазія, якая стварыла самастойны паліт. рух — бурж. радыкалізм. Яго асн. патрабаванні — выбарчая рэформа і адмена пратэкцыянізму. З 2-й пал. 18 ст. сістэматычны характар прынялі выступленні рабочых. У канцы 18 — пач. 19 ст. шырокі размах набыў рух разбуральнікаў машын (лудзітаў), якія выступалі супраць укаранення ў вытв-сць машын, бо лічылі іх прычынай пагаршэння свайго становішча. Пачалося стварэнне прафсаюзаў — трэд-юніёнаў. Знешняя палітыка Вялікабрытаніі вызначалася актыўнай калан. экспансіяй. У выніку Сямігадовай вайны 1756—63 Вялікабрытанія расшырыла свае ўладанні за кошт Францыі і Іспаніі. У 1780-я г. яна пачала каланізацыю Аўстраліі, у пач. 19 ст. захоп тэрыторый у Афрыцы (Капская калонія). Аднак у выніку Вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 ад Вялікабрытаніі аддзяліліся яе паўн.-амер. калоніі. У канцы 18 ст. пад уплывам амер. і франц. рэвалюцый пачаўся ўздым англ. дэмакр. руху, які працягваўся з перапынкамі да 1830-х г. Англія ўдзельнічала ў вайне супраць рэв. Францыі і антыфранц. кааліцыях, гэта была вайна за калан. першынство і панаванне на сусв. рынках. Англа-ірландская унія 1801 знішчыла рэшткі аўтаноміі Ірландыі. У 1770—1830 краінай у асноўным кіравалі торы. Яны праводзілі палітыку рэпрэсій, прынялі шэраг антыдэмакр. законаў: увялі «хлебныя законы» (1815), якія выклікалі рост цэн. Аднак паступова на палітыку краіны ўсё больш сталі ўплываць памяркоўныя торы, якія імкнуліся прыстасавацца да новых умоў жыцця, больш лічыцца з інтарэсамі буржуазіі (урад Піта Малодшага). У пач. 19 ст. ўрад торы заклаў асновы фабр. заканадаўства, правёў некаторыя рэформы. Вігі пераарыентаваліся на прамысл. буржуазію і сталі на абарону прынцыпаў лібералізму, што дапамагло ім у 1830 вярнуцца да ўлады. У 1832 яны правялі першую парламенцкую рэформу, паводле якой выбарчае права атрымала буйная і сярэдняя буржуазія. Пачалося ўзаконенне двухпартыйнай сістэмы, вігі і торы трансфармаваліся адпаведна ў лібералаў і кансерватараў. У 1830—40-я г. яны па чарзе кіравалі краінай. Вігі-лібералы спрабавалі вырашыць некаторыя сац. праблемы: прынялі выгадны для буржуазіі закон «Пра бедных» (1834), пад націскам рабочага руху правялі закон аб 10-гадзінным рабочым дні для жанчын і падлеткаў (1847). Торы-кансерватары заставаліся апорай зямельнай арыстакратыі. Аднак ва ўладзе знаходзілася іх памяркоўнае крыло на чале з Р.​Пілем (піліты). Яны адмянілі «хлебныя законы» (1846), правялі некаторыя фабр. законы У канцы 1830 — пач. 1850-х г. барацьба брыт. рабочых вылілася ў масавы паліт. рух (чартызм), асн. патрабаваннем якога было ўсеагульнае выбарчае права. Венскі кангрэс 1814—15 замацаваў за Вялікабрытаніяй вядучую ролю ў міжнар. палітыцы, умацаваў яе пазіцыі на Еўрап. кантыненце. Брыт. ўрады будавалі сваю знешнюю палітыку на аснове прынцыпаў захавання «раўнавагі сіл» у Еўропе і свабоды дзеянняў. У сярэдзіне 19 ст. Вялікабрытанія завяршыла заваяванне Індыі, узмацніла свой уплыў на Б. і Д. Усходзе, абвастрыўшы тым самым англа-рус. адносіны, з 1840-х г. пачалося яе сістэм. пранікненне ў Кітай, т.зв. «опіумныя войны» (гл. Англа-кітайская вайна 1840—42). 1850—60-я г. — час абсалютнай манаполіі Вялікабрытаніі на сусв. рынку. К таму часу яна стала магутнай калан. імперыяй (больш падрабязна пра калан. палітыку Вялікабрытаніі гл. ў арт. Брытанская імперыя, Англа-афганскія войны, Англа-бірманскія войны, Англа-бура-зулуская вайна 1838—40, Англа-бурская вайна 1899—1902, Англа-майсурскія войны, Англа-маратхскія войны, Англа-сікхскія войны, Англа-франка-кітайская вайна 1856—60). Да сярэдзіны 19 ст. ў краіне завяршыўся прамысл. пераварот, па тэмпах росту на 1-е месца выйшла цяжкая прам-сць, расла канцэнтрацыя вытв-сці і капіталу, высокага агратэхн. ўзроўню дасягнула сельская гаспадарка. У адрозненне ад інш. краін у Вялікабрытаніі ўжо існавалі асн. бурж.-дэмакр. свабоды, былі легалізаваны рабочыя і дэмакр. арг-цыі. Эканам. перавага буржуазіі паскорыла ў 1850-я г. фарміраванне Ліберальнай партыі, якая аб’яднала вігаў, фрытрэдэраў, пілітаў. У 2-й пал. 19 ст. яна заняла пануючае становішча ў паліт. жыцці Вялікабрытаніі, значную ролю адыгрываў яе лідэр Г.​Дж.Пальмерстан. Вакол торы ўтварылася Кансерватыўная партыя Вялікабрытаніі, адным з самых уплывовых яе лідэраў быў Б.Дызраэлі. У 1867 кансерватары правялі дэмакр. выбарчую рэформу, паводле якой права голасу атрымалі дробная буржуазія і рабочая арыстакратыя. У 1868 у Вялікабрытаніі створана агульнанац. прафс. арг-цыя — Брытанскі кангрэс трэд-юніёнаў. У знешняй палітыцы Вялікабрытанія падтрымала рабаўладальнікаў Поўдня ў час Грамадзянскай вайны ў ЗША 1861—65, працягвала саперніцтва з Францыяй і Расіяй за панаванне ў Еўропе, на Б. і Д. Усходзе, выступіла супраць Расіі ў Крымскай вайне 1853—56, у выніку ўмацавала свае пазіцыі ў Асманскай імперыі. У апошняй трэці 19 ст. англ. капіталізм уступіў у новы этап развіцця, гал. рысай якога было ўзнікненне манаполій. Аднак працэс манапалізацыі ў Вялікабрытаніі ішоў больш павольна, чым у маладых капіталіст. краінах (ЗША, Германія). Устарэлая тэхн. база не дазваляла ўкараняць навейшыя дасягненні. Зніжаліся тэмпы росту прам-сці, намецілася адставанне Вялікабрытаніі ад інш. развітых краін. У 1880-я г. манаполія Вялікабрытаніі на сусв. рынку была страчана. Наяўнасць велізарнай калан. імперыі і вываз капіталу за рубеж сталі асн. рысамі англ. манапаліст. капіталізму. Вялікабрытанія ўмацавала свае пазіцыі ў Індакітаі, канчаткова захапіла Бірму (1886), Егіпет (1882), Судан (1890-я г.), устанавіла пратэктарат над Афганістанам (1879). У 1876 англ. каралева абвешчана імператрыцай Індыі. Вынікі 2-й выбарчай рэформы (1867) паказалі неабходнасць барацьбы і кансерватараў, і лібералаў за расшырэнне сваёй сац. апоры. З гэтай мэтай абедзве партыі ў канцы. 19 ст. праводзілі бурж.-дэмакр. рэформы. Ліберальныя кабінеты У.​Гладстана (1868—74, 1880—85, 1886, 1892—94) легалізавалі прафсаюзы (1871), расшырылі выбарчае права (1884), правялі адм. рэформы, якія аслабілі пазіцыі арыстакратыі ў дзярж. апараце і арміі. Імкнучыся ўзмацніць кантроль над рабочым насельніцтвам, якое павялічвалася, лібералы прынялі законы пра пач. адукацыю, што стала пачаткам буд-ва дзярж. сістэмы нар. асветы. Кансерватыўныя ўрады Дызраэлі (1874—80) і Р.​Солсберы (1885—86, 1886—92, 1895—1902) канчаткова ўзаконілі стачкі (1875), дэмакратызавалі мясц. кіраванне, прадоўжылі сістэматызацыю нар. асветы. Дэмакратызацыя выбарчай сістэмы выклікала перагрупоўку сіл кансерватараў і лібералаў.

Кансерватары пераарыентаваліся на буйных прамыслоўцаў. Лібералы перажывалі крызіс, у 1880-я г. адбыўся раскол іх партыі, выкліканы ірландскай праблемай. У канцы 19 ст. пачалі стварацца масавыя трэд-юніёны, узнікалі сацыяліст. арг-цыі. у 1900 утварылася агульнанац. рабочая партыя — К-т рабочага прадстаўніцтва (з 1906 Лейбарысцкая партыя Вялікабрытаніі).

