СТРУ́КАЎ Дзмітрый Міхайлавіч (1827? — 1899),

рускі мастак, археолаг, педагог. Скончыў Строганаўскае вучылішча ў Маскве. У 1849 заснаваў вучылішча малявання пры Троіца-Сергіевай лаўры (г. Сергіеў Пасад Маскоўскай вобл.). У 1864 ажыццявіў экспедыцыю па Беларусі, зрабіў замалёўкі помнікаў архітэктуры і краявідаў Магілёва, Маладзечна, Мінска [у т. л. Петрапаўлаўскай (Кацярынінскай) царквы], Нясвіжа, Полацка, Рагачова, мяст. Раманава (цяпер в. Леніна Слуцкага р-на) і інш., фрагментаў асобных збудаванняў, эпіграфікі, твораў выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва (у т. л. крыж Ефрасінні Полацкай). Праводзіў арх.-археал. пошукі на Беларусі і Украіне, у т. л. ў Крыме. Дзённікі, палявыя запісы, малюнкі С. — каштоўны матэрыял для вывучэння гісторыі бел. дойлідства.

А.​А.​Трусаў, Ю.​А.​Якімовіч.

Дз.Струкаў. Петрапаўлаўская (Кацярынінская) царква ў Мінску.

т. 15, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУРЭНЬЯ́НЦ Сурэнянц Вардгес

(27.2.1860, Ахалцыхе, Грузія —6.4.1921),

армянскі мастак. Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1876—79). Скончыў Мюнхенскую АМ (1885). З 1894 экспанент, з 1910 чл. Т-ва перасоўных маст. выставак (гл. Перасоўнікі). Жыў у Маскве, Пецярбургу, Ялце Першы ў арм. жывапісе звярнуўся да гіст. жанру; аўтар карцін на тэмы нар. легенд, партрэтаў, пейзажаў: «Пакінутая» (1894), «Зняважаная святыня» (1895), «Царква Рыпсімэ» (1897), «Альгамбра» (1897), «Семіраміда каля трупа Ара Прыгожага» (1899), «Саламея» (1907) і інш. Афармляў літ. творы («Бахчысарайскі фантан» А.​Пушкіна, 1899; казкі О.​Уайльда, 1909; арм. нар. казкі, 1906—14), спектаклі ў Маскоўскім маст. т-ры, Марыінскім т-ры і Т-ры В.​Камісаржэўскай у Пецярбургу і інш.

т. 15, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭРА́НЬІ (Terragni) Джузепе (18.4.1904, Меда, Ламбардыя, Італія — 19.7.1943),

італьянскі архітэктар. Зазнаў уплыў А.Сант-Элія. Разам з А.​Ліберай і інш. заснаваў у 1926 «Групу сямі», якая спрыяла пашырэнню рацыяналізму ў архітэктуры Італіі. У сваіх работах дасягнуў сувязі ўнутр. прасторы і наваколля, спалучаў глухія паверхні сцен і ажурныя структуры жалезабетонных каркасаў (агараджэнні лоджый, перакрыцці тэрас у верхнім паверсе), віртуозна выкарыстоўваў мясц. традыцыі міжземнаморскага дойлідства (дворыкі-атрыі як цэнтры арх. кампазіцыі). Сярод твораў: у г. Кома — жылы дом «Навакомум» (1929), Нар. дом (1932), Каса дэль Папола (1932—36), дзіцячы сад (1936); дом Рустычы ў Мілане (1934—35, з П.​Лінджэры), віла Б’янкаў Севеза (Ламбардыя; 1936—37).

Дж. Тэраньі. Каса дэль Папола ў г. Кома.

