РО́ДЗЕВІЧ (Часлаў Іванавіч) (20.3.1889, фальварак Кур’янаўшчына, цяпер Лагойскі р-н Мінскай вобл. — сак. 1942),
бел.тэатр. і грамадскі дзеяч. Брат Л.І.Родзевіча. Скончыў Віленскую сярэднюю хіміка-тэхнал. школу (1908), Новачаркаскі політэхн.ін-т. Удзельнік Першай бел.тэатр. вечарыны ў лют. 1910 у Вільні, уваходзіў у Беларускі музычна-драматычны гурток у Вільні, Першую беларускую трупу І.Буйніцкага. Адзін з заснавальнікаў Бел.т-ва дапамогі ахвярам 1-й сусв. вайны (1916—18) і Таварыства ахвотнікаў беларускага народнага штукарства ў Петраградзе. У 1918 супрацоўнік Беларускага нацыянальнага камісарыята. У 1918—19 акцёр, камісар Беларускага савецкага тэатра, выкладчык Мінскага бел.пед. ін-та. У час польскай акупацыі 1919—20 чл. Мінскай бел. школьнай рады, заг. аддзела асветы Мінскага магістрата, старшыня Бел.тэатр. камісіі пры Часовым бел.нац. к-це. У 1920-я г. ўдзельнічаў у рабоце Навукова-тэрміналагічнай камісіі пры Наркамасвеце БССР, займаўся навук. даследаваннямі ў галіне прыродазнаўства пры Мінскай балотнай станцыі. З 1922 у Інбелкульце, з 1925 навук. сакратар с.-г. секцыі (з 1929 Бел.АН). У ліп. 1930 арыштаваны, асуджаны па справе «Саюза вызвалення Беларусі» і высланы на 5 гадоў у г. Саратаў (Расія). Рэабілітаваны ў 1957. Аўтар працы пра бел.нар.танцы, зб. «Песні з нотамі» (не захаваліся).
Літ.:
Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1. Мн., 1983;
Возвращенные имена: Сотрудники АН Беларуси, пострадавшие в период сталинских репрессий. Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РУ́СКІЯ СЕЗО́НЫ» (Saisons Russes) за мяжой, гастрольныя выступленні рус. оперы і балета ў 1908—29, арганізаваныя С.П.Дзягілевым. Праходзілі ў Парыжы (1908—14), Лондане (1912—14), ЗША (1916—17). Іх пачатак паклалі 1-я выстаўка рус. жывапісу і «Гістарычныя рускія канцэрты» (1906—07, Парыж). Ініцыятары стварэння «Р.с.» — мастакі і музыканты аб’яднання «Свет мастацтва». Трупа для «Р.с.» фарміравалася з артыстаў Марыінскага і маскоўскага Вял. т-раў, Опернага т-ра Зіміна. Пачаліся з оперы «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага з Ф.Шаляпіным у гал. ролі. Сярод інш. пастановак: «Пскавіцянка» М.Рымскага-Корсакава, «Хаваншчына» Мусаргскага ў рэд. Рымскага-Корсакава, «Князь Ігар» А.Барадзіна, опера-балет «Салавей» І.Стравінскага, балеты «Павільён Арміды» М.Чарапніна, «Клеапатра» («Егіпецкія ночы»; на музыку А.Арэнскага, С.Танеева, Рымскага-Корсакава, М.Глінкі, А.Глазунова, Мусаргскага, Чарапніна), «Палавецкія танцы» з оперы Барадзіна «Князь Ігар». У 1911—13 на базе «Р.с.» узнікла пастаянная трупа «Рускі балет Дзягілева». За час існавання «Р.с.» пастаўлена больш за 60 балетаў і 10 опер. «Р.с.» замацавалі рус. мастацтва як вядучае ў агульнаеўрап. муз. працэсе канца 19—1-й чвэрці 20 ст.
Літ.:
Левая Т.Н. Русская музыка начала XX в. в художественном контексте эпохи. М., 1991;
Рахманова М. Сергей Дягилев и «экспансия» русского искусства // Русская музыка и XX в.: Рус.муз. искусство в истории худож. культуры XX в. М., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯСЕ́ЛЛЕ,
комплекс абрадаў і звычаяў, якія суправаджаюць заключэнне шлюбу і з’яўляюцца своеасаблівым актам зацвярджэння новай сям’і. Вяселле як абрадавае афармленне шлюбу ўзнікла ў перыяд патрыярхату з усталяваннем аднашлюбнасці (гл.Манагамія). Для кожнага народа на пэўнай ступені яго развіцця характэрны традыц. ўстойлівы комплекс вясельных абрадаў, які спалучаецца з усімі відамі нар. мастацтва (тэатралізаваныя дзеянні, музыка, спевы, танцы і да т.п.). Асн. момант вясельнай абраднасці ўсіх народаў свету — пераезд нявесты з дому бацькоў у дом жаніха.