З канца 19 ст. тэмпы эканам. росту Вялікабрытаніі запаволіліся, па аб’ёме вытв-сці яна пачала адставаць ад ЗША і Германіі. У пач. 20 ст. абвастрыліся супярэчнасці з Германіяй з-за рынкаў збыту і панавання на моры. Сац. напружанасць вымусіла кіруючыя колы Вялікабрытаніі пайсці на пэўныя ўступкі працоўным і ў адносінах да заморскіх тэр.: правы дамініёнаў атрымалі Канада (1867), Аўстралійскі Саюз (1901), Новая Зеландыя (1907). Абвастрэнне англа-герм. супярэчнасцей садзейнічала ўрэгуляванню адносін Вялікабрытаніі з Францыяй і Расіяй. Падпісанне англа-французскага пагаднення 1904 і англа-рускага 1907 (гл. Англа-расійскія пагадненні 1873, 1885, 1907) заклала асновы ваен. саюзу Антанты. У 1-й сусв. вайне Вялікабрытанія шырока выкарыстоўвала матэрыяльныя рэсурсы сваіх калоній. Упершыню былі ўведзены воінская павіннасць, ваен. рэжым. У выніку вайны Вялікабрытанія атрымала частку б. герм. і тур. уладанняў у Афрыцы і Азіі. Германія перастала быць яе асн. сапернікам на сусв. рынках, у калоніях і на моры. Але вайна каштавала Вялікабрытаніі амаль трэці нац. багацця, яна страціла частку рынкаў і вядучую ролю ў сусв. гандлі, аслаблі яе міжнар. фінансавыя пазіцыі. Узмацніўся нац.-вызв. рух у калоніях і рабочы рух у метраполіі. Брыт. ўрад быў адным з гал. арганізатараў узбр. інтэрвенцыі супраць Сав. Расіі, што выклікала масавы рух «Рукі прэч ад Расіі!». Правал інтэрвенцыі вымусіў урад пайсці на сав.-англ. перагаворы і падпісаць у 1921 гандл. пагадненне, што азначала прызнанне Сав. Расіі дэ-факта. На хвалі ўздыму барацьбы працоўных за свае правы ў 1920 ўзнікла кампартыя Вялікабрытаніі (КПВ), якая не стала значнай паліт. сілай у краіне (спыніла дзейнасць у ліст. 1991). Крызісныя з’явы вымусілі кіруючыя колы Вялікабрытаніі правесці шэраг рэформаў (выбарчае права для мужчын з 21 года, для жанчын з 30 гадоў, пашырэнне сістэмы сац. страхавання, абавязковае навучанне дзяцей да 14 гадоў, дзярж. дапамога ў вырашэнні жыллёвага пытання). Пасля 1-й сусв. вайны ліберальная партыя паступова выцяснялася з паліт. жыцця лейбарыстамі, якія ў 1924 і 1929—31 сфарміравалі ўрад на чале з Дж.Р.Макдональдам. Але гал. ролю ў міжваен. перыяд адыгрывала партыя кансерватараў, якая ў сваіх мэтах выкарыстоўвала кааліцыю з нацыянал-лейбарыстамі і нацыянал-лібераламі (1931—39). Эканоміка Вялікабрытаніі развівалася марудна з-за тэхн. адсталасці прам-сці (асабліва вядучых галін — вуглездабыўной, металургічнай, машынабуд.), абумоўленай недахопам капіталаўкладанняў. Узмацнілася і канкурэнцыя з боку ЗША і інш. краін. Спроба мадэрнізаваць прам-сць і павысіць яе эфектыўнасць за кошт працоўных выклікала супраціўленне прафсаюзаў. Усеагульная стачка 1926 скончылася паражэннем і новым наступленнем на заваёвы працоўных. У час сусв. эканам. крызісу 1929—33 у Вялікабрытаніі ўзмацніліся бурж.-рэфармісцкія тэндэнцыі. Умяшанне дзяржавы ў эканоміку вялося амаль выключна ўскоснымі метадамі рэгулявання фін.-крэдытнай сферы. Але для барацьбы з рабочым рухам урад часцей прыбягаў да рэпрэсій, чым да рэформаў. Разам з тым у Вялікабрытаніі рабочыя мелі значныя сац. заваёвы. У абставінах абвастрэння адносін з дамініёнамі англ. ўрад пашырыў іх правы і перайшоў да палітыкі поўнага пратэкцыянізму (гл. Англа-трансіарданскія дагаворы 1928, 1946, 1948, Вестмінстэрскі статут 1931). У знешняй палітыцы Вялікабрытаніі ў міжваен. перыяд пераважалі антысав. тэндэнцыі, імкненне наладзіць адносіны з Германіяй, утаймаваць агрэсара. Таму ўрад Н.​Чэмберлена (1937—40) падпісаў Мюнхенскае пагадненне 1938, не прыклаў намаганняў для стварэння сістэмы калектыўнай бяспекі ў Еўропе. Пасля нападу Германіі на Польшчу Вялікабрытанія разам з Францыяй 3.9.1939 уступіла ў вайну, але не вяла актыўных дзеянняў. Канец «дзіўнай вайне» паклала ў крас. 1940 агрэсія Германіі ў Даніі і Нарвегіі. Пасля капітуляцыі Францыі (22.6.1940) Вялікабрытанія засталася сам-насам з Германіяй. Пасля адстаўкі Чэмберлена з мая 1940 урад узначаліў У.Чэрчыль, які асэнсаваў глыбіню нацысцкай пагрозы і арганізаваў абарону Брытаніі. Значную матэрыяльную дапамогу Вялікабрытаніі аказалі ЗША. 12.7.1941 СССР і Вялікабрытанія заключылі пагадненне пра сумесныя дзеянні ў вайне супраць Германіі, а 26.5.1942 — Дагавор аб саюзе ў вайне супраць гітлераўскай Германіі і яе сатэлітаў у Еўропе, аб супрацоўніцтве і ўзаемадапамозе пасля вайны тэрмінам на 20 гадоў, англа-савецка-іранскі дагавор 1942. Нягледзячы на саюзныя абавязацельствы, Вялікабрытанія адцягвала адкрыццё 2-га фронту ў Зах. Еўропе. У 2-й сусв. вайне Вялікабрытанія панесла меншыя чалавечыя ахвяры (каля 300 тыс. чал.), чым у 1914—18. Значна большымі былі матэрыяльныя страты — 8,5 млрд. фунтаў стэрлінгаў. Унутр. і знешняя дзярж. запазычанасць патроілася. Аслаблі пазіцыі Вялікабрытаніі і на сусв. рынку, яе цяснілі ЗША. Значная частка залатога запасу Вялікабрытаніі перамясцілася ў амер. банкі, рэзка вырас дэфіцыт яе плацежнага балансу. Узмацніўся рух за нац. незалежнасць калан. краін. Эканоміка Вялікабрытаніі пасля вайны развівалася нізкімі тэмпамі. Асабліва ў 1950-я г. ва ўмовах нарастання навук.-тэхн. прагрэсу, узмацнення інтэграцыйных працэсаў у Зах. Еўропе і распаду калан. сістэмы. У сярэдзіне 1960-х г. Вялікабрытанія саступіла 2-е месца па развіцці ФРГ, а ў 1970-я г. яе абышлі Японія і Францыя. Значныя страты эканоміцы нанеслі крызісы 1974—75 і 1980—82. Да 1986 узровень беспрацоўя не апускаўся ніжэй за 3 млн. чал. (13—14% працаздольнага насельніцтва). Эканам. цяжкасці былі абумоўлены адставаннем Вялікабрытаніі ад многіх краін па ўзроўні прадукцыйнасці працы, нерацыянальным выкарыстаннем інвестыцый, недастатковым укараненнем дасягненняў навук.-тэхн. прагрэсу, вял. ваен. выдаткамі, імкненнем захаваць свой уплыў у краінах Брыт. садружнасці.

З канца вайны хутка рос паліт. ўплыў лейбарысцкай партыі. У 1945 прыняты маніфест «Тварам да будучыні», у якім ставілася мэта стварыць сацыяліст. садружнасць Вялікабрытаніі шляхам эвалюцыі ў рамках змешанай эканомікі ў бок павелічэння ў ёй ролі дзярж. маёмасці, абвешчана шырокая сац. праграма. Лейбарысты выказваліся за захаванне саюзу з СССР і ЗША. Іх урады (у 1945—51 К.Этлі, у 1964—70 і 1974—76 Г.Вільсана, у 1976—79 Дж.Калагэна) нацыяналізавалі Англ. банк, вугальную, газавую, сталеліцейную, электраэнергетычную прам-сць, чыгунку, сродкі сувязі, шэраг авіякампаній, радыё, тэлебачанне і інш. Дзяржава выплаціла ўладальнікам гэтых прадпрыемстваў буйныя кампенсацыі і затраціла вял. сродкі на іх мадэрнізацыю. Каб зберагчы прыбыткі манаполій, быў прыняты план Маршала, уведзена новая сістэма сац. страхавання, палепшана сістэма адукацыі, адменены антыпрафсаюзны закон 1927. У 1965 упершыню прыняты 5-гадовы «нац. эканам. план». Імкнучыся стрымаць рост заработнай платы, спыніць забастоўкі, увесці арбітраж пры працоўных канфліктах, урад Вільсана ў 1975 дамогся «сац. кантракта» паміж трэд-юніёнамі і ўрадам: прафсаюзы абавязаліся на 2 гады абмежаваць павелічэнне зарплаты 10% у год, што стала асновай антыінфляцыйнай палітыкі.

Кансерватары, якія знаходзіліся ва ўладзе у 1915—55 (Чэрчыль), 1955—57 (А.Ідэн), 1957—63 (Г.Макмілан), 1963—64 (А.Дуглас-Х’юм), 1970—74 (Э.Хіт), 1979—90 (М.Тэтчэр) і з 1990 (Дж.Мэйджар), прызналі рэформы лейбарыстаў, але абмежавалі іх маштабы. У аснове іх эканам. палітыкі была дэнацыяналізацыя ў інтарэсах прыватнага капіталу. Яны адмянілі кантроль над платай за жыллё, павялічылі ўзносы працоўных у фонд нац. службы аховы здароўя; у 1962 стварылі Нац. савет эканам. развіцця, які распрацоўваў рэкамендацыйныя планы развіцця эканомікі, абмежавалі рост заработнай платы 2,5%. У 1971 урад Хіта прыняў закон «аб адносінах у прамысловасці», які прымушаў прафсаюзы рэгістравацца ў спец. органах дзярж. нагляду, забараніў стачкі салідарнасці і паліт. выступленні трэд-юніёнаў, што выклікала пратэсты рабочых. У 1960 кансерватары стварылі Еўрап. асацыяцыю свабоднага гандлю. Найб. выніковай была дзейнасць урада Тэтчэр, якая праводзіла палітыку радыкальнай перабудовы эканомікі на прынцыпах неакансерватызму. Праведзены шэраг мер па ліквідацыі інфляцыі, дэнацыяналізацыя і прыватызацыя, заахвочвалася прыватна-прадпрымальніцкая ініцыятыва, у т. л. дробны бізнес, скарачалася падаткаабкладанне асабістых прыбыткаў. Разам з гэтым пачалося наступленне на прафсаюзы. Тэмпы эканам. росту ў Вялікабрытаніі перавышалі ўсе еўрап. паказчыкі, створана больш рабочых месцаў, чым у краінах ЕЭС, разам узятых. Рэзка павялічылася колькасць акцыянераў (11 млн. чал.) і ўладальнікаў прыватнага жылля (60% сем’яў). У 1980-я г. змянілася аблічча брыт. мадэлі дзярж.-манапаліст. капіталізму. Гэта выявілася ў скарачэнні дзярж. сектара пры павышэнні яго эфектыўнасці, у выкарыстанні пераважна крэдытна-фін. метадаў дзярж. рэгулявання, у дзярж. стымуляванні развіцця эканомікі на базе перадавых навукаёмістых тэхналогій і інш. Ва ўмовах эканам. крызісу 1990—92 карэктывы ў палітыку ўнёс урад Мэйджара. Ён адмовіўся ад рэзкага скарачэння сац. выдаткаў, адмяніў непапулярны падушны падатак. З 1994 пачаўся рост поўнай занятасці, хоць беспрацоўе яшчэ захоўвалася на ўзроўні 8,4%. Мэйджар працягвае курс на частковы дэмантаж дзярж. сістэмы сац. абароны, праводзіць няўхільную лінію на зніжэнне кошту рабочай сілы. Праўленне кансерватараў адзначана жорсткім курсам у адносінах да Паўн. Ірландыі (Ольстэр). У 1970 спынена дзейнасць заканад. сходу Ольстэра і ўведзена прамое праўленне Лондана. У 1985 Тэтчэр падпісала пагадненне з Ірландскай Рэспублікай аб кіраванні справамі Паўн. Ірландыі. У 1995—96 дасягнута дамоўленасць аб правядзенні выбараў у Асамблею Ольстэра, а ў чэрв. 1996 пачаліся перагаворы з удзелам усіх зацікаўленых бакоў пры ўмове, што Ірландская рэсп. армія (ІРА) адмовіцца ад тэрору.

