На Беларусі пачала развівацца з 1957, калі пры кафедры тэхналогіі металаў БПІ была створана пад кіраўніцтвам А.У.Романа даследчая лабараторыя парашковай металургіі (з 1972 НДІ парашковай металургіі БПІ, зараз Бел.навук.-вытв. канцэрн парашковай металургіі Нац.АН Беларусі). Работы ў гэтай галіне вядуцца пад кіраўніцтвам П.А.Віцязя, А.У.Романа, А.В.Сцепаненкі, Н.М.Дарожкіна. Значны ўклад у развіццё парашковай металургіі зрабілі Л.С.Багінскі, Я.А.Дарашкевіч, Г.М.Ждановіч, А.Ф.Ільюшчанка, Л.А.Ісаевіч, В.М.Кавалеўскі, В.М.Капцэвіч, Ф.Р.Лаўшэнка, А.П.Рэвут.
Тэхналагічныя асаблівасці парашковай металургіі — фармаванне дысперснай шыхты (парашкоў металаў, керамікі, валокнаў) без прыкладання ціску ці пад ціскам (прасаванне — статычнае ці дынамічнае, халоднае, цёплае ці гарачае) і спяканне (апрацоўка пры павышаных т-рах у ахоўнай прасторы ці звычайным паветры). Асн. кірункі: распрацоўка метадаў кіравання ўласцівасцямі парашковых і нанакрышталічных кампазіцыйных матэрыялаў з выкарыстаннем камп’ютэрнага мадэліравання іх мікраструктуры і паводзін; стварэнне сітаватых матэрыялаў з арганізаванай структурай; атрыманне парашкоў патрэбнага хім. і фазавага саставу метадамі мех. легіравання, гранулявання, самараспаўсюджвальнага высокатэмпературнага сінтэзу (СВС), нанясення ахоўных пакрыццяў. Вывучаны пытанні тэорыі прасавання метал. парашкоў пры статычным і дынамічным ушчыльненні, аптымальнага праектавання сітаватых матэрыялаў, стварэння дысперсна-ўзмоцненых парашкоў для вытв-сці спец. гарачатрывалых матэрыялаў, атрымання ахоўных пакрыццяў з патрэбнымі ўласцівасцямі. Распрацаваны новыя тэхнал. працэсы вытв-сці: канстр. матэрыялаў і вырабаў з іх на аснове парашкоў жалеза, нізкалегіраваных сталей і кампазіцыйных матэрыялаў (шасцерні, карпусныя дэталі); антыфрыкцыйных вырабаў (падшыпнікі слізгання, накіравальныя ўтулкі) на аснове кампазіцый парашку жалеза з графітам, меддзю, волавам, свінцом і інш. дамешкамі, у т. л. сітаватых, насычаных вадкімі змазкамі; тэхн. керамікі; алмазазмяшчальных кампазіцыйных матэрыялаў; сітаватых матэрыялаў з парашкоў і валокнаў каразійнатрывалай сталі, бронзы, нікелю, тытану і фільтраэлементаў з іх для ачысткі вадкасцей і газаў, глушэння шуму пнеўмаінструменту; цеплавых труб з парашковай капілярнай структурай; кампазіцыйных парашкоў (інтэрметаліды, карбіды, алюмініды і да т.п.), атрыманых метадамі СВС. Распрацаваны тэхналогіі і абсталяванне для нанясення ахоўных пакрыццяў метадамі газаполымнага і плазменнага напылення; матэрыялы, тэхналогіі і абсталяванне для плазменна-вакуумнага і электронна-прамянёвага нанясення ахоўных, узмацняльных і дэкаратыўных пакрыццяў.
Даследаванні ў галіне парашковай металургіі выконваюцца таксама ў Фізіка-тэхн. ін-це, Ін-це механікі і надзейнасці машын, Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, Ін-це цепла- і масаабмену Нац.АН Беларусі, Бел.нац.тэхн. ун-це, Бел.-рас. ун-це (г. Магілёў). У 1975—85 створаны прамысл. ўчасткі на мінскіх трактарным, аўтамабільным, падшыпнікавым, матацыклетным і веласіпедным з-дах. У 1984 пабудаваны Маладзечанскі з-д парашковай металургіі.
Літ.:
Формирование структуры и свойств пористых порошковых материалов. М., 1993;
французскі архітэктар, тэарэтык архітэктуры, жывапісец, дызайнер; адзін са стваральнікаў сучасных кірункаў у архітэктуры (рацыяналізму, функцыяналізму). Вучыўся ў Школе мастацтваў Ла-Шо-дэ-Фона; вучыўся і працаваў у арх. І.Гофмана ў Вене (1907), А.Перэ ў Парыжы (1908—10) і П.Берэнса ў Берліне (1910—11). З 1917 жыў у Парыжы. Распрацаваў з А.Азанфанам у жывапісе канцэпцыю пурызму. У 1922 заснаваў арх. майстэрню і да 1940 працаваў разам з братам П.Жанерэ. Выступаў за абнаўленне архітэктуры, вызваленне пабудоў ад эклектычных упрыгожанняў, стварэнне функцыян. структуры пабудовы і яе архітэктанічнай выразнасці, падкрэсліваў вял. магчымасці архітэктуры ў пераўтварэнні грамадства (кнігі «Да архітэктуры», 1923; «Горадабудаўніцтва», 1925, і інш.). У ранніх творах імкнуўся да стварэння суладдзя пабудовы і наваколля, распрацоўваў метады індустр.