ПАЎУСТА́Ў,

тып пісьма кірыліцы. Выпрацаваўся ў выніку паскарэння працэсу пісання на аснове ўстава і адрозніваўся ад яго меншай геаметрычнасцю пісьма, драбнейшымі літарамі і значна большай колькасцю скарачэнняў. Ужываўся ў паўд.-слав. (з канца 13 ст.) і ўсх.-слав. (з канца 14 ст.) пісьменнасці на пергаменце і паперы. У старабел. пісьменнасці, як і ў інш. усходнеслав. меў 2 разнавіднасці — старэйшы і малодшы. Старэйшы П., блізкі да ўстава, ужываўся ў справаводстве, граматах канца 14—1-й пал. 15 ст. Малодшы П. паралельна са скорапісам выкарыстоўваўся пераважна ў кнігах рэліг. і свецкага зместу 2-й пал. 15—16 ст., зрэдку 17 ст. («Чэцця» 1489, перакладныя аповесці «Александрыя», «Аповесць пра трох каралёў» 15 ст., Нікіфараўскі, Акадэмічны, Віленскі, Супрасльскі летапісы 15 — пач. 16 ст., «Гісторыя пра Трою», «Псалтыр», «Арыстоцелева брама» 16 ст., «Хранограф» 17 ст. і інш.). У параўнанні са старэйшым П. у малодшым П. словы пісаліся асобна (акрамя прыназоўнікаў і злучнікаў, літары мелі больш скарапісных элементаў, пашырылася напісанне слоў ці іх частак над радком, пачала выкарыстоўвацца вязь. Шырока ўжываліся надрадковыя знакі, сталі больш разнастайнымі знакі прыпынку. П. паслужыў узорам для шрыфтоў у выданнях Ф.​Скарыны, С.​Буднага, В.​Цяпінскага.

Літ.:

Карский Е.Ф. Славянская кирилловская палеография. М., 1979.

А.​М.​Булыка.

Паўустаў. Фрагмент граматы рыжскіх ратманаў да палачан. 1405.

т. 12, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАТАТЫ́П (ад грэч. prototypon правобраз),

рэальная асоба, якая паслужыла асновай для стварэння літ. вобраза, персанажа. Арыентаванасць на П., характар яго выкарыстання залежаць ад кірунку, жанру і творчай індывідуальнасці пісьменніка. Наяўнасць П. з’яўляецца істотнай рысай рэалістычнай творчасці з яе жыццепадабенствам, псіхалагізмам, быт. каларытам, у адрозненне ад л-р і стыляў з высокай ступенню нарматыўнасці і дэманстратыўнай умоўнасцю (класіцызм, барока, сентыменталізм). Паказваючы рэальную асобу, пісьменнік не капіруе характар і жыццё П., а адбірае патрэбнае яму. Зварот да П. найб. характэрны ў аўтабіягр. творах (трылогія Л.​Талстога «Дзяцінства», «Гады падлетка», «Юнацтва», паэма Я.​Коласа «Новая зямля») і ў лірыцы, дзе ў якасці П. лірычнага героя выступае сам аўтар. У літ. персанажа можа быць некалькі П (вобраз Грушніцкага ў рамане М.​Лермантава «Герой нашага часу»), у некалькіх літ. персанажаў можа быць адзін П. (П. для вобразаў Садовіча ў рамане Я.​Коласа «На ростанях», Баса-Грэнкі ў п’есе Я.​Коласа «Забастоўшчыкі», Сташынскага ў рамане А.​Фадзеева «Разгром» паслужыў А.​Сянкевіч). Але часцей аўтар, ствараючы вобраз, асноўваецца на адной рэальнай асобе. якую ўспрымае як блізкі да маст. завершанасці тып (П. для вобраза дзеда Талаша ў аповесці Я.​Коласа «Дрыгва» паслужыў В.​І.​Талаш, для вобраза Чубара ў рамане І.​Чыгрынава «Плач перапёлкі» М.​Сяднёў).

Літ.:

Атрашкевіч В.І. Ад прататыпа да вобраза. Мн., 1984.

т. 13, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНГА́ЛА (Sangallo),

сям’я італьянскіх архітэктараў і скульптараў эпохі Адраджэння. Нарадзіліся ў г. Фларэнцыя.

