КА́ШАЛЬ,
засцерагальны складанарэфлекторны акт, які ўзнікае пры раздражненні слізістай абалонкі дыхальных шляхоў, пашкоджанні цэнтр. нерв. і сардэчна-сасудзістай сістэм. Найчасцей К. — сімптом захворвання органаў дыхання; іншы раз бывае пры ўзбуджэнні ц. н. с. і раздражненні перыферычных рэцэптараў (неўратычны і рэфлекторны К.) без раздражнення дыхальных шляхоў: Адрозніваюць К. сухі (без макроты) і вільготны. Сухі бывае пры запаленчых хваробах глоткі, гартані, трахеі, іншародных целах у дыхальных шляхах, раздражненні плеўры, фіброзных і аб’ёмных працэсах у лёгкіх (рак, калагенозы і інш.), пач. стадыях бранхіту і пнеўманіі, мокры — сімптом хвароб з гіперсакрэцыяй, эксудацыяй і распадам (бранхіты, пнеўманіі, абсцэсы і інш.).
Пач. фаза К. — глыбокі ўдых, за ім — фаза напружанага выдыху пры замкнутай галасавой шчыліне, рэзкім павышаным унутрыгрудзінным ціску (да 140 мм рт. сл. і вышэй). Пры размыканні галасавой шчыліны паветра праз рот з сілай вырываецца і захоплівае макроту, часцінкі пылу і інш. з гартані, трахеі і бронхаў. Такі К. мае спрыяльны ўплыў. Пры доўгім і частым К. павышаецца ўнутрыбранхіяльны і ўнутрыгрудзінны ціск, што выклікае эмфізему лёгкіх, сардэчна-лёгачную недастатковасць. Лячэнне тэрапеўтычнае.
П.А.Цімашэнка.
т. 8, с. 198
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЦЭПТУА́ЛЬНАЕ МАСТА́ЦТВА (англ. conceptional art ад concept ідэя, агульная задума + art мастацтва),
канцэптуалізм, кірунак у авангардным мастацтве 2-й пал. 20 ст. Узнікла ў ЗША ў канцы 1960-х г. (тэарэтык і аўтар тэрміна С.Ле Віт; мастакі Р.Бэры, Л.Вейнер, Д. Х’юблер, Дж. Косут), адначасова пашырылася ў Зах. Еўропе (мастакі англ. групы «Мастацтва і мова» Т.Аткінсан, Х.Харэл, Д.Байнбрыдж, М.Болдуін і інш.). Працягвае традыцыі дадаізму і антымастацтва. У аснове К.м. — ідэя (канцэпт) важнасці не самога суб’ектыўнага прадмета адлюстравання, якую дэклараваў поп-арт, а таго, што прадмет абазначае, адмаўленне абавязковай завершанасці маст. твора. Мастак-канцэптуаліст не столькі выканаўца твора, колькі яго праграміст, тэарэтык. Ён дае гледачу права на «сааўтарства», самаст. асэнсаванне магчымых варыянтаў разумення сутнасці твора, прапануе аналізаваць не твор, а прыроду, прызначэнне і сутнасць мастацтва. Аналіз кода твора ідзе праз філасофію і лінгвістыку. У якасці матэрыялу выкарыстоўваюць фотаздымкі, пісьмовую інфармацыю, графіку, гук, відэазапісы і інш., часам стварэнне маст. твора замяняецца рэфлекторнымі дыскусіямі. К.м. блізкае да перфомансу.
Я.Ф.Шунейка.
