сімбіятычнае спалучэнне сысучых каранёў вышэйшай расліны і міцэлію грыба. Вядома ў большасці наземных раслін, пераважна шматгадовых. Адрозніваюць М. эктатрофную (вонкавую), пры якой міцэлій аплятае корань і пранікае ў міжклетнікі вонкавых слаёў яго першаснай кары (каранёвыя валаскі адміраюць, карані відазмяняюцца); эндатрофную (унутраную), калі міцэлій развіваецца пераважна ў міжклетніках і клетках коравай парэнхімы кораня (корань знешне не мяняецца); эктаэндатрофную (пераходную). Эктатрофная і эктаэндатрофная (больш пашырана ў лясах) М. найб. характэрны для дрэў і шапкавых базідыяльных грыбоў (баравік, падасінавік, рыжык, мухаморы і інш.), многія з якіх без М. не ўтвараюць пладовых цел; эндатрофная — для травяністых раслін і мікраскапічных грыбоў (найб. тыповая ў недасканалых грыбоў і раслін сям. ятрышнікавых, насенне якіх не развіваецца без сімбіёзу з грыбам). Пры М. грыб атрымлівае ад расліны вугляводы, амінакіслоты і біялагічна актыўныя рэчывы, павялічвае паглынальную паверхню і функцыян. актыўнасць каранёвай сістэмы, ахоўвае яе ад пашкоджанняў і патагенаў; расліна лепш засвойвае калій, арган. азоцістыя злучэнні і фасфаты, атрымлівае ад грыба вітамінападобныя рэчывы і актыватары росту.
Мікарыза: 1 — эктатрофная (пры павелічэнні); 2 — эндатрофная (папярочны разрэз кораня клёна); 3, 4 — участак кораня хвоі з эктатрофнай мікарызай і без яе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІМІКРЫ́Я (англ. mimicry ад грэч. mimikos пераймальны),
адзін з тыпаў ахоўнай афарбоўкі, формы і паводзін; імітацыйнае падабенства неабароненага арганізма да абароненага або неядомага. Узнікненне М. шляхам натуральнага адбору звязана з выбіральным знішчэннем арганізмаў інш. арганізмамі, якія ў пошуках корму карыстаюцца зрокам.
У жывёл М. выяўляецца ў знешнім падабенстве неабароненых жывёл з прадметамі навакольнага асяроддзя і раслінамі (мімезія), або з неядомымі ці абароненымі жывёламі (міметызм). Адрозніваюць 2 формы М., названых па прозвішчах вучоных, што далі іх апісанне: Г.Бейтса (1862) і ням. заолага Ф.Мюлера (1864). Пры бейтсаўскай М. ядомыя і неядомыя для драпежнікаў жывёлы маюць падобную афарбоўку, як, напр., матылі бялянкі Dismorphia astynome i Perrhybris pyrrha падобны да неядомых ярка афарбаваных матылёў сям. геліканід, што маюць непрыемны пах і смак. Пры мюлераўскай М. некалькі абароненых відаў жывёл маюць падобны выгляд, імітуюць адзін аднаго па афарбоўцы і форме і ўтвараюць «кольца» М. (напр., восы, ядавітыя жукі і інш.). У раслін М. служыць пераважна для прываблівання або адпужвання жывёл і звычайна тычыцца асобных органаў, а не расліны цалкам.
Да арт.Мімікрыя: А — бугай, непрыкметны ў чароце (мімезія); Б — таракан прозаплекта семперы (1), падобны на божую кароўку (2; міметызм).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНО́ГІ (Petromyzones),
падклас (атрад) пазваночных кл. кругларотых. 3 сям., 7 родаў, каля 30 відаў. Пашыраны ва ўмераных марскіх і прэсных водах. Прахадныя М. жывуць у моры, на нераст мігрыруюць у рэкі; у жылых ручаёвых М. жыццёвы цыкл адбываецца ў прэснай вадзе. На Беларусі 3 віды: М. рачная (Lampetra fluviatilis), М. ручаёвая еўрапейская (L. planeri) — у бас. рэк Зах. Буг, Зах. Дзвіна, Нёман; М. ўкраінская (L. mariae, або Eudontomyzon mariae) — у бас. рэк Дняпро і Нёман. Бел.мясц. назвы: верацёнка, відун, вугрыца, вярцёлка, мянёга і інш.
