вёска ў Іўеўскім р-не Гродзенскай вобл., на аўтадарозе Ашмяны—Ліда. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 29 км на ПнЗ ад г.п. Іўе, 150 км ад Гродна, 19 км ад чыг. ст. Гаўя. 1500 ж., 478 двароў (1996).
У 15—16 ст. вядомы як Геранёны Мураваныя. З 1433 двор Гаштольдаў. На мяжы 15—16 ст. пабудаваны Геранёнскі замак, у 1519 — Геранёнскі Мікалаеўскі касцёл. З 1520 мястэчка Ашмянскага пав. Віленскага ваяв. З 16 ст. ўласнасць вял. князёў ВКЛ. У 17—18 ст. цэнтр староства. У 1-й пал. 18 ст. рэзідэнцыя віленскіх піяраў, пры якой у 1730—38 дзейнічала школа. Пры каралю Аўгусце III (1733—63) атрымалі магдэбургскае права (паводле інш. крыніц, у 1630-я г.), мелі герб. З 1795 у Рас. імперыі, у Ашмянскім пав. Уласнасць Корвін-Мілеўскіх. У пач. 20 ст. 316 ж. З 1922 у складзе Польшчы, у Ашмянскім пав. З 1939 у БССР, у Іўеўскім р-не, з 1940 цэнтр сельсавета. У 1963—79 у Жылёўскім с/с. У 1970 — 397 жыхароў.
Сярэдняя і муз. школы, дзіцячы сад, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнікі архітэктуры — Мікалаеўскі касцёл, руіны замка (15—16 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЖА́Н-ГАРАДО́К,
вёска у Лунінецкім р-не Брэсцкай вобл., на левым беразе р. Цна, на аўтадарозе Лунінец — г.п. Мікашэвічы. Цэнтр Гарадоцкага с/с і 2 калгасаў. За 17 км на ПдУ ад г. Лунінец, 257 км ад Брэста, 6 км ад чыг. ст. Лахва. 1968 ж., 702 двары (1997).
Па пісьмовых крыніцах з 1493 вядомы як сяло Гарадзец. У 1599 мястэчка Навагрудскага пав. З 1613 цэнтр воласці, 116 двароў, царква. З 1795 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Пінскага пав. У 1897 у К.-Г. 3894 ж., царква, каталіцкая капліца, сінагога, 2 яўр. малітоўныя дамы, школа, 3 млыны, 10 крам, заезны дом, штогод праводзілася некалькі кірмашоў. З 1921 у Польшчы, цэнтр гміны (да 1928) Лунінецкага пав. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Гарадоцкага с/с у Лунінецкім р-не. У кастр. 1942 ням.-фаш. захопнікі спалілі тут 100 дамоў, загубілі 975 чал. У 1971—2416 ж., 656 двароў.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Кажан-Гарадоцкая Мікалаеўская царква. Каля вёскі гарадзішча (6—7 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ПІЧЫ,
вёска ў Асіповіцкім р-не Магілёўскай вобл., каля Асіповіцкага вадасховішча. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 25 км на ПнЗ ад г. Асіповічы, 186 км ад Магілёва, 4 км ад чыг. ст. Лапічы. 1012 ж., 406 двароў (1998).
Вядома з 16 ст. У 1560 упамінаецца як сяло дзярж. Свіслацкай вобласці ў ВКЛ, 38 двароў. Паводле адм.-тэр. падзелу 1565—66 уваходзіла ў Мінскі пав. Належала Радзівілам, Незабытоўскім. З 1793 у Рас. імперыі, у Ігуменскім пав. Мінскай губ. У 1795 мястэчка, 50 двароў, царква, млын, карчма. У 1831 за ўдзел Незабытоўскіх у паўстанні 1830—31 маёнтак Л. канфіскаваны, перададзены ў дзярж. ўласнасць. Пасля 1861 у Пагарэльскай вол. Ігуменскага пав. У 1909 Л. складаліся з 2 частак: у сяле 138, у мястэчку 90 двароў. З 1924 цэнтр сельсавета ў Асіповіцкім р-не У Вял.Айч. вайну ў 1942 ням.-фаш. захопнікі часткова спалілі вёску. Пасля вайны адбудавана. У 1972—625 ж., 216 двароў.
Лясніцтва. Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Магіла ахвяр фашызму. На паўд. ускраіне вёскі гарадзішча ранняга жал. веку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫВО́ШЫН,
вёска ў Ляхавіцкім р-не Брэсцкай вобл., каля р. Ліпнянка. Цэнтр сельсавета. За 24 км на ПдЗ ад і Ляхавічы, 216 км ад Брэста, 18 км ад чыг. ст. Райтанаў. 782 ж., 338 двароў (1998).
