род кветкавых раслін сям. скрыпнёвых. 12 відаў. Пашыраны ва ўмераных і халодных абласцях Паўн. паўшар’я. На Беларусі трапляюцца 2 віды: Д. альпійскі (C. alpina) і парыжскі, або вядзьмак-трава (C. lutetiana). Растуць у сырых і цяністых лясах, у хмызняках, ярах, на пнях і калодах. Утвараюць гібрыдную форму — Д. прамежкавы (C. intermedia).
Шматгадовыя травяністыя расліны з паўзучым карэнішчам і прамастойным або ўзыходным простым ці галінастым сцяблом. Лісце супраціўнае, суцэльнае, на чаранках, яйца- ці сэрцападобнае. Кветкі дробныя, белыя, ружаватыя ці бэзаватыя, у канцавых простых або галінастых гронках. Вяночак з 2 адваротнаяйцападобных пялёсткаў (адсюль назва). Плод арэшкападобны, 1—2-гнездавы, укрыты кручкападобна сагнутымі валаскамі. Лек. і фарбавальныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕ́РБНІК (Falco columbarius),
птушка сям. сакаліных атр. сокалападобных. Пашыраны ў тайзе, лесатундры, часткова ў тундры Еўразіі і Паўн. Амерыкі. Па тэр. Беларусі праходзіць паўд. мяжа гнездавога арэала. Жыве ва ўсіх абласцях, акрамя Брэсцкай, часцей трапляецца ў Бел. Паазер’і на вял. вярховых балотах. Нар. назва галубятнік. Занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь.
Даўж. цела 27—34 см, маса 160—250 г. Самкі большыя за самцоў. Крылы адносна кароткія, хвост доўгі. Апярэнне ў самцоў шызае, у самак дымчата-бурае, брушны бок белавата-рыжы з падоўжнымі стракацінамі, хвост паласаты. Корміцца пераважна дробнымі птушкамі. Гняздуецца на дрэвах у гнёздах інш. птушак, на зямлі, скалах, зрэдку будуе гняздо. Нясе 3—6 яец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́КАЯ ПЯТРУ́ШКА (Peucedanum),
род кветкавых раслін сям. сельдэрэевых. Каля 120 відаў. Пашыраны ў субтрапічных, умераных і субарктычных абласцях Еўропы, Азіі, у трапічнай і Паўд. Афрыцы. На Беларусі 3 віды: Дз.п. горная (P. oreoselinum) — расце ўсюды ў хваёвых і мяшаных лясах, на ўзлесках; аленевая (P. cervaria) — трапляецца рэдка ў паўд. і зах. частках краіны, занесена ў Чырв. кнігу; настуркавая, або цар-зелле (P. ostruthium) — у наваколлі Мінска, Гродна і Магілёва.
Шматгадовыя травяністыя расліны з простым або галінастым сцяблом і верацёнападобным патоўшчаным коранем. Лісце трайчастае або перыстае, прыкаранёвае чаранковае. Кветкі дробныя, белыя, жоўтыя або чырванаватыя, у складаных парасоніках. Плод — віслаплоднік. Лек., харч. і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРНО́ВА-КАРБАНА́ТНЫЯ ГЛЕ́БЫ,
тып глеб, што фарміруюцца ў месцах выхаду на паверхню карбанатных парод (вапнякоў, даламітаў, мелу і інш.) пры нармальным увільгатненні пад травяністай расліннасцю. У залежнасці ад ступені выяўлення працэсаў вышчалочвання і ападзольвання Дз.-к.г. падзяляюць на 3 падтыпы: тыповыя Дз.-к.г., вышчалачаныя. ападзоленыя, якія ўключаюць вял. колькасць родаў, відаў і разнавіднасцей. Пашыраны невял. ўчасткамі ў еўрап.ч. Расіі, на Д. Усходзе. На Беларусі найб. трапляюцца ў Магілёўскай, Брэсцкай і Віцебскай абласцях. Высокаўрадлівыя, маюць 5—9% гумусу, інтэнсіўна асвойваюцца пад ворыва. Прыдатныя для вырошчвання патрабавальных да глебавых умоў с.-г. культур (цукр. буракі, пшаніца, ячмень, люцэрна і інш.). Урадлівасць Дз.-к.г. павышаюць мінер. (пераважна калійнымі, марганцавымі і борнымі) угнаеннямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАФІ́НЫЯ (Otididae),
сямейства птушак атр. жураўлепадобных. 11 родаў, 24 віды. Пашыраны ў стэпах і паўпустынях Афрыкі, Еўразіі і Аўстраліі. Найб. вядомыя: драфа звычайная (Otis tarda), стрэпет (Tetrax tetrax), джэк, або драфа-красуня (Chlamydotis undulata). На Пд Беларусі раней трапляліся драфа звычайная (нар. назвы дроп, крохва), занесеная ў Чырв. кнігу (1-е выд.), і стрэпет.
