філасофскі кірунак, прадстаўнікі якога даюць рацыянальнае тлумачэнне ведаў, навук. тэорый, сац. ідэй і ін-таў на аснове іх крытыкі і ўдасканалення. Узнік у 1920—30-я г. ў Зах. Еўропе і ЗША. Асн. яго прынцыпы сфармуляваў К.Р.Попер; гал. прадстаўнікі Г.Альберт (ФРГ), Т.Кун, І.Лакатас, Дж.Уоткінс (Вялікабрытанія), П.Феерабенд. У філасофіі і метадалогіі навук. пазнання К.р. адмаўляе такія яе кірункі і вучэнні, як неапазітывісцкі эмпірызм, фенаменалізм, інструменталізм, і выступае як адна з форм постпазітывізму. Непасрэднымі папярэднікамі і апанентамі К.р. былі лагічныя эмпірысты, з якімі ён разыходзіцца толькі ў пытанні аб крытэрыях дэмаркацыі, г.зн. адмежавання ад псеўданавукі, метафізікі і ідэалогіі, якія не валодаюць прыроджаным імунітэтам супраць уплыву ірацыяналізму. Паводле К.Р.Попера, метадам такой дэмаркацыі і вызначэння навук. крытэрыя ведаў з’яўляецца не верыфікацыя (супастаўленне з пачуццёвымі данымі), а фальсіфікацыя, г.зн. устанаўленне памылковасці тэорыі ў выніку эксперым. або тэарэт. праверкі; любыя навук. веды, тэорыі носяць толькі гіпатэтычны, умоўны характар і не пазбаўлены памылак (прынцып фалібалізму). Кун зыходзіць з уяўлення аб навуцы як супольнасці вучоных-прафесіяналаў, якія ствараюць канкрэтныя тэорыі, канцэптуальныя мадэлі і каштоўнасці на аснове адзінага стылю мыслення, прызнання пэўных фундаментальных тэорый і метадаў даследавання, якія ён назваў парадыгмамі, для пераходу ад старой да новай парадыгмы патрэбны не чыста рацыянальныя доказы, а перакананне і вера. Лакатос лічыць асновай рацыянальнага пазнання н.-д. праграмы, кожная з іх мае некалькі тэорый і дапаможных гіпотэз і ставіць за мэту вырашэнне канкрэтных пазнавальных праблем. Феерабенд абгрунтаваў метадалагічны прынцып праліферацыі (размнажэння) тэорый, паводле якога кожны вучоны можа вынаходзіць і распрацоўваць свае ўласныя тэорыі, і яго дзейнасць не падпарадкавана ніякім рацыянальным нормам. У рамках К.р. Альберт, У.Бартлі і інш. лічылі неабходным замяніць класічны крытэрый фальсіфікацыі Попера крытэрыем універсальнай крытыкі і адмаўлення абс. ісціны (панкрытычны рацыяналізм). У процівагу індуктывізму К.р. прапанаваў гіпатэтыка-дэдуктыўны метаднавук. даследавання, у якім пераважнае значэнне маюць рацыянальна канструяваныя схемы тлумачэння эмпірычных даных. У сац. сферы прыхільнікі К.р. лічылі ўзорам дэмакр. ўладкавання грамадства ідэальную мадэль навукі — «адкрытую супольнасць» непрадузятых вучоных-даследчыкаў, а сродкамі вырашэння канкрэтных праблем — ажыццяўленне рацыянальных праектаў вытв., культ., паліт. развіцця, выпраўленне сац. дэфектаў, далейшую гуманізацыю ўсіх сфер грамадскага жыцця.
Літ.:
Кун Т. Структура научных революций: Пер. с англ. 2 изд. М., 1977;
«Критический рационализм»: Философия и политика. М., 1981;
Поппер К. Логика и рост научного знания: Избр. работы: Пер. с англ.М., 1983;
Современная западная философия: Словарь. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЦІ́НСКАЯ МО́ВА, латынь,
адна з італійскіх моў. Мёртвая. Мова каталіцкай царквы, афіц. мова (разам з італьян.) Ватыкана.
У фанетыцы — доўгія і кароткія галосныя, націск на 2-м або 3-м складзе ад канца слова; у марфалогіі — выкарыстанне флексіі як асн. сродку формаўтварэння, 6 склонаў, 3 лады (індыкатыў, кан’юнктыў і імператыў), 2 станы (актыўны і медыяльна-пасіўны); у лексіцы — уплыў сабінскай, этрускай і пераважна грэч. моў. Паводле паходжання — мова племені лацінаў. Пісьмовыя помнікі з 6 ст. да н.э. З павелічэннем тэр. Рымскай імперыі Л.м. пашырылася на ўвесь Апенінскі п-аў, пазней — на паўн. Афрыку, Галію, Брытанію, Дакію і інш.
