ЗАБЕ́ЛА (Урубель) Надзея Іванаўна

(1.4.1868, г. Каўнас, Літва — 4.7.1913),

расійская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана). Жонка М.А.Урубеля. Скончыла Пецярбургскую кансерваторыю (1891). Спявала ў оперных т-рах Кіева, Тбілісі, Пецярбурга і інш. У 1897—1902 салістка Маскоўскай прыватнай рус. оперы С.​Мамантава, у 1904—11 у Марыінскім т-ры. Найб. блізкія ёй былі вобразы гераінь у операх М.​Рымскага-Корсакава: Вольга, Панначка, Снягурачка, Валхава («Пскавіцянка», «Майская ноч», «Снягурачка», «Садко»); упершыню выканала партыі Веры, Марфы, Царэўны-лебедзі, царэўны Ненагляднай Красы («Баярыня Вера Шэлога», «Царская нявеста», «Казка пра цара Салтана», «Кашчэй бессмяротны»), напісаныя спецыяльна для яе. У апошнія гады жыцця выступала ў канцэртах, пераважна з рамансамі Рымскага-Корсакава.

Літ.:

Барсава Л. Н.​И.​Забела-Врубель глазами современников. Л., 1982.

т. 6, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВАЛЁВА Галіна Аляксандраўна (7.3.1932, г. Гарачы Ключ Краснадарскага краю, Расія — 8.1.1995),

расійская спявачка (каларатурнае сапрана), педагог. Нар. арт. Расіі (1967), нар. арт. СССР (1974). Скончыла Саратаўскую кансерваторыю (1958). Дэбютавала ў 1958 у Саратаўскім т-ры оперы і балета. З 1960 салістка Марыінскага т-ра. З 1971 выкладала ў Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі (праф. з 1981). Сярод партый: Антаніда, Людміла («Іван Сусанін», «Руслан і Людміла» М.​Глінкі), Марфа («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Лючыя («Лючыя ды Ламермур» Г.​Даніцэці), Віялета, Джыльда («Травіята», «Рыгалета» Дж.​Вердзі), Анастасія («Пётр I» А.​Пятрова). 2-я прэмія на Міжнар. конкурсе маладых оперных спевакоў (Сафія, 1961), 1-я прэмія на Міжнар. конкурсе вакалістаў у Тулузе (Францыя, 1962). Дзярж. прэмія Расіі 1978.

т. 7, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЛО́ВА Ніна Іванаўна (н. 3.5.1947, г. Магілёў),

бел. спявачка (лірыка-драм. сапрана). Засл. арт. Беларусі (1984). Скончыла Бел. кансерваторыю (1972). З 1972 салістка Дзярж. нар. аркестра Беларусі, з 1977 — Нац. акад. т-ра оперы Беларусі. Валодае голасам цёплага хвалюючага тэмбру. Яе выкананне адметнае эмацыянальнай напоўненасцю, шчырасцю, натуральнасцю. Сярод партый у нац. операх: Клава («Сцежкаю жыцця» Г.​Вагнера), Ірына («Сівая легенда» Дз.​Смольскага), Насця («Новая зямля» Ю.​Семянякі), Паола («Джардана Бруна» С.​Картэса), Любава («Князь Наваградскі» А.​Бандарэнкі); сярод інш. партый — Ліза, Таццяна, Іаланта («Пікавая дама», «Яўген Анегін», «Іаланта» П.​Чайкоўскага), Купава («Снягурачка» М.​Рымскага-Корсакава), Лізавета («Дон Карлас» Дж.​Вердзі), Чыо-Чыо-сан («Чыо-Чыо-сан» Дж.​Пучыні) і інш.

А.​А.​Саламаха.

