прыродная геагр. зона (часам разглядаецца як падзона), уласцівая зах. прыакіянічнаму сектару субтрапічнага пояса сушы. Для М.з. характэрныміжземнаморскі клімат, адметная сезоннасць сцёку рэк (з зімовымі паводкамі), перавага ў прыродным раслінным покрыве вечназялёных лясоў і ксерафітных цвердалістых хмызнякоў. Тэрыторыя М.з. ў значнай ступені асвоена і моцна зменена гасп. дзейнасцю. Тыповая ў Міжземнамор’і, пашырана таксама ў Каліфорніі (ЗША), Чылі, у Паўд. і Паўд.-Зах. Аўстраліі, на Паўд. беразе Крыма і Чарнаморскім узбярэжжы Каўказа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕГМАТЫ́Т [ад грэч. pēgma (pēgmatos) змацаванне, сувязь],
светлаафарбаваная буйназярністая вывергнутая (пераважна жыльная) горная парода. Найб. пашыраны гранітныя П. кіслага саставу, складзеныя з кварцу, мікракліну, кіслага плагіяклазу і слюд. Характэрны заканамерныя графічныя прарастанні мікракліну кварцам, т. зв. пегматытавая структура, што абумовіла назвы «пісьмовы граніт», «графічны пегматыт», «яўрэйскі камень». Крышталізуецца на заключных стадыях фарміравання інтрузіўных масіваў. Залягае ў выглядзе даек, жыл, лінзаў, гнёздаў, слупоў. З П. звязаны радовішчы рэдказямельных мінералаў, слюды, кварцу, каштоўных камянёў, керамічнай сыравіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІНАЦЫТО́З (ад грэч. pino п’ю + kytos ёмістасць, тут — клетка),
захопліванне клетачнай паверхняй вадкасці з растворанымі ў ёй рэчывамі. Адзін з асн. механізмаў пранікнення ў клетку высокамалекулярных злучэнняў (бялкоў, глікапратэідаў, ліпідаў). Пры П. на спецыялізаваных участках плазматычнай мембраны паяўляюцца кароткія тонкія вырасты, якія акружаюць кроплю вадкасці і перамяшчаюць яе ўнутр клеткі. Адбываецца П. у эпітэліяльных клетках кішэчніка, ныркавых канальцах; найб.характэрны для амёб. Часам тэрміны «П.» і «фагацытоз» аб’ядноўваюць агульным паняццем — эндацытоз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВАНГАРДЫ́ЗМ,
умоўная абагульненая назва мастацкіх кірункаў 20 ст., для якіх характэрны пошукі новых, небывалых, часта штучных формаў і сродкаў мастацкага выяўлення, недаацэнка або адмаўленне традыцый і абсалютызацыя наватарства. Народжаны духоўнай атмасферай часу і яго катаклізмаў, авангардызм адлюстроўвае супярэчнасці паміж рознымі сістэмамі і тэхнікамі кампазіцыі і барацьбу светапоглядных пазіцый. Адны тэарэтыкі і практыкі авангардызм дэкларуюць стварэнне элітарнага мастацтва, адчужанага ад сац. задач, другія, наадварот, звязваюць пошук прынцыпова новых выразных сродкаў з неабходнасцю перадачы настрояў сац. пратэсту. З’яўляючыся крайняй праявай больш шырокага кірунку — мадэрнізму, авангардызм выявіўся пераважна не ў закончаных формах, а ў тэндэнцыях да выцяснення традыц. тэм, сюжэтаў і прынцыпаў кампазіцыі, гіпертрафіі ўмоўнасці. Для яго характэрны падкрэсленая эмацыянальнасць, скіраваная непасрэдна да пачуццяў (экспрэсіянізм), імкненне разбурыць традыц. эстэтыку (дадаізм), замяніць пасіўную эстэтычнасць актыўным сац. дзеяннем («левае» мастацтва і рус.футурызм), спроба ўздзейнічаць на падсвядомасць (сюррэалізм) і г.д. Пачаў бурна развівацца ў 1910—20-я г., аб’ядноўваючы розных па творчай стылістыцы прыхільнікаў (Л.Арагон, Б.Брэхт, У.Маякоўскі, В.Незвал і інш.), якія бачылі ў авангардызме разбурэнне ідэалаг. міфаў бурж. грамадства. Паступова прынцыповая антыідэалаг. накіраванасць многіх прадстаўнікоў авангардызму прывяла іх у 1960-я г. да поўнага адмаўлення традыц. культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНА́ЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА (археалагічная культура плямёнаў энеаліту) (пач. 5-га — пач. 3-га тыс. да н.э.) на тэр.паўд. Туркменістана. Назва ад паселішчаў каля аула Анаў (каля Ашгабада). Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй, жыло ў дамах з гліняных блокаў ці сырцовай цэглы. Нябожчыкаў хавалі ў ямах у скурчаным стане; у магілы клалі посуд, прылады працы, зброю з каменю і медзі, упрыгожанні. Посуд А. пласкадонны, размаляваны фарбаю (геаметрычны арнамент),