У гісторыі Л.м. ант. часу вылучаюць некалькі перыядаў. Архаічны перыяд, ад якога захавалася некалькі надпісаў 6—4 ст. да н.э., фрагменты стараж. законаў, урыўкі з сакральнага гімна сакліяў і інш.Дакласічны перыяд (3—2 ст. да н.э.) — час станаўлення літ. Л.м., у аснове якой дыялект Рыма; захаваліся камедыі Плаўта і Тэрэнцыя, фрагменты твораў інш. аўтараў. Класічная, ці «залатая», латынь (1 ст. да н.э.) — мова з багатай лексікай, развітой навук.-філас., паліт. і тэхн. тэрміналогіяй, разнастайнасцю сінтакс. сродкаў. Найб. развіцця дасягнула л-ра (Цыцэрон, Вергілій, Гарацый, Авідзій). Паслякласічная, ці «сярэбраная», латынь (1 ст.), калі канчаткова склаліся фанет. і марфал. нормы літ. мовы, устаноўлены правілы арфаграфіі, якімі кіруюцца і пры сучасным выданні лац. тэкстаў. Позняя латынь (2—6 ст.) характарызуецца развіццём нар.-размоўнай мовы. Пасля заняпаду Рымскай імперыі (5 ст.) з дыялектаў Л.м. пачалі развівацца раманскія мовы. Л.м. ў сярэднія вякі стала міжнар. мовай навукі, школы, філасофіі, дыпламатыі, часткова л-ры. На ёй пісалі Т.Мор, Эразм Ратэрдамскі, М.Капернік, Ф.Бэкан, І.Ньютан. Дзякуючы Л.м. культура Рыма і ўспрынятая ім грэч. культура сталі набыткам чалавецтва. Еўрап. мовы адчулі на сабе ўплыў Л.м. як крыніцы лексічнага ўзбагачэння і папаўнення паліт., навук. і тэхн. тэрміналогіі. Лац. алфавіт абслугоўвае многія мовы свету (гл.Лацінскае пісьмо).
У 16—18 ст. на ўсх.-слав. землях, у т. л. на Беларусі, Л.м. выкладалася ў навуч. установах, выкарыстоўвалася ў справаводстве, дыпламат. перапісцы, пры напісанні навук. трактатаў і літ. твораў. Яе добра ведалі і на ёй пісалі бел. асветнікі Мікола Гусоўскі, С.Будны, Сімяон Полацкі і інш. Многія запазычанні з Л.м. ўвайшлі ў бел. мову (гл.Лацінізм).
Літ.:
Тронский И.М. Очерки по истории латинского языка. М.; Л., 1953;
Яго ж. Историческая грамматика латинского языка. М., 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПУРЫ́ (ад франц. pot-pourri мяшаная страва, усякая ўсячына),
інструментальны (радзей вак.) твор, пабудаваны на чаргаванні папулярных тэм з опер, аперэт, балетаў, песень, танцаў, музыкі з кінафільмаў і інш., мелодый ці песень пэўнага кампазітара. Тэмы ў П. не развіваюцца, а ідуць паслядоўна адна за адной, паміж асобнымі мелодыямі ўводзяцца кароткія звязкі для мадулявання і тэматычнага пераключэння. Найб. пашыраны П. для духавога і эстр. аркестраў.
Узніклі ў 18 ст. ў Францыі, у пач. 19 ст. распаўсюдзіліся ў Еўропе (найб. раннія творы належаць ням. кампазітару І.Б.Крамеру). Сярод узораў: «Бліскучае папуры на любімыя тэмы з оперы Шпора «Фауст» К.Чэрні, «Папуры на тэмы Бетховена» А.Дыябелі, «Фантазія на польскія тэмы» Ф.Шапэна. У Расіі ў канцы 19 ст. былі пашыраны П. для т.зв. садовых аркестраў, заснаваныя на папулярных танц. мелодыях.
На Беларусі ў пач. 19 ст. былі вядомы П. на тэмы маршавых і танц. мелодый Няльгоўскага, І.Дабравольскага, Вуса і інш. (у рэпертуары Магілёўскага духавога аркестра пад кіраўніцтвам Дабравольскага), папуры В.Стафановіча на тэмы сімфоній, уверцюр Л.Бетховена, І.Гайдна, Ш.Гуно, Л.Керубіні, В.А.Моцарта, Дж.Расіні, Д.Чымарозы, Р.Крэйцэра, М.Глінкі, вальсаў, кадрыляў і полек І.Штрауса, Лябіцкага, маршаў Ф.Мендэльсона, Б.Більзе (у рэпертуары Мінскага гар. аркестра), П. на мелодыі з італьян. опер выконваў духавы аркестр Мінскай мужч. гімназіі і інш. У пач. 20 ст. П. на тэмы італьян. кампазітараў выконвалі Мінскі гар. духавы аркестр і аркестр ваен. духавой музыкі кавалерыйскай дывізіі, «Маларасійскія папуры» — аперэтачна-драм. трупа пад кіраўніцтвам І.Канеўскага ў т-ры мініяцюр у Оршы і трупа т-ва маларасійскіх артыстаў пад кіраўніцгвам Ф.Максімовіча ў Мінскім гар. т-ры. У 1920-я г. былі пашыраны папуры У.Тэраўскага і В.Яфімава для арк. на тэмы рэв. песень. Сярод найб. вядомых П. ў рэпертуары бел.прафес. і аматарскіх аркестравых калектываў — «Сябры-аднапалчане» на тэмы песень Вял.Айч. вайны М.Вахуцінскага, «Беларуская старонка» на тэмы бел.нар. мелодый для духавога арк. М.Нарко і інш.; на тэмы твораў сучасных бел. (П. на тэмы песень У.Алоўнікава, Я.Глебава, І.Лучанка, «Калейдаскоп эстрадных мелодый В.Волкава і інш.) і замежных (папуры Л.Кеэра на тэмы класічных джазавых мелодый «Караван» Х.Цізола і Э.Элінгтана, «Фламінга» Г.Гроя, «Бразілія» А.Барэса) кампазітараў.