буд-ва: жылы дом «Сітраэн» (1922), комплекс асабнякоў у Парыжы (1923—24; з 1970 ін-т Ле К.), віла Савой у Пуасі каля Парыжа (1929—31). Распрацаваў «пяць зыходных пунктаў сучаснай архітэктуры»: будынак на апорах-слупах, плоскі дах-сад, адвольная ўнутр. планіроўка, суцэльнае стужачнае акно, нясучая фасадная сцяна. У праектах 1920—30-х г. развіваў ідэю «вертыкальнага» горада-сада з вял. шчыльнасцю насельніцтва, вежападобнымі будынкамі і вял. азелянёнымі прасторамі паміж імі, з падзелам шляхоў руху пешаходаў і транспарту, зон жылля, дзелавой актыўнасці і прам-сці: праект горада на 3 млн. жыхароў (1922), планы «Вуазен» (планы рэканструкцыі Парыжа, Буэнас-Айрэса, Алжыра, Антверпена і інш.). Шэраг яго тэарэт. ідэй, рэалізаваныя пры ўзвядзенні вял. збудаванняў канца 1920—30-х г. (дом Цэнтрасаюза ў Маскве, 1928—35, з удзелам М.Дж.Колі; інтэрнаты швейц. студэнтаў ва універсітэцкім гарадку, 1930—32; цэнтр Арміі выратавання, 1932—33; абодва ў Парыжы і інш.), ляглі ў аснову «Афінскай хартыі» (прынята ў 1933 Міжнар. кангрэсам сучаснай архітэктуры) і выкладзены ў яго кнігах «Прамяністы горад» (1935), «Тры вызначэнні чалавека» (1945). У 1940-я г. стварыў сістэму рацыянальных велічынь, заснаваную на прапорцыях чалавечага цела (мадулёр), якую прапанаваў як шкалу зыходных памераў для буд-ва і маст. канструявання. Пабудовам 1950—60-х г. уласцівы магутная і тонка нюансіраваная пластыка, выразная архітэктоніка форм і мас, кантрастнасць святлоценявых, колеравых і фактурных эфектаў, выкарыстанне тыпавых зборных і арыгінальных элементаў і канструкцый, спалучэнне розных матэрыялаў, сакавітая паліхромія: жылы дом у Марселі (1947—52), капэла Нотр-Дам-дзю-О ў Раншане (1950—53), манастыр Ла-Турэт у Эвё каля Ліёна (1956—59) — усе ў Францыі, Нац. музей зах. мастацтва ў Токіо (1957—59), Цэнтр мастацтваў Гарвардскага ун-та ў Кембрыджы (ЗША; 1964), бальніца ў Венецыі (1965). Стварыў вял. цыкл работ у Індыі (1950—57): генплан горада і ансамбль урадавых будынкаў у Чандыгарху, музей і вілы ў Ахмадабадзе і інш. Паводле яго праекта ўзведзены «Цэнтр Ле Карбюзье» ў Цюрыху (Швейцарыя; 1967).
Тв.:
Рус.пер. — Планировка города. М., 1933;
Творческий путь. М., 1970;
Модулор. М., 1976;
Архитектура XX в. 2 изд. М., 1977.
Літ.:
Эрн И.В. Последние работы Ле Корбюзье. М., 1975;
Choay F. Le Corbusier. New York, 1960.
В.Я.Буйвал.
Ле Карбюзье.Ле Карбюзье. Капэла Нотр-Дам-дзю-О ў Раншане. 1950—53.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕ́СКІЯ ШКО́ЛЫ ДО́ЙЛІДСТВА.
Сфарміраваліся ў 17—18 ст. у драўляным грамадз. і культавым дойлідстве Бел. Палесся, традыцыі школ развіваліся да пач. 20 ст. Вылучаліся самабытнымі канструкцыйнымі і маст. прыёмамі стварэння арх. формы. Адрозніваюць зах.-палескую і ўсх.-палескую (прыпяцкую) школы.
Зах.-палеская школа склалася ў межах сучаснай Брэсцкай вобл. паміж Брэстам і Пінскам. Нар. жыллё гэтага рэгіёна вылучаецца своеасаблівасцю канструкцыі, планіроўкі, арг-цыі двара, архітэктуры пабудоў. Зрубы жылых і гасп. пабудоў ставілі пераважна з брусоў і дыляў з рубкай вуглоў «у каню», «у просты замок» і без «астатку». У гасп. збудаваннях пашырана слупавая канструкцыя плеценых з лазы сцен. Шырока бытавалі стрэхі 4-схільныя і паўвальмавыя з прычолкамі, накрытыя саломай ці чаротам. Здаўна характэрна каркасная канструкцыя страхі на сохах, стаяках, козлах, пазней — на кроквах. Своеасаблівасць планіроўкі 3-камернага жылля заключалася ў тым, што жылы пакой сенцамі злучаўся часам не з клеццю, а з варыўнёй. Найб. пашыраны былі пагонныя двары. У культавым дойлідстве пераважалі храмы падоўжна-восевай кампазіцыі, дзе розныя па памерах і форме зрубы аб’ядноўвалі агульным пластычным гонтавым дахам (цэрквы ў вёсках Здзітава Бярозаўскага, Вавулічы Драгічынскага р-наў). Будавалі таксама цэрквы з невысокімі пірамідальнымі вярхамі, часам зрэзанымі ў верхняй частцы (Олтушская Спаса-Праабражэнская царква), храмы з вежамі-званіцамі на гал. фасадзе (царква ў в. Альба Івацэвіцкага р-на), крыжовыя з перавагай у кампазіцыі падоўжнай восі (у в. Чарнаўчыцы Брэсцкага р-на). Пад уплывам стылю барока з’явіліся храмы падоўжна-восевай кампазіцыі з 2-вежавым гал. фасадам (Валавельская Юр’еўская царква) і базілікальныя (Опальская царква Параскевы Пятніцы). Асн. тыпы званіц — слупавыя (в. Ражкоўка Камянецкага р-на), каркасныя (в. Хмелева Жабінкаўскага р-на) і ярусныя зрубна-каркасныя (гл.Чэрская Міхайлаўская царква і званіца). Для школы характэрны сувязі з дойлідствам Украіны (Валынь, Букавіна), Літвы і Польшчы.