характэрны тэракотавыя жаночыя статуэткі. Найб. вядомы помнік анаўскай культуры — Намазга-Тэпэ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМРА́ЦКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямёнаў эпохі энеаліту (2-я пал. 5 — пач. 4-га тыс. да н.э.) у Верхнім і Сярэднім Егіпце. Назва ад паселішча каля мяст. Эль-Амра (Егіпет). Насельніцтва займалася земляробствам, жывёлагадоўляй і паляваннем. Для амрацкай культуры характэрны чырвоны глянцаваны посуд, на якім белай фарбаю нанесены «крыжалінейны» арнамент. Прылады працы вырабляліся з крэменю, косці, сустракаюцца медныя рэчы (шпількі, гарпуны, пацеркі). Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў скурчаным становішчы, у магілы клалі посуд, упрыгожанні, грабяні, статуэткі са слановай косці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎГІ́Т (ад грэч. augē бляск),
мінерал падкласа ланцужковых сілікатаў, самы пашыраны з групы піраксенаў (Ca, Na) (Mg, Fe2+, Fe3+, Al, Li) [(Si, Al)2O6]. Састаў вельмі зменлівы. Звычайна з прымесямі хрому, марганцу і інш.
Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі кароткапрызматычныя, характэрны двайнікі, агрэгаты пласціністыя, зярністыя. Колер цёмна-зялёны да чорнага. Паўпразрысты. Бляск шкляны. Цв. 5—6. Шчыльн. 3,2—3,6 г/см³. Вельмі пашыраны пародаўтваральны мінерал, пераважна ў магматычных асноўных (габра, базальты) і ультраасноўных (пірыты, перыдатыты) вывергнутых пародах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАГАВЫ́Я ХРЫБТЫ́ (Coast Ranges),
ланцуг невысокіх горных хрыбтоў і масіваў уздоўж зах. ўзбярэжжа ЗША (ад 34°паўн. ш. да 48°30′паўн. ш.). Найб.выш. 2428 м (г. Алімпус). Складзены з асадкавых і метамарфічных парод. Характэрны землетрасенні. Радовішчы нафты, вугалю, ртуці. На Пн ад 42°паўн. ш. схілы ўкрыты лясамі з сітхінскай елкі, туі, дугласіі, вышэй — лугі, горныя тундры, асобныя ледавікі. На Пд — хваёвыя лясы і вечназялёныя ксерафільныя хмызнякі (чапараль), участкі лясоў з гіганцкай секвоі. Нац. парк Алімпік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОРНАКРЫ́МСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура эпохі мезаліту (8—5 тыс.г. да н.э.) на тэр. Горнага Крыма (Украіна). Насельніцтва займалася паляваннем на высакародных аленяў, дзікоў і збіральніцтвам, жыло ў пячорах, а таксама на высокіх пласкагор’ях. Для ранняга этапу горнакрымскай культуры характэрны разцы, касцяныя вастрыі для стрэл і інш., у познім пераважалі крамянёвыя скрабкі, пласціны з рэтушшу, геаметрычныя мікраліты (трапецыі), гарпуны і дроцікі з косці і рогу. У пячорах выяўлены пахаванні — скурчаныя трупапалажэнні, пасыпаныя вохрай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́РЫНЬ, Зарыньш (Zarins) Індуліс Аўгуставіч (н. 18.6.1929, Рыга), латышскі жывапісец. Нар. мастак Латвіі (1977), засл. дз. маст. Латвіі (1965). Чл.-кар.АМСССР (1967). Вучыўся ў АМ у Рызе (1952—58). Аўтар карцін на тэмы сучаснасці і гісторыка-рэв. зместу («Песня жніва», 1977, трыпціх «Салдаты рэвалюцыі», 1962—65, «Палі нашыя», 1980), партрэтаў («Т.Залькалн», 1976—77), нацюрмортаў («Нацюрморт майго дзядулі», 1962) і інш. Творам характэрны манументальнасць, строгая рытмічная арганізацыя кампазіцыі, эмацыянальнасць колеравага вырашэння.