т. 8, с. 14
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІНЕАМЕ́НТ (ад лац. lineamentum лінія, контур) у геалогіі, лінейныя або дугападобныя геал. структуры планетарнага значэння, часта зоны глыбінных разломаў, таксама выпрастаныя элементы ландшафту асобных раёнаў, якія адлюстроўваюць разрыўныя парушэнні і трэшчынаватасць. Тэрмін прапанаваны амер. геолагам У.Хобсам (1904). Л. планетарнага ранг у прасочваюцца ўздоўж рухомых паясоў і краёў платформ, вулканічных і астраўных дуг, шыротных разломаў Ціхага ак., рыфтавых зон Сярэдзінна-Атлантычнага хр. і інш. Праз тэр. Беларусі праходзіць Л. Сармацка-Туранскі. Распасціраецца на 4 тыс. км. ад Падляска-Брэсцкай упадзіны на З да паўд.-зах. адгор’яў Гісарскага хр. (Узбекістан) на У. Шыр. 100—150 км. Сетка рэгіянальных Л. (прамалінейныя ўчасткі далін рэк, эразійныя ўступы, ланцугі азёр, балот, крыніц і інш.) на тэр. Беларусі мае даўжыню суцэльных адрэзкаў 5—100 км. Плошчы з найб. шчыльнасцю Л. ствараюць працяглыя лінейныя зоны, якія абмяжоўваюцца разрыўнымі парушэннямі. Участкі інтэнсіўнага згушчэння Л. адпавядаюць найб. высокаму заляганню паверхні фундамента (антэклізы, выступы, падняцці, седлавіны). Л. вызначаюцца па аэра- і космафотаматэрыялах, тапакартах, у час палявых даследаванняў, выкарыстоўваюцца пры геолага-разведачных работах. Гл. таксама Тэктанічны разрыў.
Р.Р.Паўлавец.
т. 9, с. 265
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́СНА,
возера на мяжы Верхнядзвінскага і Расонскага р-наў Віцебскай вобл., у бас. р. Свольна (цячэ праз возера), за 42 км на ПнУ ад г. Верхнядзвінск, каля в. Лісна. Пл. 15,7 км², даўж. 7,8 км, найб. шыр. 3,1 км, найб. глыб. 6 м, даўж. берагавой лініі 25,3 км. Пл. вадазбору 943 км². Схілы катлавіны выш. 15—20 м (на ПдЗ да 30 м), параслі лесам, на У і Пн невыразныя. Берагі выш. да 0,3 (на У да 0,5 м), пад хмызняком. На У і Пн забалочаная пойма, парослая рэдкім хваёвым лесам. Дно плоскае, у паўн. частцы пераважаюць глыбіні 3—4 м, у паўд. — да 6 м. 3 астравы агульнай пл. 0,74 км². Ложа выслана сапрапелямі, уздоўж берагоў і вакол астравоў — апясчаненымі адкладамі. Зарастае да глыб. 2,6 м. Шыр. паласы прыбярэжнай надводнай расліннасці да 200 м, уздоўж усх. берага да 400 м. У возера ўпадаюць канал Дзегцяроўка і 7 ручаёў, у т. л. з азёр Малы Тучок і без назвы. Адзначана гнездаванне звычайнага гогаля — птушкі, занесенай у Чырв. кнігу Беларусі.
т. 9, с. 284
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСТАПА́Д (Юрый) (Георгій) Іванавіч (крас. 1897, в. Варкавічы Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 5.6.1938),
бел. паліт. дзеяч. Скончыў Панявежскую настаўніцкую семінарыю (1914). Удзельнік грамадз. вайны, на 1-м з’ездзе Случчыны абраны ў Беларускую раду Случчыны, удзельнік Слуцкага паўстання 1920. Пасля ўцёк у Польшчу. У 1922 нелегальна вярнуўся ў Слуцк, працаваў настаўнікам, стыльрэдактарам Дзяржвыдавецтва БССР. 22.10.1925 арыштаваны ДПУ БССР як кіраўнік «контррэвалюцыйнай арганізацыі», якая распаўсюджвала антысав. лістоўкі і заклікала да паўстання і звяржэння сав. улады. У сак. 1926 Л. асуджаны на 5 гадоў турэмнага зняволення. У сувязі з тым, што Л. стаў сакрэтным супрацоўнікам ДПУ, у ліст. 1927 вызвалены. У 1930 арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларус», праз некалькі месяцаў вызвалены. У ліп. 1933 перасяліўся ў г. Ржэў, дзе працаваў рахункаводам. У кастр. 1933 зноў арыштаваны па справе «Беларускага нацыянальнага цэнтра» і ў студз. 1934 засуджаны на 8 гадоў. Пакаранне адбываў у Бамлагу, дзе паводзіў сябе непакорна. У жн. 1935 у лагеры на яго заведзена крымінальная справа. 31.3.1938 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Па прыгаворах 1934 і 1938 рэабілітаваны Ваен. трыбуналам БВА ў 1956.
