МАЛАЧА́Й (Euphorbia),

род кветкавых раслін сям. малачайных. Каля 2 тыс. відаў. Пашыраны ў трапічных, субтрапічных і ўмераных паясах. На Беларусі 12 дзікарослых, каля 20 інтрадукаваных і вял. колькасць відаў у пакаёва-аранжарэйнай культуры. У лясах, на лугах і як пустазелле найчасцей трапляюцца М. санцагляд (E. helioscopia, нар. назва заячы скок, малатчак), глянцаваты (E. lucida), кіпарысавы (E. cyparissias), лозны (E. virgata).

Адна- і шматгадовыя травы, кусты (часта сукулентныя, кактусападобныя), радзей дрэвападобныя формы. Маюць у сабе млечны сок (адсюль назва). Лісце суцэльнае, чаргаванае, супраціўнае або кальчаковае. Кветкі аднаполыя, у складаным суквецці — цыятыі (складаецца з песцікавай кветкі, абкружанай 4—5 моцна рэдукаванымі тычынкавымі суквеццямі, выконвае ролю асобнай двухполай кветкі). Лек., тэхн., дэкар. расліны. Амаль усе ядавітыя.

Малачай; 1 — трапічнай зоны; 2 — умеранай зоны.

т. 10, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНДАРЫ́Н (Citrus reticulata),

кветкавая расліна сям. рутавых, пладовая культура. Культывуюць у краінах Паўд. Еўропы, Паўд. Амерыкі, Паўд.-Усх. Азіі. На Беларусі вырошчваюць у пакоях і аранжарэях.

Вечназялёнае дрэва выш. да 3 м. Лісце буйное, скурыстае. Кветкі двухполыя, белыя, пахучыя, адзіночныя або ў суквеццях. Плод — гесперыдый (ягадападобны), маса 60—80 г, аранжавы, ядомы. Плады ўжываюцца пераважна свежымі (маюць да 10,5% цукру, каля 1% к-т, да 55 мг% вітаміну С і інш.), а таксама для перапрацоўкі (сок. джэм, варэнне, кампот). Скурка (цэдра) выкарыстоўваецца ў кандытарскай, парфумернай і харч. прам-сці. У селекцыі М. выкарыстоўваюць як мацярынскую форму, што перадае патомству марозаўстойлівасць і ранняспеласць. Вядомы гібрыды: танжэла (М. х грэйпфрут), тангор (М. х апельсін), цытрандарын (М. х трыфаліята).

У.​П.​Пярэднеў.

Мандарын.

т. 10, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРСКІ́Я ЛЬВЫ,

4 роды, 4 віды сям. вушастых цюленяў атр. ластаногіх. Пашыраны: каліфарнійскі, уласна М.л. (Zalophus californianus) у Паўн. паўшар’і па берагах Ціхага ак., астатнія — аўстралійскі (Neophoca cinerea), новазеландскі (Phocarctos hookeri) і паўд. амерыканскі М.л. (Otaria byronia) — у Паўд. паўшар’і. Жывуць статкамі. 1 падвід у Чырв. кнізе МСАП.

Даўж. самцоў 2—3,6 м, маса 200—520 кг, самак адпаведна 1,5—3 м і 50—230 кг. Валасяное покрыва кароткае. аднатоннае, ад светла-шэрага да карычневага. У старых самцоў поўсць на шыі і верхняй ч. тулава больш доўгая і нагадвае грыву льва (адсюль назва). Кормяцца рыбай і галаваногімі малюскамі. У летне-асенні перыяд утвараюць логавішчы. Палігамы. Нараджаюць 1 дзіцяня. Аб’екты промыслу. Каліфарнійскіх М.л. часта дрэсіруюць для цыркаў.

Марскі леў каліфарнійскі.

т. 10, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРСКІ́Я ПАВУКІ́ (Pantopoda),

клас беспазваночных жывёл тыпу членістаногіх. Вядомы з ніжняга дэвону (каля 400 млн. гадоў назад). 10 сям., каля 600 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах. Жывуць на дне, да глыб. 7,5 км.

