СТРУ́КАЎ Дзмітрый Міхайлавіч (1827? — 1899),

рускі мастак, археолаг, педагог. Скончыў Строганаўскае вучылішча ў Маскве. У 1849 заснаваў вучылішча малявання пры Троіца-Сергіевай лаўры (г. Сергіеў Пасад Маскоўскай вобл.). У 1864 ажыццявіў экспедыцыю па Беларусі, зрабіў замалёўкі помнікаў архітэктуры і краявідаў Магілёва, Маладзечна, Мінска [у т. л. Петрапаўлаўскай (Кацярынінскай) царквы], Нясвіжа, Полацка, Рагачова, мяст. Раманава (цяпер в. Леніна Слуцкага р-на) і інш., фрагментаў асобных збудаванняў, эпіграфікі, твораў выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва (у т. л. крыж Ефрасінні Полацкай). Праводзіў арх.-археал. пошукі на Беларусі і Украіне, у т. л. ў Крыме. Дзённікі, палявыя запісы, малюнкі С. — каштоўны матэрыял для вывучэння гісторыі бел. дойлідства.

А.​А.​Трусаў, Ю.​А.​Якімовіч.

Дз.Струкаў. Петрапаўлаўская (Кацярынінская) царква ў Мінску.

т. 15, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)