БАШЛА́Р, Башляр (Bachelard) Гастон (27.6.1884, г. Бар-сюр-Об, Францыя — 16.10.1962), французскі філосаф, заснавальнік неарацыяналізму. У 1919—30 праф. у калежы Бар-сюр-Об. З 1940 кіраваў кафедрай гісторыі і філасофіі навук у Сарбоне, потым — Ін-там гісторыі навук. У сваіх творах Башлар падкрэсліваў дыялектычны характар сучаснай некласічнай навукі; вылучаў яе «ўнутраную» дыялектыку (праяўляецца найперш у сферы чыстай аксіяматыкі), «знешнюю» (ахоплівае пераважна працэсы эмпірычнага даследавання) і іх «налажэнне» («вышэйшы сінтэз», у выніку якога ажыццяўляецца не простае аб’яднанне супрацьлегласцяў, а змястоўна больш шырокая сістэматызацыя ведаў). Сваё філас.вучэнне называў тэхн. рацыяналізмам, лічыў, што змест пазнавальных дзеянняў вучонага і іх вынікі знаходзяцца ў залежнасці ад законаў тэхн. творчасці. Паводле Башлара, творчыя здольнасці чалавека маюць гіст. характар, але іх вытокі ў глыбінных архетыпах бессвядомага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАГО́ЦКІ (Сільвестр Сільвестравіч) (17.1.1813, г. Камянец-Падольскі, Украіна — 11.7.1889),
украінскі багаслоў, філосаф, педагог. Скончыў Кіеўскую духоўную акадэмію (1837). Прафесар гэтай акадэміі (1841—51) і Кіеўскага ун-та (1851—86). Вял. ўвагу аддаваў пытанням гіст.-філас. навукі ў яе ўзаемаадносінах з самымі рознымі галінамі навук. і грамадскага жыцця. Спрабаваў крытычна пераасэнсаваць гегелеўскую і інш.ідэаліст. сістэмы з хрысц. пазіцый. Аўтар «Філасофскага лексікона» (т. 1—4, 1857—73), які быў, па сутнасці, першай у Расіі спробай філас. слоўніка. Свае філас. погляды свядома падпарадкоўваў абароне праваслаўя, крытыкаваў матэрыялізм як вучэнне, што вядзе да атэізму.
Тв.:
Критический взгляд на философию Канта. Киев, 1847;
О характере философии средних веков // Современник. 1849. № 6;
Обозрение системы философии Гегеля. Киев, 1860;
Введение в историю философии. Киев, 1871;
Философский словарь... Киев, 1876;
Философия XVII и XVIII вв. в сравнении с философиею XIX в. и отношение той и другой к образованию. Вып. 1—3. Киев, 1878—84.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМІНА́НТА [ад лац. dominans (dominantis) пануючы] у фізіялогіі часовы пануючы ачаг узбуджэння ў ц. н. с., які ахоплівае адзін ці некалькі цэнтраў і вызначае характар рэакцый арганізма ў адказ на вонкавыя або ўнутр. раздражняльнікі. Вучэнне аб Д. як агульным прынцыпе работы нерв. цэнтраў, сфармуляваў А.А.Ухтомскі (1911—23). Д. вылучаецца высокай устойлівай узбудлівасцю, здольнасцю прыцягваць, акумуляваць і падсумоўваць сігналы, што паслядоўна паступаюць, а таксама тармазіць рэакцыю інш.нерв. цэнтраў на прызначаныя ім імпульсы. Гэта дазваляе, напр., у працэсе творчай дзейнасці цалкам «паглыбіцца ў працу», сканцэнтраваць на ёй усю ўвагу, адцягнуцца ад пабочных раздражняльнікаў. Д. складаецца пад уплывам рэфлекторнай актыўнасці, уздзеяння гумаральных фактараў і з’яўляецца асновай фарміравання матывацыйных паводзін (харчовых, палавых і інш.). У эксперыменце Д. можа быць створана непасрэдным уздзеяннем на нерв. цэнтры слабым эл. токам або некат. фармакалагічнымі рэчывамі. Д. ў вышэйшых цэнтрах галаўнога мозга з’яўляецца фізіял. асновай шэрагу складаных псіхічных з’яў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУША́,