Усх.-палеская (прыпяцкая) школа склалася ў Прыпяцкім Палессі і верхнім Падняпроўі (у межах сучасных Гомельскай, У Брэсцкай і Пд Мінскай абласцей). Для гэтай тэрыторыі характэрны вянковыя, пагонныя, Г-падобныя двары і 2- і 3-камерныя хаты. Жыллё і гасп. пабудовы вылучаліся тэхнікай складання сцен з бярвёнаў (рубка вуглоў з «астаткам»; часам выступы-канцы бярвёнаў «астатку» счэсваліся на 6 граней), выкарыстаннем 2-схільных дранічных дахаў на зволаках. У паўд. частцы зоны сустракаюцца цэнтрычныя пабудовы жылога і гасп. прызначэння з вянковым пірамідальным перакрыццём. На ПдУ многія жылыя будынкі мелі квадратны план і вальмавы каркасны дах. У культавым дойлідстве разам з падоўжна-восевай кампазіцыяй храмаў пашыраны глыбінна-прасторавая і крыжова-цэнтрычная кампазіцыі з яруснымі вярхамі. На ранняй стадыі развіцця школы (17—1-я пал. 18 ст.) вярхі былі чацверыковыя пірамідальныя (Сінкевіцкая Георгіеўская царква), пад уплывам стылю барока расла колькасць заломаў (Слуцкая Міхайлаўская царква), вярхі станавіліся васьмерыковымі (Старабеліцкая Мікалаеўская царква). У 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. школай выпрацаваны арыгінальны прыём узмацнення кантрасту кампазіцыі цэнтр. храмавага аб’ёму ў выніку пастаноўкі паміж 2 васьмерыкамі чацверыка (Рубельская Міхайлаўская царква, Кажан-Гарадоцкая Мікалаеўская царква). Такі прыём характэрны і для званіц. Будавалі таксама ярусныя храмы глыбінна-прасторавай кампазіцыі са званіцамі на гал. фасадзе (Гомельская Ільінская царква). На раннім этапе відавочная сувязь школы з Бойкаўшчынай (Укр. Карпаты), на познім пэўны ўплыў зрабіла дойлідства Левабярэжнай Украіны.
Літ.:
Якімовіч Ю.А. Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся XVII—XIX стст. Мн., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНАГО́ГА (ад грэч. synagogē сход, месца сходу), бет-кнесет (іўрыт, літар. — дом сходу),
шул (ідыш, літар. — школа), культавы будынак у іудаізме, прызначаны для набажэнстваў і рытуальнага чытання Торы. Часам тэрмін «С.» выкарыстоўваецца для абазначэння іудзейскай абшчыны.
Дакладны час узнікнення С. не высветлены. Паводле талмудычных крыніц, у 5 ст. да н.э. ў Палесціне легендарны іудзейскі святар Ездра з мэтай адраджэння нац. самасвядомасці яўр. народа ва ўмовах іншаземнага заваявання стварыў згуртаванне вучоных і знаўцаў нар. традыцый, якое атрымала назву Вял. С. Магчыма, у гэты час узніклі і збудаванні С. Патрэбнасць у С. звязана з усталяваннем традыцыі чытання Пяцікніжжа па суботах і святочных днях. Да пач.н.э. С. існавалі ва ўсіх рэгіёнах рассялення яўр. насельніцтва. Найб. іх колькасць (480) знаходзілася ў Іерусаліме. Акрамя Палесціны С. будавалі ў г. Дамаску, Александрыі, Антыёхіі, Эфесе, Карынфе, Афінах, Рыме. Гал. месца ў С. займае святы каўчэг (арон-кадзеш), у якім захоўваюцца скруткі Торы (Сефер-Тора); ён знаходзіцца каля ўсх. сцяны. Вернікі моляцца на ўсх. напрамак С. (мізрах) — у бок Іерусаліма. Тора чытаецца са спец. ўзвышэння — бімы. У артадаксальных С. жанчынам адводзіцца асобнае месца (часта галерэя). Часам у С. і яе прыбудовах знаходзяцца ўстановы, якія адыгрываюць важную ролю ў абшчынным жыцці: школы, дабрачынныя арг-цыі, рабінскі суд, зала сходаў і інш.
На фарміраванне арх. аблічча С. паўплывалі традыцыі і прыёмы культавага дойлідства Міжземнамор’я эпохі элінізму і Рым. імперыі. Асновай першых будынкаў С. стаў базілікальны план, у аснове якога прасторнае памяшканне, падзеленае калонамі на падоўжныя нефы. З боку ўвахода і па баках рабілі порцікі з каланадай. Гал. (алтарная) сцяна арыентавалася на Іерусалім (у еўрап., у т. л.бел., яўрэяў на У), каля яе невял. ўзвышэнне (альмэ-мор). У цэнтры залы — кафедра (біма). У некат. С. меўся арган. Алтары багата ўпрыгожвалі разьбяным арнаментам, узорамі маст. кавальства і ліцця з расл. і зааморфнымі матывамі. Па меры рассялення яўрэяў па краінах Еўропы, С. набывалі стылёвыя рысы пэўных народаў і эпох.
На бел. землях С. з’явіліся ў 14 ст. Будавалі С. драўляныя і мураваныя. Архітэктура бел. С. ўвасабляе стылізаваны і пераасэнсаваны вобраз жытла, каўчэга. Усе С. складаюцца з цэласнага, значных памераў аб’ёму пад дахам, блізкім да шатровага (у гарадах Ашмяны Гродзенскай, Столін Брэсцкай абласцей, 18 ст.). Слонімская сінагога арганічна ўпісалася ў гар.арх. ансамбль стылю барока. Архітэктура некат. мураваных С. з рысамі абарончага дойлідства (Быхаўская сінагога). С. ў г. Іўе (Гродзенская вобл.) эклектычная, складаецца з 3 будынкаў для розных слаёў насельніцтва — гандляроў, рамеснікаў і купцоў. Найб. арыгінальныя драўляныя С., якім уласціва адзінства вобраза, аб’ёмна-прасторавае вырашэнне, у аснове якога — пераход рытуальнага памяшкання ў шатровы, часта складанай формы, дах. Формы абыходных галерэй, прыбудоў паўтараюць у мініяцюры форму асн. аб’ёму (С. ў Заблудаве, цяпер Падляскае ваяв., Польшча; не захавалася). С. былі ў гарадах Гродна, Глыбокае, Нароўля, г.п. Сапоцкін, в. Воўпа Ваўкавыскага р-на і інш. Да 1917 ва ўсх. Беларусі былі 704 С. У сувязі з антырэліг. дзейнасцю сав. улад у 1936 засталася 71 С. Шмат С. знішчана ням.-фаш. акупантамі ў Вял.Айч. вайну. У пач. 1990-х г. на Беларусі дзейнічалі 2 С., на 1.1.2001—8 С.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАЛЬ (польск. stal ад ням. Stahl),
дэфармавальны (коўкі) сплаў жалеза з вугляродам (ад 0,025 да 2,14%) і інш. элементамі; від жалезавугляродзістых сплаваў; найважнейшы прадукт металургіі. Атрымліваюць гал. чынам з вадкага чыгуну, які выплаўляецца ў доменных печах, і стальнога лому ( гл.Металургічная прамысловасць, Чорная металургія). Асн. агрэгаты для вытв-сці С.: канвертары (у іх атрымліваюць канвертарную С.), мартэнаўскія печы (мартэнаўскую С.) і электрычныя печы (электрасталь).
