ЛІ́МФА (ад лац. lympha чыстая вада, вільгаць),

вадкасць, што цыркулюе ў лімфатычнай сістэме пазваночных жывёл і чалавека. Забяспечвае абмен рэчываў паміж тканкамі і крывёю арганізма. Нашча амаль празрыстая, пасля прыёму ежы белая, непразрыстая, падобная да малака, з вял. колькасцю неэмульгаванага тлушчу. Утвараецца фільтрацыяй плазмы крыві праз сценкі сасудзістых капіляраў у міжтканкавыя прасторы (тканкавая вадкасць). Мае ў сабе да 90% лімфацытаў, бялкі, гармоны, ліпіды, метабаліты, ферменты і інш. Удз. в. — 1,017—1,026; pH 7,4—9. Згусае не так хутка, як кроў (за 10—15 хвілін). Аб’ём Л. ў чалавека 1,5—2 л.

А.С.Леанцюк.

т. 9, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)