здольнасць раслін процістаяць маразам, рэзкім ваганням т-ры, высушванню, выправанню і інш. неспрыяльным умовам. Абумоўлена зменамі абмену рэчываў (назапашванне вугляводаў і тлушчаў у тканках, абязводжванне клетак), залежыць ад паходжання віду, стану расліны, асаблівасцей кліматычных умоў і інш. Пры аднолькавых умовах расліны розных відаў і сартоў маюць розную З. Нават у межах адной культуры ёсць адрозненні паводле З. (напр., т-ра вымярзання сартоў азімага жыта ад -10 да -30 °C). Найб. зімаўстойлівыя лясныя расліны — большасць хвойных (пераносяць маразы да -45 °C і больш), а таксама брусніцы, багун, грушанка, журавіны, падалешнік і інш. Спосабы павышэння З. заснаваны на ўдасканальванні метадаў загартоўвання раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІДЫЯЛЕ́КТ (ад грэч. idios свой, своеасаблівы + дыялект),
індывідуальная мова, мова асобы з індывідуальнымі, уласцівасцямі толькі ёй фармальнымі, семантычнымі і стылістычнымі асаблівасцямі; адна з самых істотных і адметных характарыстык чалавека. Тэрмін ужываецца побач з тэрмінамі дыялект, сацыялект, нацыялект і ўказвае на індывід. асаблівасці ў адрозненне ад тэр., сац., нац., прафес. асаблівасцей мовы. З’яўляецца аб’ектам вывучэння сацыя- і нейралінгвістыкі, псіхалогіі, паэтыкі, стылістыкі, крыміналістыкі, графалогіі, сцэн. майстэрства і інш. Асаблівае значэнне мае для відаў мастацтва, дзе маст. вобраз ствараецца пры дапамозе слова — маст.л-ра (аўтарскі стыль пісьменніка служыць яскравым сведчаннем індывід. моўнага майстэрства), тэатральнае мастацтва (індывідуалізаванае маўленне сцэн. герояў) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРЭЗІ́НЭ (Iresine),
род кветкавых раслін сям. аксамітнікавых. Каля 80 відаў. Пашыраны ў трапічнай і субтрапічнай Амерыцы, Аўстраліі, на а-вах Галапагас. У культуры 3 віды, інтрадукаваныя і на Беларусі: І. Гербста (I. herbstii) мае стракаталістыя і нізкарослыя формы з чырв. лісцем; у І. Ліндэна (I. lindenii) лісце чырв., жоўтае або карычнева-чырв.; І. Валіса (I. wallisii) нізкарослая з акруглым, карычнева-чырв. лісцем.
Шматгадовыя павойныя або з прамастойным каляровым сцяблом травяністыя, радзей кустовыя ці дрэвавыя расліны выш. да 40 см. Лісце каляровае, супраціўнае. Кветкі белаватыя або зеленаватыя, двухполыя ці раздзельнаполыя ў коласападобных або галоўчатых суквеццях. Выкарыстоўваюцца ў дэкар. мэтах як дывановыя і бардзюрныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСО́П (Hyssopus),
род кветкавых раслін сям. губакветных. Каля 15 відаў. Пашыраны ў Паўд. Еўропе, Паўн. Афрыцы, Азіі. На Беларусі вырошчваюць І. лекавы (H. officinalis). Лёгка дзічэе, трапляецца на сухіх узгорках, камяністых схілах. Нар. назвы: красвень, красвяк, крузбень.
Шматгадовыя травяністыя ці паўкустовыя расліны выш. да 70 см. Сцябло галінастае, 4-граністае. Лісце лінейна-ланцэтнае, суцэльнакрайняе. Кветкі пераважна сінія, радзей ружовыя, белыя, сабраныя ў аднабаковыя коласападобныя суквецці. Цвіце ў ліп. — жніўні. Плод — 3-граністы арэшак. Расліны з моцным бальзамічным пахам. Лісце і маладыя парасткі ядомыя (прыправа). Выкарыстоўваецца ў кулінарыі, парфумернай, лікёра-водачнай лікёра-гарэлачнай вытв-сці. Дэкар., меданосная, лек. расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАСНЕ́Ц (Bromopsis),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 50 відаў. Пашыраны ў нетрапічных краінах зямнога шара. На Беларусі — 4 віды К.: безасцюковы (B. inermis), Бенякена (B. benekenii), прамы (B. erecta), берагавы (B. riparia).
