БРО́НЗАЎКІ

(Cetoniinae),

падсямейства жукоў сям. пласцініставусых. Каля 2700 відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках. На Беларусі часцей трапляецца бронзаўка залацістая (Cetonia aurata); 2 віды, бронзаўка вял. зялёная (Potosia aeruginosa) і бронзаўка мармуровая (Liocola marmorata), рэдкія, занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Даўж. 0,8—11 см. Колер яркі: зялёныя, медна-чырвоныя, фіялетавыя, з метал. бляскам. У некаторых на галаве рогі. Крылы ў час палёту выпростваюцца праз выемкі ў надкрылах. Лятаюць у маі—верасні. Лічынкі С-падобныя, жывуць у трухлявай драўніне, дуплах, пнях, глебе, мурашніках, норах грызуноў. Жукі кормяцца бутонамі, кветкамі, маладымі пладамі і лісцем пладовых, тэхн. і дэкар. раслін. Зімуюць лічынкі і жукі. За год адно пакаленне. Бронзаўкі — прамежкавыя гаспадары скрэбня-волата, паразіта чалавека і жывёл.

т. 3, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)