ВАЎЖЭ́ЦКІ Тамаш (паміж 1753—59, Браслаўскі пав. — 5.8.1816),
грамадска-паліт. і вайсковы дзеяч ВКЛ. З маладых гадоў, практыкуючы ў земскіх судах, набыў вядомасць як выдатны знаўца права. Пасол ад Браслаўскага пав. на Чатырохгадовы сейм 1788—92, дзе далучыўся да дэмакр. плыні, быў прыхільнікам Канстытуцыі 3 мая 1791. У сваім маёнтку ліквідаваў паншчыну і даў сялянам волю. Адстойваў пашырэнне праў мяшчанства. Удзельнічаў у распрацоўцы рэформы мясц.адм. кіравання ў ВКЛ праз стварэнне ваяводскіх і павятовых парадкавых цывільна-вайск. камісій. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1792 быў саветнікам камандуючага арміяй ген.-лейт. Ю.Юдзіцкага; удзельнік бітвы пад Мірам (11.6.1792). У час паўстання 1794 уваходзіў у Найвышэйшую літоўскую раду; з сярэдзіны мая 1794 адзін з кіраўнікоў паўстання на Жмудзі і ў Курляндыі; у канцы мая прызначаны А.Т.Б.Касцюшкам чл. Найвышэйшай нац. рады ў Варшаве — гал. органа паўстання. Атрымаў ад Касцюшкі званне ген.-лейтэнанта. У верасні пад націскам рас. войск вывеў рэшткі сваіх атрадаў пад Гродна. Пасля паланення Касцюшкі выбраны «вышэйшым начальнікам» — кіраўніком паўстання на ўсёй тэр. Рэчы Паспалітай. Пасля капітуляцыі Варшавы (6 ліст.) трапіў у палон, зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць, дзе напісаў успамін пра паўстанне. У 1796 амнісціраваны і вярнуўся на радзіму. У 1812 узначаліў Літоўскі грамадз.к-т па забеспячэнні харчамі рас. войска. Пасля вайны 1812 міністр юстыцыі і пажыццёвы ваявода ў Каралеўстве Польскім. Пахаваны ў г.п. Відзы Браслаўскага р-на Віцебскай вобл.
Літ.:
Szyndler B. Tomasz Wawrzecki: Ostatni naczelnik powstania kościuszkowskiego. Warszawa, 1976;
Пракопчык Л. Генерал касінераў // Пракопчык Л. «Дрэмле памятка дзён...» Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКАЕ ПРА́ВА,
сістэма норм звычаёвага і пісанага феад. права, якая дзейнічала на тэр.Полацкага княства, а пазней Полацкага ваяводства. Аб выключным становішчы Полацкай зямлі ў ВКЛ сведчаць палажэнні дагавора /388 паміж ВКЛ і Лівонскім ордэнам і дагавора Полацка і Рыгі 1478 аб дружбе і гандлі. Права палачан прымаць паслоў з Ноўгарада, Пскова, Лук і «Немец» і вырашаць на месцы ўсе спрэчныя пытанні было замацавана ў спец. грамаце, выдадзенай вял.кн. Аляксандрам у 1499. Важнейшымі крыніцамі П.п. да прыняцця Статута ВКЛ 1529 былі прывілей Полацку 1498 на магдэбургскае права, грамата 1499 аб намесніцкім і войтаўскім судзе, пацвярджальная грамата 1502 аб царкоўным судзе полацкага архіепіскапа і «Прывілей баярам, мяшчанам і ўсёй зямлі Полацкай на правы і вольнасці іх...» (гл. таксама Полацкія прывілеі). Найважнейшым элементам дзярж.-прававога жыцця палачан у канцы 15—1-й пал. 16 ст. было права вырашаць важнейшыя пытанні гар. жыцця на сходзе-сойме. Аўтаномнасць Полацкай зямлі была і ў тым, што полацкі ваявода прызначаўся толькі са згоды палачан. Паводле П.