БАБРО́ЎСКІ ((Bobrowski) Іаганес) (9.4.1917, г. Тыльзіт, цяпер Савецк Калінінградскай вобл., Расія — 2.9.1965),
нямецкі пісьменнік. Вучыўся ў Кёнігсбергскай класічнай гімназіі. У 1941 мабілізаваны на Усх. фронт. У 1945—49 у палоне ў СССР. Аўтар зб-каў вершаў «Сармацкі час» (1961), «Зямля ценяў і рэк» (1962), «Прыкметы надвор’я» (1966), «У зарасніках ветру» (1970), раманаў «Млын Левіна» (1964), «Літоўскія клавіры» (1966), кн. навел «Бёлендорф і мышынае свята» (1965), «Прарок» (1967). Асн. тэма творчасці — асэнсаванне гіст. віны немцаў перад інш. народамі. З яго твораў паўстае вобраз Сарматыі — краю паміж Віслай і Нёманам, паэт уваскрашае абліччы і галасы ахвяр — ад знішчаных тэўтонцамі ў 12 ст. прусаў (праграмная «Элегія памяці прусаў», 1952) да яўрэяў, цыганоў і славян, што загінулі ад рук фашыстаў. Вершы «Радзіма мастака Шагала», «Заходняя Дзвіна», «Вільня», «Мемель» і інш. перадаюць непаўторную прыгажосць бел.-літоўскага краю, насычаны матывамі бел. і літоўскага фальклору. Асобныя яго творы на бел. мову перакладалі Ю.Гаўрук, М.Навіцкі, Я.Семяжон, В.Сёмуха.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПА́ЛАЎСКІ МЕМАРЫЯ́ЛЬНЫ ЗАПАВЕ́ДНІК «ВЯ́ЗЫНКА» Засн. 5.4.1972 на радзіме Я.Купалы з цэнтрам у в. Вязынка Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. Адкрыты 10.7.1972. Агульная пл. 21 га. На тэр. запаведніка хата, у якой нарадзіўся Я.Купала, гасп. пабудовы, у адной з якіх размяшчаецца выстаўка «Народныя святы», помнік паэту (перавезены з Мінска ў 1972, скульптар З.Азгур), 2 гарадзішчы 2—5 ст., сажалка, крыніца, валуны з выбітымі на іх радкамі з твораў Я.Купалы, дрэвы старога саду б. фальварка Вязынка, дубовы гай, пасаджаны бел. пісьменнікамі да 100-годдзя з дня нараджэння паэта, канцэртная эстрада, жывая альтанка з ліп, малыя арх. формы, зона масавых гулянняў. У хаце (рэстаўрыравана ў 1971—72) Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Вязынка». З 1972 у запаведніку праводзяцца святы паэзіі і працы, з 1976 злёты студэнтаў-філолагаў БДУ, школьныя ранішнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РКАВА,
вёска ў Маладзечанскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 19 км на З ад Маладзечна, 95 км ад Мінска, 3 км ад чыг. станцыі Пруды. 772 ж., 291 двор (1999).
Вядома з 1415 як велікакняжацкае сяло і двор у складзе ВКЛ. З 1476 да пач. 16 ст. цэнтр павета і воласці. У 1519 разбурана ў час вайны Маск. дзяржавы з ВКЛ 1512—22. У 1532 уласнасць Яна Радзівіла, у 2-й пал. 16 ст. мястэчка, гаспадарскае ўладанне. У 18 ст. цэнтр староства. З 1793 у Рас. імперыі. У 1897 765 ж., 122 двары, царква, капліца, нар. вучылішча. З 1921 у Віленскім ваяв. Польшчы, з 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета ў Маладзечанскім р-не. У Вял.Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі знішчылі 72 хаты. З 1949 цэнтр калгаса.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аптэка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Свята-Успенская царква (1860).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРКАВЕ́Ц (Віктар Пятровіч) (н. 5.8.1947, г. Докшыцы Віцебскай вобл.),
бел. мастак. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1971). Для твораў характэрны адзінства кампазіцыйнага вырашэння і колеравых нюансаў, строгая акрэсленасць малюнка. Аўтар тэматычных кампазіцый «Беларускія нафтавікі» (1972), «Палескі матыў» (1973), «Свята ў Докшыцах», «Купалле» (абедзве 1976), «Парк Перамогі» (1980), «Партызанская кузня» (1984), «Крыніца» (1991), «Сакавік. Вайшкуны» (1997), «Цёплы вечар» (1999); серыі «Кастусь Каліноўскі» (1970-я г.), партрэтаў бабулі (1976), «Дзед Алесь і бабка Марыля», А.Пупко, П.Сергіевіча (усе 1978), «Марыя Багдановіч з сынам Максімам» (1981—82), бацькоў Я.Купалы і Я.Коласа (ўсе 1982), У.Сыракомлі, «В.Дунін-Марцінкевіч з дачкой Камілай» (абодва 1983), С.Кібіцкага (1991); пейзажаў «Рака Бярэзіна каля Докшыц», «Камяні пад Докшыцамі» (1991); нацюрмортаў, трыпціха «Спакон вякоў» (1982). У 1990-я г. стварыў карціны, прысвечаныя Заслаўю, маляваныя дываны. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1980. Іл.гл. таксама да арт.Нацюрморт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НАШ ШЛЯХ»,
