МАРША́НЦЫЯ (Marchantia),

род пячоначных імхоў сям. маршанцыевых. Каля 70 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі М. зменлівая (M. polimorpha) трапляецца на вільготных мясцінах, вогнішчах, каля жылля.

Слаявіна зялёная, плоская, стужкападобная, шыр. 1—2 см, даўж. да 10 см, злёгку скурыстая ці паперападобная. Паветраныя камеры запоўнены асіміляцыйнай тканкай. Зверху на слаявіне знаходзяцца вывадкавыя кошыкі для вегетатыўнага размнажэння, знізу рызоіды і брушныя лускавінкі. Архегоніі і антэрыдыі на падстаўках з доўгімі ножкамі. Светла-жоўтая каробачка на ножцы. Спараносіць улетку. Першасныя глеба- і торфаўтваральнікі.

Маршанцыя зменлівая: 1 — слаявіна з жаночымі падстаўкамі; 2 — з мужчынскімі падстаўкамі; 3 — вывадковыя кошыкі (павялічана).

т. 10, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)