МАЛЕ́ВІЧ Казімір Севярынавіч (23.2.1878, каля Кіева — 15.5.1935),
бел. і расійскі мастак; адзін з заснавальнікаў абстрактнага мастацтва, заснавальнік супрэматызму. Вучыўся ў Вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1904—05) і ў студыі Ф.Рэрберга (1905—10) у Маскве. У 1919—22 выкладаў у Нар.маст. школе «новага рэвалюцыйнага ўзору» ў Віцебску, стваральнік (разам з Л.Лісіцкім) арг-цыі «Сцвярджальнікі новага мастацтва». У 1923—27 дырэктар Ленінградскага ін-та маст. культуры. Раннія творы блізкія да імпрэсіянізму («Жанчына з кветкай», 1903; «Квітнеюць яблыні», 1904), пазней імкнуўся сумясціць прынцыпы кубізму і футурызму («На сенажаці», 1909 «Станцыя без прыпынку», 1911; «Салдат першай дывізіі», 1914). З 1915 ствараў супрэматычныя кампазіцыі, у якіх цалкам адышоў ад адлюстравання натуральных рэчаў і з’яў, адмовіўся ад канкрэтнай сюжэтнай змястоўнасці твораў, трактаваў прадметную форму як камбінацыі кантрастных паводле колеру геам. элементаў: «Чорны квадрат», «Палёт аэраплана» «Супрэматызм (з сінім трохвугольнікам і чорным прамавугольнікам» (усе 1915), «Чырвоны квадрат» (1917), «Белы квадрат на белым фоне» (1919) і інш. У 1920 кіраваў маст. афармленнем свята 3-й гадавіны Кастр. рэвалюцыі ў Віцебску. У 1921 рабіў «супрэматычную кераміку» для Дзярж. завода ў Петраградзе. У апошнія гады жыцця маляваў партрэты («Дзяўчына з грэбенем», 1935, і інш.) і пейзажы. Аўтар кніг «Ад кубізму і футурызму да супрэматызму» (3-е выд.М., 1916), «Супрэматызм» (Віцебск, 1920), «Бог не скінут: Мастацтва, царква, фабрыка» (Віцебск, 1922).
Літ.:
Малевич: Художник и теоретик: Альбом. М., 1990;
Сарабьянов Д.В., Шатских А.С. Казимир Малевич: Живопись. Теория. М., 1993;
Малевич: Классич. авангард. Витебск, 1997;
Конан У. Вобраз Казіміра Малевіча: факты і міфы // Мастацтва. 1998. № 12.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЧУ́К Георгій Васілевіч (н. 1.1.1947, г. Давыд-Гарадок Столінскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1973) і Вышэйшыя курсы сцэнарыстаў і рэжысёраў у Маскве (1977). З 1970 працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм», у 1980—82 заг.літ. часткі, рэдактар-кансультант Т-ра-студыі кінаакцёра, з 1996 дырэктарвыд-ва «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1966. Дылогія «Крык на хутары» (1981), «Прызнанне ў забойстве» (1985) пра падзеі ў б.Зах. Беларусі. Раманы «Кветкі правінцыі» (1986), «Вочы і сон», «Сава Дым і яго палюбоўніцы» (абодва 1990) на маральна-этычную праблематыку. У кнізе навел «Хаос» (1997) роздум пра хаос і гармонію, дзень сённяшні і Вечнасць, прызначэнне чалавека. Даследаванне бел.