Джуліяна да С. [сапр. Джамберці (Giamberti); 1445—20.10.1516], развіваў традыцыі Ф.​Брунелескі, выразным па кампазіцыі пабудовам надаваў лёгкасць і вытанчанасць: касцёл Санта-Марыя дэле Карчэры ў Прата (1484—95), віла ў Поджа-а-Каяна каля Фларэнцыі (з 1485), шматлікія гар. ўмацаванні, у т. л. ў Поджа-Імперыяле (1488), Пізе і Ліворна (1509—12). Як скульптар блізкі да Данатэла (надмагіллі сям’і Сасеці ў капэле Сасеці касцёла Санта-Трыніта ў Фларэнцыі, 1486). Антоніо да С. Старэйшы (1455 ці 1463—17.12.1534), брат Джуліяна да С., шмат працавалі разам. З самаст. работ найб. значны касцёл Сан-Б’яджа каля Мантэпульчана ў Таскане (1518—45). Антоніо да С. Малодшы [сапр. Кардыяні (Cordiani); 1483—3.8.1546], пляменнік і вучань Джуліяна да С. і Антоніо да С. Старэйшага. З 1503 працаваў у майстэрні Д.​Брамантэ ў Рыме. Пабудаваў гар. ўмацаванні ў Парме (з 1525) і інш. Пасля смерці Рафаэля стаў гал. архітэктарам Рымскага сабора святога Пятра (з 1520). Сталыя работы С. вылучаюцца масіўнасцю форм і цэласнасцю арх. аблічча: палацца Фарнезе ў Рыме (з 1513, завершана Мікеланджэла і Дж. дэла Портам), банк Санта-Спірыта ў Рыме (1523—24).

А. да Сангала Старэйшы. Касцёл Сан-Б’яджа каля Мантэпульчана ў Таскане.

т. 14, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТЛЯРО́ЎСКІ (Іван Пятровіч) (99.1769, г. Палтава, Украіна — 10.11.1838),

украінскі пісьменнік, пачынальнік новай укр. л-ры. Вучыўся ў Палтаўскай духоўнай семінарыі (1780—89). У 1796—1808 на вайск. службе (у 1807—08 у г. Ліда Гродзенскай вобл.). У 1818—21 дырэктар Палтаўскага т-ра. З 1821 ганаровы чл. Вольнага т-ва аматараў рас. славеснасці. Прытрымліваўся пазіцый памяркоўнага асветніцтва, хоць і быў блізкі да дзекабрысцкіх колаў. Аўтар сатырычнай, створанай на аснове сюжэта Вергілія, бурлескнай паэмы «Энеіда» (ч. 1—3, 1789; ч. 1—4, 1809; ч. 1—6, 1842) — першага ў нац. л-ры рэаліст. твора пра жыццё, побыт, норавы розных слаёў грамадства 2-й пал. 18 ст. Твор адметны выразна акрэсленым сац. зместам, вобразнай нар. мовай, каларытнымі нац. характарамі, прасякнуты гумарам і іроніяй. Вядомы як драматург: п’есы «Наталка Палтаўка» (1838; аднайм. опера М.​Лысенкі 1889) і «Маскаль-чараўнік» (1841; абедзве паст. 1819). У 1840-я г. п’есы К. ставіліся ў т-рах Мінска і Віцебска. Пад уплывам «Энеіды» К. напісаны бел. ананімныя творы «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе». На бел. мову «Энеіду» К. пераклаў А.​Куляшоў.

Тв.:

Повне зібрання творів. Т. 1—2. Київ, 1969;

Твори. Київ, 1982;

Бел. пер. — Энеіда. Мн., 1969;

Рус. пер — Соч. Л., 1986.

Літ.:

Кісялёў Г. Загадка беларускай «Энеіды». Мн., 1971. С. 8—11;

Левин Б. Веселый мудрец. М., 1981;

Кирилюк Е. Іван Котляревський. Київ, 1981.

В.​А.​Чабаненка.

т. 8, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫРУЧЭ́ННЕ ЖЫВЁЛ.

адамашніванне жывёл, працяглы працэс пераўтварэння дзікіх жывёл у свойскіх, якіх расплоджваюць для задавальнення патрэб чалавека; першы этап узнікнення жывёлагадоўлі. Пад уплывам П.ж. і штучнага адбору жывёлы паступова страчваюць некат. рэфлексы, змяняюцца іх паводзіны, унутр. і знешняя будова. У параўнанні з дзікімі жывёламі, у свойскіх больш лёгкі шкілет, менш трывалыя косці, больш тонкая скура, знікла ахоўная афарбоўка, менш развіты галаўны мозг, органы пачуццяў, лёгкія, сэрца, ныркі. Лепш функцыянуюць млечныя залозы, органы размнажэння (свойскія жывёлы больш пладавітыя), у многіх знікла сезоннасць у расплоджванні.

