падатрад беспазваночных жывёл атр. лістаногіх ракападобных. Вядомы з верхняга карбону. 9 відаў. Пашыраны паўсюдна ў часовых вадаёмах і азёрах. На Беларусі 2 віды: вясновы, або хвастаты (Lepidurus apus) і звычайны (Triops cancriformis).
Даўж. цела з адросткам да 10 см, з шырокім дахападобным плоскім карапаксам — шчытком (адсюль назва), на якім спераду размешчана пара складаных вачэй і няпарнае простае вочка. На галаве 5 пар, на грудзях да 70 пар грудных лістападобных ног, вонкавая ч. якіх пераўтворана ў жабры. Брушка сегментаванае, з адросткам (тэльсанам). Раздзельнаполыя. Размнажэнне пераважна партэнагенетычнае (гл.Партэнагенез). Яйцы вельмі жыццяздольныя (да 15 гадоў пасля высыхання і прамярзання ажываюць). Лічынкі — наўпліусы. Развіццё з метамарфозай. Кормяцца дэтрытам, парасткамі водных раслін, дробнымі воднымі жывёламі, паядаюць малькоў рыб, чым шкодзяць рыбнай гаспадарцы.