СА́ВІНКАЎ (Барыс Віктаравіч) (7.19.1879, г. Харкаў, Украіна —7.5.1925),
расійскі паліт. дзеяч, літаратар. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це (выключаны за ўдзел у студэнцкіх выступленнях). З 1898 у с.-д. групе «Рабочы сцяг». У 1901 сасланы ў Волагду, адкуль уцёк за мяжу. У 1903 уступіў у партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў), нам. кіраўніка іх баявой арганізацыі. Удзельнічаў у забойствах міністра ўнутр. спраў В.К.Плеве (1904) і вял. князя Сяргея Аляксандравіча (1905). У 1906 арыштаваны і прыгавораны да смяротнага пакарання, але ўцёк за мяжу. Пад псеўданімам В.Ропшын выпусціў аповесць «Конь бледны» (1909) і раман «Тое, чаго не было» (1914), у якіх узняў маральна-этычныя праблемы, звязаныя з тэрорам. З крас. 1917 у Расіі, камісар Часовага ўрада. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 удзельнічаў у падрыхтоўцы контррэв. змоў. Разам з С.Н.Булак-Балаховічам у пач. 1920-х г. арганізаваў рэйды ваен. атрадаў у Сав. Беларусь з тэр. Польшчы. Свае ўражанні пра Беларусь адлюстраваў у аповесці «Конь вараны» (1923). У жн. 1924 нелегальна перабраўся ў СССР. Арыштаваны ў Мінску. Прыгавораны да пакарання смерцю, замененага 10 гадамі турэмнага зняволення. У пісьмах з турмы заклікаў сваіх паплечнікаў адмовіцца ад барацьбы супраць сав. улады. Паводле афіц. версіі, скончыў самагубствам.
Тв.:
Воспоминания террориста;
Конь бледный;
Конь вороной. М., 1990.
Літ.:
История терроризма в России в документах, биографиях, исследованиях. 2 изд. Ростов н/Д, 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРАДА́ (Янка) (Іван Мікітавіч; 13.5.1879, в. Задзвея Баранавіцкага р-на Мінскай вобл. — пасля 19.11.1943),
дзеяч бел.нац. руху. Скончыў Варшаўскі ветэрынарны ін-т (1903). У 1905—06 у арміі, знаходзіўся на Маньчжурскім фронце. У 1907—11 працаваў ветэрынарам у Мінскай губ., адначасова выкладаў у Мар’інагорскім с.-г. вучылішчы. Быў чл.Бел.сацыяліст. грамады, з 1914 публікаваўся на с.-г. тэмы ў час. «Саха». У 1-ю сусв. вайну на фронце, вайск. ветэрынар. З 1917 уключыўся ў бел.нац.-вызв. рух. Старшыня прэзідыума Усебеларускага з’езда 1917, Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (1918). У 1918 чл.ЦКБеларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў, у 1919—20 уваходзіў у Часовы Бел.нац.к-т, прэзідыум Найвышэйшай рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У 1921—25 навук. супрацоўнік, заг. б-кі Інбелкульта, выкладчык Мінскага бел.пед. тэхнікума, у Наркамаце земляробства БССР. Арганізатар і дырэктар Мінскага ветэрынарна-заатэхн. тэхнікума (1923—24). У 1925—29 дацэнт Бел.с.-г. акадэміі ў Горы-Горках, адначасова ў 1927 навук. супрацоўнік Бел.НДІ сельскай і лясной гаспадаркі. З пач. 1930 жыў у Мінску. Аўтар прац па пытаннях ветэрынарыі і сельскай гаспадаркі. 4.7.1930 арыштаваны па справе т.зв. «Саюза вызвалення Беларусі», 10.4.1931 сасланы на 5 гадоў у Яраслаўль. 27.12.1941 паўторна асуджаны на 10 гадоў зняволення. Датэрмінова вызвалены 19.11.1943 з Краслага (Краснаярскі край). Далейшы лёс невядомы. Рэабілітаваны ў 1988 і 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЧ,
від ударнай, сякучай або сякуча-колючай зброі блізкага бою ў старажытнасці і сярэднявеччы ў пяхоце і кавалерыі. Складаецца з клінка (звычайна прамога і двухбаковавострага) і дзяржання (з навершам), адасобленага ад клінка крыжавінай.
