ІЗАТАПІ́ЧНЫ СПІН,

адзін з квантавых лікаў, які характарызуе адроны, кваркі, лептоны і некаторыя інш. элементарныя часціцы. Адрозніваюць моцны і слабы І.с., якія сваімі ўласцівасцямі нагадваюць звычайны спін у квантамеханіцы.

Моцны І.с. вызначае колькасць розных зарадавых станаў адронаў ці кваркаў у ізатапічным мультыплеце (гл. Ізатапічная інварыянтнасць). І.с. адронаў можа прымаць цэлыя і паўцэлыя значэнні: 0; ​1/2; 1; ​3/2... Паміж эл. зарадам Q, трэцяй праекцыяй І.с. T3, барыённым зарадам B, дзіўнасцю S, чароўнасцю C і прыгажосцю b існуе сувязь: Q=T3+​1/2(B+S+C−b). Напр., нуклону (B=1, S=0, C=0, b=0) адпавядае T3=Q−​1/2, што дае T3=​1/2 для пратона (Q=1) і T3=−​1/2 для нейтрона (Q=0), т. ч. нуклон мае 2 зарадавыя станы і ўтварае ізадублет. І.с. сістэмы адронаў захоўваецца ў моцных (ядзерных) узаемадзеяннях, а T3 — у эл.-магн. узаемадзеяннях. Слабы І.с. характарызуе лептоны, кваркі, прамежкавыя вектарныя базоны і скалярныя базоны Хігса ў дачыненні да электраслабага ўзаемадзеяння. Для кваркаў і лептонаў прымае значэнні: 0; ​1/2. Паміж эл. зарадам Q, трэцяй праекцыяй слабага І.с. T3w і слабым гіперзарадам Y​w існуе сувязь: Q=T3w+​1/2Y​w (абагульненая ф-ла Гел-Мана—Нішыджымы). Слабы І.с. дазваляе правесці класіфікацыю лептонаў і кваркаў і дакладна вызначыць законы электраслабага ўзаемадзеяння ўсіх элементарных часціц.

Літ.:

Окунь Л.Б. Лептоны и кварки. 2 изд. М., 1990.

І.​С.​Сацункевіч.

т. 7, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЎРА́ЗІЯ [ад назвы Лаўрэнцьеўскі шчыт (цяпер Канадскі шчыт) + Азія],

старажытны суперкантынент, што аб’ядноўваў мацерыкі Паўн. паўшар’я — Паўн. Амерыку, Еўропу і Азію. Стварыўся ў палеазоі ў выніку пераўтварэння Атлантычнага, Урала-Мангольскага, Арктычнага і Міжземнаморскага геасінклінальных паясоў у складкавыя, якія паступова звязалі стараж. платформы паўн. рада; Канадскую (Лаўрэнцію), Усх.-Еўрапейскую, Сібірскую, а таксама Калымскі масіў. У канцы сілуру — пачатку дэвону (канец эпохі каледонскай складкавасці) паўн. ч. Атлантычнага геасінклінальнага пояса перайшла ў стадыю арагенезу і злучыла Паўн.-Амерыканскую і Усх.-Еўрапейскую платформы ў адзіны кантынентальны масіў — Лаўрусію. З сярэдзіны карбону б.ч. Урала-Ахоцкага і Міжземнаморскага геасінклінальных паясоў пачала пераўтварацца ў складкавыя, што ў позняй пярмі—сярэдзіне трыясу прывяло да аб’яднання Лаўрусіі з Сібірскай платформай у Лаўразію. Л. размяшчалася бліжэй да экватара і шырокім марскім басейнам ак. Тэціс аддзялялася ад суперкантынента Паўд. паўшар’я Гандваны. Паводле геал. даных вызначана сувязь паміж зах. часткамі Л. і Гандваны (усх. часткі былі больш раз’яднаныя). Пазней, але таксама ў пярмі — сярэдзіне трыясу Л. і Гандвана разам з Кітайска-Карэйскай платформай і Паўднёва-Кітайскай платформай былі адзіным звышкантынентам, якому А.​Вегенер (гл. Вегенера гіпотэза) даў назву Лангея. Распад Пангеі, а разам з ёй Л. і Гандваны пачаўся 200 млн. гадоў назад (у канцы трыясавага — пачатку юрскага перыяду мезазойскай эры). У сярэдзіне мезазою Л. распалася на 2 часткі — Паўн. Амерыканскую і Еўразіяцкую, з утварэннем паміж імі Атлантычнага акіяна. У выніку дрэйфу кантынентаў каля 10 млн. гадоў назад Паўн. Амерыка і Еўразія занялі сучаснае становішча.