Багацце і разнастайнасць абраднасці бел. вяселля вынікаюць з прававой сілы яго працэдур, якія павінны былі абавязкова выконвацца пры сведках (родзе, суседзях), што ў сваю чаргу ўзаконьвала маёмасныя, этычныя правы, адносіны і абавязкі будучай сям’і. Толькі з моманту вяселля маладыя прызнаваліся самаст. членамі абшчыны. Згодна з паслядоўнасцю абрадавых дзеянняў традыц.бел. вяселле падзяляецца на 3 асн. часткі: давясельную, або падрыхтоўчую (выглядзіны, даведкі, сватанне, запоіны, агледзіны, заручыны); уласна вясельную (суборная субота, каравай, пасад, прыезд дружыны маладога да маладой, шлюб, пераезд да маладога, камора, пасаг, завіванне, выпрабаванне здольнасцей і характару маладой, дзяльба каравая, абдорванне маладых); паслявясельную (пярэзвы). У агульным цыкле абраднасці значэнне гэтых частак неаднолькавае. Давясельная з’яўляецца пераважна фармальна-бытавой — у час яе адбываецца пагадненне паміж бацькамі маладых пра заключэнне шлюбу. Уласна вяселле займае гал. месца ў традыц. вясельнай абраднасці і характарызуецца багаццем цырымоній, гал. сярод якіх абрад звядзення маладых, які замацоўвае іх шлюб і злучае на ўсё жыццё. Заключная частка вясельнага цыкла мае пераважна гульнёвы характар. У кожнай мясцовасці была свая ўсталяваная вясельная пара: у адных жаніліся пасля Вялікадня, у другіх — пасля Пятра і Паўла, ў трэціх — зімой, але найчасцей жаніліся ўвосень ад Пакроваў да каляднага посту, пасля заканчэння асн. палявых работ. Вяселле было важнай падзеяй у жыцці маладых і ўсёй грамады. Гэтым у першую чаргу тлумачыцца дакладная распрацаванасць усіх эпізодаў вясельнага абраду, кожнаму з якіх адпавядаў свой рытуал. Багатымі і разнастайнымі былі вясельныя песні, прыгаворкі, прыказкі, абрадавыя танцы, якія суправаджалі і тлумачылі кожны з гэтых эпізодаў. Удзельнікі вяселля (маладая, або княгіня, малады, або князь, сват і свацця, дружкі нявесты і дружына жаніха) выконвалі адведзеную ім ролю паводле нар. светапогляду, традыцый і этыкету.
Характэрная рыса бел. вяселля — наяўнасць стараж. рэлігійна-абрадавых і сац.-быт. элементаў, якія ўзыходзяць да эпохі матрыярхату і захоўваюць перажыткі і водгукі татэмістычных вераванняў і культаў (культ расліннасці, жывёл, нябесных свяціл). Ад эпохі родаплемяннога побыту ў выглядзе гульні дайшлі абрады выкрадання і куплі-продажу нявесты. У правасл. перыяд абрад вяселля складаўся з адносна невял. колькасці магічных дзеянняў, сэнс якіх раскрывалі кароткія песні заклікальнага і эратычнага зместу. Пазней вяселле ператварылася ў шматсастаўны абрад з элементамі стараж. магіі, складанае драматычнае дзеянне з мноствам дзейных асоб. У 19 ст. з развіццём капіталіст. спосабу вытв-сці і распадам патрыярхальнай сям’і ў бел. вяселлі паявіліся новыя матывы: павышаная ўвага да пасагу, нязгода маладых з існуючым сямейным укладам і г.д. Абавязковым стаў абрад вянчання ў царкве (касцёле). У наш час многія элементы традыц. вяселля зніклі або змяніліся, а само яно ператварылася ва ўрачыстую цырымонію пасля афіц. рэгістрацыі шлюбу.
Літ.:
Вяселле: Абрад. Мн., 1978;
Никольский Н.М. Происхождение и история белорусской свадебной обрядности. Мн., 1956.