Даўж. да 1 м, маса да 3 кг. Цела вугрападобнае, голае. Шкілет храстковы. Спінных плаўнікоў 1 або 2. Шчэлепных адтулін па 7 э кожнага боку. Вочы развітыя, ёсць цемянное вока, здольнае рэагаваць на святло. Рот лейкападобны, на дне прысмоктвальнага дыска; на языку і дыску рагавыя зубы. Сэрца двухкамернае. Многія віды — эктапаразіты рыб. Угрызаюцца ў цела рыбы, смокчуць кроў, выядаюць мышцы і вантробы. Кормяцца таксама беспазваночнымі, лічынкі — водарасцямі, дэтрытам. Пасля нерасту гінуць. З ікры вылупляецца пескарыйка, якая праз 3—4 гады ператвараецца ў дарослую М. Ядомыя. Другарадны аб’ект промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́РКВА (Daucus),
род кветкавых раслін сям. парасонавых. Каля 60 відаў. Пашыраны ў Міжземнамор’і, Паўд. Еўропе, Зах. і Сярэдняй Азіі, Амерыцы, Афрыцы і Аўстраліі. У культуры вядома з 2 ст. да н.э., у Еўропе — з 14 ст.н.э. На Беларусі 1 дзікарослы від (D. carota) з тонкім неядомым караняплодам зрэдку трапляецца ў хмызняках, на схілах, каля дарог. Культывуецца М. пасяўная (D. sativus).
Двух-, зрэдку адна- і шматгадовыя травы з галінастым сцяблом выш. да 100 см. Караняплоды рознай формы і колеру. Лісце перыста-рассечанае. Дробныя кветкі ў складаным парасоніку. Плод — віслаплоднік. Насенне, асабліва дзікіх відаў, мае спецыфічны пах і багатае эфірнымі алеямі. М. пасяўная — адна з асн. агароднінных раслін, вырошчваецца таксама на корм. У культуры двухгадовая расліна, з патоўшчаным сакавітым караняплодам аранжавага, жоўтага, белага, ружовага і фіялетавага колеру. Аранжавыя карані багатыя правітамінам A — карацінам. Лек., харч., кармавая, меданосная расліна.
Літ.:
Переднев В.П. Как вырастить и сохранить морковь. Мн., 1986;
Переднев В.П., Макаревич А.И. Морковь на грядке, на столе и в народной медицине. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ПАРАЦІ, папарацепадобныя (Polypodiophyta),
аддзел вышэйшых споравых раслін. 3 кл.: поліпадыяпсіды, маратыяпсіды, вужоўнікавыя, ці офіягласапсіды; 300 родаў, каля 12 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Найб. колькасць відаў, якія адрозніваюцца паводле жыццёвых форм (наземныя, наскальныя, водныя П., эпіфіты, ліяны, дрэвападобныя П.) — у тропіках. На Беларусі 10 сям., 25 відаў. У Чырв. кнігу занесены 7 відаў П.: граздоўнікі віргінскі і рамонкалісты, касцянец пасценны, мнаганожка звычайная, пузырнік судэцкі, сальвінія плывучая, чыставуст каралеўскі.
Пераважна шматгадовыя, травяністыя або дрэвападобныя расліны з прыдаткавымі каранямі, сцёбламі і лісцем выш. ад некалькіх міліметраў да 25—30 м. Лісце (вайі) буйное, расчлененае, радзей суцэльнае, даўж. ад 2—4 мм да 30 м. Часта сумяшчае функцыі фотасінтэзу і споранашэння, у шэрагу П. яно дыферэнцыравана на стэрыльнае (фотасінтэзуючае) і са спарангіямі (фертыльнае), якія сабраны на ніжняй паверхні ліста. Са спор вырастае гаплоіднае палавое пакаленне — гаметафіт. Пасля апладнення, якое адбываецца пры наяўнасці вады, з зіготы ўтвараецца новы дыплоідны спарафіт. Вегетатыўнае размнажэнне — кавалкамі карэнішчаў, прыдаткавымі пупышкамі і інш. Адна з найб.стараж. груп вышэйшых раслін. Важны кампанент у наглебавым покрыве лясоў, вільготных лугоў і балот. Лек., харч., тэхн., дэкар. расліны.
падклас бруханогіх малюскаў. Вядомы з ранняга кембрыю (каля 560 млн.г. назад). Паводле розных класіфікацый, ад 2 да 24 атр., каля 500 сям., больш за 50 тыс. відаў. Жывуць у морах, прэсных водах і на сушы. Удзельнічаюць у біял. ачышчэнні вадаёмаў. Некат. віды — прамежкавыя гаспадары паразітычных чарвей. На Беларусі 14 відаў, найб. трапляюцца бітыніі, жывародкі, вальваты.
