ПРАДРАМА́ЛЬНЫ ПЕРЫ́ЯД (ад грэч prodromos які бяжыць наперадзе, прадвеснік),
стадыя развіцця хваробы, што папярэднічае яе асн. клінічным праявам. У час П.п. можна распазнаць хваробу па яе параўнальна ранніх сімптомах (напр., плямы Копліка—Філатава пры адры).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎРАКО́СМАС,
аб’яднанне прамысловых прадпрыемстваў 11 краін Еўропы, створанае ў 1961 для развіцця касмічнай тэхнікі і касманаўтыкі. У Е. уваходзіць каля 150 авіяфірм, фірм электронікі. механікі, хіміі і інш., якія распрацоўваюць абсталяванне для спадарожнікаў радыёсувязі і тэлебачання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННАЯ МЕДЫЦЫ́НА,
сістэма навук. ведаў і практычная дзейнасць, якія маюць на мэце ўмацаванне здароўя асабістага складу войск, папярэджанне і лячэнне баявых ран і захворванняў. Тэарэт. асновай ваеннай медыцыны з’яўляецца ваен.-мед. навука — галіна ведаў, якая абапіраецца на навук. даныя агульнай медыцыны і ваен. навукі. У практычнай дзейнасці ваенная медыцына абапіраецца на сістэму і метады мед. забеспячэння ўзбр. сіл. Адным з асн. элементаў ваеннай медыцыны з’яўляецца ваен.-мед. адукацыя — сістэма фарміравання і ўдасканалення ваен.-мед. кадраў і планамернага папаўнення падрыхтаванымі для нясення ваен. службы ўрачамі, фельчарамі і г.д. Стан ваеннай медыцыны і канкрэтныя формы яе развіцця вызначаюцца эканам. ладам грамадства, арг-цыяй узбр. сіл і ўзроўнем развіццямед. навукі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДНАЯ КУЛЬТУ́РА,
спосаб вырошчвання раслін на водных растворах пажыўных рэчываў. Упершыню прапанаваў англ. вучоны Дж.Вудвард (1699). Дэталёвая распрацоўка пачалася з сярэдзіны 19 ст. У Расіі водную культуру выкарыстаў К.А.Ціміразеў (1872). Асяроддзе — раствор пажыўных сумесей на дыстыляванай вадзе. Выкарыстоўваецца ў даследаваннях жыўлення, росту і развіцця раслін, а таксама ў вытв. умовах (гл.Гідрапоніка). У воднай культуры рэгулююцца аб’ём, састаў, канцэнтрацыя, асматычны ціск, рэакцыя і інш. ўласцівасці пажыўнага раствору. Метад воднай культуры даў магчымасць устанавіць элементы, неабходныя для жыўлення і развіцця раслін, высветліць ролю мікраэлементаў у жыцці раслін. Ва ўмовах воднай культуры добра развіваюцца ўсе с.-г. расліны. Асобныя даследчыкі пашыраюць паняцце воднай культуры на прамысл.аквакультуру.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМА́ДСКІЯ ФО́НДЫ СПАЖЫВА́ННЯ,
форма размеркавання часткі нац. даходу (прыбытку), якая прызначаецца для ўздзеяння на структуру спажывання з мэтай усебаковага фіз. і духоўнага развіцця асобы. Як правіла, грамадскія фонды спажывання размяркоўваюцца паміж працоўнымі па-за прамой сувяззю з іх прац. укладам. Як спецыфічны від размеркавання грамадскія фонды спажывання выконваюць наступныя функцыі: задавальняюць найб. прыярытэтныя для грамадства і асоб патрэбы ў адукацыі, ахове здароўя, культуры, жыллі, адпачынку; выраўноўваюць рэальныя даходы сем’яў з рознай колькасцю непрацаздольных членаў, ствараюць прыблізна аднолькавыя ўмовы для развіцця здольнасці да працы; матэрыяльна забяспечваюць часова ці пастаянна непрацаздольных членаў грамадства. Ва ўмовах Рэспублікі Беларусь большая частка грамадскіх фондаў спажывання размяркоўваецца цэнтралізавана: праз дзярж. бюджэт, сац. страхаванне, цэнтралізаваныя фонды сац. забеспячэння і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫГО́ЦКІ (Леў Сямёнавіч) (17.11.1896, г. Орша Віцебскай вобл. — 11.6.1934),
псіхолаг. Скончыў Маскоўскі ун-т (1917). У 1919—23 жыў і працаваў у Беларусі. З 1924 у Маскоўскім ін-це эксперым. псіхалогіі, потым у заснаваным ім Ін-це дэфекталогіі. Даследаваў грамадскую, дзіцячую, пед. і клінічную псіхалогію. Крытычна прааналізаваў тагачасныя філас. і псіхал. канцэпцыі («Сэнс псіхалагічнага крызісу», рукапіс, 1926). У кн. «Гісторыя развіцця вышэйшых псіхічных функцый» (1930—31, апубл. 1960) выклаў культ.-гіст. тэорыю развіцця псіхікі. Вывучаў таксама структуру свядомасці («Мысленне і мова», 1934), якую лічыў дынамічнай сэнсавай сістэмай, што знаходзіцца ў адзінстве афектыўных, валявых і інтэлектуальных працэсаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭПЕРЭ́ ПРА́ВІЛА,
