ФРА́НКА-В’ЕТНА́МСКІЯ ВО́ЙНЫ,
заваёўніцкія войны Францыі супраць В’етнама. Першая Ф.-в.в. 1858—62 пачалася ў вер. 1858 з захопу аб’яднанай франка-ісп. эскадрай г. Дананг на Пд В’етнама. У лют. 1859 французы авалодалі г. Сайгон, пасля чаго ваен. дзеянні ішлі з пераменным поспехам. У чэрв. 1862 падпісаны франка-в’етн. мірны дагавор, паводле якога да Францыі адышоў Паўд. В’етнам (Кахінхіна). Другая Ф.-в.в. 1883—84 пачалася 19.8.1883 з высадкі франц. дэсанта ў вусці р. Ханіха (Чырвоная), а праз 6 дзён в’етн. імператарскі ўрад капітуляваў. Але асобныя часці в’етн. арміі і партыз. атрады амаль год працягвалі супраціўленне франц. экспедыцыйным войскам. 6.6.1884 прадстаўнікі в’етн. ўрада падпісалі канчатковы дагавор, паводле якога В’етнам ператвараўся ў пратэктарат Францыі. Гл. таксама Франка-кітайская вайна 1884—85.
т. 16, с. 454
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХЛАМІ́ДЫІ (Chlamydia),
род мікраарганізмаў сям. хламідыевых; унутрыклетачныя паразіты млекакормячых жывёл, птушак і чалавека. Выклікаюць хламідыёзы. 2 віды: Ch. trachomatis i Ch. psittaci.
Нерухомыя кокападобныя мікраарганізмы, утвараюць мікракалоніі, укрытыя агульнай мембранай. Цыкл развіцця ўключае 2 розныя па марфалогіі і біял. уласцівасцях формы існавання. Элементарнае цельца (стадыя спакою) — інфекцыйная форма. Унутры пашкоджаных клетак гаспадара яно павялічваецца і ператвараецца ў ініцыяльнае цельца (вегетатыўная стадыя X), якое дзеліцца драбленнем. Цыкл развіцця заканчваецца, калі даччыныя клеткі перабудоўваюцца, ушчыльняюцца і ператвараюцца ў элементарныя цельцы, якія выжываюць па-за клеткай і могуць заражаць інш. клеткі гаспадара. Спор і капсул не ўтвараюць. Растуць, размнажаюцца і выспяваюць за 40 гадз. Па-за арганізмам гаспадара Х. гінуць праз 1 мін пры т-ры 90—100 °C.
т. 17, с. 29
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫКЛІ́ЧНЫЯ НУКЛЕАТЫ́ДЫ,
пурынавыя і пірымідзінавыя нуклеатыды, у якіх астатак фосфарнай к-ты звязваецца з рыбозай у 3′ і 5′-становішчах (утвараюць кольца); універсальныя рэгулятары біяхім. працэсаў у жывых клетках.
Найб. значныя цыклічны 3′ і 5′-адэназінмонафасфат (цАМФ) і 3′ і 5′-гуаназінмонафасфат (цГМФ). У арганізме жывёл і чалавека цАМФ рэгулюе клетачную пранікальнасць, мышачнае скарачэнне, сакрэцыю гармонаў, дыферэнцыроўку тканак і інш. У стрэсавых сітуацыях адрэналін праз пасрэдніцтва цАМФ актывуе ў клетках печані фермент глікагенфасфарылазу і ў кроў выкідваецца вял. колькасць глюкозы (крыніца энергіі для арганізма). Механізм дзеяння Ц.н. у клетцы звязаны з актывацыяй Ц.н.-залежных пратэінкіназ і зводзіцца да фасфарыліравання спецыфічных бялкоў, у т. л. ферментаў, што прыводзіць да змены іх актыўнасці і адпаведных функцый клеткі.
І.М.Семяненя.