У.М.Міхнюк.
т. 9, с. 288
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ВАЦЬ,
рака ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у Пскоўскай і Наўгародскай абл. Расіі, бас. р. Нява. Даўж. 536 км, пл. вадазбору 21,9 тыс. км². Выцякае з воз. Ловацец (Пскоўская вобл.), упадае ў воз. Ільмень з Пд. Паводле інш. крыніц, пачынаецца з воз. Завесна за 3,5 км на ПдУ ад в. Марчанкі Гарадоцкага р-на. Цячэ ў межах Беларусі (даўж. 47 км) па Гарадоцкім узвышшы, праз азёры Задрач, Мяжа, Сосна, Чарняста і Сясіта, па Валдайскім узвышшы і ў ніжнім цячэнні па Ільменскай нізіне. Найб. прытокі на Беларусі: Сярвайка, Пясчанка (справа), Склянка (злева). Даліна ад вытоку да воз. Мяжа невыразная (пойма забалочаная), паміж азёрамі Сосна, Чарняста і Сясіта трапецападобная (пойма роўная, лугавая). Рэчышча да воз. Мяжа звілістае, да воз. Задрач яго шырыня 3—5 м, ніжэй 5—10 м. Сярэднегадавы расход вады ў вусці каля 150 м³/с, на мяжы Беларусі і Расіі каля 2,5 м³/с. Суднаходная ў нізоўі і на працягу 70 км. На рацэ гарады Вялікія Лукі і Холм (Расія); па ёй у старажытнасці праходзіла частка гандл. шляху «з варагаў у грэкі».
т. 9, с. 332
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ТЫ (лац. Gothi, Gothones),
плямёны ўсх. германцаў, якія ў пач. 1-га тыс. н.э. перасяліліся са Скандынавіі на паўд. ўзбярэжжа Балтыйскага мора. У сярэдзіне 1 ст. ў ніжнім цячэнні Віслы з удзелам готаў утварылася вельбарская культура. У апошняй чвэрці 2 ст. готы пачалі перасяленне на ПдУ (у т. л. праз ПдЗ Беларусі). У 3 ст. яны дасягнулі Паўн. Прычарнамор’я, дзе прынялі ўдзел у стварэнні чарняхоўскай культуры. У саюзе з інш. плямёнамі готы неаднаразова ўрываліся ў межы Рым. імперыі, захапілі Дакію. У 3 ст. падзяліліся на вестготаў, остготаў, малых готаў (Мезія, сучасная Балгарыя) і готаў-тэтраксітаў (Крым). У 357 саюз плямён остготаў на чале з конунгам Эрманарыхам разбіты гунамі, пасля чаго б. ч. готаў пакінула Паўн. Прычарнамор’е і пайшла на З. Пасля шэрагу міграцый вестготы апынуліся ў Іспаніі, а остготы стварылі сваю дзяржаву ў Італіі. На тэр. ПдЗ Беларусі вядомы помнікі вельбарскай культуры Вялічкавічы, Дружба, Брэсцкі бескурганны могільнік і інш.
Літ.:
Иордан О. О происхождении и деяниях гетов: Пер. с лат. М., 1960;
Кухаренко Ю.В. Могильник Брест-Тришин. М., 1980.
А.М.Мядзведзеў.
т. 5, с. 370
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСУ́ЛЛЕ,
вёска ў Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Стоўбцы—Івянец. Цэнтр сельсавета. За 16 км на ПнУ ад Стоўбцаў, 96 км ад Мінска, 8 км ад чыг. ст. Коласава. 422 ж., 186 двароў (1997).
