прымацаванне сялян да зямлі законамі феад. дзяржавы; залежнасць сялян ад феадалаў у асабістых, маёмасных, зямельных, адм.юрыд. адносінах. Вынікала з уласнасці феадалаў на зямлю, на якой жылі сяляне. Уключала забарону сялянам пакідаць свае зямельныя надзелы, спадчыннае падпарадкаванне адм. і суд. уладзе феадала, пазбаўленне сялян права адчужаць свае надзелы і набываць нерухомасць, прымусовую працу сялян у гаспадарцы феадала (паншчыну) і ўплату выплату яму розных грашовых і натуральных павіннасцей (аброку). У Зах. Еўропе П.п. было пашырана з 8—9 ст., з развіццём таварна-грашовых адносін паступова адмянялася (з 12—13 ст.). У шэрагу краін Цэнтр. і Усх. Еўропы (Германія, Чэхія, Польшча і інш.) у 16—18 ст. прыгонная залежнасць узмацнілася (т.зв. другое выданне П.п.). П.п. тут паступова скасоўвалася з сярэдзіны 18 ст. Пытанне аб існаванні П.п. ў Азіі застаецца дыскусійным. Але ў цэлым у большасці краін Усходу адсутнасць развітой паншчыннай гаспадаркі і звязанай з ёй адработачнай рэнты абумовіла адсутнасць такога юрыд. ін-та П.п., які адпавядае пэўнай сістэме памешчыцкай і сял. гаспадаркі. Аднак гэта не азначала існавання поўнай свабоды пераходу.
Элементы П.п. ў Кіеўскай Русі ў адносінах да асобных катэгорый сялян (закупы, смерды), якія эксплуатаваліся на паншчыне, прасочваюцца з 11—12 ст. У Паўн.-Усх. Русі з сярэдзіны 15 ст. рост плошчы ворыва суправаджаўся ўзмацненнем эксплуатацыі феад. залежных сялян у выглядзе паншчыны. аброку і інш. павіннасцей. Асабістая залежнасць сялян ўзмацнялася даўгавой пасткай, у якую сяляне траплялі пасля атрымання ад феадалаў пазык грашыма, насеннем і інш. Сяляне, каб пазбавіцца ад гэтай залежнасці, часта мянялі ўладальнікаў шляхам пераходаў (гл.Выхад сялянскі) Феад. дзяржава імкнулася абмежаваць сял. пераходы праз устанаўленне для сялян некат., асабліва паўночных, зямель акрэсленага тэрміну змены ўладальнікаў: тыдзень да Юр’ева дня (26 ліст.) і тыдзень пасля яго. З утварэннем у канцы 15 ст.Рус. цэнтралізаванай дзяржавы Судзебнік 1497 пашырыў гэтую норму на ўсю яе тэр., чым быў пакладзены пачатак юрыд. запрыгоньванню сялян. Пераход сялян да інш. уладальнікаў быў магчымы пасля выплаты феадалу за т.зв. пажылое. У 1581 Іван IV увёў забарону на сял. пераходы і ў наступныя гады пацвердзіў яе. Сяляне бестэрмінова замацоўваліся за феадаламі. што фіксавалася ў пісцовых кнігах. У 1597 уведзены 5-гадовы тэрмін вышуку збеглых сялян («урочныя» гады). У 1607 гэты тэрмін павялічаны да 15 гадоў і ўзаконена права феадалаў на сялян паводле запісаў у пісцовых кнігах 1591—92. Саборнае ўлажэнне 1649 устанавіла бестэрміновы вышук збеглых сялян. Сяляне пасля 1649 сталі прыгоннымі, фактычнай уласнасцю сваіх феадалаў-землеўладальнікаў. Была ўстаноўлена спадчыннасць прыгоннага стану і права феадала распараджацца маёмасцю селяніна. Указы 1675, 1682, 1688 санкцыянавалі продаж сялян без зямлі, указ 1760 афіцыйна дазваляў раздзяляць пры продажы бацькоў і дзяцей. Дваране-землеўладальнікі атрымалі права ссылаць сваіх прыгонных у Сібір (1760), адпраўляць на катаргу (1765) і ў турму (1775). У 1741 памешчыцкія сяляне адхілены ад прысягі імператару, у 1767 ім пад пагрозай цяжкага пакарання забаронена падаваць скаргі на сваіх уладальнікаў. П.п. ў Рас. імперыі ў 2-й пал. 18 ст. амаль не адрознівалася ад рабства (дваране не мелі толькі права караць смерцю сваіх прыгонных). У 1783 яно пашырана на Левабярэжную Украіну, у 1796 — на Наваросію. Найб. бяспраўныя катэгорыі прыгонных — дваровыя людзі і пазбаўленыя надзелаў месячнікі, якія працавалі ўвесь час на паншчыне і штомесячна атрымлівалі харч. паёк.
На Беларусі пачатак юрыд. афармленню П.п. паклаў Прывілей 1447вял. князя ВКЛ Казіміра IV, якім забаронены пераход прыватнаўласніцкіх сялян (чэлядзь нявольная, людзі «непахожыя») у велікакняжацкія маёнткі. Гэтыя катэгорыі сялян абкладаліся павіннасцямі толькі на карысць сваіх землеўласнікаў, якія атрымалі над імі неабмежаваную, у т. л. судовую, уладу. «Устава на валокі» 1557, Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588 завяршылі працэс запрыгоньвання сялян. Статут 1529 устанавіў 10-гадовы тэрмін пражывання вольных сялян (людзей «пахожых») на землях феадалаў, пасля заканчэння якога яны рабіліся прыгоннымі. Гэтую норму пацвердзіў і Статут 1588, які павялічыў устаноўлены Статутам 1566 10-гадовы тэрмін вышуку збеглых сялян да 20 гадоў. Паводле асн. павіннасцей прыгонныя сяляне ўмоўна падзяляліся на цяглых сялян і асадных сялян. Да канца 16 ст.б. катэгорыі сялян — чэлядзь нявольная і людзі «непахожыя» ўтварылі адзіны клас-саслоўе прыгонных сялян. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі (у 1772—95) рас. прыгонніцкае заканадаўства пашырылася і на яе тэрыторыю.
