ШАЎКАГРА́ФІЯ (ад шоўк + ...графія), серыграфія,

від маст. трафарэтнага друку. Алейныя або вадзяныя фарбы з дапамогай эластычнай пласціны (ракеля) праціскаюцца на паперу праз шаўковую сетку, нацягнутую на раму. Участкі, свабодныя ад малюнка, закрываюць непранікальным для фарбы саставам. Ш. адметная яркасцю і дэкар. маляўнічасцю каларыту, дазваляе атрымліваць рэльефныя выявы. З дапамогай Ш. можна друкаваць якасныя рэпрадукцыі карцін. Тэхніка Ш. з’явілася ў 20 ст. ў творах графікі, была запазычана з кіт. і яп. друку на тканінах. З 1930-х г. пашырылася ў творах Дж.​Полака, Р.​Раўшэнберга, Б.​Шана (ЗША), В.​Вазарэлі, Ф.​Лежэ (Францыя). На Беларусі вядома з 2-й пал. 20 ст. ў творчасці У.​Вішнеўскага, С.​Войчанкі, Л.​Кальмаевай, Г.​Мацура, К.​Ракіцкага, Дз.​Раманюка, У.​Цэслера і інш.

т. 17, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)