філагенетычнага росту закон, эмпірычнае абагульненне даных аб характары гіст.развіцця асобных сістэматычных груп. Сфармуляваў франц. вучоны Ш.Дэперэ (1907). Паводле Д.п., у кожнай філагенетычнай лініі назіраецца тэндэнцыя да павелічэння памераў цела арганізмаў або гіст. развіццё ідзе ад дробных продкавых груп да ўсё буйнейшых. Пасля дасягнення крытычных памераў і парушэння асн. прапорцый цела адбываецца выміранне групы. Д.п. ўзводзіць асобныя філагенетычныя з’явы ў ранг агульнай эвалюц. заканамернасці і заснавана на прызнанні ўнутр. тэндэнцыі развіцця, незалежнай ад матэрыяльных узаемадзеянняў. Зрэдку Д.п. называюць і закон прагрэсіруючай спецыялізацыі (сфармуляваны Дэперэ), паводле якога група арганізмаў, што стала ў працэсе эвалюцыі на шлях спецыялізацыі, непазбежна павінна ісці да ўсё больш глыбокай і вузкай спецыялізацыі, у выніку чаго вымірае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАМІ́НСКІ (Якаў Львовіч) (н. 1.11.1934, г. Нароўля Гомельскай вобл.),
бел. вучоны-псіхолаг. Д-рпсіхал.н. (1981), праф. (1982). Засл. дз. н. Беларусі (1987). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1955), працаваў там з 1960 (з 1978 заг. кафедры агульнай і дзіцячай псіхалогіі). З 1995 гал. рэдактар час. «Псіхалогія». Даследуе праблемы фарміравання псіхал. культуры асобы, развіцця міжасабовых адносін у навуч. калектывах. Распрацоўвае тэарэт. асновы пед.сац. псіхалогіі і сац. псіхалогіі развіцця. Многія яго творы перакладзены на польск., ісп., балг. і інш. мовы.
Тв.:
Психология взаимоотношений в малых группах: (Общие и возрастные особенности). Мн., 1976;
Психология детского коллектива: Система личных взаимоотношений. 2 изд. Мн., 1984;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫПТАРХІ́ЗМ (ад крыпта... + грэч. orchis яечка),
затрымка (рэтэнцыя) яечка ў працэсе апускання яго з брушной поласці ў машонку ва ўнутрывантробным перыядзе. Праяўляецца адсутнасцю ў машонцы аднаго ці абодвух яечак. Бывае сапраўдны і несапраўдны. Пры сапраўдным К. яечка знаходзіцца ў брушной поласці (абдамінальная форма), пахвінным канале (пахвінная, або інгвінальная, форма) ці за яго межамі каля вонкавага пахвіннага кольца (высокая машоначная форма); асн. прычына — парушэнне ўнутрывантробнага развіцця плода. Найчасцей бывае несапраўдны К. (псеўдарэтэнцыя, яечка мігрыруе) — нармальна апушчанае яечка доўга ці перыядычна знаходзіцца па-за машонкай пад уплывам скарачэння мышцы, што паднімае яго. Лячэнне К. кансерватыўнае (у эндакрынолага) і хірургічнае, пры заганах развіцця (гіпаплазіі) яечак, адсутнасці другасных палавых прыкмет — пажыццёвая гармонатэрапія пасля 15—16 гадоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНДША́ФТНЫ АНА́ЛІЗ,
вывучэнне структуры і ўласцівасцей прыродных тэрытарыяльных комплексаў; адзін з метадаў ландшафтазнаўства. Разглядае марфал. структуры і прасторавую дыферэнцыяцыю працэсаў, якія працякаюць у ландшафтах, гісторыю іх развіцця і сучаснай дынамікі, прыродныя і тэхнагенныя структуры, а таксама комплексныя ўласцівасці і функцыі ландшафту як адзінага цэлага, у т. л. яго сац.-эканам. функцыі. На аснове Л.а. робяць прагназіраванне кірункаў, шляхоў і вынікаў развіцця ландшафтаў з улікам ацэнкі колькаснага і якаснага бакоў уздзеяння на іх прыродных і антрапагенных фактараў. Прагназіраванне ўключае выпрацоўку рэкамендацый па аптымізацыі ландшафтаў і больш поўнай рэалізацыі іх сац.-эканам. функцый. Улічваецца пры распрацоўцы праектаў, звязаных з арх.-планіровачнымі, інж., аграпрамысл., меліярац., рэкрэацыйнымі і інш. кірункамі пераўтварэння прыродных ландшафтаў.