Эканам. неэфектыўнасць прыгоннага ладу, грамадскае асуджэнне яго антыгуманных праяў, сял. хваляванні абумовілі ў канцы 18 — сярэдзіне 19 ст. шэраг урадавых захадаў па абмежаванні П.п. і з’яўленне афіц. праектаў яго паступовай адмены. У 1808 забаронена прадаваць прыгонных на кірмашах, у 1833 — раз’ядноўваць пры продажы сем’і. Частковае распрыгоньванне невял. часткі сялян адбылося паводле законаў аб вольных хлебаробах (1803) і часоваабавязаных сялянах (1842). Паводле рэформы 1838—42 на Беларусі, у Літве і Правабярэжнай Украіне адменена арэндна-паншчынная (фактычна прыгонніцкая) эксплуатацыя дзярж. сялян. П.п. скасавана паводле Сялянскай рэформы 1861, але яго перажыткі захоўваліся ў выглядзе адпрацовак да Кастр. рэвалюцыі 1917.
Літ.:
Фридман М.Б. Отмена крепостного права в Белоруссии. Мн., 1958;
Корецкий В.И. Формирование крепостного права и первая крестьянская война в России. М., 1975;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭПАТРЫЯ́ЦЫЯ (ад позналац. repatriatio вяртанне на радзіму),
вяртанне ў краіну паходжання ці грамадзянства асоб, якія апынуліся па-за яе межамі ў выніку розных сац.-эканам. і паліт. абставін з аднаўленнем у правах грамадзянства. Р. ажыццяўляецца звычайна на аснове міжнар. дагавораў. У пазадагаворным выпадку яе магчымасць павінна прадугледжвацца законамі зацікаўленай дзяржавы. Р., звязаная са зменай (набыццём) грамадзянства, можа быць разнавіднасцю аптацыі. Асабліва шырокія маштабы Р. набыла ў першыя гады пасля 2-й сусв. вайны.
На Беларусі першы значны працэс Р. адбываўся пасля заканчэння 1-й сусв. вайны, калі на радзіму (у БССР і Зах. Беларусь) вярнулася каля мільёна бежанцаў і ваеннапалонных; толькі ў Зах. Беларусь у 1919—24 вярнулася каля 700 тыс. беларусаў. У 1920-я г. Р. ажыццяўлялася таксама ў форме рээміграцыі прадстаўнікоў бел.паліт. эміграцыі, якія вярталіся ў БССР у сувязі з амністыяй, абвешчанай у 1923. Пасля 2-й сусв. вайны ў БССР разгортвалася 2-я шырокая хваля Р. З эвакуіраваных у пач.Вял.Айч. вайны ва ўсх. раёны СССР каля 1,5 млн.чал.толькі кожны 3-і вярнуўся на Беларусь. Да канца Вял.Айч. вайны на тэр. Германіі і яе саюзнікаў знаходзілася 10 181 тыс. грамадзян СССР, у т. л. 5 662 тыс. мірнага насельніцтва і 4 552 тыс. ваеннапалонных. З Беларусі ў гады вайны было вывезена на прымусовую працу ў Германію каля 399 тыс.чал. На пач. 1946 з іх вярнулася на радзіму каля 200 тыс.чал. У кастр. 1944 пры СНКСССР створана Цэнтр. ўпраўленне па справах Р.; аддзелы Р. існавалі пры СНК РСФСР, Украіны, Беларусі, Малдавіі, Эстоніі, Літвы і Латвіі. Сав. ўрад быў зацікаўлены ў найб. поўнай і хутчэйшай Р. сваіх грамадзян, як па эканам., так і па палітыка-ідэалаг. прычынах. Пераважная большасць сав. перамешчаных асоб шчыра жадалі вяртання ў СССР. 22.5.1945 прадстаўнікі ЗША, Вялікабрытаніі і Францыі падпісалі прапанаваны сав. урадам дакумент, які замацоўваў прынцыпы абавязковай Р. сав. грамадзян. У сав. зоне акупацыі Германіі ў выніку агітацыі і прымусу Р. ажыццяўлялася фарсіраванымі тэмпамі. У лагерах для бежанцаў і перамешчаных асоб у зонах акупацыі зах. саюзнікаў працавалі сав. рэпатрыяцыйныя місіі з супрацоўнікаў дзяржбяспекі, у выніку чаго частка бежанцаў насуперак уласнай волі накіроўвалася ў лагеры сав. зоны. На 1.3.1946 рэпатрыіравана 4 199 тыс.сав. грамадзян, у т. л. 520 672 беларусы (385 896 цывільных і 134 776 ваеннапалонных). Да іх варта дадаць і 241 тыс.т.зв. унутрана перамешчаных асоб (асобы, якія не былі за мяжой і перамяшчаліся ўнутры СССР). У 1946—52 у СССР вярнуліся яшчэ 104 893 рэпатрыянты. Большасць з іх вернута з краін, дзе знаходзіліся сав. войскі. Паводле Указа Прэзідыума Вярх. Савета СССР ад 14.6.1946 «Аб аднаўленні ў грамадзянстве СССР падданых былой Расійскай імперыі, а таксама асоб, якія страцілі савецкае грамадзянства» і інш. прававых актаў 1945—47, беларусы і ўкраінцы, што жылі на тэр. даваен. Польшчы, атрымалі права на набыццё сав. грамадзянства, і тысячы выхадцаў з Беларусі прынялі яго. Асн. маса рэпатрыянтаў праходзіла праверку і фільтрацыю ў франтавых і армейскіх лагерах, зборна-перасыльных пунктах Наркамата абароны, праверачна-фільтрацыйных пунктах (ПФП) НКУС. Выяўленыя злачынныя элементы і падазроныя асобы накіроўваліся для больш сур’ёзнай праверкі ў спец. лагеры НКУС і папраўча-працоўныя лагеры ГУЛАГа. У 1944—45 праз ПФП прайшлі 230 635 украінцаў, 155 499 рускіх, 81 846 беларусаў, 28 727 малдаван, а таксама прадстаўнікі інш. нацыянальнасцей. Мясц. органы НКУС—НКДБ праводзілі праверку рэпатрыянтаў, якія прыбывалі да месца жыхарства. На 20.11.1945 у Беларусі было арыштавана 1112 рэпатрыянтаў. Перыяд масавай Р. завяршыўся ў 1946. У наступныя гады яна рэзка пайшла на спад. Паводле нац. складу рэпатрыянтаў 1949—50 было: украінцаў 33,4%, рускіх 28,4%, малдаван 5,2%, беларусаў 5%, літоўцаў 5%, латышоў 3%. Да 1952 па лініі органаў Р. ў СССР вярнулася больш за 4,3 млн.