з 1857 Аляксандраўскі кадэцкі корпус, сярэдняя ваенна-навуч. ўстанова закрытага тыпу для падрыхтоўкі дваранскіх дзяцей да вайск. службы. Існаваў у 1842—63 у Брэсце. Засн. на сродкі казны, а таксама памешчыкаў Віленскай, Гродзенскай, Мінскай і Беластоцкай губ. Найменне «Аляксандраўскі» — у гонар Аляксандра II, будучага імператара, які ў 1849—55 быў гал. начальнікам (шэфам) кадэцкіх карпусоў Расіі. Размяшчаўся ў пераабсталяваным будынку бернардзінскага кляштара на Валынскім умацаванні Брэсцкай крэпасці. Разлічаны на 400 навучэнцаў (кадэтаў). На вучобу прымаліся дзеці дваран, штаб- і обер-афіцэраў ва ўзросце 9,5—11,5 года. Выкладаліся агульнаадук. прадметы за курс гімназіі (мовы, прыродазнаўчыя і грамадазнаўчыя навукі), страявая падрыхтоўка, верхавая язда, ружэйная стральба, фехтаванне, гімнастыка, плаванне, музыка і танцы. Выпускнікоў накіроўвалі пераважна ў юнкерскія вучылішчы. У сувязі з пачаткам Крымскай вайны 1853—56 і абвяшчэннем ваен. становішча ў Брэсцкай крэпасці Брэсцкі кадэцкі корпус у 1854 пераведзены ў Маскву, а ў 1860 — у Вільню, дзе ў 1863 у сувязі з рэформай ваенна-навуч. устаноў скасаваны. Многія з выхаванцаў корпуса пазней сталі дзеячамі рэв. руху ў Расіі, кіраўнікамі і ўдзельнікамі паўстання 1863—64 на Беларусі, у Літве і Польшчы, у т. л. П.І.Адамовіч, Я.В.Дамброўскі, Я.Ф.Кульчыцкі, Б.В.Люгайла, І.А.Падбельскі, З.У.Падлеўскі, Б.С.Паўловіч, Я.А.Пыдзеўскі, М.В.Сакалоў, А.Г.Стаброўскі, П.Ф.Уладычанскі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАДЗЕ́ЙНАЕ ХАРЭАГРАФІ́ЧНАЕ МАСТА́ЦТВА,
аматарская творчасць у галіне харэаграфічнага мастацтва (гл.Харэаграфія). Вядома ў многіх краінах свету. Вытокі бел. С.х.м. ў нар. абрадах і гульнях, карагодах. Да пач. 20 ст. развівалася ў рэчышчы муз. і тэатр. самадзейнасці. У 1900—20-я г.нар.танцы ў выкананні аматараў уключаліся ў праграмы беларускіх вечарынак, вял. значэнне мела дзейнасць Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага, у канцэртных праграмах якой выконваліся многія нар.танцы. Найб. пашырылася з 1920-х г. з пачаткам сістэм. вывучэння і практычнага выкарыстання нац. харэагр. фальклору ў прафес. і аматарскіх калектывах. У рэпертуар танц. гурткоў уключаліся папулярныя ў народзе танцы, якія выконваліся ў іх фалькл. выглядзе. Паступова выпрацоўваліся метады і спосабы сцэн. інтэрпрэтацыі ўзораў харэагр. фальклору. У 1927 арганізаваны адзін з першых самадз. харэагр. калектываў — Ансамбль танца Мінскага клуба КІМ пад кіраўніцтвам К.Алексютовіча. У яго рэпертуары былі па-мастацку апрацаваныя, трансфармаваныя ў адпаведнасці з патрабаваннямі сцэны танцы «Мяцеліца», «Таўкачыкі», «Юрачка», «Мікіта», «Лянок»; на аснове нар. песні створаны танец «Бульба», які набыў вял. папулярнасць у пастаноўцы І.Майсеева. У 1930-я г. створаны ансамбль песні і танца ў калгасе «Ленінскі шлях» Дзяржынскага р-на, танц. калектыў торфарцелі імя 16 партызан Пухавіцкага р-на, ансамбль песні і танца будаўнікоў Мінска і інш. У творчай практыцы калектываў бел. танец набыў больш яркую сцэн. форму. Пасля Вял.Айч. вайны адноўлены раней створаныя самадз.танц. калектывы і ўзнікла шмат новых, сярод якіх пераважалі ансамблі танца і ансамблі песні і танца: з 1945 — нар. ансамбль танца «Крыжачок» БДУ; з 1954 — узорны ансамбль песні і танца «Прыбужжа» СШ №5 г. Брэста (засн. і маст. кіраўнік засл. настаўніца Беларусі В.Верамюк), з 1956 — нар. ансамбль танца «Вясёлка» Рэсп. Палаца культуры (ПК) прафсаюзаў (кіраўнік засл. работнік культ. Беларусі В.Ямінскі), з 1958 — узорныя ансамблі танца «Равеснік» Рэсп. ПК прафсаюзаў (з 1999 кіраўнік Т.Зубік) і «Лянок» прадпрыемства «Культсэрвіс» Мінскага трактарнага з-да (засн. Г.Чысцякова, з 1990-х г. кіраўнік І.