п. нават вял. князь не меў права судзіць палачан па-за межамі Полацкай зямлі, а таксама перадаваць яе ў чыё-небудзь уладанне. Абмежаванымі былі правы цэнтр. ўрада ў царк. і маёмасных справах палачан і паўнамоцтвы полацкага ваяводы. Палачанам гарантаваліся і асобныя прывілеі: яны вызваляліся ад гандлёвых пошлін на тэр. ўсёй дзяржавы і ад некаторых падаткаў, ім гарантавалася права вольнага распараджэння маёнткамі. Рашэнні і прыгаворы, вынесеныя ў Полацкай зямлі, не пераглядаліся ў вышэйшых судах дзяржавы. Нормы П.п. былі выкарыстаны пры падрыхтоўцы Статутаў ВКЛ 1529, 1566 і 1588.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́Л Юрый (мянушкі Віктор, Пераможца, Літоўскі Геркулес; каля 1480 — крас. 1541),
дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ. Сын канцлера М.Радзівіла. Заснавальнік біржанска-дубінкаўскай галіны роду Радзівілаў. З 1500-х г. займаў пасады намеснікаў, у т. л. віленскага, мейшагольскага, мерацкага, уцянскага, мазырскага (у 1511—14), гродзенскага (з 1514), лідскага і беліцкага (з 1528). Падчашы ВКЛ у 1509—17, ваявода кіеўскі ў 1511—14, гетман надворны (польны) у 1520—23, кашталян трокскі ў 1522—27 і віленскі з 1527; адначасова з 1528 маршалак надворны і з 1531 вял. гетман. Праславіўся сваім удзелам у войнах і перамогамі ў 30 бітвах. У 1508 удзельнічаў у вайне з Маскоўскай дзяржавай. У 1511 са слуцкім кн. Ю.С.Алелькавічам разбіў крымскіх татар ва ўрочышчы Рутка за 20 міль ад Кіева. 28.4.1512 удзельнічаў у пераможнай бітве супраць татар пад Лапушнай (каля Вішнеўца). У Аршанскай бітве 1514 камандаваў лёгкай конніцай на левым флангу. У 1517 удзельнічаў у паходзе пад Пскоў, у 1519 — у баях з маскоўскім войскам каля Крэва. 27.1.1527 разам з К.Астрожскім разбіў татар на р. Альшаніца каля г. Канеў. У 1519—21 ваяваў супраць Тэўтонскага ордэна. Камандаваў войскам ВКЛ у вайне супраць Маскоўскай дзяржавы 1534—37. У 1535 войска на чале з Р. і каронным вял. гетманам Я.Тарноўскім узяло Гомель і Старадуб. У 1530-х г. Р. разам з канцлерам ВКЛ А.Гаштольдам і жамойцкім старостам Я.Радзівілам уваходзіў у магнацкі трыумвірат, які фактычна кіраваў ВКЛ у час адсутнасці вял. князя. Быў адным з найбагацейшых магнатаў ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАНІСЛА́Ў ЛЯШЧЫ́НСКІ (20 10 1677, г. Львоў, Украіна — 23.2.1766),
кароль польскі і вялікі князь ВКЛ [1704—09, 1733]. Паходзіў са стараж. польскага шляхецкага роду. З 1696 выбіраўся паслом на соймы, з 1699 ваявода пазнанскі. У 1703 узначаліў апазіцыю каралю Аўгусту II Моцнаму. У час Паўночнай вайны 1700—21 стаў прыхільнікам саюзу са Швецыяй і выступаў за абранне каралём Якуба Сабескага, сына Яна III Сабескага. Адзін з ініцыятараў стварэння Варшаўскай канфедэрацыі, якая 14.2.1704 абвясціла дэтранізацыю Аўгуста II і бескаралеўе. Паводле загаду шведскага караля Карла XII 12.7.1704 элекцыйны сойм абраў С.Л. на трон Рэчы Паспалітай. У С.Л. не было шматлікіх войск і прыхільнікаў. Толькі пасля паражэння Аўгуста II у Саксоніі ад войск Карла XII і яго адрачэння ад польскага трона ў 1706 С.Л. быў прызнаны каралём большасцю магнатаў у Польшчы, Літве і Беларусі. Аднак пасля Палтаўскай бітвы 1709 прыхільнікі пачалі пакідаць С.