ПАЧВА́РНАСЦЬ, тэратаморфа,

крайняя форма анамаліі развіцця, стойкія марфал., біяхім. і функцыян. парушэнні антагенезу, пераважна эмбрыягенезу. Вывучае тэраталогія. Да П. ў чалавека адносяць заечую губу, нераздзеленых блізнят, шасціпальцасць і інш. Бывае спадчынная (абумоўлена мутацыямі, неразыходжаннем храмасом, інш. зменамі генет. апарату) і неспадчынная (узнікае пад уздзеяннем тэратагенаў — агентаў хім., фіз. і біял. прыроды — на зародак у час развіцця). У жывёл трапляюцца двухгаловыя цяляты, парасяты; цяляты з двайным тулавам ці 2 парамі задніх канечнасцей; рыбы з падвоеным хвастом ці галавой; пчолы з недаразвітымі крыламі і інш. У раслін да П. адносяць анамальнае развіццё каранёў, лісця, кветак, суквеццяў, пладоў і інш.

т. 12, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)