Р.​Р.​Паўлавец.

т. 9, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ЙПЦЫГСКАЯ БІ́ТВА 1813, бітва народаў пад Лейпцыгам,

адна з вырашальных бітваў у час напалеонаўскіх войнаў (кампанія 1813). Адбылася 16—19.10.1813 каля г. Лейпцыг (Германія) паміж саюзнымі прускімі, аўстр., рас. і швед. войскамі (300—316 тыс. чал., больш за 1,3 тыс. гармат) і арміяй Напалеона I(каля 190—200 тыс. французаў, палякаў, саксонцаў, італьянцаў, бельгійцаў, галандцаў; 700 гармат). 16 кастр. адбыліся ўзаемныя малавыніковыя атакі паміж войскамі Напалеона і Багемскай арміяй саюзнікаў (133 тыс. чал.), бакі страцілі па 30 тыс. чал. 17 кастр. баёў не было. 18 кастр. Напалеон намагаўся адцясніць войскі кааліцыі і адкрыць сабе дарогу для адыходу, але моцны ўдар саюзнікаў з Пд, У і Пн прымусіў яго вярнуцца ў Лейпцыг, адкуль ён ноччу 19 кастр. пачаў адыходзіць на З па адзіным уцалелым мосце. Пакінуты Напалеонам у ар’ергардзе корпус Ю.Панятоўскага, які стрымліваў наступаючых, быў амаль увесь знішчаны, пры ўзрыве моста праз р. Вайсе-Эльстэр загінуў і Панятоўскі. Страты арміі Напалеона склалі 40 тыс. чал. забітымі і параненымі, 20 тыс. палоннымі, 325 гармат, саюзнікаў — 45—50 тыс. чал. (22 тыс. расійскіх, 14 тыс. прускіх, 9 тыс. аўстр. вайскоўцаў). Пазней рэшткі франц. арміі (60 тыс. чал.) адышлі за Рэйн. У выніку Л.б. ад франц. панавання вызвалена Германія, Францыя пазбавілася тэр. заваёў у Еўропе. У 1913 у Лейпцыгу ўзведзены Манумент Бітвы Народаў.

Літ.:

Поход русской армии против Наполеона в 1813 г. и освобождение Германии: Сб. док. М., 1964;

Освободительная война 1813 г. против наполеоновского господства. М., 1965.

В.​А.​Юшкевіч.

т. 9, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЛЕРНАСЦІ ТЭО́РЫЯ,

тэорыя, якая вывучае залежнасць паміж хім. будовай рэчыва і яго колерам. Чалавечае вока ўспрымае рэчыва афарбаваным, калі яно паглынае святло ў бачным дыяпазоне спектра (400—750 нм). Колер рэчыва дапаўняльны да колеру паглынутых прамянёў, напр., калі яно паглынае сінія прамяні — прадмет бачым жоўтым, чырвоныя — сінявата-зялёным; непразрыстае цела, якое адбівае ўсе прамяні, — бясколернае.

Залежнасць паміж хім. будовай рэчыва і яго колерам даследавалі ням. хімікі-арганікі К.​Ліберман і К.​Грэбе (1869); О.​Віт прапанаваў у 1876 храмафорную тэорыю, паводле якой за афарбоўку арган. злучэнняў адказныя групы атамаў з кратнымі сувязямі (храмафоры), напр., —N=N—, —N=O. Паводле сучасных уяўленняў для афарбоўкі арган. злучэнняў неабходна наяўнасць спалучанай сістэмы двух ці больш храмафораў; значны ўплыў на яе маюць электрадонарныя і электраакцэптарныя групы (аўксахромы), напр., —OH, —NH2, C6H5O—. Зрушэнне паглынальнага максімуму ў доўгахвалевую вобласць (батахромны эфект) выклікае паглыбленне колеру, напр., ад жоўтага да чырвонага ці ад сіняга да зялёнага. Паглыбленню колеру спрыяе таксама падаўжэнне ланцуга спалучэння, увядзенне аўксахромных груп і іх іанізацыя, змяненне валентных вуглоў у выніку прасторавых перашкод, утварэнне ўнутрыкомплексных злучэнняў з металамі за кошт непадзеленых пар электронаў. Павышэнне колеру (гіпсахромны эфект) звязана з парушэннямі плоскасці малекулы ў выніку прасторавых перашкод, іанізацыяй малекулы са знікненнем электрадонарных уласцівасцей, напр., батахромны эфект групы NH2 змяншаецца ў выніку ўтварэння групы NH3. К.т. мае важнае значэнне ў распрацоўцы новых фарбавальнікаў.

