ГО́ЛАСАВЫ,
рускія архітэктары, браты. Ураджэнцы Масквы. Чл. Асацыяцыі сучасных архітэктараў. Панцеляймон Аляксандравіч (25.7.1882 — 8.6.1945), вучыўся ў Маск. вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1906—11). Удзельнічаў у складанні плана «Новая Масква» (1918—23), праектаванні Усерас. с.-г. саматужна-прамысл. выстаўкі (1923). Пабудаваў шэраг будынкаў у стылі функцыяналізму: камбінат газ. «Праўда» (1929—35), дамы на Вял. Броннай вул. (1937—38) у Маскве. Займаўся праблемамі горада-сада (праект пас. Грознафта, 1920-я г.). Ілья Аляксандравіч (31.7.1883 — 29.1.1945), скончыў Пецярбургскую АМ (1915). Аўтар выразных па кампазіцыі праектаў і збудаванняў ў Маскве ў стылі канструктывізму: павільёна Д. Усходу на Усерас. с.-г. і саматужна-прамысл. выстаўцы (1923), клуба імя Зуева (1928), праекта Палаца Саветаў (1931), дамоў Наркамбуда (1939) і інш. У 1930-я г. звярнуўся да формаў класікі.
т. 5, с. 323
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)