нац. характару ў аповесці «Паляшук» (1987), рамане «Без ангелаў» (1993). Аўтар рамана «Год дэманаў» (1995), камедый «Люцікі-кветачкі» (паст. 1974), «Цвярозы дзень Сцяпана Крываручкі» (паст. 1985), «Вясёлыя, бедныя, багатыя», «Альдона, Анета, Анфіса» (абедзве паст. 1986), «Дарога ў рай», «Калі заспявае певень» (абедзве паст. 1990), «Варвара і яе блудны муж» (паст.Бел. т-рам імя Я.Коласа, 1998), аднаактовых п’ес, апавяданняў, сцэнарыяў тэле- («Вясковы эрудзіт», 1985; «Запрашэнне», 1988) і кіна- («Кветкі правінцыі», 1994) фільмаў, дакумент. фільма «Вяртанне Забэйды-Суміцкага» (1990, у сааўт.) і інш. Творам М. ўласцівы псіхалагізм, філасафічнасць, спавядальнасць, дынамізм дзеяння. Піша для дзяцей: кн. казак «Жылі-былі дзед Васільчык і баба Кацярына» (1987), п’есы-казкі «Чаканне сабакі Тэафіла» (паст.Дзярж. т-рам лялек Беларусі, 1979), «Тушканчык і чароўны чамаданчык» (1984), «Чужое багацце» (паст. 1999) і інш.Дзярж. прэмія Беларусі 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІС ВАН ДЭР РО́Э (Mies van der Rohe) Людвіг (27.3.1886, г. Ахен, Германія — 17.8.1969),
нямецкі архітэктар; адзін з лідэраў функцыяналізму. Прафес. адукацыі не атрымаў. З 1905 працаваў у Берліне, у т. л. ў майстэрні П.Берэнса. У 1930—33 дырэктар«Баўгауза» ў г. Дэсаў. З 1937 у ЗША. У 1938—58 выкладаў у Ілінойскім тэхнал. ін-це ў Чыкага. Пабудовы 1910-х г. у духу неакласіцызму (дом Перльса ў Берліне, 1911). У 1920-я г. выступіў з серыяй эксперым. праектаў, у якіх падкрэсленая выразнасць навясных канструкцый спалучаецца з экспрэсіўнай формай аб’ёмаў, стварыў тып жылога дома са стальным каркасам і зменнай унутр. планіроўкай. На творчасць пач. 1930-х г. паўплывала гал. група «Стыль»; работы сталі больш выразнымі па кампазіцыі, у іх інтэр’ерах сцены-шырмы падзялялі ўнутр. прастору на асобныя, звязаныя паміж сабой зоны (павільён Германіі на Сусв. выстаўцы ў г. Барселона, 1929; дом Тугендхата ў г. Брно, 1930). У 1940—50-я г. прапанаваў ідэю дасканалай «універсальнай формы» — адзінай унутр. прасторы, якая дае максімум магчымасцей для разнастайнага выкарыстання інтэр’ера (будынак арх. ф-та Ілінойскага тэхнал. ін-та, 1952—56); да элементарных геам. форм прыведзены аб’ёмы вышынных будынкаў: жылыя дамы на Лейк Шор Драйв (1950—51) і на Комануэлс Праменад (1957) у Чыкага, канторскія будынкі Сігрэм-білдынг у Нью-Йорку (1956—58), Дамініян-сентэр у г. Таронта (1967). Арыгінальным вырашэннем адметны будынак Нац. галерэі ў Берліне (1968). Яго творчасць паўплывала на архітэктараў ЗША і Зах. Еўропы.
Літ.:
Мачульский Г.К. Мис ван дер Роэ. М., 1969.
