ЧУ,

рака ў Кыргызстане і Казахстане. Даўж. 1186 км, пл. бас. 71,6 тыс. км², у т. л. 24,1 тыс. км² — вобласць унутр. сцёку ў нізоўі Ч. Утвараецца ад зліцця рэк Джуванарык і Качкор, якія пачынаюцца на схілах хр. Тэрскей-Ала-Тоо і Кіргізскі. Ніжэй сутокаў выходзіць у Ісык-Кульскую катлавіну (у мінулым па Ч. адбываўся сцёк воз. Ісык-Куль), праз Баамскую цясніну прарываецца ў Чуйскую даліну, дзе выкарыстоўваецца для арашэння. У нізоўях перасякае пустыню Муюнкум і губляецца ва ўпадзіне Ашчыколь. Найб. прыток Курагаты (злева). Жыўленне пераважна снегавое. Сярэдні расход вады па выхадзе з гор 130 м³/с, у ніжнім цячэнні (каля с. Уланбель) — 20,4 м³/с. На Ч. Арто-Такойскае, Тасуткольскае вадасховішчы і інш. ірыгацыйныя збудаванні; гарады Такмак (Кыргызстан), Чу (Казахстан).

т. 17, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)