ВЯЛЮ́ГІН (Анатоль Сцяпанавіч) (27.12.1923, в. Машканы Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 24.10.1994),
бел. паэт, кінадраматург, перакладчык.
Засл. дз. культ. Беларусі (1969). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1948). Удзельнік Вял.Айч. вайны, быў паранены. Працаваў у прэсе, у 1946—84 у час. «Полымя». Друкаваўся з 1934. Першы зб. вершаў «Салют у Мінску» (1947). Лірыка Вялюгіна — дасягненне бел. паэзіі. Яго творчасці ўласцівы яркая метафарычнасць, асацыятыўная вобразнасць, філігранная апрацоўка слова. У паэзіі Вялюгіна шчырае апяванне роднай зямлі, пранікнёная споведзь паэта-франтавіка, які прайшоў суровыя выпрабаванні ваен. ліхалецця, разнастайныя грамадз. і інтымныя пачуцці сучасніка (зб. «Негарэльская арка», 1949, «На зоры займае», 1958; «Насцеж», 1960; «Песня зялёнага дуба», 1989; «З белага камення — сіняе пламенне», 1993), патрыятычныя матывы («Прызнанне ў любові»), пантэістычнае стаўленне да прыроды («Спелы бор»). У жанры паэмы распрацоўваў гісторыка-рэв. тэму («Бацька Дняпро», 1955, «Вецер з Волгі», 1963, Літ. прэмія імя Я.Купалы 1964). Аўтар паэт. зб-каў для дзяцей «Галубы» (1949), «Тры гудкі» (1951), «Рыбы нашых рэк» (1952), «Дзіцячы сад» (1954), «Вада і вуда» (1967), сцэнарыяў маст. («Рэха ў пушчы», 1977; «Глядзіце на траву», 1983), дакументальных («Генерал Пушча», Дзярж. прэмія Беларусі 1968; «Арліная крыніца», «Балада пра маці», «Дзядзька Якуб», «Янка Купала», «Я — крэпасць, вяду бой», «Віцебскія ўзоры» і інш.) фільмаў. На бел. мову пераклаў паэмы М.Лермантава «Каўказскі нявольнік» і «Баярын Орша» (1950), «Паэму братэрства» Э.Межэлайціса (1958, з М.Калачынскім), паэмы М.Нагнібеды «Званы Хатыні» (1973) і «Матулям з Расонаў» (1981), кнігі для дзяцей П.Варанько і Дз.Білавуса, паасобныя вершы У.Маякоўскага, Л.Украінкі, М.Рыльскага, А.Малышкі, А.Міцкевіча, Ю.Тувіма і інш.
Тв.:
Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1973;
Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1984;
Адрас любві. Мн., 1964;
Вершы і балады. Мн., 1969;
Заклён на скрутны вір. Мн., 1995.
Літ.:
Бярозкін Р. У свет, адкрыты насцеж... // Бярозкін Р. Спадарожніца часу. Мн., 1961;
Арочка М. У спелым леце... // Арочка М. Галоўная служба паэзіі. Мн., 1974;
Майсейчык А. Аб жанравых асаблівасцях паэм А.Вялюгіна // Бел. літаратура. Мн., 1977. Вып. 5;
Барадулін Р. Партрэт у верасе пчаліным // Маладосць. 1983. № 12;
Зуёнак В. Гэта ўзважана сэрцам // Зуёнак В. Лінія высокага напружання. Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ АКАДЭМІ́ЧНЫ ВЯЛІ́КІ ТЭА́ТР О́ПЕРЫ І БАЛЕ́ТА РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ»,
творчае аб’яднанне. Створана ў 1996 у Мінску ў выніку пераўтварэння Дзярж. акадэмічнага Вял.т-ра оперы і балета Рэспублікі Беларусь. Уключае Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны акадэмічны тэатр балета Рэспублікі Беларусь, Мастацка-эксперым.тэатр. камбінат г. Мінска. У складзе аб’яднання таксама сімф. і сцэн. аркестры (больш за 140 музыкантаў; гал. дырыжор А.Анісімаў, дырыжоры М.Калядка, Л.Лях, Г.Праватораў, В.Чарнуха, А.Галанаў, М.Сінькевіч), міманс, Нац.тэатр.-канцэртнае аб’яднанне «Беларуская капэла», маст.-пастановачная служба (службы машынна-дэкарацыйная, асвятлення і афармлення спектакляў, мех. абсталявання, цэхі касцюмерны, грымёрны, рэквізіту), тэхн. і дапаможныя службы. Асн. задачы аб’яднання: стварэнне неабходных умоў для творчай дзейнасці т-раў оперы і балета, адраджэнне і развіццё бел.нац. опернага і балетнага мастацтва, садзейнічанне далучэнню насельніцтва да нац. і сусв. опернай і балетнай спадчыны, фарміраванне агульнаеўрап. культ. прасторы, падрыхтоўка спецыялістаў опернага і балетнага жанраў. Дырэктар аб’яднання А.Кірыенка.