т. 16, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЭ́РСКАЯ МІХА́ЙЛАЎСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік драўлянага дойлідства ў в. Чэрск Брэсцкага р-на. Пабудавана ў 1701. Царква складаецца з квадратнага ў плане асн. зруба, завершанага дахам з галоўкай, і больш вузкага зруба з 3-граннай алтарнай ч., накрытага вальмавым дахам з галоўкай. Да гал. фасада прыбудавана веранда, каля алтара — рызніца. Сцены вертыкальна ашаляваны дошкамі з нашчыльнікамі. Перад царквой пастаўлена зрубна-каркасная 3-ярусная званіца-брама, ніжні ярус якой — чацверыковы зруб, ашаляваны дошкамі з нашчыльнікамі, верхні — каркасны (таксама чацверыковы), завершаны шатровым дахам, прамежкавы — вырашаны шатровым дахам у выглядзе развітага прычолка, які на зах. і ўсх. фасадах мае трапецападобныя верт. шчыты з 4 арачнымі праёмамі з дэкар. панэллю.

Чэрская Міхайлаўская царква.

т. 17, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНЧАРО́ВА Наталля Сяргееўна (4.6.1881, в. Ладышкіна Тульскай вобл., Расія — 17.10.1962),

рускі жывапісец, графік і тэатр. мастак. Вучылася ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (з 1898). Удзельнічала ў выстаўках аб’яднанняў «Бубновы валет», «Асліны хвост», «Мішэнь». Зазнала ўплыў імпрэсіянізму, кубізму і футурызму. Разам з мужам М.Ларыёнавым была адным са стваральнікаў рус. прымітывізму («Маскоўская вуліца», 1909; «Мыццё палатна», 1910) і т.зв. «лучызму» (спроба дэкар. абстракцыянізму). З 1915 жыла ў Парыжы. Афармляла спектаклі ў антрэпрызе С.Дзягілева («Залаты пеўнік» М.​Рымскага-Корсакава, 1914; «Жар-птушка» І.​Стравінскага, 1926). Яе творам уласцівы дэкар. маляўнічасць і выразнасць, блізкая да рус. лубка.

Літ.:

Художники русской эмиграции (1917—1941): Биогр. словарь. СПб., 1994. С. 162—166;

Chamot M. Natalia Gontcharova. Paris, 1972.

Н.Ганчарова. Маскоўская вуліца. 1909.

т. 5, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРА́СІМАЎ Сяргей Васілевіч (26.9.1885, г. Мажайск, Расія — 20.4.1964),

рускі жывапісец. Нар. мастак СССР (1958), правадз. чл. АМ СССР (1947), д-р мастацтвазнаўства (1956), праф. (1931). Вучыўся ў Строганаўскім вучылішчы (1901—07) і Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1907—12) у С.​В.​Іванава і К.​А.​Каровіна. Пісаў простыя па кампазіцыі, стрыманыя па каларыце партрэты («Сялянка з пеўнем», 1924, «Калгасны вартаўнік», 1933), гіст. палотны («Клятва сібірскіх партызан», 1933, «Маці партызана», 1943—50), жанравыя карціны («Калгаснае свята», 1937), пейзажы; ілюстрацыі да твораў М.​А.​Някрасава, М.​Горкага і інш. Ленінская прэмія 1966. У Нац. маст. музеі Беларусі 6 работ Герасімава, сярод якіх «Сялянка-дэлегатка», 1935, «Ранняя вясна», 1956, «Мажайск. Масква-рака», 1960, і інш.

С.Герасімаў. Маці партызана. 1943—50.

т. 5, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ЛАСАВЫ,

рускія архітэктары, браты. Ураджэнцы Масквы. Чл. Асацыяцыі сучасных архітэктараў. Панцеляймон Аляксандравіч (25.7.1882 — 8.6.1945), вучыўся ў Маск. вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1906—11). Удзельнічаў у складанні плана «Новая Масква» (1918—23), праектаванні Усерас. с.-г. саматужна-прамысл. выстаўкі (1923). Пабудаваў шэраг будынкаў у стылі функцыяналізму: камбінат газ. «Праўда» (1929—35), дамы на Вял. Броннай вул. (1937—38) у Маскве. Займаўся праблемамі горада-сада (праект пас. Грознафта, 1920-я г.). Ілья Аляксандравіч (31.7.1883 — 29.1.1945), скончыў Пецярбургскую АМ (1915). Аўтар выразных па кампазіцыі праектаў і збудаванняў у Маскве ў стылі канструктывізму: павільёна Д. Усходу на Усерас. с.-г. і саматужна-прамысл. выстаўцы (1923), клуба імя Зуева (1928), праекта Палаца Саветаў (1931), дамоў Наркамбуда (1939) і інш. У 1930-я г. звярнуўся да формаў класікі.