Чысцякоў), з 1961 — узорны вак.-харэагр. ансамбль «Зорка» культурна-дзелавога цэнтра «КІМ» г. Віцебска (кіраўнік Н.Чарнюк). У 1960—80-я г. ўзніклі новыя самабытныя калектывы, выраслі іх масавасць і выканальніцкі ўзровень, іх цікавасць да нац. фальклору. Уклад у развіццё С.х.м. зрабілі нар. артысты Беларусі М.Бяльзацкая, А.Нікалаева, А.Рыбальчанка, А.Вараб’ёў, Я.Штоп, засл. артысты Беларусі М. і Р. Красоўскія, засл. дз. культ. Беларусі С.Грабеншчыкоў, М.Кіракозаў, Л.Ляшэнка, І.Серыкаў, М.Чысцякоў, В.Партной, Н.Залеўская, засл. работнікі культ. Беларусі Л.Барадулька, М.Лапша, І.Смірноў, Р.Чарахоўская, Ч.Клячко, а таксама Л.Тушынскі, З.Чарняўскі, А.Быковіч і інш. Лепшым дарослым і дзіцячым калектывам нададзены адпаведна найменні «народны» (з 1960) і «ўзорны» (з 1978) (гл.Народныя самадзейныя калектывы, Народныя хары, ансамблі, аркестры). У 1990-я г. ў самадз. мастацтва прыйшло шмат таленавітых балетмайстраў, пад кіраўніцтвам якіх створаны новыя калектывы з арыгінальным рэпертуарам: нар. ансамбль танца «Крупіца» Крупіцкага цэнтра культуры Мінскага р-на (з 1982; кіраўнік засл. работнік культуры Г.Чорны); нар.вак.-харэагр. ансамбль «Гомій» Гомельскага гар. цэнтра культуры (з 1982; кіраўнік засл. работнік культ. П.Свярдлоў); нар. харэагр. ансамбль «Рунь» Дома культуры (ДК) тэкстыльшчыкаў Магілёўскага прадпрыемства «Магатэкс»; нар. ансамбль танца «Белая Русь» Рэсп. цэнтра маст. творчасці навучэнцкай моладзі «Юнацтва» (з 1989; кіраўнік А.Карповіч; лаўрэат у 1997 I Міжнар. фестывалю харэаграфіі «Сожскі карагод»; у 1994, 1997, 2001 фестываляў нар. творчасці Мінска); нар. ансамбля танца «Пінская шляхта» Пінскага вучылішча мастацтваў (з 1992; кіраўнік В.Жыльцоў); нар. ансамбль-майстэрня абрадавай творчасці «Спас» Мінскага вучылішча мастацтваў (з 1995; кіраўнік В.Ямпольскі; у 1999 лаўрэат II Міжнар. фестывалю харэаграфіі «Сожскі карагод») і інш.
У наш час С.х.м. — шматжанравая галіна маст. культуры. Яна ўключае ансамблі і студыі нар. класічнага, эстр., бальнага танца: калектывы сістэмы мін-ваў культуры, адукацыі, Федэрацыі прафсаюзаў Беларускай. На 1.1.2001 у дзярж. установах культуры Беларусі налічваецца 2575 самадз. харэагр. калектываў, з іх 2044 дзіцячых, у т. л. па абласцях: у Брэсцкай 397 (з іх 333 дзіцячых), у Віцебскай 432 (з іх 354 дзіцячых), у Гомельскай 533 (з іх 346 дзіцячых), у Гродзенскай 279 (з іх 242 дзіцячых), у Магілёўскай 404 (з іх 321 дзіцячых), у Мінскай 539 (з іх 448 дзіцячых), сістэмы Федэрацыі прафсаюзаў — 68, сістэмы Мін-ва адукацыі — 32 калектывы. Адметная рыса творчай дзейнасці лепшых аматарскіх калектываў — выкарыстанне нац. харэагр. фальклору ў самых розных формах сцэн. інтэрпрэтацыі: ад традыц. ў жанры нар.-сцэн. танца да фольк-мадэрна. Плённае развіццё дзіцячай харэагр. самадзейнасці найперш звязана з масавым адкрыццём дзіцячых харэагр. школ і школ мастацтваў. Сярод лепшых дзіцячых калектываў узорны вак.-харэагр. ансамбль «Камарыкі» ПК вытв. аб’яднання «Нафтан» г. Наваполацк (з 1970; кіраўнік Клячко; у 1983 лаўрэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў); узорны ансамбль танца «Светлячок» ДК энергетыкаў г. Новалукомль (з 1977; кіраўнік Н.Тамашава; у 1998 лаўрэат міжнар. фестывалю маст. творчасці народаў СНД); узорны ансамбль танца «Лялечкі» Абухаўскага цэнтр. ДК Гродзенскага р-на (з 1978; кіраўнік Н.Урукіна); узорны ансамбль танца «Весялушкі» ДК чыгуначнікаў г. Орша (з 1981; кіраўнік І.Стамінская; у 1999 лаўрэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў); узорны ансамбль «Весялушка» Мінскай дзіцячай харэагр. школы (з 1981; кіраўнікі С. і І. Дарохіны; у 1995 лаўрэат Міжнар. фестывалю «Голас дзяцінства»); узорны ансамбль танца «Зубраня» ПК. «Аўтазаводзец» г. Мінск (з 1983; кіраўнік Я.