Папярэднікі М. — клінкі на касцяной аснове, у якую ўстаўляліся крамянёвыя ўкладышы (вядомы па знаходках эпохі неаліту ў раёне воз. Байкал). Бронзавы М. з’явіўся ў сярэдзіне 2-га тыс. да н.э. ў краінах Б.Усходу, пазней пашыраны ў Егіпце, Закаўказзі і Зах. Еўропе; жалезны — у пач. 1-га тыс. да н.э. У Еўропе М. спачатку выкарыстоўвалі ў Стараж. Грэцыі ў 16—12 ст. да н.э. (кароткія колючыя і выгнутыя, цяжкія сякучыя). Стараж. рымляне ўзбройвалі кароткімі М. (гладыусамі) пяхоту, доўгімі (спатамі) — конніцу. Найб. тыповымі ўзорамі еўрап. М. былі: гальштацкі, латэнскі, саўрамата-сармацкі, франка-аламанскі, каралінгскі, раманскі. З 13 ст. побач з адназахопнымі ўжываліся паўтарачныя, пазней двухзахопныя дзяржанні. Найб. ранняя прыкмета выкарыстання М. на тэр. Беларусі — касцяная імітацыя крыжавіны гэтай зброі з гарадзішча Пруднікі (9 ст.). У Полацку, Гродне, Навагрудку, Друцку і інш. знойдзены цэлыя або фрагменты М. каралінгскага ўзору, у Друцку, Мінску, Ваўкавыску — раманскага ўзору, каля Старых Дарог і ў Мінску — гатычнага ўзору (знаходкі датуюцца 10—14 ст.). Клеймы на клінках М. 10 ст. сведчаць, што яны маюць зах.-еўрап. паходжанне (полацкі) і, верагодна, паўночнага (гродзенскі). Але даныя даследаванняў па гісторыі металургіі і металаапрацоўкі паказваюць, што на Беларусі ўжо ў той час існавалі сыравіна і тэхнал. магчымасці для вытв-сці ўласных клінкоў. Пісьмовыя крыніцы згадваюць палоннага беларуса Ілью, якога прымусілі працаваць у канцы 14 — пач. 15 ст. ў зброевых майстэрнях тэўтонскіх рыцараў. Мечнікі сустракаюцца ў пераліку цэхавых спецыяльнасцей Беларусі ў 16 ст. і больш познія часы. У 16 ст. ў сувязі з выкарыстаннем агнястрэльнай зброі М. выйшаў з ужытку ў пяхоце, а ў кавалерыі заменены на палаш, шаблю або шпагу. Як асн. від клінковай зброі М. выкарыстоўваўся ў Польшчы і ВКЛ да 2-й пал. 16 ст. і быў заменены шабляй. Пазней М. захаваўся як цырыманіяльная зброя.
Літ.:
Бехайм В. Энциклопедия оружия: Пер. с нем. СПб., 1995;
Макушнікаў А. Зброя нашчадкаў радзімічаў // Спадчына. 1991. № 2;
Ласкавый Г.В. К истории оружия Белорусского Подвинья в VI—XIII вв. // Полоцкий летописец. 1993. № 1(2);
Краўцэвіч А. Комплекс зброі і рыштунку XIII ст. з-пад Гродна // 3 глыбі вякоў Наш край. Мн., 1992;
Левко О.Н. Средневековая Орша и ее округа. Орша, 1993.
Г.В.Ласкавы.