Літ.:
Способий И.В. Музыкальная форма. 6 изд. М., 1980. С. 251—252.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРСПЕКТЫ́ВАў мастацтве,
метад адлюстравання на плоскасці аб’ёмных цел, іх уласнай прасторавай структуры і месцазнаходжання ў прасторы; адзін з асн. элементаў пабудовы кампазіцыі ў творах фігуратыўнага мастацтва. У залежнасці ад маст. стылю і прынятай у пэўную эпоху сістэмы прасторавага бачання, мэты аўтара твора прымалі розныя формы, якія выкарыстоўваюцца і для ўласна арганізацыі прасторы адпаведна зрокаваму ўспрыняццю прадметаў чалавекам, і для выяўлення канцэпцыі светабудовы, узмацнення эмац.-псіхал. ўздзеяння твора, надання выяве ролі сімвала і інш. Выкарыстоўваецца таксама ў арх. праектаванні, чарцяжах будынкаў і комплексаў і інш.
Узнікненню паняцця П. папярэднічалі ўмоўна-сімвалічныя схемы і прыёмы ў мастацтве першабытнасці і Стараж. Усходу, сродкамі якіх характарызавалі ўзаемнае размяшчэнне прадметаў (ярусная кампазіцыя, спалучэнне франтальных і профільных відаў з планамі, маштабныя кантрасты і інш.). У ант. мастацтве пераважалі перспектыўныя пабудовы кампазіцыі. заснаваныя на метадзе праекцыі прасторавых аб’ектаў на пэўную плоскасць з дапамогай размешчаных на адной цэнтр. восі паралельных ліній, якія маюць некалькі пунктаў сыходжання (т.зв. рыбіна косць; у некат. рым. размалёўках выкарыстоўваўся і адзін цэнтр праекцыі). У эпоху сярэднявечча падпарадкаванасць мастацтва рэліг. канонам абумовіла ўзнікненне адваротнай П., якая складалася з некалькіх ізаляваных перспектыўных пучкоў, звернутых вяршыняй не ў глыбіню адлюстроўваемай прасторы, а да гледача, які нібыта знаходзіцца ў розных месцах перад выявай; пры спалучэнні гэтых фрагментаў ствараецца ўражанне ірэальнай прасторы, а павелічэнне памераў асобных аб’ектаў па меры іх аддалення надае выяве сімвалічны сэнс. Паралельна з гэтымі сістэмамі існавала назіральная П. (эмпірычныя навыкі адлюстравання прасторы «на вока», без узгаднення з тэорыяй і канонамі). У мастацтве краін Д. Усходу зрокавыя і практычныя навыкі перадачы прасторы стварылі сістэму паветранай П., якая будавалася праз паслядоўнае памяншэнне выразнасці аддаленых аб’ектаў і змяненне іх колеру ў спалучэнні з выбарам вельмі высокага пункта гледжання («з птушынага палёту») і паралельнай П. (паралельныя лініі не перасякаюцца ў полі зроку). У Еўропе прынцыпы паветр. П. абгрунтаваў і выкарыстоўваў у 15—16 ст. Леанарда да Вінчы, у 19 ст. — імпрэсіяністы. У эпоху Протарэнесанса і Адраджэння выпрацавана і матэматычна абгрунтавана сістэма лінейнай (прамой. навуковай) П., у аснову якой пакладзены метад цэнтр. праекцыі. Лінейная П. лічыцца класічнай, яе асн. прынцыпы найб. пашыраны ў мастацтве 16—20 ст. У канцы 19—20 ст. вырасла цікавасць і да інш. сістэм П., выпрацаваны складаныя метады пабудовы П. на ўнутр. паверхнях цыліндра (панарамная П.), сферы (купальная П.), на плафонах і інш. Правілы П. — адна з асноў методыкі маст. творчасці і адукацыі.
Літ.:
Барышников А.П. Перспектива. 4 изд. М., 1955;
Успенский Б.А. Поэтика композиции. М., 1970;
Раушенбах Б.В. Пространственные построения в живописи. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЗНАНЬ (Poznań),
горад на З Польшчы, на р. Варта. Адм. ц. Велікапольскага ваяводства. 660 тыс.ж. (1999). Вузел чыгунак і аўтадарог, рачны порт. Міжнар. аэрапорт. Важны эканам. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: машынабудаванне (у т. л.трансп., с.-г., дакладнае, эл.-тэхн., прылада- і дызелебудаванне, вытв-сць падшыпнікаў), харч., гумавая, парфумерная, швейная, шкляная, паліграфічная. Штогадовыя міжнар. і нац. кірмашы. Ун-т, мед. акадэмія. Тэатры, у т. л. оперны. Музеі: нац., археал., муз. інструментаў і інш. Цэнтр турызму.