Л., пасля чаго ён эмігрыраваў у Эльзас. Пасля смерці Аўгуста II (1733) франц. дыпламатыя вылучыла С.Л. кандыдатам на трон Рэчы Паспалітай. 12.9.1733 12 тысяч выбаршчыкаў абралі С.Л. каралём польскім і вял. князем літоўскім. Аднак Расія і Аўстрыя не пагадзіліся з гэтым. Праз Беларусь і Літву ў Варшаву прыйшла рас. армія ген.-фельдмаршала Б.К.Мініха. Пад аховаю рас. войск 5.10.1733 меншасць выбаршчыкаў абрала каралём Аўгуста III. Пачалася вайна за польскую спадчыну. У 1736 С.Л. быў вымушаны адмовіцца ад трона і зноў эмігрыраваў у Францыю. У выніку Венскага міру 1738 паміж Францыяй і Аўстрыяй, якім скончылася вайна, С.Л. атрымаў у пажыццёвае кіраванне герцагства Латарынгію і Бар пад кантролем Францыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕЗГА́ЙЛЫ, Кежгайлы,
магнацкі род герба «Задора». Паходзяць са стараж.літ. баярства, ахрышчанага ў каталіцтва пасля 1385, ад баярына Бушкі (каля 1320 — пасля 1385) і яго сына Валімонта (каля 1350 — пасля 1398). Прозвішча роду К. паходзіць ад імя трэцяга з сыноў Валімонта — Кезгайлы (Міхала, каля 1380 — каля 1450), намесніка вількамірскага (1409—12, старосты жамойцкага ў 1412—32, 1440—41 і з 1442), кашталяна віленскага (з 1445). Найб. вядомыя К.:
Міхаіл (каля 1410—76), сын Кезгайлы, канцлер ВКЛ (1444), адначасова ваявода віленскі (з 1459). Ад вял.кн. Казіміра атрымаў у 1451 частку Лукомскай вол., Дварэц і Ельну ў Новагародскім пав., воласць Бакшты (пазнейшыя Дукора і Смілавічы) у Менскім пав., у 1465 — Любчу на Нёмане і Ракаў. Я н (каля 1415—85), сын Кезгайлы, атрымаў у 1451 ад вял.кн. Казіміра Мсцібогаў у Ваўкавыскім пав., у спадчыну пасля бацькі — частку Дзевялтова, Крожаў і інш. маёнткаў у Літве і Жамойці. Староста жамойцкі (з 1465) і адначасова кашталян віленскі (з 1478). Станіслаў (мянушка Рэкуць, каля 1450—1527), сын Яна, атрымаў частку Дзевялтова, Крожаў, Мсцібогаў, Ракаў, частку Бакштаў, Налібак і Дзераўную ў Менскім пав. і інш. Староста жамойцкі (1485), часова гетман найвышэйшы (1501—02), кашталян віленскі (з 1522). Трэці сын Станіслаў (каля 1500—1532), староста жамойцкі (з 1527), адначасова кашталян трокскі (з 1528). Мікалай (1461? — 1512), малодшы сын Яна, атрымаў частку Крожаў, Налібак, Дзевялтова, Ельну. Яго ўнук Станіслаў Мікалаевіч (каля 1520—54) паступіў у світу вял.кн. Жыгімонта Аўгуста. У 1545 кухмістр, потым стольнік ВКЛ. У 1549 атрымаў тытул графа «Свяшчэннай Рымскай імперыі». З 1551 падчашы ВКЛ. Пасля яго смерці род К. згас, уладанні падзялілі родзічы па жаночай лініі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́Л Крыштоф (мянушка Пярун; 9.2.1547, Вільня — 20.11.1603),
