сістэма па-мастацку асэнсаваных агульнаўжывальных і індывід. моўных сродкаў, якая служыць для выражэння ідэй, думак, пачуццяў пісьменніка ў маст. і публіцыст. творах. Асн. элементамі М.п. з’яўляюцца словы, сукупнасць якіх складае слоўнік мовы пісьменніка (напр., «Фразеалагічны слоўнік мовы твораў Я.Коласа», 1993; «Слоўнік мовы Янкі Купалы», т. 1, 1997). Расшырэнне і ўдасканаленне слоўніка — адна з умоў дакладнага, індывідуальна непаўторнага адлюстравання з’яў рэчаіснасці. Багацце М.п. характарызуецца колькасцю слоў, глыбінёй і разнастайнасцю індывід. аўтарскага выкарыстання іх спалучальных магчымасцей, сэнсавых адценняў, гукапісных і выяўл. сродкаў, якія дае мова для стварэння маст. вобразаў. Індывідуальнасць М.п., яе адметнасць — спосабы эстэт. асваення мовы, выкарыстанне яе стыляў, лексікі, вобразных сродкаў. Мяжа паміж словамі як моўнымі адзінкамі ва ўласным сэнсе і словамі М.п. ў галіне маст. пісьменніцкага ўжывання вельмі рухомая. Пры вылучэнні пераносных значэнняў, адценняў слоў у творах таго ці інш. пісьменніка тлумачацца стылістычныя асаблівасці яго маст. словаўжывання, апісваюцца факты адлюстравання і выкарыстання лексікі ў маст. творах. У гэтым сэнсе можна гаварыць аб тым, што пісьменнік прадстаўляе мову свайго часу. Аднак шматлікія сэнсавыя ўскладненні, каламбурныя і знарок супярэчлівыя адценні, якія атрымлівае слова ў кампазіцыі маст. твора, пераносныя ўжыванні, выкарыстанне фразеалагічных злучэнняў і інш. індывідуалізуюць мову кожнага пісьменніка. Поўнасцю індывідуальным, непаўторным элементам М.п. выступае сістэма вобразных сродкаў. Паняцце М.п. ўключае і сінтаксічна-стылістычныя асаблівасці пабудовы сказаў, якія вызначаюць манеру пісьменніка, яго стыль. Сінтакс. і рытмічная будова маст. тэксту набывае ў М.п. функцыі маст. сродкаў: «Спакойна і павольна, як у зачараваным сне, нясе Прыпяць сухадоламу Дняпру сваю багатую даніну...» (Я.Колас). Спалучэнне поліфункцыянальнасці і канкрэтнасці моўных сродкаў, дакладнасці і адчувальнасці вобразаў, сінтакс. і стылістычнай арганізацыі маст. тэксту дае магчымасць майстрам слова ствараць непаўторныя па сіле эстэт. ўздзеяння на чытача маст. творы.
Літ.:
Янкоўскі Ф. Слова і яго ўжыванне // Янкоўскі Ф. Роднае слова. 2 выд.Мн., 1972;
Стыль пісьменніка. Мн., 1974;
Храпченко М.Б. Творческая индивидуальность писателя и развитие литературы. 4 изд. М., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЗЫ́М ХІКМЕ́Т РАН (Nâzim Hikmet Rań; 20.1.1902, г. Салонікі, Грэцыя — 3.6.1963),
турэцкі пісьменнік, грамадскі дзеяч. Вучыўся ў Камуніст. ун-це працоўных Усходу ў Маскве (1921—24). Як камуніст 17 гадоў правёў у турмах Турцыі. З 1951 жыў у СССР. Друкаваўся з 1917. Першы зб. «Песня тых, што п’юць сонца» (1928, надрук. ў Баку). У зб-ках вершаў «835 радкоў» (1929), «Горад, які згубіў голас» (1931) сац. матывы. Антыкалан. ідэямі прасякнуты паэма «Джыяконда і Сі-Я-у» (1929), раман у вершах «Чаму Бенерджы скончыў жыццё самагубствам?», п’есы «Чэрап» (абодва 1932), «Усімі забыты» (1935). За рэв. накіраванасць зб. вершаў «Тэлеграма, якая прыйшла ноччу» (1932) зняволены ў турму, дзе стварыў паэт. эпапею «Чалавечая панарама» (1941—61, паэт. гісторыя 1-й пал. 20 ст.), нізку вершаў «Лісты з турмы», п’есу «Легенда пра каханне» (выд. 1965) і інш. Антыфаш. тэма ў зб. вершаў «Партрэты» (1935), кн. публіцыстыкі «Нямецкі фашызм і расавая тэорыя» (1936). Аўтар п’ес «Дзівак» (1955), «А ці быў Іван Іванавіч?» (1956), раманаў «Кроў не можа гаварыць» (выд. 1965), «Жыццё — добрая рэч, мой брат» (выд. 1967). Увёў у тур. паэзію новыя рытмы, т.зв. свабодны верш. Бел.т-р імя Я.Купалы паставіў п’есы «Забыты ўсімі» (1958), «Дзівак» (1964), «Сляпы падзішах» (1966). На бел. мову яго вершы пераклалі М.Аўрамчык, А.Вялюгін, А.Зарыцкі, У.Паўлаў, А.Русецкі, М.Танк. Міжнар. Ленінская прэмія «За ўмацаванне міру паміж народамі» за 1950.