грамадска-палітычны і літ. часопіс, орган Беларускага студэнцкага саюза. Выдаваўся ў 1922—23 у Вільні на бел. мове. З-за фінансавых цяжкасцей выходзіў нерэгулярна. Адказныя рэдактары Б.Туронак, Л.Мазалеўскі. Гал. мэта выдання — больш глыбокае пазнанне Беларусі, адраджэнне нац. свядомасці, змаганне за дзярж. незалежнасць. Апубл. артыкулы А.Луцкевіча «Вялікае свята», «Студэнцкая моладзь у беларускім руху», канспект яго лекцыі «Развіццё палітычнай думкі ў Беларусі». Ідэйныя пошукі моладзі адлюстраваны ў арт. «Шляхі беларускай студэнцкай моладзі» М.Крывічонка (Туронка), «Наш шлях», «Аб нашым месіянізме» С.Радзіміча і інш. Актуальнасцю, творчым пошукам вылучаліся артыкулы і нарысы Ф.Маркотнага (Ф.Пяткевіча), М.М. (М.Марцінчыка). Інфармаваў пра культ.-асв. працу студэнтаў-беларусаў Віленскага ун-та, друкаваў хроніку з жыцця бел. студэнтаў у Маскве, Мінску, Празе, паведамляў пра лёс бел. асветы ў Латвіі. Змяшчаў вершы Н.Арсенневай, З.Верас, І.Дварчаніна, Г.Леўчыка, апавяданні Л.Леўскага, А.Пакуцкага і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ЛАДАЎСКІ ЗВОН,
помнік ліцця мастацкага, эпіграфікі, палеаграфіі Беларусі. Адліты ў 1583 з медзі Марцінам Гофманам у Коўне (зараз г. Каўнас, Літва) для царквы в. Моладава (Іванаўскі р-н Брэсцкай вобл.; адсюль назва) паводле загаду ўладальніка маёнтка дзярж. і ваен. дзеяча 16 ст. Сімяона Войны ў памяць аб бацьках. Выш. 62 см, найб. дыяметр 70 см, таўшчыня ліцця 7 см. Дэкарыраваны рэльефным арнаментам рэнесансавага характару: выявы міфалагічных істот (крылатыя коні, ільвы, алені і інш.) у медальёнах, утвораных непарыўнай звілістай сцяблінай. У сярэдняй частцы звона змешчаны тэкст, згрупаваны ў 4 калонкі па 13 радкоў у кожнай: фундатарскі надпіс і панегірык Войну Маціевічу Грычыну і яго сям’і. Тэкст выразаны ад рукі на тагачаснай бел. мове лац. літарамі. Пад адной калонкай — выява герба роду Войнаў. Па ніжнім краі звона — надпіс з датай адліўкі і імем майстра. Вернуты ў Свята-Вазнясенскую царкву в. Моладава.
Літ.:
Вецер Э.І., Хадыка Ю.В. Звон у Моладаве // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1971. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫ́ХАРАЎ (Георгій Іванавіч) (30.11.1915, г. Слаўгарад Магілёўскай вобл. — 14.4.1973),
бел. дырыжор, балалаечнік, дамрыст, педагог, дзеяч самадз. мастацтва. Скончыў Бел. кансерваторыю (1951), выкладаў у ёй (1963—73). У 1924—38 арганізатар і кіраўнік аматарскіх аркестраў у Гомелі, выступаў як саліст-балалаечнік (у т. л. на Гомельскім радыё). З 1939 кіраўнік арк. групы Ансамбля песні і танца БВА, у 1945—71 кіраўнік і саліст Секстэта домраў Бел. радыё. Арганізатар і кіраўнік шматлікіх вучэбных і аматарскіх аркестраў у Бел. кансерваторыі, Мінскім муз. вучылішчы, муз. школах, БДУ. Майстар аранжыроўкі і інструментоўкі, прапагандыст твораў бел. кампазітараў і нар. музыкі. Сярод аранжыровак: сімфоніі Ф.Шуберта, В.Каліннікава, С.Пракоф’ева, С.Васіленкі, інстр. канцэрты Э.Грыга, М.Будашкіна, Дз.Смольскага, Ю.Шышакова. Аўтар апрацовак бел.нар. песень і мелодый. Сярод яго вучняў Г.Асмалоўская, М.Лісіцын, У.Перацяцька, Л.Смялкоўскі. Дыпламант Усесаюзнага агляду-конкурсу (1939, Масква).