Літ.:

Степанов Б.И. Введение в химию и технологию органических красителей. М., 1971.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 8, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́НЗА (ням. Linse ад лац. lens сачавіца),

празрыстае для светлавых прамянёў цела, якое абмежавана дзвюма пераламляльнымі паверхнямі (крывалінейнымі або крывалінейнай і плоскай) і мае вось або плоскасць сіметрыі. Найб. пашыраны Л. са сферычнымі паверхнямі. Яны прызначаны для пераўтварэння формы светлавога пучка і з’яўляюцца асн. элементам аптычных сістэм (напр., Аб’ектыў, Акуляр).

Адрозніваюць збіральныя і рассейвальныя Л. Збіральная пераўтварае пучок паралельных прамянёў у пучок, які сыходзіцца ў адным пункце F′ (гал. фокусе Л.). Такая Л. ўтварае сапраўдны відарыс аб’екта, калі ён знаходзіцца перад фокусам Л., і ўяўны — калі аб’ект размешчаны паміж фокусамі і Л. (гл. Лупа). Рассейвальная Л. пераўтварае пучок паралельных прамянёў у пучок, што разыходзіцца, і заўсёды ўтварае ўяўны відарыс аб’екта. Асн. характарыстыкі Л. — фокусная адлегласць і аптычная сіла, якія характарызуюць яе пераламляльную здольнасць. Калі таўшчыня Л. значна меншая за радыусы крывізны пераламляльных паверхняў, яна наз. тонкай. Аптычная сіла Д і фокусная адлегласць 𝑓​1 тонкай Л. вызначаюцца формулай Д = ​1/𝑓​1 = (n−1) (​1/r1−​1/r2), дзе n — паказчык пераламлення матэрыялу Л., r1 і r2 — радыусы крывізны яе паверхняў; для выпуклай адносна аб’екта паверхні r>0, для ўвагнутай r<0. Адлегласці ад аптычнага цэнтра Л. да аб’екта (x) і яго відарыса (x′) звязаны паміж сабой формулай Л.: 1/x1 − 1/x = 1/ƒ′ (адлегласці ад Л. ўздоўж ходу светлавога праменя лічацца дадатнымі, супраць ходу — адмоўнымі). Гл. таксама Аберацыі аптычных сістэм, Відарыс аптычны, Павелічэнне аптычнае.

А.​І.​Болсун.

т. 9, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РНСКІЯ БІ́ТВЫ ў першую сусветную вайну,

1) буйная сустрэчная бітва паміж саюзнымі англа-франц. і герм. войскамі каля р. Марна 5—12.9.1914. Англа-франц. войскі (усяго 64 дывізіі, 3000 гармат, каманд. ген. Ж.​Жофр) сіламі 6-й франц. арміі атакавалі фланг 1-й герм. арміі, потым увялі ў бой астатнія сілы і прыпынілі наступленне герм. часцей (49 дывізій, 3364 гарматы, каманд. ген. Х.​Мольтке Малодшы) на Парыж і прымусілі іх адступіць за р. Эна. Перамога англа-франц. войск паклала пач. пералому ў кампаніі 1914 на Зах. фронце і прывяла да правалу герм. стратэг. плана «бліцкрыгу» («маланкавай вайны») па хуткім разгроме праціўніка на Зах. фронце. Перамозе саюзнікаў садзейнічала адцягненне герм. камандаваннем 2 карпусоў і кав. дывізіі з Зах. фронту на рас.-герм. фронт для адбіцця наступлення рас. войск ва Усх. Прусіі (гл. Усходне-Пруская аперацыя 1914).

2) Бітва паміж франц. і герм. войскамі ў сектары р. Марна 15.7—4.8.1918. Пасля спынення 15—17 ліп. франц. войскамі (36 дывізій, 3080 гармат, каманд. ген. Ф.​Фош) герм. сіл (48 дывізій, 6353 гарматы, камандуючыя фельдмаршал П. фон Гіндэнбург і ген. Э.Людэндорф), якія наступалі на Парыж, 18 ліп. франц. войскі пры падтрымцы танкаў перайшлі ў контрнаступленне і адкінулі герм. арміі да Эны. Страты герм. войск склалі 120 тыс., саюзнікаў — 60 тыс. чал. У выніку бітвы сарваны герм. план схіліць Антанту да выгаднага для Германіі міру, знікла пагроза акупацыі Парыжа, стратэг. ініцыятыва канчаткова перайшла да саюзнікаў.