Тв.:
Бел.пер. — у кн.: Ідзе Кастрычнік па зямлі. Мн., 1987;
У кн.: На зорных шляхах. Мн., 1991;
Рус.пер. — Избранное: Стихотворения. Поэмы. М., 1974;
Избранное. Т. 1—2. М., 1987;
Собака лает — караван идет: Миниатюры. М., 1979.
Літ.:
Бабаев А.А. Назым Хикмет: Жизнь и творчество. М., 1975;
Меликов Т. Назым Хикмет и новая поэзия Турции. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВІК-ПЯЮ́Н (Сяргей Міхайлавіч) (27.8.1906, в. Лявонавічы Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. — 26.8.1994),
бел.пісьменнік. Скончыў Нясвіжскую гімназію (1924), бел. настаўніцкія курсы ў Вільні (1926). Арганізатар і першы кіраўнік хору ў Лявонавічах (з 1963 народны), стварыў там тэатр, б-ку, гурток ТБШ, за што высланы ў г. Свеце над Віслай (1926—31). Пасля вяртання зноў арыштаваны, высланы пад нагляд паліцыі ў Слонім. У 1939 зняволены ў астрог у г. Баранавічы. Вызвалены Чырв. Арміяй. З 1939 інспектар Слонімскага аддзела нар. адукацыі, дырэктар Слонімскага краязн. музея. Ў Вял.Айч. вайну ў 1943 арыштаваны слонімскім СД і зняволены ў Калдычэўскі лагер смерці пад Баранавічамі. Пасля вызвалення працаваў дырэктарам Слонімскага музея. 14.12.1944 арыштаваны сав. органамі бяспекі, высланы на Калыму. Рэабілітаваны ў 1958. Жыў у Слоніме, Нясвіжы, з 1960 у Мінску. Друкаваўся з 1924. У 1927 выдаў у Вільні пад псеўд. «Малады Дзядок» п’есу «Ёлка Дзеда Мароза». У 1927—31 супрацоўнічаў з віленскім дзіцячым час. «Заранка», газ. «Беларуская крыніца», часопісамі «Студэнцкая думка», «Шлях моладзі», «Хрысціянская думка» і інш., у 1940—41 друкаваўся ў слонімскай раённай газ. «Вольная праца». Аўтар зб-каў вершаў «Заўсёды з песняй» (1984), для дзяцей «Зорачкі ясныя» (1986), успамінаў пра Я.Купалу, Г.Леўчыка, І.Стаброўскага, Я.Карскага, ген. Я.Леашэню. Напісаў больш за 100 песень (словы і музыка Н.-П.). Песні «Зорачкі» і «Над Шчарай» («Слонімскі вальс») і інш. сталі народнымі. Пераклаў на бел. мову п’есы П.Салаўёвай (Алегра) «Цудоўная ноч», «Пакой у наймы», «Прадка пад крыжам», польскую камедыю А.Абрамовіча і Р.Рушкоўскага «Муж у ветлівасці», «Русалку» А.Пушкіна, «Першага вінакура» Л.Талстога. Эсперантыст. Аўтар эсперанцкага міжнар. гімна. Зб. «Песні з-за кратаў» застаўся ў рукапісе.