Паводле звестак археалогіі, раней за інш. былі прыручаны сабака (каля 20—50 тыс. г. да н.э.), свіння, авечка, каза, буйн. раг. жывёла (8—3 тыс. г. да н.э.), пазней конь. Найб. буйныя ачагі П.ж. — Блізкі і Пярэдні Усход (Паўд. Турцыя, Палесціна, Ірак, Іран, Сярэдняя Азія), пазней раёны стараж. культур у бас. рэк. Ніл, Тыгр, Еўфрат, Ганг, Інд, Амудар’я і інш. Працэс П.ж. не спыняецца, працягваюцца спробы па прыручэнні і развядзенні ў няволі аленяў, ласёў, маралаў, антылоп, пушных звяроў, рэптылій (змей, кракадзілаў), амфібій і інш. Асаблівае значэнне набывае развядзенне ў няволі (зоакультура) жывёл, якія знаходзяцца пад пагрозай знішчэння з мэтай узнаўлення іх колькасці ў прыродзе; драпежных і паразітычных беспазваночных для барацьбы са шкоднікамі; насякомых-апыляльнікаў, глебавых арганізмаў, гідрабіёнтаў-фільтрантаў для выкарыстання ў біягеацэналагічнай меліярацыі і ахове прыроды.

Т.​Я.​Паўлюшчык.

т. 13, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫС (Oryza),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 20 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічным, субтрапічным паясах Паўд. і Усх. Азіі, Афрыкі, Амерыкі, Аўстраліі. Культура Р. пасяўнога (O. sativa) узнікла ў Паўд.-Усх. Азіі больш за 7 тыс. гадоў назад. У Афрыцы Р. голы, ці афрыканскі (O. glaberrima) вырошчвалі ў бас. р. Нігер з сярэдзіны 2-га тыс. да н.э. разам з Р. кропкавым (O. punctata) і інш. Асн. кампанент харчавання мясц. насельніцтва. Культывуюць Р. ва ўмераных і трапічных паясах, на заліўных палях; у некат. раёнах Афрыкі, Азіі і Амерыкі — сухадольныя віды. Асн. прадукт харчавання для ​1/3 насельніцтва зямнога шара. Створаны дзесяткі тысяч сартоў. Гал. цэнтры вытв-сці Р. — Кітай і Індыя.

Р. пасяўны — яравая аднагадовая расліна выш. 0,6—1,5 м (некат. сарты 2—3 м). Лісце лінейнае, вузкаланцэтнае, зялёнага, чырванаватага або фіялетавага колеру. Суквецце — мяцёлка. Плод — зярняўка. Ачышчанае ад лускавінак зерне мае ў сабе да 75% вугляводаў (пераважна крухмалу), 9—12% бялку (па колькасці неабходных амінакіслот блізкі да жывёльнага). Яго перапрацоўваюць на муку, крухмал, спірт, піва, высакаякасную пудру, румяны. З саломы вырабляюць вышэйшыя сарты паперы, кардону, вяроўкі, капелюшы, цыноўкі, сумкі, скормліваюць жывёле. Харч., тэхн., лек. расліна.

В.​М.​Прохараў.

Рыс: 1 — расліна ў фазе малочнай спеласці; 2 — мяцёлкі кітайска-японскай галіны з двухкаляровай (а) і аднакаляровай (б) афарбоўкай кветкавых лускавінак; 3 — мяцёлка індыйскай галіны.

т. 13, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЧЫК (Варлен Леанідавіч) (25.6.1939, в. Астрашыцкі Гарадок Мінскага р-на — 13.11.1985),

