СПІНО́ЗА (Spinoza, d’Espinosa) Бенядзікт (Барух; 24.11.1632, Амстэрдам — 21.2.1677), нідэрландскі філосаф. Паходзіў з яўр. купецкай сям’і. Адукацыю атрымаў у духоўным вучылішчы, якое рыхтавала рабінаў. У 1656 адлучаны ад іудаісцкай абшчыны за вальнадумства. У філас.-тэарэт. плане зыходзіў з базавых прынцыпаў картэзіянства — рацыяналізму і адмоўнага стаўлення да тэалогіі. Распрацаваў вучэнне пра адзіную прыродную субстанцыю. Прызнаваў тоеснасць Бога і прыроды. Паводле С., прырода з’яўляецца найвышэйшай самаст. нестваральнай і незнішчальнай рэчаіснасцю, дзе зліты ў адно існасць і існаванне. Вылучаў бясконцае мноства атрыбутаў (карэнных уласцівасцей) прыроднай субстанцыі, сцвярджаў, што чалавек здольны ўсвядоміць толькі 2 з іх — мысленне і працягласць. Лічыў, што разнастайныя рэчы пачуццёвага і розумаспасцігальнага свету з’яўляюцца рознымі станамі (модусамі) адзінай субстанцыі. Гнасеалагічныя погляды С. грунтуюцца на ідэі 3 родаў пазнання: пачуццёвае пазнанне (уяўленні, меркаванні), разуменне (развага і розум), інтэлектуальная інтуіцыя (вышэйшы род пазнання, дзякуючы якому спасцігаюцца модусы як формы адзінай субстанцыі). Чалавека разглядаў як частку прыроды, складаны модус, што складаецца з модуса-душы і модуса-цела. Яго этычныя погляды заснаваны на атаясамленні свабоды і пазнання. Паводле С., свабодным чалавекам з’яўляецца той, хто ў сваёй дзейнасці кіруецца розумам. Вучэнні С. пра субстанцыю і прыроду значна паўплывалі на франц. матэрыялізм 18 ст. На Беларусі ў 18 ст. з вальнадумнымі ідэямі С. палемізавалі Г.​Каніскі, С.​Майман. У 20 ст. ў бел. філасофіі вучэнне С. пра субстанцыю даследавалася С.Я. Вальфсонам, Б.​Э.​Быхоўскім і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Соч. Т. 1—2. СПб., 1999;

Избранное. Мн., 1999.

Літ.:

Соколов В.В. Спиноза. 2 изд.М., 1977;

Мудрый и вечно молодой Б.​Спиноза: [Сб. ст.]. М., 1999;

Федоров А. Спиноза: Жизнь мудреца. Ростов н/Д, 2000.

Т.​І.​Адула.

Б.Спіноза.

т. 15, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)