У залежнасці ад тыпу футроўкі печаў адрозніваюць асноўную і кіслую С.; ад характару застывання металу ў зложніцы — спакойную, паўспакойную і кіпячую С.; ад хім. саставу — вугляродзістую сталь і легіраваную сталь. Паводле прызначэння С. падзяляюцца на канструкцыйныя (напр., высокатрывалая сталь), інструментальныя сталі, С. з асаблівымі фіз. і хім. ўласцівасцямі (кіслотаўстойлівая, нержавейная сталь, электратэхнічная сталь, гарачатрывалая і гарачаўстойлівая; гл. ў арт.Гарачатрывалыя матэрыялы, Гарачаўстойлівыя матэрыялы). Уласцівасці С. паляпшаюць легіраваннем. мадыфікаваннем і тэрмічнай апрацоўкай. Выкарыстоўваюць С. у літым і дэфармаваным выглядзе.
У стараж. часы С. рабілі аднаўленнем жалеза з руд драўняным вугалем у горнах (гл.Сырадутны працэс). Літую С. атрымлівалі тыгельнай плаўкай, якая давала высокую якасць, але была малапрадукцыйная. Плаўленнем у вогнетрывалых тыглях атрымлівалі, у прыватнасці, булат і яго разнавіднасць — дамаскую сталь. У 14 ст. ўзнік крычны перадзел, які заключаўся ў рафінаванні папярэдне атрыманага чыгуну ў т.зв. крычным горне. У канцы 18 ст. пачалі выкарыстоўваць пудлінгаванне, пры якім у полымных печах расплаўленнем чыгуну і перамешваннем яго з жалезістымі шлакамі атрымлівалі малавугляродзістае жалеза (цестападобны метал — крыцу). У 2-й пал. 19 ст. пудлінгаванне выцеснена больш дасканалымі і прадукцыйнымі спосабамі пераробкі чыгуну ў С. — бесемераўскім, тамасаўскім, мартэнаўскім і кіслародна-канвертарным працэсамі (гл. адпаведныя арт.). У канцы 19 ст. пачалі выкарыстоўваць выплаўку С. ў эл. печах. У 20 ст. распрацаваны спосабы вытв-сці С., якія дазволілі атрымліваць асабліва чысты метал: вакуумная плаўка ў дугавых печах і індукцыйных печах, вакуумна-дугавы пераплаў, электрашлакавы пераплаў, плаўка ў электронна-прамянёвых печах, плазменных печах (гл. Вакуумная металургія, Плазменная металургія). Структуру і ўласцівасці С. вывучаюць метафізіка і металазнаўства.
На Беларусі даследаванні С. вядуцца ў Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, Фіз.-тэхн. ін-це Нац.АН, у Бел.нац.тэхн. ун-це, інш.ВНУ і галіновых НДІ. Асн. вытворца С. (чорная пракату) — Беларускі металургічны завод у Жлобіне. Вытв-сць С. ёсць таксама на з-дах «Цэнтраліт» (Гомель), МТЗ, МАЗ і інш.
Літ.:
Дреге В. Сталь как конструкционный материал: Пер. с нем. М., 1967;
Гуляев А.П. Металловедение. 6 изд. М., 1986, Физическое металловедение: Пер. с англ.Т. 1—3. 3 изд. М., 1987;
Венецкий С.И. Рассказы о металлах. 4 изд. М., 1985: Яго ж. От костра до плазмы: Рассказ о многовековом пути, пройденном металлургией... М, 1968;
Стальной слиток. Т. 1—3. Мн., 2000—01;
Мозберг Р.К. Материаловедение. 2 изд. М., 1991.
А.П.Ласкаўнёў, У.М.Сацут.
Да арт.Сталь. Дыяграма стану «жалеза—вуглярод»: вобласць з блакітным фонам адпавядае сталі, астатняя — чыгуну.Мікраструктуры сталей: 1 — C = 0,5%, структура Ф + ЦII; 2 — C = 0,15%, Ф + П; 3 — C = 0,35%, Ф + П; 4 — C = 0,8%, структура — пласціністы перліт П; 5 — C = 0,8%, структура — зярністы перліт П; 6 — C = 1,2%, П + ПII; C — вуглярод; Ф — ферыт; Ц — цэментыт; П — эўтэктоідная сумесь (павелічэнне × 500).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАРАБЕЛАРУ́СКАЯ МО́ВА,
мова бел. народнасці ў 14—18 ст. Існавала ў вуснай нар.-дыялектнай і кніжнай літ.-пісьмовай формах.
Нар.-дыялектная С.м. ўзнікла на базе тэр. дыялектаў усх.-слав. зямель, якія ў 13—14 ст. увайшлі ў ВКЛ. Яна вызначаецца фанетычнымі рысамі: зацвярдзеннем «ч» і «р» («прычыны»), дзеканнем і цеканнем, зацвярдзеннем губных зычных на канцы слова («семъ», «голубъ»), фрыкатыўным «г», пераходам «в» і «л» у «ў» (у пэўных пазіцыях), падоўжаннем зычных у інтэрвакальным становішчы (вынік асіміляцыі «j»), супадзеннем у вымаўленні гукаў «e» і «ё», развіццём спалучэння «ры», «лы» на месцы спалучэнняў плаўных з рэдукаванымі («крываво», «блышчачися»), развіццём напружаных рэдукаваных y «і» і «ы» («злыи», «биитеся»), развіццём акання і якання. Граматыцы С.м. ўласціва захаванне ў словазмяняльнай парадыгме чаргаванняў заднеязычных і свісцячых, ужыванне форм старога вінавальнага склону мн.л. ў назвах жывёл, захаванне клічнай формы назоўнікаў мужчынскага і жан. роду, выцясненне кароткіх форм вышэйшай ступені прыметнікаў поўнымі, утварэнне складанай формы будучага часу з дзеясловамі-звязкамі «буду» і «маю», захаванне формы плюсквамперфекта, замацаванне дзеепрыслоўяў на «-учы(-ючы)» і «-ачы(-ячы)», пашырэнне безасабова-пасіўнай канструкцыі з дзеепрыметнікам залежнага стану прошлага часу («мужа забіто»), У слоўнікавым складзе С.м. захаваліся некат. словы, якія выйшлі з ужытку на б.ч.ўсх.-слав. моўнай тэр. («багна», «вежа», «збожжа», «лазня» і інш.). Уласнабел. словы ўтвараліся пры дапамозе афіксаў ад агульнаслав. каранёў («пачатак», «слухач»). Узбагачэнне лексікі адбывалася за кошт запазычанняў з польскай, ням. і літ. моў («дах», «дойлід», «моц», «праца», «скарб», «фарба», «свіран» і інш.).