У 8—9 ст. П. — гарадзішча, вакол якога склаўся горад. У 10 ст.адна з гал. рэзідэнцый польскіх князёў. З 968 сядзіба першага польскага біскупства. У 1005 тут падпісаны мірны дагавор паміж каралём Баляславам I Храбрым і архібіскупам магдэбургскім Тагіно. У 1253 П. атрымала магдэбургскае права. З сярэдзіны 13 ст. адм.-паліт. цэнтр Велікапольшчы. У 15—16 ст. адзін з буйных гандл. і культ. цэнтраў краіны (у 16 ст. каля 20 тыс. жыхароў). З сярэдзіны 17 ст. занепадала ў выніку войнаў (Паўночная вайна 1655—60, Паўночная вайна 1700—21) і эпідэмій (у пач. 18 ст. — 12 тыс. жыхароў), У 1793 адышла да Прусіі. З 1807 у складзе Варшаўскага герцагства, з 1815 — Пазнанскага вялікага княства. Тут адбылося антыпрус. Пазнанскае паўстанне 1848. Пасля 1-й сусв. вайны і Пазнанскага паўстання 1918—19 у складзе адноўленай Польскай дзяржавы. У 2-ю сусв. вайну захоплена ням.-фаш. войскамі (1939). У 1945 вызвалена Сав. Арміяй. У 1956 у П. адбыўся першы ў ПНР масавы рабочы пратэст.
Гіст. ядро П. — т. зв. Тумскі востраў на правым беразе Варты. Тут знаходзяцца раманскі касцёл св. Яна (каля 1200—1512), гатычны сабор (сярэдзіна 12 — пач. 16 ст., на месцы касцёлаў 10 і 11 ст., у інтэр’еры грабніцы і надмагіллі, у т. л. 10 ст.), касцёл Дзевы Марыі (15 ст.). На левым беразе — Стары горад (развіваўся з 13 ст.) з рэгулярнай планіроўкай. На цэнтр. плошчы Рынак — ратуша (13—14 ст., перабудавана ў 1550—60 у стылі рэнесансу; жылыя дамы 16—19 ст., часта з галерэямі). Захавалася шмат кляштараў і касцёлаў у стылі барока. У 19 — пач. 20 ст. на З ад Старога горада сфарміраваўся цэнтр П. з палацамі і грамадскімі будынкамі ў стылях класіцызму, эклектыкі і сучаснай архітэктуры. У пасляваен. гады адноўлены пашкоджаныя арх. помнікі, узведзены комплекс міжнар. кірмашу, гасцініца «Меркурый», ансамбль новага цэнтра, новыя жылыя раёны абапал р. Варта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1848-49 У ГЕРМА́НІІ,
адна з рэвалюцый 1848—49 у Еўропе. Ставіла за мэту аб’яднанне Германіі і лібералізацыю паліт. жыцця. Штуршком да яе стала рэвалюцыя 1848 у Францыі. Пачалася з выступлення ў Бадэне (27 лют.), і ў хуткім часе ахапіла большасць германскіх дзяржаў. Найб. значныя падзеі адбыліся ў Аўстрыі (гл.Рэвалюцыя 1848—49 у Аўстрыі) І Прусіі. У Берліне дэманстрацыі рамеснікаў, рабочых, студэнтаў і гандляроў перараслі 18 сак. ў нар. паўстанне. Пад яго націскам кароль Прусіі вымушаны быў скасаваць цэнзуру, пагадзіцца са скліканнем прускага Нац. сходу і вывесці войскі са сталіцы. 29 сак. створаны ўрад Прусіі на чале з лідэрамі ліберальнай апазіцыі Л.Кампгаўзенам і Д.Ганземанам. 22 мая пачаў працу Нац. сход Прусіі; большасць месцаў у ім належала лібералам, якія стаялі за ліберальную канстытуцыю, але супраць радыкалізацыі рэвалюцыі. 18.5.1848 у Франкфурце-на-Майне пачаў дзейнасць агульнагерм. Нац. сход, т.зв. Франкфурцкі парламент, скліканы для вырашэння пытання пра аб’яднанне Германіі; большасць у ім таксама належала лібералам. Але створаны сходам часовы імперскі ўрад на чале з аўстр. эрцгерцагам Іаганам не быў падтрыманы Аўстрыяй, Прусіяй і інш.ням. дзяржавамі. На сходзе распачалася барацьба паміж прыхільнікамі «вялікагерманскага» (з удзелам Аўстрыі) і «малагерманскага» (без Аўстрыі) варыянтаў герм. дзяржавы. Тым часам паражэнне паўстання ў Аўстрыі ў кастр. 1848 падштурхнула караля Прусіі да роспуску прускага Нац. сходу (8 ліст.), прызначыць новы ўрад на чале з кансерватыўнымі дзеячамі і ўвесці ў Берлін войскі. У снеж. 1848 уступіла ў дзеянне канстытуцыя, якая павялічыла паўнамоцтвы караля пры захаванні шэрагу дэмакр. свабод. Франкфурцкі парламент працягваў працу, выдаў у снеж. 1848 «Асн. правы нямецкага народа», а 27.3.1849 — імперскую канстытуцыю на аснове «малагерманскага» праекта. «Імператарам немцаў» быў абраны кароль Прусіі Фрыдрых Вільгельм IV. Аднак 28.4.1849 ён адмовіўся ад імперскай кароны, а ў маі—чэрв. 1849 прускія войскі задушылі паўстанні ў абарону канстытуцыі ў Саксоніі, Рэйнскай вобл., Пфальцы і Бадэне. 18 чэрв. ўрад Вюртэмберга разагнаў Нац. сход, які пэўны час яшчэ працягваў збірацца ў Штутгарце. Нягледзячы на няўдачу з аб’яднаннем Германіі, рэвалюцыя паспрыяла лібералізацыі паліт. жыцця ў ням. дзяржавах і хуткаму іх капіталіст. развіццю.
