НА́РБУТ (Георгій Іванавіч) (26.2.1886, хутар Нарбутаўка Глухаўскага р-на Сумскай вобл., Украіна — 23.5.1920),
расійскі і ўкраінскі графік. Брат У.І.Нарбута. З 1906 жыў у Пецярбургу, з 1917 у Кіеве. Вучыўся ў Л.Бакста, І.Білібіна, К.Сомава. Рэктар Укр.АМ, начальнік аддзела выяўл. мастацтва Нар. камісарыята асветы Украіны (1919). Творчасць сфарміравалася пад уплывам аб’яднання «Свет мастацтва» (у 1910-я г. яго чл.). Працаваў пераважна ў галіне кніжнай графікі. Творы вызначаюцца лаканізмам выяўл. сродкаў, дакладнасцю контурнага малюнка, дэкаратыўнасцю: іл. да казак «Гаршэня» і «Снягурка» (1906), «Як мышы ката хавалі» (1910), кн. «Тры байкі Крылова» (1913) і інш. З сярэдзіны 1910-х г. звяртаўся да традыцый укр. барока і нар. творчасці, арнаментыкі і геральдыкі старадаўніх укр. гравюр: іл. да кн. Г.Лукомскага «Старадаўняя архітэктура Галіцыі» (1915), афармленне «Украінскай азбукі» (1917—18, не выдадзена), час. «Мистецтво», «Зори» і інш. Аўтар акварэляў «Эней» (1919) і інш. Рабіў сілуэтныя партрэты, карыкатуры, эмблемы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЦКЕ́ВІЧА АДА́МА ДОМ-МУЗЕ́Й,
літаратурна-мемарыяльны музей у г. Навагрудак Гродзенскай вобл. Адкрыты 11.9.1938 у будынку, пастаўленым на месцы дома, дзе жылі бацькі А.Міцкевіча. У Вял.Айч. вайну разбураны ням.-фаш. захопнікамі. Адноўлены ў 1955 да 100-годдзя з дня смерці Міцкевіча. У 1989 праведзена рэканструкцыя сядзібы, якой нададзены выгляд пач. 19 ст. Адноўлены свіронак, альтанка, студня, флігель, які злучаны падземным пераходам з гал. домам. У 1992 адкрыта новая экспазіцыя. У музеі 7 экспазіц. залаў, пл. экспазіцыі 337 м². Больш за 5000 экспанатаў (2000) асн. фонду знаёмяць з жыццёвым і творчым шляхам Міцкевіча, яго грамадскай і паліт. дзейнасцю. Сярод экспанатаў прыжыццёвыя і сучасныя выданні твораў паэта, яго кнігі ў перакладах на мовы народаў свету, асабістыя рэчы, рукапісы перакладаў твораў Міцкевіча бел. паэтамі, карціны мастакоў 19 — пач. 20 ст. Ю.Аляшкевіча, В.Ваньковіча, Р.Мясаедава, творы жывапісу, графікі і скульптуры сучасных бел. майстроў Л.Асецкага, К.Качана, П.Крахалёва, А.Шыбнёва, прысвечаныя паэту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОР ((More) Томас) (7.2.1478, Лондан — 7.7.1535),
англійскі гуманіст, пісьменнік і дзярж. дзеяч, адзін з заснавальнікаў утапічнага сацыялізму. Вучыўся ў Оксфардскім ун-це, юрыд. школах Лондана. У 1504 выбраны ў палату абшчын парламента, у 1529—32 лорд-канцлер каралеўства, падтрымліваў Контррэфармацыю. У гал.творы «Утопія» (1516) даў разгорнутую крытыку сац. ўкладу Англіі, паказаў ідэальную мадэль дзярж. і грамадскага ладу, які грунтуецца на грамадскай уласнасці, усеагульнай і абавязковай працы, справядлівым размеркаванні багацця, свабодным развіцці асобы; паліт. лад Утопіі заснаваны на прынцыпах выбарнасці і старшынства, сям’я прадстаўлена ячэйкай камуніст. быту і гасп. дзейнасці. Пабудову новага грамадства звязваў з развіццём свядомасці і маральным выхаваннем народа і валадароў, рэліг. верацярпімасцю. Абвінавачаны ў дзярж. здрадзе і пакараны смерцю; кананізаваны каталіцкай царквой (1935). Утапічныя ідэі М. станоўча паўплывалі на гуманістаў розных эпох (Марэлі, Ф.Бабёф, А.Сен-Сімон, Ш.Фур’е і інш).
Тв.:
Рус.пер. — Утопия. М., 1978.