Літ.:
Лойка А. Душа рвалася да песень // ЛіМ. 1981. 9 кастр.;
Шишигина К. Музы Несвижа. Мн., 1986. С. 61—63, 101—102, 108, 110, 112.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́РДА (Напалеон) (11.2.1807, в. Варацэвічы Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. — 26.4.1883),
піяніст, кампазітар, педагог, муз.пісьменнік, мастак. Творчасць звязана з маст. жыццём Беларусі і Польшчы. З 1823 вучыўся ў Віленскім ун-це, з якога ў 1827 выключаны за прыналежнасць да тайнага студэнцкага т-ва«Заране». Удзельнік паўстання 1830—31, пасля яго задушэння эмігрыраваў у Францыю, дзе ў 1833 удасканальваў майстэрства ігры на фп. ў Ф.Шапэна. У 1838 выдаў «Альбом твораў польскіх кампазітараў», свае творы для фп. (паланэзы, вальсы, серэнады, мазуркі), рамансы і песні на словы С.Вітвіцкага і А.Плуга. У сярэдзіне 1840-х г. — дырэктар Італьянскай оперы ў Парыжы; там жа атрымаў маст. адукацыю ў студыі П.Жэрара. З 1856 жыў у Варацэвічах, у 1862—63 у Гродне, потым на Валыні, быў хатнім настаўнікам музыкі. Лепшыя яго муз. творы, асабліва паланэзы, вызначаюцца маштабнасцю, віртуозным стылем, меладычнасцю, драматызмам, разнастайнасцю і багаццем фактуры; у некат. творах пераважае лірычны пачатак, у паланэзах назіраецца імкненне да «паэмнасці», што характэрна для эвалюцыі жанру ў сярэдзіне 19 ст. Аўтар «Граматыкі музыкі» (Варшава, 1873). Шмат падарожнічаў па Беларусі, Украіне, Польшчы і Літве, рабіў замалёўкі мясцін, звязаных з жыццём вядомых людзей, і арх. помнікаў. Вял. каштоўнасць для гісторыі архітэктуры маюць арх. замалёўкі (больш за 200 па Беларусі), якія вызначаюцца строгай дакументальнасцю. Паводле яго малюнкаў і акварэлей у 1873—83 створаны (мастак А.Місуровіч) і выдадзены ў Варшаве літаграфіі (260 графічных аркушаў у 8 серыях). У г. Іванава Брэсцкай вобл. пастаўлены помнік О. (1997, скульпт. І.Голубеў). Іл.гл. таксама да арт.Беларусь, Графіка, Класіцызм, Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс.
Літ.:
Дробаў Л. Напалеон Орда — мастак і збіральнік // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1971. № 3;
Ахвердова Е. Друг Мицкевича и Шопена // Неман. 1983. № 6;
Яе ж. Пачынальнікі беларускага піянізму // Мастацтва Беларусі. 1985. № 2;
Якімовіч Ю.А. Беларуская архітэктура ў малюнках Напалеона Орды // Там жа 1983. № 7.
Л.Н.Дробаў.
Н.Орда.Н.Орда Бярозаўскі касцёл і кляштар картэзіянцаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАУСТО́ЎСКІ (Канстанцін Георгіевіч) (31.5.1892, Масква — 14.7.1968),
рускі пісьменнік. Вучыўся ў Кіеўскім (1911—13), Маскоўскім (1914) ун-тах. Пасля 1917 супрацоўнічаў у газетах, «Окнах РОСТА», ТАСС. Падарожнічаў па краіне, быў на Беларусі. Друкаваўся з 1912. Першы раман «Рамантыкі» (1916—23, апубл. ў 1935). У ранніх творах (зб-кіапавяд. і нарысаў «Марскія эскізы», 1925; «Сустрэчныя караблі», 1928; раман «Зіхатлівыя воблакі», 1929) востры дынамічны сюжэт, героі — летуценнікі, якія прагнуць рамант. прыгод. Аповесці «Кара-Бугаз» (1932), «Калхіда» (1934) пра этычныя праблемы пераўтварэння навакольнага асяроддзя. Карціны рус. прыроды ў аповесці «Мяшчорская старана» (1939), апавяд. (зб. «Летнія дні», 1937) і інш. У аўтабіягр. эпапеі «Аповесць пра жыццё» (ч. 1—6, 1945—63) шмат раздзелаў прысвечана Беларусі («Карчма на Брагінцы», «Мястэчка Кобрын», «У балотных лясах», «Гнілая зіма» і інш.). Аўтар нататак пра пісьменніцкую працу «Залатая ружа» (1955), гіст. аповесцей «Лёс Шарля Лансевіля» (1933), «Паўночная аповесць» (1938; аднайм. фільм 1960), біягр. аповесцей пра людзей мастацтва «Ісак Левітан» (1937), «Тарас Шаўчэнка» (1939), п’ес «Паручнік Лермантаў» (1941), «Наш сучаснік (Пушкін)» (1949), кніг гіст.-біягр. нарысаў «Блізкія і далёкія» (1967), успамінаў, казак, кінасцэнарыяў і інш. Прозе П. ўласцівы лірызм, эмацыянальнасць, рамант. ўспрыняцце жыцця, паэтычнасць мовы. П’еса «Пярсцёнак» паст. Брэсцкім т-рам драмы і музыкі (1976). Асобныя яго творы на бел. мову пераклалі Я.Брыль, А.Кучар, А.Марціновіч, Л.Салавей і інш.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—9. М., 1981—86;
Бел.пер. — Кара-Бугаз. 2 выд.Мн., 1935;
Калхіда. Мн., 1935;
Чорнае мора. Мн., 1938;
Аповесці. Мн., 1957;
Белая вясёлка: Аповесці і апавяданні. Мн., 1976.
