род лішайнікаў сям. стэрэакаўланавых. 100 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі найб. вядомыя С.: загушчаны (S. condensatum), інкруставаны (S. incrustatum) і лямцавы (S. tomentosum). Трапляюцца ў хвойных лясах, на пясчанай глебе, камянях.
Слаявіна псеўдакусцістая, першасная (гарыз.) — зярніста-бародаўчатая, лускаватая, другасная (верт.) — з цыліндрычных або акруглых галінак, на паверхні якой утвараюцца вырасты, што маюць водарасці з родаў насток і стыганема. Пладовыя целы (апатэцыі) канцавыя або бакавыя, карычневага адцення. Сумкі булавападобныя, 8-споравыя. Споры палачкападобныя. Размнажэнне пераважна вегетатыўнае.