Літ.:
Степанова Е.А., Левикова С.З. Борьба за единую демократическую Германию в период революции 1848—1849 гг.М., 1955;
Кан С.Б. Немецкая историография революции 1848—1849 гг. в Германии. М., 1962;
Галкин И.С. Создание Германской империи, 1815—1871 гг.М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЦЫ́ЛІЯ (Sicilia),
аўтаномная вобласць Італіі. Займае в-аўСіцылія і суседнія астравы. Пл. 25,7 тыс.км². Нас. каля 5,5 млн.чал. (2001). Уключае правінцыі: Агрыджэнта, Кальтанісета, Катанія, Месіна, Палерма, Рагуза, Сіракуза, Трапаніі, Эна. Адм. ц. — г.Палерма. С. — эканамічна адна з менш развітых абласцей Італіі. Каля пал. плошчы вострава пад с.-г. ўгоддзямі, у т. л. пад ворывам каля 770 тыс.га, пад садамі, вінаграднікамі і аліўкавымі гаямі — 350 тыс.га, пад лугамі і пашамі — 130 тыс.га. Значныя плошчы арашаюцца. Больш за 50% таварнай прадукцыі дае садоўніцтва (апельсіны, лімоны, аліўкі, вінаград). Вырошчваюць пшаніцу (пераважна цвёрдых гатункаў), бабовыя, раннюю бульбу, артышокі, агароднінныя культуры, асабліва памідоры (у асн. на экспарт). Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак, коз, свіней, коней, мулаў, аслоў. Рыбалоўства і промысел морапрадуктаў. Асн. галіны прам-сці: горназдабыўная (сера, буд. матэрыялы, калійныя солі, нафта, прыродны газ), харч., дрэваапр., швейная, суднабудаўнічая. Новыя галіны: хім., цэм., эл.-тэхн., радыёэлектронная. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Гал. парты Палерма, Аўгуста, Джэла. Праз Месінскі прал. С. злучана з Апенінскім п-вам паромам Месіна—Рэджа-ды-Калабрыя.
У старажытнасці в-аў Сіцылія насялялі плямёны сіканаў і сікулаў. У 8 ст. да н.э. С. — аб’ект фінікійскай і грэч. каланізацыі. У час Пелапанескай вайны 431—404 да н.э. С. беспаспяхова імкнуліся захапіць Афіны. З 5 ст. да н.э. авалодаць востравам імкнуўся Карфаген. Барацьба з карфагенскай экспансіяй асабліва абвастрылася пры сіракузскіх тыранах Дыянісію I і Агафокле. У 241 да н.э. С. стала першай рым. правінцыяй, жытніцай Рыма; тут адбыліся Сіцылійскія паўстанні рабоў. У 5 ст.н.э. яе захапілі вандалы, у 6 ст. — остготы. З 535 належала Візантыі. У 11 ст. заваявана нарманамі, у 12—13 ст. увайшла ў Сіцылійскае каралеўства, якое пасля паўстання «Сіцылійская вячэрня» ў 1282 распалася. У 1302 на востраве ўмацаваліся каралі Арагона. Паводле Утрэхцкага міру 1713 С. адышла да Савойскага герцагства, паводле Лонданскага дагавора 1720 замацавана за Аўстрыяй. У 1735—1860 тут правілі ісп. Бурбоны (гл. Сіцылій абедзвюх Каралеўства). У перыяд напалеонаўскага панавання ў Італіі на С. знаходзілася рэзідэнцыя неапалітанскага караля Фердынанда IV (у 1799—1802, 1806—1814). У 1861 С. ўвайшла ў Аб’яднанае Італьянскае каралеўства. У канцы 19 — пач. 20 ст. С. набыла вядомасць як радзіма мафіі. У 2-ю сусв. вайну ў чэрв. 1943 тут высадзіліся англа-амер. войскі (гл. Сіцылійская аперацыя 1943). У 1947 атрымала абласную аўтаномію.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКРЫПТО́РЫЙ (позналац. scriptorium ад лац. scriptor перапісчык, пісец),