Гутман; у 1994, 1997, 2001 лаўрэат фестываляў нар. творчасці Мінска «Сузор’е»); узорны ансамбль танца «Жавароначкі» ПК т-ва «Сукно» Мінска (з 1985; кіраўнік С.Аляксандраў; у 1994 лаўрэат фестывалю нар. творчасці Мінска); узорны ансамбль танца «Чабарок» мінскага Палаца дзяцей і моладзі (з 1987; кіраўнік Н.Дзягель; у 1994 і 1997 лаўрэат фестываляў нар. творчасці Мінска); узорны харэагр. ансамбль танца «Раўніца» СШ №2 г. Барысаў (кіраўнік А.Цюцюноў) і інш. Значных поспехаў дасягнулі ансамблі эстр. танца, у іх ліку «Гарэзлівыя агеньчыкі» Мінскага ПК і спорту чыгуначнікаў (з 1979; кіраўнік В.Буры; у 1997 і 2001 лаўрэат фестываляў нар. творчасці Мінска «Сузор’е»); ансамблі бальнага танца, у іх ліку ансамбль «Мара», прадпрыемства «Культсэрвіс» Мінскага трактарнага з-да (з 1966; кіраўнік засл. работнік культ. Беларусі Л.Лазарава; у 1994. 1997, 2001 лаўрэат фестываляў нар творчасці Мінска «Сузор’е»). Выяўленню самабытных калектываў і выканаўцаў, павышэнню маст. ўзроўню іх рэпертуару і выканальніцкага майстэрства, папулярызацыі танц. мастацтва садзейнічаюць фестывалі і конкурсы ў галіне харэагр. мастацтва, якія стымулююць развіццё існуючых і стварэнне новых калектываў розных жанраў: Міжнар. фестывалі харэаграфіі «Сожскі карагод» у Гомелі і сучаснай харэаграфіі «IFMC» у Віцебску; фестываль фальклору «Пінскі карагод»; абласны фестываль «Свята танца» ў Гродне; фестывалі дзіцячых і юнацкіх танц. калектываў «Танцуючы Фламінга» ў Гомелі і інш. Праводзяцца агляды самадз. харэагр. калектываў у рамках розных форумаў, прысвечаных нар. творчасці, у т. л. фестывалі нар. мастацтва Беларусі «Беларусь — мая песня», нар. творчасці «Сузор’е», студэнцкай маст. творчасці «Студэнцкая вясна» і інш. Харэагр. калектывы — актыўныя ўдзельнікі фестываляў фальклору за мяжой. Кадры кіраўнікоў харэагр. калектываў (балетмайстраў, педагогаў-харэографаў) рыхтуюць у Бел. ун-це культуры (кафедра харэаграфіі), у вучылішчах мастацтваў (аддзяленні харэаграфіі) у Мінску, Віцебску, Гродне, Гомелі, Пінску, Магілёве.
С.В.Гуткоўская, Ю.М.Чурко.
Да арт.Самадзейнае харэаграфічнае мастацтва. Народны ансамбль танца «Пінская шляхта» Пінскага вучылішча мастацтваў.Да арт.Самадзейнае харэаграфічнае мастацтва. Узорны ансамбль танца «Зубраня» Палаца культуры «Аўтазаводзец» г. Мінск.Да арт.Самадзейнае харэаграфічнае мастацтва. Народны ансамбль танца «Белая Русь» Рэспубліканскага цэнтра мастацкай творчасці навучэнцкай моладзі «Юнацтва».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІЯ ГІМНА́ЗІІ.
Існавалі ў 1866—1918. Падпарадкоўваліся Віленскай навучальнай акрузе. Гомельская мужчынская гімназіязасн. ў 1866 на базе 3-класнага вучылішча як 4-класная прагімназія, з 1877 — 6-класная. У 1897 пераўтворана ў поўную 8-класную гімназію з падрыхтоўчым класам (1—4-ы класы паралельныя). Утрымлівалася за кошт дзярж. сродкаў і платы за навучанне. Вучыліся пераважна дзеці мяшчан, дваран, чыноўнікаў і заможных сялян. У 1909 — каля 30 выкладчыкаў, 471 навучэнец. Гомельская жаночая гімназія, засн. 1.7.1882 на базе жан. пансіёна як 4-класная прагімназія, у 1897—99 адчынены 5—7-ы класы, у 1909 — 8-ы пед. (з вер. 1917 агульнаадук. клас). Мела падрыхтоўчы і паралельныя класы. Утрымлівалася за кошт платы за навучанне, сродкаў дзярж., гар. бюджэту, т-ва дапамогі бедным навучэнкам, заможных асоб. На 1.1.1917 было 19 класаў, каля 30 выкладчыкаў, 885 вучаніц. Прыватная жаночая гімназія В.А.Копіш, адкрыта ў 1907 як 4-класная прагімназія, з 2.8.4.1908 — 7-класная гімназія. У 1911 — 23 выкладчыкі, 349 вучаніц. Прыватная яўрэйская мужчынская гімназія А.Е.Ратнера, адкрыта ў 1907 у складзе 8 класаў. У 1911 — 27 выкладчыкаў, 255 навучэнцаў. Прыватная жаночая навучальная ўстанова Л.С.Абалонскай (з правамі гімназіі), засн. ў 1915 як 7-класная, потым адкрыты 8-ы клас. Прыватная жаночая прагімназія М.А.Табалевіч-Федароўскай, засн. Ў 1908 як жаночае вучылішча, у 1911 пераўтворана ў 7-класную прагімназію. Выкладаліся тэорыя і практыка замежных моў, гімнастыка і танцы. Гімназія мела дзіцячы сад. Працавалі таксама жаночыя яўр. прагімназіі М.А.Эльяшава і А.Я.Сыркінай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНАЯ ДРА́МА,