Да арт.Меч: 1 — драўляная паліца з зубамі акулы і 2 — крамянёвы нож (папярэднікі мяча); 3 — бронзавы меч сярэдзіны 2 ст. да н.э.; 4 — скіфскі меч акінак; 5 — рымскі меч гладыус; 6 — доўгі рымскі меч спата; 7 — двухлязовы жалезны меч са Скандынавіі; 8 — найстаражытнейшы тып еўрапейскіх жалезных мячоў (гальштацкая культура); 9 — меч латэнскай культуры (5—1 ст. да н.э.); 10 — рускі меч 12—13 ст.; 11 — двухлязовы меч з Эфіопіі; 12 — паўднёванямецкі паўтараручны меч 16 ст.; 13 — шатландскі двухручны меч сярэдзіны 16 ст.; 14 — полацкі меч 10 ст. (Полацкі краязнаўчы музей).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПА́ЛЫ Я́НКІ ЛІТАРАТУ́РНЫ МУЗЕ́ЙЗасн. ў 1944 у Мінску, адкрыты 20.9.1945. Размяшчаўся ў будынку б. Дома прафсаюзаў (пл. Свабоды, 23), з 1950 — у б. доме Саюза пісьменнікаў Беларусі (вул. Энгельса, 21), з 1959 у спец. будынку, пабудаваным на месцы дома, дзе ў 1927—41 жыла сям’я Я.Купалы (вул. Я.Купалы, 4). Стваральнік і першы дырэктар музея — жонка Я.Купалы У.Ф.Луцэвіч. Пл. экспазіцыі 492 м². Захоўвае прадметы духоўнай і матэрыяльнай культуры (каля 35,2 тыс. адзінак, у т. л. 27,3 тыс. асноўнага фонду), звязаныя з жыццём і грамадскай дзейнасцю Я.Купалы. Кніжны фонд налічвае 6500 экз., у т. л. ўсе прыжыццёвыя выданні кніг Я.Купалы, 1111 кніг з Віленскай бібліятэкі-чытальні Даніловіча «Веды», дзе Я.Купала працаваў бібліятэкарам; перыяд. выданні 1905—42: газеты «Наша ніва» (1906—15), «Северо-Западный край» з першай публікацыяй верша «Мужык», «Наша доля», «Звон», «Рунь», «Беларусь», «Беларускае жыццё», «Голас Беларуса», «Наша думка», «Беларуская думка», асобныя нумары час. «Лучынка», «Саха», «Вольны шлях», «Маладняк», «Зоркі», «Малады араты», «Чырвоны сейбіт», «Беларускі каляндар» (1909—17) і інш., газеты і лістоўкі перыяду Вял.Айч. вайны і перыёдыка пасляваен. часу з творамі Я.Купалы; публікацыі пра яго на бел., рус., укр., груз., арм., літ., лат., славенскай, эст., балг., польск., чэш., англ., ням., франц., ісп., кіт. і інш. мовах свету, у т. л. кніга аднаго верша «А хто там ідзе?» на 83 мовах. Фонд рукапісаў Я.Купалы (больш за 1240 адзінак) захоўвае рукапісы твораў, аўтарызаваныя машынапісныя лісты, кнігі паэта з дарчымі надпісамі. У фотаархіве музея (3594 адзінкі) фотаздымкі Я.Купалы 1888—1942, яго родных, групавыя здымкі з пісьменнікамі, дзярж. і грамадскімі дзеячамі, сябрамі, знаёмымі і інш., а таксама фотаздымкі святаў паэзіі ў Мінску, Вязынцы, Ляўках, Акопах, вечароў у гонар паэта, купалаўскага фотапленэру, рэсп. і міжнар. Купалаўскіх чытанняў і інш.У кінафонавідэаархіве музея (каля 230 адзінак) фоназапісы выступленняў Я.Купалы, успамінаў пра паэта яго родных і блізкіх, бел., рас. і інш. пісьменнікаў, дзеячаў мастацтва і інш. Асобны раздзел фанатэкі складае муз.-літ. Купаліяна: песні і рамансы на словы паэта, драм. творы Я.Купалы ў выкананні артыстаў тэатраў, радыё і тэлебачання. Зберагаюцца дакумент. кадры кінахронікі пра жыццё і творчасць, пахаванне Я.Купалы ў 1942 у Маскве, перапахаванне ў 1962 у Мінску, кадры кіначасопісаў «Савецкая Беларусь», прысвечаных юбілеям Я.Купалы, кінафільмы «Янка Купала. Жыццё і творчасць», «Паўлінка», «Раскіданае гняздо» і інш., дыяфільмы «Янка Купала» (1955, 1982). З 1991 фарміруецца калекцыя відэастужак: фільм «Ніколі я не паміраў», запісы вечароў і тэлеперадач, прысвечаных Я.Купалу, спектакляў «Тутэйшыя», «Паўлінка» і інш. У фондзе выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (больш за 2000 адзінак, у т. л. больш за 1000 адзінак маст. Купаліяны) прыжыццёвыя партрэты паэта работы Дз.