Літ.:
Левицкий Л.А. Константин Паустовский. 2 изд. М., 1977;
Кременцов А.И. К.Г.Паустовский: Жизнь и творчество. М., 1982;
Воспоминания о Константине Паустовском. М., 1983;
Измайлов А.Ф. Наедине с Паустовским: К.Г.Паустовский — прозаик, публицист, критик, драматург.Л., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРУС (Prus) Баляслаў [сапр.Главацкі
(Głowacki) Аляксандр; 20.8.1847, г. Грубешаў, Польшча — 19.5.1912], польскі пісьменнік, публіцыст. Вучыўся ў Гал. школе ў Варшаве (1866—68). З 1873 супрацоўнічаў у газетах і часопісах, у 1882—83 рэдактар час. «Nowiny» («Навіны»). Друкаваўся з 1872. Зазнаў уплыў польскага пазітывізму. Аўтар рэаліст. аповесцей «Анелька», «Зваротная хваля» (абедзве 1880),
«Фарпост» (1885), у якіх крытыка шляхты, жыццё рабочых, барацьба сялян супраць ням. каланізацыі. Жыццё чалавека з сац. нізоў, лёс дзіцяці і яго ўяўленне аб навакольным свеце ў навелах «Міхалка» (1880), «Антак» (1881), «Камізэлька» (1882), «Грахі маленства» (1883) і інш. Вяршыня яго рэаліст. творчасці — сац.-псіхал. раман «Лялька» (1887—89, экранізацыя 1968), у якім аналіз грамадскага і духоўнага жыцця Польшчы 19 ст., разнастайнасць характараў, банкруцтва ідэй пазітывізму, а таксама рамант. ілюзій. У сац.-быт. рамане «Эмансіпіраваныя жанчыны» (1890—93) карціна жыцця Варшавы і правінцыі, багацце псіхал. і прафес. тыпаў жанчын. Гісторыка-філас. раман «Фараон» (1895—96, экранізацыя 1966) адметны маст. дасканаласцю; на фоне паліт. барацьбы за ўладу ў Егіпце ў 11 ст. да н.э. вырашаюцца праблемы сучаснасці. Аўтар раманаў «Дзеці» (1908), «Перамены» (1911), літ.-крытычных прац. Стварыў арыгінальную форму «Хронік» (т. 1—20, выд. 1954—70). Яго творчай манеры ўласцівы спалучэнне псіхал. і сац. аналізу, гумар, лірызм, канкрэтнасць і пластычнасць апісанняў. На бел. мову асобныя творы П. пераклалі Я.Брыль, П.Бітэль, М.Чарнецкі.
Тв.:
Pisma. T. 1—29. Warszawa, 1948—52;
Listy. Warszawa, 1959;
Wybór pism. T. 1—10. 5 wyd. Warszawa, 1974—75;
Бел.пер. — Міхалка. Мн., 1930;
Грахі маленства: Апавяданні. Мн., 1981;
На канікулах // Далягляды, 1987. Мн., 1987;
Рус.пер. — Соч.Т. 1—7. М., 1961—63.
