C10H16O3N2S, гетэрацыклічнае арган. злучэнне, якое ўтвараецца вышэйшымі раслінамі і мікробамі; у чалавека і большасці жывёл — мікрафлорай кішэчніка; сінтэзаваны штучна. Малекула біяціну мае тыяфенавае кольца, злучанае з рэшткамі мачавіны і валяр’янавай к-ты. Бясколерныя ігольчастыя водарастваральныя крышталі з tпл 230—232 ºC. Устойлівы да святла, награвання, кіслароду паветра, разбаўленых к-т. Найб. колькасць біяціну ў мясе, печані, нырках, яечным жаўтку, малацэ, дражджах, памідорах, соі, бобе, шпінаце. Уваходзіць у састаў ферментаў, якія рэгулююць абмен тлушчаў і бялкоў. Пры недахопе біяціну ў арганізме з’яўляецца мышачная слабасць, параліч, хваробы скуры, выпадаюць валасы, затрымліваецца рост. Сутачная норма біяціну для дарослага чалавека 0,01—0,025 мг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛЕ́НДА (ням. Blende) у архітэктуры, ніша ў сцяне, якая імітуе аконны праём. Часам мае абрамленне ў выглядзе ліштваў, архівольтаў, завяршаецца франтонамі, сандрыкамі і інш. элементамі аздобы. Выкарыстоўваецца для стварэння рытмічнасці фасада будынка з рэгулярнай сеткай аконных праёмаў; у месцах, дзе вокны неабавязковыя, яны замяняліся блендамі. На Беларусі вядомыя ў архітэктуры готыкі і рэнесансу (касцёл у в. Гнезна Ваўкавыскага р-на), барока і класіцызму (палац у Нясвіжы, Мікалаеўская царква ў Магілёве і інш.), несапраўднай готыкі (касцёл у в. Гервяты Астравецкага р-на), у жылой забудове 19 — пач. 20 ст. (дом па вул. Старавіленскай і Траецкім прадмесці ў Мінску).
Бленда на фасадзе дома ў Траецкім прадмесці ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЬГЕ́ЛЬМ II (Wilhelm; 27.1.1859, Берлін — 4.6.1941),
прускі кароль і герм. імператар [1888—1918]. З дынастыі Гогенцолернаў. Сын Фрыдрыха III (правіў 9.3—15.6.1888). Унук Вільгельма I. Скончыў Бонскі ун-т (1879). Служыў у арміі (з 1879), ген.-м. (1888). У час яго праўлення Германія стала буйной марской дзяржавай (у развіцці ўзбр. сіл асаблівую ўвагу аддаваў ВМФ), працягвала калан. захопы, уцягнулася ў 1-ю сусв. вайну. Пазбавіўся ўлады ў выніку Лістападаўскай рэвалюцыі 1918, эмігрыраваў у Нідэрланды. 28.11.1918 адрокся ад прастола. Аўтар твораў «Падзеі і асобы ў 1878—1918 гады» (1922), «З майго жыцця: 1859—1888 гг.» (1927), «Мае продкі» (1929) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́КТЫ ВІ́ЛЕНСКАЙ КАМІ́СІІ (АВК),
Акты Віленскай археаграфічнай камісіі (АВАК), шматтомны збор дакументаў па гісторыі Беларусі, Украіны і Літвы 14—19 ст. (т. 1—39. Вільня, 1865—1915). Сабраны дакументы на старабел., рус., польскай і лац. мовах па паліт., сац.-эканам., царк. гісторыі, этнаграфіі, пра развіццё прам-сці, сельскай гаспадаркі, культуры, становішчы яўрэяў і татараў ВКЛ, вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, вайну 1812. Выданне мела на мэце сцвердзіць справядлівасць далучэння Беларусі і Літвы да Рас. імперыі, прапагандаваць ідэю пра «спрадвечна рускі» характар ВКЛ. Нягледзячы на недахопы (тэндэнцыйнасць падбору матэрыялаў, недакладнасці перадачы тэкстаў, друкарскія памылкі) маевял. каштоўнасць як крыніца па гісторыі Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬТ (італьян. alto ад лац. altus высокі),
1) нізкі жаночы ці дзіцячы голас у хоры; 2-я па вышыні партыя ў харавой партытуры. Да 18 ст. назва высокага тэнара.
2) Муз. інструмент класа хардафонаў тыпу смыковых. Мае тую ж канструкцыю, што і скрыпка, але большых памераў, густы, насычаны гук, строй квінтай ніжэй. Мяркуюць, створаны на мяжы 15—16 ст. На Беларусі вядомы з 18 ст., выкарыстоўваўся ў ансамблях і з аркестрам; нар. назва «альтоўка».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́МІ (Ammi),
род кветкавых раслін сям. сельдэрэевых. Каля 6 відаў. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і. Амі зубная (A. visnaga) і вялікая (A. majus) культывуюцца на Каўказе, паўд. Украіне і ў Малдове. Інтрадукаваны ў Цэнтр.бат. сад АН Беларусі.