Полазава (1921), Я.Кругера (1923), працы, прысвечаныя Я.Купалу або сюжэтам з яго твораў, жывапісцаў С.Андруховіча, Г.Бржазоўскага, М.Гусева, А.Кроля, Х.Ліўшыца, З.Паўлоўскага, М.Савіцкага, П.Сергіевіча, У.Стальмашонка, І.Стасевіча, В.Цвіркі, Я.Ціхановіча, А.Шаўчэнкі і інш.; графікаў Э.Агуновіча, М. і У. Басалыгаў, А.Кашкурэвіча, Я.Куліка, М.Купавы, Я.Раманоўскага, В.Шаранговіча; скульптараў З.Азгура, А.Анікейчыка, А.Бембеля, А.Глебава, У.Летуна, М.Палякова і інш., работы самадз. майстроў. Зберагаюцца асабістыя рэчы, дакументы, узнагароды Я.Купалы, вырабы дэкар.-прыкладнога мастацтва (вазы, дэкар. талеркі, шкатулкі) з партрэтамі паэта і выявай помнікаў яму. У экспазіцыі макеты хаты ў Вязынцы, дзе нарадзіўся Я.Купала, дачы ў Ляўках, эскізы і макеты да драмы «Раскіданае гняздо», трагікамедыі «Тутэйшыя», камедыі «Паўлінка», оперы Р.Пукста «Машэка», п’есы У.Караткевіча «Калыска чатырох чараўніц» (пра юнацтва паэта), значкі і медалі, паштоўкі з выявамі Я.Купалы, купалаўскіх мясцін. Асобны фонд музея складае архіў У. Ф.Луцэвіч (3078 адзінак): дакументы, рукапісы, эпісталярная спадчына, фотаздымкі, яе асабістыя рэчы. Фонд ушанавання памяці Я.Купалы (1100 адзінак) захоўвае ўспаміны, артыкулы і вершы, прысвечаныя Я.Купалу. Супрацоўнікі музея праводзяць святы паэзіі, выстаўкі, дні музея ў вёсках, навук.рэсп. (з 1995 міжнар.) канферэнцыі «Купалаўскія чытанні». Па ініцыятыве музея створаны Міжнар. фонд Я.Купалы, які аб’ядноўвае даследчыкаў спадчыны паэта з Беларусі, Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы, Польшчы, Чэхіі, Англіі, ЗША. Музей падрыхтаваў і выдаў зб-кі матэрыялаў пра жыццё і дзейнасць паэта, матэрыялы міжнар. Купалаўскіх чытанняў, бібліяграфіі твораў Я.Купалы, успаміны, буклеты пра яго. Музей мае 4 філіялы: Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Акопы», Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Вязынка», Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Ляўкі», Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Яхімоўшчына». На матэрыялах фондаў музея створаны Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка», Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Ляўкі», музей-кватэра Я.Купалы ў Пячышчах (Татарстан, 1975), гісторыка-літ. музей «Над ракой Арэсай» у калгасе «Чырвоная змена» Любанскага р-на (1980), музеі ў школах імя Я.Купалы ў в. Сеніца Мінскага р-на (1982) і в. Бяларучы Лагойскага р-на (1998).
Літ.:
Літаратурны музей Янкі Купалы. Мн., 1981;
Святло Купалава Дому. Мн., 1998.
Ж.К.Дапкюнас.
Купалы Янкі літаратурны музей.Купалы Янкі літаратурны музей. Рабочы кабінет паэта.Купалы Янкі літаратурны музей. Фрагмент экспазіцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́ВА АТМАСФЕ́РЫ, ахова атмасфернага паветра,
комплекс міжнар., дзярж., рэгіянальных гасп.-адм. і грамадскіх мерапрыемстваў па захаванні і ўзнаўленні аптымальных уласцівасцяў атмасферы, прадухіленні яе забруджвання і рацыянальным выкарыстанні; састаўная частка аховы прыроды. Уключае: сан. ахову паветра, ахову і ўзнаўленне біял. рэсурсаў, удасканальванне вытв. працэсаў і трансп. сродкаў, выкарыстанне газа- і пылаўлоўных прыстасаванняў, распрацоўку безадходных тэхналогій, стымуляванне выканання ахоўных мерапрыемстваў, рацыянальную планіроўку і забудову, азеляненне нас. месцаў, кантроль за станам і рацыянальным выкарыстаннем паветр. басейна, эколага-выхаваўчую работу, экалаг. падрыхтоўку кадраў і інш.