Даўж. 0,8—72 мм. Цела складаецца з масіўнага хабатка, сегментаванага тулава і кароткага хваставога аддзела. На спіне вочны бугор з 4 вокамі. 1-я пара канечнасцей (клюшнепадобных) служыць для захопу корму, 2-я і 3-я шчупальцападобныя пары — для дотыку (а ў самцоў 3-я і для выношвання патомства), 4—7-я пары — хадзільныя ногі (з размахам ад 1,4 мм да 50 см). Унутры іх знаходзяцца адгалінаванні кішэчніка і палавыя залозы. Драпежнікі і паўпаразіты, кормяцца мяккімі тканкамі донных беспазваночных. Раздзельнаполыя, развіццё з ператварэннем.

Марскія павукі: 1 — німфон; 2 — каласендэіс.

т. 10, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЛАНКАНІЯ́ЛЬНЫЯ (Melanconiales),

парадак недасканалых грыбоў. 1 сям. — меланконіевыя. Каля 120 родаў і 1000 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі каля 150 відаў з родаў глеяспорый, калетатрыхум, кабатыела, карынеў, марсаніна, меланконій, паліспора, песталоцыя, цыліндраспорый, энтамаспорый. Сапратрофы і паразіты, узбуджальнікі небяспечных хвароб с.-г. раслін (выклікаюць плямістасці і язвы, або антракнозы).

Міцэлій грыбоў добра развіты, септаваны, галінасты, гаплоідны, складаецца са шмат’ядравых клетак. Канідыяносцы кароткія, адна-і шматклетачныя, бясколерныя або афарбаваныя, сабраныя разам на ложы (асн. прыкмета парадку). Ложа мае выгляд падушачкі або дыска, з асновай са шчыльнага спляцення гіфаў міцэлію і зверху прыкрыта кутыкулай, эпідэрмісам або перыдэрмай. Канідыі аднаклетачныя, размешчаныя на канідыяносцах адзіночна ці ланцужкамі. У цыкле развіцця некат. відаў назіраюцца сумчатыя стадыі (у асн. пірэнаміцэты і дыскаміцэты).

С.​І.​Бельская.

т. 10, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МНОГАКАРЭ́ННІК (Spirodela),

род кветкавых раслін сям. раскавых. 4 віды. Пашыраны ва ўмераных і трапічных паясах абодвух паўшар’яў. На Беларусі 1 від — М. звычайны (S. polyrhiza). Трапляецца ў стаячай і павольнай вадзе азёр, сажалак, канаў.

М. звычайны (травяністая водная расліна) нагадвае маленькі ліст, які плавае на паверхні вады. Недаразвітае сцябло (лісцец) у выглядзе пласцінкі даўж. 3—10 мм і шыр. 1,2—8 мм круглаватай формы, знізу часта чырв. ці чырванавата-фіялетавае, мае з бакоў маленькія лускавінкі (недаразвітае лісце). Каля асновы лісцяца знаходзяцца 2 вузкія кішэнькі, у іх закладваюцца вегетац. пупышкі, часам развіваюцца суквецці, знізу пучкамі адыходзяць фіялетава-пурпуровыя ніткападобныя карэньчыкі (адсюль назва). Кветкі аднаполыя, без калякветніка. Плод — 1—6-насенны.

Многакарэннік звычайны. Калоніі раслін: 1 — выгляд знізу; 2 — выгляд зверху.

т. 10, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́КАР, мукор (Mucor),

род зігаміцэтавых грыбоў сям. мукаравых. Больш за 100 відаў. Пашыраны ўсюды. Трапляюцца ў верхнім слоі глебы. На Беларусі найб. вядомыя М.: свінцова-шэры (M. plumbus), галоўчаты (M. mucedo), зімуючы (M. hiemalis), раманіянавы (M. ramannianus), шэра-вохрысты (M. griseoochraceus). Развіваюцца на раслінных рэштках, харч. прадуктах, выклікаюць цвіль кармоў, пладоў і караняплодаў пры захоўванні.