сав. грамадзян. Агульная колькасць сав. грамадзян, якія ў выніку вайны апынуліся за мяжой і потым вярнуліся ў СССР, ацэньваецца ў 4,5 млн.чал. Акрамя гэтага, на чэрв. 1948 у СССР рэпатрыіравалася 106 835 чал., якія самі ці іх продкі эмігрыравалі з царскай або сав. Расіі. 2710 такіх рээмігрантаў з Францыі было расселена на Беларусі. На сак. 1949 спец. 6-гадовае пасяленне адбывалі 5432 беларусы, што служылі ў гады вайны ў Рус.вызв. арміі Уласава, нац. легіёнах, паліцыі. У 1944—48 у выніку падпісання пагаднення паміж урадам БССР і Польскім к-там нац. вызвалення ад 9.9.1944 аб эвакуацыі бел. насельніцтва з тэр. Польшчы і польскіх грамадзян з тэр.БССР адбылася ўзаемная Р. жыхароў Беларусі і Польшчы. У гэты час 36 тыс. беларусаў пераехалі ў БССР, 274 тыс. асоб, якія запісаліся палякамі, перасяліліся ў Польшчу. У 1950—60-я г. Р. адбывалася ў форме невял. рээміграцыі з зах. краін. У 1953—55 з Францыі і Аргенціны вярнулася каля 200 беларусаў. Да 1964 прыбыло каля 10—15 тыс. аргенцінскіх беларусаў, аднак пазней амаль палова з іх зноў пакінула Беларусь, расчараваная ў рэчаіснасці сав. грамадства. Пасля распаду СССР (снеж. 1991) і стварэння новых незалежных дзяржаў, у якіх апынулася 2130 тыс. беларусаў, частка з іх вярнулася на Беларусь. Гл. таксама Бежанцы, Дыяспара.
Літ.:
Снапкоўскі У.Е. Знешнепалітычная дзейнасць Беларусі, 1944—1953 гг.Мн., 1997;
Земсков В.Н. Репатриация советских граждан и их дальнейшая судьба (1944—1956 гг.) // Социол. исслед. 1995. № 5—6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАБІ́СТЫКА,
комплекс гуманітарных навук, што вывучаюць гісторыю, мову, літаратуру і культуру араб. краін і народаў. Ва ўсх. краінах арабістыка зарадзілася ў 8 ст., у Зах. Еўропе ў 16 ст. ў перыяд актывізацыі гандл. і дыпламат. адносін з Усходам і пранікнення ў гэтыя рэгіёны місіянераў Ватыкана. У 17—18 ст. цэнтрамі арабістыкі сталі Рым, Парыж, Лейдэн.
Ням. арабіст 18 ст. І.Я.Рэйске выступаў за вывучэнне гісторыі і культуры Усходу не толькі з тэалагічнымі мэтамі, а і як часткі сусв. гісторыі і культуры. Праблемы грамадска-эканам. развіцця араб. краін сталі даследаваць у новы час (франц. вучоныя Ж.Саважэ, Э.Леві-Правансаль, К.Каэн, ням. К.Бекер, англ. Д.Дэнет, Б.Льюіс, Г.А.Р.Гіб, ізраільскія А.Поляк, Д.Айялон і інш.), а сац.-эканам. і паліт. гісторыю — у найноўшы час: К.А.Наліна, Э.Росі (Італія), Г.Кампфмеер (Германія), Ч.Адамс, Дж.Хейварт-Дэн, Ш.Ісаві (ЗША), А.Хаўрані, С.Лонгрыг (Вялікабрытанія), Ж.Берк (Францыя) і інш. У 1930-я г. працы па сярэдневяковай гісторыі арабаў апублікавалі Ф.Хіці (ЗША), К.Брокельман (Германія), араб. гісторыкі Рашыд аль Бараві, Абдарахман ар-Рафі, Мухамед Сабры, Джавад Ілі, Ібрахім Абдо, Р.Хуры, аш-Шафіі, Каміл Айлд і інш. Новыя тэндэнцыі ў арабістыцы адлюстраваны ў 2-м выд. «Энцыклапедыі ісламу» (т. 1—3. Лейдэн; Парыж, 1954—69).
У Расіі арабістыка зарадзілася ў 19 ст. У яе развіцці актыўны ўдзел прымалі і беларусы. Бел. вучоны М.К.Баброўскі пасля падарожжа ў Зах. Еўропу (1817—22) зрабіў даклад пра араб. мовы і л-ры (надрукаваны ў час. «Вестник Европы»). Выпускнік Віленскага ун-та В.І.Сянкоўскі, здзейсніўшы ў 1819—21 навук. падарожжа ў Турцыю, Сірыю, Егіпет, прывёз цікавыя знаходкі, потым 25 гадоў загадваў кафедрай арабістыкі ў Пецярбургскім ун-це. Сав. школу арабістыкі ўзначальваў акад. І.Ю.Крачкоўскі. На Украіне ўсходазнаўствам і арабістыкай займаўся акад. А.Я.Крымскі (па бацьку з роду бел. татараў, што аселі ў Мсціславе, па маці — з дробнай шляхты з-пад Мінска). Бел.праф. У.П.Дзямідчык быў з 1954 арганізатарам арабістыкі ў Душанбінскім ун-це (Таджыкістан), дзе да 1987 узначальваў кафедру араб. філалогіі. На Беларусі пытанні вывучэння арабскіх краін распрацоўвае У.С.Кошалеў. Праблемы арабістыкі даследуюць у ін-тах Расійскай АН, Ін-це ўсходазнаўства ў Маскве, Ін-це Афрыкі і інш.навук. і н.-д. установах Расіі, Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі, у т. л. ва ун-тах Лейдэна, Парыжа, Оксфарда, Кембрыджа, Прагі, Рыма, Каіра, Багдада і інш.