найвышэйшая форма народнага тэатра. Увабрала ў сябе і ўзняла на новую ступень у тэатр. мастацтве ўсё. уласцівае яго больш раннім формам. Відовішча карнавальнага тыпу, прымеркаванае да каляднага цыкла нар. гульняў і паказаў, што абумоўлівае яе папулярнасць, тэматыку, сістэму вобразаў і абмежаваную колькасць сюжэтаў. Вядома на Беларусі, Украіне, у Расіі. Вытокі Н.д. ў калядных гульнях з пераапрананнямі і ў батлейцы. дзе фактычна яна і склалася (гл.Жывая батлейка). Паказы Н.д. параўнальна вял. паводле аб’ёму, са значнай колькасцю ўдзельнікаў (10—20 чал.), пэўнымі прыёмамі сцэн. выканання, спец. падрыхтоўкай (своеасаблівым рэжысёрам з’яўлялася традыцыя, яе прытрымліваліся ўсе нар. акцёры, якія на рэпетыцыях завучвалі тэксты, адпрацоўвалі ўмоўныя рухі і жэсты, рыхтавалі рэквізіт і касцюмы). На Беларусі шырока бытавала сярод сялян і рамеснікаў у 2-й пал. 19—1-й трэці 20 ст. Паказы звычайна адбываліся ў хатах. У рэпертуары былі пашыраны «Цар Ірад», «Цар Максімілян» (найб. папулярная), «Трон» (спалучаў сюжэты дзвюх першых), а таксама кароткія драм. сцэнкі тыпу «Мацей і доктар». Вядомая ва ўсх. славян Н.д. «Лодка» на Беларусі існавала ў кантамінацыі з «Царом Максімілянам». Паказы Н.д. складаліся з дзвюх частак, кожная са сваімі героямі: т. зв. сур’ёзная — асн. сюжэт (лінія цара Ірада, цара Максіміляна і сына Адольфа) і камед. — інтэрмедыйныя сцэны (пабудаваны на ўзор батлейкавых, уключалі жартоўныя дыялогі, байкі, танцы). Часткі злучаліся паміж сабой механічна, іх аб’ядноўвала характэрнае для Каляд агульнае карнавальнае светаадчуванне. Асн. кампазіцыйны прыём — выклік дзейных асоб да цара. У Н.д. ўсё перакладалася на мову святочных нар. уяўленняў, высмейвалася, зніжалася высокае і сур’ёзнае, сцвярджалася фамільярнасць як тып зносін; абмежаванняў і забарон для смеху не існавала. Традыцыі нар. карнавальнай культуры найперш выяўляліся ў інтэрмедыйных сцэнах, дзе ствараўся свой асаблівы свет, у якім вясёлыя смерці, пахаванні, хваробы, паядынкі, бойкі і танцы, жартоўныя дыялогі. Інтэрмедыйныя персанажы — дзед, яўрэй, доктар, цыган — належалі да катэгорыі блазнаў, пры гэтым дзед выконваў і функцыю карнавальнага развенчвання цара. Уплывам карнавальнасці пазначаны і асн. сюжэт: карнавальныя матывы, удзел інтэрмедыйных персанажаў у асн. канфлікце, інтэрмедыйныя ўстаўкі, так што сур’ёзнасць асн. сюжэта і яго персанажаў станавілася адноснай. У Н.д. выкарыстоўваліся агульныя традыц. прынцыпы нар.т-ра. У выканальніцтве Н.д. спалучаліся нар. прыёмы, заснаваныя на імправізацыі, з буфанадай і гратэскам, для інтэрмедыйнай часткі і т.зв. вайсковыя (выкарыстанне ўдзельнікамі-персанажамі артыкулаў вайсковага статута) — для асн. сюжэта. Апошнія спец. паказы Н.д. наладжаны ў 1962, 1963 у в. Бялевічы Слуцкага р-на Мінскай вобл.; ставілася драм. калектывамі Мінскага ін-та культуры (1976) і майстроўняй філ. ф-та БДУ (1981), нар. фальклорным т-рам «Жалейка» (г. Гомель; 1986—87), а таксама Маскоўскім ансамблем нар. музыкі пад кіраўніцтвам Дз.Пакроўскага (паказаны на 9-м Міжнар. з’ездзе славістаў у Кіеве; 1983): «Цар Ірад» («Кароль Гэрад») — фалькл. калектывам в. Юрацішкі Іўеўскага р-на Гродзенскай вобл. (1990-я г.).
