УО́ТСАН (Watson) Джэймс Дзьюі (н. 6.4.1928, г. Чыкага, ЗША),
амерыканскі вучоны ў галіне біяхіміі. Чл.Нац.АН ЗША (1962), Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1957), Дацкай каралеўскай АН (1962). Замежны чл.Рас.АН (1988). Скончыў Чыкагскі ун-т (1947). У 1951—53 і 1955—56 у Кавендышскай лабараторыі Кембрыджскага ун-та, у 1953—55 у Каліфарнійскім тэхнал. ін-це. З 1956 у Гарвардскім ун-це (з 1961 праф.), з 1962 кансультант прэзідэнта ЗША па навуцы, з 1968 у Колд-Спрынг-Харбары (штат Нью-Йорк). Навук. працы па вывучэнні структуры ДНК, ролі РНК у біясінтэзе бялку. Разам з Ф.Х.К.Крыкам (1953) прапанаваў мадэль прасторавай структуры ДНК (падвоеная спіраль), што дазволіла растлумачыць яе ўласцівасці і біял. функцыі. З паяўленнем гэтай працы звязана ўзнікненне малекулярнай генетыкі. Вывучаў структуру вірусаў і іх ролю ў злаякасным росце тканак. Нобелеўская прэмія 1962 (з Крыкам і М.Уілкінсам).