СКАРЛ́АЦІ (Scarlatti),
сям’я італьян. кампазітараў; бацька і сын.
Алесандра (2.5.1660, г. Палерма, Італія — 22.10.1725), кампазітар, пачынальнік і буйны прадстаўнік неапалітанскай опернай школы. Вучыўся ў свайго бацькі і ў М.-А.Спартоніо, А.В.Амата. У 1672—1722 капельмайстар у т-рах Рыма, каралеўскай капэле (1684—1702), у кансерваторыі Неапаля (1708—17 і выкладаў у ёй). У яго творчасці рэалізаваны гал. тэндэнцыі італьян. муз. барока і опернага мастацтва 17—18 ст. Аўтар опер-серыя (больш як 125, каля 80 страчана), у т. л. «Нявінная памылка» (паст. 1679), «Дзівацтвы кахання, ці Разаўра» (паст. 1690), «Карынфскі пастух» (паст. 1701), «Вялікі Тамерлан», «Мітрыдат Еўпатар» (абедзве паст. 1706), «Трыумф свабоды» (паст. 1707), «Сцыпіён у Іспаніі» (паст. 1714), «Тыгран» (паст. 1715), «Тэлемак» (паст. 1718); камедыі «Трыумф гонару» (паст. 1718); каля 660 кантат, 20 араторый, 20 серэнад, каля 200 мес для 4—10 галасоў, псалмаў, камерна-інстр. музыкі і інш. Оперныя уверцюры С. падрыхтавалі паяўленне жанру сімфоніі. Сярод вучняў Ф.Гелініяні, Ф.Дурантэ. Джузепе Даменіка (25.10.1685, г. Неапаль, Італія — 23.7.1757), кампазітар, арганіст, клавесініст-віртуоз. Сын Алесандра. Вучыўся ў свайго бацькі, у Ф.Гаспарыні і Б.Паскуіні. Працаваў у Лісабоне і Мадрыдзе як арганіст, капельмайстар, кампазітар капэл: з 1701 каралеўскай у Неапалі, з 1705 у Венецыі, 1708 у Рыме, у т. л. з 1713 у папскай. З 1720 прыдворны музыкант партуг. караля ў Лісабоне. З 1729 на службе ў іспанскай каралевы. Гал. месца ў яго творчасці належыць клавірным творам. У яго санатах для клавесіна («экзерсісы») фарміравалася санатнае алегра. Для твораў характэрны апора на танц. жанры, «барочнае» наватарства ў выяўленні магчымасцей клавесіна і ва ўвядзенні тэхн. навін у ігры на ім, якія развіліся ў фп. музыцы кампазітараў-рамантыкаў 19 ст. Сярод твораў: 20 опер, у т. л. «Актавія» (паст. 1703), «Іфігенія ў Аўлідзе» (паст. 1713), 20 кантат, 6 араторый, серэнады, 12 канцэртаў для скр., альта і віяланчэлі, духоўная музыка, 555 твораў для клавіра і інш.
Літ.:
Алексеев А.Д. История фортепианного искусства. Ч. 1. М., 1962;
Окраинец И.А. Доменико Скарлатти: Через инструментализм к стилю. М., 1994;
Луцкер П В., Сусидко И.П. Итальянская опера XVIII в. Ч. 1. М., 1998.
Н.В.Сазановіч.
т. 14, с. 440