МЕЧ,

від ударнай, сякучай або сякуча-колючай зброі блізкага бою ў старажытнасці і сярэднявеччы ў пяхоце і кавалерыі. Складаецца з клінка (звычайна прамога і двухбаковавострага) і дзяржання (з навершам), адасобленага ад клінка крыжавінай.

Папярэднікі М. — клінкі на касцяной аснове, у якую ўстаўляліся крамянёвыя ўкладышы (вядомы па знаходках эпохі неаліту ў раёне воз. Байкал). Бронзавы М. з’явіўся ў сярэдзіне 2-га тыс. да н.э. ў краінах Б.Усходу, пазней пашыраны ў Егіпце, Закаўказзі і Зах. Еўропе; жалезны — у пач. 1-га тыс. да н.э. У Еўропе М. спачатку выкарыстоўвалі ў Стараж. Грэцыі ў 16—12 ст. да н.э. (кароткія колючыя і выгнутыя, цяжкія сякучыя). Стараж рымляне ўзбройвалі кароткімі М. (гладыусамі) пяхоту, доўгімі (спатамі) — конніцу. Найб. тыповымі ўзорамі еўрап. М. былі: гальштацкі, латэнскі, саўрамата-сармацкі, франка-аламанскі, каралінгскі, раманскі. З 13 ст. побач з адназахопнымі ўжываліся паўтарачныя, пазней двухзахопныя дзяржанні. Найб. ранняя прыкмета выкарыстання М. на тэр. Беларусі — касцяная імітацыя крыжавіны гэтай зброі з гарадзішча Пруднікі (9 ст.). У Полацку, Гродне, Навагрудку, Друцку і інш. знойдзены цэлыя або фрагменты М. каралінгскага ўзору, у Друцку, Мінску, Ваўкавыску — раманскага ўзору, каля Старых Дарог і ў Мінску — гатычнага ўзору (знаходкі датуюцца 10—14 ст.). Клеймы на клінках М. 10 ст. сведчаць, што яны маюць зах.-еўрап. паходжанне (полацкі) і, верагодна, паўночнага (гродзенскі). Але даныя даследаванняў па гісторыі металургіі і металаапрацоўкі паказваюць, што на Беларусі ўжо ў той час існавалі сыравіна і тэхнал. магчымасці для вытв-сці ўласных клінкоў. Пісьмовыя крыніцы згадваюць палоннага беларуса Ілью, якога прымусілі працаваць у канцы 14 — пач. 15 ст. ў зброевых майстэрнях тэўтонскіх рыцараў. Мечнікі сустракаюцца ў пераліку цэхавых спецыяльнасцей Беларусі ў 16 ст. і больш познія часы. У 16 ст. ў сувязі з выкарыстаннем агнястрэльнай зброі М. выйшаў з ужытку ў пяхоце, а ў кавалерыі заменены на палаш, шаблю або шпагу. Як асн. від клінковай зброі М. выкарыстоўваўся ў Польшчы і ВКЛ да 2-й пал. 16 ст. і быў заменены шабляй. Пазней М. захаваўся як цырыманіяльная зброя.

Літ.:

Бехайм В. Энциклопедия оружия: Пер. с нем. СПб., 1995;

Макушнікаў А Зброя нашчадкаў радзімічаў // Спадчына. 1991. № 2;

Ласкавый Г.В. К истории оружия Белорусского Подвинья в VI—XIII вв. // Полоцкий летописец. 1993. № 1(2);

Краўцэвіч А. Комплекс зброі і рыштунку XIII ст. з-пад Гродна // 3 глыбі вякоў Наш край. Мн., 1992;

Левко О.Н. Средневековая Орша и ее округа. Орша, 1993.

Г.В.Ласкавы.

Да арт. Меч: 1 — драўляная паліца з зубамі акулы і 2 — крамянёвы нож (папярэднікі мяча); 3 — бронзавы меч сярэдзіны 2 ст. да н.э.; 4 — скіфскі меч акінак; 5 — рымскі меч гладыус; 6 — доўгі рымскі меч спата; 7 — двухлязовы жалезны меч са Скандынавіі; 8 — найстаражытнейшы тып еўрапейскіх жалезных мячоў (гальштацкая культура); 9 — меч латэнскай культуры (5—1 ст. да н.э.); 10 — рускі меч 12—13 ст.; 11 — двухлязовы меч з Эфіопіі; 12 — паўднёванямецкі паўтараручны меч 16 ст.; 13 — шатландскі двухручны меч сярэдзіны 16 ст.; 14 — полацкі меч 10 ст. (Полацкі краязнаўчы музей).

т. 10, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)