Працуе ў будынку б.Дзяржаўнага тэатра оперы і балета БССР (1936—37; арх. І.Лангбард). Будынак быў задуманы як універсальны са звышмеханізаванай сцэнай і глядзельнай залай на 3 тыс. месцаў. Адкрыты ў 1939. Асн. кампазіцыю ствараюць размешчаныя адзін над адным 3 цыліндрычныя аб’ёмы рознага дыяметра і вышыні, да якіх з тылу прылягае развітая сцэн. каробка і дапаможныя памяшканні. Адзіны рытм і прафілёўка верт. чляненняў надаюць будынку цэласны характар і маштабнасць. Ядро т-ра спачатку ўтварала глядзельная зала на 1500 месцаў — амфітэатр з балконам, якую паўкальцом абкружалі на 1-м паверсе вестыбюль з гардэробамі, на 2-м — прасторныя фае. У гады Вял.Айч. вайны т-р пашкоджаны. Адноўлены ў 1948 паводле праекта аўтара. Глядзельная зала рэканструявана па традыц. яруснай сістэме з месцамі на 1200 гледачоў у партэры і 3 неглыбокіх ярусах. У афармленні вестыбюляў, фае і глядзельнай залы выкарыстаны скульптура і маст. ляпныя дэталі. У 1967 т-р тэхнічна пераабсталяваны, у 1978 значна зменена афармленне інтэр’ераў. Вонкавае аблічча будынка амаль цалкам захавана, толькі на пач. 1960-х г. плоскія пакрыцці заменены нахільнымі дахамі, што адбілася на сілуэтным вырашэнні. Будынак арганічна ўваходзіць у сістэму ансамбляў цэнтра Мінска.
Т.У.Аляксандрава, А.А.Воінаў (архітэктура).
Будынак «Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭМАГРА́ФІЯ (ад грэч. dēmos народ + ...графія),
навука аб народанасельніцтве і заканамернасцях яго развіцця. Па матэрыялах статыстыкі вывучае: рух і развіццё насельніцтва (нараджальнасць, смяротнасць, прырост, міграцыйныя працэсы, прагноз яго колькасці, складу, размеркавання, шлюбнасць, сям’ю, дзярж. і грамадскія ступені ўплыву на дэмаграфічныя працэсы); насельніцтва і эканам. развіццё (суадносіны эканам. і дэмаграфічнага росту, праблемы і крытэрыі занятасці, дэмаграфічныя праблемы выкарыстання прац. рэсурсаў, іх прафес. і кваліфікацыйны склад, эканам. ўмовы развіцця і ўзнаўлення насельніцтва); насельніцтва і прыродныя рэсурсы і інш. Падзяляецца на дэскрыптную (апісвае насельніцтва на аснове стат. звестак), эканамічную і сацыяльную (даследуе сувязі паміж дэмаграфічнымі, эканам. і сац. працэсамі), гістарычную (гісторыя развіцця народанасельніцтва), матэматычную (апісвае дэмаграфічныя працэсы і структуры з дапамогай матэм. мовы), патэнцыяльную (агульную колькасць чалавека-гадоў, якія належыць пражыць людзям, што ўваходзяць у пэўную сукупнасць), вайсковую (вайсковы патэнцыял краіны ў сувязі з эканам. і тэхн. патэнцыялам, яго выкарыстанне ў мірны і ваен. час) і інш. Цесна звязана з этнаграфіяй, экалогіяй, біяметрыяй, генетыкай народанасельніцтва і інш. Праз метады стат., матэм. і ўласна дэмаграфічныя Д. распрацоўвае тэорыю ўзнаўлення насельніцтва, дэмаграфічныя прагнозы, абгрунтоўвае дэмаграфічную палітыку. Найб. поўнай крыніцай інфармацыі з’яўляецца перапіс насельніцтва.
Пачынальнікам навукі Д. лічыцца Дж.Граўнт (1620—74). Вялікі ўклад у развіццё Д. зрабілі англ. (У.Пеці, Т.Р.Мальтус, Г.Спенсер), ням. (І.П.Зюсмільх, В.Лексіс, Г.Ф.Кнап, Р.Р.Кучынскі), франц. (А.Дэпарсьё, Ж.Бертыльён), амер. (Р.Пірл, А.Дж.Лотка), галанд. (В.Керсебом), швед. (П.В.Варгенцін), бельг. (А.Кетле), рас. (Д.Бернулі, М.В.Ламаносаў, Л.Эйлер, І.Ф.Герман, К.Ф.Герман, В.І.Грабеншчыкоў, В.Я.Бунякоўскі, Г.В.Пляханаў, М.В.Птуха, С.А.Навасельскі) вучоныя.