сярэдневяковая майстэрня па вырабе рукапісных кніг. У 6—15 ст. С. былі пашыраны ў Еўропе. Стваральнікам першага еўрап. С. (540-я г.) лічыцца гісторык остготаў Касіядор. У канцы 6—7 ст. С. ствараліся па ўсёй Еўропе (Верона, Ліён, Санкт-Гален, Кёльн, Фульда, Сен-Марцыял, Корбі і інш), у якіх пазней выпрацаваліся асн. тыпы сярэдневяковага пісьма. Найб. вядомасцю пры Карле Вялікім карыстаўся С. Турскага манастыра св. Марціна. У 9 ст. некалькі С. меў манастыр бенедыкцінцаў у Клюні (Бургундыя), рукапісы якіх вызначаліся выразнасцю пісьма, вельмі чорным чарнілам і своеасаблівай арнаментыкай. З канца 12 ст. С. сталі выцясняцца гар. цэхавымі майстэрнямі, якія працавалі на заказ і на рынак. С. заняпалі са з’яўленнем кнігадрукавання. У С. існаваў падзел працы: з узорнага арыгінала спісвалі перапісчыкі, аздобу выконвалі ілюмінатары, часта пры С. працавалі пераплётныя майстэрні. На землях ВКЛ існавалі мітрапаліцкі, дзяржаўны, манастырскія і прыватныя С. Першыя С. вядомы ў 14—15 ст. у правасл. манастырах і пры двары кіеўскіх мітрапалітаў (да іх прадукцыі можна аднесці Евангелле-апракас сярэдзіны 14 ст. і Лаўрышаўскае евангеллепач. 14 ст.). Мітрапаліцкі С. упамінаецца дыяканам Якімцом пад 1512 пры саборнай царкве Барыса і Глеба ў Навагрудку. З развіццём дзяржавы развіўся ін-тДзярж. канцылярыі ВКЛ, якой кіраваў канцлер. Яму і яго намесніку (падканцлеру) падпарадкоўваліся лац. і рус.пісары. Пісару падпарадкоўваліся дзякі, якія вялі справаводства, перапісвалі акты, тыражавалі неабходныя для дзяржавы кнігі. Асн. прадукцыя, якая выходзіла са С. велікакняжацкай канцылярыі, былі спісы Статутаў, хаця шэраг прафес. пісцоў мог спісаць любыя кнігі на заказ. У 15 ст. існаваў С. пад пратэкцыяй кн. Алелькавічаў у Слуцкім Траецкім манастыры. Адна з кніг, перапісаная ў ім, захавалася да нашага часу. Значным цэнтрам вырабу кніг быў Смаленск. Пры смаленскім епіскапе Іосіфе Солтане створаны ілюмінаваны спіс Радзівілаўскага летапісу. У 1495 у Смаленску перапісаны Аўрамкі летапіс з рыфмаваным панегірыкам Вітаўту (гл.«Пахвала Вітаўту»), Найб. вядомыя манастырскія С.: Полацкі, Куцеінскі, Чарэйскі, Лешчанскі, Супрасльскі. У ВКЛ рукапісныя кнігі выраблялі амаль у кожным каталіцкім кляштары. Часта кнігапісанне бралі пад сваю апеку прыватныя асобы, найчасцей буйныя магнаты. Найбольшы з прыватных С. дзейнічаў у канцы 15—1-й пал. 16 ст. ў двары Солтанаў у прадмесці Вільні — Шышкінях (зараз у межах горада). Радзівілы і інш.бел. магнаты таксама мелі свае канцылярыі са штатам канцылярыстаў-кнігапісцаў.
Літ.:
Киселева Л.И. О чем рассказывают средневековые рукописи. Л., 1978;
Нікалаеў М Палата кнігапісная: Рукапісная кніга на Беларусі ў X—XVIII стст. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКЕ́ТА (ням. Rakete ад італьян. rocchetta шпуля, верацяно),
лятальны апарат, які рухаецца ад дзеяння рэактыўнай цягі. Можа рухацца і ў беспаветранай прасторы, што дае магчымасць выкарыстоўваць Р. для палётаў у космас. Бываюць адна- і шматступеньчатыя ракеты, кіравальныя (маюць сістэму кіравання, якая забяспечвае палёт па зададзенай траекторыі, напр., балістычныя ракеты) і некіравальныя (звычайна баявыя тактычныя Р. з далёкасцю палёту да дзесяткаў кіламетраў). Выкарыстоўваюцца ў ваен. справе (ракетная зброя), для навук. (напр., «Космас»), геафіз. (напр., «Вертыкаль») і метэаралаг. даследаванняў, а таксама для запуску касмічных апаратаў (гл.Ракета-носьбіт).