Знешняя палітыка лейбарыстаў і кансерватараў пасля 2-й сусв. вайны была прасякнута духам «халоднай вайны»: мацаваліся адносіны з ЗША, Вялікабрытанія ўдзельнічала ў стварэнні сістэмы ваен.-паліт. саюзаў, вяла «малыя» каланіяльныя войны ў Малаі, Угандзе, Нігерыі і інш., адыграла значную ролю ў суэцкай авантуры 1956 і інш. (гл. Англа-егіпецкі дагавор 1936, Англа-егіпецкае пагадненне 1954). Пад націскам нац.-вызв. руху Вялікабрытанія вымушана была пайсці на прызнанне незалежнасці б. калоній. У 1949 адменены Вестмінстэрскі статут 1931 (аб вернасці кароне); манарх прызнаны сімвалам свабоднай асацыяцыі незалежных нацый у рамках брыт. Садружнасці. Рэцыдывам імперскай свядомасці стаў англа-аргенцінскі канфлікт 1982. У 1952 Вялікабрытанія выпрабавала атамную, у 1957 — вадародную бомбу. Рашэнне аб’яднаць ядз. сілы з амер. ў рамках агульных ваен. стратэгічных планаў і размяшчэнне амер. ракет на брыт. тэр. выклікалі антыядзерны рух у краіне. З 1960-х г. узмацнілася еўрап. арыентацыя брыт. знешняй палітыкі. У 1973 Вялікабрытанія ўступіла ў ЕЭС, у 1975 падпісала Заключны акт Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ). У 1980-я г. Вялікабрытанія першая з зах. краін падтрымала працэс перабудовы ў СССР. Дасягнута дамоўленасць з КНР аб перадачы ёй ў 1997 Ганконга. У 1990 разам з СССР, ЗША і Францыяй падпісала з ГДР Дагавор аб канчатковым урэгуляванні адносін з Германіяй, аб спыненні дзеяння чатырохбаковых пагадненняў аб Берліне і ўсёй Германіі, заключаных пасля 2-й сусв. вайны. Вялікабрытанія — чл. ААН з 1945, пастаянны чл. Савета Бяспекі ААН, чл. Еўрапейскага Саюза, Савета Еўропы, НАТО і інш. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь з 1992. Гл. таксама раздзел Гісторыя ў арт. Паўночная Ірландыя, Уэльс, Шатландыя.

Палітычныя партыі і прафсаюзы.

Кансерватыўная партыя, Лейбарысцкая партыя Вялікабрытаніі, Ліберальна-дэмакр. партыя. Дзейнічае 413 прафсаюзаў, найбуйнейшае аб’яднанне — Брытанскі кангрэс трэд-юніёнаў. У Шатландыі і Уэльсе свае праф. аб’яднанні — Шатландскі кангрэс трэд-юніёнаў і Уэльскі кангрэс трэд-юніёнаў.

Гаспадарка. Вялікабрытанія — высокаразвітая індустрыяльная краіна (7-е месца ў свеце па вытв-сці прамысл. прадукцыі). Доля ў валавым унутр. прадукце (ВУП): прам-сці каля 40%, сельскай гаспадаркі каля 2, гандлю каля 6, транспарту каля 7, будаўніцтва каля 6%. Дзяржава кантралюе кам.-вуг. прам-сць, эл.-энергетыку, чыг. транспарт, нац. банк, чорную металургію, некаторыя кампаніі апрацоўчай прам-сці. З 1980-х г. узяты курс на дэнацыяналізацыю, продаж дзярж. прадпрыемстваў і скарачэнне дзярж. сектара. Прамысловасць дае 90% экспарту. Вугальная прам-сць — старэйшая ў краіне. У 1992 кам. вугалю здабывалася 87 млн. т, бурага 10 млн. т. Асн. раёны здабычы — Йоркшырскі (60%), Нортамберленд-Дарэмскі, Паўднёва-Уэльскі. Здабыча нафты 87 млн. т, прыроднага газу — 48 млрд. м³ на шэльфе Паўн. мора. Нафтаперапр. прам-сць у прыморскіх і прамысл. раёнах (26 з-даў агульнай магутнасцю 123 млн. т за год). Вытв-сць эл.-энергіі 327 млрд. кВтгадз (1992), у т. л. на ЦЭС 77,8%, АЭС 16,2, ГЭС 6%. Чорная металургія працуе на ўласным паліве і імпартнай жал. рудзе. Пераважае кіслародна-канвектарны спосаб і электраплаўка. Выплаўляецца 16,2 млн. т сталі (1992). Асн. металург, з-ды ў прыбярэжных раёнах: Паўд. Уэльс, Тайнсайд, Шатландыя; высакаякасныя сталі — у раёне Шэфілда, яе асн. вытворца — дзярж. кампанія «Брытыш стыл». Каляровая металургія працуе амаль цалкам на прывазной сыравіне, яе прадпрыемствы размешчаны пераважна ў партовых гарадах эстуарыя Тэмзы, Паўд. Уэльса, Ланкашыра. Алюміній выпускаюць з-ды на ПнУ і на в-ве Англсі. Апрацоўка каляровых металаў сканцэнтравана ў буйных цэнтрах машынабудавання, якое дае 40% кошту прамысл. прадукцыі і ​1/3 экспарту. Вылучаецца агульнае машынабудаванне (комплекснае, дарожнае, пагрузачна-разгрузачнае, пад’ёмна-транспартнае, с.-г., станкі і прылады), электроннае (ЭВМ і мікраэлектронныя элементы), транспартнае (рухомы састаў чыгунак, судна-, аўтамабіле- авіяракетабудаванне). Вытв-сць легкавых аўтамабіляў — 1291 тыс. (1992): асн. кампаніі «Форд», «Джэнерал мотарс», «Брытыш Лейленд мотар». Асн. цэнтры разнастайнага машынабудавання — Брысталь, Вял. Лондан, Дэрбі, стаканабудавання — Ковентры, Лестэр, Бірмінгем, прыладабудавання — Вял. Лондан, Бірмінгем, вытв-сці тэкстыльных машын — Ланкашыр, Йоркшыр, Усх. Мідленд, цяжкага машынабудавання — металургічныя цэнтры ПнУ Англіі і Клайдсайда, аўтамабілебудавання — Бірмінгем, Ковентры, Вял. Лондан, Лутан, Оксфард, Ланкашыр, суднабудавання — Клайдсайд, ПнУ Англіі, Белфаст. У аснове хім. прам-сці — вытв-сць сернай кіслаты, хлору, соды, мінер. угнаенняў, разнастайнай прадукцыі: сінт. валокнаў, пластмас, фарбавальнікаў, мыйных сродкаў, аграхімікатаў, фармацэўтычных тавараў і інш. Асн. раёны хіміі: ПдУ (Вял. Лондан — тонкая хімія і фармацэўтыка, Фолі — нафтахімія), Ланкашыр (асн. хімія і нафтахімія), ПнУ (комплекс вытворчасцей арган. і неарган. хіміі, цэнтр г. Білінгем), сярэдняя Шатландыя (нафтахімія — г. Грэйнджмут), Паўд. Уэльс (нафтахімія — каля г. Суонсі), ПдУ і Йоркшыр (мінер. ўгнаенні). Тэкст. прам-сць — старэйшая экспартная галіна, але былое сваё значэнне страціла. Асн. раён баваўнянай прам-сці — Ланкашыр, шарсцяной — Йоркшыр, трыкатажнай — Усх. Мідленд, ільняной — Паўн. Ірландыя. Разнастайная вытв-сць тканін з хім. валокнаў. Добра развіты швейная і абутковая прам-сць. Усюды развіта харч. прам-сць, якая перапрацоўвае мясц. сыравіну, у партовых гарадах — імпартную.

Сельская гаспадарка высокамеханізаваная, інтэнсіўная, забяспечвае больш за 80% патрэбы краіны ў харч. прадуктах. Больш за палову зямлі належыць буйным фермам (больш за 100 га), якія даюць асн. ч. таварнай прадукцыі. Гал. галіна — малочная і мясная жывёлагадоўля (70% кошту с.-г. прадукцыі), добра забяспечаная натуральнымі сенажацямі і пашамі (70% с.-г. зямель), кармавымі культурамі (​1/3 пасяўной плошчы) і імпартным фуражом. У 1994 (млн. галоў): буйн. раг. жывёлы 12, свіней (пераважна беконных) 7,7, авечак 43, птушкі 127. У раслінаводстве пераважаюць збожжавыя культуры (​3/5 ворыва, збор 22,5 млн. т у 1993). Гал. культуры — ячмень і пшаніца, вырошчваюць кукурузу, бульбу, цукр. буракі. Развіта агародніцтва, садоўніцтва, парніковая гаспадарка, кветкаводства. Сярэдняя ўраджайнасць пшаніцы больш за 60 ц/га, ячменю — 48 ц/га, цукр. буракоў — 350 ц/га, бульбы — 340 ц/га. Марское і рачное рыбалоўства. Гал. жытніца краіны — Усх. Англія і ПдУ.

Гал. від транспарту — марскі (больш за 90% грузаабароту). Танаж марскога флоту 19,2 млн. бр. рэг. т (1994). Найб. марскія парты (1994): Лондан (каля 80 млн. т, 40% экспарту і 25% імпарту краіны), Ліверпул, Мілфард-Хейвен, Саўтгемптан, Манчэстэр, Глазга, Хал (Гуль), Брысталь. Даўж. чыгунак 16,9 тыс. км (1994), у т. л. 4,5 тыс. км электрыфікавана. Гал. чыг. вузел — Лондан (11 промняў). Тунэль пад Ла-Маншам і паромныя пераправы звязваюць чыгункі Вялікабрытаніі і мацерыковай Еўропы. Аўтатранспарт (22 млн. аўтамабіляў, у т. л. 17 млн. легкавых) ажыццяўляе б.ч. ўнутр. грузаперавозак і 90% пасажыраперавозак. Даўж. шашэйных дарог 363 тыс. км. З унутр. водных шляхоў (даўж. 2,3 тыс. км) найб. значэнне маюць р. Тэмза і Манчэстэрскі канал. У краіне 933 км нафтаправодаў, 2993 км нафтапрадуктаправодаў, 12,8 тыс. км газаправодаў. Працуе 385 аэрапортаў, найбуйнейшыя каля Лондана, Манчэстэра, Глазга. Асн. гандл. партнёры — краіны Еўрап. супольнасці (45% знешнегандл. абароту), асабліва ФРГ і Францыя, а таксама краіны Садружнасці і ЗША. Доля Вялікабрытаніі ў сусв. экспарце — каля 9% (5-е месца ў свеце). Вывозяцца нафта і нафтапрадукты, машыны і абсталяванне, аўтамашыны, сталь, прадукцыя хім. прам-сці, тэкстыль. На долю Вялікабрытаніі прыпадае больш за 80% сусв. экспарту віскі, 44,5% авіяц. рэактыўных рухавікоў, больш за 28% штучных валокнаў. Імпарт: бавоўна, руды металаў, сера, фасфарыты, натуральны каўчук, шэрсць, харч. тавары. Вялікабрытанія — буйны экспарцёр капіталу (2-е месца ў свеце пасля ЗША). Турызм дае 4% ВУП, занята больш за 1 млн. чал. Грашовая адзінка — фунт стэрлінгаў.

Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск (арміі), ВПС і ВМФ, якія знаходзяцца ў стане рэфармавання (да 2000 года). У канцы 1994 налічвалі 254,3 тыс. чал. (376,2 тыс. рэзервістаў). Камплектуюцца з добраахвотнікаў. Вярх. галоўнакамандуючы — манарх. Сухап. войскі (1995) налічваюць 119 тыс. чал., размешчаны ў метраполіі (механізаваная і бранятанкавая дывізіі, 15 асобных пях. брыгад і інш.), ФРГ (23 тыс. чал., уваходзяць у склад «сіл хуткага разгортвання» НАТО) і на заморскіх тэрыторыях, у т. л. 2 пях. батальёны на Кіпры, па аднаму пяхотнаму батальёну ў Брунеі, Белізе, на Фалклендскіх а-вах, у Ганконгу (пях. брыгада, да 1997). Паводле дагавора аб звычайных узбр. сілах у Еўропе яны маюць на ўзбраенні да 1015 танкаў, 636 гармат палявой артылерыі, 384 баявых верталётаў, 3176 баявых браніраваных машын. У ВПС (1995) 75,7 тыс. чал., больш за 320 баявых самалётаў і 159 верталётаў. ВМФ (1994) найбуйнейшы ў Зах. Еўропе — 53 600 чал., 113 баявых караблёў (4 атамныя ракетныя, 13 атамных мнагамэтавых і 5 дызельных падводных лодак, 3 лёгкія авіяносцы, 12 эскадраных мінаносцаў, 26 фрэгатаў, 10 патрульных, 33 мінна-тральныя, 7 дэсантных) і 20 патрульных катэраў.

Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 74, у жанчын 80 гадоў. Смяротнасць 11 на 1 тыс. чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 146 чал., урачамі — 1 тэрапеўт на 611 чал. Узровень нараджальнасці 13 на 1 тыс. чал. Дзіцячая смяротнасць 7 на 1 тыс. нованароджаных (1994).

Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі Вялікабрытаніі грунтуецца на актах аб адукацыі 1944 (Англія і Уэльс), 1945 (Шатландыя) і 1947 (Паўн. Ірландыя). У Англіі і Уэльсе яна складаецца з 3 ступеняў: 1-я — пач. адукацыя, 2-я — сярэдняя, 3-я — далейшая і універсітэцкая адукацыя. Абавязковая адукацыя для дзяцей ва ўзросце 5—16 гадоў. Існуе дзярж. сістэма нар. адукацыі (93% навучэнцаў) і прыватная (7%). Дзярж. сістэма — дашкольныя ўстановы (для дзяцей да 5 гадоў), пач. школы (5—11 гадоў), сярэднія школы (11—16 гадоў — няпоўныя, да 18 гадоў — поўныя). Сярэднюю адукацыю вучні атрымліваюць, як правіла, у аб’яднаных школах (да іх прымыкаюць школы з прамежкавай ступенню). Захоўваюцца і традыц. тыпы сярэдніх школ: граматычныя і сучасныя, ёсць нязначная колькасць сярэдніх тэхн. школ. Формы і метады навучання ў розных тыпах школ неаднолькавыя. Пасля заканчэння сярэдняй школы вучні здаюць экзамены звычайнага ўзроўню, якія даюць магчымасць паступаць у навуч. ўстановы сістэмы далейшай адукацыі, або экзамены павышанага ўзроўню, якія замяняюць уступныя выпрабаванні ва ун-т і інш. ВНУ. Вучні, якія не здавалі выпускных экзаменаў (каля 30%), пакідаюць школу ва ўзросце 16 гадоў. Далейшая адукацыя (для асоб ва ўзросце больш за 16 гадоў) уключае агульнаадук., прафес. і тэхн. навуч. ўстановы рознага ўзроўню, установы для адукацыі дарослых, некаторыя ВНУ (усе віды вышэйшай адукацыі ў Англіі і Уэльсе, за выключэннем універсітэцкай, належаць да ступені далейшай адукацыі). Ун-ты традыцыйна не належаць да сістэмы далейшай адукацыі, да іх далучаюцца некаторыя спец. каледжы вышэйшай адукацыі, якія маюць курсы, што даюць магчымасць выпускнікам здаваць экзамены на атрыманне вучонай ступені або дыплома аб вышэйшай адукацыі (тэхн., маст. і інш.). Школьная сістэма Шатландыі будуецца на ўзор англійскай, аднак у пач. школах тэрмін навучання 7 гадоў, у сярэдніх — 6. Асноўны тып сярэдняй школы — аб’яднаная школа. Ёсць нязначная колькасць прыватных школ. Сярэднюю прафес. адукацыю даюць дзённыя і вячэрнія каледжы на базе няпоўнай сярэдняй школы, вышэйшую — цэнтр. ін-ты (на базе поўнай сярэдняй школы). У Паўн. Ірландыі паводле закону 1947 створана сістэма адукацыі на ўзор англійскай.

На 1.1.1996 у Вялікабрытаніі 29 900 дзярж. агульнаадук. школ, 1800 спецыялізаваных, 2500 прыватных (ва ўсіх відах школ навучалася больш за 9 млн. навучэнцаў); больш за 90 ун-таў (1 млн. 541 тыс. студэнтаў). Буйнейшыя ун-ты: Оксфардскі універсітэт, Кембрыджскі універсітэт, Лонданскі універсітэт, ун-т у Глазга (з 1451), Абердзінскі (з 1495), Эдынбургскі (з 1583), Дарэмскі (з 1832), Каралеўскі ун-т у Белфасце (з 1845), ун-т Уэльса ў Кардыфе (з 1893), Ольстэрскі ун-т у Калрэйне (з 1984). У 1988 статус ун-таў атрымалі 47 ін-таў, заснаваны ун-т і Каралеўскі каледж мастацтваў. Буйнейшыя б-кі: Брытанская бібліятэка ў Лондане, б-ка Оксфардскага ун-та (з 1602), б-ка Кембрыджскага ун-та, Нац. б-ка Уэльса ў Кардыфе (з 1907), Публічная б-ка Ланкашыра (з 1924), Нац. б-ка Шатландыі ў Эдынбургу (з 1682), б-кі Эдынбургскага і Лонданскага ун-таў. Найб. музеі: Брытанскі музей (з 1753), Брытанскі музей прыродазнаўчай гісторыі, Навуковы музей (з 1857; мае унікальную калекцыю машын), Лонданскі музей (з 1912), Нац. галерэя (з 1824), Музей Вікторыі і Альберта (з 1852), Галерэя Тэйт (з 1897), Нац. партрэтная галерэя (з 1857) — усе ў Лондане; Нац. музей Уэльса ў Кардыфе (з 1907), мемарыяльны музей Шэкспіра ў г. Стратфард-он-Эйван; Шатландскі каралеўскі музей (з 1854), Нац. галерэя Шатландыі (з 1859), Нац. музей шатландскіх выдатнасцей (з 1780) — усе ў Эдынбургу. Навукова-даследчую работу ў Вялікабрытаніі праводзяць ун-ты, Лонданскае каралеўскае т-ва, Грынвіцкая астр. абсерваторыя, Савет даследаванняў па грамадскіх навуках, галіновыя дэпартаменты і навук. цэнтры, а таксама каап. асацыяцыі, фірмы, прыватна-прамысл. лабараторыі і інш.

Друк, радыё, тэлебачанне. Вялікабрытанія займае адно з вядучых месцаў у свеце па насычанасці прэсай. Выходзіць каля 160 штодзённых і нядзельных газет, 1300 штотыднёвых, 7,5 тыс. інш. перыяд. выданняў (1992). Найб. уплывовыя газеты: «The Daily telegraph and morning post» («Штодзённы тэлеграф і ранішняя пошта», з 1855); «Daily express» («Штодзённы экспрэс», з 1900), «Daily mail» («Штодзённая пошта», з 1896), «Sunday times» («Нядзельны час», з 1822), «The Times» («Час», з 1785), «Daily mirror» («Штодзённае люстэрка», з 1903), «Sunday mirror» («Нядзельнае люстэрка», з 1915), «The People» («Народ», з 1881), «Tribune» («Трыбуна», з 1937), «The Observer» («Аглядальнік», з 1791). У Вялікабрытаніі няма афіц. цэнзуры, дзейнасць сродкаў масавай інфармацыі рэгулюецца заканад. актамі. Амаль усе газеты ў фінансавых адносінах незалежныя ад паліт. партый і праводзяць самаст. рэдакцыйную палітыку. Вядучыя інфармацыйна-тэлеграфныя агенцтвы: Рэйтэр (Reuter), Прэс Асашыэйшэн (The Press Association), Эксчэйндж Тэлеграф (The Exchange Telegraph). Рэгулярнае радыёвяшчанне з 1922. Радыё- і тэлевяшчанне вядзецца пераважна 2 буйнымі агульнанац. арг-цыямі: «Брытыш бродкастынг карпарэйшэн» (Бі-бі-сі) «і Індэпэндэнт бродкастынг асорыты» (Ай-бі-эй). Дзейнічае некалькі дробных радыёкампаній, якія вядуць вяшчанне на асобныя рэгіёны краіны. Тэлевяшчанне (2 агульнанац. і 10 рэгіянальных праграм) вядзецца Бі-бі-сі і 16 прыватнымі тэлекампаніямі, якія адносяцца да Ай-бі-эй. Тэлеслужба Бі-бі-сі (з 1936) вядзе перадачы па 2 каналах (Бі-бі-сі I ахоплівае 99% насельніцтва Вялікабрытаніі, Бі-бі-сі II — 94%). Праграмы тэле- і радыёвяшчання трансліруюцца з дапамогай шырока развітых сетак наземнага, спадарожнікавага вяшчання і кабельнага тэлебачання. З некалькіх дзесяткаў спадарожнікаў розных краін і кампаній магчымы прыём больш за 100 тэле- і радыёпраграм (з іх каля 80 на англ. мове), практыкуюцца перадачы на некалькіх мовах з магчымасцю выбару любой з іх. Тэлепраграмы вядуцца па сістэмах каляровага тэлебачання PAL і SECAM; PAL plus і D2=MAC; MPEG. Мона- і стэрэафанічнае гукавое суправаджэнне перадаецца аналагавым і лічбавым спосабамі. Прыём вядзецца на індывідуальныя (76%) і калектыўныя (24%) антэны. Многія праграмы носяць агульнаеўрапейскі (BBC World, Euronews, Eurosport і інш.) і міжнародны (CNN) характар. Шырока практыкуецца паказ закадзіраваных праграм.

Літаратура. Вытокі л-ры Вялікабрытаніі ў багатым фальклоры англасаксаў, якія ў 5—6 ст. прыйшлі з кантынента і прынеслі з сабою герм. міфы і легенды, што вусна перадаваліся з пакалення ў пакаленне. З твораў нар. паэзіі англасаксаў зберагліся элегічныя паэмы «Бадзяга», «Скаргі Дэора», «Жальба жонкі», фрагмент эпічнай паэмы «Фінсбургская бітва». Пісьмовая л-ра ўзнікла ў 7 ст. Найб. стараж, помнікі гераічнага эпасу — паэмы «Беавульф» (напісана ў канцы 7 ст., захавалася ў рукапісе 10 ст.). Пасля ўвядзення хрысціянства з’явілася л-ра на лац. мове (Альдгельм, Беда Высокашаноўны, Алкуін), ствараліся рэліг. паэмы і на англасаксонскай мове (Кэдман, Кюневульф). Англасаксонская проза зарадзілася ў 9—11 ст. (кароль Альфрэд, Эльфрык, Вульфстан). Пасля заваявання Англіі нарманамі (11—13 ст.) развівалася трохмоўная л-ра: царк. творы на лац. мове, рыцарскія вершы і паэмы на франц., англ. паданні на англасаксонскай. Да сярэдзіны 14 ст. склалася агульнанац. англ. мова. Апошняй праявай літ. трохмоўя была творчасць Джона Гаўэра (паэма «Люстэрка роздуму», 1376—79, на франц. мове; «Марны лямант у пустыні», 1382, на лац.; «Гісторыя закаханага», 1390, выд. 1483, на англ.). Драм. падзеі часоў Сял. вайны пад кіраўніцтвам Уота Тайлера адлюстраваны ў творчасці У.​Ленгленда (паэма «Мроя аб Пятру-аратаю», 1362). Вяршыня л-ры класічнага сярэднявечча і прадвеснік рэнесансу ў Англіі — нац. эпас Дж.Чосера «Кентэрберыйскія апавяданні» (канец 14 ст.). Стогадовая вайна з Францыяй, вайна Пунсовай і Белай руж затрымалі развіццё л-ры Вялікабрытаніі. Сярод нямногіх помнікаў 15 ст. — выкладзеныя ў прозе легенды аб рыцарах Круглага стала (раман «Смерць Артура» Т.​Мэлары, апубл. ў 1485); развівалася нар. паэзія — балады легендарнага, гіст., драм. характару.