ваенны і дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Сын М.Радзівіла Рудога. Удзельнік Лівонскай вайны 1558—83, у т. л.Ульскай бітвы 1564. З 1567 ротмістр коннай роты, крайчы ВКЛ у 1567—69, падчашы ВКЛ у 1569—79, гетман польны ў 1572—89, ахоўваў паўн.-ўсх. мяжу дзяржавы. У час кампаніі 1580 узяў замак Усвят і нанёс паражэнне праціўніку каля Вялікіх Лук. У жн. — кастр. 1581 атрады Р. (4 тыс.чал.) разам з атрадамі Ф.С.Кміты-Чарнабыльскага (2 тыс.чал.) зрабілі рэйд да вярхоўяў Волгі, занялі Старыцу і Ржэў. Гэты рэйд і аблога Пскова прымусілі Івана IV падпісаць перамір’е. У 1579—84 кашталян трокскі, адначасова ў 1579—85 падканцлер ВКЛ, з 1584 ваявода віленскі. Пасля смерці Стафана Баторыя падтрымліваў план часткі магнатаў і шляхты ВКЛ абраць каралём рас. цара Фёдара Іванавіча і стварыць дзярж. унію Польшчы, ВКЛ і Расіі на чале з Вял. княствам Літоўскім. Быў прыхільнікам мірных узаемадачыненняў з Расіяй. З 1589 вял. гетман ВКЛ. На чале войск ВКЛ змагаўся супраць Налівайкі паўстання 1594—96. У 1600 дамогся шлюбу Соф’і Алелькаўны (гл. ў арт.Святыя Беларусі) са сваім сынам Янушам, у выніку пасля смерці Соф’і (1612) Слуцкае княства і інш. ўладанні Алелькавічаў перайшлі да Радзівілаў. У час вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29 з 1600 Р. камандаваў войскамі ў Інфлянтах. 23.6.1601 нанёс паражэнне шведскаму войску пад Кокенгаўзенам (Кокнесе), у ліп. 1601 заняў Вендэн (Кесь). Як і бацька, Р. вызнаваў кальвінізм, будаваў кальвінскія зборы. Пры яго двары было шмат вучоных, з ім былі звязаны дзеячы бел. культуры А.Рымша, Г.Пельгрымоўскі, С.Рысінскі, А.Волан. Меў адну з найбольшых латыфундый у ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАКРО́ЎСКІ Барыс Аляксандравіч (н. 23.1.1912, Масква),
расійскі оперны рэжысёр, педагог. Нар.арт. Беларусі (1955). Нар.арт.СССР (1961). Скончыў Дзярж.ін-ттэатр. мастацтва (1937). Ў 1937—43 рэжысёр (з 1939 маст. кіраўнік) Горкаўскага т-ра оперы і балета. З 1943 рэж., у 1952—63 і 1967—82 гал.рэж.Вял.т-ра ў Маскве. З 1954 праф.Рас. акадэміі тэатр. мастацтва. Заснавальнік (1972), маст. кіраўнік і рэжысёр Маскоўскага музычнага камернага тэатра. Яго пастаноўкам уласцівы высокая маст. культура, падкрэсленая тэатральнасць, смелы рэжысёрскі пошук. Сярод пастаўленых ім спектакляў: у Горкаўскім т-ры — «Ніжагародцы» Э.Напраўніка (1942); у Ленінградскім малым т-ры оперы і балета — «Вайна і мір» С.Пракоф’ева (1946), «Ваявода» П.Чайкоўскага (1949); у Вял. т-ры — «Варожая сіла» А.Сярова (1947), «Прададзеная нявеста» Б.Сметаны (1948), «Садко» М.Рымскага-Корсакава і «Галька» С.Манюшкі (абодва 1949), «Аіда» (1951), «Травіята» (1953), «Фальстаф» (1962), «Атэла» (1978) Дж.Вердзі, «Снягурачка» Рымскага-Корсакава (1954), «Сямён Катко» (1970) і «Гулец» (1974) Пракоф’ева, «Руслан і Людміла» М Глінкі (1972), «Выкраданне месяца» А.Тактакішвілі і «Мёртвыя душы» Р.Шчадрына (1977), «Арлеанская дзева» Чайкоўскага (1990), «Князь Ігар» А.Барадзіна (1993), «Хаваншчына» М.Мусаргскага (1995), «Франчэска да Рыміні» С.Рахманінава (1998) і інш. Шэраг спектакляў паставіў за мяжой, у т. л. «Вогненны анёл» Пракоф’ева (1981, Прага). У Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі паставіў оперы «Алеся» Я.Цікоцкага (1944, вызначалася нац. своеасаблівасцю) і «Кармэн» Ж.Бізэ (1945). Аўтар кніг па пытаннях муз.т-ра. Дзярж. прэміі СССР 1947, 1948, 1949, 1950. Ленінская прэмія 1980. Дзярж. прэмія Расіі 1994.