Літ.:
Szweykowski Z. Twórczość Bolesława Prusa. 2 wyd. Warszawa, 1972;
Pieścikowski E. Nad twórczością Bolesława Prusa. Poznań, 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫ́ШВІН (Міхаіл Міхайлавіч) (4.2.1873, маёнтак Хрушчава, Ялецкі р-н Ліпецкай вобл., Расія — 16.1.1954),
рускі пісьменнік. Скончыў Лейпцыгскі ун-т (1902). Друкаваўся з 1898. Першае апавяданне — «Сашка» (1906). Замілаванне родным краем, назіранні над побытам і моваю жыхароў Поўначы, запісы сказаў у кн. «У краіне непалоханых птушак» (1907), «За чароўным калабком» (1908). У нарысах «Адам і Ева» (1909), «Чорны араб» (1910), «Слаўныя бубны» (1913) уражанні ад паездкі ў Крым і Казахстан. Нарысы «Крыніцы Берандзея» (1925, дапоўненае выд. пад наз. «Каляндар прыроды», 1935), аўтабіягр. раман «Кашчэеў ланцуг» (выд. 1960), аповесці «Жураўлёва радзіма» (1929), «Неапранутая вясна» (1940) пра філас. і маральныя пошукі чалавека, яго сувязь з прыродаю. У кн. «Апавяданні пра ленінградскіх дзяцей» (1944), «Аповесць нашага часу» (1945, поўнае выд. 1957) — падзеі Вял.Айч. вайны. Аўтар рамана-казкі «Асударава дарога» (нап. ў 1930-я г., апубл. 1957), паэмы ў прозе «Фацэлія» (1940), аповесці «Жэнь-шэнь» (першапачаткова «Корань жыцця», 1933, фільм «Хаціна старога Лувена», 1935), казкі-былі «Кладоўка сонца» (1945), аповесці-казкі «Карабельны гушчар» (1954), дзённікаў (кн. «Вочы зямлі», апубл. 1957), кінасцэнарыяў і інш. П. — тонкі пейзажыст, пранікнёны лірык і публіцыст, псіхолаг і педагог. З яго творчасцю тыпалагічна звязаны лірычныя пейзажы, замалёўкі прыроды Я.Маўра, Я.Брыля, В.Адамчыка, В.Вольскага. На бел. мову асобныя творы П. пераклалі Адамчык, Я.Брыль, Я.Маўр, Б.Сачанка і інш.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—8. М., 1982—86;
Бел.пер. — Ярык. Мн., 1937;
Звер бурундук. Мн., 1940;
Лісічкін хлеб. Мн., 1941;
Журка. Мн., 1948;
Кладоўка сонца: Казка-быль. Мн., 1948;
3 дзённікаў // Маладосць. 1973. № 2.
Літ.:
Пришвина В.Д. Круг жизни: Очерки о М.М.Пришвине. М., 1981;
Яе ж. Путь к слову. М., 1984;
Курбатов В.Я. Михаил Пришвин: Очерк творчества. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ДЗЕВІЧ (Леапольд Іванавіч) (12.6.1895, фальварак Кур’янаўшчына, цяпер Лагойскі р-н Мінскай вобл. — 1938?),
бел.паліт. і грамадскі дзеяч, пісьменнік. Брат Ч.І.Родзевіча. Вучыўся ў Камуніст. ун-це нац. меншасцей Захаду (1923—24). З 1910 у Вільні, уключыўся ў бел.культ.-асв. і грамадскі рух. Удзельнічаў у Беларускім музычна-драматычным гуртку, выступаў у Першай беларускай трупе Ігната Буйніцкага. У 1917 мабілізаваны ў армію. У час польск. акупацыі 1919—20 працаваў пісарам Бел. вайсковай камісіі ў Мінску. З прыходам сав. улады ў апараце Наркамата земляробства БССР, потым пераехаў у Вільню. У 1921—23 кіраваў Беларускай драматычнай майстроўняй, рэдагаваў газ.«Беларускі звон», «Наша будучыня». У 1922 увайшоў у Беларускую рэвалюцыйную арганізацыю (БРА), чл. яе ЦК. У 1923 арыштаваны польск. ўладамі. Адзін з ініцыятараў аб’яднання БРА з КПЗБ; з 1923 чл.ЦККПЗБ. З 1924 сакратар Гродзенскага акр.к-таКПЗБ. У 1925—33 рэдактар газ.«Чырвоны сцяг», час.«Бальшавік». На II канферэнцыі КПЗБ (ліст. 1924) далучыўся да сэцэсіі. З восені 1925 у Мінску, кіраваў замежнай рэдакцыяй прадстаўніцтва ЦККПЗБ пры ЦККП(б)Б, быў рэдактарам «Бюлетэня ЦККПЗБ», членам Камісіі па вывучэнні Зах. Беларусі пры АНБССР. У 1933 арыштаваны па справе т.зв. Бел.нац. цэнтра. Да 1938 знаходзіўся ў Саратаве. У 1938 паўторна арыштаваны (дакладныя дата і месца смерці невядомы). Рэабілітаваны ў 1956. Аўтар драм «Блуднікі» (1912, надрук. ў 1960), «Пакрыўджаныя» (1916, надрук. ў 1921), вадэвіляў, у т. л. «Збянтэжаны Саўка» (1921), «Багаты і бедны» (1922), паэт. зб-каў «Беларусь» (1922), «На паняволеных гонях» (1928) і інш.