Памеры ад 1 мм да 1 м, маса ад доляў міліграма да некалькіх кілаграмаў. Цела асім., звычайна ўкрыта ракавінай спіральнай. сподачкападобнай і інш. формы; складаецца з галавы, вантробнага мяшка з мантыяй і «нагі». Дыхае шчэлепамі, якія размешчаны перад сэрцам (адсюль назва). Крывяносная сістэма незамкнёная, нерв. складаецца з 5 пар нерв. вузлоў і перакрыжаваных нерв. ствалоў. Ёсць органы стрававання, зроку, раўнавагі, дотыку, хім. пачуцця. Расліннаедныя, дэтрытаедныя, драпежнікі. Раздзельнаполыя або гермафрадыты. Развіццё з ператварэннем або прамое. Водныя П.м. — корм для рыб і птушак. Некат. віды (літарыны, рапаны, марскія вушкі, трубачы і інш.) — аб’екты промыслу і марыкультуры.
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БУЙНА́Я РАГА́ТАЯ ЖЫВЁЛА,
парнакапытная жвачная жывёла сям. пустарогіх. Належыць да жвачных (ператраўляе корм, багаты клятчаткай, — сена, салому, зялёны корм, караняплоды і інш.). Уключае свойскія формы (быкі і каровы), якія належаць да роду сапраўдных быкоў, а таксама якаў, гаялаў, бізонаў, зуброў. Свойская буйная рагатая жывёла (паходзіць ад тура, прыручанага каля 8 тыс.г. назад) дае малако і мяса, сыравіну для лёгкай прам-сці, угнаенні для сельскай гаспадаркі. Асаблівасці экстэр’еру буйнай рагатай жывёлы звязаны з кірункам прадукцыйнасці (малочным або мясным), кліматычнымі зонамі і тэхналогіяй гадоўлі. На Беларусі асн. планавая парода — чорна-пярэстая парода малочнага кірунку (98% пагалоўя). Гадуюць таксама жывёл малочных і малочна-мясных парод: чырвоную беларускую, сіментальскую, швіцкую, кастрамскую, галандскую, з мясных — шаралезскую, лімузінскую, мен-анжу і герафордскую.
Каровы жывуць каля 20 гадоў, рэдка 35, быкі 15—20 гадоў. Палавая спеласць у цялушак настае ў 9—10, у быкоў у 9—11 месяцаў. Першы ацёл ва ўзросце 26—30 месяцаў. Працягласць цельнасці 280—290 сутак. Тэрмін гасп. выкарыстання малочных кароў 5—10, племянных жывёл для ўзнаўлення статка 8—10 гадоў. Маладняк на мяса забіваюць пасля адкорму або нагулу ў 16—20 месяцаў. Гл. таксама Буйной рагатай жывёлы гадоўля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАДЗЯ́Н (Illicium),
род кветкавых раслін сям. іліцыевых. 42 віды. Пашыраны ва Усх. і Паўд.-Усх. Азіі, у Паўд. Амерыцы і на ПдУПаўн. Амерыкі. Найб. вядомы бадзян сапраўдны, або кітайскі, аніс зорчаты (Illicium verum) — вострапахучая расліна. Інтрадукаваны на Чарнаморскае ўзбярэжжа Каўказа разам з інш. (амерыканскімі) відамі — бадзяном фларыдскім (Illicium floridanum) і драбнакветкавым (Illicium parviflorum).
Шматгадовазялёныя кусты і дрэвы. Бадзян сапраўдны — дрэва выш. да 10 м са скурыстым падоўжана-эліптычным лісцем з суцэльным краем. Кветкі двухполыя, шматпялёсткавыя, адзіночныя. Плод — цыклічная скурыстая або дравяністая шматлістоўка ў выглядзе своеасаблівай зоркі (адсюль другая назва «аніс зорчаты»). Пашыраны ў Індакітаі, Паўд. Кітаі і інш. раёнах Паўд.-Усх. Азіі. Харч. (плады выкарыстоўваюць як вострую прыправу для араматызацыі лікёраў, вінаў, кандытарскіх вырабаў і інш.), тэхн. і лек. (лісты, плады і алей) расліна. Бадзян анісавы, ці японскі, або японскі зорчаты аніс, так зв. сікімі (Illicium anisatum, або Illicium religiosum) — ядавітая расліна (асабліва плады, якія маюць алкалоід скіміянін). Пашыраны ў Японіі, Карэі, Кітаі. Старажытная культавая расліна (алей выкарыстоўваецца ў храмах як свяцільны сродак, тоўчаныя кара і насенне — для паху). Плады бадзяну японскага вельмі падобныя на плады бадзяну сапраўднага, таму выкарыстоўваюць іх для фальсіфікацыі ў гандлі. З пладоў усіх відаў бадзяну атрымліваюць эфірны алей, у якім да 90% анетолу.