Спыненне феад. спрэчак і ўстанаўленне абсалютызму Цюдараў спрыялі адраджэнню л-ры. У пач. 16 ст. актыўна пранікаюць з кантынента на Брытанскія а-вы ідэі гуманізму. Т.​Мор стварыў новы ў еўрап. л-ры жанр рамана-утопіі («Утопія», 1516, на лац. мове; 1551, на англ. мове), а паэты-«петраркісты» — узоры англ. санета (зб. «Песні і санеты», 1557). З уступленнем на трон Лізаветы I гуманізм становіцца гал. кірункам у англ. л-ры. Вяршыняй эпічнай паэзіі стала паэма Э.Спенсера «Каралева фей» (1590), напісаная арыгінальнай страфой (спенсерава страфа). Зарадзіліся жанры махлярскага і прыгодніцкага раманаў, пастаральнай л-ры («Эўфуэс і яго Англія» Дж.​Лілі, 1580; «Аркадыя» Ф.​Сідні, 1590, «Вопыты і павучанні» Ф.​Бэкана, 1597—1625). Тэарэт. маніфестам англ. рэнесансу ў л-ры стала «Абарона паэзіі» Сідні (1581, апубл. 1595). У драматургіі аб’яднанне традыцый нар. т-ра з «вучонай» драмай ажыццявілі К.Марла, Р.​Грын, Т.​Кід, Лілі. Найвышэйшае дасягненне англ. драматургіі — творчасць У.Шэкспіра. Завяршаюць перыяд росквіту англ. драматургіі Б.Джонсан, Т.​Хейвуд, Т.​Дэкер, Ф.​Бомант і Дж.​Флетчэр.

Да буйнейшых з’яў л-ры 17 ст. належыць «метафізічная школа» паэтаў (Дж.​Дон, Дж.​Херберт), лірыка кавалераў (Э.​Марвел), алегарычны раман «Шлях паломніка» Дж.​Беньяна, паэзія і драматургія Дж.​Драйдэна, класіцыстычная камедыя нораваў (У.​Уічэрлі, У.​Конірыў, Дж.​Этэрыдж, Дж.​Ванбру, Дж.​Фаркер). Паэма Дж.​Мільтана «Страчаны рай» пазначыла пераход ад гуманізму да асветніцкай ідэалогіі. У 18 ст. ў рэчышчы англ. Асветніцтва развівалася некалькі літ. кірункаў: класіцызм (паэмы А.​Попа), рэалізм (раманы Дж.Свіфта, Д.Дэфо, Г.Філдынга, Т.​Дж.Смолета) і сентыменталізм (раманы С.​Рычардсана, О.Голдсміта, Л.Стэрна, паэзія Э.​Юнга, Т.​Грэя). Драматургію 18 ст. прадстаўляюць жанры класіцыстычнай трагедыі («Катон» Дж.​Адысана), «баладнай оперы» («Опера жабракоў» Дж.​Гея), «мяшчанскай» драмы («Лонданскі купец» Дж.​Ліла). Майстрам асветніцкай камедыі быў Р.Б.Шэрыдан. Апазіцыйныя класіцызму літ. плыні і з’явы аб’яднаны паняццем перадрамантызму, калі адраджалася цікавасць да фальклору і нац. традыцый («Паэмы Асіяна» Дж.​Макферсана; «Брыстольская трагедыя» Т.Чатэртана, зб-кі нар. балад Т.​Персі, Дж.​Макдональда). У прозе перадрамантызм выявіўся ў раманах «жахаў і таямніц» Х.​Уолпала і Г.​Радкліф. Адраджэнне цікавасці да нар. паэзіі вызначыла шырокую папулярнасць шатл. паэта Р.Бёрнса. Пачатак рамантызму ў англ. л-ры звязваюць з выхадам у свет зб-ка «Лірычныя балады» У.Вордсварта і С.Т.Колрыджа, з творчасцю паэтаў «Азёрнай школы» (Вордсварт, Колрыдж, Р.​Саўці). Асобнае месца ў англ. рамантызме займае міфатворчасць У.Блейка. Малодшае пакаленне рамантыкаў прадстаўляе плеяда вял. паэтаў — Дж.Г.Байран, П.Б.Шэлі, Дж.Кітс. Жанр гіст. рамана стварыў В.Скот. Асобная роля ў працэсе пераходу ад рамантызму да рэалізму належыць творчасці сясцёр Бронтэ. Традыцыі асветніцкага дыдактычнага і сац.-псіхал. рэаліст. раманаў звязала Дж.​Осцін («Гордасць і прадузятасць»).

Росквіт прозы пісьменнікаў-рэалістаў прыпадае на 1830—60-я г. (Ч.Дзікенс, У.М.Тэкерэй, Э.Гаскел, Э.​Дж.​Булвер-Літан, Ш.​Бронтэ). Спалучэнне сац. праблематыкі з тонкім псіхал. аналізам у творчасці Дж.​Эліята («Млын на Флосе») і Дж.​Мерэдзіта («Эгаіст»). Псіхолагам, які апярэдзіў праблематыку 20 ст., быў «апошні віктарыянскі класік» А.​Тролап (цыкл раманаў «Барсетшырскія хронікі»), У канцы 19 ст. назіраюцца кантрастныя кірункі ў прозе: жорсткі рэалізм Т.​Хардзі і С.​Батлера, неарамантызм Т.М.Рыда і Р.Л.Стывенсана, натуралізм Дж.​Мура і Дж.​Гісінга. Вобраз рэвалюцыянера стварыла ў рамане «Авадзень» Э.Л.Войніч. Развівалася і паэзія познарамантычнага тыпу: апавядальная лірыка А.​Тэнісана, філас. паэзія Р.Браўнінга, грамадз. і інтымная лірыка Э.​Браўнінг, геданістычная — Э.​Фіцджэралда (пераклады А.​Хаяма). Яркай з’явай у паэзіі і мастацтве стала творчасць «Брацтва прарафаэлітаў», тэарэтыкамі якога былі Дж.​Рэскін і У.​Морыс. Гэты рух вылучыў паэтаў Д.​Г.​Расеці і К.​Расеці. Блізкі да прарафаэлітаў быў позні рамантык А.​Ч.​Суінберн. На фоне афіц.-дыдактычнай дзіцячай л-ры адметныя філас. казкі-гратэскі Л.Кэрала і «бяссэнсіцы» Э.​Ліра. Тэндэнцыі эстэтызму, імпрэсіянізму, сімвалізму знайшлі адлюстраванне ў творчасці О.Уайльда. На абнаўленне драматургіі паўплывала творчасць Б.Шоу, аўтара «драм-дыскусій», майстра п’ес, дзе выкрываюцца парадоксы бурж. грамадства. Тэндэнцыі рэалізму з выкарыстаннем формы фантаст. і дэтэктыўнага жанраў у л-ры прадаўжалі Г.К.Чэстэртан, А.К.Дойл, Г.​Дж.Уэлс. Філігранны стыль, тонкі псіхалагізм, дакладнасць сац. крытыкі вызначаюць прозу Дж.Голсуарсі («Сага аб Фарсайтах»), У.С.Моэма («Цяжар жаданняў чалавечых»), А.​Бенета («Клейхенгер»), К.​Мэнсфілд, А.​Э.​Копарда, Э.​М.​Форстэра. Гумарыстычны кірунак у прозе прадстаўляе Дж.​К.​Джэром, марыністыку — Дж.​Конрад. Наватарскай была творчасць Р.Кіплінга, аўтара асобай эстэтыкі трагічнага стаіцызму. 1910-я г. сталі пачаткам новага этапу ў развіцці англ. паэзіі (геаргіянцы — Дж.​Мейсфілд, У.​Дж. дэ ла Мар; імажысты — Р.Олдынгтан, Э.​Паўнд).

Крызіс познавіктарыянскай эпохі, 1-я сусв. вайна, пасляваен. крызіс выклікалі пераломныя з’явы ў англ. л-ры. Геаргіянцы, якія сталі «акопнымі паэтамі», пісалі пра трагедыю вайны (Р.​Брук, З.​Сасун). У пошуках дакладнага слова і сэнсу паэты-мадэрністы спрабуюць пераўтвараць паэт. мову, адмаўляюцца ад традыц. формы верша, ствараюць асобую міфал. сістэму (Т.​С.​Эліят, Паўнд). Наблізілася да грамадз. тэматыкі і вярнула ў паэзію жывую нар. мову т.зв. «оксфардская» група паэтаў (У.​Х.​Одэн, С.​Спендэр, С.​Д.​Льюіс). У англ. прозе 1920—30-х г. вядучае становішча займае раман (раманы «плыні свядомасці» — «Уліс» Дж.​Джойса, эксперым. псіхалагічны «Місіс Дэлаўэй» В.Вулф, сац.-псіхал. эратычны «Палюбоўнік лэдзі Чатэрлі» Д.​Г.​Лорэнса; «інтэлектуальны раман» «Цудоўны новы свет» О.​Хакслі, сатырычны «Заняпад і разбурэнне» І.​Во, традыцыйны рэалістычны «Цытадэль» А.​Кроніна, «Усе людзі — ворагі» Олдынгтана). Драматургію развівалі Дж.​Бары, Дж.​Б.​Прыстлі. Паступовы распад Брыт. імперыі пасля 2-й сусв. вайны выклікаў у л-ры песімізм і «прарочую» ацэнку будучыні таталітарных дзяржаў (антыўтопія Дж.​Оруэла «1984-ы год»). Рэаліст. проза шукае новы дынамізм і псіхал. дакладнасць («З любові да бліжняга» Дж.​Кэры).

У 1950-я г. ўзнікла л-ра «раззлаваных маладых людзей». Расчараванне моладзі ў перспектывах бурж. грамадства паказалі К.​Эміс («Шчасліўчык Джым»), Дж.​Уэйн («Спяшайся ўніз»), А.​Сілітаў і С.​Чаплін — аўтары «рабочага» рамана, Дж.Олдрыдж і Ч.П.Сноў — палітычнага. Пра ўплыў НТР на лёс чалавецтва разважаюць пісьменнікі-фантасты (А.​Кларк, Дж.​Уіндэм, Дж.​Г.​Болард). Англ. экзістэнцыялізм прадстаўляюць раманы-прытчы У.Голдынга («Валадар мух»), мадэрнісцкія пошукі — Л.Дарэл (квадралогія «Александрыйскі квартэт»). Традыцыі класічнага рэалізму 19 ст. і экзістэнцыяльныя матывы ярка выяўлены ў творах А.Мэрдак («Пад сеткай», нап. 1966). Майстрам сац.-паліт. гратэскавага рамана зарэкамендавала сябе М.​Спарк, псіхал. раман абнавілі адкрыццямі экзістэнцыяльнай эстэтыкі Дж.​Фаўлс, С.​Хіл, М.​Дрэбл, Ч.​Дж.​Мітчэл. Традыцыі дэтэктыўнай прозы прадоўжылі А.Крысці, Дж. Ле Карэ. Яркай з’явай англ. паэзіі 1960-х г. стала творчасць «Групы» (ад назвы «Анталогія паэтаў «групы», куды ўвайшлі 17 паэтаў). Паэзія 1970-х г. імкнецца да аб’ектыўнасці і паказу непрыхарошанай праўды жыцця (Т.​Х’юз, Ф.​Ларкін).