т. 7, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНДРА́ЦЬЕВА Марына Віктараўна (н, 1.2.1934, С.-Пецярбург),

руская артыстка балета, педагог. Нар. арт. СССР (1976). Скончыла Маскоўскае харэаграфічнае вучылішча (1952). У 1952—80 салістка, з 1980 педагог-рэпетытар Вял. т-ра. З 1980 адначасова выкладала ў Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва, з 1987 педагог Маскоўскай дзярж. акадэміі харэаграфіі. Яе танец вылучаўся лёгкасцю і паэтычнасцю. Сярод партый: Папялушка, Джульета («Папялушка», «Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева), Жызэль («Жызэль» А.​Адана), Сільфіда («Шапэніяна» на муз. Ф.​Шапэна), Адэта—Адылія, Маша («Лебядзінае возера», «Шчаўкунок» П.​Чайкоўскага), Марыя («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Шырын («Легенда аб каханні» А.​Мелікава), Фрыгія («Спартак» А.​Хачатурана), Ганна («Ганна Карэніна» Р.​Шчадрына), Дзяўчына-птушка («Шурале» Ф.​Яруліна), Муза («Паганіні» на муз. С.​Рахманінава).

т. 7, с. 578

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАВА́ЕВА Тамара Георгіеўна (3.6.1916, Казань, Татарстан — 25.2.1997),

артыстка балета. Засл. арг. Беларусі (1949). Скончыла балетную школу пры Пермскім т-ры оперы і балета (1933). Працавала ў т-рах оперы і балета Пермі, Ерэвана, Свярдлоўска. У 1946—58 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Яе творчую індывідуальнасць вылучалі строгая манера выканання, валоданне тэхнікай танца, асабліва складанымі вярчэннямі, непасрэднасць і шчырасць. Сярод лепшых партый на бел. сцэне: Надзейка («Князь-возера» В.​Залатарова), Адэта—Адылія, Аўрора («Лебядзінае возера» і «Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Кітры («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Цар-дзяўчына («Канёк-Гарбунок» Ц.​Пуні), Ліза («Марная засцярога» П.​Л.​Гертэля), Марыя («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Тао Хоа («Чырвоны мак» Р.​Гліэра).

А.​І.​Калядэнка.

Т.Г.Караваева.

т. 8, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСРАШВІ́ЛІ Маквала Філімонаўна (н. 13.3.1942, г. Кутаісі, Грузія),

грузінская і расійская спявачка (лірыка-драм. сапрана). Нар. арт. Расіі (1975), нар. арт. Грузіі (1980), нар. арт. СССР (1986). Скончыла Тбіліскую кансерваторыю (1966). З 1966 салістка Вял. т-ра. Валодае моцным рухомым голасам прыгожага тэмбру вял. дыяпазону. Сярод партый: Таццяна, Ліза, Іаланта («Яўген Анегін», «Пікавая дама», «Іаланта» П.​Чайкоўскага), Тоска («Тоска» Дж.​Пучыні), Дэздэмона, Леанора, Амелія («Атэла», «Трубадур», «Баль-маскарад» Дж.​Вердзі), Наташа Растова, Любка, Паліна («Вайна і мір», «Сямён Катко», «Гулец» С.​Пракоф’ева), Тамар («Выкраданне месяца» А.​Тактакішвілі). У камерным рэпертуары рамансы С.​Рахманінава, Чайкоўскага, М. дэ Фалья. 2-я прэмія на Міжнар. конкурсе вакалістаў (Манрэаль, 1973). Дзярж. прэмія Грузіі 1983.

т. 8, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТУ́ЛЬСКАЯ Алена Кліменцьеўна (2.6.1888, г. Адэса, Украіна — 19.11.1966),

расійская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана), педагог. Нар. арт. СССР (1965). Скончыла Пецярбургскую кансерваторыю (1909). Дэбютавала ў партыі Лакмэ (аднайм. опера Л.​Дэліба) у Марыінскім т-ры. У 1913—46 салістка Вял. т-ра. З 1948 выкладала ў Маскоўскай кансерваторыі (з 1950 праф.). Валодала голасам прыгожага мяккага тэмбру вял. дыяпазону, бездакорнай тэхнікай, высокай сцэн. культурай. Сярод партый: Антаніда, Людміла («Іван Сусанін», «Руслан і Людміла» М.​Глінкі), Марфа, Снягурачка («Царская нявеста», «Снягурачка» М.​Рымскага-Корсакава), Віялета, Джыльда, Леанора («Травіята». «Рыгалета», «Трубадур» Дж.​Вердзі), Лейла («Шукальнікі жэмчугу» Ж.​Бізэ). Аўтар артыкулаў па вак. майстэрстве і інш. Сярод яе вучняў: Т.Мілашкіна, А.​Масленікаў. Дзярж. прэмія СССР 1950.