бел. крытык і літ.знавец. Канд. філал. н. (1974). Скончыў БДУ (1960). Настаўнічаў. У 1966—71 працаваў у рэдакцыях газ. «Літаратура і мастацтва» і час. «Нёман». З 1972 у Ін-це л-ры АН Беларусі, з 1981 нам. гал. рэдактара выд-ва «Мастацкая літаратура». Друкаваўся з 1959. Даследаваў бел. паэзію, сувязь л-ры з часам і жыццём, праблемы яе грамадзянскасці і мастацкасці, вышыні маральных крытэрыяў пры асэнсаванні рэчаіснасці, пытанні духоўнага багацця творчай асобы, паэт. майстэрства, культуры творчасці, асаблівасці творчых індывідуальнасцяў паэтаў розных пакаленняў (артыкулы пра Я.​Купалу, М.​Багдановіча, П.​Панчанку, М.​Танка, П.​Броўку, У.​Хадыку, А.​Дудара, А.​Пысіна, Н.​Гілевіча, А.​Вярцінскага, С.​Гаўрусёва, Е.​Лось, Р.​Барадуліна, Я.​Янішчыц, В.​Зуёнка і інш.; зб-кі літ.-крыт. арт. «Свет жывы і блізкі», 1974; «Прад высокаю красою...», 1984, Літ. прэмія імя І.​Мележа 1987; манаграфіі «Беларуская савецкая лірыка», 1979, з М.​Ярошам; «Шлях да акіяна: Кніга пра паэзію Аркадзя Куляшова», 1981; кн. «Радзіме — радок і жыццё», 1986). Аналізаваў прозу В.​Быкава, І.​Пташнікава, А.​Кудраўца, Я.​Сіпакова, І.​Хадановіча, М.​Капыловіча і інш. Асн. пафас творчасці Бечыка, гал. эстэт. патрабаванні яго да л-ры — жыццёвасць, шчырасць, маральнасць, высокі маст. ўзровень. Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (1977, на рус. мове). Склаў зб. «Песні змагання, 1941—45: Вершы бел. паэтаў» (1986).

Тв.:

Выбранае. Мн., 1989;

Радкі і жыццё: Старонкі дзённіка. Мн., 1993.

І.​У.​Саламевіч.

В.Л.Бечык.

т. 3, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРАШЧА́ГІН (Васіль Васілевіч) (26.10.1842, г. Чарапавец, Расія — 13.4.1904),

рускі жывапісец-баталіст. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1860—63), у майстэрні Ж.​Л.​Жэрома ў Парыжы (1864—65). Вандраваў па Расіі, Зах. Еўропе, Сірыі, Палесціне, Індыі, Японіі, ЗША і інш. Удзельнічаў у заваяванні Сярэдняй Азіі (1867—68), рус.-тур. (1877—78) і рус.-яп. (1904—05) войнах; загінуў у Порт-Артуры пры выбуху на браняносцы «Петрапаўлаўск». Быў блізкі да перасоўнікаў. У тэматычных серыях карцін «Туркестанская» (1871—74), «Балканская» (1877—78 і 1880-я г.), на тэму вайны 1812 (1887—1904) і інш. паказаў жорсткія будні вайны [«Пасля няўдачы. (Пераможаныя)», 1868], цяжар і героіку ратнай працы (трыптых «На Шыпцы ўсё спакойна!», 1878—79), мужнасць і маральную сілу народа-змагара («Не чапай, дай падысці!», 1887—95). У яго творах рамант. ўвасабленне ваен. сутыкненняў упершыню ў рус. батальным жанры саступіла месца філас. разважанням пра вайну («Апафеоз вайны», «Нападаюць знянацку», абедзве 1871), выкрыццю рэліг. фанатызму («Трыумфуюць», 1872), каланіялізму («Задушэнне індыйскага паўстання англічанамі», 1884). Па ўласных замалёўках і натурных эцюдах стварыў адметны жанр дакумент.-этнагр. жывапісу, дзе спалучыў дакумент. дакладнасць адлюстравання з дасканала распрацаванай кампазіцыяй, выразным малюнкам, каларыстычным рашэннем [«У гарах Алатау», 1869—70, «Дзверы Цімура (Тамерлана)», 1872—73, «Маўзалей Тадж-Махал у Агры», 1874—76, і інш.].

Тв.:

Избр. письма. М., 1981.

Літ.:

Верещагин В.В. Воспоминания сына художника. Л., 1982;

Лебедев А.К., Солодовников А.В. В.​В.​Верещагин. М., 1988.

А.​В.​Кашкурэвіч.

В.Верашчагін. Дзверы Цімура (Тамерлана). 1871—72.