Вялікія і сярэдніх памераў птушкі, маса 1—23 кг. Самцы большыя за самак. Апярэнне шчыльнае, разнастайнай афарбоўкі. Шыя сярэдняй даўжыні, тоўстая. Ногі моцныя, доўгія, трохпальцыя, з цвёрдымі мазолістымі падушачкамі. Хвост кароткі. У шлюбны перыяд самцы такуюць. Гняздо на зямлі, нясуць 2—5 яец. Корм разнастайны, пераважна раслінны. Ахоўваюцца, разводзяцца штучна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЖДЖАВІКО́ВЫЯ (Lycoperdales),
парадак грыбоў-гастэраміцэтаў. Каля 270 відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары. На Беларусі больш за 20 відаў з родаў галавач, дажджавік, зорачнік, міцэнаструм, лангерманія, порхаўка. Глебавыя сапратрофы. Растуць на лугах, пашах, у лясах. Некат. ядомыя ў маладым узросце. У Д. пладовыя целы ўнутры жоўтыя і бурыя ў адрозненне ад неядомых псеўдадажджавікоў, у якіх з узростам яны робяцца чорнымі або фіялетавымі.
Пладовыя целы наземныя, сядзячыя або з ножкай, шара-, груша-, зоркападобныя і інш. Перыдый (абалонка) 1—4-слаёвы, пераважна мяккі з 1 ці некалькімі адтулінамі ў стадыі спеласці, з узростам разрываецца. Глеба (мякаць) мяккая, з камер і пласцін трамы, потым парашкападобная, з капіліцыем (ніткі для разрыхлення спор). Споры шарападобныя, сеткаватыя або шыпаватыя, цёмныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАІ́ЛЬНЫ АПАРА́Т,
прызначаны для мех.даення кароў пад дзеяннем створанага пад саском вакууму. Складаецца з 4 даільных стаканаў (надзяюцца на саскі і высысаюць малако), калектара (размяркоўвае вакуум і збірае малако са стаканаў), пульсатара (пераўтварае пастаянны вакуум у пераменны), вядра (бітона) або малакаправода. Бываюць з 1- і 2-камернымі (найб.пашыраны) стаканамі, 2- і 3-тактавыя. Пераменнае разрэджванне перадаецца па шлангу ў даільныя стаканы, па другім малочным шлангу малако паступае ў калектар. Ёсць Д.а. з пульсатарам і калектарам, аб’яднанымі ў адзін вузел (маюць адзін сумешчаны шланг).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЎГАПЯ́ТЫ (Tarsius),
адзіны род сям. даўгапятых атр. прыматаў. 3 віды: Д. філіпінскі, або сірыхта (T. syrichta), Д. заходні, або банканскі (T. bancanus) і Д.-здань, або ўсходні, ці макі-дамавы (T. spectrum). Пашыраны на а-вах Малайскага архіпелага. Жывуць у трапічных дажджавых лясах, зарасніках кустоў на нізінных участках і па берагах рэк. Усе віды ў Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. цела 8—16 см, хваста 13—27 см, Maca 80—165 г. Футра густое, шэра-карычневае.
Галава вял., паварочваецца на 180°. Вочы вял., ярка-жоўтыя, свецяцца. Вушы голыя, рухомыя. Заднія канечнасці больш доўгія за пярэднія за кошт падаўжэння пятачнай косці (адсюль назва). Кормяцца насякомымі, яшчаркамі. Нараджаюць 1 дзіцяня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́ФНІІ, вадзяныя блохі (Daphnia),
род прэснаводных беспазваночных падатр. галінаставусых ракападобных. 26 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя палярных абласцей. Жывуць у вадаёмах або ў зарасніках сажалак, азёр. На Беларусі 4 віды, найб. трапляюцца Д. звычайная (D. pulex) і Д. даўгахвостая (D. longispina).
Цела (даўж. 0,7—6 мм) укрыта празрыстай акругленай двухстворкавай ракавінай. На галаве шчыток з дзюбкай і фасетачнае вока, у некат. і наўпліяльнае вочка Вусікі (антэны) — органы пачуцця і перамяшчэння. Грудзі з 4—6 сегментаў, кожны з парай ног. Раздзельнаполыя. Летнія пакаленні — самкі, якія размнажаюцца без апладнення (партэнагенез). Увосень з’яўляюцца самцы, адбываецца апладненне. Жывяцца бактэрыямі, аднаклетачнымі водарасцямі, дэтрытам. Д. штучна гадуюць на корм рыбам у рыбных гаспадарках і акварыумах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАХ (ням. Dach праз польск. dach),
канструкцыйная сістэма перакрыцця і пакрыцця верхняй ч. пабудовы. Д. традыц. жылых і гасп. сялянскіх пабудоў называюць страхой. На Беларусі са старажытнасці вядомы Д. каркаснай і вянковай канструкцыі. Сярод тыпаў каркасных Д. найб. дасканалы кроквенны, з паяўленнем якога свабодныя ад нагрузкі шчыты набылі значэнне важных элементаў арх. дэкору. Акрамя 2-схільных і пірамідальных формаў з 16 ст. пачалі пашырацца вальмавыя (з залобкамі, прычолкамі, дымнікамі) і 3-схільныя, а з 17 ст. — ламаныя, ярусныя, мансардавыя Д. Для класіцыстычных пабудоў характэрны Д. невысокія, з франтонамі. Найб.пашыраны матэрыял пакрыцця — дранка, гонта, чарапіца, бляха, шыфер. У сучасным індустр. буд-ве часцей выкарыстоўваюць плоскі Д., сумешчаны з жалезабетоннымі панэлямі перакрыцця.