Літ.:
Крачковский И.Ю. Очерки по истории русской арабистики. М.; Л., 1950;
Каверин В.А. О.И.Сенковский (Барон Брамбеус): Жизнь и деятельность // Собр. соч.М., 1966. Т. 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАПАРТРЭ́Т (ад аўта... + партрэт),
выява (вобраз) мастака, выкананая ім самім; разнавіднасць партрэта. Выконваецца звычайна з дапамогай люстэрка, фотаздымка, па ўяўленні. Адлюстроўвае не толькі вонкавае падабенства, але і раскрывае ўнутраны свет мастака, яго схільнасці, погляды.
Вядомы з антычнасці (Фідый) і сярэднявечча. Пашыраны ў творчасці мастакоў Адраджэння (Рафаэль, А.Дзюрэр). Аўтапартрэт маньерызму (16 ст.) характарызуецца ўскладненасцю вобразнай структуры. Аўтапартрэт 17 ст. мае спавядальны характар, у ім раскрываецца сац. аблічча мастака (Н.Пусэн, П.П.Рубенс, Рэмбрант). У аўтапартрэце 18 ст. падкрэсліваліся і рысы прыватнага жыцця мастака (Ж.Б.Шардэн, Дж.Рэйналдс). Істотнае месца займаў аўтапартрэт у мастацтве рамантызму, прадстаўнікі якога сцвярджалі каштоўнасць творчай асобы і яе багатага духоўнага жыцця. На мяжы 19—20 ст. жанр аўтапартрэта часта выбіраецца для адлюстравання ўласнага светаўспрымання і жывапіснай канцэпцыі мастака (П.Сезан, В. ван Гог, М.Урубель). У 20 ст. вобразна-кампазіцыйны кірунак аўтапартрэта значна ўскладніўся.
У бел.выяўл. мастацтве першыя спробы аўтапартрэта, верагодна, звязаны з Ф.Скарынам і яго малюнкамі для гравюр у шэрагу выданняў. Жывапісныя аўтапартрэты з’явіліся ў 2-й пал. 18 ст. У 19 ст. выдатныя аўтапартрэты стварылі К.Альхімовіч, В.Ваньковіч, Я.Дамель, Я.Кругер, Ю.Пешка, А.Ромер, К. і Б.Русецкія, Н.Сілівановіч, Ф.Смуглевіч, Я.Сухадольскі; на пач. 20 ст. — Ю.Пэн, Ф.Рушчыц, М.Шагал. Аўтапартрэты 1920—30-х г. адметныя імкненнем спасцігнуць самога сябе (П.Гаўрыленка, П.Сергіевіч, М.Тарасікаў). У 1940—60-я г. ствараліся традыцыйныя аўтапартрэты, у якіх асн. ўвага аддавалася вонкаваму абліччу (І.Ахрэмчык, В.Грамыка, Н.Воранаў, Р.Кудрэвіч, Л.Лейтман, М.Манасзон, Ф.Мадораў, П.Раманоўскі, М.Тарасікаў, У.Кухараў). У 1970-я г. да аўтапартрэта звярталіся Г.Вашчанка, В.Варламаў, Н.Варвановіч, В.Грамыка, Л.Дударанка, Г.Лойка і інш. У 1980-я г. ў жанры аўтапартрэта з’яўляюцца творы са складаным прадметна-прасторавым асяроддзем, інтэлектуальныя, «маскарадныя», калі мастак выступае ў пэўным амплуа (Ф.Янушкевіч, Г.Ціхановіч). Часам тэматычнай асновай аўтапартрэтаў становяцца ўспаміны мастака, роздум над жыццём, уласныя думкі і ідэі (М.Савіцкі «Вязень № 32815», Г.Вашчанка «Роздум», В.Сумараў «Мой свет», М.Селяшчук «Датычнасць») або аўтапартрэт уводзіцца ў сюжэтныя кампазіцыі, тэматычныя ці групавыя партрэты (Л.Шчамялёў «Нядзеля», Э.Белагураў «Сямейны партрэт», І.Бархаткоў «Бацька і сын»). Сучасны перыяд развіцця аўтапартрэта адметны імкненнем да шматмернасці вобраза, узмацнення псіхал. асновы, філас. падтэксту.
Літ.:
Зингер Л.С. Автопортрет в системе жанров // Зингер Л.С. Очерки теории и истории портрета. М., 1986;
Яго ж. Автопортрет в советской живописи. М., 1986.
М.І.Цыбульскі.