Асн. часткі Р.: корпус з адсекамі (злучае ўсе часткі Р. ў адзіную канструкцыю), адзін або некалькі ракетных рухавікоў, ёмістасці з ракетным палівам (запас рабочага цела), карысны груз (баявая частка, касм. апарат, метэапрылады), сістэма кіравання (на кіравальных Р.). Канструкцыя Р. залежыць ад яе прызначэння і тыпу выкарыстаных рухавікоў. Асн. тып рухавіка для Р.-носьбіта — вадкасны ракетны рухавік, для большасці баявых, метэаралаг. і геафіз. Р. — цвердапаліўны ракетны рухавік. На многіх Р. устанаўліваюць спец. разгонныя або стартавыя рухавікі (звычайна цвердапаліўныя). Органы кіравання — аэрадынамічныя (напр., паветраныя рулі, інтэрцэптары, элероны), газадынамічныя (газаструменныя рулі, паваротныя камеры і соплы, дэфлектары) і камбінаваныя; забяспечваюць дынамічную стабілізацыю Р., кіраванне ёю на ўсёй траекторыі ці на яе асобных участках. Некіравальныя Р. стабілізуюцца ў палёце хваставым апярэннем або вярчэннем вакол падоўжнай восі. Запускаюцца з пускавых установак, у т. л. шахтавага тыпу, караблёў, падводных лодак, самалётаў, верталётаў, касм. — са стартавага комплексу касмадрома. Састаўныя (шматступеньчатыя) Р. складаюцца з 2—4 ракетных ступеняў, размешчаных паслядоўна ці па т.зв. пакетнай схеме. На 1-м этапе актыўнага ўчастка дзейнічае І-я ступень, разгон працягвае 2-я і г.д.Асн. характарыстыкі Р.: сіла цягі рухавіка (да 10 МН) і скорасць выцякання рэактыўнага струменя (3000—4500 м/с). Стартавая маса ад некалькіх кілаграм да некалькіх тысяч тон. Баявыя Р. бываюць: стратэгічныя, аператыўна-тактычныя, тактычныя; блізкага дзеяння, сярэдняй і вял. далёкасці (міжкантынентальныя); класаў «зямля—зямля», «зямля—паветра», «паветра—паветра», «паветра—зямля», «паветра—карабель», «карабель—зямля» і інш. Уваходзяць у наземныя, авіяц. і карабельныя ракетныя комплексы. Р. класа «зямля—паветра» — асн. зброя войск ППА (гл.Зенітны ракетны комплекс). Высокадакладным дальнабойным сродкам паветранага нападзення з’яўляецца крылатая ракета (ляціць больш за 2,6 тыс.км на выш. каля 30—100 м).
Вынайдзена ў Кітаі пасля адкрыцця пораху (каля 10 ст.); першае ўпамінанне пра Р. (трубкі з порахам) адносяцца да 1232. У Еўропе звесткі пра парахавыя Р. з’явіліся ў 13 ст., у канцы 14 — пач. 16 ст. існавала некалькі тыпаў Р. (рухаліся вертыкальна, па паверхні вады, па канаце). З канца 14 ст. сталі выкарыстоўвацца для феерверкаў (уяўлялі сабой кардонную гільзу з карысным грузам — зорачкамі ў верхняй частцы і порахам у ніжняй). Найб. раннія звесткі пра выкарыстанне Р. на Украіне адносяцца да 1516. У сярэдзіне 17 ст. лепшым ракетчыкам Еўропы лічыўся бел. інжынер і вучоны К.Семяновіч, які апісаў (1650) розныя канструкцыі ракет, абгрунтаваў ідэю шматступеньчатай Р. і ракетных батарэй. Звесткі пра Р. ў Расіі адносяцца да 1675, у 1680-я г. створана маск. Ракетнае прадпрыемства. Даследаванні па розных тыпах Р. у канцы 18 ст. правялі франц. інжынеры. У пач. 19 ст.англ. канструктар У.Конгрыў абагульніў вопыт ракетабудавання, правёў шэраг навук. даследаванняў у галіне ракетнай тэхнікі, распрацаваў новыя тыпы парахавых Р. (выратавальныя, гарпунныя, са стартавай масай да 450 кг і далёкасцю палёту больш за 3 км). Р. як зброя пашырылася ў многіх краінах Еўропы. З канца 1920-х г. распрацоўку вадкасных Р. і ракетных рухавікоў у СССР пачалі ў Газадынамічнай лабараторыі, Рэактыўным НДІ і Групе па вывучэнні рэактыўнага руху. У пач. 1940-х г. у Германіі створана Р. Фау-2 (з 1944 выкарыстоўвалася для абстрэлу Вялікабрытаніі). У 1948 у ЗША адбыўся запуск 2-ступеньчатай вадкаснай Р. «Бампер» (1-й яе ступенню была дапрацаваная Р. Фау-2). У 2-й пал. 1950-х г. адбыўся пераход ад адна- да шматступеньчатых Р. (у СССР Р-7), з дапамогай якіх пачаліся даследаванні касм. прасторы (гл.Касманаўтыка). У Расіі і СССР развіццё Р. звязана з імёнамі А.Дз.Засядка, К.А.Шыльдэра, К.І.Канстанцінава, М.І.Кібальчыча, К.Э.Цыялкоўскага, Ф.А.Цандэра, А.І.Шаргея (Ю.В.Кандрацюк), С.А.Косберга, С.П.Каралёва, В.П.Глушко і інш. Значны ўклад у развіццё ракетабудавання зрабілі інжынеры і вучоныя Г.Гансвінт (Германія), Р.Эно-Пельтры (Францыя), Р.Годард (ЗША), Г.Оберт і І.Вінклер (Германія), В. фон Браўн (Германія, ЗША).
Літ.:
Ляпунов Б.В. Ракета. 2 изд. М., 1960;
Золин Б.И., Савин Н.В. Основы теории и конструкции ракет. М., 1971;
Киселев С.П. Физические основы аэродинамики ракет. М., 1976;
Князьков В.С., Рожков В.В. Боевые ракеты. М., 1977;
Колесников К.С. Динамика ракет. М., 1980;
Феодосьев В.И. Основы техники ракетного полета. 2 изд. М., 1981;
Бельск і А.М., Ткачоў М.А. Вялікае мастацтва артылерыі: Казімір Семяновіч. Мн., 1992.