т. 10, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНЫЯ РАЗЛІ́КІ,

разлікі паміж дзяржавамі, арг-цыямі, фірмамі і грамадзянамі, якія знаходзяцца на тэр. розных краін. Выкліканы развіццём міжнар. сувязей і разлікаў па знешнім гандлі, крэдытах і інвестыцыях, трансп. паслугах, турызме, а таксама па ўтрыманні дыпламат. прадстаўніцтваў за мяжой, камандзіроўках, паездках розных дэлегацый і г.д. Бываюць двухбаковыя (ажыццяўляюцца паміж дзвюма краінамі) і шматбаковыя (сродкі ад рэалізацыі тавараў і паслуг выкарыстоўваюцца на плацяжы трэцім краінам). У гэтай сувязі буйнейшыя банкі розных краін падтрымліваюць узаемныя карэспандэнцкія сувязі, адкрываюць адзін аднаму бягучыя рахункі, захоўваюць на іх грашовыя сродкі ў адпаведнай замежнай валюце і выконваюць на аснове ўзаемнасці плацежныя і інш. даручэнні, што дазваляе частку плацяжоў рабіць у форме безнаяўных разлікаў. У практыцы М.р. паняцце наяўных разлікаў больш шырокае і часцей выкарыстоўваецца ва ўнутр. тавараабароце, чым у міжбанкаўскіх разліках. У сферы М.р. часта ўзнікаюць праблемы ўстанаўлення і рэгулявання суадносін абмену нац. грашовай адзінкі з замежнай і незбалансаванасці разлікаў з замежнымі краінамі. Увесь комплекс адносін, што ўзнікаюць у працэсе М.р., выяўляецца ў плацежных балансах краін, а іх незбалансаванасць патрабуе механізма выраўноўвання. На эфектыўнасць М.р. істотна ўплывае кан’юнктура на знешнім і ўнутр. рынках, ступень развіцця міжнар. гасп. сувязей і нац. эканомікі, абарачальнасць валют, узровень валютнага курса і інш. фактары. Стабільная сістэма М.р. станоўча ўплывае на эканоміку краіны і міжнар. эканам. адносіны. Парушэнне сістэмы М.р. (напр., у перыяд крызісаў, эканам. і паліт. ускладненняў) стрымлівае развіццё знешняга гандлю, адмоўна адбіваецца на развіцці нац. эканомікі.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 10, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАНЕ́ТЫ (ад грэч. planētēs блукаючы),

вялікія нябесныя целы, якія абарачаюцца вакол Сонца (ці інш. зоркі), свецяцца іх адбітым святлом і маюць масы недастаткова вял. для таго, каб стаць зоркай. Паміж П. і Сонцам існуе ўзаемнае прыцягненне (гл. Сусветнага прыцягнення закону рух П. вакол Сонца прыблізна апісваецца Кеплера законамі.

Паводле сучасных даных у Сонечнай сістэме 9 вял. П. Паводле фіз, характарыстык адрозніваюць П. зямной групы (Меркурый, Венера, Зямля, Марс), П.-гіганты (Юпітэр, Сатурн, Уран, Нептун) і Плутон, які з 1999 лічыцца вял. П. і астэроідам адначасова. П. зямной групы маюць адносна невял. памеры, значную сярэднюю шчыльнасць, цвёрдыя паверхні, больш ці менш разрэджаныя атмасферы (акрамя Венеры); вярчэнне вакол восі павольнае; знаходзяцца на адносна невял. адлегласцях ад Сонца, таму атрымліваюць ад яго значную колькасць цеплаты. П.-гіганты характарызуюцца значна большымі масамі і памерамі, малой сярэдняй шчыльнасцю (газападобныя, з невял. цвёрдым ядром), хуткім вярчэннем вакол восі, значнай колькасцю спадарожнікаў. У межах Сонечнай сістэмы знаходзіцца вял. колькасць малых планет, ці астэроідаў (асн. частка ў поясе астэроідаў паміж арбітамі Марса і Юпітэра, другая — за арбітай Нептуна, у поясе Койпера). Непасрэдна не выяўлены П., якія б абарачаліся вакол інш. зорак (акрамя Сонца), але атрыманы даныя, якія ўскосна сведчаць пра наяўнасць П. у больш чым 20 зорак. Гл. таксама Касмагонія.