Л.Міс ван дэр Роэ. Будынак Нацыянальная галерэі ў Берліне. 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЎЛАЎ Іван Пятровіч (26.9.1849, г. Разань, Расія — 27.2.1936),
расійскі фізіёлаг, стваральнік вучэння пра вышэйшую нервовую дзейнасць. Акад. Пецярбургскай АН (1907, чл.-кар. 1901), акад.АНСССР (1925). Ганаровы чл.АН і навук. т-ваў многіх краін. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1875) і Медыка-хірург. акадэмію (1879). Працаваў у ёй і фізіял. лабараторыі пры клініцы С.П.Боткіна. З 1890 праф., заг. кафедры Ваенна-мед. акадэміі, адначасова з 1891 узначальваў аддзел Ін-та эксперым. медыцыны. З 1925 дырэктарФізіял. ін-та АНСССР. Навук. працы па фізіялогіі кровазвароту і стрававання. Распрацаваў новыя метады эксперым. даследаванняў: хранічны дослед на жывёлах, дослед з уяўным кармленнем, аперацыю малога страўніка з захаваннем яго інервацыі і інш. Даследаваў нерв. механізмы рэгуляцыі крывянога ціску, даказаў наяўнасць асобнай нерв. рэгуляцыі дзейнасці сэрца, якая залежыць ад змены абмену рэчываў у сардэчнай мышцы. Стварыў вучэнне аб трафічнай функцыі нерв. сістэмы. У працах па фізіялогіі стрававання высветліў, што дзейнасць стрававальнага тракту рэгулюецца карой вял. паўшар’яў галаўнога мозга; у працах па вышэйшай нерв. дзейнасці метадам умоўных рэфлексаў даказаў, што ў аснове псіхічнай дзейнасці ляжаць фізіял. працэсы ў кары галаўнога мозга. Распрацаваў вучэнне пра другую сігнальную сістэму, адкрыў з’яву тармажэння ў кары галаўнога мозга, стварыў вучэнне пра сон, тыпы нерв. дзейнасці, ахоўнае тармажэнне і інш. Даследаванні П. па фізіялогіі вышэйшай нерв. дзейнасці зрабілі вял. ўплыў на развіццё фізіялогіі, медыцыны, псіхалогіі, педагогікі. Нобелеўская прэмія 1904.
Тв.:
Полн. собр. соч.Т. 1—6. 2 изд. М., 1951—52;
Двадцатилетний опыт объективного изучения высшей нервной деятельности (поведения) животных. М., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІРАТА́ Мікалай Мікалаевіч (н. 2.11.1913, С.-Пецярбург),
бел. фізік. Акад.Нац.АН Беларусі (1956), д-рфіз.-матэм.н. (1951), праф. (1952). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1968). Скончыў Маскоўскі ін-т сталі (1936). У 1941—54 у Ін-це агульнай і неарган. хіміі АНСССР, адначасова ў маскоўскіх ун-це (1945—56) і ін-це каляровых металаў і золата (з 1951). З 1957 заг. Аддзела фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, у 1963—74 дырэктар Ін-та фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў АН Беларусі (у 1967—75 заг. лабараторыі). Адначасова заг. кафедры ў БДУ (1957—62) і Мінскім пед. ін-це (1963—75). У 1979—88 у маскоўскіх ін-це каляровых металаў і золата і дзярж. ун-це прыродаўладкавання. Навук. працы па тэрмадынаміцы, статыст. фізіцы, фіз. хіміі, фізіцы цвёрдага цела, фізіцы паўправаднікоў і дыэлектрыкаў, магн. з’яў і нізкіх тэмператур. Распрацаваў асновы тэорыі фазавых ператварэнняў, тэорыю ўтварэння метастабільных фаз у адна- і шматкампанентных сістэмах і полімарфізму простых злучэнняў, методыкі вызначэння фанонных спектраў крышталёў па рассеянні халодных нейтронаў. Даследаваў уплыў магн. і эл. палёў на кінетыку крышталізацыі і фазавых пераходаў, хім. сувязь і размеркаванне электроннай шчыльнасці ў крышталях, тэрмадынамічныя ўласцівасці шэрагу паўправадніковых злучэнняў. Прапанаваў арыгінальны спосаб атрымання блокаў кубічнага нітрыду бору.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛО́НІМСКІЯ ГІМНА́ЗІІ.
