род кветкавых раслін сям. бальзамінавых. Каля 400—750 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічнай Азіі і Афрыцы, нямногія — у Еўропе і Амерыцы. На Беларусі 4 віды: бальзамін звычайны (Impatiens noli-tangere) — мясцовы, расце ў сырых лясах, на забалочаных участках, уздоўж рэк і ручаёў; драбнакветкавы (Impatiens parviflora) — занесены, добра натуралізаваўся ў прыродных раслінных згуртаваннях; залозісты (Impatiens glandulifera) — здзічэлая расліна, натуралізуецца на сметніках; бальзамінавы, або садовы (Impatiens balsamina), вырошчваецца як кветкава-дэкар. і пакаёвая культура.
Пераважна аднагадовыя травяністыя расліны з валасніковістымі каранямі. Сцябло голае, галінастае, сакаўное, празрыстае. Лісце чаргаванае, простае, тонкае, без прылісткаў. Кветкі жоўтыя, чырвоныя, фіялетавыя і інш. колераў, зігаморфныя. Калякветнік двайны; чашачка з пялёсткападобнай шпоркай. Плод пераважна сакаўная шматнасенная падоўжаная каробачка (пры дакрананні лёгка раскрываецца і насенне з сілай раскідваецца). Лек., фарбавальныя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЖО́ЎНІК (Ophioglossum),
род папарацепадобных раслін сям. вужоўнікавых. Каля 45 відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары, асабліва ў тропіках. На Беларусі зрэдку трапляецца вужоўнік звычайны (Ophioglossum vulgatum), расце на вільготных лясных лугах, палянах і ўзлесках.
Невял. шматгадовыя раўнаспоравыя наземныя травяністыя расліны з кароткім слабым карэнішчам і 1—2 лістамі, кожны з якіх складаецца з 2 сегментаў: стэрыльнага (плоскага нерасчлянёнага яйца- ці ланцэтападобнага або лінейнага) і цэласнага сцеблападобнага спараноснага; некаторыя трапічныя віды — эпіфіты з лістамі даўж. да 2—4 м. На спараносным сегменце ўтвараецца пляскаты каласок з 2 радамі спарангіяў. Гаметафіт двухполы, цыліндрычны, падземны, шматгадовы (расце 10—20 гадоў). Спарангіі адчыняюцца папярочнай шчылінай. Спараносіць у ліп.—жніўні. Для вужоўніка характэрна аблігатная эндатрофная мікарыза. На каранях утвараюцца вывадковыя пупышкі, што служаць для вегетатыўнага размнажэння. Лек. расліны, асобныя віды выкарыстоўваюцца ў нар. медыцыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЬЯ́НЫ (Phoxinus),
род рыб сям. карпавых атр. карпападобных. Каля 10 відаў. Пашыраны ў прэсных водах Еўропы, Паўн. Азіі і Паўн. Амерыкі. Большасць гальянаў жыве ў ручаях, невял. рэчках з чыстай, празрыстай вадой. На Беларусі 2 віды: гальян звычайны (нар. назвы красаўка, гаркуша, маляўка, скамарох, залатаўка, крумела, фарэлька і інш.; Р. phoxinus) і гальян азёрны (нар. назвы аўдотка, сняток, лінёк; Р. percnurus). 1 паўн.-амер. від у Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. да 20 см, маса да 100 г. Зрэдку ярка-афарбаваныя, на баках яркія плямкі або вял. расплыўчатыя плямы. У малявак уздоўж цела чорная палоска. Луска дробная, на бруху адсутнічае. Кормяцца водарасцямі, воднымі беспазваночнымі і насякомымі. Маюць шлюбнае ўбранне. Нераст парцыённы на быстрай плыні. Некаторыя прамысловыя.