На Беларусі ахова атмасферы рэгулюецца Законамі аб ахове атм. паветра, аб ахове прыроды, шэрагам урадавых пастаноў і ўказаў, якія прадугледжваюць мінімізацыю прамысл., трансп. і камунальна-быт. выкідаў у паветра, устанаўліваюць нормы гранічна дапушчальных канцэнтрацый дамешкаў і гранічна дапушчальных выкідаў у атмасферу. Дзейнічаюць стацыянарныя пасты назірання за ўзроўнем забруджвання атм. паветра ва ўсіх абласных і многіх прамысл. цэнтрах (Мазыр, Наваполацк, Орша і інш.), ствараецца аўтаматыз. сістэма назірання і кантролю за станам навакольнага асяроддзя (гл.Паветра). За парушэнне правілаў аховы атмасферы ўстаноўлена адм., крымінальная і дысцыплінарная адказнасць. Беларусь удзельнічае ў міжнар. сістэме маніторынгу па кантролі за станам атмасферы: на яе тэр. размешчаны аўтаматыз. станцыя фонавага маніторынгу і пункт назірання за трансгранічным пераносам. Мерапрыемствы па ахове атмасферы кантралююць Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Галоўгідрамет і інш.дзярж. ўстановы з залучэннем грамадскасці (гл.Беларускае таварыства аховы прыроды і інш.).
Да арт.Ахова атмасферы. Пункт кантролю за станам атмасферы ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕКСАНДРО́ВІЧ (Андрэй Іванавіч) (22.1.1906, Мінск — 6.1.1963),
бел.паэт.Чл.-кар.АН Беларусі (1936). Скончыў БДУ (1930). Адзін з арганізатараў літ. аб’яднання «Маладняк». У 1934—37 нам. старшыні праўлення СП Беларусі. У 1931—37 чл.ЦВКБССР, у 1936—37 канд. у чл.ЦККП(б)Б. У 1938 рэпрэсіраваны; тэрмін адбываў на Поўначы. У 1947—49 у Мінску. У 1949—55 у ссылцы ў Краснаярскім краі. Рэабілітаваны ў 1955. Друкаваўся з 1921. Аўтар зб-каў вершаў «Камсамольская нота» (з А.Вольным, 1924), «Па беларускім бруку» (1925), «Угрунь» (1927), «Гудкі» (1930), «Узброеныя песні» (1936) і інш. У паэме «Цені на сонцы» (1930) «выкрыў», а фактычна зняславіў вядомых бел. літаратараў і вучоных. У дакладзе на III пленуме праўлення СП СССР (1936) называў В.Дуніна-Марцінкевіча «паэтам прыгонніцтва», Ф.Багушэвіча — «вяшчальнікам народжанай нацыянальнай буржуазіі», М.Багдановіча — «буржуазна-нацыяналістычным» паэтам, а яго мову «кніжнай, халоднай», Я.Купалу і Я.Коласа — ідэолагамі «так званага «адраджэння» — руху беларускай буржуазіі», газ. «Наша ніва» — «буржуазна-нацыяналістычнай», на старонках якой панаваў «заалагічны шавінізм». Граміў бел. мовазнаўцаў. У выдадзеным пад яго рэдакцыяй «Руска-беларускім слоўніку» (1937) парушаў лексічныя нормы бел. мовы, падганяючы іх пад рус. мову. Аўтар кн. для дзяцей «Шчаслівая дарога» (1935), «Казка пра пана Жываглота» (1935), «Падарунак дзеткам-малалеткам» (1936) і інш.Пер. на бел. мову паэму А.Пушкіна «Руслан і Людміла», творы рус., укр. і інш. паэтаў і празаікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРГІ́ЛІЙ, Публій Вергілій Марон (Publius Vergilius Maro; 15.10.70 да н. э., Андэс, каля г. Мантуя, Італія — 21.9.19 да н. э.),