Існавалі ў 1906—18. Падпарадкоўваліся Віленскай навуч. акрузе. Жаночая гімназіязасн. 24.9.1910. Мела падрыхтоўчы і 7 асн. класаў. У 6-м і 7-м класах былі паралельныя аддзяленні. Утрымлівалася за кошт платы за навучанне (80 руб. штогод з вучаніцы) і фін. дапамогі з казны. У 1911 вучылася 338 дзяўчат, у 1915—260. Гімназіяй кіраваў дырэктар, працавалі гал. наглядчыца і 9 класных наглядчыц, 4 законанастаўнікі, 11 выкладчыкаў, урач і дантыст. Сярод выкладчыкаў выхаванцы ун-таў Масквы, Пецярбурга, Кіева. Міргарадскай прамысл.-маст. школы, Беластоцкага Мікалаеўскага ін-та, гімназій Гродна, Гомеля і інш. Выкладаліся: Закон Божы, рус., ням. і франц. мовы, гісторыя, прыродазнаўства, матэматыка, фізіка, маляванне, гігіена, геаграфія, рукадзелле, спевы і танцы. У час 1-й сусв. вайны (восень 1915) пераведзена ў г. Калуга. Спыніла дзейнасць у 1918. Жаночая прыватная яўрэйская прагімназія Х.Я.Орман-Юдкоўскай пераўтворана 3.11.1906 з прыватнага вучылішча (дзейнічала з 1898). Мела падрыхтоўчы і 4 асн. класы. Утрымлівалася за кошт платы за навучанне (30—50 руб. штогод з вучаніцы) і дапамогі ў 200 руб. з сум мясц. карабейнага яўр. збору. У 1911 вучыліся 130 дзяўчат, у 1915—121. Працавала 13 чал., сярод іх выхаванцы Кіеўскага політэхн. ін-та, Віленскага яўр. настаўніцкага ін-та, гімназій Гродна, Дзвінска, Магілёва, Ваўкавыска і Віцебска. Выкладаліся: закон яўр. веры, гісторыя, рус., ням. і франц. мовы, прыродазнаўства, геаграфія, рукадзелле, арыфметыка, чыстапісанне. Спыніла дзейнасць у 1915.
Літ.:
Асвета і педагагічная думка ў Беларусі: Са старажытных часоў да 1917 г.Мн., 1985;
Нарысы гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі. Мн., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУХАМЛІ́НСКІ Васіль Аляксандравіч (28.9.1918, с. Васільеўка Ануфрыеўскага р-на Кіраваградскай вобл., Украіна — 2.9.1970),
украінскі педагог. Чл.-кар.АПНСССР (1957). Канд.пед.н. (1955). Засл. настаўнік Украіны (1958). Герой Сац. Працы (1968). Скончыў Палтаўскі пед.ін-т (1939). Выкладаў укр. мову і л-ру ў сельскіх школах Ануфрыеўскага р-на Кіраваградскай вобл. У 1944—48 заг. Ануфрыеўскага райана, з 1948 дырэктар Паўлышскай сярэдняй школы. Аўтар навук. прац па праблемах практычнай педагогікі (пытанні кіраўніцтва школай, прафес. майстэрства настаўніка, праблемы разумовага, маральнага, працоўнага, эстэт. і фіз. выхавання вучняў). Стварыў арыгінальную пед. сістэму, заснаваную на антрапал. падыходзе, гарманізацыі форм, сродкаў і метадаў пед. дзейнасці, прызнанні асобы дзіцяці вышэйшай каштоўнасцю працэсаў выхавання і адукацыі. Звяртаў увагу на ўзаемасувязь маральнага выхавання і навучання, развіццё эмацыянальнай успрымальнасці. Трактаваў выхаванне як працэс рэалізацыі прыроджаных якасцей дзіцяці і разам з тым вял. значэнне надаваў спецыяльна арганізаванаму выхаваўчаму соцыуму. Распрацоўваў прадукц. шляхі злучэння фіз. і разумовай працы школьнікаў на аснове доследнай, пошукавай дзейнасці. Паўлышская школа стала своеасаблівай навук. лабараторыяй, у якой увесь пед. калектыў удзельнічаў у шматгадовай доследна-эксперым. дзейнасці. З 1975 у ёй пед. музей С. Дзярж. прэмія Украіны 1974.