Вядома з 1-й пал. 16 ст. як уладанне тат. князёў Уланаў, у 17—18 ст. — Жыжэмскіх, у 1-й пал. 19 ст. — Крупскіх. У 1592 тут 38 двароў, млын, мячэць, жылі баяры, цяглыя людзі, бортнікі, агароднікі. У 17—18 ст. праз вёску праходзіў гандл. шлях Мінск—Мір, былі карчма, пастаялы двор, царква. З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр воласці. У канцы 18 ст. ў цэнтр. частцы З., дзе існавалі двары каваля, ганчара, краўца, фарміруецца мястэчка, працавалі сукнавальня, млын. У 1897—548 ж., 95 двароў. З 1921 у Польшчы, у Стаўбцоўскай гміне Навагрудскага ваяв., з 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Стаўбцоўскага р-на. У чэрв. 1941 — ліп. 1944 акупіравана ням. -фаш. войскамі, якія ў 1941 спалілі частку вёскі. У 1971—984 ж., 281 двор.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.
т. 7, с. 5
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗА́ЯЦ-БЯЛЯ́К»
(«Schneehase»),
кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. акупац. улад супраць партызан і насельніцтва Расонска-Асвейскай партыз. зоны Віцебскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Праводзілася 28.1—13.2.1943 сіламі 4 палкоў 201-й ахоўнай дывізіі, паліцэйскага палка і шэрагу мясц. гарнізонаў пры падтрымцы 281-й ахоўнай і 391-й вучэбна-палявой дывізій з мэтай прыціснуць партызан да чыг. Полацк—Ідрыца (праходзіла праз Расоны, цяпер не існуе) і знішчыць сустрэчным ударам з боку воз. Асвейскае. Ім процістаялі 1, 3, 5-я Калінінскія і Дрысенская брыгады, З атрады брыгады «За Савецкую Беларусь», Асобны латышскі партыз. і інш. атрады брыгад Асвейскай, Расонскай і «Спартак». Пасля працяглых баёў партызаны 11 лют. перайшлі ў контрнаступленне і да 15 лют. выбілі ворага з тэр. Расонскага р-на. У ходзе аперацыі «З.-б.» карнікі загубілі 877 чал. (па няпоўных звестках) мясц. насельніцтва, у т. л. разам з жыхарамі знішчылі вёскі Ваўкова, Велле, Гарэлая Яма, Гуйды, Ніўё, Плігаўкі, Ражнова (не аднавіліся) і інш. Як рэванш за няўдачу, гітлераўцы пачалі новыя карныя аперацыі — «Шаравая маланка» і «Зімовае чараўніцтва».
т. 7, с. 27
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІЛ СО́РСКІ (у свеце Мікалай Майкаў; 1433, Масква — 1508),
расійскі царк. і грамадскі дзеяч, кіраўнік несцяжацеляў. Манах Кірыла-Белазерскага манастыра. У 1473—89 шмат падарожнічаў, быў у Палесціне, Канстанцінопалі, Афоне, дзе пазнаёміўся з містычным вучэннем ісіхазму (шлях чалавека да яднання з Богам праз «ачышчэнне сэрца»). Пасля вяртання заснаваў першы на Русі манаскі скіт на р. Сора каля Кірыла-Белазерскага манастыра. У творах «Статут скіцкага манаскага жыцця», «Паданне вучням сваім аб жыхарстве манаскім» і інш. патрабаваў засяроджвання вернікаў на сваім ўнутр. свеце, асабістага перажывання веры як непасрэднага яднання верніка з Богам. Выступаў за ўдзел манахаў у прадукц. працы, рэформу манаства на пачатках скіцкага жыцця, заклікаў духавенства адмаўляцца ад роскашы, ўладання зямлёй і сялянамі («несцяжання»). У адносінах да ератыкоў рэкамендаваў адмову ад насілля і ганенняў. Удзельнічаў у саборы 1503, дзе несцяжацелі пацярпелі паражэнне ад іасіфлян. Прадаўжальнікамі ідэй Н.С. былі Васіян Патрыкееў Касы і Арцемій Троіцкі.
Літ.:
Замалеев А.Ф. Философская мысль в средневековой Руси (XI—XVI вв.). Л., 1987;
Замалеев А.Ф., Овчинникова Е.А. Еретики и ортодоксы: Очерки древнерус. духовности. Л., 1991.
т. 11, с. 346
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)