Гальяны: 1 — звычайны (уверсе — самец у шлюбным убранні); 2 — азёрны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІХТЫЁЗ (ад грэч. ichthys рыба), «рыбіна луска», ксерадэрма,
хвароба скуры з парушэннем працэсаў арагавення, адлушчвання на вял. участках скуры. У большасці выпадкаў спадчынная хранічная хвароба; выяўляецца з дзяцінства, прагрэсіруе да палавой спеласці. Агульныя прыкметы: сухасць, сцягванне, іншы раз сверб скуры. Адрозніваюць І. прыроджаны і звычайны. Прыроджаны бывае рэдка, працякае цяжка. Дзіця нараджаецца з прыкметамі хваробы: скура тоўстая, сухая, з вял. колькасцю лусак і глыбокімі трэшчынамі, павекі вывернутыя, парушаны рост валасоў, пазногцяў, анамаліі развіцця («заечая губа», «воўчая зяпа» і інш.). Іншы раз дзеці нежыццяздольныя. Звычайны І. выяўляецца на 1-м ці 2-м годзе жыцця. Змены скуры дыфузныя, асабліва на разгінальных паверхнях канечнасцей. Падзяляецца на просты (павышаная сухасць скуры), бліскучы (шчыльныя белавата-шэрыя празрыстыя лусачкі, фалікулярны гіпертрыхоз), змеепадобны (тоўстыя брудна-шэрыя лусачкі), іглісты (моцныя арагавенні). Лячэнне тэрапеўтычнае, фізіятэрапеўтычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНДА́ЛЬ (Amygdalus),
род кветкавых раслін сям. ружавых. Каля 40 відаў. Пашыраны ва ўмераным і субтрапічным паясах Паўн. паўшар’я. Растуць у пустынных месцах, на сухіх камяністых схілах гор. У культуры М. звычайны (A. communis) з 2 ст. да н.э. На Беларусі інтрадукавана 5 відаў, найб. вядомыя М.: Ледэбура (A. ledebouriana), нізкі (A. nana), трохлопасцевы (A. triloba).
Лістападныя кусты і дрэвы выш. 8—10 м з шэрай, бурай або карычневай карой. Лісце чаргаванае, ланцэтнае, пілаватае з залозкамі па краі. Кветкі правільныя, адзіночныя або ў шчытках, белыя, ружовыя. Плод — касцянка з сухім апушаным каляплоднікам. Костачка (міндальны арэх) з цвёрдай тоўстай абалонкай. Семя мае да 50% алею, салодкае выкарыстоўваецца ў кандытарскай прам-сці і медыцыне, з горкага атрымліваюць эфірны алей для парфумерыі. Харч., эфіраалейныя, меданосныя, тэхн., дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДКА́МЕНШЧЫКІ, бычкі-падкаменшчыкі (Cottus),
род рыб сям. керчакавых атр. скарпенападобных. Каля 30 відаў. Пашыраны ў прэсных водах Еўропы, Азіі і Паўн. Амерыкі, зрэдку трапляюцца ў, перадвусцевых участках мора. Донныя маларухомыя жывёлы. Актыўныя на змярканні і ноччу. Жывуць паасобку ў водных зарасніках або пад камянямі (адсюль назва). На Беларусі П. звычайны (C. gobio, нар. назвы аўдотка, бычок, галавач, пундач, пячкур, шыракалобка) трапляецца ў рэках і ручаях з хуткім цячэннем і камяністым дном, у многіх азёрах Бел. Паазер’я.
Даўж. да 12 см. Галава вял., пляскатая. Вочы чырванаватыя, на верхнім баку галавы Цела голае, шаравата-бурае або зеленаватае, з цёмнымі плямамі. Спінных плаўнікоў 2 (1-ы меншы за 2-і). Кормяцца лічынкамі насякомых, ікрой і маляўкамі рыб. Перад нерастам самец будуе прымітыўнае гняздо, потым ахоўвае ікру і малявак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСЦЕ́ЛЬНЫЯ КЛАПЫ́ (Cimicidae),
сямейства насякомых атр. паўцвердакрылых. Каля 40 відаў. Пашыраны ўсюды. Крывасмокі; паразітуюць на пазваночных жывёлах (галубы, куры, лятучыя мышы і інш.), некат. віды — у чалавека. Актыўныя пераважна ўначы. Найб. вядомыя на Беларусі — П.к. звычайны (Cimex lectularius) і клоп ластаўчын (Oeciacus hirundi).