На Беларусі дэмаграфічныя даследаванні пачаліся ў 1880-я г. (праводзілі медыкі-гігіеністы Л.І.Галынец, А.А.Бекарэвіч, В.В.Кошалеў, С.М.Урванцоў). У савецкі час аналізаваліся матэрыялы перапісаў 1923 і 1926, натуральны рух насельніцтва, асаблівасці яго ўзнаўлення, пытанні сям’і і шлюбу і інш. (С.Слупскі, Д.М.Паслаўскі, С.Я.Вальфсон, Б.Я.Смулевіч). У 1960—70-я г.гал. цэнтрам вывучэння дэмаграфічных пытанняў стаў НДІ эканомікі і эканоміка-матэм. метадаў планавання пры Дзяржплане БССР. Дэмаграфічнымі пытаннямі займаюцца Камітэты па народанасельніцтве і міграцыі; міграцыйная служба, НДІ і аддзелы дэмаграфіі пры Мін-ве статыстыкі і аналізу, Мін-ве працы, Нац.АН. Праблемы Д. даследуюць А.А.Ракаў, С.А.Польскі, Л.П.Шахоцька, Л.І.Спіжанкоў, Б.А.Манак, М.Р.Юркевіч, А.Н.Пешкава, Г.Ц.Максімаў, І.В.Насонава і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СВАБО́ДА»,
амерыканская радыёстанцыя, засн. ў г. Мюнхен (ФРГ) у 1952, ва ўмовах «халоднай вайны», для вядзення інфармацыйна-прапагандысцкай барацьбы супраць СССР. Упершыню выйшла ў эфір у сак. 1953 як радыё «Вызваленне», неўзабаве перайменавана ў «С.» Фармальна выступала ад імя няўрадавай арг-цыі «Камітэт барацьбы за вызваленне ад бальшавізму» (з 1964 «Камітэт вызвалення»), але ў пач. 1970-х г. камісія Кангрэса ЗША афіц. прызнала факт яе фінансавання амер. спецслужбамі з дзярж. бюджэтных крыніц. У 1977 рэдакцыя «С.» пры фармальным захаванні самастойнасці аб’яднана ў адным будынку з рэдакцыяй радыёстанцыі «Свабодная Еўропа» (засн. ў 1950). Да канца 1980-х г. на радыёстанцыі «С.» карэспандэнтамі і каментатарамі працавалі пераважна эмігранты і перабежчыкі з СССР, у т. л. з Беларусі, кіруючыя пасады займалі кадравыя амер. спецыялісты. У складзе рэдакцыі «С.» былі арганізаваны адпаведныя нац. рэдакцыі (у т. л. з 1954 беларуская), якія вялі перадачы на 17 мовах народаў СССР. Асн. кірункамі радыёперадач «С.» ў гэты перыяд былі крытыка сацыялізму, сав. ладу і нац.-дзярж. ўпарадкавання СССР. У іх асвятляліся негатыўныя з’явы з гісторыі і сучаснага жыцця СССР (у т. л. парушэнні правоў чалавека, рэпрэсіі палітычныя ў СССР), паведамлялася пра падзеі і здарэнні, якія замоўчваліся ў сав. сродках масавай інфармацыі, пра праваабарончы рух у СССР, пра дысідэнтаў; чыталіся літ. творы А.Зіноўева, У.Максімава, Б.Пастарнака, А.Салжаніцына і інш., што былі забаронены ў СССР. Распад СССР і спыненне «халоднай вайны» не прывялі да закрыцця «С.». Яна ператварылася ў адзін з прапагандысцкіх інструментаў амер.-натаўскай палітыкі глабалізму. У 1995 штаб-кватэра «С.» пераехала з Мюнхена ў Прагу. Створаны новыя карэспандэнцкія пункты, у т. л. ў Беларусі, Расіі і інш. краінах б.СССР. Абнавіўся апарат «С.». У карэспандэнцкіх пунктах у краінах СНД штатнымі супрацоўнікамі пачалі працаваць журналісты, арыентаваныя на зах. ліберальна-дэмакр. каштоўнасці. Некат. б. супрацоўнікі «С.» (М.Дэйч, С.Шусцер, М.Сакалоў і інш.) цяпер працуюць у рас. сродках масавай інфармацыі. Бел.служба «С.» вяшчае 8 гадз у суткі і мае інфарм., аналітычныя праграмы па эканам., культуралагічных, этнагр., гіст., рэлігіязнаўчых, краязнаўчых і інш. праблемах. Сярод былых і сучасных супрацоўнікаў бел. рэдакцыі «С.» С.Станкевіч, Я.Запруднік, Г.Айзенштат, В.Жданко, Ю.Дракахруст, А.Лукашук, С.Навумчык і інш. «С.» прапагандуе прынцыпы зах. дэмакратыі, ліберальнай эканомікі і з гэтых пазіцый асвятляе падзеі ў свеце, выступае супраць аднаўлення геапаліт. адзінства б. рэспублік СССР.
Літ.:
Вачнадзе Г.Н. Антенны направлены на Восток. 2 изд. М., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́ВА РАСЛІ́Н,
1) комплекс дзярж., гасп.-адм. і грамадскіх мерапрыемстваў па захаванні, узнаўленні і рацыянальным выкарыстанні асобных відаў і ўсёй сукупнасці дзікарослых раслін, уключае ахову генафонду, фітацэнозаў, біягеацэнозаў у цэлым і інш. рэсурсаў расліннага свету, састаўная частка аховы прыроды і праблемы захавання біял. разнастайнасці Зямлі. Уключае ахову лясоў, ахову расліннага покрыва, зялёных насаджэнняў, балотнай і лугавой расліннасці, лек., асабліва ахоўных раслін і інш. Ахова рэдкіх і тых, што знікаюць, відаў раслін ажыццяўляецца ў адпаведнасці са спісам, прапанаваным Міжнар. саюзам аховы прыроды і прыродных рэсурсаў (МСАП), Еўрапейскім Чырвоным спісам рэдкіх і тых, што знікаюць, відаў раслін, рэгіянальнымі і нац. Чырвонымі кнігамі праз увядзенне забароны на іх збіранне, праз аднаўленне колькасці, утварэнне асабліва ахоўных прыродных тэрыторый ў месцах іх росту, абвяшчэнне помнікамі прыроды асобных месцаў іх росту, штучнае развядзенне некат. відаў, уключэнне адпаведных палажэнняў у праекты леса- і землеўпарадкавання.