Першыя запісы тэкстаў бел. Нд. зроблены ў 2-й пал. 19 ст. этнографамі Е.Раманавым, А.Грузінскім, М.Васільевым, М.Федароўскім, у пач. 20 ст. — Е.Іваноўскім, пазней — Ф.Дзядзенкам, М.Грынблатам, Я.Дылам (фрагмент апісання паказу), І.К.Кабашнікавым, Г.Барташэвіч, В.Захаравай, а таксама б. ўдзельнікамі паказаў І.Здрокам, М.Ганчаровым. Нар. традыцыі выканання Нд. былі выкарыстаны пры пастаноўцы «Цара Максіміляна» ў апрацоўцы А.Рэмізава і М.Міцкевіча ў Бел.драм. студыі ў Маскве (1924, рэж. В.Смышляеў) і ў спектаклі БДТ-2 (1926).
Літ.:
Стэльмах Дз.У. Сцэнічнае ўвасабленне народнай драмы // Весці АНБССР Сер. грамад. навук. 1981. № 2;
Яе ж. Узнікненне і развіццё народнай драмы на Беларусі // Там жа. 1982. № 6;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПО́ЛАЦКІ СШЫ́ТАК»,
рукапісны зборнік старадаўняй бел. музыкі 16—17 ст.; яркі ўзор бел. свецкай кантавай культуры. Выклеены з вокладкі уніяцкага служэбніка, набытага ў 1956 б-кай Ягелонскага ун-та ў Кракаве (Польшча). Папера зборніка выраблена паміж 1633—50 (паводле вадзяных знакаў), пераплецены служэбнік да 1680. Напачатку кніга належала уніяцкай царкве ў в. Астрамечава (Брэсцкі р-н). Апісаў зборнік польскі даследчык Е.Голас. «П.с.» уключае больш за 60 вак. і інстр.муз. твораў з выразнымі стылявымі рысамі барока. Сярод іх шматгалосыя канты і псальмы, фрагменты царк. музыкі з лічбаваным басам (для выканання на аргане). Мясцовыя напаўфалькл. традыцыі спалучаюцца ў музыцы з італьян. і франц. ўплывамі. Інтанацыйны строй мелодый грунтуецца на слав. нар.-песенным меласе і тыповых кантавых, часам стэрэатыпізаваных, папеўках і кадэнцыйных зваротах. Сустракаюцца формульныя напевы, якія выконваліся на розныя паэт. тэксты. Стылістыка песенных і танц. твораў блізкая да стылістыкі кантаў і псальмоў. Тэксты рукапісу напісаны на лац., стараслав., старабел. мовах. Для запісу музыкі выкарыстаны 2 натацыі — круглая заходнееўрап. (т.зв. італьянская) для літургічных твораў, круглая італьян. і квадратная «кіеўская» для свецкіх. На аснове зборніка ў Польшчы выдадзена грампласцінка «Песні, танцы і паваны», на супервокладцы якой падкрэслена бел. паходжанне муз. твораў. Некат. творы «П.с.» ўключыў у свой рэпертуар ансамбль старадаўняй музыкі Бел.дзярж. філармоніі «Кантабіле» (які і даў зборніку назву), некалькі кантаў з рэстаўрыраваным бел. тэкстам выконвае маск. камерны хор «Віват». Музыка «П.с.» неаднаразова выконвалася па Бел. тэлебачанні і радыё.