Да арт.Аўтапартрэт. А.Дзюрэр. 1500.Да арт.Аўтапартрэт. Г.Серабракова. За туалетам. 1909.Да арт.Аўтапартрэт. В.Ваньковіч. 1880-я г.Да арт.Аўтапартрэт. Л Дударанка. 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФІ́НЫ (Athēnai) Старажытныя, горад-дзяржава (поліс) у Паўд.ч.Атыкі, адзін з важнейшых эканам., паліт. і культ. цэнтраў Стараж.Грэцыі. Поліс утварыўся ў выніку аб’яднання радавых абшчын Атыкі вакол Афінскага акропаля. Унутры абшчын існаваў падзел на аўпатрыдаў, геамораў і дэміургаў. Савет знаці, арэапаг, меў вышэйшую суд., адм. і рэліг. ўладу. У 621 да нашай эры правіцель Драконт запісаў законы, якія прызнавалі прыватную ўласнасць на рухомую маёмасць. Да канца 6 ст. да нашай эры зямля лічылася абшчыннай уласнасцю, але паступова апынулася ў руках радавой знаці, а частка абшчыннікаў — у даўгавым рабстве. У 594 да нашай эры правіцель Салон Правёў рэформы, якія адмянялі даўгавое рабства, уводзілі савет 400; грамадзян падзялялі на 4 разрады ў адпаведнасці з маёмасным цэнзам; вышэйшыя пасады ў дзярж. органах маглі займаць толькі самыя багатыя людзі. Народны сход і Гелія (суд прысяжных) складаўся з усіх грамадзян. Узнікла дэмакратыя. Каля 560 да нашай эры адбыўся паліт. пераварот, у выніку якога ўстанавілася тыранія Пісістрата. Пры Пісістратыдах (560—510 да нашай эры) разгарнулася храмавае і свецкае буд-ва, праведзены водаправод; Афіны кантралявалі марскі шлях у Прычарнамор’е, пашырылі свой уплыў на шэраг а-воў Эгейскага м. Пасля падзення тыраніі і грамадз. вайны 508 да нашай эры праведзены новыя рэформы, у выніку якіх знішчаны перажыткі радавога ладу; закон аб астракізме ахоўваў дэмакратыю. Афіны сталі самай вял. дзяржавай Стараж. Грэцыі. У перыяд грэка-персідскіх войнаў 500—449 да нашай эры Афіны дасягнулі найб. росквіту: некалькі разоў перамагалі персаў, узначальвалі антыперс. Дэлоскі саюз, які пазней ператварыў Афіны ў марскую дзяржаву (гл.Архе Афінская). Гады праўлення Перыкла атрымалі назву «залатога веку Перыкла». З увядзеннем аплаты дзярж. пасад дэмасу забяспечаны ўдзел у кіраванні дзяржавай. Праца свабодных земляробаў і рамеснікаў спалучалася з працай рабоў, Афіны ператварыліся ў буйны гандлёва-рамесніцкі поліс. Расквітнелі філасофія, рэлігія, тэатр, л-ра, архітэктура і скульптура. Аднак шматлікія супярэчнасці ўнутры Афінскай дзяржавы з яе полісамі-саюзнікамі прывялі да Пелапанескай вайны 431—404 да нашай эры і паражэння Афін. У ходзе Карынфскай вайны 395—387 да нашай эры Афіны часткова аднавілі сваё становішча, але былой магутнасці ўжо не дасягнулі. У 338 да нашай эры Македонія ўключыла Афіны ў Элінскі саюз пад сваёй гегемоніяй. У 86 да нашай эры Афіны заваяваны Рымам. У 3 ст. нашай эры Афіны перажылі нашэсце варвараў і прыйшлі ў заняпад.
Літ.:
Колобова К.М. Древний город Афины и его памятники. Л., 1961;
Корзун М.С. Социально-политическая борьба в Афинах в 444—425 гг. до нашей эры. Мн., 1975;
Фролов Э.Д. Социально-политическая борьба в Афинах в конце V в. до нашей эры: (Материалы и документы). Л., 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТЛЕ́ЙКА, бетлейка (ад Betleem — польская назва г. Віфлеем, дзе нарадзіўся Хрыстос),
бел.нар. тэатр лялек. Вядома з 16 ст. Узнікненне батлейкі звязана са святам Каляд. Т-ры падобнага тыпу вядомы ў Польшчы (шопка) і на Украіне (вяртэп).
Вытокі батлейкі ў сярэдневяковым містэрыяльным т-ры Зах. Еўропы, адкуль праз Польшчу прынесены езуітамі на Беларусь. Развіваўся ў цеснай сувязі са школьным тэатрам. Фактычна батлейка — «народная асіміляцыя школьнай драмы з яе інтэрмедыямі» (Ф.Аляхновіч). На працягу ўсяго існавання батлейкі разыгрывалася п’еса «Цар Ірад». Паказ складаўся з 2 частак: сур’ёзнай, якая апавядала пра нараджэнне Хрыста і ганенне яго царом Ірадам (т.зв.асн. сюжэт), і камедыйнай — інтэрмедый звычайна вясёлага зместу, з жартаўлівымі дыялогамі ці маналогамі, песнямі, танцамі. Часткі не мелі агульнага сюжэта, паміж сабой спалучаліся механічна, фармальна, фактычна іх аб’ядноўваў своеасаблівы карнавальны настрой, уласцівы Калядам. Біблейскія падзеі ў батлейцы набывалі адвольную нар. трактоўку. Пры адным традыцыйным асн. сюжэце паказы батлейкі ў розных рэгіёнах яе бытавання адрозніваліся менавіта інтэрмедыямі, сярод якіх «Мужык (Мацей) і доктар», «Антон з казой і Антоніха», «Скамарох з мядзведзем», «Вольскі — купец польскі», «Цыган і цыганка» і інш. Папулярныя персанажы інтэрмедый — Мужык, Доктар, Яўрэй, Франт (чужаземец), Цыган, Казак і інш. Для паказаў батлейкі рабілі 2-павярховую скрынку накшталт царквы або хаткі. Батлеечнікі (або «ралёшнікі») вадзілі драўляныя лялькі на шпянях па проразях у падлозе паверхаў. Сцэна кожнага паверха мела 3 аддзелы: вял. цэнтральны, дзе адбывалася дзеянне, і меншыя бакавыя (для ўваходаў і выхадаў).
Батлейка шырока бытавала па ўсёй Беларусі. Разнавіднасцямі яе былі жлоб і яселка. Паказы адбываліся па хатах, у корчмах, на вуліцах гарадоў, мястэчак, вёсак, суправаджаліся музыкай (найчасцей скрыпка і бубен). Асаблівае месца займалі батлейкі, зробленыя па прынцыпе ценявога т-ра (Віцебск, Веліж). У канцы 19 — пач. 20 ст. жанравыя сцэны батлейкі выконваліся не толькі лялькамі, а непасрэдна акцёрамі (жывая батлейка ці батлея). На пач. 20 ст. своеасаблівай з’явай стала батлейка Патупчыка (Докшыцы), дзе апрача традыцыйнага паказу дэманстраваліся і бытавыя сцэны з тагачаснага жыцця. Гэты ж прынцып пакладзены ў аснову дзейнасці Залескага нар.т-ра «Батлейка» (арганізаваны Я.Ліс і А.Лосем у 1983). З канца 1980-х г. робяцца спробы адрадзіць традыц. паказы батлейкі на Каляды. З 1991 яны адбываюцца ў філіяле музея М.Багдановіча «Беларуская хатка» ў Мінску (батлейка з’яўляецца фрагментам экспазіцыі), а прафесійныя т-ры — Дзярж.т-р лялек і Тэатр-студыя кінаакцёра — паставілі батлеечную п’есу «Цар Ірад» (у сваёй інтэрпрэтацыі).