На Беларусі ахова раслін рэгулюецца законам Рэспублікі Беларусь «Аб ахове навакольнага асяроддзя» (1992), парадкам выдачы дазволаў на збіранне раслін з відаў, занесеных у Чырвоную кнігу, адпаведнымі палажэннямі зямельнага, воднага і ляснога заканадаўства, міжнар. пагадненнямі, канвенцыямі і інш. У адпаведнасці з канвенцыяй аб міжнар. гандлі відамі дзікай фауны і флоры, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення, забаронены збіранне, продаж і купля ўсіх відаў сям. ятрышнікавых, лабеліі Дортмана і воўчніка баравога. Ахова некат. гаспадарча карысных відаў раслін і грыбоў ажыццяўляецца ліцэнзаваннем, правядзеннем біятэхн. мерапрыемстваў, увядзеннем часовых забарон на збіранне асобных відаў. Кантроль за мерапрыемствамі па ахове раслін ажыццяўляюць Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Мін-ва лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь з залучэннем грамадскасці. Адной з формаў аховы раслін з’яўляецца вырошчванне і развядзенне рэдкіх і гаспадарча карысных відаў на спец. участках, у гадавальніках, бат. садах і гэтак далей.
2) Галіна с.-г. навукі, якая распрацоўвае метады і спосабы барацьбы з хваробамі і шкоднікамі с.-г. культур і лясных парод, з пустазеллем. Прадугледжвае комплекс мерапрыемстваў у сельскай і лясной гаспадарцы, накіраваных на павелічэнне ўраджаю і зберажэнне якасці прадукцыі за кошт ліквідацыі страт ад шкодных арганізмаў, а таксама на прадухіленне біял. забруджвання навакольнага асяроддзя. Асн. задача — знішчэнне шкодных для сельскай і лясной гаспадаркі арганізмаў або абмежаванне іх дзейнасці (гл.Каранцін). Ахову тэр. Беларусі ад пранікнення каранцінных шкоднікаў, хвароб і пустазелля, каранцінныя мерапрыемствы ажыццяўляе Бел.дзярж. каранцінная інспекцыя. Дзярж.служба аховы раслін праводзіць практычныя мерапрыемствы па ахове ў калгасах, саўгасах, арг-цыях, установах, на прадпрыемствах, а таксама на прысядзібных участках, у калект. садах і агародах. Распрацоўку сістэм мерапрыемстваў па барацьбе са шкоднікамі, хваробамі і пустазеллем, метадычнае кіраўніцтва вытв. службай па ахове раслін ажыццяўляе Аховы раслін Беларускі НДІ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬПІНІ́ЗМ,
від спорту, узыходжанне на цяжкадаступныя горныя вяршыні ў спартыўных ці інш. мэтах.
Афіц. гісторыя альпінізму пачынаецца з 1786 (узыходжанне швейцарцаў Ж.Бальмы і М.Пакара на Манблан у Альпах). З 2-й пал. 19 ст. ўзнікаюць альпінісцкія клубы ў Англіі, Аўстрыі, Італіі, Швейцарыі, Расіі і інш. Да канца 19 ст. ў Альпах былі адолены многія вяршыні, пракладзены складаныя маршруты. Па меры вывучэння і даследавання інш. горных сістэм, удасканалення сродкаў зносін пашыралася геаграфія альпінізму, які актыўна развіваецца з 1950-х г. пасля пакарэння найвышэйшых вяршыняў свету (гл.табл.).
Альпінізм патрабуе добрай фізічнай і спец. падрыхтоўкі, спец. адзення, абутку, харчавання для жыццезабеспячэння ва ўмовах высакагор’я і адпаведнага рыштунку (вяроўкі, ледарубы, скальныя і лёдавыя кручкі, карабіны і інш.) для страхоўкі спартсменаў. Пры ўзыходжанні на вяршыні вышынёй больш за 8 000 м часта выкарыстоўваюць кіслародныя апараты. У альпінізме прынята класіфікацыя маршрутаў паводле іх складанасці (усяго 6 катэгорый). Альпінісцкую падрыхтоўку атрымліваюць у спец. альплагерах ці школах. Узыходжанні робяць, як правіла, у складзе групы, з інструктарам або гідам-правадніком (на пач. этапе) ці самастойна. У горных раёнах дзейнічае спец. горнавыратавальная служба. Нац. федэрацыі і альпінісцкія саюзы розных краін аб’яднаны (з 1932) у Міжнар. саюз альпінісцкіх асацыяцый (УІАА). Праводзяцца альпініяды.