Літ.:
Хаўратовіч І. Ён заслужыў добры ўспамін аб сабе // Полымя. 1965. №9;
Ліс А. Паміж літаратурай і палітыкай: драма аднаго рамантыка // Спадчына. 1997. №3. Bergman A. Leopold Rodziewich // Bergman A. Sprawy białoruskie w II Rzeczypospolitej Warszawa, 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ГАЛЬ (Мікалай Васілевіч) (1.4.1809, с. Вялікія Сарочынцы Палтаўскай вобл., Украіна — 4.3.1852),
рускі пісьменнік, пачынальнік крытычнага рэалізму ў рус. л-ры. Скончыў Нежынскую гімназію вышэйшых навук (1828). Служыў чыноўнікам у Пецярбургу (1829—31). Выкладаў гісторыю ў Пецярбургскім ун-це (1834—35). З 1836 жыў пераважна за мяжой (Італія, Германія, Швейцарыя, Аўстрыя, Францыя). У 1840 у Вене перажыў цяжкую нервовую хваробу, якая адбілася на яго светаадчуванні і прадвызначыла наступныя душэўныя зрывы. З 1848 у Расіі. Першы твор — паэма-ідылія «Ганц Кюхельгартэн» (1829). Літ. вядомасць прынесла кн. аповесцей «Вечары на хутары ля Дзіканькі» (ч. 1—2, 1831—32), у якой створаны паэт. вобраз Украіны, яскравыя малюнкі нар. жыцця і побыту, шырока выкарыстаны ўкр. фальклор. Зб-кі «Міргарад» і «Арабескі» (абодва 1835) засведчылі станаўленне пісьменніка на пазіцыях рэалізму і народнасці. У аповесці «Тарас Бульба» (1835, новая рэд. 1842) у эпічна-былінным стылі ўславіў барацьбу ўкр. народа за нац. вызваленне ў 17 ст. Як глыбокі рэаліст і бязлітасны сатырык выступіў у т.зв. «пецярбургскіх аповесцях» («Нос», «Партрэт», «Неўскі праспект», «Запіскі вар’ята» і інш., 1835—42), у «Аповесці пра тое, як пасварыўся Іван Іванавіч з Іванам Нічыпаравічам» (1834). Наватарскі характар драматургіі камедыі «Рэвізор» (паст. 1836) дазволіў увасобіць у вобразах чыноўнікаў павятовага горада аблічча ўсёй тагачаснай Расіі. Сярод інш.драм. твораў Гогаля камедыі «Жаніцьба», «Гульцы», «Тэатральны раз’езд пасля паказу новай камедыі» (усе 1842) і інш.Маст. адкрыццём стаў вобраз «маленькага чалавека» з аповесці «Шынель» (1842), у якой Гогаль стаў на абарону зняважанай чалавечай годнасці. Вяршыня творчасці Гогаля — паэма-раман «Мёртвыя душы» (т. 1, 1842), дзе ў вобразах надзвычайнай маст. і псіхал. ёмістасці пісьменнік увасобіў маральнае аблічча сучаснага яму грамадства. Духоўныя пошукі 1840-х г. прывялі Гогаля да вывучэння багаслоўскіх прац, гісторыі царквы. Яго «Выбраныя мясціны з перапіскі з сябрамі» (1847) сталі адным з самых палемічных твораў рус. л-ры. У ёй Гогаль выказаў веру ў мажлівасць лепшага ўладкавання Расіі, яе месіянскую ролю, заснаваную на вернасці ідэалам праваслаўя і маральнага ўдасканалення чалавека. Большасць крытыкаў убачыла ў кн. пераход пісьменніка да рэліг. пропаведзі. В.Бялінскі абвінаваціў Гогаля ў крывадушнасці і жаданні стварыць гімн уладам. Грамадскае непрыняцце «Выбраных мясцін...» у многім вызначылі далейшы лёс Гогаля і яго творчасці. За 10 дзён да смерці Гогаль спаліў рукапіс 2-га т. «Мёртвых душ». З імем Гогаля ў рус. л-ры звязана станаўленне крытычнага рэалізму, т.зв.натуральнай школы. М.Чарнышэўскі ўвёў ва ўжытак нават паняцце «гогалеўскі перыяд рускай літаратуры».