паняцце, якое адлюстроўвае гістарычна зменлівыя погляды на псіхіку чалавека і жывёл; у рэлігіі, ідэаліст. філасофіі і псіхалогіі — паняцце пра асаблівую нематэрыяльную субстанцыю, незалежную ад цела. Узыходзіць да стараж. уяўленняў пра асаблівую сілу, што знаходзіцца ў целе чалавека і жывёлы (часам раслін) і пакідае яго ў час сну або смерці (вучэнне пра перасяленне душ — метэмпсіхоз). Ідэі ўсеагульнай адушаўлёнасці космасу (гілазаізм, панпсіхізм) сталі асновай вучэння пра сусв. душу (Платон, неаплатанізм). У Арыстоцеля Д. — актыўны мэтазгодны пачатак («форма») жывога цела, неаддзельны ад яго. У тэістычных рэлігіях Д. чалавека — створаны Богам, непаўторны бессмяротны духоўны пачатак. У пантэістычным авераізме Д. — толькі індывід. праяўленне адзінай духоўнай субстанцыі (монапсіхізм). У дуалістычных вучэннях Д. разумеецца як нешта спрадвечнае і існуючае поруч з целам (Р.Дэкарт, Г.Спенсер, В.Вунт, У.Джэмс). У новаеўрап. л-ры тэрмін «Д.» выкарыстоўваецца пераважна для абазначэння ўнутр. свету чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ХЦЕРАЎ (Уладзімір Міхайлавіч) (1.2.1857, в. Бехцерава Кіраўскай вобл., Расія — 24.12.1927),
расійскі неўрапатолаг, псіхіятр, псіхолаг і нейрафізіёлаг; заснавальнік навук. школы па рэфлексалогіі. Праф. (1893). Скончыў Медыка-хірург. акадэмію ў Пецярбургу (1878). Абараніў доктарскую дысертацыю ў 1881. У 1884 працаваў за мяжой у Э.Дзюбуа-Рэймона. З 1885 у Казанскім ун-це, з 1893 у Ваенна-мед. акадэміі, з 1897 у Жаночым мед. ін-це ў Пецярбургу. З 1908 заснавальнік і дырэктар Псіханеўралагічнага ін-та, з 1918 — Ін-та мозга і псіхічнай дзейнасці (цяпер Ін-т мозга імя У.М.Бехцерава). Фундаментальныя працы па анатоміі, фізіялогіі і паталогіі нерв. сістэмы. Залажыў асновы вучэння пра рэтыкулярную фармацыю галаўнога і спіннога мозга, стварыў вучэнне пра кампенсаторныя ўласцівасці мозга, упершыню вылучыў шэраг характэрных рэфлексаў, важных для дыягностыкі нерв. хвароб, апісаў шэраг хвароб і метады іх лячэння. Даследаваў лячэбнае выкарыстанне гіпнозу, у т. л. пры алкагалізме.
Літ.:
Мясищев В.Н. В.М.Бехтерев — замечательный ученый, врач, педагог, общественный деятель. Киров, 1956.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОГАШУКА́ЛЬНІЦТВА,
рэлігійна-філас. плынь, што ўзнікла ў пач. 20 ст. сярод расійскай ліберальнай інтэлігенцыі. Адзін з філас. вытокаў богашукальніцтва — канцэпцыя «ўсеяднання» У.С.Салаўёва і яго погляды на спасціжэнне быцця шляхам містычнага вобразна-сімвалічнага асвятлення, накіраванае на выратаванне грамадства з дапамогай тэорыі хрысц. «богачалавечага працэсу». Прадстаўнікі богашукальніцтва (М.А.Бярдзяеў, С.М.Булгакаў, Дз.С.Меражкоўскі, З.М.Гіпіус, М.М.Мінскі і інш.) шукалі «трэці шлях» паміж традыц. праваслаўна-дзярж. каштоўнасцямі і рэв. рухам, таму іх ідэалогія з абодвух бакоў сустракала непаразуменне і не мела вял. пашырэння. Прыхільнікі богашукальніцтва прапаноўвалі вучэнне пра новую рэліг. свядомасць, усталяванне божага царства ў зямным жыцці; крытыкавалі марксісцкую тэорыю класавай барацьбы як аднабаковую і недасканалую; негатыўна ставіліся да філас. матэрыялізму і лічылі яго «іншародным псіхічнаму складу» рус. чалавека. Цікавасць да богашукальніцтва праяўлялі прадстаўнікі мастацтва, асабліва прыхільнікі дэкадэнцтва і сімвалісты старэйшай генерацыі.
Літ.:
История философии. Т. 5. М., 1961;
Короткая Т.П. Религиозная философия в Белоруссии начала XX в.: Критич. анализ. Мн., 1983.
рускі музыказнавец, кампазітар, педагог. Нар.арт.СССР (1946). Акад.АНСССР (1943). Скончыў у Пецярбургу ун-т (1908) і кансерваторыю (1910, класы А.Лядава і М.Рымскага-Корсакава). У 1919—30 працаваў у Ленінградскім ін-це гісторыі мастацтваў, у 1925—43 праф. Ленінградскай кансерваторыі. З 1943 у Ін-це гісторыі мастацтваў у Маскве. Распрацаваў тэорыю інтанацыі, абгрунтаваў паняцце сімфанізму як метаду муз. мыслення, зрабіў значны ўклад у эстэтыку, тэорыю і гісторыю музыкі, вучэнне аб муз. форме. Аўтар 10 опер, 27 балетаў, 4 сімфоній і інш.Найб. значныя балеты «Полымя Парыжа» (1932) і «Бахчысарайскі фантан» (1934). Дзярж. прэміі СССР 1943, 1948.