У 17 ст. належаў кн. Радзівілам. У 1772 перададзены літ. падскарбію А.Тызенгаўзу, потым належаў Патоцкім. У 1670 нясвіжскія езуіты заснавалі ў К. касцёл. З 1793 у Рас. імперыі. У 1800—09 у маёнтку Рэпіхава каля К. (цяпер парк у межах вёскі) жыў паэт Я.Чачот. 9.6.1863 у Рэпіхаўскім лесе ў час паўстання 1863—64 адбыўся бой паміж паўстанцамі і царскімі войскамі. У 1886 мястэчка, цэнтр воласці Навагрудскага пав., 290 ж., 18 двароў, царква. З 1921 у складзе Польшчы. у Баранавіцкім пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета Ляхавіцкага р-на Баранавіцкай вобл. У 1972—783 ж., 280 двароў.
Лясніцтва, цэх перапрацоўкі драўніны. Сярэдняя школа, Дом культуры, 2 б-кі, 2 бальніцы, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, мемарыяльны знак Я.Чачоту, курган Памяці ў гонар паўстанцаў 1863. Помнік архітэктуры — Пакроўская царква (гл.Крывошынскі касцёл езуітаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛІТАРАТУ́РНАЯ СТАРО́НКА»,
літаратурна-мастацкі часопіс; орган Літаратурнага фронту сялянска-рабочых пісьменнікаў Беларусі, дадатак да «Беларускай газеты». Выйшаў 1 нумар у студз. 1934 на бел. мове ў Вільні. Часопіс рыхтавалі В.Таўлай і Я.Патаповіч (Я.Чабор). Змясціў дэкларацыю групы паэтаў [падпісалі Я.Патаповіч, М.Васілёк, А.Рэдзька, П.Граніт, П.Пестрак (Звястун), А.Іверс] да ўсіх пісьменнікаў Зах. Беларусі. З маст. твораў у ёй змешчаны: вершы «Заклік» і «Гэй, арліная мая сіла» М.Патаповіча, «Я пішу, як магу», «Змяя, катору ўзгадавала» і «Пад гукі струн маёвых» Васілька, «Моладзі» Пестрака, «Вёска» Іверса, «Там, дзе шуміць каласістае гора» М.Танка (дасланы ім з турмы Лукішкі), «А хто ў полі?» А.Салагуба, «У вастрозе» А.Леўскага, «Каваль» П.Граніта, «Мы» Рэдзькі, «Што ты, Нёман, звіхраваўся?» М.Ліста (В.Камянецкага), «Акрыльвай думку ты сваю» Н.Жальбы (А.Бяленкі); арг. «На новым этапе» М.Руніча; урывак з рамана «Кардыян і хам» («Нашто мужыкам школа?») Л.Кручкоўскага; рэцэнзія (пад крыптанімам Фр.Гр.) «Мастацкая літаратура «Грамады» на аднайменны арт. Салагуба, надрукаваны ў час. «Полымя рэвалюцыі» (1933, № 1). Забаронены ўладамі Польшчы, яго тыраж канфіскаваны, найб. актыўныя супрацоўнікі арыштаваны. Адзіны экзэмпляр «Л.с.» зберагаецца ў Цэнтр. б-цы АН Літвы.
Літ.:
История белорусской советской литературы. Мн., 1977. С. 115—116.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВЫ ПАГО́СТ,
вёска ў Міёрскім р-не Віцебскай вобл., на аўтадарозе Міёры—Шаркаўшчына. Цэнтр сельсавета. За 18 км на ПдЗ ад горада і чыг. ст. Міёры, 198 км ад Віцебска. 580 ж., 288 двароў (2000). Лясніцтва. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Касцёл (1989). Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік архітэктуры — Мікалаеўская царква (2-я пал. 19 ст.).
У пісьмовых крыніцах у ВКЛ вядома з канца 15 ст. пад назвай Пагост як месца збору даніны. У 15—18 ст. належаў І.Сапегу, Клоту, М.Сіняўскаму, Л.Сапегу, С.Бужынскаму і Ф.Юндзілу. З 1795 мястэчка ў складзе Рас. імперыі. У 1818 з маёнтка Пагост вылучылася частка пад назвай Стары Пагост (за 7 км ад яго, мела 284 ж., 31 двор); мястэчка сталі называць Н.П. У 1859 у Н.П. 119 ж., 32 двары. З 1862 працавала школа, цэнтр воласці Дзісенскага пав. У 1878—79 пабудавана Мікалаеўская царква. У 1897—607 ж. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр воласці Браслаўскага пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Новапагосцкага с/с Міёрскага р-на.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУЧЫ́Н,
вёска ў Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл., на правым беразе р. Дняпро, каля аўтадарогі Рагачоў—Жлобін. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 8 км на Пд ад г. Рагачоў, 113 км ад Гомеля, 5 км ад чыг. ст. Луцкае. 919 ж., 435 двароў (1999).