Творчасць Гогаля зрабіла ўплыў на бел. л-ру (В.Дунін-Марцінкевіч, Ф.Багушэвіч, Я.Колас, М.Гарэцкі, З.Бядуля, К.Чорны, К.Крапіва, Я.Брыль і інш.). На бел. мову яго творы перакладалі М.Краўцоў, Крапіва, М.Лужанін, М.Машара, М.Паслядовіч, А.Бачыла, П.Місько, В.Рабкевіч і інш. У перакладзе на бел. мову выдадзены кн. Гогаля «Жаніцьба» (1937), «Вечары на хутары ля Дзіканькі» (1950), «Мёртвыя душы» (1950), «Рэвізор» (1951), «Тарас Бульба» (1954) і інш. Першыя пастаноўкі п’ес Гогаля на Беларусі адбыліся ў 19 ст. («Рэвізор», 1848; «Жаніцьба», 1850; «Цяжба», 1853; «Запіскі вар’ята», 1888, і інш.). У 1945 «Рэвізор» паст. ў Бел. т-ры Я.Коласа. У Тэатры-студыі кінаакцёра «Беларусьфільма» ажыццёўлены арыгінальныя пастаноўкі «Запіскі вар’ята» (1983) і «Фантазіі паводле Гогаля» (1987).
Тв.:
Полн. собр. соч.Т. 1—14. М., 1937—52;
Собр. соч.Т. 1—7. М., 1984—86;
Бел.пер. — Зачараванае месца // Наша ніва. 1909. № 9;
Тарас Бульба. Рэвізор. Мёртвыя душы. Мн., 1990.
Літ.:
Белинский В.Г. О Гоголе. М., 1949;
Чернышевский Н.Г. Очерки гоголевского периода русской литературы. М., 1953;
Н.В.Гоголь в воспоминаниях современников. М.; Л., 1952;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ЛЕЖ (Іван Паўлавіч) (8.2.1921, в. Глінішча Хойніцкага р-на Гомельскай вобл. — 9.8.1976),
бел.пісьменнік. Нар.пісьменнік Беларусі (1972). Скончыў БДУ (1945). Удзельнік Вял.Айч. вайны. У 1942 пад Растовам цяжка паранены. У 1941—42 вёў дзённік. З 1945 працаваў у час. «Полымя», у апараце ЦККП(б)Б. З 1966 сакратар, у 1971—76 нам. старшыні праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Дэбютаваў вершамі ў 1939. Як празаік упершыню выступіў у 1943 у газ. «Бугурусланская правда». Першае апавяданне на бел. мове «Сустрэча ў шпіталі» (1944). Адно з ранніх апавяданняў — «У завіруху» — высока ацаніў К.Чорны. У 1946 яно дало назву зборніку. Аповесць «Гарачы жнівень» (1946) пра цяжкасці аднаўленчага перыяду. Першы раман «Мінскі напрамак» (1952). У 1960—70-я г. гэты твор перапрацаваны і стаў больш шматпланавым і маштабным па ахопе падзей, багатым на сапраўдныя нар. характары, праз якія пераканаўча паказана героіка і трагедыя вайны. Выдаў зб-кі апавяданняў «Блізкае і далёкае» (1954), «У гарах дажджы» (1957), «Што ён за чалавек» (1961). Аўтар п’есы пра інтэлігенцыю «Пакуль вы маладыя» (1956, паст.Бел. т-рам імя Я.Купалы 1957), гісторыка-рэв. драмы «Дні нараджэння» (1958, паст. тамсама 1959). Найвялікшым дасягненнем М. і ўсёй бел. л-ры стала трылогія з цыкла «Палеская хроніка» — раманы «Людзі на балоце» (1961, Літ. прэмія імя Я.