Нар.-дыялектная С.м. служыла сродкам штодзённых зносін бел. насельніцтва. На ёй ствараліся фалькл. творы — песні, казкі, паданні, прыказкі, прымаўкі, загадкі. Літ.-пісьмовая С.м. развівалася ў 14—15 ст. са старажытнарускай мовы праз насычэнне яе бел. рысамі. Яна з’яўлялася афіц. мовай ВКЛ. На працягу 15—17 ст. на С.м. створаны шматлікія і разнастайныя ў жанравых адносінах помнікі л-ры На ёй пісаліся дакументы велікакняжацкіх канцылярый 15—16 ст.: Метрыка ВКЛ, Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588, судзебнікі, дагаворы, граматы, прывілеі, інвентарныя вопісы (іх мова ў найб. ступені адпавядала тыпу жывой нар. мовы), актавыя матэрыялы судоў, гар. упраў і магістратаў, дыпламат. і прыватная перапіска. На С.м. ствараліся творы свецкай л-ры: летапісы (Віленскі, Нікіфараўскі, Акадэмічны), хронікі і хранографы (Хроніка літоўская і жамойцкая, Хроніка Быхаўца, Баркулабаўская хроніка, пераклады хронік М.Бельскага і М.Стрыйкоўскага), перакладныя аповесці («Аповесць пра Баву», «Аповесць пра Трышчана», «Гісторыя пра Атылу», «Троя», «Александрыя»). Літ. С.м. шырока ўжывалася для стварэння рэліг.-палемічнай л-ры: «Катэхізіс» С.Буднага, «Апісанне і абарона сабора рускага берасцейскага», «Дыярыуш» Афанасія Філіповіча, агіяграфічныя зборнікі 17 ст., на яе перакладзена «Евангелле» В.Цяпінскага. На аснове С.м. ўзнікла бел. кнігадрукаванне, у т. л. выданні Ф.Скарыны. Кнігі (пераважна павучальнай і прапаведніцкай л-ры) выдаваліся ў друкарнях Вільні, Еўя, Куцейна, Нясвіжа ў 2-й пал. 16—1-й пал. 17 ст. З узмацненнем сувязей ВКЛ з Польшчай (асабліва з сярэдзіны 17 ст.) С.м. як афіц. мова пачала выцясняцца з ужытку польскай мовай. У 18 ст. С.м. існавала толькі ў дыялектна-нар. разнавіднасці. На яе аснове ў 19 ст. адбылося станаўленне нац.беларускай мовы.
Літ.:
Жураўскі А.І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Т. 1. Мн., 1967;
Филин Ф.П. Происхождение русского, украинского и белорусского языков. Л., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАКТАРАБУДАВА́ННЕ,
галіна машынабудавання па вытв-сці трактароў, трактарных і камбайнавых рухавікоў, уніфікаваных вузлоў, агрэгатаў, запасных частак і дэталяў да іх. Як галіна прам-сці існуе з 1917, калі на з-дах Форда ў ЗША пачаўся масавы выпуск трактароў.
У Еўропе масавая вытв-сць трактароў пачалася ў 1920-я г. ў Германіі, Італіі, Францыі і інш. У СССР упершыню наладжана ў 1923 на з-дзе «Чырвоны пуцілавец» у Петраградзе. У 1930 пабудаваны Сталінградскі, у 1931 — Харкаўскі трактарныя з-ды, якія выпускалі колавыя трактары; у 1933 на Чэлябінскім трактарным з-дзе наладжана вытв-сць гусенічных трактароў (з 1936 — з дызельным рухавіком). У 1937 на выпуск трактароў на гусенічным хаду перайшлі Сталінградскі і Харкаўскі з-ды. У 1942—44 пабудаваны Алтайскі, Уладзімірскі, Ліпецкі трактарныя з-ды. У 1950-я г. ўведзены ў дзеянне Мінскі, Анежскі, Ташкенцкі і інш. трактарныя з-ды; павялічылася вытв-сць трактароў агульнага прызначэння. У 1960-я г. ўсе з-ды перайшлі на выпуск трактароў з дызельнымі рухавікамі. Ствараліся уніфікаваныя мадэлі трактароў, што спрыяла вылучэнню вытв-сці іх асобных вузлоў, дэталяў, агрэгатаў, рухавікоў у спецыялізаваныя прадпрыемствы. Пабудаваны з-ды ў Валгаградзе, Мінску, Барнауле, Харкаве, Нагінскі з-д паліўнай апаратуры (паліўныя помпы для трактарных рухавікоў), арэнбургскі з-д «Трактаразапчастка» і інш. З 1990-х г. асноўная ўвага аддаецца павышэнню універсальнасці трактароў, іх надзейнасці і даўгавечнасці, пашырэнню дыяпазону магутнасці рухавікоў (ад 10 да 450 к.с.), зніжэнню ўдз. расходу паліва, забеспячэнню аховы навакольнага асяроддзя ад неспрыяльных уздзеянняў машын, стварэнню камфортных і бяспечных умоў працы трактарыста і інш.