У 2-й пал. 20 ст. зарадзілася і развіваецца англ. постмадэрнісцкая л-ра: «Жанчына французскага лейтэнанта» Фаўлса, «Розенкранц і Гільдэнстэрн мёртвыя» Т.​Стопарда, «Грошы» М.​Эліса, «Лэрнэк» Э.​Грэя, «Ногі ў цырку» А.​Картэра, «Сорам» С.​Рушдзі, «Апанаванасць востравам» Т.​Мо. У гэтым рэчышчы працуюць Дж.​Барнс, Э.Бёрджэс, Т.​Шарп, Г.​Свіфт. Актыўна развіваецца і постмадэрнісцкая драматургія (Х.​Бернтан, Э.​Бонд). Англ. «літаратуразнаўчы раман» стварае П.​Акрайд. У перакладзе на бел. мову з 1928 выдадзены творы Дойла, Уэлса, Войніч, Скота, Кіплінга, Шэкспіра, Свіфта, Дэфо, Дзікенса, Стывенсана, Бёрнса, Байрана і інш.; у перыяд. друку апублікаваны асобныя творы Блейка, Кітса, Тэнісана, Уайльда, Шэлі, А.​Мэя і інш. Бел. перакладчыкі: Ю.​Гаўрук, У.​Дубоўка, К.​Крапіва, Я.​Семяжон, а таксама В.​Валынскі, В.​Небышынец, А.​Разанаў, Я.​Рапановіч, С.​Шупа і інш. Гл. таксама раздзел Літаратура ў арт. Паўночная Ірландыя, Шатландыя.

Архітэктура. Ранні перыяд развіцця мастацтва Вялікабрытаніі прадстаўляюць мегалітычныя комплексы энеаліту і бронзавага веку (Стонхендж, Эйвберы), руіны рым. пабудоў (Адрыянаў вал), разьба па камені, метал. ўпрыгожанні, культавыя прадметы кельцкіх плямён, піктаў, англасаксаў (1 ст. да н.э. — 10 ст. н.э.). Раманскі стыль прадстаўлены англа-нарманскім храмам у Ілі (1083—1190), Дарэме (1093—1133), Норыджы (1095—1150), з магутнымі квадратнымі вежамі, замкамі ў Лондане (Таўэр), Віндзары (канец 11 ст.), крэпасцю ў Рочэстэры (канец 1130-х г.). Пабудовы гатычнага стылю Вялікабрытаніі падзяляюць на ранні (да 1250), «дэкаратыўны стыль» (1250—1340), «перпендыкулярны стыль» (1340—1550). Гатычныя храмы вылучаюцца маштабнасцю, дамінантамі вежаў, шырокімі фасадамі з развітым дэкорам, нервюрнымі скляпеннямі; ім характэрна спалучэнне простых і масіўных выцягнутых аб’ёмаў, багацце дэкар. разьбы на фасадах, ускладненыя ўзоры, дэкар. і канструкцыйныя эфекты: саборы ў Кентэрберы (1070—1509), Дарэме (1-я пал. 12 ст.), Солсберы (1220—66), Уэлсе (1230—33), Лінкальне (1075—1380), Вестмінстэрскага абацтва ў Лондане (13 ст.). «Перпендыкулярны стыль» вызначаецца пышнасцю аздобы і пластычных эфектаў нервюрных скляпенняў: сабор у Глостэры (1351—1407), капліца Каралеўскага каледжа ў Кембрыджы (1446—1515). Рэфармацыя і англ. рэвалюцыі 17 ст. паўплывалі на станаўленне свецкага характару мастацтва і рацыянальных схем у архітэктуры. Класіцызм развіваў традыцыі архітэктара позняга Адраджэння А.Паладыо. Пабудовам і гар. ансамблям уласцівы строгасць і яснасць формаў, ураўнаважанасць і ўрачыстасць кампазіцыі: Фіцрой-сквер у Лондане (арх. Р. і Дж.​Адам, 1790—1800), пл. Шарлоты ў Эдынбургу (арх. Адам, 1792—1807). Вяршыня англ. класіцызму — сабор св. Паўла ў Лондане (арх. К.​Рэн, 1675—1710). У архітэктуры 18 ст. панавалі пышныя формы барока (Дж.​Ванбру, Н.​Хоксмар). У.​Кет і У.Чэймберс распрацавалі тып «англійскага парку» (парк у Бленіме). У выніку прамысл. перавароту канца 18 — пач. 19 ст. гарады цэнтр. Англіі (Манчэстэр, Бірмінгем, Шэфілд) і паўд. Шатландыі (Глазга) ператварыліся ў вял. індустр.-гандл. цэнтры. З 19 ст. англ. архітэктары распрацоўваюць прынцыпы тыповай, масавай гар. забудовы, складаныя метал. канструкцыі мастоў і перакрыццяў (інж. Т.​Тэлфард, Р.​Стывенсан). «Крыштальны палац» у Лондане (арх. Дж.​Пакстан, 1851) са зборным метал. каркасам і шкляным запаўненнем стаў маніфестам рэвалюцыі ў еўрап. архітэктуры. Гэтаму кірунку процістаялі тэндэнцыі неакласіцызму (Брытанскі музей у Лондане, арх. Р. і С.​Смёрк, 1823—57) і неаготыкі (Парламент у Лондане, арх. Ч. і Э.​Бэры, А.​П’юджын, 1840—68), а потым і эклектызм. Адначасова ідуць пошукі рацыянальнай сціпласці і ўтульнасці ў архітэктуры жылля, пераважна загарадных дамоў (Б.​Скот, Н.​Шо, Ч.​Ф.​Войзі). У 20 ст. хаатычны рост гарадоў і прыгарадаў з малапавярховай забудовай спарадзілі новыя тэндэнцыі ў горадабудаўніцтве: Э.Хоўард і Р.​Ануін першымі распрацавалі праекты гарадоў-садоў і гарадоў-спадарожнікаў. П.​Гедэс і Л.П.Аберкрамбі стварылі праекты комплекснай планіроўкі прамысл. раёнаў. У пач. 20 ст. побач з прадстаўнікамі неакласіцызму (Э.​Лачэнс) і неаготыкі (Т.Скот Малодшы) выступалі ініцыятары стылю мадэрн і рацыяналізму (Ч.Макінташ), а у 1920—30-х г. — і функцыяналізму (М.​Фрай, О.​Уільямс). Пасля 2-й сусв. вайны рэканструяваны разбураныя гар. раёны. Прынцып мікрараянавання выкарыстоўваўся да 1960-х г. Сярод пабудоў вылучаюцца Каралеўская канцэртная зала (арх. Р.​Мэцью, Л.​Марцін, 1949—51), Культурны цэнтр Барбікан (1984) — абодва ў Лондане, сабор у Ковентры (арх. Б.​Спенс, 1954—62).

Выяўленчае мастацтва. У раннім сярэднявеччы была пашырана кніжная мініяцюра («Ліндысфарнскае евангелле», каля 681—721). Блізкія да мініяцюры па стылі і першыя насценныя размалёўкі (саборы ў Кентэрберы, 12 ст.; у Чычэстэры, каля 1260). Гатычная скульптура была падпарадкавана дэкар.-арнаментальным мэтам (надмагілле Эдварда II у саборы у Глостэры, 14 ст.); развіваліся жывапіс (алтар у Вестмінстэры, канец 13 ст.) і вітраж (капліца св. Тройцы сабора ў Кентэрберы, пач. 13 ст.). У 14 ст. з’яўляецца станковы, у т. л. партрэтны, жывапіс. Тонкасцю і вытанчанасцю адметныя тагачаснае ткацтва, вышыўка, дыванаробства, разьба па дрэве і косці, ювелірная справа. Рэнесансавыя традыцыі ў мастацтве Вялікабрытаніі не мелі такой сілы, як у інш. еўрап. краінах. У жывапісе 16—17 ст. пераважаў партрэтны жанр (мініяцюрысты Н.​Хіліярд, А.​Олівер, С.​Купер, жывапісцы У.​Добсан, Дж.​Райлі). Выяўл. мастацтва дасягнула росквіту ў 18 ст. ў творах рэаліста і сатырыка У.Хогарта, у багатых па каларыце партрэтах Дж.Рэйналдса, Т.Гейнсбара, Г.​Рэберна, Дж.​Опі, якія спалучалі парадную імпазантнасць з натуральнасцю і адухоўленасцю вобразаў, трапнасцю, сац. і індывід. характарыстыку з віртуознай лёгкасцю і свабодным жывапісам. Эфектныя партрэты стваралі Дж.​Ромні, Т.​Лорэнс і інш. У 2-й пал. 18 ст. развівалася нац. школа пейзажа: рамант. рысамі адзначаны паэт. работы Гейнсбара і Дж.​Крома, акварэлі Дж.​Козенса і Т.​Гёртына. Жанравы жывапіс прадстаўлены творамі Дж.​Морленда і Дж.​Райта. У 17—18 ст. распрацоўваліся высокамастацкая мэбля (Т.​Чыпендэйл, Дж.​Хеплуайт, Т.​Шэратан), вынайдзены англ. крышталь і фаянс (вырабы мануфактуры Дж.​Уэджвута з рэльефамі ў ант. формах), працавалі шпалерныя мануфактуры ў Мортлейку, заводы фарфору ў Боу, Чэлсі, Вустэры, Дэрбі. У графіцы 18 — 1-й пал. 19 ст. важнае месца належала паліт. і быт. карыкатуры (Дж.​Гілрэй, Т.​Роўлендсан), рэпрадукцыйнай гравюры. Т.​Б’юік вынайшаў тарцовую ксілаграфію. У 1-й пал. 19 ст. жывапіс рамантызму дасягнуў вяршыні ў творах У.Блейка і перадімпрэсіяністычных краявідах У.Тэрнера. Пленэрныя рэалістычныя пейзажы ствараў Дж.Констэбл, пейзажы і гіст. палотны Р.Бонінгтан, акварэль развівалі Дж.​С.​Котмен і Д.​Кокс. У сярэдзіне і 2-й пал. 19 ст. мастакі-прэрафаэліты (Д.​Г.​Расеці, Э.​Мілес, Х.​Хант, У.​Морыс, Э.Бёрн-Джонс) імкнуліся да яснай прыгажосці, эстэтызацыі прадметнага асяроддзя. Графіка О.Бёрдслі прадвызначыла сецэсію ў еўрап. мастацтве. Каларыстыка твораў Дж.Уістлера стала першаасновай імпрэсіянізму. Жанравы жывапіс 2-й пал. 19 ст. нясе адбітак сентыментальнасці і літ. займальнасці (У.​Сікерт, У.​Стыр, У.​Фрыт, Х.​Херкамер). У мастацтве 20 ст. росквіт рэаліст. партрэтнага і жанравага жывапісу і графікі (Ф.Брэнгвін, О.​Джон, У.​Орпен), спалучаўся з нараджэннем новых авангардных плыняў: фавізм (М.​Сміт, А.​Хітчэнс), футурызм і кубізм (У.​Льюіс), сюррэалізм (С.​Спенсер, Г.​Сазерленд, П.​Нэш, Ф.​Бейкан), абстракцыянізм (Б.​Нікалсан, Б.​Хепуарт), сюррэалізм і абстракцыянізм (Г.​Мур, К.​Армітэдж), поп-арт (П.​Філіпс). Гл. таксама раздзел Архітэктура і выяўл. мастацтва ў арт. Шатландыя, Паўночная Ірландыя, Уэльс.