Літ.:
Горфункель А.Х. Философия эпохи Возрождения. М., 1980;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́ЗІЛЬ ((Musil) Роберт) (6.11.1880, г. Клагенфурт, Аўстрыя — 15.4.1942),
аўстрыйскі пісьменнік. Вучыўся ў ваен. акадэміі ў Вене, скончыў вышэйшую тэхн. школу (1901), Берлінскі ун-т (1908). З 1938 у эміграцыі (Швейцарыя). Як пісьменнік фарміраваўся пад уплывам рамантызму, рус. рэалізму, імпрэсіянізму, ням. мадэрну, філасофіі Ніцшэ. Самы значны яго твор — філас.-сатыр. раман «Чалавек без уласцівасцей» (кн. 1—3, 1930—43) — вострая сатыра на Аўстра-Венгрыю напярэдадні 1-й сусв. вайны. Аўтар рамана «Душэўныя пакуты выхаванца Цёрлеса» (1906, экранізацыя 1965), зб-каў навел «Злучэнні» (1911), «Тры жанчыны» (1924), драмы «Летуценнікі» (1921), кн. эсэ і мініяцюр «Прыжыццёвая спадчына» (1936) і інш. Яго творы адметныя глыбокім псіхалагізмам і стылявой дасканаласцю.
Тв.:
Рус.пер. — Человек без свойств: Роман. Кн. 1—2. М., 1984;
Малая проза: Избр. произв.: В 2 т.Т. 1. М., 1999.
Літ.:
Адмони В.Г. «Человек без свойств» Р.Музиля // Адмони В.Г. Поэтика и действительность. Л., 1975;
Белобратов А.В. Роберт Музиль: Метод и роман. Л., 1990.
англійская пісьменніца. Скончыла Оксфардскі (1942) і Кембрыджскі (1948) ун-ты. У 1952—67 выкладала філасофію ў Оксфардскім ун-це і Каралеўскім каледжы мастацтваў у Лондане. Як пісьменніца фарміравалася пад уплывам філасофіі экзістэнцыялізму (кн. «Сартр — рамантычны рацыяналіст», 1953). Вядомасць прынёс першы раман «Пад сеткай» (1954). У раманах «Звон» (1958), «Адсечаная галава» (1961), «Дзікая ружа» (1962), «Чорны прынц» (1972), «Мора, мора» (1978), «Вучань філосафа» (1983) і інш.філас. і маральна-этычныя праблемы: свабоды і наканаванасці, жыцця і смерці, чалавека і яго веры. Звярталася і да гісторыка-паліт. тэматыкі (раман «Чырвонае і зялёнае», 1965). Аўтар філас.-эстэт. прац «Пра ўзвышанае і прыгожае» (1959), «Экзістэнцыялісты і містыкі: Нататкі пра раман новай утылітарнай эпохі» (1970), п’ес, інсцэніровак. Яе творы насычаны літ. рэмінісцэнцыямі, спалучаюць псіхалагізм, экспрэсіўнасць, драматызм падзей і характараў з «гатычнымі» элементамі, умоўнасцю, прытчавасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАСЛА́ННЕ ДА ЛАТЫ́Н З ІХ ЖА КНІГ»,
«Послание до латын из их же книг», ананімны палемічны твор. Напісаны на старабел. мове не пазней 1582 манахамі Супрасльскага манастыра ў адказ на кнігу П.Скаргі «Пра еднасць касцёла божага» (1577). Захаваўся ў некалькіх спісах, надрукаваны ў «Рускай гістарычнай бібліятэцы» (т. 19, 1903). Накіраваны супраць каталіцызму і яго прапаведнікаў. Выкарыстаўшы каталіцкія хронікі, творырым. гісторыка Марцэліна, лац. тэолагаў Грацыяна, Плаціна і інш., аўтар з сарказмам паказаў гісторыю панавання папства, усё, што хаваецца пад маскай святасці. Насуперак Скаргу, які называў пап духоўнымі пастырамі і «намеснікамі бога на зямлі», у «Пасланні...» яны паказаны як хціўцы, рабаўнікі, авантурысты, антыхрысты, якія ў пагоні за раскошай і неабмежаванай уладай ператварылі каталіцкі касцёл у дом распусты. Мова твора максімальна набліжана да гутарковай, з вобразнымі выслоўямі і параўнаннямі. «Пасланне...» — пэўная вяха ў развіцці антыкаталіцкай палемічнай публіцыстыкі. Ідэі твора, матывы і маст.-стылявыя сродкі выкарыстоўвалі ў сваёй творчасці М.Сматрыцкі, С.Зізаній, В.Суражскі, І.Вішанскі і інш. пісьменнікі-палемісты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСЛЯДО́ВІЧ (Аляксандра Ануфрыеўна) (23.4.1918, Мінск — 23.4.1988),