У.С.Ларыёнаў, У.М.Сацута.
Схемы ракет: а, б — аднаступеньчатых на цвёрдым і вадкім паліве (1 — баявая частка, 2 — сістэма кіравання, 3 і 5 — бакі акісляльніку і паліва, 4 — цвёрдае паліва, 6 — турбіна, 7 — камера згарання, 8 — стабілізатар); в — двухступеньчатай з папярочным дзяленнем (1 — карысны груз, 2 — пераходная ферма, РА — рухальны адсек, ПА — паліўны адсек); г — шматступеньчатай з пакетным размяшчэннем ступеняў (1 — баявая частка, 2 — сістэма кіравання, 3 — паліўныя бакі, 4 — ракетныя рухавікі); д — стратэгічнай сярэдняй далёкасці (1 — галоўка саманавядзення, 2 — баявая частка, 3 — электроннае абсталяванне, 4 — маршавы рухавік, 5 — крыло, 6 — аэрадынамічныя рулі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАВАЎНЯ́НАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
вядучая падгаліна тэкстыльнай прамысловасці, якая вырабляе з бавоўны тканіны, ніткі, корд, нятканыя матэрыялы і інш. Уключае прадзільную, ткацкую, фарбавальна-аддзелачную (на прадпрыемствах закончанага цыкла) і круцільна-нітачную вытворчасці. Прадукцыя ідзе на выраб адзення, абутку, мэблі, тары, тэхн. дэталяў.
Ручны выраб баваўняных нітак і тканін вядомы з глыбокай старажытнасці ў Індыі, Егіпце і Кітаі. Баваўняная прамысловасць у Еўропе ўзнікла ў 2-й пал. 18 ст. і адна з першых перайшла на машынную вытв-сць. У Расіі значныя прадпрыемствы ўзніклі ў канцы 18 — пач. 19 ст. У дарэвалюцыйны час 50% бавоўны-сырцу завозілася з ЗША і Егіпта. У 1920-я г. пачалося буд-ва новых прадпрыемстваў, да 1940 пабудавана 13, у т. л. «Чырвоная Талка» ў Іванаве, першыя чэргі Ташкенцкага і Барнаульскага баваўняных камбінатаў. Баваўняная прамысловасць была створана ў асн. раёнах баваўнаводства (Узбекістан, Таджыкістан, Кыргызстан, Казахстан, Азербайджан). Пасля Вял.Айч. вайны адноўлены разбураныя прадпрыемствы, у т. л. на Беларусі і Украіне; пабудаваны новыя ў Чымкенце, Чэбаксарах, Бішкеку, Барнауле, Душанбе і інш. Былы СССР займаў 2-е месца ў свеце па выпуску баваўняных тканін.
Першае прадпрыемства на Беларусі працавала з пач. 19 ст. ў мяст. Зялёны Прудок Магілёўскай губ. (выпускала хусткі і папяровую тканіну). У 1900 створана бавоўнапрадзільная ф-ка «Дняпроўская мануфактура» паблізу Дуброўна (Дубровенская тэкстыльная фабрыка). Усяго да 1-й сусв. вайны на прадпрыемствах баваўнянай прамысловасці было 327 ткацкіх станкоў, з іх 198 механічных. Сучасная баваўняная прамысловасць Беларусі фарміравалася з 1960-х г. У 1960—69 створаны Баранавіцкі баваўняны камбінат, у 1963—67 — Гродзенскае вытв. прадзільна-нітачнае аб’яднанне, у Ветцы на базе арцелі «Чырвоны тэкстыльшчык» (засн. ў 1949) — Веткаўская баваўняная ф-ка, у 1976 — Віцебскае тэкстыльнае вытв. аб’яднанне (з 1991 «Віцтэкс»), Баваўняную прадукцыю выпускалі (1992) каля 20 прадпрыемстваў Беларусі, сярод іх, акрамя названых, Дзяржынская, Слуцкая і Талачынская тэкст. ф-кі, Рэчыцкае ткацкае вытв. аб’яднанне, Бабруйскі камбінат нятканых матэрыялаў і інш.Асн. прадукцыя баваўнянай прамысловасці Беларусі: паркаль, бязь, сацін, тканіны на бялізну і плацце, мэблева-дэкар., хустачныя, ручніковыя, махровыя, тэхн., тарныя, паковачныя, з устойлівым аздабленнем, з водаўстойлівым і супраць гніення насычэннем, баваўняныя мяшаныя тканіны, марля, вата, ніткі, нятканыя матэрыялы. У 1993 выраблена 35,2 тыс.т баваўнянай пражы (найб. у 1990—91 — 50,5 тыс.т); 102 млн.м² тканіны (найб. у 1991 — 142 млн.м²).
У свеце выпускаецца каля 46 млрд.м² баваўняных тканін (1985). Прадукцыя баваўнянай прамысловасці ў розных краінах складае 66—95% ад прадукцыі тэкст. прам-сці. Найб. вытворцы бавоўны-сырцу (1994) — Кітай, ЗША, Індыя і Пакістан, баваўняных тканін (у пач. 1990-х г.) — Кітай, краіны СНД (найб. у Расіі), Індыя, ЗША, Японія, Тайвань, Італія, Егіпет і інш.