Музыка. Вытокі музыкі Вялікабрытаніі — у муз. культуры стараж. кельцкіх плямён, носьбітамі якой былі барды. Муз. фальклор народаў Брытанскіх а-воў адметны нац. своеасаблівасцю, аднак мае агульныя рысы — ладавую сістэму, элементы шматгалосся, дакладную рытміку. Асн. інстр. жанры — танцы жыга, кантрданс, хорнпайп. Сярод найб. стараж. інструментаў: пайп (дудка), рэкордэр (флейта), фідль (скрыпка), тэйбар (барабаны); пазней з’явіліся арфа, ліра, лютня, валынка і інш. З усталяваннем хрысціянства развівалася царк. прафес. муз. мастацтва. У сярэдневяковай царк. музыцы Вялікабрытаніі панаваў грыгарыянскі харал, літургія суправаджалася ігрой на аргане. Ранні ўзор свецкага шматгалосся — 6-галосы падвойны канон «Лета прыйшло» (на мяжы 14 ст.). Нармандскія заваёўнікі прынеслі ў Вялікабрытанію мастацтва менестрэляў і трубадураў. У канцы 14 — пач. 15 ст. паявіліся прыдворныя капэлы. У 1-й пал. 15 ст. вылучылася англ. школа поліфаністаў на чале з Дж.​Данстэйблам, якая заняла гал. месца ў еўрап. поліфанічным мастацтве. У эпоху Адраджэння музыка ўвайшла ў побыт англ. арыстакратаў і гараджан, пашырыліся кансорты — садружнасці людзей, якія ігралі на розных інструментах, з’явіліся салісты-інструменталісты. У 16 ст. ў царк. музыку ўведзены буйныя формы — меса, магніфікат і інш., у свецкую — мадрыгал (У.​Бёрд). У 16—17 ст. працавалі пачынальнікі еўрап. клавірнай музыкі кампазітары Дж.​Бул, А.​Гібанс, К.​Тай, Дж.​Тавернер, Т.​Таліс, Дж.​Даўленд. У пач. 17 ст. фарміруецца англ. муз. т-р, што ўзяў пачатак ад містэрый, музыку да якіх пісалі А.​Ферабоска, браты Г. і У.​Лоўс і інш. У час панавання пурытан (сярэдзіна 17 ст.) развіццё свецкай музыкі прыпынілася, асн. муз. жанрамі сталі рэліг. гімны, псалмы і хары на біблейскія тэксты, блізкія да нар. песеннасці. Пасля рэстаўрацыі Сцюартаў (1660) у муз. культуру зноў пачалі пранікаць ідэі Адраджэння, уплывы свецкай музыкі, што адбілася на творчасці Г.Пёрсела, стваральніка адной з першых англ. опер «Дыдона і Эней» (1689). Муз. культура 1-й пал. 18 ст. звязана з імем Г.Ф.Гендэля. У 18—19 ст. у муз. культуры Вялікабрытаніі панавалі іншаземныя ўплывы, асабліва італьян. опера. Захапленне ёю высмеяна ў парадыйнай «Оперы жабрака» (1728) Дж.​Гея і І.​К.​Пепуша, якая дала пачатак т.зв. баладнай оперы, звязанай з традыцыямі менестрэляў. Творчасць кампазітараў 18—19 ст. (Т.​Арн, У.​Бенет, Г.​Бішап, М.​Балф, Дж.​Барнет) звязана пераважна з т-рам. У канцы 19 ст. папулярныя былі аперэты А.​Салівена і С.​Джонса. У 19 ст. Лондан — адзін з цэнтраў еўрап. муз. жыцця. Тут гастралявалі Ф.​Шапэн, Ф.​Ліст, Н.​Паганіні, Г.​Берліёз, Р.​Вагнер, Дж.​Вердзі, А.​Дворжак, П.​Чайкоўскі, А.​Глазуноў; створаны т-р «Ковент-Гардэн» (1732), Каралеўская акадэмія музыкі (1822), Трыніты-каледж (1872), Каралеўскі муз. каледж (1883), Акадэмія старадаўняй музыкі (1770), Кэтч-клуб (1761), шматлікія муз. т-вы. З 1784 у Лондане праводзяцца Гендэлеўскія фестывалі (з 1857 рэгулярна). Заснаваны фірмы муз. інструментаў «Бродвуд», «Хіл і сыны». З канца 19 ст. развіваецца муз. навука (сярод музыказнаўцаў Дж.Гроў). На мяжы 19—20 ст. узнікла т.зв. англ. муз. адраджэнне. Сярод прадстаўнікоў новай англ. кампазітарскай школы Э.​Элгар, Х.​Пэры, Ф.​Дыліус, Г.​Холст, Р.Воан-Уільямс, Дж.​Айрленд, Ф.​Брыдж. Адзін з буйнейшых майстроў англ. музыкі 20 ст. Б.Брытэн. Сярод інш. дзеячаў муз. культуры кампазітары М.​Тыпет, Л.​Берклі, А.​Бліс, А.​Бенджамін; дырыжоры Дж.​Барбіролі, Т.​Бічэм, М.​Сарджэнт, А.​Боўлт; піяністы Дж.​Мур, Дж.​Огдан; вакалісты К.​Ферыер, Дж.​Мак-Кормак, П.​Пірс і інш. Сярод шматлікіх эстр. ансамбляў найб. вядомы «Бітлз», «Ролінг-Стоўнз», «Куін» і інш. У Лондане працуюць т-ры «Ковент-Гардэн» і «Сэдлерс-Уэлс», Англійская нац. опера, Каралеўскі балет, сімф. і камерныя аркестры, у т. л. Лонданскі філарманічны аркестр, Бі-Бі-Сі і інш.

Тэатр. Вытокі англ. т-ра звязаны з абрадавымі гульнямі. З 11 ст. існаваў царк. т-р як частка рэліг. рытуалу (літургічная драма, міракль). У пач. 13 ст. з пераносам царк. паказаў на гар. плошчы закладзены пачатак нар. містэрыяльнага сярэдневяковага т-ра (містэрыі, маралітэ, фарсы). У 14—16 ст. склаўся прафес. т-р. У 16 ст. з’явіліся вандроўныя трупы, аматарскі школьны т-р. Росквіту англ. тэатр. мастацтва і драматургія дасягнулі ў эпоху Адраджэння. Драматургія У.​Шэкспіра на многія стагоддзі стала школай акцёрскага майстэрства. Найб. вядомыя тагачасныя акцёры Э.​Алейн і Р.Бёрбедж. Пабудаваны тэатр. памяшканні — «Тэатр» (1576), «Лебедзь» (1596), «Глобус» (1599) і інш., набылі папулярнасць дзіцячыя трупы хлопчыкаў. У канцы 16 — пач. 17 ст. тэатр быў пераважна нар. відовішчам, з 1620-х г. ён ператварыўся ў арыстакратычную забаву. У час бурж. рэвалюцыі пурытане спец. указам (1642) забаранілі тэатр. паказы. Аднавілася тэатр. дзейнасць з рэстаўрацыяй манархіі Сцюартаў (1660). У 1663 у Лондане адкрыты т-р «Друры-Лейн». Росквіт тэатр. мастацтва эпохі Асветніцтва звязаны з «камедыямі нораваў» Р.​Шэрыдана, творчасцю акцёра Д.Гарыка. Узвышаны стыль акцёрскага выканання, што панаваў у канцы 18 — пач. 19 ст., асабліва выявіўся ў творчасці Дж.Кембла і С.Сіданс. У рэпертуары т-раў 19 ст. пераважалі меладрамы, фарсы, перакладныя класічныя творы. Рамантычны кірунак у акцёрскім мастацтве звязаны з творчасцю Э.Кіна. У 2-й пал. 19 ст. ў Лондане пабудаваны новыя т-ры, набылі вядомасць акцёры і рэжысёры Ч.Кін, У.Макрэдзі, Г.Ірвінг і Э.Тэры (кіраўнікі т-ра «Ліцэум»). У 1890-я г. ўзніклі «Незалежны тэатр», «Олд Вік» і інш., якія прапагандавалі творы Б.​Шоу, Дж.​Голсуарсі. Разам з рэалістычным існавала пампезнае мастацтва акцёра і рэжысёра Г.Б.Тры; рэж. Т.Крэг вёў пошукі формаў сімвалісцкага т-ра. Дасягненні тэатр. мастацтва 20 ст. звязаны з творчасцю акцёраў Л.Аліўе, Дж.Гілгуда, А.Гінеса, В.Лі, Р.​Рычардсана, М.​Рэдгрэйва, П.Скофілда, С.Торндайк, Э.Эванс, П.Эшкрафт. Рэжысуру вызначаюць новае асэнсаванне шэкспіраўскай драматургіі, шырыня абагульненняў, вастрыня сцэн. прыёмаў (П.Брук, Т.​Гатры, Рэдгрэйв), імкненне да рэалізму (Дж.​Літлвуд, П.​Хол, Т.​Рычардсан). Пасля 2-й сусв. вайны ўзніклі т.зв. рэпертуарныя т-ры. Новы ўздым англ. т-ра пачаўся з п’есы Дж.​Осбарна «Азірніся ў гневе» (1956). З’явілася драматургія «раззлаваных маладых людзей», новая сацыяльна-быт. драма. Не абмінулі англ. т-р «эксперыментальныя» кірункі, што ўзніклі ў Еўропе ў 1950—60-я г., у т. л. «тэатр абсурду». Тэатр. калектываў з пастаяннай трупай і ўласным памяшканнем у Вялікабрытаніі амаль няма. Звычайна тэатр. будынкі здаюць у арэнду трупам, якія фарміруюцца для пастаноўкі адной п’есы. Выключэнне складаюць Каралеўскі Шэкспіраўскі тэатр і Нацыянальны т-р (створаны ў 1963 на аснове т-ра «Олд Вік»). Сярод тэатр. навуч. устаноў: Каралеўская акадэмія драм. мастацтва, Цэнтр. школа дыкцыі і драм. мастацтва (Лондан), Бірмінгемская школа дыкцыі і драм. мастацтва, тэатр. ф-т пры Брыстольскім ун-це. З 1947 у г. Эдынбург штогод праводзіцца Міжнар. фестываль музыкі і драмы.