Літ.:
Таірава Л. Свята памяці // Мастацтва. 1996. № 4;
Шчарбак В.М. Вялікі майстар у галіне народнай музыкі // Пытанні культуры і мастацтва Беларусі. Мн., 1993. Вып. 12.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯНЬКО́ЎСКІ (Васіль Васілевіч) (4.7.1881, г. Хмяльніцкі, Украіна — 5.8.1962),
расійскі філосаф, псіхолаг, багаслоў. Вучыўся на прыродазнаўча-матэм. і гісторыка-філал. ф-тах Кіеўскага ун-та. Праф. псіхалогіі Кіеўскага ун-та (з 1915). У 1919 эмігрыраваў за мяжу. Праф.Свята-Сергіеўскага правасл. багаслоўскага ін-та ў Парыжы (з 1926), старшыня Рус. студэнцкага хрысц. руху. У 1942 прыняў сан свяшчэнніка. Гал. праблемы яго філас. даследаванняў звязаны з хрысц. касмалогіяй, сутнасцю рэліг. вопыту і інтуіцыі. Чалавечая душа, паводле З., мае іерархічную структуру; найвышэйшым элементам яе з’яўляецца сэрца, існаванне пачуцця, праз якое ўстанаўліваецца духоўная сувязь чалавека з Богам і боскімі асновамі свету. Аўтар фундаментальнага даследавання па гісторыі філасофіі ў Расіі («Гісторыя рускай філасофіі», т. 1—2, 1948—50). Займаўся таксама праблемамі педагогікі і псіхалогіі («Псіхалогія дзяцінства», 1924). Яго публіцыстычныя артыкулы сабраны ў кн. «Наша эпоха» (1952).
Тв.:
Социальное воспитание, его задачи и пути. М., 1918;
Проблемы воспитания в свете христианской антропологии. Париж, 1934;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛО́НКА,
вёска ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл., на аўтадарозе г. Слонім — в. Новая Мыш. Цэнтр сельсавета. За 20 км на З ад г. Баранавічы, 217 км ад Брэста, 4 км ад чыг. ст. Палонка. 781 ж., 293 двары (2000). Аддз. «Палонка» птушкафабрыкі «Дружба», лясніцтва. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Касцёл. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — Свята-Мікалаеўская царква (пач. 20 ст.).
Вядома з пач. 16 ст. як сяло ў Слонімскім пав. Навагрудскага ваяв. Належала Сапегам. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 каля вёскі адбылася Палонкаўская бітва 1660. У 1680 заснаваны дамініканскі кляштар (існаваў да 1830). З 1793 П. ў складзе Рас. імперыі, мястэчка Навамышскай вол. Навагрудскага пав. У пач. 20 ст. 500 ж., 56 двароў, земскае нар. вучылішча. З 1921 у складзе Польшчы, мястэчка Навамышскай гміны Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у складзе БССР, з 1940 вёска, цэнтр сельсавета ў Навамышскім р-не Баранавіцкай вобл., з 1957 — у Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́СЛЕНІЦА.
масленка, старажытнае перадвеснавое свята ў слав. народаў. Звязана з культам прыроды, адраджэннем пладаносных сіл зямлі, ушанаваннем продкаў, павінна была паскорыць вясну, забяспечыць дастатак і багаты ўраджай. М. прыпадала на 8-ы тыдзень перад Вялікаднем. На М. забаранялася есці мяса, яго замянялі бліны — сімвал сонца, надыходу вясны. На Беларусі святкаванне М. пачыналася ў чацвер, на Уласа; у пятніцу праводзілі бяседныя застоллі, у нядзелю — развітальныя, прабачальныя бяседы. На М. адведавалі бабку-павітуху, вадзілі па вёсцы маладзіцу, што выйшла замуж у апошні мясаед, халасцякам і незамужнім дзяўчатам прывешвалі да нагі калодкі, дзяўчаты і хлопцы гойдаліся на варотах у гумне і на арэлях (каб доўгім рос лён), рабілі і запальвалі кола, спальвалі сімвалічную антрапаморфную выяву холаду-зімы — саламяную ляльку або імітавалі «пахаванне» М. з «папом» і «галашэннямі», спявалі масленічныя песні, вадзілі карагоды, жартавалі, пачыналі «гукаць вясну». М. заканчвалася «запускамі» на малако і малочныя стравы. Традыцыі М. захаваліся ў сучасным святкаванні праводзін зімы. У краінах Зах. Еўропы М. адпавядаў карнавал.
Літ.:
Карский Е.Ф. Белорусы. М., 1916. Т. 3, [ч.] 1. С. 137—141;
Ліцьвінка В. Святы і абрады беларусаў. 2 выд.Мн., 1998.