рыба сям. карпавых падатр. карпападобных. Пашыраны ў бас. Чорнага і Азоўскага мораў, у Каспійскім м. (пераважна паўд.ч.) жыве падвід выразуба — кутум (Rutilus frisii kutum). Паўпрахадны від. На Беларусі трапляўся ў Дняпры і буйных яго прытоках да 1940-х г.
Даўж. цела да 75 см, маса да 8 кг. Будовай цела падобны на плотку, адрозніваецца большымі памерамі, хваставым плаўніком, дробнай луской. Спіна цёмная з зеленаватым адценнем, бакі светла-серабрыстыя, бруха белае. Спінны і хваставы плаўнікі цёмныя, астатнія шараватыя. Пасля нерасту ў рэках вяртаецца ў мора, маляўкі жывуць у рацэ да восені. Моладзь корміцца лічынкамі насякомых, ракападобнымі, дарослыя — пераважна малюскамі. Прамысл. від.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРШНЭ́П (Lymnocryptes minimus),
птушка сям. сяўцовых атр. сеўцападобных. Пашыраны ў тундры, лесатундры, на травяністых і сфагнавых балотах паўн.ч. Еўразіі. Селіцца на адкрытых багнах з невял. травастоем, на глеістых берагах азёр, балотах, якія параслі хвашчом, асакой ці чаротам. На Беларусі нешматлікі від, трапляецца пераважна на пралётах, у паўн. раёнах зрэдку гняздуецца; занесены ў Чырв. кнігу.
Даўж. каля 20 см, маса да 80 г. Спіна карычнявата-бурая з зеленаватым металічным адлівам і вохрыстымі падоўжнымі палоскамі па баках. Над вачамі белыя палосы, брушка белае з рыжаватымі плямкамі. Дзюба доўгая, тонкая, прамая; ногі кароткія. Выседжвае 3—4 птушанят. Корміцца насякомымі, іх лічынкамі, чарвямі і малюскамі. Аб’ект спарт. палявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫВА́СТЫ БАРА́Н (Ammotragus lervia),
жвачнае парнакапытнае млекакормячае сям. пустарогіх. Адзіны від роду, 6 падвідаў. Займае прамежкавае становішча паміж казламі і баранамі. Жыве адзін або невял. групамі ў цяжкадаступных камяністых горных пустынях Паўн. Афрыкі.
Даўж. цела да 190 см, выш. ў карку да 100 см, маса да 140 кг. Самкі значна меншыя. Афарбоўка цела рыжавата-жоўтая, бруха светлае або белае. У самцоў рогі даўж. да 80 см, у самак да 40 см. На ніжняй частцы шыі, грудзях і на пярэдніх нагах валасы падоўжаныя і ўтвараюць густую грыву (адсюль назва). Нараджаюць 1—3 дзіцянят. Кормяцца травяністымі раслінамі і парасткамі кустоў. Акліматызаваны ў гарах ЗША (1950). Ахоўваецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ВЕСЬ,
возера ў Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Шоша, за 36 км на У ад г. Глыбокае. Пл. 0,55 км², даўж. 2,1 км, найб.шыр. 440 м, найб.глыб. 26 м, даўж. берагавой лініі каля 5 км. Пл. вадазбору 12,4 км². Схілы катлавіны выш. 10—15 м, разараныя, на ПнЗ парослыя лесам. Берагі пясчаныя, пад хмызняком, на У і ПнЗ месцамі абразійныя ці зліваюцца са схіламі. Пойма забалочаная, пад хмызняком, шыр. да 200 м. Дно з упадзінамі і мелямі. Мелкаводная зона пясчаная, глыбакаводная сапрапелістая. Востраў пл. 1 га. Упадаюць ручаі з азёр Молена і Белае, на З выцякае ручай у воз. Шо.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРО́ВЕНСКАЕ ВО́ЗЕРА,
у Беларусі, у Бешанковіцкім раёне Віцебскай вобл., у бас.р. Чарнагосніца, за 16 км на У ад г.п. Бешанковічы. Пл. 1,33 км², даўж. 2,9 км, найб.шыр. 0,93 км, найб.глыб. 4,2 м, даўж. берагавой лініі 8,5 км. Пл. вадазбору 174 км².
Катлавіна выцягнутая з Пн на Пд, схілы выш. 10—18 м, разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя, у залівах забалочаныя. У цэнтры возера востраў пл. 13 га, які падзяляе яго на 2 плёсы. Дно пясчанае, глыбей за 1,5 м выслана сапрапелем. Зарастае да глыб. 1,5 м, шыр. паласы расліннасці 5—20 м. Упадаюць 5 ручаёў, у т. л. 2 з азёраў Белае і Саро. Выцякае р. Чарнагосніца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЁРНЫЯ ЗАКА́ЗНІКІ,
разнавіднасць гідралагічных заказнікаў, прызначаных для захавання і аднаўлення каштоўных у навук. адносінах азёраў і прылеглых да іх прыродных комплексаў. На тэр. азёрных заказнікаў Беларусі забаронены забор вады для гасп. мэтаў, скідванне сцёкавых водаў і бытавых адходаў, правядзенне гідрамеліярац. работ, прамысл. лоў рыбы, знішчэнне прыбярэжнай і воднай расліннасці, турызм і інш. формы арганізаванага адпачынку, выкарыстанне і мыццё маторнага транспарту, узворванне зямель у прыбярэжнай паласе. На тэр., што прылягаюць да азёрных заказнікаў, могуць забараняцца правядзенне гасп. работ, размяшчэнне новых і функцыянаванне наяўных прадпрыемстваў, якія негатыўна ўздзейнічаюць на стан прыроднага комплексу заказніка. На Беларусі 7 азёрных заказнікаў, усе ў Віцебскай вобл.: Белае, Вялікае Астравіта, Глыбокае-Чарбамысла, Доўгае, Крывое, Рычы, Сосна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫКТЫЯКА́ЎЛЫ,
род чарвей кл. нематод. 6 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі найб. распаўсюджаны і небяспечныя Д. ніткападобная (D. filaria) і Д. жывародная (D. viviparus), якія паразітуюць у бронхах і трахеях траваедных жывёл; выклікаюць дыктыякаўлёзы.