Шматгадовыя травяністыя расліны з паўзучымі падземнымі парасткамі або без іх. Сцябло прамое ці прыўзнятае выш. 60—150 см. Лісце чаргаванае, шырокалінейнае, плоскае, шурпатае. Суквецце — раскідзістая мяцёлка. Каласкі 3—12-кветныя. Ніжнія кветкавыя лускавінкі часам з прамым або адагнутым кароткім асцюком. Цвіце ў чэрв. — ліпені. Плод — зярняўка з баразёнкаю. Кармавая расліна. Выкарыстоўваецца ў травасумесях для стварэння культ. сенажацей і пашы, на землях, схільных да ветравой эрозіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІ́НА (Viburnum),
род кветкавых раслін сям. бружмелевых. Каля 200 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы і Амерыцы. На Беларусі дзікарослая К. звычайная, або чырвоная (V. opulus). Расце на ўзлесках, высечках, сярод хмызняку, па берагах рэк і азёр; вырошчваецца ў садах і парках. Інтрадукаваны ў Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі К.: бульдзенеж, або снегавы шар (V. o. Rosseum), канадская (V. lentago), карлікавая (V. o. Nanum), суцэльналістая (V. lantana).
Лістападныя або вечназялёныя кусты і дрэвы выш. да 4 м. Лісце трох-, пяцілопасцевае. Кветкі белыя ці ружова-белыя, сабраныя ў парасонападобныя мяцёлкі. Плады — ярка-чырв. касцянка, ядомыя. Лек., харч., фарбавальная, меданосная і дэкар. расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЬКУЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. calculatio лік, падлік),
вылічэнне (спосаб групоўкі) затрат на вытв-сць і рэалізацыю прадукцыі (работ, паслуг). Афармляецца ў выглядзе калькуляцыйнага ліста, у якім расходы падаюцца па кірунках (аб’ектах) і вызначаных артыкулах. К. дае магчымасць вызначыць сабекошт адзінкі асобных відаў прадукцыі (работ, паслуг), вырабленых (выкананых, аказаных) прадпрыемствам (фірмай, арг-цыяй, брыгадай і інш.). Яе складанне — падлік затрат па артыкулах дае магчымасць разлічыць прыбытак і страты, рэнтабельнасць, устанавіць кошт, аналізаваць сабекошт прадукцыі. Групоўка затрат па калькуляцыйных артыкулах робіцца ў залежнасці ад іх функцыян. ролі ў вытв. працэсе: затраты, выкліканыя вытв. спажываннем рэсурсаў; арганізацыйныя, па абслугоўванні, кіраванні і збыце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЦЭНТРАВА́НЫЯ КАРМЫ́, канцэнтраты,
кармы, якія маюць высокую колькасць пажыўных рэчываў. Да іх належаць зерне злакавых і бабовых культур, прадукты перапрацоўкі збожжавых і алейных культур, сушаныя адходы крухмальнай, цукр. і брадзільнай прам-сці, камбікармы, сухія жывёльныя кармы і інш. К.к. выкарыстоўваюць пры кармленні ўсіх відаўс.-г. жывёл, асабліва свіней і птушак. Паводле складу пажыўных рэчываў яны падзяляюцца на вугляводзістыя (багатыя крухмалам і цукрамі зерне злакаў, сушаныя коранеклубняплоды, кармавая патака, сухія жамерыны, мязга і інш.) і бялковыя (зерне бабовых, макуха, шрот, вотруб’е, мясная, мяса-касцявая, крывяная, рыбная мука і інш.). Колькасць ператраўнага пратэіну ў 1 кг вугляводзістых К.к. складае 70—80 г, бялковых — 180—350 г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЬКАБЕ́ЖНЫ СПОРТ,
адзін з пашыраных відаў зімовага спорту. Уключае скорасны бег на каньках і фігурнае катанне.
Касцяныя канькі вядомы ў паўн. краінах з 12 ст. (выяўлены і ў стараж. Полацку); драўляныя з жал. палазамі і загнутымі наскамі, на якіх выразалі конскую галаву (адсюль назва «канькі»), з’явіліся ў 14—15 ст., металічныя — у канцы 17 — пач. 18 ст. (у Нідэрландах і Англіі), спарт. для скораснага бегу і фігурнага катання — у канцы 19 ст. (бегавыя канькі сканструяваны нарв. канькабежцамі К.Вернерам і А.Паўльсенам у пач. 1880-х г.). Чэмпіянаты Беларусі на простых каньках праводзяцца з 1933, на бегавых — з 1935, фігурнае катанне — з 1961.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЮКІ́, сарычы (Buteo),
род драпежных птушак сям. ястрабіных атр. сокалападобных. 25 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыкі. На Беларусі 2 віды: К. звычайны (Buteo buteo) і К. касматаногі, або зімняк (B. lagopus).
Пералётныя птушкі. Селяцца ў месцах, дзе лес чаргуецца з адкрытай прасторай (лугі, балоты, высечкі).
Даўж. да 66 см, маса да 1,3 кг. Крылы шырокія, дазваляюць лунаць у палёце. Хвост кароткі, закруглены. Афарбоўка зменлівая; спіна аднатонная, бурая, рыжая ці шэрая, ніз цела паласаты ці плямісты. Гняздуюцца на дрэвах, абрывах берагоў рэк. Нясуць 2—5 яец. Кормяцца грызунамі, насякомымі, паўзунамі, птушкамі. 2 віды і 1 падвід у Чырв. кнізе МСАП.