рымскі паэт. Вывучаў рыторыку і філасофію ў Крэмоне, Мілане, Рыме. Пазней жыў у Неапалі. Паэт. славу яму прынёс зб. «Буколікі» («Пастухоўскія песні», 42—38 да н. э.) — 10 эклог (асобных вершаў), цесна звязаных з тагачаснай рэчаіснасцю, у якіх ідэалізуецца вясковае жыццё (гл.Букалічная паэзія). Прароцтва пра нараджэнне божага дзіцяці і пачатак залатога веку (4-я эклога) хрысціянскае сярэднявечча прызнала за прадбачанне нараджэння Хрыста, за што вельмі шанавала Вергілія. У дыдактычнай паэме «Георгікі» («Земляробскія вершы», кн. 1—4; 36—29 да н. э.) вёску разглядаў як апору дзяржавы. Гераічная паэма ў 12 кнігах «Энеіда» (29—19 да н. э.) стала нац. эпасам. Створаная з арыентацыяй на Гамера, яна распрацоўвала сюжэт пра міфічнага заснавальніка Рым. дзяржавы траянца Энея, усхваляла Рым і рым. народ. З ранняга Адраджэння творчасць Вергілія рабіла выключны ўплыў на еўрап. л-ры, у т. л. на лацінамоўную паэзію Беларусі — героіка-эпічныя творы Я.Вісліцкага («Пруская вайна», 1516), М.Гусоўскага («Песня пра зубра», 1523). Паэт і філосаф 17 ст. М.Сарбеўскі напісаў трактаты «Аб паэзіі дасканалай, або Вергілій і Гамер» (апубл. 1954). Да багатай традыцыі парадыйнай інтэрпрэтацыі сюжэтных матываў «Энеіды» далучылася і беларуская «Энеіда навыварат». У 1909 у Мінску выдадзены «Скандоўнік да «Энеіды» — дапаможнік для правільнага чытання лацінскіх вершаў.
Тв.:
Рус.пер. — Собр. соч. СПб., 1994.
Літ.:
Полонская К.П. Римские поэты эпохи принципата Августа. М., 1963. С. 13—46.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНЧА́РНЫ ГО́РАН,
печ для абпальвання ганчарных вырабаў, якая выкарыстоўваецца пры высокаразвітым ганчарстве. Абпальванне ажыццяўляецца гарачымі (700—900 °C) газамі, якія атрымліваюцца пры згаранні паліва. Працэс бывае акісляльны (найб. пашыраны) і ўзнаўляльны (пры недастатковым доступе кіслароду). У сучаснай вытв-сці выкарыстоўваюць горны верт. і гарыз. тыпаў (электрычныя, на мазутным або газавым паліве). Першыя ганчарныя горны вядомы з канца 4-га тыс. да н.э. ў краінах Стараж. Усходу. Былі адкрытага і закрытага тыпаў, 1-, 2-, 3-ярусныя. У Еўропе пашыраны з сярэдзіны 1-га тыс. да н.э., на ўсходнеслав. землях — з 12—13 ст. На Беларусі выяўлены горны ў Мінску (16 ст.), Оршы (17 ст.), Міры (18 ст.). Іх муравалі з цэглы, камянёў, гліны, пераважна 1- і 2-ярусныя, круглыя (грушападобныя) ці чатырохвугольныя ў плане, з адкрытым і купалападобным (скляпеністым) верхам. Ніжні (топачны) ярус заглыблялі ў зямлю, верхні па баках засыпалі грунтам і агароджвалі зрубам, часам умацоўвалі бярвеннем, жэрдкамі, метал. прутамі, дротам, каменнем і дзёрнам. Для агню рабілі яму, у якую выходзіла вусце топкі. Ярусы (камеры) падзяляліся гарыз. перакрыццем (скляпеннем) з адтулінамі (люхтамі) для праходу гарачых газаў. Звычайна ганчарныя горны былі разлічаны на адначасовую тэрмічную апрацоўку 300—350 (часам 800—1000) вырабаў, якая працягвалася 9—14 гадз.
В.М.Ляўко.