На Беларусі альпінізм развіваецца з 1950-х г. Дзейнічае (з 1955) федэрацыя альпінізму і скалалажання. З 1973 праводзіцца першынство краіны па альпінізму. Бел. альпіністы — удзельнікі і прызёры чэмпіянатаў СССР і СНД па альпінізму. Імі зроблены ўзыходжанні на вышэйшыя (больш за 8000 м) вяршыні свету ў Гімалаях: Э.Ліпень (Джамалунгма, 1990, 1993, Шыша-Пангма, 1992, разам з І.Велянковай), В.Кульбачэнка (Канчэнджанга, 1994). Восенню 1994 адбылася першая бел. экспедыцыя (з удзелам рас. і балг. альпіністаў) у Гімалаі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ЙКА (Алег Антонавіч) (н. 1.5.1931, г. Слонім Гродзенскай вобл.),
бел. пісьменнік, літ.-знавец, крытык. Чл.-кар.Нац.АН Беларусі (1989). Д-рфілал.н. (1969), праф. (1971). Скончыў БДУ (1953), працуе ў ім (з 1985 заг. кафедры бел. л-ры). З 1996 адначасова выкладае ва ун-це ў г. Седльцы (Польшча). Друкуецца з 1943. Паэзіі Л. ўласцівы рамантычна-ўзнёслае светабачанне, мяккі гумар, сувязь з фальклорам, сцвярджэнне маральных прынцыпаў народа, роздум над складанымі праблемамі часу (зб-кі «На юначым шляху», 1959; «Блакітнае азерца», 1965; «Дзівасіл», 1969; «Шчырасць», 1973; «Няроўныя даты», 1983; «Грайна», 1986; «Талая вясна», 1990; «Трэці золак», 1993, і інш.). Распрацоўвае гіст. тэматыку: паэмы «Белая вежа» (1969), «Лясун» (1971) і інш. Тэме Вял.Айч. вайны прысвечаны паэмы «Хлопец над вогненным плёсам» (1963), «У шэсць гадзін вечара пасля вайны» (1985), драматызаваная паэма «Вяселле — заўтра» (1993) і інш. Развівае жанр балады (зб. «Балады вайны і міру», 1988). У дакумент.-маст. рамане «Як агонь, як вада...» (1984, 2-я рэд. 1992; пад назваю «Янка Купала» выдаваўся ў серыі «Жыццё выдатных людзей» у 1982) стварыў рамантызаваны, псіхалагічна праўдзівы вобраз нар. песняра. Жыццю і дзейнасці бел. першадрукара прысвечаны інтэлектуальна-філас. раман-эсэ «Францыск Скарына, або Сонца Маладзіковае» (1990; пад назваю «Скарына» выдаваўся ў серыі «Жыццё выдатных людзей» у 1989, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1990), аповесць «Скарына на Градчанах» (1990). Аўтар аповесці «Кельты не ўміраюць...» (1997). Даследуе сучасную паэзію («Сустрэчы з днём сённяшнім», 1968; «Паэзія і час», 1981), праблемы рэалізму і рамантызму, фалькларызму паэзіі, заканамернасці развіцця бел. лірыкі і эпасу, літ. сувязі. Выдаў дапаможнік для ВНУ «Гісторыя беларускай літаратуры: Дакастрычніцкі перыяд» (ч. 1—2, 1977——80, 2-е выд. 1989), адзін са складальнікаў хрэстаматыі «Беларуская літаратура XIX ст.» (1971, 2-е выд. 1988). Піша для дзяцей (зб-кі «Як Тоня рэха шукала», 1962; «Каля млына», 1972; «Дзе хто начуе?», 1977; «Кніжка Надзейкі», 1987, і інш.). Пераклаў на бел. мову творы П.Верлена (зб. «У месяцавым ззянні», 1974), І.В.Гётэ (зб. «Спатканне і ростань», 1981), Ф.Шылера (зб. «Улада песняспеву», 1997), рус., укр., польск., літ. і інш. паэтаў.
Тв.:
Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1992;
Калі ў дарозе ты...: Выбранае. Мн., 1971;
Скрыжалі: Выбранае. Мн., 1981;
Пралескі ў акопах. Мн., 1987;
Адам Міцкевіч і беларуская літаратура. Мн., 1959;
Беларуска-польскія літаратурныя ўзаемасувязі ў XIX ст.Мн., 1963 (разам з Н.Перкіным);
«Новая зямля» Якуба Коласа. Мн., 1961;
Максім Багдановіч. Мн., 1966;
Беларуская паэзія пачатку XX ст.Мн., 1972;
Традыцыі літаратуры старажытнай Русі ў беларускай літаратуры: Дакастрычніцкі перыяд.Мн., 1982 (разам з В.Чамярыцкім, А.Коршунавым).
Літ.:
Кароткая Л. Жывое, роднае... Мн., 1989. С. 61—84;
Сіненка Г. Насуперак канону. Мн., 1997;
Арочка М. Галоўная служба паэзіі. Мн., 1974. С. 141—152;
Семашкевіч Р. Выпрабаванне любоўю. Мн., 1982. С. 187—205;
Саламевіч Я. У славу Янкі Купалы // Маладосць. 1985. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁВЯШЧА́ННЕ,
перадача па радыё розных праграм для неабмежаванай колькасці слухачоў; адзін з асн. аператыўных сродкаў масавай інфармацыі і прапаганды. Ажыццяўляецца праз перадаючыя радыёцэнтры і прымаецца на радыёпрыёмнікі. Вядзецца са студый або інш. памяшканняў, абсталяваных пастаяннай радыёапаратурай, а таксама з плошчаў, вуліц, стадыёнаў, тэатраў і інш. з дапамогай пераносных установак. З 1990-х г. пашырылася кабельнае вяшчанне. Асн. жанры Р.: інфарм.-публіцыстычны (гутарка, інтэрв’ю, каментарый, інфармацыя, рэпартаж), маст.-публіцыстычны (нарыс, кампазіцыя), мастацкі (опера, п’еса). Найб. папулярныя формы Р.: інфарм. праграма, радыётэатр (у т. л. радыёпастаноўка), радыёклуб (часопіс, газета, зборнік). Вядзецца таксама прамая трансляцыя важных грамадска-паліт. падзей, літ. або муз. твораў усіх жанраў і адаптаваных для радыё тэатр.драм. і оперных спектакляў.
