дэфармавальны (коўкі) сплаў жалеза з вугляродам (ад 0,025 да 2,14%) і інш. элементамі; від жалезавугляродзістых сплаваў; найважнейшы прадукт металургіі. Атрымліваюць гал. чынам з вадкага чыгуну, які выплаўляецца ў доменных печах, і стальнога лому ( гл.Металургічная прамысловасць, Чорная металургія). Асн. агрэгаты для вытв-сці С.: канвертары (у іх атрымліваюць канвертарную С.), мартэнаўскія печы (мартэнаўскую С.) і электрычныя печы (электрасталь).
У залежнасці ад тыпу футроўкі печаў адрозніваюць асноўную і кіслую С.; ад характару застывання металу ў зложніцы — спакойную, паўспакойную і кіпячую С.; ад хім. саставу — вугляродзістую сталь і легіраваную сталь. Паводле прызначэння С. падзяляюцца на канструкцыйныя (напр., высокатрывалая сталь), інструментальныя сталі, С. з асаблівымі фіз. і хім. ўласцівасцямі (кіслотаўстойлівая, нержавейная сталь, электратэхнічная сталь, гарачатрывалая і гарачаўстойлівая; гл. ў арт.Гарачатрывалыя матэрыялы, Гарачаўстойлівыя матэрыялы). Уласцівасці С. паляпшаюць легіраваннем. мадыфікаваннем і тэрмічнай апрацоўкай. Выкарыстоўваюць С. у літым і дэфармаваным выглядзе.
У стараж. часы С. рабілі аднаўленнем жалеза з руд драўняным вугалем у горнах (гл.Сырадутны працэс). Літую С. атрымлівалі тыгельнай плаўкай, якая давала высокую якасць, але была малапрадукцыйная. Плаўленнем у вогнетрывалых тыглях атрымлівалі, у прыватнасці, булат і яго разнавіднасць — дамаскую сталь. У 14 ст. ўзнік крычны перадзел, які заключаўся ў рафінаванні папярэдне атрыманага чыгуну ў т.зв. крычным горне. У канцы 18 ст. пачалі выкарыстоўваць пудлінгаванне, пры якім у полымных печах расплаўленнем чыгуну і перамешваннем яго з жалезістымі шлакамі атрымлівалі малавугляродзістае жалеза (цестападобны метал — крыцу). У 2-й пал. 19 ст. пудлінгаванне выцеснена больш дасканалымі і прадукцыйнымі спосабамі пераробкі чыгуну ў С. — бесемераўскім, тамасаўскім, мартэнаўскім і кіслародна-канвертарным працэсамі (гл. адпаведныя арт.). У канцы 19 ст. пачалі выкарыстоўваць выплаўку С. ў эл. печах. У 20 ст. распрацаваны спосабы вытв-сці С., якія дазволілі атрымліваць асабліва чысты метал: вакуумная плаўка ў дугавых печах і індукцыйных печах, вакуумна-дугавы пераплаў, электрашлакавы пераплаў, плаўка ў электронна-прамянёвых печах, плазменных печах (гл. Вакуумная металургія, Плазменная металургія). Структуру і ўласцівасці С. вывучаюць метафізіка і металазнаўства.
На Беларусі даследаванні С. вядуцца ў Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, Фіз.-тэхн. ін-це Нац.АН, у Бел.нац.тэхн. ун-це, інш.ВНУ і галіновых НДІ. Асн. вытворца С. (чорная пракату) — Беларускі металургічны завод у Жлобіне. Вытв-сць С. ёсць таксама на з-дах «Цэнтраліт» (Гомель), МТЗ, МАЗ і інш.
Літ.:
Дреге В. Сталь как конструкционный материал: Пер. с нем. М., 1967;
Гуляев А.П. Металловедение. 6 изд. М., 1986, Физическое металловедение: Пер. с англ.Т. 1—3. 3 изд. М., 1987;
Венецкий С.И. Рассказы о металлах. 4 изд. М., 1985: Яго ж. От костра до плазмы: Рассказ о многовековом пути, пройденном металлургией... М, 1968;
Стальной слиток. Т. 1—3. Мн., 2000—01;
Мозберг Р.К. Материаловедение. 2 изд. М., 1991.
А.П.Ласкаўнёў, У.М.Сацут.
Да арт.Сталь. Дыяграма стану «жалеза—вуглярод»: вобласць з блакітным фонам адпавядае сталі, астатняя — чыгуну.Мікраструктуры сталей: 1 — C = 0,5%, структура Ф + ЦII; 2 — C = 0,15%, Ф + П; 3 — C = 0,35%, Ф + П; 4 — C = 0,8%, структура — пласціністы перліт П; 5 — C = 0,8%, структура — зярністы перліт П; 6 — C = 1,2%, П + ПII; C — вуглярод; Ф — ферыт; Ц — цэментыт; П — эўтэктоідная сумесь (павелічэнне × 500).