Беларускія ганчарныя горны (двух’ярусныя): 1 — круглы з адкрытым верхам; 2 — чатырохвугольны з закрытым верхам.Прамысловы ганчарны горан вертыкальнага тыпу: 1 — малая печ (топка); 2 — под; 3 — вялікая печ; 4 — загрузачная адтуліна; 5 — дымаходы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМЫ́КА (Міхайла) (Міхаіл Аляксандравіч; 12.11.1885, в. Чорнае Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. — 30.6.1969),
бел. пісьменнік і вучоны. Скончыў Маскоўскі ун-т (1911). Удзельнік рэв. падзей 1905—07. Настаўнічаў у Адэсе, з 1917 удзельнічаў у рабоце культ.-асв. арг-цыі бел. бежанцаў «Беларускі гай», з 1920 загадваў бел. школай-інтэрнатам. З 1921 у Мінску. Выкладаў геалогію і мінералогію ў Бел. педтэхнікуме і БДУ, працаваў у Інбелкульце і Акадэміі навук. Апрацаваў бел.навук. тэрміналогію ў галіне геаграфіі, геалогіі, грунтоў і хіміі (з М.Азбукіным). Удзельнічаў у пошуках нафты на Палессі. 13.7.1930 беспадстаўна арыштаваны і сасланы. Рэабілітаваны ў 1957. Апошнія гады жыў у г. Хімкі. Спачатку пісаў на рус., з 1914 — на бел. мове. Аўтар драмы «Змітрок з Высокай Буды» (1918) пра рэв. падзеі на Беларусі, п’ес «Скарынін сын з Полацка» (паст. 1926, рукапіс не знойдзены), гіст.-рэв. драмы «Каля тэрасы» (паст. 1927, выд. 1929), камедыі «Віно бушуе» (1929). У героіка-рамант. драме «Над Нёманам» (паст. 1927) адлюстраваў рэв. выступленні працоўных Зах. Беларусі. Аўтар эксперым. паэмы «Гвалт над формай» (1922), зб. вершаў «Плынь» і «Дзве паэмы» (абодва 1927). Аўтар успамінаў пра Я.Купалу, Я.Коласа, А.Грыневіча, пра свой удзел у рэв. падзеях («Нас натхняў подых рэвалюцыі», 1965, апубл. 1987), «Старонак сямейнай хронікі» (1962—69, не законч., апубл. 1987).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕВЯ́ТЫ УСЕБЕЛАРУ́СКІ З’ЕЗД САВЕТАЎрабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў.
Адбыўся 8—15.5.1929 у Мінску. Прысутнічала 559 дэлегатаў з рашаючым і 168 з дарадчым голасам. Парадак дня: справаздача ўрада БССР (М.М.Галадзед); пяцігадовы план развіцця нар. гаспадаркі і культуры БССР (М.М.Карклін, С.Б.Карп, П.М.Рачыцкі, А.В.Баліцкі); аб становішчы Чырв. Арміі (А.І.Ягораў); выбары ЦВКБССР; выбары ад БССР членаў Савета нацыянальнасцей ЦВКСССР. З’езд адзначыў дасягненні БССР у індустрыялізацыі і прамысл. буд-ве, павелічэнне ўдзельнай вагі прамысл. прадукцыі ўсёй гаспадаркі, павышэнне культ. ўзроўню насельніцтва, ухваліў захады па рацыяналізацыі і скарачэнні дзярж. апарату. Выконваючы ўказанні урада СССР, з’езд паставіў задачу сацыяліст. рэканструкцыі і калектывізацыісял. гаспадарак, вытв. іх кааперавання, узмацнення і пашырэння саўгасаў пры ўсямерным стымуляванні ўздыму бядняцка-серадняцкага сектара. З’езд адобрыў распрацаваны Дзяржпланам і зацверджаны Саўнаркомам БССР план развіцця нар. гаспадаркі і культ. будаўніцтва рэспублікі на 1928—32, адзначыў неабходнасць рашучага сацыяліст. наступу на капіталіст. элементы горада і вёскі. Пэўная ўвага была звернута на працяг палітыкі беларусізацыі больш хуткімі тэмпамі. Выбраў ЦВКБССР з 254 чл. і 88 кандыдатаў. У Савет Нацыянальнасцей ЦВКСССР ад рэспублікі было абрана 5 чл. і 2 кандыдаты. Старшынёй ЦВКБССР перавыбраны А.Р.Чарвякоў, старшынёй СНКБССР — Галадзед.
Літ.:
Дзевята Усебеларускі з’езд Саветаў рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў. Стэнагр. справаздача. Мн., 1929;
Пастановы IX Усебеларускага з’езду Саветаў і I сесіі ЦВКБССР IX склікання. Мн., 1929.