Кіно. Пачаткам нац. кінавытворчасці лічыцца першы паказ англ. фільма, арганізаваны ў 1896 У.​Полам, які адначасова з братамі Люм’ер сканструяваў кінакамеру. Пол і рэжысёры т.зв. брайтанскай школы Э.​Колінз, Дж.​Уільямсан і Дж.​А.​Сміт выпускалі эксцэнтрычныя камедыі, экранізацыі, трукавыя фільмы. Вял. папулярнасцю карысталіся хронікі, дакумент. фільмы і кінамеладрамы. З 1906 у кінематаграфіі Вялікабрытаніі пачаўся працяглы крызіс; дэманстраваліся пераважна франц. экранізацыі і амер. «кінабаевікі». У 1927 парламент прыняў закон у падтрымку нац. кінематаграфіі, выпуск фільмаў павялічыўся. Асн. кінапрадукцыя 1930-х г. — меладрамы, фарсы і салонныя камедыі. Вылучаліся фільмы заснавальніка фірмы «Лондан філмс» рэж. А.​Корды, у якіх здымаліся вядомыя акцёры Ч.​Лоўтан, Р.​Донат, Л.​Хоўард, В.Лі, Л.Аліўе і інш. Вядомасць набылі дэтэктыўныя фільмы А.Хічкака, фільмы К.Відара («Цытадэль», 1938), К.​Рыда («Зоркі глядзяць уніз», 1939). У 2-ю сусв. вайну значных поспехаў дасягнула дакумент. кіно (рэж. Х.​Джэнінгс, С.​Джыліят, Ф.​Лаўндэр і інш.), якое паўплывала і на маст. кінематаграфію. Павялічыўся імпарт фільмаў ЗША (да 70%). Кінамастацтва пасляваен. гадоў дасягнула пэўных поспехаў у экранізацыях твораў У.​Шэкспіра («Гамлет», 1948, «Рычард III», 1955, рэж. абодвух Аліўе), у пастаноўках эксцэнтрычных, сатыр. камедый (А.​Макендрык, Г.​Карнеліус, Дж. і Р.​Боўлтынгі). Сярод лепшых фільмаў: «Шлях у вышэйшыя колы» (1958) Дж.​Клейтана, «Азірніся ў гневе» (1958), «Смак мёду» (1962) і «Том Джонс» (1963) Т.​Рычардсана, «У суботу ўвечары, у нядзелю ўранні» К.​Рэйса (1960), «Так званае каханне» Дж.​Шлезінгера і інш. Працавала кінагрупа дакументалістаў «Свабоднае кіно» (рэж. Л.​Андэрсан, Рэйс і інш.). З сярэдзіны 1960-х г. пачалася актыўная амерыканізацыя брыт. кінапрамысловасці. Асн. кінапрадукцыя — дэтэктыўныя фільмы, прымітыўныя камедыі. Сац.-крытычнай накіраванасцю вылучаліся фільмы рэж. Р.​Лестэра, П.​Уоткінса. Творчасць рэжысёраў рэаліст. кірунку звязана пераважна з тэлебачаннем. Сярод вядомых акцёраў: Дз.Богард, Р.Бёртан, М.Рэдгрэйв, В.Рэдгрэйв, П.Усцінаў і інш. Гал. навуч. ўстановы: Лонданская кінашкола, Нац. кінашкола, Каралеўскі каледж мастацтваў, Тэлевізійная кінаакадэмія ў Лондане. У г. Эдынбург штогод праводзяцца кінафестывалі (у рамках Міжнар. фестывалю музыкі і драмы).

Беларусы ў Вялікабрытаніі. Першая значная хваля бел. эміграцыі ў Вялікабрытанію ўзнікла пасля 2-й сусв. вайны. Аснову эміграцыі склалі беларусы, якія ўдзельнічалі ў ваен. дзеяннях саюзнікаў у складзе Другога корпуса Андэрса арміі. Разам з перасяленцамі іх было каля 15 тыс. У 1947 засн. Згуртаванне беларусаў Вялікабрытаніі (ЗБВБ) з аддзеламі ў Лондане (1947), Брадфардзе (1948), Манчэстэры (1948) і Бірмінгеме (1952); праз давераных прадстаўнікоў ЗБВБ праводзіла работу ў Кембрыджы, Нотынгеме, Лідсе, Ковентры. У 1948 засн. Хрысц. аб’яднанне бел. работнікаў у Вялікабрытаніі (ХАБР), Згуртаванне бел. камбатантаў, Бел. хрысц. акад. аб’яднанне «Жыццё», Бел. незалежніцкі нар.-хрысц. рух, Саюз журналістаў. У 1949 створаны Каардынацыйны цэнтр бел. арг-цый у Вялікабрытаніі, які ўзгадняў культ. і грамадскую працу, наладжваў сувязі з сародзічамі ў інш. краінах. Пасля легалізацыі ЗБВБ (1948) беларусы атрымалі ліцэнзію на стварэнне ўласных прадпрыемстваў. Былі адчынены бюро па перасылцы паштовых пасылак, стаматалагічная лабараторыя, фотастудыя. У 1948 беларусы купілі ў Лондане дом, дзе размясціліся рэдакцыі іх часопісаў і газет, б-ка, архіў, праводзіліся сходы, лекцыі, святкаванні нац. угодкаў, працавала нядзельная школа. У 1949 пачаў дзейнасць бел. клуб у Манчэстэры. На сабраныя грошы набыты дамы ў Брадфардзе (1952) і Манчэстэры, якія сталі цэнтрамі бел. жыцця. У 1963 пры ЗБВБ засн. дапамогавая секцыя, якая мае аўтаномію, кіруецца асобным статутам і распараджаецца фондам (папаўняецца сродкамі з касы ЗБВБ і ахвяраваннямі прыватных асоб). Фонд зарэгістраваны брыт. ўладамі і вызвалены ад падаткаў, што дае магчымасць фінансаваць працу замежных даследчыкаў у галіне беларусазнаўства, сельскай гаспадаркі, эканомікі, палітыкі, выплачваць стыпендыі маладым вучоным з Беларусі, якія стажыруюцца ў ВНУ Вялікабрытаніі, аказваць дапамогу ахвярам Чарнобыля на Бацькаўшчыне. У 1964 у Бел. доме ў Лондане адкрыты Бел. юнацкі клуб, які аказваў моладзі дапамогу ў вучобе, працавала дадатковая школа для дзяцей, танц. гурток. У 1970 у Брадфардзе адкрыты грамадскі клуб «Сакавік», які разам з брадфардскім аддзяленнем ЗБВБ займаўся культ. і грамадскай працай. Цэнтрамі навук.-культ. жыцця ў Вялікабрытаніі сталі Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны і Англа-беларускае таварыства (АБТ), якія ўзаемадзейнічаюць у арг-цыі і правядзенні семінараў, навук. канферэнцый, выставак, літ. вечарын і інш. З нагоды 60-х угодкаў БНР у маі 1978 у Лондане дзейнічала Бел. замежная пошта. Значную ролю ў духоўным і культ. жыцці беларусаў Вялікабрытаніі адыгрывае царква. Місіі Бел. аўтакефальнай правасл. царквы існуюць у Лондане, Манчэстэры, Брадфардзе, Нотынгеме, Кембрыджы. У 1947 створана Бел. каталіцкая місія. Пры Доме марыянаў у Лондане дзейнічае царква св. Пятра і Паўла, у 1961—15 тут працавала бел. школа для хлопчыкаў імя св. Кірылы Тураўскага. У 1989 у Лондане створаны Бел. к-т дапамогі ахвярам радыяцыі, які ўзначаліў айцец К.Надсан. Выдавецкую дзейнасць ажыццяўляюць ЗБВБ, ХАБР, АБТ, Бел. б-ка і музей імя Ф.​Скарыны і інш. На бел. мове выходзілі часопісы: грамадска-паліт. «Беларус на чужыне» (1947—50), «Аб’яднанне» (з 1948), «Патрыёт» (з 1949); навук. «The Journal of byelorussian studies» («Часопіс беларускіх даследаванняў», 1965—88); царк. «Божым шляхам» (1957—80), «Званіца» (1974), «На шляху» (1946—51), «Голас часу» (1989—95); маладзёжныя «Наперад» (1948—53), «Да мэты» (1948), сатырычны «Крапіва» (з 1949), бюлетэні «Змагар» (Згуртавання бел. камбатантаў, 1949—50), «Жыццё» (1948) і «Рунь» (Бел. хрысц.-акад. аб’яднання, 1950), «Чарнобыль у Беларусі» (з 1992), камунікаты Бел. выдавецкага фонду (1950), Бел. незалежнага нар.-хрысц. руху (1948—49). Выходзяць (1997): «Камунікат ЗБВБ» (з 1946), «Веснік Беларускага каталіцкага душпастырства» (з 1982).

Літ.:

Англия в эпоху абсолютизма: (статьи и источники). М., 1984;

Городецкая И.Е. Великобритания: избиратели, выборы, партии, 1945—1970. М., 1974;

Жигалов И.И. Современная история Великобритании (1945—1975). М., 1978;

Кертман Л.Е. География, история и культура Англии. 2 изд. М., 1979;

Аникст А. История английской литературы. М., 1956;

Английская литература, 1945—1980. М., 1987;

Daiches D. A critical history of English literature. Vol. 1-2, London, 1963;

Sanders A. The short Oxford history of English literature. London, 1996;

Виппер Б.Р. Английское искусство: Краткий ист. очерк. М., 1945;

Ковнацкая Л.Г. Английская музыка XX в.: Истоки и этапы развития. М., 1986;

Raynor H. Music in England. London, 1980;

Harrison F.L. Music in medieval Britain. 4 ed. Buren, 1980.

Ф.​С.​Фешчанка (прырода, гаспадарка), Н.​Я.​Арлова (гісторыя да канца 19 ст.), К.​А.​Далгучыц (гісторыя 20 ст), А.​П.​Ткачэнка (радыё, тэлебачанне), Н.​М.​Саркісава, В.​В.​Халіпаў (літаратура), В.​Я.​Буйвал (архітэктура, выяўл. мастацтва), Л.​А.​Сівалобчык (музыка), А.​С.​Ляднёва (беларусы ў Вялікабрытаніі).

Герб і сцяг Вялікабрытаніі.
Да арт. Вялікабрытанія. Плошча Пікадылі-сёркус у Лондане.
Да арт. Вялікабрытанія. Рачная даліна ва Уэльсе.
Да арт. Вялікабрытанія. Ландшафт на ПдЗ Шатландыі.
Да арт. Вялікабрытанія. Сабор у Кентэрберы. 1070—1503.
Да арт. Вялікабрытанія. Сабор у Лінкальне. 1075—1380.
Да арт. Вялікабрытанія. Каралеўскі замак у Віндзары. Канец 11 ст.
Да арт. Вялікабрытанія. Комплекс будынкаў універсітэта ў Оксфардзе.
Да арт. Вялікабрытанія. Інтэр’ер сабора ў Дарэме. 1-я пал. 12 ст.
Да арт. Вялікабрытанія. Сабор св. Паўла ў Лондане. 1675—1710.
Да арт. Вялікабрытанія. Дэкаратыўны парк палаца ў Бленіме.
Да арт. Вялікабрытанія. Культурны цэнтр Барбікан у Лондане. 1984.
Да арт. Вялікабрытанія. Дж.​Рэйналдс. Партрэт графіні Спенсер з дачкой. 1759—61.
Да арт. Вялікабрытанія. Англасаксонскія воіны. Мініяцюра з англійскага рукапісу 11 ст.
Да арт. Вялікабрытанія. Т.​Гейнсбара. Партрэт герцагіні дэ Бофарт (Дама ў блакітным). 1770-я г.
Да арт. Вялікабрытанія. Мініяцюра «Месяц жнівень». 14 ст. Лондан. Брытанскі музей.
Да арт. Вялікабрытанія. Адрыянаў вал. 122—133.
Да арт. Вялікабрытанія. Галава надмагільнай статуі Эдуарда II. Сабор у Глостэры. Каля 1331.
Да арт. Вялікабрытанія. У.​Блейк. Жыццё чалавека. 1820-я г.
Да арт. Вялікабрытанія. Н.​Хіліярд. Юнак сярод кустоў руж. Каля 1588.

т. 4, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)