Літ.:
Барышаў Г.І., Саннікаў А.К. Беларускі народны тэатр батлейка. Мн., 1962;
Народны тэатр.Мн., 1983.
Дз.У.Стэльмах.
Да арт.Батлейка. Ельнінскі вяртэп і яго лялькі. 18 — пач. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКІСЛЕ́ННЕ БІЯЛАГІ́ЧНАЕ,
біяхімічны працэс, сукупнасць акісляльна-аднаўляльных рэакцый. Адбываецца ва ўсіх жывых клетках (пераважна ў мітахондрыях), складае аснову тканкавага дыхання і браджэння. Асн. функцыя акіслення біялагічнага — забеспячэнне арганізма энергіяй, якая паступова вызваляецца з арган. рэчываў пры перадачы аднаўляльных эквівалентаў (АЭ) — пратонаў і электронаў (ці толькі электронаў) ад донара да акцэптара (з прычыны рознасці іх акісляльна-аднаўляльных патэнцыялаў) і назапашваецца пераважна ў форме багатых энергіяй сувязяў адэназінтрыфосфарнай кіслаты (АТФ) і інш. макраэргічных злучэнняў. У аэробаў (большасць жывёл і раслін, многія мікраарганізмы) канчатковы акцэптар АЭ — кісларод. Пастаўшчыкі АЭ — арган. і неарган. рэчывы. Найб. значэнне мае акісленне біялагічнае, якое адбываецца пры гліколізе, акісленні α-кетаглутаравай к-ты і пры пераносе АЭ у ланцугу акісляльных (дыхальных) ферментаў (гл.Акісляльнае фасфарыліраванне). У разліку на 1 малекулу глюкозы гліколіз дае 2, акісляльнае фасфарыліраванне ў дыхальным ланцугу — 34 малекулы АТФ. У працэсе дыхання адбываецца паслядоўнае многаступеньчатае акісленне вугляводаў, тлушчаў і бялкоў, што прыводзіць да аднаўлення асн. пастаўшчыкоў АЭ для дыхальнага ланцуга, якое ў значнай ступені ажыццяўляецца ў трыкарбонавых кіслот цыкле. Мяркуюць, што гліколіз, цыкл трыкарбонавых кіслот і дыхальны ланцуг функцыянуюць у клетках усіх эўкарыётаў. Рэакцыі акіслення біялагічнага ў клетках каталізуюць аксідарэдуктазы. Акісляльныя рэакцыі, аднак, не заўсёды суправаджаюцца назапашваннем энергіі. Яны таксама нясуць функцыі пераўтварэння рэчываў (напр., пры ўтварэнні жоўцевых к-т, стэроідных гармонаў, на шляхах метабалізму амінакіслот і інш.). Акісленнем абясшкоджваюцца многія чужародныя і таксічныя для арганізма рэчывы (араматычныя злучэнні, недаакісленыя прадукты дыхання і інш.). Такое акісленне біялагічнае наз. свабодным акісленнем і суправаджаецца ўтварэннем цяпла. Мяркуюць, што сістэма пераносу электронаў, якая ажыццяўляе акісляльнае фасфарыліраванне, здольная пераключацца на свабоднае акісленне пры павелічэнні патрэбнасці ў цяпле.
Вывучэнне працэсаў акіслення ў арганізме пачалося ў 18 ст. з прац А.Лавуазье. Вял. заслуга ў даследаванні акіслення біялагічнага належыць У.І.Паладзіну (разглядаў акісленне біялагічнае як ферментацыйны працэс). Значны ўклад зрабілі таксама сав. вучоныя А.М.Бах, У.А.Энгельгарт, У.А.Беліцэр, С.Я.Севярын, У.П.Скулачоў, ням. О.Варбург, Г.Віланд, англ. Д.Кейлін, Х.Крэбс, П.Мітчэл, амер. Д.Грын, А.Ленінджэр, Б.Чанс, Э.Рэкер і інш. (лакалізацыя акіслення біялагічнага ў клетцы, сувязь з інш. працэсамі абмену рэчываў, механізмы ферментацыйных акісляльна-аднаўляльных рэакцый, акумуляцыя і пераўтварэнне энергіі і інш.). Гл. таксама Біяэнергетыка.
На Беларусі розныя аспекты акіслення біялагічнага вывучаюць у ін-тах біяарганічнай хіміі, фотабіялогіі, фізіялогіі, біяхіміі (Гродна) АН, БДУ.
Літ.:
Кривобокова С.С. Биологическое окисление: Ист. очерк М., 1971;
Ленинджер А. Основы биохимии: Пер. с англ.Т. 1—3. М., 1985;
Строев Е.А. Биологическая химия. М., 1986;
Березов Т.Т., Коровкин Б.Ф. Биологическая химия. 2 изд. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫТРЫНІТА́РЫІ (ад анты... + лац. trinitas тройца),
прыхільнікі хрысц. плыняў і абшчын, якія адмаўляюць догмат пра трыадзінства Бога (Тройцу). Рух і вучэнне антытрынітарыяў бяруць пачатак у 2—3 ст., калі ўсталёўваліся асн. догматы хрысціянства. Вучэнне асуджана Усяленскімі саборамі, але ў сярэднія вякі яго прытрымліваліся прыхільнікі наміналізму, асобныя ерэтычныя рухі. Нярэдка ідэі антытрынітарызму былі своеасаблівай праявай вальнадумства. У сваіх поглядах антытрынітарыі абапіраліся на вучэнне неаплатанізму, пантэізм, зыходзілі з таго, што першапачатковае хрысціянства не прадпісвала ніякіх догматаў. Веру ў Тройцу яны лічылі лагічным непаразуменнем, народжаным недасканаласцю схаластычнага мыслення. З адмаўленнем Тройцы антытрынітарыі спалучалі пераасэнсаванне боскай прыроды Хрыста, што падрывала хрысц. версію замагільнага жыцця. Многія антытрынітарыі лічылі смерць натуральным працэсам, Святы дух трактавалі не як самастойную субстанцыю, а як атрыбут Бога-айца. Яны патрабавалі ўзгаднення палажэнняў рэлігіі з розумам, адстойвалі права кожнага чалавека свабодна чытаць і інтэрпрэтаваць Біблію.