Адна- або двухгадовыя травяністыя расліны з галінастым голым баразнаватым сцяблом выш. 50—80 см. Лісце складанаперыстарассечанае. Кветкі дробныя белыя ў складаных парасоніках. Плод — двухсямянка; мае эфірны алей, келін, віснагін, ізапімпінелін, бергаптэн і інш.біял. актыўныя рэчывы, якія выкарыстоўваюцца пры каранарнай недастатковасці, бранхіяльнай астме, коклюшы, як спазмалітычныя сродкі; прэпарат аміфурын — для лячэння віціліга і кругападобнай лысасці. Харчовыя (ужываюцца карані), меданосныя, вострапрыпраўныя і эфіраалейныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМПЛІТУ́ДНАЯ МАДУЛЯ́ЦЫЯ,
павольная змена амплітуды эл.-магн. ваганняў у параўнанні э іх перыядам па вызначаным законе; від мадуляцыі. Выкарыстоўваецца для перадачы інфармацыі ў радыё- і аптычным дыяпазонах хваляў (напр., перадача гукавога суправаджэння, тэлевізійных адлюстраванняў). Перадавальная радыёстанцыя, якая працуе ў рэжыме амплітуднай мадуляцыі, вылучае спектр частот. У выпадку амплітуднай мадуляцыі сінусаідальным сігналам (гл.рыс.) спектр мае 3 складальныя: нясучую (ω) і 2 бакавыя частаты
. Глыбіня амплітуднай мадуляцыі характарызуе ступень змены амплітуды:
; частата мадуляцыі Ω — скорасць змены амплітуды ваганняў. Для атрымання амплітудна-мадуляванага вагання нясучая частата і сігнал, якім яна мадулюецца, падаюцца на мадулятар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГІНА́ЛЬНАЯсям’і ліній,
лінія, якая ў кожным сваім пункце датыкаецца да адной лініі сям’і. Напр., усякая крывая з’яўляецца агінальнай для сям’і сваіх датычных; агінальная сям’і акружнасцяў аднолькавага радыуса R з цэнтрамі на адной прамой — пара прамых, кожная з якіх ляжыць на адлегласці R ад лініі цэнтраў (гл.рыс.). Ураўненне агінальнай сям’і ліній на плоскасці, якія вызначаюцца ўраўненнем 𝑓(x, y, C) = 0, можна знайсці з сістэмы 𝑓(x, y, C) = 0, 𝑓c (x, y, C) = 0 выключэннем параметра C пры ўмове, што 𝑓(x, y, C) мае неперарыўныя першыя частковыя вытворныя па ўсіх пераменных.
Агінальныя сям’і акружнасцяў з цэнтрамі на адной прамой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДКРЫ́ТЫ ГО́РАД,
у міжнародным праве горад, які ў вайну адна з дзяржаў, што ваююць, абвяшчае неабароненым (без ваен. аб’ектаў, войскаў і сродкаў абароны) і таму па-за тэатрам ваенных дзеянняў. Гэты акт мае на мэце прадухіліць знішчэнне гіст. і культ. каштоўнасцяў горада, яго жыхароў.
Прававы статус адкрытага горада засн. ва палажэнні (Гаагскай канвенцыі 1907) «Аб законах і звычаях сухапутнай вайны», арт. 25 якога забараняе «атакаваць або бамбардзіраваць якім бы ні было чынам неабароненыя гарады, паселішчы, жылыя дамы або будынкі». У 2-ю сусв. вайну адкрытымі гарадамі абвяшчаліся Парыж, Рым, Брусель, Бялград, Заграб, Любляна і інш. Вядомы выпадкі парушэння статуса адкрытага горада (бамбардзіроўка Бялграда фаш. авіяцыяй у 1941).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРМЯ́НСКАЕ ПІСЬМО́,
алфавітная сістэма, створаная каля 406 арм. епіскапам Месропам Маштоцам. Узнікненне армянскага пісьма было выклікана распаўсюджаннем хрысціянства (прынята армянамі ў 301) і неабходнасцю мець богаслужэбную л-ру на арм. мове. Армянскае пісьмо мае фанематычны характар. Першапачаткова алфавіт складаўся з 36 знакаў (кожны абазначаў асобную фанему), у 12 ст. дапоўнена 2 новымі літарамі. У такім складзе выкарыстоўваецца для перадачы сучаснай арм. мовы. Да пераходу на арабскія лічбы літары мелі і лічбавае значэнне. Кірунак пісьма злева направа, літарныя знакі запісваліся асобна. У якасці вытокаў армянскага пісьма разглядаецца грэч.-візантыйскае, сірыйскае і арамейскае пісьмо, аднак адназначнага рашэння гэтае спрэчнае пытанне не знайшло.