На Беларусі Т. — адна з найважнейшых галін машынабудавання. Серыйная вытв-сць трактароў (КД-35) пачалася на Мінскім трактарным заводзе ў 1950. У 1972 створана ВА «Мінскі трактарны завод», у склад якога ўваходзяць Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў, Віцебскі завод трактарных запасных частак, Мінскі з-д спецінструменту і тэхнал. аснасткі, Смаргонскі агрэгатны з-д. Запчасткі, вузлы, агрэгаты, дызельныя рухавікі для трактароў і інш. выпускаюць таксама Мінскі маторны завод, Гомельскі завод пускавых рухавікоў, Мінскі завод шасцерняў, Барысаўскі завод агрэгатаў, Барысаўскі завод аўтатрактарнага абсталявання і інш. Да 2002 ВА «Мінскі трактарны з-д» выпусціла больш як 3 млн. трактароў, з якіх каля 600 тыс. пастаўляліся ў 100 краін свету, у т. л. ЗША, Канаду, Германію, Францыю, Венгрыю, Грэцыю і інш. На аб’яднанні наладжана вытв-сць 24 мадэляў універсальна-прапашных трактароў магутнасцю ад 50 да 150 к.с., 6 мадэляў малагабарытных трактароў магутнасцю ад 20 да 25 к.с., 8 мадэляў мотаблокаў і мінітрактароў магутнасцю ад 6 да 12 к.с., 15 мадэляў спец. машын: камунальных, пагрузачных, шахтавых, для лясной прам-сці. Трактары «Беларус» агрэгатуюцца з больш як 550 машынамі і прыладамі рознага прызначэння. Упершыню на МТЗ ствараюцца трактары агульнага прызначэння магутнасцю ад 155 да 260 к.с. У 2000 усе 13 трактарных з-даў былога СССР выпусцілі 47 тыс. трактароў, з якіх 23 тыс. выраблены на Мінскім трактарным з-дзе. Т. найб. развіта ў ЗША, Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, Японіі і інш. Буйнейшыя фірмы (1999): «Нью-Холанд» (54 тыс. трактароў за год), «Джон Дзір» (28 тыс.), «Масі Фергюсан» (27,7 тыс.), «Дойц» (24,4 тыс.), «Ландзіні» (18 тыс.), «Кейс» (17 тыс. трактароў за год) і інш.ВА «Мінскі трактарны завод» уваходзіць у лік 8 вытворцаў трактароў свету, якія забяспечваюць 96% агульнага аб’ёму сусв. рынку збыту гэтай тэхнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДАЎНІ́ЧЫХ МАТЭРЫЯ́ЛАЎ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
група галін па вытворчасці матэрыялаў, вырабаў, дэталяў і канструкцый для ўсіх відаў будаўніцтва. Прадстаўлена цэментнай прамысловасцю, сценавых матэрыялаў прамысловасцю, нярудных будаўнічых матэрыялаў прамысловасцю, мяккіх дахавых і гідраізаляцыйных матэрыялаў прамысловасцю, зборных жалезабетонных і бетонных канструкцый і вырабаў прамысловасцю, азбестацэментнай прам-сцю, керамічнай прамысловасцю, вытв-сцю мясц. вяжучых, цеплаізаляцыйных матэрыялаў, порыстых запаўняльнікаў, буд. матэрыялаў з палімернай сыравіны і інш. Будаўнічых матэрыялаў прамысловасць цесна звязана са здабыўной, энергет., металургічнай, металаапр., хім. і інш. галінамі.
Са старажытнасці вядомы абпаленая цэгла, дахавая чарапіца, керамічная плітка, ганчарныя водаправодныя трубы, бутавы камень, гіпсавыя і вапнавыя вяжучыя матэрыялы. З’яўленне ў пач. 19 ст. портландцэменту забяспечыла выкарыстанне бетону і жалезабетону. У сучаснай будаўнічых матэрыялаў прамасловасці павышаецца ўдз. вага рэсурсазберагальных матэрыялаў і тэхналогій, якія ўплываюць на змяншэнне масы і павелічэнне цеплазберагальных уласцівасцей пабудоў, пашыраецца выпуск эфектыўных вырабаў і вытв-сць новых матэрыялаў і канструкцый на аснове палімернай, мясц. і другаснай сыравіны.
Па вытв-сці цэменту, аконнага шкла, зборных жалезабетонных канструкцый і дэталей, буд. цэглы адно з першых месцаў у свеце займае Расія. Высокаразвітую будаўнічых матэрыялаў прамысловасць маюць ЗША, Германія, Вялікабрытанія, Францыя, Японія, якія выкарыстоўваюць у вял. аб’ёмах металапракат, алюміній, сінт. смолы і пластмасы. У гэтых краінах значную ўдз. вагу мае вытв-сць маналітнага бетону і жалезабетону, выкарыстанне якіх у некалькі разоў большае, чым зборных жалезабетонных вырабаў і канструкцый, што спрыяе зніжэнню кошту, паляпшэнню арх. выразнасці і надзейнасці збудаванняў. Па вытв-сці цэменту вылучаюцца (1993, млн.т): Кітай (359,8), Японія (88,1), ЗША (73,8), Індыя (56,2). Сусветная вытв-сць цэменту 1,18 млрд.т (1993). У будаўнічых матэрыялаў прамысловасці вядучую ролю адыгрываюць буйныя кампаніі: «Корнінг», «Амерыкан стандарт», «Оўэнс-Ілінойс» і інш. ў ЗША, «Тармак» у Вялікабрытаніі, «Сен-Габэн» у Францыі.
На Беларусі з даўніх часоў выраблялі цэглу (з 12 ст. захавалася цагляная Гродзенская Барысаглебская царква), шкло, кафлю. З узнікненнем сілікатна-буд. вытв-сці ў пач. 19 ст. пераважалі дробныя прадпрыемствы (у 1900 дзейнічала 679). У 1913 найб. быў Ваўкавыскі цэментны з-д. У савецкі перыяд рост капітальнага буд-ва ва ўсіх галінах гаспадаркі выклікаў развіццё будаўнічых матэрыялаў прамысловасці, асабліва ў 1920—40. Былі пабудаваны цэментны з-д у Крычаве, шклозавод у Гомелі, расшырана вытв-сць цэглы ў Клімавічах, Оршы, Віцебску, Гомелі, Магілёве і інш. У час Вял.Айч. вайны прадпрыемствы галіны былі разбураны, у 1945 выпушчана толькі 15% ад аб’ёму прадукцыі 1940.
У пасляваен. перыяд у Беларусі створаны высокамеханізаваныя з-ды і камбінаты па вырабе зборнага жалезабетону (у абл. цэнтрах, Бабруйску, Оршы, Светлагорску, Баранавічах), арміраваных камянёў і дробных сценавых блокаў з ячэістага і шчыльнага сілікатабетону (Магілёў, Гродна, Смаргонь), мяккіх дахавых матэрыялаў (Асіповічы), нярудных буд. матэрыялаў (Мікашэвічы), даламітавай мукі (Віцебск), керамічных плітак і сан.-тэхн. вырабаў з буд. фаянсу (Мінск), асвоена вытв-сцьмінер. ваты і вырабаў з яе, канструкцый і вырабаў на аснове вапны і гіпсу, порыстых запаўняльнікаў, цеплаізаляцыйных матэрыялаў і інш.Найб. прадпрыемствы: «Ваўкавыскцэментнашыфер», «Крычаўцэментнашыфер», «Гомельбудматэрыялы», «Смаргоньсілікатабетон», «Кераміка», «Керамін», «Забудова», Полацкі камбінат будаўнічых матэрыялаў, «Дах», «Даламіт», «Граніт», «Гомельшкло», Гродзенскі камбінат будаўнічых матэрыялаў, Радашковіцкі завод мастацкай керамікі і інш. У 1994 выраблена 1487,9 тыс.т цэменту, сценавых матэрыялаў (млн.шт. умоўнай цэглы) 2406,3, у т. л. 1460,4 буд. цэглы, 2680,4 тыс.м³ зборных жалезабетонных канструкцый і вырабаў, 56,1 тыс.м² мяккага дахавага крыцця, 164,9 млн.шт. умоўных плітак шыферу азбестацэментнага, 6,9 млн.м² аконнага шкла, 5552,4 тыс.м² пліткі керамічнай. Будаўнічых матэрыялаў прамысловасць Беларусі дае 4,6% агульнага аб’ёму прадукцыі (1994), у ёй дзейнічае больш за 1300 прадпрыемстваў, занята 79,4 тыс.чал. Беларусь экспартуе дахавыя матэрыялы, абліцовачную керамічную плітку і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЫСЛО́ВЫ ПЕРАВАРО́Т,
пераход ад мануфактуры да машыннай вытворчасці ў 2-й пал. 18 ст. — 19 ст. Вынаходства і ўкараненне ў вытв-сць машын, арганізацыя ф-к прывялі да ўзнікнення буйной машыннай індустрыі, усталявання і развіцця капіталіст. спосабу вытв-сці. Гэта спрыяла ўзнікненню новых галін прам-сці, буйных гарадоў і прамысл. цэнтраў, пашырэнню ўнутр. і знешняга рынку, завяршэнню працэсу фарміравання асн. класаў грамадства — буржуазіі і рабочага класа.
П.п. пачаўся ў 1760-я г. ў Вялікабрытаніі, дзе ў выніку гар. пераўтварэнняў з’явілася вял. колькасць свабоднай рабочай сілы, склаўся рынак збыту тавараў, а ў купцоў і прадпрымальнікаў назапашаны свабодныя грашовыя сродкі для буд-ва ф-к. Стымулявала П.п. і замежная канкурэнцыя. У 1769 Дж.Уат вынайшаў паравую машыну, а ў 1784 — паравую машыну «двайнога дзеяння». У 1779 вынайдзена мюльмашына, якая дазволіла выпрацоўваць баваўняную пражу фабр. спосабам. У 1785 Э.Картрайт вынайшаў мех. ткацкі станок. У хуткім часе ўзнікла першая прадзільная ф-ка, якая працавала на вадзяным рухавіку (у 1790 было 150 прадзільных ф-к). Рост фабр. вытв-сці патрабаваў удасканалення трансп. сістэмы. У канцы 18 ст. пракапаны першы канал даўж. больш за 17 км. У 1-й чвэрці 19 ст. пачалі дзейнічаць параходныя зносіны і паравая чыгунка. У 2-й пал. 19 ст. вынайдзены такарны станок з супартам, стругальны станок. Бурнае развіццё машынабудавання ў 1830—40-я г. стала сведчаннем ператварэння Вялікабрытаніі ў індустрыяльную «майстэрню свету», яна стала сусв. манапалістам у прамысл. вытв-сці і гандлі. У ЗША у 1860—70-я г. паравыя машыны выкарыстоўваліся на многіх ф-ках і з-дах. Развіццё фермерскай сельскай гаспадаркі стымулявала тэмпы і маштабы буд-ва чыгунак. У 1869 транскантынент. чыгунка перасекла кантынент з З на У. Чыг.буд-ва стымулявала рост металург. вытв-сці, вугальнай, нафтавай і інш. галін. У Францыі П.п. пачаўся ў канцы 18 ст., але развіваўся больш павольна. Асн. яго тормазам быў манархічны лад, захаванне дробнай вытв-сці, а ўведзеная Напалеонам I кантынент. блакада Вялікабрытаніі перапыніла пастаўкі машын для франц. вытворцаў. У Германіі П.п. адбыўся ў 3 этапы: пачатковы этап (да 1850) закрануў у асн.тэкст.прам-сць; у наст. 2 дзесяцігоддзі бурна развівалася цяжкая прам-сць; завяршэнне П.п. адбылося пасля стварэння Германскай імперыі ў 1871, калі ў ням. прам-сці склаліся манаполіі. У Расіі П.п. пачаўся ў 1-й пал. 19 ст. У баваўнянай прам-сці больш хутка ажыццяўляўся пасля адмены прыгоннага права (1861), калі ахапіў большасць галін нар. гаспадаркі. У 1879 у тэкст. прам-сці з дапамогай машын выраблялася ад 54,8% да 96,3% прадукцыі. На металаапр. прадпрыемствах машынамі выпрацоўвалася 86,3% прадукцыі.
На Беларусі П.п. пачаўся ў 1-й пал. 19 ст., у металаапр. і вінакурнай галінах, а не ў тэкстыльнай. Пра гэта сведчыць выкарыстанне паравых машын у металаапрацоўцы і змена яе тэхналогіі. П.п. адбываўся і ў інш. галінах (харчовай, дрэваапрацоўчай, хімічнай) і завяршыўся ў канцы 1890-х г. У 2-й пал. 19 ст. аб’ём фабр. прадукцыі вырас у 37 разоў. Да 1890 ф-кі і з-ды давалі 47,8% усёй прамысл. прадукцыі. У канцы 19 ст. пачалі з’яўляцца акц. т-вы: «Гродзенскае т-ва водазабеспячэння і эксплуатацыі водаправодаў», «Т-ва віцебскіх водаправодаў», белы. акц.т-ва «Віцебскі трамвай» і інш. Дзейнічалі філіялы найбуйнейшых рас. банкаў, ням. капітал актыўна ўкладваўся ў лясную і льняную галіны вытв-сці. За апошнія 10 гадоў 19 ст. тэмпы развіцця прам-сці былі значна вышэйшыя, чым за папярэднія 30 гадоў, у выніку ўдзельная вага бел. прам-сці дасягнула 5% прамысл. прадукцыі Расіі, колькасць рабочых складала 10%. Гл. таксама Індустрыялізацыя, Прамысловасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫМО́РСКІ КРАЙ.