Літ. тв.: Об оперной режиссуре. М., 1973; Размышления об опере. М., 1979; Беседы об опере М., 1981; Ступени профессии. М., 1984; Сотворение оперного спектакля. М., 1985; Введение в оперную режиссуру. М., 1985.
Літ.:
Чудновский М.А. Режиссер ставит оперу... М., 1967;
Б.А.Покровский ставит советскую оперу. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́Л Януш (2.12.1612, мяст. Попель Вільнюскага пав., Літва — 31.12.1655),
дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ. Сын К.Радзівіла (гл. ў арт. Радзівілы). Вызнаваў кальвінізм. Вучыўся ў кальвінісцкай Слуцкай гімназіі, Лейпцыгскім, Альдорфскім і Лейдэнскім ун-тах. У 1633—46 падкаморы ВКЛ. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34 удзельнічаў у баях за Смаленск. З 1646 польны гетман ВКЛ, адначасова ў 1647—53 генеральны староста Жамойці. У час антыфеадальнай вайны 1648—51 са студз. 1649 узначальваў войска ВКЛ па задушэнні паўстанняў на Беларусі: у студз.—лют. 1649 узяў Тураў, Мазыр (гл.Мазырскае паўстанне 1649), схіляў мяшчан Бабруйска здаць горад (гл.Бабруйска абарона 1649); у ліп. 1649 заняў Рэчыцу, атрымаў перамогі ў Лоеўскай бітве 1649 і Лоеўскай бітве 1651, 4.8.1651 заняў Кіеў. У сак. 1652 з-за рознагалосся з каралём Р. упершыню ў гісторыі Рэчы Паспалітай сарваў сейм, даручыўшы сваім прыхільнікам выкарыстаць права ліберум вета. З 1653 віленскі ваявода, з 1654 — вялікі гетман ВКЛ. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 Р. 12.8.1654 перамог пад Шкловам армію Я.Чаркаскага, а 24.8.1654, акружаны пад Шапялевічамі, пацярпеў паражэнне ад арміі А.М.Трубяцкога, сам быў паранены. У студз. 1655 спрабаваў адбіць Магілёў. Пасля заняцця рас. войскам улетку 1655 б.ч. Беларусі, а таксама Вільні і Коўна, стаў ініцыятарам заключэння Кейданскага дагавора 1655. Аднак напярэдадні падпісання дагавора значная частка яго войска адышла да мяжы з Прусіяй і ўтварыла ў Вярболаве канфедэрацыю прыхільнікаў уніі з Польшчай і караля Яна Казіміра. Супраць іх у ліст. 1655 Р. з невял. сваім войскам і шведскімі атрадамі рушыў у паход на Падляшша. Заняў г. Тыкоцін, дзе раптоўна памёр (існуе версія, што быў атручаны).