Першыя радыёвяшчальныя перадачы ў СССР пачаліся ў 1919 (г. Ніжні Ноўгарад), рэгулярнае Р. з 1924. На Беларусі Р. пачалося са стварэннем у 1924 акц.т-ва «Радыёперадача». Першая перадача Бел. радыё адбылася 15.11.1925 на радыёстанцыі РВ-10 імя Саўнаркома БССР. Трансліраваліся перадачы ў радыусе да 300 км, працягласць — 30 мін у суткі (у Мінску на той час было 20 радыёпрыёмнікаў, пераважна ў клубах). Адкрыццё радыёстанцыі РВ-10 садзейнічала пашырэнню асн. на той час праваднога вяшчання. якое асабліва хутка стала развівацца з 1928. У 1931 на Бел. радыё ўпершыню выкарыстаны апараты гуказапісу. У 1920—30-я г. перадачы вяліся пераважна ў форме радыёгазет. У Вял.Айч. вайну радыёстанцыя «Савецкая Беларусь», якая размяшчалася ў Маскве, вяла перадачы на бел. і рус. мовах для насельніцтва Беларусі, акупіраванай ням. фашыстамі. За перыяд яе існавання (1.1.1942—20.9.1944) адбылося 3270 перадач, якія інфармавалі пра становішча ў краіне і на франтах, перамогі Чырв. Арміі, барацьбу партызан і падпольшчыкаў, выкрывалі злачынствы акупантаў, фаш. прапаганду, дзейнасць калабарацыяністаў, перадавалі матэрыялы для падп. друку, трансліравалі радыёмітынгі, канцэрты бел. музыкі; выступалі таксама дзярж. і парт. дзеячы Беларусі, пісьменнікі і інш.
У 1967 завершана поўная радыёфікацыя Беларусі. Бел. радыё вядзе перадачы па 2 нац. праграмах у мона- і стэрэаварыянтах: 1-я (19 гадз у суткі) і 2-я (18 гадз) рэсп. праграмы, праграмы радыёстанцый «Сталіца» (12 гадз) і «Беларусь» (4 гадз). Трансліруюцца таксама праграмы маскоўскіх радыёстанцый «Маяк» і «Маладзёжны канал». У 1972 пачалося стэрэавяшчанне на ультракароткіх хвалях. У склад Бел. радыё ўваходзяць: дырэкцыя праграм, 6 вяшчальных рэдакцый, інфарм.служба і 2 дырэкцыі — вяшчання на 2-й праграме і радыёстанцыі «Сталіца». У Доме радыё (узведзены ў 1963) 13 студый, з іх 5 вяшчальных, 10 мантажных апаратных, цэнтр. апаратная. У абл. цэнтрах функцыянуе абл. Р., у раёнах пры райвыканкомах працуюць рэдакцыі Р. на чале з карэспандэнтамі-арганізатарамі. З сярэдзіны 1990-х г. існуе праграма, якая дазваляе аператыўна інфармаваць радыёслухачоў пра актуальныя і надзённыя пытанні: сац.-эканам. развіцця краіны, дзярж. будаўніцтва, праблемы Чарнобыльскай катастрофы, мед. абслугоўвання насельніцтва, сац. абароны розных катэгорый грамадзян і інш. З 1962 вядзецца рэгулярнае вяшчанне на кароткіх хвалях на замежныя краіны. Радыёстанцыю «Беларусь» можна слухаць на бел., рус., англ. і ням. мовах у ЗША, Канадзе, Аўстраліі, Індыі, а таксама ў 20 краінах Зах. Еўропы і Паўн.-Зах. Афрыкі. З 15.6.1998 у дыяпазоне сярэдніх і кароткіх хваль рэтрансліруюцца перадачы на многія рэгіёны Расіі. Праграмы Бел. радыё могуць прымаць таксама жыхары прыгранічных раёнаў Латвіі, Літвы, Польшчы і Украіны. Сярод найб. папулярных перадач Бел. радыё: «У абедзенны перапынак», «На хвалі часу», «Радыёфакт», «Спявай, душа народная», «У сярэду на бяседу», «Сельская раніца», «Вячэрнія зарніцы» і інш.Рэсп. радыё ўваходзіць у склад Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗАКІ́ (цюрк., удалец, вольны чалавек),
казацтва, 1) вольныя людзі — жыхары паўд. ускраін Усх. Еўропы ў канцы 15 — пач. 18 ст., потым асобае ваен. саслоўе ў Расійскай імперыі ў 18 — пач. 20 ст., якое валодала зямлёй пры ўмове абавязковай воінскай павіннасці. Утвараліся ў часы ВКЛ і Рэчы Паспалітай са збеглых сялян, у т. л. з Беларусі, і пасадскіх людзей, што сяліліся ў нізоўях Дняпра, у т.зв.Дзікім полі. У сярэдзіне 16 ст. князь Дз.І.Вішнявецкі заснаваў Запарожскую Сеч. У сярэдзіне 17 ст. вярхі К. мелі намер ажыццявіць ідэю стварэння ўкр. дзяржавы з уключэннем у яе склад паўд.-ўсх. зямель Беларусі. Спробы рэалізацыі ідэі мелі месца ў час вызваленчай вайны ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54 і вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. З канца 15—16 ст. уздоўж Дона, Церака, Волгі і Урала ствараліся самакіравальныя абшчыны К. (як і ўкр., мелі выбарных атаманаў і кіруючы орган — старшыну). У канцы 17 — пач. 18 ст. яны падпарадкаваны рас. ўладамі; узнікла саслоўе К. (уключала К.-воінаў і іх сем’і). Найбольшай ваен.