Тв.:
Избр. пед. соч. Т. 1—3. М., 1979—81;
Об умственном воспитании. Киев, 1983;
Книга о любви. М., 1983;
Хрестоматия по этике. М., 1990;
Человеческая личность неповторима. Курск, 1991.
Літ.:
Вітка В. «Сэрца аддаю дзецям»;
Настаўнік // Вітка В. Выбр. творы. Мн., 1973. Т. 2;
Богуславский М.В. Школа гражданственности и человечности. Кировоград, 1990;
Родчанин Е.Г., Зязюн И.А. Гуманист. Мыслитель. Педагог: Об идеалах В.А.Сухомлинского. М., 1991;
Мухин М.И. Гуманизм педагогики В.А.Сухомлинского. М., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЦЁПІН Вячаслаў Сямёнавіч (н. 19.8.1934, г.п. Наўля Бранскай вобл., Расія),
бел. і рас. філосаф і культуролаг. Акад.Рас.АН (1994, чл.-кар.АНСССР з 1987). Д-рфілас.н. (1975), праф. (1979). Скончыў БДУ (1956). З 1959 у Бел.політэхн. ін-це. З 1974 у БДУ (у 1981—87 заг. кафедры). З 1987 дырэктар Ін-та прыродазнаўства і тэхнікі АНСССР, з 1988 — Ін-та філасофіі Рас.АН. Навук. працы па праблемах метадалогіі навукі і тэорыі пазнання. Даследуе функцыі светапоглядных універсалій культуры і іх ролю ў трансляцыі гіст. вопыту, суадносіны універсалій культуры і філас. катэгорый. Апісаў раней не вывучаную аперацыю пабудовы тэорыі, што дазволіла вырашыць праблему фарміравання парадыгмальных узораў рашэння задач у складзе тэорыі. Раскрыў структуру асноў навукі (навук. карціна свету, ідэалы і нормы даследавання, філас. асновы) і выявіў іх узаемасувязь з тэорыямі і вопытам, іх функцыі ў навук. пошуку.
Распрацаваў канцэпцыі структуры і генезісу навук. тэорыі, тыпаў цывілізацыйнага развіцця і навук. рацыянальнасці, прааналізаваў механізмы ўздзеяння сацыякультурных фактараў на фарміраванне стратэгіі навук. даследавання.
Тв.:
Современный позитивизм и частные науки. Мн., 1963;
Методы научного познания. Мн., 1974 (разам з А.М.Елсуковым);
Становление научной теории. Мн., 1976;
Природа научного познания. Мн., 1979 (у сааўт.);
Введение в философию. Ч. 1—2. М., 1989 (у сааўт.);
Научная картина мира в культуре техногенной цивилизации. М., 1994 (разам з Л.Ф.Кузняцовай);
Эпоха перемен и сценарии будущего: Избр. социал.-филос. публицистика. М., 1996;
Философия, наука, цивилизация. М., 1999 (у сааўт.);
Теоретическое знание: Структура, ист. эволюция. М., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІ́ЛІН Фядот Пятровіч (7.3.1908, в. Селіна Дубенскага р-на Тульскай вобл., Расія — 5.5.1982),
рускі мовазнавец. Чл.-кар.АНСССР (1962), д-рфілал.н. (1947), праф. (1948). Ганаровы д-р Ягелонскага ун-та ў Кракаве (1976), інш. замежных ун-таў. Скончыў Маскоўскі пед.ін-т (1931). З 1964 дырэктар Ін-та мовазнаўства, у 1968—82 Ін-та рус. мовы АНСССР. Адзін з укладальнікаў і старшыня рэдкалегіі «Слоўніка сучаснай рускай літаратурнай мовы» (т. 1—17, 1948—65; Ленінская прэмія 1970). Даследаваў пытанні гіст. лексікалогіі, лексікаграфіі, нармалізацыі і культуры рус. мовы, этнагенезу славян, дыялекталогіі і лінгвістычнай геаграфіі, агульнага мовазнаўства і сацыялінгвістыкі. У яго працах шмат матэрыялаў па гісторыі бел. мовы. У кн. «Паходжанне рускай, украінскай і беларускай моў» (1972) рэканструяваў і апісаў стараж. дыялектныя адрозненні, якія абумовілі ў далейшым асаблівасці розных усх.-слав. моў; некат. стараж.-рус. лексічныя дыялектызмы, што захаваліся ў бел. мове. Некат. пытанні гісторыі бел.літ. мовы закрануты ў кн. «Вытокі і лёсы рускай літаратурнай мовы» (1981). У сваіх даследаваннях выкарыстоўваў працы бел. даследчыкаў. У манаграфіях «Нарыс гісторыі рускай мовы да XIV ст.» (1940) і «Лексіка рускай літаратурнай мовы старажытнакіеўскай эпохі» (1949) даў апісанне лексікі стараж.-рус. мовы як зыходнага этапу ў гісторыі слоўнікавага складу сучасных усх.-слав. моў. Гал. рэдактар «Слоўніка рускіх народных гаворак» (вып. 1—23, апубл. 1965—87), час. «Вопросы языкознания» (1971—82).