т. 5, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКАЯ ВЕ́РХНЯЯ ЦАРКВА́,

помнік мураванага дойлідства 14 — пач. 15 ст. Пабудавана на месцы Гродзенскай Ніжняй царквы. Часткі пабудовы выяўлены ў 1931—37 Ю.​Ядкоўскім у час археал. раскопак на тэр. Гродзенскага Старога замка; у 1939 перанесены ў асобны павільён.

Рэшткі царквы даюць падставу меркаваць, што гэта быў квадратны ў плане са зрэзанымі вугламі бесстаўповы храм з паўкруглай апсідай. Унутры бакавых частак апсіды выяўлены аркі таўшчынёй у 1—2 цагліны. Першапачаткова перакрыццё царквы было драўлянае, пазней — скляпеністае на нервюрах. Пасля перабудовы храм накрыты чырвонай чарапіцай у форме плоскіх пласцін. Верхняя частка сцен упрыгожана крыжападобнай цэглай. Рэканструкцыю царквы выканалі: у 1938 Т.​Андрыёнчык, у 1965 Абрамаўскас, у 1987 Ф.​Селязнёў, Р.​Сташкевіч, А.​Трусаў.

Гродзенская Верхняя царква. Рэканструкцыя.

т. 5, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІЯ ЛЯ́МУСЫ,

помнікі гасп. і жыллёвай архітэктуры. Лямус у двары Гродзенскага кляштара брыгітак пабудаваны ў 1630-я г. ў стылі ранняга барока; помнік драўлянага дойлідства. Двухпавярховы прамавугольны ў плане будынак з масіўных драўляных брусоў на бутавым падмурку накрыты высокім вальмавым гонтавым дахам. Гал. фасад аздоблены 2-яруснай галерэяй з балюстрадай на 2-м паверсе. Матыў аркады ствараюць слупы з падкосамі. Першы паверх прызначаўся для гасп. мэт, 2-і — для жылля. Лямус (вул. Дзяржынскага) пабудаваны ў 2-й пал. 18 ст. Двухпавярховы прамавугольны ў плане будынак накрыты высокім вальмавым дахам. На гал. і бакавым фасадах — мансарды. Гал. фасад сіметрычны, з невял. рызалітамі ў цэнтры. У 1939 перабудаваны пад жылы дом, інтэр’ер зменены.

Да арт. Гродзенскія лямусы. Лямус у двары кляштара брыгітак.

т. 5, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРЛЮ́К Давід Давідавіч (21.7.1882, хутар Семіратоўшчына Лебядзінскага пав. Харкаўскай губ. — 15.1.1967),

рускі паэт і мастак. Адзін з першых рус. футурыстаў (гл. Футурызм), арганізатар групы кубафутурыстаў. У 1902—03 вучыўся ў Мюнхенскай каралеўскай акадэміі (мастацтваў), у 1910—14 — у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства. У 1913—14 разам з У.​У.​Маякоўскім і В.​В.​Каменскім удзельнічаў у турнэ футурыстаў па Расіі. З 1920 жыў у Японіі, з 1922 — у ЗША, дзе займаўся пераважна мастацтвам. Пачаў друкавацца ў 1899. Аўтар зб-каў вершаў «Хвост, які лысее» (1919), «Вершы і біяграфія. Да 25-годдзя маст.-літ. дзейнасці (1898—1923)» (1924), «1/2 стагоддзя» (1932), «Талстой. Горкі. Паэмы» (1929) і інш., кн. прозы «Па Ціхім акіяне» (1927) і ўспамінаў «Маякоўскі і яго сучаснікі» (1932).

т. 3, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)