Міцэлій бясколерны, галінасты, расце ўнутры і на паверхні субстрату, пераважна няклетачны, часам распадаецца на асобныя клеткі, здольныя да пачкавання. Спарангіі круглаватыя, у выглядзе галовак са шматлікімі спорамі. Некат. віды выкарыстоўваюць як закваску («кітайскія дрожджы») для атрымання зброджаных харч. прадуктаў («соевы сыр»), спірту з бульбы і інш. Культура М. раманіянавага дае антыбіётык раміцын, некат. віды выклікаюць захворванні (мукарамікозы) чалавека і с.-г. жывёл.

С.​І.​Бельская.

т. 11, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЫ́ЛЬНІК,

сапанарыя (Saponaria), род кветкавых раслін сям. гваздзіковых. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Еўразіі пераважна ў Міжземнамор’і. На Беларусі 2 віды: М. лекавы — мыльны корань, ці сабачае мыла (S. officinalis), і інтрадукаваны ў Цэнтр. бат. садзе Нац. АН — М. базілікападобны (S. ocymoides). Трапляецца ў хмызняках, на лясных палянах, па берагах рэк.

Адна-, двух- і шматгадовыя травы. Сцёблы голыя ці апушаныя, прамастойныя, ляжачыя або прыўзнятыя. Карані пры расціранні ў вадзе мыляцца і даюць пену (адсюль назва). Лісце шырокалінейнае ці лопасцевае. Кветкі двухполыя ў мяцёлчатых або галоўчатых суквеццях. Плод — каробачка. Карэнішча і карані М. лекавага (т.зв. чырв. мыльны корань) маюць сапаніны, слізь і выкарыстоўваюцца ў медыцыне і ветэрынарыі, для мыцця шэрсці і шоўку, вырабу халвы, шыпучых напіткаў, піва. У кветкаводстве вырошчваюць махровыя формы.

Мыльнік лекавы.

т. 11, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЫШАЛО́ВЫ (Circus),

род птушак сям ястрабіных атр. сокалападобных. 9 (12) відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя палярных абласцей. На Беларусі 4 віды: М. балотны, або чаротны (нар. назва балотны шуляк) — C. aeruginosus; М. лугавы — C. pygargus; М. палявы — C. cyaneus; М. стэпавы — C. macrourus. Трымаюцца адкрытых ландшафтаў, паблізу вадаёмаў. М. стэпавы занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Даўж. цела 40—60 см, маса 230—1000 г. Афарбоўка ў маладых самцоў і самак амаль аднолькавая, у дарослых адрозніваецца. Па баках галавы падабенства тваравага дыска, характэрнага для соў. Крылы і хвост доўгія, прыстасаваны да павольнага бясшумнага палёту нізка над зямлёй, калі М. высочваюць здабычу. Кормяцца пераважна мышападобнымі грызунамі (адсюль назва), дробнымі вадаплаўнымі птушкамі, жабамі, насякомымі.

Мышаловы: 1 — палявы; 2 — лугавы; 3 — стэпавы; 4 — балотны (а — самец, б самка).

т. 11, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НУ́ТРЫЯ, бабёр балотны (Myocastor coypus),

млекакормячая жывёла атр. грызуноў. Адзіны прадстаўнік сям. нутрыевых. Пашырана ў Паўд. Амерыцы (мясц. назва каіпу). Акліматызавана ў шэрагу краін Еўропы і Паўн. Амерыкі, на Беларусі — у пач. 1950-х г. Паўводная цеплалюбівая жывёла, у натуральных умовах жыве па берагах вадаёмаў, на балотах (адсюль другая назва), у зарасніках трыснягу ці ў норах. Добра плавае і нырае.

Даўж. да 85 см, хваста да 50 см, маса да 12 кг. Поўсць цёмна-карычневая. Хвост укрыты валаскамі. Заднія канечнасці з плавальнымі перапонкамі. Расліннаедныя, часам спажываюць жывёльныя кармы (малюскі, ракападобныя, рыба і інш.). Нараджаюць да 14 (звычайна 4—6) дзіцянят двойчы за год. Мяса ядомае. Аб’ект промыслу і гадоўлі (выведзены Н. з розным колерам футра).

Э.​Р.​Самусенка.

Нутрыя.

т. 11, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)