Распаўсюджанне ідэй антытрынітарызму на Беларусі ў 16 ст. звязана з рэфармацыйным рухам у Зах. Еўропе, прадстаўнікі якога (Г.Бляндрата, П.Альтыяці, В.Джэнтылі і інш.) наведвалі Беларусь. Умацаванню руху антытрынітарыяў на Беларусі садзейнічалі таксама творы ісп. мысліцеля М.Сервета «Сем кніг памылковых поглядаў на Тройцу», «Аднаўленне хрысціянства» і інш. На аснове рэліг. рацыяналізму антытрынітарыяў фарміравалася айч. атэістычная думка (К.Бекеш, С.Лован, Ф.Даманеўскі, Ян Ліцыній Намыслоўскі, К.Лышчынскі і інш.). У 16 ст. ў руху антытрынітарыяў на Беларусі ўтварыліся 2 кірункі: памяркоўны і радыкальны. Прадстаўнікі першага (С.Будны, В.Цяпінскі і інш.) для абгрунтавання сваіх поглядаў выкарыстоўвалі ант. спадчыну і абвяргалі апалагетыку схаластыкі, якая пры дапамозе сафістыкі імкнулася абараніць хрысц. догматы. Яны адзначалі непазбежнасць сац. расслаення грамадства, выступалі ў абарону дзярж. ладу, былі прыхільнікамі яго паступовага эвалюц. ўдасканалення. Ідэолагі радыкальнай плыні (Якуб з Калінаўкі, Пётр з Ганёндза, Павел з Візны, М.Чаховіц), якія адстойвалі інтарэсы і грамадскія ідэалы нар. масаў, імкнуліся не да часовых рэформаў, а да радыкальных сац.-паліт. пераўтварэнняў, выступалі супраць прыватнай уласнасці, саслоўных прывілеяў, сац. і маёмаснай няроўнасці, патрабавалі скасавання дзярж. ін-таў. Большасць з іх адмоўна ставілася да філас. і тэалагічнай спадчыны, прызнавала толькі аўтарытэт Свяшчэннага пісання і асабістай веры. Важную ролю ў рацыяналізацыі дактрыны антытрынітарыяў, ператварэнні яе з рэліг. у філас. адыграла распаўсюджанне на Беларусі сацыніянства. Антытрынітарыі зазналі ганенне каталіцкай царквы і артадаксальнага пратэстантызму. У 1647 друкарні і школы антытрынітарыяў зачынены, а ў 1658—60 іх паслядоўнікі выгнаны з Рэчы Паспалітай. Вучэнне антытрынітарыяў працягвае існаваць, яго прытрымліваюцца многія пратэстанцкія абшчыны.
Літ.:
Падокшын С.А. Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі: Ад Францыска Скарыны да Сімяона Полацкага. Мн., 1490;
Саверчанка І.В. Сымон Будны: Гуманіст і рэфарматар. Мн., 1993;
Szczucki L. Antytrynitaryzm w Europie wschodniej // Odrodzenie i Reformacja w Polsce. 1979. T. 24.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛКО́ВЫ АБМЕ́Н,
сукупнасць хім. пераўтварэнняў бялкоў і амінакіслот у жывых арганізмаў; важнейшая частка абмену рэчываў (у спалучэнні з пераўтварэннямі інш. азотазмяшчальных рэчываў утварае сістэму азоцістага абмену). Два ўзаемазвязаныя бакі бялковага абмену ў арганізме — распад (катабалізм) і біясінтэз (анабалізм) бялкоў. Першая стадыя аднаўлення бялкоў — іх гідроліз да амінакіслот пры дапамозе ферментаў катэпсінаў (тканкавых пратэіназаў), што лакалізаваны пераважна ў лізасомах (дзейнічаюць у кіслым асяроддзі). Амінакіслоты ўтвараюцца і пры гідролізе (ператраўленні) харч. бялкоў пад уздзеяннем пратэалітычных ферментаў (пратэазаў) страўнікава-кішачнага тракту (пепсін, трыпсін, хіматрыпсін, эластаза, экзапептыдазы), якія ўсмоктваюцца ў ім і трапляюць у клетку. Толькі такім шляхам паступаюць у арганізм неабходныя яму незаменныя амінакіслоты. У клетках амінакіслоты ўтвараюць амінакіслотны фонд клеткі, выкарыстоўваюцца на сінтэз пептыдаў, бялкоў, пурынаў, пірымідзінаў, гемапратэінаў, вугляводаў, ліпідаў, нізкамалекулярных гармонаў і інш. рэчываў, уступаюць у асн. агульныя рэакцыі абмену: пераамініраванне, дэзамініраванне і дэкарбаксіліраванне.