бел. графік. Засл. дз. маст. Беларусі (1963). Вучылася ў Віцебскім маст. вучылішчы (1938—41), скончыла Ленінградскі ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.Рэпіна (1950). У 1964—66 выкладала ў Бел.тэатр.-маст. ін-це. Працавала ў розных тэхніках станковай графікі. Творы вызначаюцца арган. спалучэннем манум. эпічнасці вобразаў з паэтычнасцю, тонкім лірызмам, сувяззю з фальклорам, яркім нац. каларытам: серыі «Закарпацце», «Па родным краі» (абедзве 1961), «Па Італіі», «Па Балгарыі», «На Палессі», «Працоўныя Палесся» (усе 1965), «Па матывах беларускіх народных песень», «Вайна народная» (абедзве 1967), «Беларускія народныя святы» (1969), «Жанчыны Палесся» (1971—72), «Народныя майстры» (1973), «Беларускія песні» (1974) і інш. Аўтар шэрагу партрэтаў (П.Панчанкі, 1963; А.Пашкевіч, 1976), нацюрмортаў («Званочкі», 1977; «Нацюрморт з маленькім саламяным конікам», 1980), афармлення кніг («Рыбакова хата» Я.Коласа, 1962; «Кацярына» Т.Шаўчэнкі, 1964) і інш.
Літ.:
Шматаў В.Ф. Алеся Паслядовіч. Мн., 1975;
Воронова О. Александра Последович: Графика. М., 1984.
А.Паслядовіч. Гаспадыня. З серыі «Жанчыны Палесся». 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЛО́ВІЧ (Альберт Францавіч) (11.11. 1875, Мінск — 17.3.1951),
бел. паэт-гумарыст, драматург. Скончыў 4-класнае гар. вучылішча ў Мінску (1894). Працаваў ва ўпраўленні Лібава-Роменскай чыгункі. Жыў у Мінску. З 1932 у Маскве, на Урале, з 1945 у Курску. Займаўся жывапісам, вышываў дываны. Літ. дзейнасць пачаў у канцы 19 ст., у бел. друку выступіў у 1907 (газ. «Наша ніва»), Друкаваўся ў альманаху «Маладая Беларусь», час. «Лучынка» і інш. Выдаў зб. вершаў «Снапок» (1910), драму «Васількі» (1919). У лірычных вершах гучалі патрыят. матывы. Творчасць П. цесна звязана з фальклорам. Найб. вядомымі і папулярнымі былі яго вершаваныя гумарыст. апавяданні, жартоўныя сцэнкі, пераказы бел.нар. анекдотаў («Пан і акуляры», «Ракі», «Шчодрая ахвяра», «Маладая гаспадынька» і інш.). Аўтар арт. «Забытае» (да гісторыі тэксту «Гутаркі Данілы са Сцяпанам», 1925), «Сялянка» В.Дуніна-Марцінкевіча на мінскай сцэне» (1929). На бел. мову перакладаў творы А.Пушкіна, Т.Шаўчэнкі, М.Канапніцкай, У.Сыракомлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПОЛЕ́СЬЕ»,
грамадска-паліт. і літ. газета радыкальна-ліберальнага кірунку. Выдавалася з 24.9(7.10).1909 да 7(20).10.1912 у Гомелі на рус. мове 3 разы на тыдзень. Друкавала інфармацыю пра дзейнасць Дзярж. думы, урада і мясц. улад, аб новай хвалі дэмакр. і рэв. руху ў 1912, арыентавала грамадскую думку на дэмакратыю еўрап. ўзору. Выступала супраць ідэі вял. Расіі Т.І.Струвэ, салідарызавалася з канцэпцыяй М.Горкага пра свабоднае развіццё ўсіх народаў. Прыхільна ставілася да культ.-нац. самавызначэння беларусаў, крытыкавала антыкаталіцкую і антыбел. прапаганду акцябрыстаў і «Саюза рускага народа» (арт. Р.Зялёнага «Пра беларускае пытанне»). Шмат увагі аддавала прапагандзе рус. і зах.-еўрап. л-ры, тэатра, інш. відаў мастацтва. Друкавала творы Л.Талстога, артыкулы пра творчасць А.Пушкіна, Ф.Дастаеўскага, А.Чэхава, Л.Андрэева, С.Надсана, У.Меерхольда і інш. Асвятляла тэатр. жыццё ў С.-Пецярбургу, Маскве і Гомелі. За крытыку палітыкі ўрада яе тыражы неаднаразова канфіскоўваліся.