Літ.:
Сагановіч Г. Невядомая вайна, 1654—1667. Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭРА́ЎСКІ (Цяраўскі) Уладзімір Васілевіч
(23.11.1871, в. Леніна Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 10.11.1938),
бел. харавы дырыжор, кампазітар, фалькларыст. Скончыў Слуцкае духоўнае вучылішча (1889). У 1890-я г. спяваў у капэле Дз.Агрэнёва-Славянскага, кіраваў аматарскімі харамі на Урале. З пач. 1900-х г. працаваў настаўнікам спеваў і рэгентам, узначальваў царк. хор Старажоўскай царквы ў Мінску. У 1914 стварыў у Мінску адзін з першых бел.хар. калектываў, які з 1917 рэарганізаваны ў Бел.нар. хор. У 1917—20 узначальваў муз. частку Першага т-вабел. драмы і камедыі, у 1920—30 гал. хормайстар БДТ-1 (з перапынкамі). У 1921 абвінавачаны ў антысав. дзейнасці, арыштаваны, асуджаны да расстрэлу, які заменены 5-гадовым зняволеннем. У 1923 датэрмінова вызвалены. У 1920-я г. кіраваў таксама хар. калектывамі пры БДУ, Мінскім педтэхнікуме, прафес. саюзе паштавікоў-тэлеграфістаў, з 1930 у царк. хоры пры Старажоўскай царкве. Стваральнік музыкі да спектакляў «Бязвінная кроў» У.Галубка (1918), «На Купалле» М.Чарота (1921), «Каваль-ваявода» Е.Міровіча (1925) і інш., дзе шырока выкарыстаў бел. песенны фальклор, а таксама да спектакляў «Паўлінка» і паводле драм. паэм «Адвечная песня», «На папасе» і «Сон на кургане» Я.Купалы (паст. ў 1920-я г. БДТ-1 і аматарскімі гурткамі Мінска). Аўтар шматлікіх гарманізацый нар. песень, арыгінальных рамансаў і песень на словы Я.Купалы, З.Бядулі, М.Чарота, М.Краўцова і інш. (часткова апублікаваны ў складзеных ім зб-ках «Беларускі спеўнік з нотамі на тры галасы паводле народных мелодый», 1921; «Беларускі лірнік», 1922; «Вайсковы зборнік», 1926). 17.8.1938 рэпрэсіраваны, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957.
Літ.:
Зубрыч І. Харавая творчасць беларускіх кампазітараў 20-х гг. // Беларускае мастацтва. Мн., 1962. Вып. 3;
Гесь А., Ляхоўскі У. «Калі песня жыве беларуса, будзе жыць беларускі народ!»: Жыццё і творчы шлях Уладзіміра Тэраўскага // Мастацтва. 1996. № 12.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЮРА́ЦІШКІ,
гарадскі пасёлак у Іўеўскім р-не Гродзенскай вобл. За 16 км на ПнУ ад г. Іўе, 174 км ад Гродна, 4 км ад чыг. ст. Юрацішкі на лініі Ліда—Маладзечна; аўтадарогамі злучаны з Іўем, Валожынам, Ашмянамі. 1,7 тыс.ж. (2003). Агароднінасушыльны з-д, лясніцтва. Сярэдняя і муз. школы, 2 б-кі, Дом культуры, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў, партызан і актывістаў; помнік Вызвалення. Помнік архітэктуры — Свята-Мікалаеўская царква (1532).
У пач. 16 ст. прыватнае мястэчка ў Ашмянскім пав. Віленскага ваяв.ВКЛ. Каля 1520 новагародскі, потым троцкі ваявода М.Гаштольд пабудаваў тут царкву. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 Ю. спалены. У канцы 17 ст. мястэчка і маёнтак належалі Гераніму Няміру, каля 1703—04 перайшло ва ўладанне Копацяў. У Паўн. вайну 1700—21 Ю. захоплены шведамі (у 1708). З 1795 у складзе Рас. імперыі, належалі Касцялоўскім, потым Радкевічам. У сярэдзіне 19 ст. Ю. — цэнтр воласці Ашмянскага пав. Віленскай губ. Жыхары Ю. актыўна падтрымалі Іўеўскае выступленне сялян 1861. З пабудовай чыгункі Маладзечна—Ліда за 4 км ад мястэчка ўзнікла чыг. ст. Ю. Ў 1862 заснавана нар. вучылішча. У 1897 у мястэчку 311 ж., 41 двор, нар. вучылішча. царква, капліца. крама, 2 піцейныя дамы. З 1905 сяло, 310 ж. У 1921—39 у складзе Польшчы. цэнтр гміны Валожынскага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР. З 15.1.1940 цэнтр Юрацішкаўскага раёна. У Вял.Айч. вайну з 29.6.1941 да 7.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Ю. і раёне 1415 чалавек. 20.4.1944 партызаны брыгады «Няўлоўныя» разграмілі ў Ю. фаш. гарнізон. У канцы чэрв. 1944 партызаны брыгады «Уперад» захапілі чыг. ст. Ю., разбурылі пуцявую гаспадарку, спалілі варожы эшалон. З 20.9.1944 у Маладзечанскай, з 20.1.1960 у Гродзенскай абл. З 23.12.1957 гар. пасёлак. З 20.1.1960 у Іўеўскім р-не.