-адм. адзінкай К. было войска (стваралася і з рус. перасяленцаў для аховы межаў дзяржавы ў Сярэдняй Азіі, Сібіры і на Д. Усходзе). У пач. 20 ст. было 11 войскаў (Данское, Кубанскае, Арэнбургскае, Забайкальскае, Сямірэчанскае, Церскае, Сібірскае, Астраханскае, Усурыйскае, Уральскае, Амурскае), больш за 4,4 млн. К., у т. л. 474 тыс. на службе (1916). З 1874 К. адбывалі воінскую павіннасць ва ўзросце 18—38 гадоў і падзяляліся на падрыхтоўчы, страявы і запасны разрады, у 1909 тэрмін іх службы скарочаны на 2 гады; зброю, коней і амуніцыю К. набывалі за свой кошт. У грамадз. вайну К. падтрымлівалі пераважна «белы» рух. У 1920 казацтва ліквідавана як саслоўе, да 1936 служба К. у Чырв. Арміі абмежавана. З пач. 1990-х г. урад Рас. Федэрацыі робіць захады па аднаўленні самакіравання і культ. традыцый К.
2) Тып войска (пераважна лёгкая нерэгулярная конніца) у ВКЛ, Рэчы Паспалітай, Расіі і СССР. У войску ВКЛ і Рэчы Паспалітай К. — атрады ўкр. К., нанятыя на службу каралём і вял. князем, або наёмная конніца, узброеная «па-казацку» (шабля, піка, стрэльба, панцыр). Апошніх, у адрозненне ад запарожцаў, называлі «панцырнымі» К. (у 17 ст. складалі больш за палавіну конніцы Рэчы Паспалітай). У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 дзейнічаў (1654—55) Бел. казацкі полк, сфарміраваны магілёўскім шляхціцам К.Паклонскім. У Расіі ў 14 — пач. 18 ст. былі і служылыя К. — вольныя людзі, якія за грошы або за права карыстання зямлёй неслі ваен. службу ў аддаленых раёнах краіны (гарадавыя К., вартавыя К.), як і стральцы, але мелі падначаленых ваяводам выбарных атаманаў. У той жа час падобныя служылыя К. былі і ў ВКЛ. У 16—17 ст. у баявых дзеяннях рас. войск удзельнічалі атрады вольных К. Пазней казацкія войскі выстаўлялі пэўную колькасць конных, пешых і артыл. часцей, каманды для паліцэйскай службы. Конны казацкі полк складаўся з 4—6 соцень, брыгада — з 2—3 палкоў. Пешыя (з 1842 пластунскія) падраздзяленні зводзіліся ў батальёны. У 1-ю сусв. вайну (да 1917) К. выставілі 164 конныя палкі, 54 артыл. батарэі, 30 пластунскіх батальёнаў, 179 асобных соцень і інш. (усяго 200 тыс.чал.). У 1920 як саслоўе скасаваны, адначасова праводзілася палітыка «расказачвання», якая суправаджалася рэпрэсіямі. 20.10.1936 ЦВКСССР адмяніў абмежаванні для службы К. у Чырв. Арміі. Перад Вял.Айч. вайной сфарміраваны казацкія кав. дывізіі, а ў вайну (снеж. 1941) — і карпусы. Ням.-фаш. войскі мелі ў сваім складзе конныя і пешыя «казацкія» часці з ваеннапалонных і добраахвотнікаў — ураджэнцаў казацкіх абласцей пераважна для барацьбы з партызанамі, у т. л. і на Беларусі. З пач. 1990-х г. урад Рас. Федэрацыі робіць захады па фарміраванні новых казацкіх часцей. Асобныя казацкія фарміраванні ўзнікалі стыхійна і ўдзельнічалі ва ўзбр. канфліктах на тэр.б.СССР (напр., у Прыднястроўі). Спробы стварэння невял. грамадскіх аб’яднанняў К. прадпрымаюцца ў 1990-я г. на Беларусі (напр., у Віцебску).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЧ ПАСПАЛІ́ТАЯ (польск. Rzecz Pospolita, Rzeczpospolita рэспубліка, агульная дзяржава, агульная справа),
1) традыцыйная назва Польскай дзяржавы, якая выражае суверэнныя адносіны народа (або класа, які прызнаны яго прадстаўніком) да дзяржавы. Упершыню тэрмін з’явіўся ў пач. 13 ст. ў хроніцы Вінцэнта Кадлубака. Шляхецкая Р.П. — прынятая ў гістарыяграфіі назва дзярж. сістэмы, што існавала ў Польшчы з сярэдзіны 15 ст. да 1795 (1-я Р.П.). Была формай саслоўнай манархіі на чале з выбарным пажыццёва каралём, уладу з якім падзяляла шляхта. Адроджаная ў 1918 Польская дзяржава 17.3.1921 прыняла афіц. назву Рэспубліка Польшча (Польская Рэч Паспалітая, Rzeczpospolita Polska, 2-я Р.П.). Назва захавалася да 1952, калі ўведзена найменне Польская Народная Рэспубліка (Polska Rzeczpospolita Ludowa) і адроджана 29.12.1989. Часам Р.П. называлася ў 15—16 ст. і Вялікае княства Літоўскае, а ў Статутах ВКЛ гэтым тэрмінам пазначаны паняцці «грамадства», «дзяржава». У 1-м раздзеле Статута ВКЛ 1588 пад тэрмінам «Р.П.» разумеліся «дзярж. справа», «дзярж.служба». У 16 ст. гэты тэрмін ужываўся ў значэнні «дзяржава».