т. 17, с. 143
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРТО́ВІЧ Аляксандр Іванавіч (н. 1.3.1946, в. Цагельня Руднянскага р-на Смаленскай вобл., Расія),
бел. мастак кіно, жывапісец. Засл. дз. мастацтваў Беларусі (1992). Скончыў Усесаюзны ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1971). З 1971 на кінастудыі «Беларусьфільм». Мастак-пастаноўшчык фільмаў «Вянок санетаў» (1976), «Дзікае паляванне караля Стаха» (1979), «Паводка» (1980), «Зацішша» (1981), «Сад» (1982), «Снайперы» (1984), «Рыжы, сумленны, закаханы» (1984), «Асенні падарунак фей» (1985), «Хам», «Гладыятар па найме» (абодва 1990), «Гульня ўяўлення» (1998), «Армія ратавання» (1999), «Момант ісціны» (2000). Працуе ў жывапісе: «Незакончаны нацюрморт з галавой каня», «Два спосабы пасадкі камара», «Два стагоддзі» (усе 1998), «Матылёк на траве», «Адчыненыя дзверы» (абедзве 1999). Вял. ўвагу аддае жывапіснай фактуры. Праз супастаўленне несупастаўляльных прадметаў і парушэнне маштабаў імкнецца выявіць глыбокія філас. праблемы быцця. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1978.
т. 17, с. 248
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧУ,
рака ў Кыргызстане і Казахстане. Даўж. 1186 км, пл. бас. 71,6 тыс. км², у т. л. 24,1 тыс. км² — вобласць унутр. сцёку ў нізоўі Ч. Утвараецца ад зліцця рэк Джуванарык і Качкор, якія пачынаюцца на схілах хр. Тэрскей-Ала-Тоо і Кіргізскі. Ніжэй сутокаў выходзіць у Ісык-Кульскую катлавіну (у мінулым па Ч. адбываўся сцёк воз. Ісык-Куль), праз Баамскую цясніну прарываецца ў Чуйскую даліну, дзе выкарыстоўваецца для арашэння. У нізоўях перасякае пустыню Муюнкум і губляецца ва ўпадзіне Ашчыколь. Найб. прыток Курагаты (злева). Жыўленне пераважна снегавое. Сярэдні расход вады па выхадзе з гор 130 м³/с, у ніжнім цячэнні (каля с. Уланбель) — 20,4 м³/с. На Ч. Арто-Такойскае, Тасуткольскае вадасховішчы і інш. ірыгацыйныя збудаванні; гарады Такмак (Кыргызстан), Чу (Казахстан).
т. 17, с. 282
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАЎКАГРА́ФІЯ (ад шоўк + ...графія), серыграфія,
від маст. трафарэтнага друку. Алейныя або вадзяныя фарбы з дапамогай эластычнай пласціны (ракеля) праціскаюцца на паперу праз шаўковую сетку, нацягнутую на раму. Участкі, свабодныя ад малюнка, закрываюць непранікальным для фарбы саставам. Ш. адметная яркасцю і дэкар. маляўнічасцю каларыту, дазваляе атрымліваць рэльефныя выявы. З дапамогай Ш. можна друкаваць якасныя рэпрадукцыі карцін. Тэхніка Ш. з’явілася ў 20 ст. ў творах графікі, была запазычана з кіт. і яп. друку на тканінах. З 1930-х г. пашырылася ў творах Дж.Полака, Р.Раўшэнберга, Б.Шана (ЗША), В.Вазарэлі, Ф.Лежэ (Францыя). На Беларусі вядома з 2-й пал. 20 ст. ў творчасці У.Вішнеўскага, С.Войчанкі, Л.Кальмаевай, Г.Мацура, К.Ракіцкага, Дз.Раманюка, У.Цэслера і інш.
т. 17, с. 388
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРАМАГНІ́ТНАЯ ІНДУ́КЦЫЯ,
з’ява ўзнікнення электрарухальнай сілы (эрс індукцыі) у праводным контуры, які знаходзіцца ў пераменным магн. полі або рухаецца ў пастаянным магн. полі. Эл. ток, выкліканы эрс індукцыі, наз. індукцыйным. Адкрыта ў 1831 М.Фарадэем.
