СА́ВІНКАЎ (Барыс Віктаравіч) (7.19.1879, г. Харкаў, Украіна —7.5.1925),
расійскі паліт. дзеяч, літаратар. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це (выключаны за ўдзел у студэнцкіх выступленнях). З 1898 у с.-д. групе «Рабочы сцяг». У 1901 сасланы ў Волагду, адкуль уцёк за мяжу. У 1903 уступіў у партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў), нам. кіраўніка іх баявой арганізацыі. Удзельнічаў у забойствах міністра ўнутр. спраў В.К.Плеве (1904) і вял. князя Сяргея Аляксандравіча (1905). У 1906 арыштаваны і прыгавораны да смяротнага пакарання, але ўцёк за мяжу. Пад псеўданімам В.Ропшын выпусціў аповесць «Конь бледны» (1909) і раман «Тое, чаго не было» (1914), у якіх узняў маральна-этычныя праблемы, звязаныя з тэрорам. З крас. 1917 у Расіі, камісар Часовага ўрада. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 удзельнічаў у падрыхтоўцы контррэв. змоў. Разам з С.Н.Булак-Балаховічам у пач. 1920-х г. арганізаваў рэйды ваен. атрадаў у Сав. Беларусь з тэр. Польшчы. Свае ўражанні пра Беларусь адлюстраваў у аповесці «Конь вараны» (1923). У жн. 1924 нелегальна перабраўся ў СССР. Арыштаваны ў Мінску. Прыгавораны да пакарання смерцю, замененага 10 гадамі турэмнага зняволення. У пісьмах з турмы заклікаў сваіх паплечнікаў адмовіцца ад барацьбы супраць сав. улады. Паводле афіц. версіі, скончыў самагубствам.
Тв.:
Воспоминания террориста;
Конь бледный;
Конь вороной. М., 1990.
Літ.:
История терроризма в России в документах, биографиях, исследованиях. 2 изд. Ростов н/Д, 1996.
У.Я.Казлякоў.
т. 14, с. 68
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)