Цела (даўж. 12—150 мм) ніткападобнае, белаватае або жаўтавата-белае. Ротавая адтуліна абкружана 2 радамі сасочкаў і кутыкулярным кальцом, на дне ротавай поласці невял. зуб. Хвост у самкі завостраны, у самца з палавой рабрыстай бурсай і 2 спікуламі. Жывёлы заражаюцца інвазійнымі лічынкамі на пашы. Лічынкі трапляюць у кроў, потым у лёгачныя капіляры і ў дыхальныя шляхі. Палавой спеласці дасягаюць праз 21—60 дзён. Жывуць у арганізме жывёл 1,5 месяцы — 2 гады.
Дыктыякаўла жывародная: 1 — галаўны, 2 — хваставы канцы цела самкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЁМАНСКАЯ НІЗІ́НА.
На З Беларусі, пераважна ў Гродзенскай вобл., часткова ў паўд.-зах.ч. Літвы. Распасціраецца ўздоўж р. Нёман (яго верхняй і сярэдняй ч. басейна) ад Стаўбцоўскай раўніны да Балтыйскай грады. Мяжуе з Ашмянскім, Мінскім, Навагрудскім, Ваўкавыскім, Гродзенскім узвышшамі, Капыльскай градой. Працягласць з 3 на У 160 км, з Пн на Пд 15—55 км, пл. каля 8,3 тыс.км². Выш. 80—160 м над узр. м. Падзяляецца на Верхнянёманскую нізіну і Сярэднянёманскую нізіну. У рэльефе вылучаюцца пясчаныя раўніны і тэрасы прыледавіковых азёр, якія змыкаюцца з узроўнем верхніх тэрас Нёмана. Найб. азёры: Белае, Берштаўскае, Вераўскае, Зацкава, Рыбніца. Пад лесам 35% тэрыторыі (Нёманскія лясы). У межах Н.н. заказнікі: біял. — Гожаўскі, Налібоцкі, Парэцкі, Сапоцкінскі, ландшафтны — Азёры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛЫЯ КУРАПА́ТКІ (Lagopus),
род птушак сям. цецеруковых атр. курападобных. 2 віды — белая курапатка (L. lagopus) і тундравая курапатка (L.mutus). Пашыраны ў тундрах, лесастэпах і гарах Паўн. Еўразіі і Паўн. Амерыкі да Паўн. Казахстана, Паўн. Манголіі і Канады. На Беларусі белая курапатка спарадычна трапляецца ў паўн.ч. на вярховых балотах; занесена ў Чырв. кнігу.
Даўж. цела да 46 см, маса 400—900 г. Тундравая курапатка драбнейшая. Апярэнне зімой белае з чорным хвастом, летам рыжа-бурае, у самцоў тундравай курапаткі зімой чорная аброць, летам менш рыжых тонаў; у самак мяняецца 3, у самцоў 4 разы на год. Гнёзды на мохавых купінах з нізкарослай расліннасцю. Кормяцца пупышкамі дрэў, лісцем, ягадамі. На поўначы белыя курапаткі — важны аб’ект промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛУ́ГА (Huso huso),
рыба сям. асятровых атр. асетрападобных. Пашырана ў бас. Каспійскага, Чорнага, Азоўскага і Адрыятычнага мораў. Прахадная. Раней па Дняпры заходзіла ў рэкі Беларусі на нераст. Да пач. 20 ст. ў Сажы і Дняпры лавілі бялугу масай каля 300 кг, пазней не траплялася. У 1973—74 у рыбакамбінат «Белае» (Гомельская вобл.) завезены гібрыд бялугі і сцерлядзі (бесцер) для рыбагасп. выкарыстання.
Даўж. да 9 м, маса да 2 т. Жыве больш за 100 гадоў. Палавая спеласць самцоў у 12—14 гадоў, самак у 16—18. Ёсць азімыя і яравыя формы. Нерастуе раз у некалькі гадоў. Плоднасць да 8 млн. буйных ікрынак. Утварае гібрыды з інш. асятровымі. Дарослая корміцца рыбай, моладзь — доннымі беспазваночнымі. Каштоўная прамысл. рыба. Ікра — далікатэсны прадукт. Колькасць скарацілася. Аб’ект развядзення.