Літ.:
Герасимова-Персидская Н.А. Партесный концерт в истории музыкальной культуры. М., 1983. С.35;
Gołos J. // Nowe spojrzenie na rękopis 10002 BJ. // Muzyka. 1973. № 3;
Касьцюкавец Л. «Полацкі сшытак» // Полацак. 1991. № 8.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЙНІ́ЦКІ (Ігнат Цярэнцьевіч) (22.8.1861, б. фальварак Палівачы, Глыбоцкі р-н Віцебскай вобл. — 22.9.1917),
бел. акцёр, рэжысёр, тэатр. дзеяч. Стваральнік бел.нац. прафесійнага т-ра. Скончыў Рыжскае землямернае вучылішча, вучыўся ў прыватнай драм. студыі ў Вільні. Працаваў каморнікам на Беларусі. Добра ведаў жыццё народа, глыбока адчуваў і разумеў нар. творчасць. Вывучаў песні і танцы, збіраў узоры нар. адзення, арнаменту, размалёўкі. З 1905 сістэматычна наладжваў вечарынкі ў Палівачах і Празароках. У 1907 арганізаваў у Палівачах аматарскі т-р, удзельнікі якога выступалі перад мясц. жыхарамі. У 1910 т-р стаў прафесійным і атрымаў назву Першая беларуская трупа Ігната Буйніцкага. З ім многа ездзіў па Беларусі і за яе межы. Выступаў у Вільні, Пецярбургу і Варшаве. Кіраваў т-рам, падтрымліваў яго эканамічна за кошт даходаў са свайго маёнтка, ставіў п’есы, іграў у іх — Аляксей («У зімовы вечар» паводле Э.Ажэшкі), Ігнась («Модны шляхцюк» К.Каганца), Антон, Мірановіч («Пашыліся ў дурні», «Па рэвізіі» М.Крапіўніцкага), чытаў прозу і вершы, спяваў сола і ў хоры, па-майстэрску танцаваў. Першы на Беларусі звярнуў увагу на прыгажосць і эстэт. магчымасці бел.нар. танца, узняўшы яго да ўзроўню высокага мастацтва. Яго дзейнасць падтрымалі прагрэс. дзеячы бел. культуры — Я.Купала, Ядвігін Ш, Цётка, Ц.Гартны, З.Бядуля, Ч. і Л.Родзевічы і інш. З-за ўціску царскіх улад, іх негатыўных адносін да адраджэння бел. культуры, матэрыяльных цяжкасцей у 1913 т-р спыніў дзейнасць. У маі 1914 Буйніцкі зрабіў спробу стварыць новы т-р, але перашкодзіла 1-я сусв. вайна. У 1917 адзін з ініцыятараў стварэння Першага таварыства беларускай драмы і камедыі. У апошнія месяцы жыцця на вайск. службе ў рус. арміі ў раёне Маладзечна, дзе і памёр. У 1975 перапахаваны на цэнтр. плошчы в. Празарокі Глыбоцкага р-на, на магіле — помнік (скульпт. І.Міско, арх. М.Бурдзін). У Празароцкай сярэдняй шкале музей Буйніцкага.
Літ.:
Няфёд У.І. Ігнат Буйніцкі — бацька беларускага тэатра. Мн., 1991.
Створаны ў 1952 пераважна з удзельнікаў хору в.Вял. Падлессе Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл. і фалькл. гурткоў. Арганізатар і маст. кіраўнік у 1952—74 Г.Цітовіч, з 1975 маст. кіраўнік і гал. дырыжор М.Дрынеўскі. У 1959—64 Бел.дзярж. ансамбль песні і танца, з 1965 Дзярж.нар. хор БССР, з 1983 акадэмічны, з 1988 імя Цітовіча, з 1992 сучасная назва. Уключае хар., танц. і аркестравую групы, якія выступаюць у сумесных канцэртных праграмах і самастойна. Хор складаецца з 5 вак. груп — 4 асноўных і групы падгалоскаў. У складзе жаночай групы ў розны час працавалі актэт (існаваў да 1959), квартэт «Купалінка», трыо «Рабіначка». У рэпертуары апрацоўкі бел.нар. песень, бел.нар.танцы і найгрышы, песні інш. народаў, апрацоўкі і арыгінальныя творы бел. кампазітараў, у т. л. У.Алоўнікава, У.Будніка, Дрынеўскага, Л.Захлеўнага, У.Карызны, І.Кузняцова, В.Кузняцова, І.Лучанка, Э.Наско, С.Палонскага, Ю.Семянякі, М.Сіраты і інш., творы духоўнай хар. музыкі класікаў і сучасных бел. кампазітараў. Творчая дзейнасць калектыву мае 3 асн. кірункі: этнагр. (песня, крыху адрэдагаваная для сцэны, раскрываецца ў сваім першародным гучанні); тэатралізавана-сінт. (у выглядзе разгорнутай вак.-інстр.-харэаграфічнай кампазіцыі); уласна хар. майстэрства спеваў а капэла. У калектыве працуюць (1997): гал. хормайстар І.Абразевіч, гал. балетмайстар В.Варановіч, кіраўнік аркестравай групы М.Сірата; сярод салістаў В.Крыловіч, Н.Раманская, А.Рамашкевіч, Н.Чараднічэнка, Ю.Паўлішын. У розны час у ім працавалі: хормайстры К.Паплаўскі, А.Бальцэвіч, балетмайстры П.Акулёнак, І.Цюрын, салісты хору М.Адамейка, В.Антонава, Г.Аўдзеенка, У.Кавальчук, В.Марозава, П.Навасад, танцоўшчык Ю.Сляпнёў, баяністы М.Ліпчык, С.Суседчык. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1968 (жаночая група і Цітовіч).
Літ.:
Мухаринская Л.С. Белорусский государственный народный ансамбль песни и танца. Мн., 1959;
Можейко 3., Хвисюк Н. Песня давняя — песня новая // Неман. 1982. № 3;
Дзяржаўнаму акадэмічнаму народнаму хору БССР — 30 гадоў // Мастацтва Беларусі. 1983. № 4.
З.Я.Мажэйка.
Дзяржаўны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь.