Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ДАХ (ням. Dach праз польск. dach),
канструкцыйная сістэма перакрыцця і пакрыцця верхняй ч. пабудовы. Д. традыц. жылых і гасп. сялянскіх пабудоў называюць страхой. На Беларусі са старажытнасці вядомы Д. каркаснай і вянковай канструкцыі. Сярод тыпаў каркасных Д. найб. дасканалы кроквенны, з паяўленнем якога свабодныя ад нагрузкі шчыты набылі значэнне важных элементаў арх. дэкору. Акрамя 2-схільных і пірамідальных формаў з 16 ст. пачалі пашырацца вальмавыя (з залобкамі, прычолкамі, дымнікамі) і 3-схільныя, а з 17 ст. — ламаныя, ярусныя, мансардавыя Д. Для класіцыстычных пабудоў характэрны Д. невысокія, з франтонамі. Найб. пашыраны матэрыял пакрыцця — дранка, гонта, чарапіца, бляха, шыфер. У сучасным індустр. буд-ве часцей выкарыстоўваюць плоскі Д., сумешчаны з жалезабетоннымі панэлямі перакрыцця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСІПО́ВІЦКІ КАРДО́ННА-РУБЕРО́ЙДАВЫ ЗАВО́Д, «Дах». Пабудаваны ў 1972—73 у г. Асіповічы. З 1994 акц.т-ва «Дах». Асн. прадукцыя (1995): дахавы кардон, руберойд розных марак, пергамін, пясчана-цэментавая чарапіца, сценавыя блокі, тратуарныя пліты. Магутнасці разлічаны на выпуск 55 тыс.т кардону і 127 млн.м² дахавага пакрыцця за год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́НТА (польс.: gont),
драўляны матэрыял для крыцця даху і сцен у форме невял. тонкіх дошчачак, востра саструганых з аднаго боку і з пазам з другога. Робіцца з яловай, хваёвай, асінавай і інш. драўніны, даўж. звычайна 50—60 см, шыр. каля 10 см. Дах з гонты служыць 25—35 гадоў. Вядома ва ўсёй Еўропе. У Беларусі гонта вядома з даўніх часоў, рабілася ўручную (радыяльным расколваннем), пазней — на механізаваных станках (распілоўваннем). Гонтай крылі дахі ўсіх тыпаў будынкаў. Дошчачкі ўваходзілі адна ў адну і прыбіваліся да дахаў. Кожны верхні рад гонты перакрываў ніжэйшы, таму крыццё атрымлівалася шматслойнае — да 4 слаёў (касцёл у Койданаве, 18 ст.). Часам гонты ніжняга, навіслага над карнізам рада рабілі завостранымі, што ўпрыгожвала дах (сядзібны дом у Борках Дзятлаўскага, званіцы ў Белагрудзе Лідскага і Шарашове Пружанскага, касцёл у Жытомлі Гродзенскага р-наў).
С.А.Сергачоў.
Канструкцыя абшыўкі з гонты.Дах з гонты на царкве ў вёсцы Строчыца Мінскага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАВЯ́НАЎ Мікалай Гаўрылавіч (5.5.1854, с. Нікольскае Ліпецкай вобл., Расія — 17.10.1897),
расійскі электратэхнік; адзін са стваральнікаў дугавой зваркі. Скончыў Пецярб. горны ін-т (1877). Працаваў на металург. з-дах Урала, з 1883 на Пермскіх гарматных з-дах (Матавіліха). Упершыню выкарыстаў эл. ток для прамысл. нагрэву, у 1888 распрацаваў спосаб зваркі метал. плаўкім электродам з папярэднім падагрэвам вырабу, выкарыстаў электразварачны генератар, сканструяваў аўтам. рэгулятар даўжыні дугі («электраплавільнік») — правобраз аўтам. зварачных галовак. Прапанаваў выкарыстоўваць флюсы і ферасплавы-раскісляльнікі для павышэння якасці зварных швоў, эл. дугу — для ўшчыльнення метал. адлівак падагрэвам верхняй часткі зліткаў. У працах С. закладзены металург. асновы дугавой электразваркі. Аўтар працы па электразварцы («Электрычная адліўка металаў», 1891).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАФТАПЕРАПАМПО́ВАЧНАЯ СТА́НЦЫЯ,
збудаванне трубаправоднага транспарту для перапампоўкі сырой нафты або нафтапрадуктаў. Будуюцца на нафтапромыслах, нафтаперапрац. з-дах, нафтабазах, магістральных нафта- і прадуктаправодах. На магістральных трубаправодах адрозніваюць Н.с. галаўныя і прамежкавыя, абсталяваныя пераважна цэнтрабежнымі помпамі з электрапрыводам, сродкамі аўтаматыкі і тэлемеханікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВА́ЛЬСКА-ПРЭ́САВАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,
галіна металаапрацоўкі па вырабе метал. дэталей ціскам, пераважна коўкай, штампоўкай і прасаваннем. Пашырана на машына-, станка- і прыладабудаўнічых з-дах. Шырокае выкарыстанне К.-п.в. абумоўлена здольнасцю металаў і сплаваў пластычна дэфармавацца без разбурэння. Пластычная дэфармацыя з наступнай тэрмічнай апрацоўкай надае вырабам неабходныя ўласцівасці. Гл. таксама Апрацоўка металаў ціскам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УКРАІ́НСКАЯ ВЕРХАВА́Я ПАРО́ДАконей.
Выведзена на конных з-дах Украіны скрыжаваннем тракененскай пароды, чыстакроўнай верхавой пароды, гановерскай і рус. верхавой парод. Выкарыстоўваюць у конным спорце, на с.-г. і трансп. работах.
Жывёлы масіўныя, моцнай канстытуцыі, з добра развітай мускулатурай. Выш. ў карку 160—165 см. Масць пераважна гнядая ці рыжая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЎКАВЫ́СКІ ЗАВО́Д ДА́ХАВЫХ І БУДАЎНІ́ЧА-АДДЗЕ́ЛАЧНЫХ МАШЫ́Н.
Створаны ў 1977—82 у г. Ваўкавыск Гродзенскай вобл. Выпускае машыны і абсталяванне для тынкавальных, дахавых і малярных работ (усяго каля 20 найменняў). Асн. прадукцыя (1995): машыны для падагрэву, нанясення, транспарціроўкі на дах бітумных масцік, агрэгаты помпавыя, шпаклёвачныя, малярныя і фарбавальныя, станцыі і ўстаноўкі малярныя, бетоназмяшальнікі, фарбапульты, кампрэсары, катлы і інш.