Пры пераамініраванні (трансмініраванні) α-амінагрупа адшчапляецца ад L.-амінакіслот і пераносіцца ў асноўным на α-вуглярод α-кетаглутаравай кіслаты. Гэта рэакцыя мае асабліва вял. значэнне пры біясінтэзе амінакіслот у раслінах: нітраты і нітрыты, што трапляюць у расліны з глебы, аднаўляюцца з утварэннем аміяку, які звязваецца з α-кетаглутаравай кіслатой; утвараецца глутамінавая кіслата. Амінагрупа гэтай кіслаты ў працэсе рэакцыі пераносіцца на кетакіслоты з утварэннем інш. амінакіслот. Пры дэзамініраванні адбываецца распад амінакіслот з выдзяленнем аміяку. Найб. значэнне ў арганізме жывёл і чалавека мае акісляльнае дэзамініраванне, пры якім утвараецца кетакіслата і аміяк. Утвораныя пры пераамініраванні і акісляльным дэзамініраванні α-кетакіслоты здольныя аднаўляцца з утварэннем амінакіслот, якія ў працэсе катабалізму могуць выкарыстоўвацца на сінтэз глюкозы і ацэтонавых цел. Пры дэкарбаксіліраванні амінакіслот вылучаецца вуглякіслы газ (CO2) і ўтвараюцца аміны, а пры дэкарбаксіліраванні араматычных амінакіслот — біягенныя аміны (трыптамін, сератанін, гістамін, γ-амінамасляная кіслата). Аміяк, што ўтвараецца пры дэзамініраванні амінакіслот і амінаў, таксічны для арганізма. Абясшкоджванне яго адбываецца пры аднаўленчым амініраванні, у рэакцыях сінтэзу глутаміну і аспаргіну, у цыкле сінтэзу мачавіны ў печані (у чалавека, млекакормячых і некат. інш. жывёл) ці мачавой кіслаты (у птушак, рэптылій, насякомых). У чалавека і жывёл мачавіна выдаляецца з арганізма з мачой, часткова ў выглядзе аманійных соляў, у раслін магчыма паўторнае яе ўключэнне ў працэсы сінтэзу бялку. Збалансаваны па паступленні (у т. л. ў складзе незаменных амінакіслот) і выдаленні азоту, бялковы абмен вызначае фарміраванне ў арганізме стану азоцістай раўнавагі, калі патрэба яго ў бялках можа быць мінімальнай (гл.Бялковы мінімум). Рэгулюецца бялковы абмен ў чалавека і жывёл ферментамі, гармонамі пры ўдзеле нерв. сістэмы (гл.Нейрагумаральная рэгуляцыя, Гарманальная рэгуляцыя).
Літ.:
Строев Е.А. Биологическая химия. М., 1986;
Николаев А.Я. Биологическая химия. М., 1989;
Березов Т.Т., Коровкин Б.Ф. Биологическая химия. 2 изд. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНА́ ЗА НЕЗАЛЕ́ЖНАСЦЬ ІСПА́НСКІХ КАЛО́НІЙ У АМЕ́РЫЦЫ 1810—26,
вызваленчая вайна лац.-амер. калоній супраць ісп. панавання. Эканам. абмежаванні, немагчымасць атрымаць аўтаномію калоній у межах ісп. манархіі, малое прадстаўніцтва ў картэсах (ад 15-мільённага насельніцтва калоній 9 дэпутатаў, ад 12-мільённай Іспаніі 36) і інш. выклікалі незадаволенасць у крэолаў. У 1808—09 адбыліся антыісп. ўзбр. выступленні, задушаныя калан. ўладамі. Вайна пачалася ў 1810 паўстаннямі ў Каракасе, Буэнас-Айрэсе, Багаце і інш. буйнейшых цэнтрах Лац. Амерыкі, дзе была ліквідавана ісп. адміністрацыя і створаны часовыя рэв. ўрады — хунты. На 1-м этапе вайны (1810—18) адным з цэнтраў рэв. барацьбы была Венесуэла, у паліт. жыцці якой мела ўплыў «Патрыятычнае т-ва» (кіраўнік Ф.Міранда, адзін з гал. членаў С.Балівар). Аднак з-за адсутнасці сродкаў, зброі і падтрымкі насельніцтва першая (1811—12) і другая (1813—14) Венесуэльская рэспублікі палі. У «Пісьмах з Ямайкі» (1815) Балівар выклаў новую праграму вызв. руху (барацьба за адмену рабства, надзяленне зямлёй салдат вызв. арміі). Створаная ім на востраве каля берагоў Венесуэлы рэв. армія ў 1816 уступіла ў краіну і нанесла паражэнне ісп. войскам. У Мексіцы ў 1810—15 вайна набыла характар масавага сял. паўстання (кіраўнік М.Ідальга) — захопліваліся крэольскія латыфундыі, вярталіся землі індзейцам. Паўстанцы занялі некалькі буйных гарадоў і наблізіліся да Мехіка. Пасля паланення і расстрэлу іспанцамі Ідальга рух узначаліў яго паплечнік Х.М.Марэлас. У 1813 абвешчана незалежнасць, у 1814 прынята канстытуцыя рэспублікі. Аднак у 1815 іспанцы разграмілі паўстанцаў, пакаралі смерцю Марэласа і часова аднавілі ў Мексіцы калан. рэжым. На 2-м этапе вайны (1819—26) вызв. армія Балівара здзейсніла паход праз высакагорныя перавалы Андаў у Новую Гранаду, разграміла ісп. войскі ў бітве каля г. Баяка (1819), разам з войскамі новагранадскага ген. Ф.Сантандэра ўступіла ў сталіцу Багату і вызваліла ўсю тэр. краіны. На пач. 1821 поўнасцю вызвалена Венесуэла. Было абвешчана стварэнне аб’яднанай дзяржавы Вял. Калумбія (Венесуэла, Новая Гранада, Панама і, пасля вызвалення, Эквадор). У Мексіцы з 1820 пасля задушэння сял. руху барацьбу вялі крэолы-сепаратысты на чале з А.Ітурбідэ, які пасля выгнання іспанцаў у 1821 абвясціў сябе імператарам. Пасля яго звяржэння краіна абвешчана незалежнай федэратыўнай рэспублікай (1824). У 1824 ісп. войскі разгромлены ў Перу. У 1826 завершана вызваленне Верхняга Перу (названа ў гонар Балівара Балівіяй), апошнія ісп. войскі выцеснены з узбярэжжа Чылі і Перу. У ходзе вайны праведзены асобныя дэмакр. рэформы, аднак не вырашана агр. пытанне. Пад уладай Іспаніі засталіся толькі Куба і в-аў Пуэрта-Рыка.
Літ.:
Линч Дж. Революции в Испанской Америке, 1808—1826: Пер. с англ.М., 1979;
Глинкин А.Н. Дипломатия Симона Боливара. М., 1991.
У.Я.Калаткоў.
Да арт. Вайна за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26. С.Балівар падпісвае Асноўны закон аб утварэнні федэратыўнай рэспублікі Калумбія.