т. 8, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРГА́ПКІНА Нінель (Нінела) Аляксандраўна (н. 13.2.1929, С.-Пецярбург),

расійская артыстка балета, педагог. Нар. арт. СССР (1974). Скончыла Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча (1947, педагог А.Ваганава; у 1982—90 выкладала ў ім), Ленінградскую кансерваторыю (1982). У 1947—81 салістка Ленінградскага т-ра оперы і балета імя Кірава, з 1969 педагог і рэпетытар Марыінскага т-ра. Яе танец вылучаўся віртуознай тэхнікай, тэмпераментам, жыццярадаснасцю. Сярод партый: Аўрора, Адэта—Адылія («Спячая прыгажуня», «Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага), Жызэль («Жызэль» А.​Адана), Гамзаці, Кітры («Баядэрка», «Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), 7-ы і 11-ы вальсы («Шапэніяна» на муз. Ф.​Шапэна), Шырын («Легенда аб каханні» А.​Мелікава), Папялушка і Злюка («Папялушка» С.​Пракоф’ева), Гаянэ («Гаянэ» А.​Хачатурана).

т. 9, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́МАН (Lehmann) Лілі (24.11.1848, г. Вюрцбург, Германія — 17.5.1929),

нямецкая спявачка (каларатурнае, пазней драм. сапрана). Вучылася ў маці, опернай спявачкі М.​Т.​Лёў. З 1865 салістка Часовага т-ра ў Празе, з 1869 у Берлінскай прыдворнай оперы. Сябравала з Р.Вагнерам, удзельнічала ў першым поўным выкананні яго тэтралогіі «Пярсцёнак нібелунга» ў Байройце. У 1886—90 гастраліравала ў ЗША. У яе рэпертуары было 170 партый, у т. л.: Ваглінда, Брунгільда, Артруда, Ізольда («Золата Рэйна», «Валькірыя» і «Зігфрыд», «Лаэнгрын», «Трыстан і Ізольда» Вагнера), Кармэн («Кармэн» Ж.​Бізэ), Норма («Норма» В.​Беліні), Аіда («Аіда» Дж.​Вердзі). Вядома як вак. педагог; сярод вучняў В.​Урсуляк. Аўтар аўтабіягр. кніг «Маё мастацтва спеваў» (1902), «Мой шлях» (1913) і інш.

т. 9, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІРАШНІЧЭ́НКА Яўгенія Сямёнаўна (н. 12.6.1931, с. Радзянскае Валчанскага р-на Харкаўскай вобл., Украіна),

украінская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана). Нар. арт. СССР (1965). Скончыла. Кіеўскую кансерваторыю (1957). З 1957 салістка Кіеўскага т-ра оперы і балета. Валодае лёгкім рухомым голасам вял. дыяпазону, дасканалай тэхнікай, яскравым артыстызмам. Сярод лепшых партый: Венера («Энеіда» М.​Лысенкі), Іалан («Мілана» Г.​Майбарады), Лючыя («Лючыя ды Ламермур» Г.​Даніцэці), Манон («Манон» Ж.​Маснэ), Віялета, Джыльда («Травіята», «Рыгалета» Дж.​Вердзі), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Мюзета («Багема» Дж.​Пучыні), Шамаханская царыца, Марфа («Залаты пеўнік», «Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава). 2-я прэмія на Міжнар. конкурсе вакалістаў (г. Тулуза, Францыя, 1958). Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Шаўчэнкі 1972. Дзярж. прэмія СССР 1981.

т. 10, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)