Паводле закону Фарадэя эрс Э.і. εi = −dΦ/dt, дзе dΦ — змена поўнага магнітнага патоку праз плошчу контуру за час dt (dΦ/dt — скорасць змены магнітнага патоку). Знак мінус вызначае напрамак індукцыйнага току ў адпаведнасці з Ленца правілам. У больш агульным сэнсе Э.і. вызначаецца як узнікненне пераменнага ў прасторы (т.зв. віхравога) эл. поля пры змене магн. поля ў часе, што адлюстравана ў 1-м Максвела ўраўненні. Э.і. шырока выкарыстоўваецца ў электра- і радыётэхн. прыладах і прыстасаваннях (генератарах, дроселях, трансфарматарах і інш.).
т. 18, кн. 1, с. 88
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́МВЛІХ (Jamblichos) (каля 250, Халкіс, Сірыя — каля 325),
познаантычны філосаф-неаплатонік. Вучыўся ў Александрыі, потым у Рыме ў неаплатоніка Парфірыя. Працягваў характэрную для ўсяго неаплатанізму традыцыю сінтэзу буйнейшых ант. філас. вучэнняў з мэтай стварэння універсальнай карціны быцця. Зрабіў спробу рэстаўрацыі язычніцкага політэізму і міфалогіі шляхам міфалагічнай інтэрпрэтацыі неаплатанічнай іерархіі універсуму (быцця), абазначыў абстрактныя філас. катэгорыі імёнамі багоў і інш. міфалагічных істот. Распрацаваў тэорыю містэрыяльнай тэургіі (багадзейства), г.зн. далучэння людзей да прыроды бажаства праз здзяйсненне пэўных дзеянняў. Аўтар прац «Аб егіпецкіх містэрыях», «Аб піфагарэйскім жыцці», шматлікіх каментарыяў да прац Платона, Арыстоцеля і інш. Прыхільнікам вучэння Я. быў імператар Юліян, які бачыў у ім альтэрнатыву хрысціянству.
Літ.:
Лосев А.Ф. История античной эстетики. Т. 7, ч. 1. М., 2000.
У.М.Паўлюкевіч.
т. 18, кн. 1, с. 266
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́ШЧУР,
вострая вірусная кантагіёзная хвароба парнакапытных жывёл, зрэдку і чалавека. Сустракаецца ў многіх краінах Еўропы (у т. л. Беларусі), Азіі, Паўд. Амерыкі, Афрыкі. Узбуджальнік — РНК-змяшчальны вірус, устойлівы да ўплыву фактараў навакольнага асяроддзя. Найб. успрымальныя да Я. буйн. раг. жывёла, авечкі, козы, свінні. Крыніца інфекцыі — хворая жывёла. Вірус вылучаецца са слінай, малаком, мачой, калам. Фактары перадачы віруса — інфіцыраваныя кармы, подсціл, прадметы догляду, крывасосныя насякомыя. Прыкметы: моцнае слінацячэнне, ліхаманка, кульгавасць і інш., на слізістай абалонцы стрававальнага тракту і скуры ўтвараюцца афты. Лятальнасць маладняку дасягае 90%, дарослых жывёл да 19%. Перахварэлая жывёла набывае імунітэт на некалькі гадоў. Чалавек заражаецца Я. праз інфіцыраваныя сырыя малочныя прадукты або пры доглядзе хворай жывёлы. Хвароба цягнецца 1—2 тыдні. Лячэнне сімптаматычнае.
т. 18, кн. 1, с. 325
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́САЎ Васіль Іванавіч (н. 10.7.1947, в. Дубравіца Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (2000). Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1970). З 1971 у Магілёўскім аддз. Ін-та фізікі АН Беларусі. З 1993 у Магілёўскім тэхн. ун-це (цяпер Бел.-рас. ун-т, з 2000 праф.). Навук. працы па лазернай фізіцы, інтэгральнай і валаконнай оптыцы, радыёхвалевых метадах неразбуральнага кантролю. Даследаваў асаблівасці распаўсюджвання лазернага выпрамянення праз валаконныя светлаводы, што дазволіла назіраць шэраг новых з’яў.
Тв.:
Определение хроматической дисперсии полупроводникового лазера по временной когерентности его излучения (разам з У.І.Лебедзевым) // Журн. прикладной спектроскопии. 1992. Т. 57, № 3;
Линейное и нелинейное преобразование лазерного излучения в многомодовых волоконных световодах (разам з А.М.Кролам) // Проблемы прикладной оптики. Могилев, 2000.
т. 18, кн. 1, с. 345
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)