Цела акруглае ці авальнае, моцна сплюшчанае. Надкрылы ўкарочаныя. Даўж. П.к. звычайнага: самцоў — да 6,5 мм, самак — да 8,4 мм. Мае добры нюх. Характэрны ўласны рэзкі, непрыемны пах. Здольны хутка перамяшчацца (да 1 м за 1 мін). Ротавы апарат колюча-сысучы. Працінае хабатком скуру і ўпускае ў ранку сліну, якая перашкаджае згушчэнню крыві. Укусы выклікаюць сверб, раздражненне скуры. Вытрымлівае галаданне да некалькіх месяцаў. Развіццё з няпоўным ператварэннем; лічынка праходзіць 5 стадый (узростаў); для чарговай лінькі лічынка павінна насмактацца крыві.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЗА́ЛІС, махунка (Physalis),
род кветкавых раслін сям. паслёнавых. Каля 100 відаў. Пашыраны ў тропіках і субтропіках, пераважна ў Амерыцы. У культуры 3 віды Ф.: мексіканскі тамат, або ліпкаплодны (P. ixocarpa), перуанскі, ці перуанская вішня (P. peruviana), і сунічны, або апушаны (P. pubescens). На Беларусі 1 заносны від — Ф. звычайны (P. alkekengi), што трапляецца на звалках, каля жылля. Некат. віды культывуюцца як дэкар. і агароднінныя расліны (напр., Ф. мексіканскі, сунічны).
Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойнымі або распасцёртымі сцёбламі выш. 20—100 см. Лісце яйцападобна-авальнае, суцэльнае. Кветкі белыя ці жаўтаватыя, з цёмна-фіялетавымі плямамі, дробныя, на паніклых кветаножках, у суквецці звіліна. Плод — ягада, замкнёная ў пухірападобную чашачку (ліхтарык). Плады культ. відаў спажываюць у ежу. Харч., лек. і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАМЯКІ́ (Cricetine),
падсямейства хамяковых атр. грызуноў (зрэдку вылучаюць у асобнае сямейства). 60—80 родаў, 380—390 відаў. Пашыраны на ўсіх кантынентах, акрамя Аўстраліі, тропікаў Азіі і Афрыкі. Жывуць на адкрытых ландшафтах гор і раўнін у норах. На Беларусі ў паўд.-зах.ч. Брэсцкай і паўд.-ўсх.ч. Гомельскай абл. да 1960-х г. трапляўся Х. звычайны (Cricetus cricetus).
Даўж. цела 5—36 см, хваста 0,7—33 см, маса 7—250 г. Афарбоўка ад попельнай або буравата-шэрай да цёмнай карычнева-вохрыстай; зрэдку ўздоўж спіны — чорная паласа і чорна-белыя плямы ў пярэдняй ч. тулава. У большасці ёсць зашчочныя мяшкі. Некат, зімой у спячцы. Нараджаюць да 18 дзіцянят. Кормяцца насеннем, ч. раслін. насякомымі, дробнымі пазваночнымі; назапашваюць кармы. Шкоднікі сельскай гаспадаркі. Пераносчыкі інфекц. хвароб. Выкарыстоўваюцца як эксперым. жывёлы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШЧЫ́ТНІ (Notostraca),
падатрад беспазваночных жывёл атр. лістаногіх ракападобных. Вядомы з верхняга карбону. 9 відаў. Пашыраны паўсюдна ў часовых вадаёмах і азёрах. На Беларусі 2 віды: вясновы, або хвастаты (Lepidurus apus) і звычайны (Triops cancriformis).
Даўж. цела з адросткам да 10 см, з шырокім дахападобным плоскім карапаксам — шчытком (адсюль назва), на якім спераду размешчана пара складаных вачэй і няпарнае простае вочка. На галаве 5 пар, на грудзях да 70 пар грудных лістападобных ног, вонкавая ч. якіх пераўтворана ў жабры. Брушка сегментаванае, з адросткам (тэльсанам). Раздзельнаполыя. Размнажэнне пераважна партэнагенетычнае (гл.Партэнагенез). Яйцы вельмі жыццяздольныя (да 15 гадоў пасля высыхання і прамярзання ажываюць). Лічынкі — наўпліусы. Развіццё з метамарфозай. Кормяцца дэтрытам, парасткамі водных раслін, дробнымі воднымі жывёламі, паядаюць малькоў рыб, чым шкодзяць рыбнай гаспадарцы.