т. 4, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІСАРЫЁН (Bessarion; 2.1.1403?, г. Трабзон, Турцыя — 18.11.1472),

візантыйскі царк. дзеяч, гуманіст. У 1423 прыняў манаства пад імем Вісарыён. Вывучаў філасофію і інш. навукі пад кіраўніцтвам Пліфана. З 1437 епіскап Нікеі (цяпер г. Ізнік, Турцыя). Прымкнуў да лацінафільскай групоўкі візант. знаці, лічыў неабходным саюз Візантыі з Захадам у мэтах сумеснай барацьбы супраць туркаў. На Фларэнційскім саборы 1438—45 спрыяў заключэнню уніі паміж каталіцкай і правасл. цэрквамі (1439). Перайшоў у каталіцтва, у 1439 прызначаны кардыналам. Пасля правалу уніі ў Візантыі вымушаны перасяліцца ў Італію (1440). Пасля падзення Канстанцінопаля (1453) быў адным з ініцыятараў крыжовага паходу супраць туркаў, дзеля чаго ездзіў з пасольствам да германскага імператара Фрыдрыха III і франц. караля Людовіка XI. Беспаспяхова выстаўляў сваю кандыдатуру на папскі прастол. У 1463 прызначаны патрыярхам Канстанцінопаля. У філас. поглядах быў паслядоўнікам Платона. У працы «Супраць паклёпніка на Платона» сцвярджаў, што ў трыядзе Платона (Бог, розум, сусветная душа) ужо быў зародак хрысц. вучэння аб Тройцы. На думку Вісарыёна, у канцэпцыі паходжання свету Платон таксама блізкі да хрысціянства, бо вучыў пра ўзнікненне «ўсяго з нічога». Значная роля Вісарыёна ў прапагандзе грэч. культуры ў Італіі. Пераклаў з грэч. мовы на латынь 14 кніг «Метафізікі» Арыстоцеля, «Метафізіку» Тэафраста, творы Ксенафонта, прамовы Дэмасфена. У 1468 перадаў у дар Венецыянскай рэспубліцы сваю унікальную бібліятэку грэч. рукапісаў.

Літ.:

Удальцова З.В. Жизнь и деятельность Виссариона Никейского // Византийсккй временник. 1976. Т. 37;

Яе ж. Византийская культура. М., 1988.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 4, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЗАРАЗРА́ДНЫЯ КРЫНІ́ЦЫ СВЯТЛА́,

газаразрадныя прылады, у якіх электрычная энергія пераўтвараецца ў аптычнае выпрамяненне пры праходжанні току праз рэчыва ў газападобным стане. Маюць шкляную, кварцавую або метал. (з празрыстым акном) абалонку з герметычна ўпаянымі электродамі, запоўненую газам (звычайна інертным) або парай металаў (напр., ртуці) пад ціскам. Бываюць газаразрадныя крыніцы святла з адкрытымі электродамі, якія працуюць у паветры або струмені газу (напр., вугальная дуга).

У газаразрадных крыніцах святла адбываецца тлеючы або дугавы разрад (гл. Электрычныя разрады ў газах, Іанізацыя). Імпульсныя лямпы з ксенонавым запаўненнем (трубчастыя, прамыя, спіральныя і U-падобныя) выкарыстоўваюцца для напампоўкі лазераў, імпульснага асвятлення пры фатаграфаванні, у страбаскапіі, аптычнай лакацыі і інш. Дугавыя ксенонавыя лямпы трубчастай або сферычнай формы маюць высокую светлавую аддачу і спектр выпрамянення, блізкі да спектра сонечнага святла ў бачнай вобласці. Выкарыстоўваюцца для асвятлення вял. плошчаў, стадыёнаў і інш., а таксама ў святлокапіравальных і фоталітаграфічных апаратах, праекцыйнай апаратуры. Дугавыя натрыевыя лямпы ў спалучэнні з ртутнымі выкарыстоўваюцца для асвятлення дарог, тунэляў, аэрадромаў і інш. У якасці эталонных крыніц святла ў атамна-абсарбцыйных і атамна-флюарэсцэнтных спектрафатометрах, інтэрферометрах, рэфрактометрах і інш. прыладах выкарыстоўваюць спектральныя лямпы.

Ф.​А.​Ткачэнка.

Газаразрадныя крыніцы святла: а — імпульсная ксенонавая лямпа ІНП 13/250; б — дугавая ртутная лямпа ДРШ 500 (1 — электроды, 2 — абалонка, 3 — токападводы, 4 — дапаможны электрод); в — дэйтэрыевая спектральная лямпа ДДС-30 (1 — шкляны балон, 2 — кварцавае акенца); г — натрыевая лямпа высокага ціску (1 — разрадная трубка, 2 — барыевы газапаглынальнік); д — лінейная лямпа імгненнага перазапальвання для каляровага тэлебачання (1 — разрадная трубка, 2 — траверсы, 3 — электроды).

т. 4, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)