2) Афіцыйная назва феад. федэратыўнай дзяржавы, у якую аб’ядналіся ў выніку Люблінскай уніі 1569 Польшча (Карона) і ВКЛ (Княства, або Літва). Р.П. існавала ў 1569—1795 і была ліквідавана ў выніку 3 падзелаў яе тэрыторыі. У склад Кароны ўваходзілі польскія і ўкр. ваяводствы, у ВКЛ — бел. і літ. землі. У Р.П. ўваходзіла як сумеснае ўладанне (кандамініум) Польшчы і ВКЛ Інфлянцкае ваяв (гл.Лівонія), як васальная дзяржава — Курляндскае герцагства, як непасрэднае ўладанне Р.П. — Пілтэнскі пав. (на тэр. сучаснай Латвіі). У 1525—1657 васалам Польшчы было Прускае герцагства са сталіцай у Краляўцы (Кёнігсбергу), аднак брандэнбургскім курфюрстам, якія з 1618 панавалі ў Прусіі, удалося дамагчыся яго незалежнасці.
Р.П. лічылася агульнай дзяржавай «абодвух народаў», г.зн. польскай і бел.-літ. шляхты. Кароль польскі (ён жа і вял. князь літоўскі, рускі і жамойцкі) меў абмежаваныя паўнамоцтвы. Заканадаўчую і часткова судовую ўладу меў агульны для ўсёй дзяржавы магнацка-шляхецкі сойм, які складаўся з 2 палат: Сената (з магнатаў, прадстаўнікоў цэнтр. і правінцыяльнай адміністрацыі, вярхоў каталіцкай царквы) і Пасольскай Ізбы, у якую выбіраліся шляхціцы-дэпутаты (паслы) па 2 ад кожнага павета. Прадстаўнікі Кароны складалі каля 2/3 сойма. Аднак сойм прымаў законы асобна для Польшчы, асобна для ВКЛ. З 1673 кожны трэці звычайны сойм збіраўся на тэр.ВКЛ у Гродне. Р.П. вяла агульную для Кароны і ВКЛ знешнюю палітыку. Аднак абедзве дзяржавы захоўвалі асобную дзярж. адміністрацыю (з адпаведнымі кіруючымі пасадамі), асобныя войскі са сваім камандаваннем, свае фінансавыя сістэмы, скарб, права чаканкі аднолькавай манеты, самаст. судовыя і мытныя (да 1766) сістэмы, асобнае заканадаўства. Кожная з дзяржаў мела сваю дзярж. мову: Польшча — лацінскую (з канца 16 ст. фактычна польскую), ВКЛ — беларускую (з 1696 польскую, але афіцыйныя акты на бел. мове захоўвалі сваю моц). Згодна са Статутам ВКЛ 1588 польскай шляхце забаранялася ў ВКЛ займаць дзярж. пасады любога ўзроўню, а таксама купляць, атрымліваць у спадчыну і ў падарунак нерухомую маёмасць. З сярэдзіны 17 ст. роля соймаў паменшала, у паліт. жыцці Р.П. усё большую ролю пачалі адыгрываць магнацкія групоўкі і шляхецкія саюзы (канфедэрацыі). У кіраванні ўнутр. справамі Р.П. вырасла значэнне павятовых шляхецкіх соймікаў, якім было перададзена права збіраць некаторыя падаткі і распараджацца імі. Ва ўмовах частага зрыву соймаў, асабліва ў 18 ст., соймікі прысвойвалі сабе функцыі заканад. і суд. улады, не лічыліся з пастановамі сойма. Спробы цэнтралізацыі ўлады ў Р.П. у 2-й пал. 18 ст. не ўдаліся. Канстытуцыя 3 мая 1791 з праграмай шырокіх рэформ дзярж. ладу была скасавана пасля перамогі Таргавіцкай канфедэрацыі ў 1792. Тэрыторыя Р.П. у 1772, 1793 і 1795 была падзелена паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй (гл.Першы падзел Рэчы Паспалітай, Другі падзел Рэчы Паспалітай, Трэці падзел Рэчы Паспалітай).
Літ.:
Кутшеба С. Очерк истории общественно-государственного строя Польши: Пер. с пол. СПб., 1907;
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 1. Мн., 1972;
Бардах Ю., Леснодорский., Пиетрчак М. История государства и права Польши: Пер. с пол. М., 1980;
Юхо Я Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Мн., 1992.