Коласа 1962), «Подых навальніцы» (1964—65, за абодва Ленінская прэмія 1972) і «Завеі, снежань» (1976). Раман «Людзі на балоце» М. пачаў як твор лірычны і называў яго «лірычным раманам», а наступныя раманы трылогіі ствараў ужо як трагедыйныя раманы-даследаванні. У іх выявілася грамадз. смеласць і ідэйна-маст. маштабнасць у асэнсаванні складаных абставін калектывізацыі на Палессі, жыцця Беларусі 1920—30-х г., праўдзівасць і шчырасць аўтара ў спалучэнні з яго высокай прафес. культурай, глыбокім і тонкім псіхалагізмам, разуменнем душы бел. селяніна. Непаўторная маст. канцэпцыя тагачаснага жыцця народа, вял. ідэйны змест данесены праз дасканалую маст. форму і адметныя вобразы. Лёс і драма жыцця і кахання Васіля Дзятла і Ганны індывідуальныя, глыбока народныя; і астатнія вобразы паказаны ва ўсёй іх складанасці, глыбіні і непаўторнасці, яны сцвярджаюць чалавечнасць у чалавеку. «Палеская хроніка» — глыбокае філасофска-маст. асэнсаванне жыцця бел. народа на вельмі важным гіст. этапе, яна стала нац. эпапеяй. У 1975 М. выдаў кн. літ.крытычных артыкулаў, эсэ, інтэрв’ю і публіцыстыкі «Жыццёвыя клопаты» (Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1976), у 1977 выйшла «Першая кніга» (дзённікі, запісы ваен. гадоў). Паводле «Палескай хронікі» Бел. тэлебачанне паставіла 3-серыйны тэлеспектакль (1965), у 1979 — тэлеспектакль па рамане «Завеі, снежань». Бел. тэатр імя Я.Купалы паставіў спектакль «Людзі на балоце» (1966, інсцэніроўка Т.Абакумоўскай і З.Браварскай). Паводле матываў гэтага рамана К.Цесакоў стварыў радыёоперу «Барвовы золак» (1983). Жыццю і творчасці пісьменніка прысвечаны дакумент. фільм «Іван Мележ» (сцэнарый В.Адамчыка, 1978). Рэжысёры В.Тураў і Дз.Зайцаў на студыі «Беларусьфільм» паставілі маст. кінафільмы «Людзі на балоце» (1982, Дзярж. прэмія СССР 1984) і «Подых навальніцы» (1983). У 1984 Тураў зняў 8-серыйны тэлефільм. М. быў старшынёй праўлення Бел. аддзялення т-ва «СССР—Францыя», старшынёй Бел.к-та абароны Міру, чл.Сусв. Савета Міру. Яго імем названы школа ў в. Глінішча, б-ка ў Гомелі, цеплаход. У в. Глінішча адкрыты літаратурны музей М. У 1980 устаноўлена Літ. прэмія Саюза пісьменнікаў Беларусі імя М.
Тв.:
Збор тв.Т. 1—6. Мн., 1969—71;
Збор тв.Т. 1—10. Мн. 1979—85.
Літ.:
Успаміны пра Івана Мележа. Мн., 1982;
Сказ пра Івана Мележа. Мн., 1984;
Бугаёў Дз. Вернасць прызванню. Мн., 1977;
Кулешов Ф. Подвиг художника. 2 изд. Мн., 1982;
Гніламёдаў У. Іван Мележ. Мн., 1984;
Смыкоўская В. Творчая канцэпцыя пісьменніка. Мн., 1976;
Ляшук В. Іван Мележ у школе. Мн., 1981;
Адамовіч А. Здалёк і зблізку. Мн., 1976;
Яго ж. Літаратура, мы і час.Мн., 1979;
Яго ж. Собр. соч.Т. 4. Мю. 1983;
Андраюк С. Іван Мележ // Стыль пісьменніка. Мн., 1974;
Драздова З.У. Майстэрства слова. Мн., 1993;
Шупенька Г. Прага мастацкасці. Мн., 1996. С. 12—81;
Смыкава І. Іван Мележ // Смыкава І. Беларускія пісьменнікі-лаўрэаты. Мн., 1973.