ФІЛЭМБРЫЯГЕНЕ́З (ад грэч. phylē племя, род, від + эмбрыягенез),

эвалюцыйная змена ходу індывід. развіцця (эмбрыягенезу) арганізмаў. Тэрмін увёў А.М.Северцаў (1910).

Асн. палажэнне Ф. — уяўленне аб першаснасці антагенет. змен у адносінах да філагенет. (эвалюцыйных). Дзякуючы Ф. можа мяняцца ход антагенезу арганізма, асобных яго органаў, тканак і клетак. Шляхам Ф. адбываюцца філагенет. змены дарослага арганізма і прамежкавых стадый яго развіцця. Адрозніваюць модусы (спосабы) Ф.: анабалію, архалаксіс, дэвіяцыю. Праз модусы Ф. можа адбывацца развіццё прагрэсіўнае (шляхам ускладнення будовы і функцый арганізма) і рэгрэсіўнае (шляхам спрашчэння будовы і функцый). Карысныя арганізму змены застаюцца ў нашчадкаў дзякуючы натуральнаму адбору.

т. 16, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)