Тв.:
Избр. труды. Т. 1—5. М., 1952—57;
Симфонические этюды. [2 изд.]. Л., 1970;
Музыкальная форма как процесс. Кн. 1—2. 2 изд. Л., 1971;
Русская музыка. XIX и начало XX века. 2 изд. Л., 1979.
Літ.:
Орлова Е., Крюков А. Академик Б.В.Асафьев. Л., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАКРА́Т (Hippokratēs; 460 да н.э., в. Кос, Грэцыя — каля 370 да н.э.),
старажытнагрэчаскі ўрач, рэфарматар антычнай медыцыны, матэрыяліст.Мед. адукацыю атрымаў пад кіраўніцтвам бацькі Геракліда; у якасці вандроўнага ўрача (перыядэўта) наведаў М. Азію, Лівію, узбярэжжа Чорнага м., быў у скіфаў, азнаёміўся з медыцынай народаў Пярэдняй Азіі і Егіпта. У сваіх працах, якія ляглі ў аснову развіцця клінічнай медыцыны, адлюстраваны ўяўленні пра цэласнасць арганізма, індывідуальны падыход да хворага і яго лячэння, паняцце пра анамнез, вучэнне пра этыялогію, прагноз, тэмперамент і інш. Кіраваўся пры лячэнні 4 прынцыпамі: прыносіць карысць і не шкодзіць; супрацьлеглае лячыць супрацьлеглым; дапамагаць прыродзе і, захоўваючы асцярожнасць, шанаваць хворага. Гіпакрат быў выдатным хірургам: распрацаваў прынцыпы лячэння ран, пераломаў, вывіхаў, фістул, спосабы выкарыстання павязак (шапка Гіпакрата) і інш. З імем Гіпакрата стасуецца ўяўленне пра высокае маральнае аблічча і прыклад этычных паводзін урача. Гіпакрата называюць «бацькам медыцыны».
Літ.:
Рожанский И.Д. История естествознания в эпоху эллинизма и Римской империи. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́МШЫ ((Gramsci) Антоніо) (23.1.1891, г. Алес, вобл. Сардзінія, Італія — 27.4.1937),
італьянскі паліт. дзеяч, філосаф, гісторык. Вучыўся ў Турынскім ун-це (1911—14). У 1913—21 чл.Італьянскай сацыялістычнай партыі, адзін з кіраўнікоў яе левага крыла. З 1919 выдаваў час. «L’Ordine Nuovo» («Новы лад»), які заснаваў разам з У.Тэрачыні і П.Тальяці. Адзін з заснавальнікаў (1921) і ген. сакратар (з 1924) Італьян.Камуніст. партыі. У 1922—23 удзельнічаў у працы Камуністычнага інтэрнацыянала. Дэп. парламента (1924—26). Выступаў за паліт. саюз з інш. партыямі — праціўнікамі фашызму. У 1926 арыштаваны, у чэрв. 1928 асуджаны на 20 гадоў зняволення (пазней тэрмін скарочаны). У зняволенні напісаў «Турэмныя сшыткі», у якіх даследаваў сац.-паліт. гісторыю Рысарджымента, марксізм як светапогляд і вучэнне, тэорыю прыродазнаўства, крытыкаваў погляды на культуру Б.Крочэ і інш. Фашызм вызначаў як «несанкцыянаванае законам насілле з боку капіталіст. класа».
Тв.:
Рус.пер. — Избр. произведения. М., 1980.
Літ.:
Григорьева И.В. Исторические взгляды Антонио Грамши. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́СЕН (Сяргей Іосіфавіч) (28.8.1887, Масква — 2.7.1950),
расійскі філосаф і педагог. Скончыў Пецярбургскі ун-т, вучыўся ў Гайдэльбергскім і Фрайбургскім ун-тах. У 1909 уваходзіў у «гайдэльбергскую філас. садружнасць» (аб’ядноўвала ням. і рус. філосафаў-неакантыянцаў), удзельнічаў у выданні ў Лейпцыгу зб. «Пра месію». Адзін з рэдактараў філас.час. «Логос» (1910—13, Масква; 1914, Пецярбург). У 1914—17 працаваў у Пецярбургскім, у 1917—21 — у Томскім ун-тах. Выкладаў у Берліне і Празе (1923—35), шэрагу навуч. устаноў у Варшаве (1935—45), з 1945 праф. педагогікі ун-та ў Лодзі. Значны яго ўклад у развіццё філас. антрапалогіі, якую лічыў «прыкладной філасофіяй»; яе асновай лічыў вучэнне пра асобу, што ствараецца шляхам далучэння да звышасобасных каштоўнасцей. Аўтар літ.-крытычных артыкулаў пра творчасць Ф.М.Дастаеўскага, У.С.Салаўёва.
Тв.:
Основы педагогики. Введение в прикладную философию. Берлин, 1923;
Монизм и плюрализм в систематике понятий // Труды Русского Народного университета в Праге. 1928. Т. 1;