Літ.:

Уипл Ф.Л. Семья Солнца: Пер. с англ. М., 1984, Маров М.Я. Планеты Солнечной системы. 2 изд. М., 1986;

Хаббард У.Б. Внутреннее строение планет: Пер. с англ. М., 1987.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 12, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАСТО́РА І ЧАС у філасофіі,

філасофскія катэгорыі, якія абазначаюць формы быцця рэчаў і з’яў. Прасторавыя адносіны ахопліваюць парадак падзей, што існуюць адначасова, а таксама памеры матэрыяльных аб’ектаў. Часавыя адносіны адлюстроўваюць парадак падзей, якія ідуць адна за адной, іх працягласць у часе. П. і ч. уласцівы ўсім прадметам і з’явам рэчаіснасці. Кожны прыродны ці гіст. працэс можа адбывацца толькі ў П. і ч. Узаемасувязь П. і ч., іх адзінства выяўляюцца ў руху і развіцці матэрыі, абумоўлены залежнасцю ад структурных адносін і працэсаў развіцця ў матэрыяльных сістэмах, адзінствам перапыннага і неперапыннага ў структурнай пабудове сістэм, колькаснай і якаснай бясконцасцю. Кожны элемент адзінства П. і ч. мае свае асаблівыя рысы. Прастора характарызуецца працягласцю, звязанасцю і неперапыннасцю, трохмернасцю, метрычнымі ўласцівасцямі, сіметрыяй і асіметрыяй, канкрэтнай формай і памерамі, месцазнаходжаннем, прасторавым размеркаваннем рэчыва і поля, адлегласці паміж целамі і рознымі сістэмамі. Да спецыфічных рысаў часу належаць: працягласць, якая выражае паслядоўнасць станаў і змен цел; канечнасць і перапыннасць існавання прадметаў і з’яў, асіметрычнасць, неабарачальнасць і накіраванасць ад мінулага да будучага, а таксама часавыя адносіны паміж рознымі цыкламі ў структуры сістэм, адначасовасць, рытм, тэмп, хуткасць развіцця працэсаў. Матэрыяліст. філасофія прызнае аб’ектыўнасць, усеагульнасць і універсальнасць П. і ч. Прадстаўнікі інш. філас. кірункаў ставяць П. і ч. у залежнасць ад індывід. свядомасці (Дж.​Берклі, Д.​Юм), ад надсусветнага розуму ці абсалютнай ідэі (Г.​Гегель, А.​Бергсон) або лічаць іх апрыёрнымі формамі пачуццёвага сузірання (І.​Кант).

В.​І.​Боўш.

т. 13, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗВІЦЦЁ САЦЫЯ́ЛЬНАЕ працэс развіцця сацыяльнай сферы грамадскага жыцця або асобных яе кампанентаў — сац. адносін, сац. ін-таў, розных сац. сістэм і структур. Адлюстроўвае ўстойлівыя сувязі паміж рознымі сац. супольнасцямі, сферамі грамадскіх адносін і пэўную накіраванасць заканамернасцей і дынамікі іх развіцця. Адбываецца эвалюцыйным і рэв. шляхамі. Эвалюцыйныя працэсы разумеюцца як паступовыя, плаўныя, колькасныя пераўтварэнні сац. аб’ектаў; рэвалюцыйныя — адносна хуткія, карэнныя, якасныя змяненні, у выніку якіх адбываецца пераход ад аднаго якаснага стану сац. аб’екта да другога. Сац. эвалюцыянізм — навук. спроба асэнсавання гіст. працэсу як часткі агульнага, разнастайнага і актыўнага працэсу эвалюцыі. Яго заснавальнік англ. сацыёлаг Г.Спенсер распрацаваў спец. схему эвалюцыйнага працэсу Р.с., цэнтр. месца ў якім займае ідэя гіст. стадый развіцця чалавечага грамадства — ад простага да дыферэнцыраванага, ад традыцыйнага да рацыянальнага, ад неасветнага да асветнага і г.д. К.​Маркс і Ф.​Энгельс лічылі асн. рухавіком Р.с. рэвалюцыю сацыяльную, эканам. асновай якой з’яўляецца канфлікт паміж ростам прадукц. сіл грамадства і ўстарэлай сістэмай вытв. адносін. Працэсы Р.с. бываюць экстэнсіўныя і інтэнсіўныя. У экстэнсіўных працэсах Р.с. ўдзельнічаюць шырокія масы насельніцтва, істотна пашыраецца сфера грамадскіх сувязей, павялічваюцца аб’ёмы адносін за дастаткова істотны прамежак часу. Пры інтэнсіўным Р.с. значна памяншаецца часавы прамежак, усе працэсы адбываюцца больш дынамічна.

Літ.:

Социальное развитие: теория и практика. М., 1982;

Социальное развитие как предмет философско-социологического анализа. Томск, 1983;

Москвичев Л.Н. Социальные изменения и социальная стабильность // Социология. Основы общей теории. М., 1996;

Штомпка П. Социология социальных изменений: Пер. с англ. М., 1996.

І.​В.​Катляроў.

т. 13, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)