Размешчаны на Пд Д. Усходу Расійскай Федэрацыі. Утвораны 20.10.1938. Мяжуе на З з Кітаем, на ПдЗ з КНДР; абмываецца Японскім м. Буйны заліў — Пятра Вялікага падзелены на шэраг невял. заліваў (Пасьета, Славянскі, Амурскі, Усурыйскі, Находка, Вольгі, Рында, Усход, Уладзіміра). У складзе П.к. астравы: Рускі, Папова, Пуцяціна, Рэйнеке, Рыкарда, Рымскага-Корсакава, Аскольд, Пятрова і інш.Пл. 165,9 тыс.км². Нас 2173 тыс.чал. (2000), гарадскога 78%. Сярэдняя шчыльн. 13,2 чал. на 1 км². Жывуць рускія (86,9%), украінцы (8,2%), беларусы (1%), нанайцы, удэгейцы, орачы, арокі, ульчы, эвены, эвенкі, негідальцы. Цэнтр — г.Уладзівасток. Найб. гарады; Находка, Усурыйск, Арцём, Вялікі Камень, Арсеньеў, Партызанск, Спаск-Дальні, Дальнягорск, Дальнярэчанск.
Прырода. Большая ч.тэр. занята гарамі Сіхатэ-Алінь (выш. да 1855 м, г. Воблачная), на З — адгор’і Усх.-Маньчжурскіх гор. На ПдЗ Усурыйская і Прыханкайская нізіны. Карысныя выкапні: поліметал. руды, волава, вальфрам, свінец, цынк, медзь, серабро, золата, бор, флюарыт, рэдказямельныя элементы, тытан, вісмут, жалеза, марганец, буры і каменны вуглі (запасы 2647 млн.т). Больш за 200 радовішчаў няруднай сыравіны, каля 100 крыніц мінер. вод. Клімат мусонны. Сярэдняя т-растудз. ад -17 °C да -27 °C, ліп. 14—21 °C. Гадавая колькасць ападкаў 600—900 мм. Частыя тайфуны. Гал. рака — Усуры з прытокамі Вял. Усурка, Бікін і інш.Найб.воз. Ханка. Глебы бурыя і шэрыя лясныя, у далінах рэк алювіяльныя. Пад лесам 75% тэр., запасы драўніны 1769 млн.м³. На Пд пашыраны хваёва-шыракалістыя лясы маньчжурскага тыпу (карэйскі кедр, прыморская піхта, маньчжурскі арэх, коркавае дрэва, мангольскі дуб), вінаград, лімоннік і інш.; на Пн хваёва-шыракалістыя лясы ў сумесі з ахоцкай флорай. Жывёльны свет прадстаўлены паляўніча-прамысл. (лось, ізюбр, казуля, дзік, кабарга, вавёрка, норка, выдра, собаль, гарнастай і інш.) і рэдкімі відамі (усурыйскі тыгр, леапард, чырвоны воўк, усурыйскі плямісты алень і інш.). Ва ўзбярэжных водах каля 700 відаў жывёл і мноства відаў водарасцей і траў. Запаведнікі (Сіхатэ-Алінскі, Лазоўскі, Усурыйскі, Кедравая Падзь, Ханкайскі, Далёкаўсходні марскі) і нац. паркі (Верхнеусурыйскі, Кема-Амгінскі, Сярэднеусурыйскі).
Гаспадарка. П.к. найб. развіты ў прамысл. адносінах раён Д. Усходу. На долю прам-сці прыпадае 29,3% кошту ўсёй прадукцыі, сельскай гаспадаркі — 4%, транспарту — 15,7%. Гал. галіны прам-сці: харч. (46,4% прамысл. прадукцыі), машынабудаванне, лясная і дрэваапрацоўчая. У харч. прам-сці вылучаецца рыбная. У 1998 улоў рыбы і морапрадуктаў 1,4 млн.т. (15% улову Расіі). Асн.прамысл. рыбы: кета, гарбуша, селядзец, камбала, тунец, сайра, скумбрыя, палтус, марскі акунь. Перапрацоўка рыбы ў Находцы і Уладзівастоку і на плывучых рыбаперапр. з-дах. Цукр., мясная, кандытарская, піваварная, алейнатлушчавая прам-сць. Машынабудаванне (вытв-сць рыбалоўных суднаў і суднавых механізмаў, інструментаў, станкоў, лёгкіх верталётаў) у Находцы, Уладзівастоку, Арсеньеве. Дрэваапрацоўка. З энергарэсурсаў здабываюць пераважна буры вугаль (9,4 млн.т, 1998). Вытв-сць электраэнергіі 7,9 млрд.кВт∙гадз. (1998). Арцёмаўская, Прыморская, Партызанская, Лучагорская ДРЭС, Усурыйская ЦЭЦ. Гарнарудная прам-сць і каляровая металургія прадстаўлены здабычай поліметал. руд, іх абагачэннем і металургічнай пераробкай. Вытв-сць алавяных рудаканцэнтратаў, вальфраму, свінцу і свінцова-цынкавага канцэнтрату. Адзіны ў краіне горнахім. камбінат «Бор» (Дальнягорск) дае 90% борных вырабаў Расіі. На базе радовішча плавікавага шпату працуе Яраслаўскі горнаабагачальны камбінат. Развіта лёгкая прам-сць, буд. матэрыялаў, вытв-сцьмуз. інструментаў. На тэр. П.к. дзейнічаюць свабодныя эканам. зоны «Находка» і «Туманган» (частка). Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні збожжавых і тэхн. культур, мяса-малочнай жывёлагадоўлі. Пад пасяўнымі пл. 490 тыс.га (1998). Сеюць авёс, ячмень, пшаніцу, рыс, сою. Вырошчваюць бульбу, агародніну, кармавыя культуры. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней. Зверагадоўля (норка, серабрыста-чорная лісіца), аленегадоўля (плямісты алень). Пчалярства. Здабыча пушніны, збор дзікарослых лекавых раслін, у т. л. жэньшэню. Найб. парты — Уладзівасток, Находка. Даўж. чыгунак 1560 км (гал. чыгунка — Транссібірская магістраль), аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 6970 км, у т. л. Хабараўск — Уладзівасток. Курорты Садгорад, Шмакаўка.