Я́МВЛІХ (Jamblichos) (каля 250, Халкіс, Сірыя — каля 325),

познаантычны філосаф-неаплатонік. Вучыўся ў Александрыі, потым у Рыме ў неаплатоніка Парфірыя. Працягваў характэрную для ўсяго неаплатанізму традыцыю сінтэзу буйнейшых ант. філас. вучэнняў з мэтай стварэння універсальнай карціны быцця. Зрабіў спробу рэстаўрацыі язычніцкага політэізму і міфалогіі шляхам міфалагічнай інтэрпрэтацыі неаплатанічнай іерархіі універсуму (быцця), абазначыў абстрактныя філас. катэгорыі імёнамі багоў і інш. міфалагічных істот. Распрацаваў тэорыю містэрыяльнай тэургіі (багадзейства), г.зн. далучэння людзей да прыроды бажаства праз здзяйсненне пэўных дзеянняў. Аўтар прац «Аб егіпецкіх містэрыях», «Аб піфагарэйскім жыцці», шматлікіх каментарыяў да прац Платона, Арыстоцеля і інш. Прыхільнікам вучэння Я. быў імператар Юліян, які бачыў у ім альтэрнатыву хрысціянству.

Літ.:

Лосев А.Ф. История античной эстетики. Т. 7, ч. 1. М., 2000.

У.​М.​Паўлюкевіч.

т. 18, кн. 1, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)