Літ.:
Ф.П.Филин. М., 1978;
Богатова Г.А., Иванов В.В. Ф.П.Филин (1908—1982) // Изв. АНСССР. Сер. лит. и яз. 1982. № 5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛА́ДАЎ Мікалай Ільіч (21.12.1890, С.-Пецярбург — 4.12.1972),
бел. кампазітар і педагог. Нар.арт. Беларусі (1955). Скончыў С.-Пецярбургскую кансерваторыю экстэрнам (1910). Працаваў ва Усх. кансерваторыі (Казань), у Дзярж. ін-це муз. навукі (Масква). Уваходзіў у Беларускую песенную камісію. З 1924 у Мінску. Адзін з арганізатараў і выкладчыкаў Бел.муз. тэхнікума і кансерваторыі (з 1946 праф., у 1944—48 дырэктар), удзельнічаў у стварэнні бел. кампазітарскай арганізацыі (1932). Рэдактар многіх муз. выданняў (у т. л. твораў М.Чуркіна, Р.Пукста), збіральнік і даследчык бел., марыйскага, чувашскага, якуцкага фальклору, аўтар апрацовак нар. песень. Творчасць адметная праграмнасцю, сімфанічнасцю мыслення, шырокім выкарыстаннем сродкаў поліфаніі, нац. характэрнасцю музыкі. Сваімі творамі 1920—30-х г. залажыў асновы такіх жанраў бел.прафес. музыкі, як кантата («10 год», 1927), вак.-сімф. паэма («Над ракою Арэсай» на вершы Я.Купалы, 1933), камерна-інстр. ансамбль (фп. квінтэт, 1925). Своеасаблівасцю жанравага вырашэння вылучаецца опера «Тарас на Парнасе» — «муз.-драм. жарт» (па матывах бел. ананімных паэм «Тарас на Парнасе» і «Энеіда навыварат» і паэмы В.Дуніна-Марцінкевіча «Гапон», 1927). Стварыў першыя ў бел. музыцы ўзоры драм. (2-я, 1930) і лірыка-псіхалагічнай (4-я і 5-я, 1954—56) сімфоніі.
Інш. тв.: опера «Андрэй Касценя» (1947, паст. 1970); кантата «Сорак год» (1956); 10 сімфоній (1921—71), сімфаньета (1936), сімф. паэма «З дзённіка партызана» і сімфонія-балада «У суровыя дні» (1942), 4 сюіты-фантазіі для сімф.арк., канцэртныя фантазіі для скрыпкі і флейты з арк.; камерныя ансамблі; санаты; зб. рамансаў на вершы А.Кальцова, Я.Купалы, М.Багдановіча, М.Танка, Н.Гілевіча і інш.; хары, песні.
Літ.:
Кулешова Г.Г. Н.И.Аладов. Л., 1970;
Аладава Р.М. М.І.Аладаў // Бел. музыка. Мн., 1977. Вып. 2.