На думку некат. даследчыкаў, тут размяшчаўся стараж. горад Лучын. Згадваецца як горад у «Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» (канец 14 — пач. 15 ст.), у 1480 у Грамаце караля Казіміра мінскаму купцу Церашковічу. У 14—18 ст. у Рагачоўскай воласці (старостве) ВКЛ, з 16 ст. вядомы як сяло. З 1793 у Рас. імперыі, у Рагачоўскім пав. Беларускай, з 1802 Магілёўскай, з 1919 Гомельскай губ. У 1886—672 ж., 114 двароў, царква, 2 ветракі. З 1924 цэнтр сельсавета ў Рагачоўскім р-не Бабруйскай акр. (да 1930), з 1938 у Гомельскай вобл. У Вял.Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі двойчы (у 1941 і 1944) часткова спальвалі Л. У 1972—1352 ж., 387 двароў.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Каля вёскі група археал. помнікаў Лучын.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЫ́СКАВА,
вёска ў Пружанскім р-не Брэсикай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 65 км на ПнУ ад г. Пружаны, 150 км ад Брэста, 40 км ад чыг. ст. Ваўкавыск. 459 ж., 200 двароў (1999).
Вядома з канца 15 ст. як дзярж. ўладанне. У 15—17 ст. у Л. існаваў Лыскаўскі замак. З 17 ст. ўладанне роду Быхаўцаў. У 18 ст. заснаваны Лыскаўскі Троіцкі касцёл і кляштар місіянераў. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 ст. мястэчка, цэнтр воласці Ваўкавыскага пав. Гродзенскай губ. У 1897—868 ж., 110 двароў. З 1921 у Польшчы, у Ваўкавыскім пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Ружанскага р-на. У Вял.Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі загубілі ў Л. больш за 500 чал., у 1944 спалілі палову вёскі. З 1962 цэнтр сельсавета Пружанскага р-на. У 1972—611 ж., 201 двор.
Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Магіла польскага паэта Ф.Карпінскага (1741—1825). Помнікі архітэктуры: Лыскаўскі Троіцкі касцёл і кляштар місіянераў, царква Раства Багародзіцы (1933). За 500 м ад вёскі рэшткі Лыскаўскага замка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАМІ́ТКА, павойнік, хуста, сярпанка,
даўні галаўны ўбор замужніх жанчын на Беларусі. Складаўся з уласна Н. — тонкага белага кужэльнага палатна (ручніка) 30—60 см шырынёй, ад 2,3—2,6 да 5 м даўжынёй, абматанага паверх чапца і тканкі (лямец, кібалка). Вядома каля 30 спосабаў абмотвання Н. Часам абодва яе канцы завязвалі ззаду (магілёўскі строй), над ілбом ці па баках (капыльска-клецкі строй); найчасцей адзін канец праходзіў пад барадой і драпіраваўся над плячом, а другі спадаў на спіну. Часта Н. замацоўвалі доўгімі шпількамі, тады яе можна было здымаць, як шапку. Канцы Н., іншы раз і край над ілбом аздаблялі арнаментам (вышыўка ці натыканне), карункамі, мохрыкамі (пухавіцкі строй, маларыцкі строй, кобрынскі строй). Святочную Н. аздаблялі зелянінай, букетам штучных ці жывых кветак, папяровым веерам (ляхавіцкі строй), кветкамі вяргіні (пінска-івацэвіцкі строй), пер’ем (кобрынскі строй), маляўнічай каробачкай з 2 «рожкамі» — пукамі фарбаванага пер’я (касцюм свацці ў маларыцкім строі). Першы раз у Н. ўбіралі нявесту на вяселлі (абрад «ачэпін»), пасля чаго жанчына не выходзіла на людзі без яе. Найдаўжэй бытавала на Палессі (да 1950-х г.). Іл.гл. таксама ў арт.Галаўныя ўборы.
М.Ф.Раманюк.
Жанчыны ў святочных уборах з наміткамі. Вёска Варатынічы Кобрынскага раёна Брэсцкай вобл.Пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКАЛА́ЕЎШЧЫНА,
вёска ў Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл., на правым беразе р. Нёман. Цэнтр сельсавета. За 8 км на ПдУ ад горада і чыг. ст. Стоўбцы, 86 км ад Мінска. 737 ж., 340 двароў (1999).
Вядома з сярэдзіны 16 ст., уласнасць Осцікавічаў, Л.Свірскага, М.К.Радзівіла Сіроткі. У 1596 мела 17 двароў, карчму, бровар, прыстань. На мяжы 16—17 ст. ператварылася ў мястэчка. У 1628 было 114 двароў, касцёл, ратуша, гасціны двор, рынак, млын, верф (сточня), 13 складоў для тавараў. У 1664 у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай М. спалена. З 1793 у Рас. імперыі ў Мінскім пав., у 19 ст. сяло Свержанскай вол. У 1882 каля М. ў засценку Акінчыцы нарадзіўся Я.Колас. У 1897 у М. 935 ж., 141 двор, царква, карчма, магазін. У ліп. 1906 тут адбыўся з’езд настаўнікаў Мінскай губерні 1906. З 1921 у складзе Польшчы ў Стаўбцоўскім пав. Навагрудскага ваяв., з 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Стаўбцоўскага р-на.
Сярэдняя школа, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква. Коласаўскі заказнік, Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльнага музея філіял. Каля вёскі турбаза «Высокі бераг». Радзіма вучонага-мовазнаўца Я.Лёсіка.